Ракавыя жаронцы (1930)/Вясна 1930 г.
| ← Лісты ад знаёмага | Вясна 1930 г. Зборнік нарысаў Аўтар: Міхась Зарэцкі 1930 год |
ВЯСНА 1930 ГОДУ
(Фрагмэнты)
1.
У нашым жыце залом
Гэта было даўно-даўно, як у казцы. Маладая дзяўчынка, дзяўчынка Алеся прыбегла з поля — яна хвалявалася, і сінія вочкі яе пырхалі трапятлівымі васількамі на зьбялелым твары.
— Татачка! У нашым жыце залом...
На самотнай палосцы, панікшы, як сьцятая каласіна, плакала маці.
— А каму-ж мы ліха зрабілі? А хто-ж на нас сэрца замеў, на няшчасных...
Жыта было чэзлае, хударлявае, як той паганы сівец. Сухавейны вецер бязуважна церабіў яго, і яно нястройна гойдалася — млявае, недалужнае. Над жытам застыла бяздонным рыданьнем цягучая песьня жніва.
Пахла далёкай тленьню і блізкай сьмерцю.
Над заломам плакала маці і плакала маладая дзяўчынка, дзяўчынка Алеся.
— Усё загінула. Усё...
«Усё» для яе: ружовая хустачка, ружовы грабенчык, ружовае сонца на позным захадзе, ружовыя песьні.
А яшчэ: ружовы няясны смутак — трывожнае прадчуваньне дзявочага сэрца.
— Усё загінула. Усё...
Над заломам хадзіў карабаты страшны чараўнік. Дзяўчынка глядзела на яго, як на бога, з надзеяй і страхам. Чараўнік сумніўна ківаў гадавой і дзяўчынка памыкалася да яго, гатовая кінуцца ў ногі яму, цалаваць яго брыдкія валасатыя рукі і прасіць, і маліць...
— Ратуй нас, дзядзечка! Ратуй маю ружовую хустачку і ружовы грабенчык!
Чараўнік сумніўна ківаў галавой.
Плакала маці, плакала маладая дзяўчынка, дзяўчынка Алеся.
Над жытам застыла бяздонным рыданьнем цягучая песьня жніва.
А жыта было чэзлае, хударлявае, як той паганы сівец...
2.
Зямля гарыць родавым палам
Вясна ў 1920 годзе занялася рана і дружна. У сярэдзіне красавіка рабілі свой першы аблёт працавітыя пчолы — абсыпаныя жоўтым пухам вербы зьвінелі напружаным звонам і стаялі ў пышнай нярухомасьці, прасякнутыя радасьцю красаваньня.
У колгасным хляве роўма-роў завадзкі бугай, заклікаючы да сябе сваю невядомую дружыну.
На балоце захлыналіся юрлівым клёкатам жабы, а казалі нават, быццам у суседнім бары ўжо кукавала зязюля.
Угрэтая шчырай ласкай вясновага сонца ляжала ў магутнай млосьці зямля, пыхала глыбокім жарам свайго многаплоднага ўлоньня. У далях курылася сінявая смага — сонная павалока на вачох разамлелай зямлі.
Сонца горача песьціла пышнае цела зямлі, ласкатала яго тонкімі цурочкамі жаўранкавых сьпеваў.
Зямля гарэла родавым палам, зямля ў магутнай млосьці чакала свайго запладненьня.
3.
Справа атрыманых папер.
Вось ляжыць перада мной у пакомчанай шэрай вокладцы жывая гісторыя некалькіх соцень людзей — частка бурнай — гісторыі цэлага краю, частка сусьветнай гісторыі.
Я ўзяў у рукі яе без асаблівай ахвоты (канцыляршчына, бюракратызм!), бязуважна перагарнуў колькі шэрых няпісьменных старонак, адылі ўчытаўся, зацікавіўся, захапіўся і ня мог адарвацца аж да апошняга аркушу.
Я даў веры, што й праца падшывальшчыка атрыманых папер часам можа мець гісторычную значнасьць.
Гэта — гісторыя аднаго колгасу — кароткая, але поўная руху і барацьбы, поўная трывог, сумненьняў, надзей.
Адна за аднэй бясконцай чарадой ідуць заявы аб уваходзе ў колгас. Бадай што кожны тлумачыць, чаму ён не запісаўся дагэтуль — і ў тых тлумачэньнях раскрываюцца ўсе думкі, усе меркаваньні, уся псыхолёгія селяніна.
...Не разумеў значэньня колгасу, а мяне змушчалі тыя, хто не ў колгасе...
...Ня меў згоды з сям’ёй...
...Не згаджалася жонка — несьвядомая, цёмная...
...Угаварваў брата-гаспадара...
...Слухаў хлусьню, што кепска жыць у колгасе...
...Куды людзі, туды й я...
...Думаў ехаць у іншае месца...
... Меў доўг, думаў, што давядзецца самому плаціць. Ня ведаў, што колгас прымае на сябе...
...Быў у колгасе, а жонка падала на выхад, дык чамусьці, выпісалі і мяне...
...Бацька ня хоча, прашу прыняць мяне аднаго...
...Узнаў, што колектыў спасеньне для беднага чалавека...
Так сьведчаць дакуманты першай пары жыцьця колектыву. Яны сьведчаць пра шырокі масавы рух, пра веру ў пэўнасьць новага шляху жыцьця, пра надзею на «спасеньне для беднага чалавека».
Далей — пераплёт дробных надзенных клопатаў:
...Прашу дазволіць прадаць карову...
...Прашу адпусьціць жыта на хлеб...
...Прашу адпусьціць ячменю на крупы...
Або гэткае:
У САВЕТ КОЛГАСУ
Заява
Ад Бортніка Барыса
Прашу праўленьне каб ад пусьцілі для меня рублей сем грошай на шапку і наштаны.
Прасіцель Бортнік.
Рэзолюцыя на заяве: Выдаць 5 рублёў.
А паміж усяго сям-там пракідаюцца сьляды тых скрыўленьняў і перагінаў, праз якія загінулі шмат якія колгасы. Вось вырваны з вучнёўскага сшытку аркуш лінаванай паперы — на ім старанна і крыва, рукой першагодніка-вучня, накрэмзана:
Заява
Просьба гражданін Васілія Бортніка Аляксеявіча аслабаніць 1 парасё. Просьба ўсіх граждан будзьця дабры абраціця вніманія.
На сім рэзолюцыя: Адказаць
Заявы аб «аслабаненьні» парасят ці кабанчыкаў ідуць адна за аднэй з разнастайнай мотывацыяй. То дзецям есьці няма чаго, то «матка хворая, ня можа быць бяз сала», то сыну ў горад трэба паслаць — вучыцца там, то яшчэ што-якое.
У савеце колгасу мне растлумачылі, што сьвіней не зганялі (ня ўправіліся); а толькі перапісалі і забаранілі гаспадаром да іх дакранацца.
Гартаю далей старонкі гісторыі.
Цэлай патокай паліліся заявы аб выхадзе. Заявы ляконічныя, прасякнутыя ніто едкім раздражненьнем, ніто крыўдай. Большасьць пішуць проста: не хачу быць у колгасе. Іншыя-ж тлумачаць прыкладам так:
...Прычыны вам зьвесныя...
...Я думаў, што абавязкова трэба, а цяпер растлумачылі: хочаш — ідзі, а хочаш — ня йдзі...
...Калі папрасіў каня паехаць к дохтару, дык не далі...
...Няма працаздольных у сям’і...
...Мяне прымусілі пад пагрозай...
...Лепш пайду ў другі колгас, толькі ня ў гэты...
...Быў «калярыйскі» (кавалярыйскі) наскок...
І г. д.
Канец заяў аб выхадзе пераблытаўся з пачаткам заяў аб уваходзе нанава. Некаторыя з гэтых заяў — цэлыя дэклярацыі з прызнаньнем памылак, з дыфірамбамі колгаснаму будаўніцтву. А большасьць проста: згодзен з новым статутам і затым уваходжу.
Ёсьць і гэткія:
Так как я неграмотная и старая женщина, смотря на другіх, выписываюшіх гр-н решила и я выписаться из колгаса. А теперь вижу все опять вступают, то и я хочу чтобы и меня приняли.
Просительница
У лічбах гэнэзыс колгасу такі: з першай пары было гаспадарак 120, пасьля адліло, асталося 41, і зноў прыліло — апошняя сталая лічба — 72.
Колгас астаўся жывы.
Вось — «справа атрыманых папер», гісторыя соцень людзей, частка бурнай гісторыі цэлага краю, частка сусьветнай гісторыі.
4.
Міжслоўе
У колгасным хляве роўма-раве завадзкі бугай, заклікаючы да сябе сваю невядомую дружыну.
Магутны роў яго зрываецца па прышчэмлены скогат — ён захлынаецца сваёй нязбыўнай смагай каханьня.
Жоўтыя вербы застылі ў пышным напружаным звоне.
Казалі — у бары кукавала зязюля...
Сонца ласкоча зямлю гарачымі цурочкамі жаўранкавых сьпеваў, і зямля гарыць родавым палам...
5.
Нехацімцы ды выхадзімцы
Трэба сеяць: зямля чакае свайго запладненьня.
Колгасьнікі рабілі пробны выезд у поле. Было многа мітусьні і бязладзьдзя. І прыгожа было, як потым выехала парак з дваццаць ці болей — адна за аднэй, роўнай стройнай чарадою, — як ажылося поле, агаласілася бадзёрымі воклікамі, вясёлым, сьмехам.
Вышлі ўсё маладыя дужыя хлопцы — ішлі яны, як войска на парадзе, і адчувалі сябе героямі, бо былі першыя ў першым паходзе за новае жыцьцё...
Але — пра нехацімцаў...
Я выехаў з мястэчка з маладым хлопцам-колгасьнікам. Адразу-ж як выехалі, хлопец, паказаў пугаўём на гурток людзей, што мерылі поле.
— Нехацімцы...
Праз гоняй з двое сустрэлі па дарозе другі гурток...
— Зноў нехацімцы...
Я дзелавіта запытаў:
— Што, Нехацімка — гэта вялікая вёска?
Хлопец спагадна зірнуў на мяне і засьмяяўся.
— Якая вёска? Гэта — нехацімцы, што ня хочуць у колгас ісьці.
Тады я ўразумеў нарэшце гэта новае, троху сьмешнае слова.
Зусім проста: «не хацім» — нехацімцы. Ці яшчэ так: «выходзім» — выхадзімцы. Выхадзімцамі яшчэ завуць тых, хто выходзіць з сям’і, бярэ частку свае гаспадаркі і падаецца ў колгас.
У некаторых колгасах загадчыкаў эканомій завуць «экономістымі».
Нехацімцы... Выхадзімцы... Экономістыя...
— Нехацімцы зьбіраюцца... Бачыце?
Я зірнуў у вакно. На вуліцы мятушылася купка сялян — меркавалі, спрачаліся, даводзілі нешта адзін аднаму. З бязладных блытаных рухаў у іх выбівалася то злоснае абурэньне, то змоўная сьцеражлівасьць.
— Чым яны нездаволены?
— Ня там, бачыце, зямлю адбілі ім, дзе яны самі хацелі.
Неўзабаве ад нехацімцаў адлучыліся тры мужчыны і падаліся пад кантору колгасу.
— Сюды ідуць... Дэпутацыя...
Мы падрыхтаваліся сустрэць дэпутацыю.
Увайшло трое. Першы — ужо паджылы чалавек — у падзьдзёўцы, у ботах, у кароткай расьліннасьці на зморшчаным твары — рафінаваны тып вясковага шляхцюка. Другі — гадоў 40, з голым, скапецкім тварам, з пустымі пяньковага колеру вачмі. Ён апрануты быў у падраную скураную тужурку — прымету калішняе пышнасьці. Нарэшце адзаду — не ўвайшоў, а ўцёрся бокам у хату абшарпаны дзядок — несамавіты, убогі, хоць і вялікай фігуры. Праз увесь час ён трымаўся ў баку і толькі тады, як асабліва заўзята браліся ў спрэчку яго таварышы, ён патыкаўся з нечакана-гарачымі і малапраканалымі заўвагамі.
— Ага... Во-во... Я-ж кажу... Дзе вы бачылі...
Гаварыў больш шляхцюк у падзьдзёўцы. Ён трымаўся надзвычай паважна: хмурыўся, крывіў рот і словы пускаў у бок, праз шчаку — словы выходзілі прыхлюпаватыя, сьлізкія, як жабы.
— Як сабе хочаце, а нам гэтае месца непадходнае... Тут — колгас, там — саўгас... Гэта-ж скрозь будуць спрэчкі, зьвягі. Што мы судзіцца будзем з вамі, ці што?
— А вы хочаце каб вам самую лепшую зямлю вылучылі?
— Навошта лепшую? Зямля й там не благая... Зямля ўсюды роўная.
— На гародах хочаце?
— Дайце нам з краю, мы не аб тым... Мы хочам, каб была ўжо к пэўнаму месцу, а ня то што — з усіх бакоў: тут колгас, тут саўгас.
Скапец з пяньковымі вачмі зрабіў патугу быць хітрым:
— А, як вам зьвесна, закон, ёсьць такі: дзевідуальным гаспадаркам даць зямлю па ўдобсьцівію, там, дзе й раней была...
І дзядок падсунуўся:
— Ага, ага... Я-ж кажу...
Шляхцюк узяў тон ультыматуму:
— Мы хочам, каб нам адбілі ў той бок, пад балота, да вялікай канавы. А йначай мы ня згодны.
І ёй энэргійна сашчаміў свае крывыя вусны.
Нехта пажартаваў:
— Там-жа горай. Яшчэ, чаго добрага, у канаву паўкідаецеся, уцякаючы ад колгасу.
А другі дадаў:
— Ня дзе дзеніцеся! Колгас і з балота падступіцца...
Нехацімцы не адказвалі на жарты — стаялі моўчкі, панура ўтупіўшыся. Ім пачалі тлумачыць, чаму каморнік адзначыў ім зямлю ў тым, а ня ў іншым месцы, чаму цяпер ня можа быць перамеру, калі ў колгасе пачаліся ўжо палявыя работы, чаму трудна ім будзе наогул уцячы ад колгаснага поля і г. д. Яны стаялі — ніто сярдзітыя, ніто замяшаныя — слухалі, а пасьля, як наяўна адкрылася нягрунтоўнасьць іхных прэтэнзый, шляхцюк з тупой катэгорычнасьцю заявіў:
— Не, мы сеяць ня будзем. Сейце сабе, калі хочаце, самі. Хадзем!
І яны адзін за адным пашлі з канторы. Дзядок у парозе на момант суняўся, паглядзеў назад, усьміхнуўся вінавата і беспарадна, адылі махнуў рукой і пашоў за таварышамі. Усьлед яму нехта крыкнуў:
— Піліп! Ты-б хаця не цягаўся за імі... Што табе трэба?..
Я зацікавіўся, што за людзі гэтыя «дэпутаты»...
— Во гэты, што ўсё гаварыў, дык самы баламут. Круціць-верціць... Даўней быў першы багатыр на вёсцы — тысячы ў банку ляжалі. Усю вёску трымаў у руках. Бывала, простага селяніна дык і за чалавека ня лічыў... А пасьля зьехаў... Ну, цяпер па зямлі, па маемасьці нібы серадняк, але дух у яго — ого-го!.. Маладзейшы той — таксама хлюст. За царом у нейкай высачайшай камісіі служыў... кур’ерам нейкім, ці што... Прыедзе, бывала, улётку, павесіць гамак ды й гоўтаецца... А цяпер ня тое... Неяк на сходзе на ўрымсьціў быў: расьпяклі яго, нечым, дык ён і ляпнуў: — А ўсё-ткі за царом лепей жылося... Ха!.. Дзіва, што яму лепей...
— А дзед?
— Гэта — брат таго «высачайшага». Ат, цягаецца з імі — сам бядота, галота. Як быў сход, падышоў быў запісвацца ў колгас, ужо пяро ў рукі ўзяў... Дык шмарганулі ззаду, ён і спалохаўся — Не, кажа, хай яно згарыць... ня буду... Сабралі вось такіх ды й вілаводзяць... Яшчэ й нам дэзорганізацыю ўносяць... Вунь-вунь, зірніце...
Мне зноў паказалі ў вакно — я ўбачыў, як па гарадох ад рэчкі пасуваліся хісткай хадою тры чалавекі.
— Во гэты сярэдні — наш колгасьнік, бядняк.
Яны пояць яго і на свой лад набіваюць. Надовечы напіўся, прышоў на сход ды такую прамову загнуў... Самі баяцца, дык яго навучаюць... Пасьля заяву падаў быў, што памыліўся... Каяўся... А цяпер, бач, ізноў...
«Хісткая» тройца зьнікла за нейкай будынінай. А на вуліцы яшчэ мятушылася бязладная купка нехацімцаў.
6.
А няхай-бы яны захацелі!
У кантору колгасу ўвайшла маладая жанчына з вясёлым тварам і павольнымі рухамі.
— Ну, чаго мяне клікалі?
Ёй адказаў каморнік:
— Во што, цётачка, мне няма часу — я выяжджаю зараз — трэба табе схадзіць на поле адбіць зямлю гэтым нехацімцам.
— Чаму гэта канечна мне?
— Як сябру сельсавета.
Жанчына суняла свой погляд на каморніку, падабрала ў горкую міну вусны, пасьля бокам — з пагардай і жалем — зірнула на нехацімцаў і заківала галавой:
— А во й нахаба на маю галаву. А няхай-бы яны захацелі, гэтыя нехацімцы...
Малады хлопец падамкнуўся да цёткі і многазначна штурхнуў яе ў бок.
— Старыя, цётачка. Дзе ўжо ім захацець... Вось мы, маладыя...
І зухавата падміргнуў. Цётка не зьвярнула на яго жаднае ўвагі (пры выкананьні службовых абавязкаў) і, не абарачаючы галавы, праказала да нехацімцаў:
— Хадзем!
Потым тонам загаду яшчэ паўтарыла:
— Ну, хадзем!
Перад тым я памыкаўся быў завесьці гутарку з гэтымі нехацімцамі. Вёска, дзе гэта было, — двароў у шэсьцьдзесят ці болей — цалком была паступіўшы ў колгас, і колгас быў дружны, спраўны. З усяе вёскі знайшліся два гаспадары, якія пайшлі супроць усяе грамады — асталіся ў старых сваіх гнёздах. Што спрычынілася гэтаму? Якая сіла надала ім гэткай упартасьці?
На ўсе мае запытаньні, на ўсе мае захады, яны адказвалі адно:
— Кожны сам сваё жыцьцё кіруе... Таму — так лепей, таму — гэтак.
І яшчэ:
— Мы ня супроць колгасу. Можа й будзе там лепей, можа знойдуць там мужыкі сабе шчасьце... Але мы так уважаем, па-свойму...
Яны затуляліся ў шкарлупу сьцеражлівай адчужанасьці і ўнікалі ад далейшае гутаркі. Адно ў вачох у іхных (тож хавалі, адводзілі ў бок) удалося мне ўсё-ткі прымеціць шызы цень старога-старога смутку...
7.
Міжслоўе
— Татачка! Птушка! Птушачка вунь! Татачка, пачакай — я ўлаўлю!..
Бацька з спакойнай усьмешкай суняў сярод пыльнае местачковае вуліцы сваю шаўлюжку і пасобіў сыну зьлезьці з воза. Хлопчык з хвіліну стаяў нярухома, закамянеўшы ў вялікай радасьці, пасьля крануўся і зрабіў два маленькія сьмешныя крокі.
Голуб пырхнуў і паляцеў проста на хлопчыка, пралапатаў крыльлямі над самай яго галавой.
Хлопчык адхіснуўся назад, вочы ў яго сталі шырокія-шырокія. Ён сударгава замахаў ручкамі і затрапятаў увесь ад раптоўнага сполаху.
Бацька спакойна ўсьміхаўся...
8.
Як зазвоняць у звон
Зямля чакае свайго запладненьня.
Над зямлёй шпаркай хадою, пераскокваючы цераз кароткія цёмныя ночы, ідзе маладое вясновае сонца.
Раніцой у колгасе звоняць у звон, склікаючы на работу.
Раніца цяпер скрозь — румяная, сакавітая, прасычаная густой мядовай слодыччу. Ад гэтае слодычы, як ад каханьня, хмельна круціцца ў галаве і па целу тонкімі хвалямі пераліваецца кроў.
Каля стайні зьбіраюцца хлопцы. Тузанінай, борканьнем разганяюць апошнія сьляды аспаласьці. Мітусяцца канюхі, зважна сягае «конскі» брыгадзір — загадвае, паказвае, падганяе.
Усё гатова. Хлопцы навыперадкі запрагаюць коняй, становяць на палазы зубастыя бароны і — гайда!
Поле расхінае перад імі свой разгонны прасьцяг. Ляжыць поле — гарачае, парнае — млее ў магутных абнімках сонца. Па полю ходзіць — ступае мяккімі лапкамі па ральлі аксамітны ветрык. Падскочыць, гарэза, скаўзанецца па твары (ласкотна-ласкотна!), пацярэбіць сарочку, за каўнер зашыецца, а тады раптам узьляціць высока-высока, у самае неба, і бразьне срэбнымі званочкамі — жаўранкавай песьняй.
Поле — у глыбокіх зморшчках леташняга ворыва. Трэба разгладзіць гэтыя зморшчкі, расчасаць іх спрытнымі грабянцамі-баронамі, прыладзіць мяккія, пасьцелькі для залатых зярнятак.
І вось. Стройнай чарадой пайшлі па полю — па шырокаму, роўнаму, бяз меж, без граніц — бадзёрыя паркі, дружна ўеліся ў зямлю сталёвыя зубы і пакінулі сьлед за сабой — пакінулі сьлед у дваццаць барон-паўгоняй ушыркі, ня менш!
Весела порскаюць коні, весела гукаюць, пераклікаюцца людзі, весела скача навокал гарэзаветрык — то пацалуе ў твар, то схопіць за грыву каня, то нахабна выверне хвост чорнаму пад-суседу аратых — граку. І не забудзецца ані на момант бразгаць у небе срэбнымі званочкамі-песьняй.
Воля, прастор, шырыня бяскрайная!
— І бяз краю шырыцца сьвежая моц у грудзёх і злучае ўсе гэтыя дужыя грудзі ў адны, і рукі — у адны, і ў адно злучае волю, жаданьні, імкненьні.
Ня скрышыць гэтую моц ніякая змора, ніякая немач!
За гоняй двое па сьцежцы ішла компанія нехацімцаў. Яны ішлі дзяліць між сабой адбітую ім зямлю. Колгасьнікі ўбачылі іх і працяліся гульлівым задорам.
— Засьпявайма хлопцы! Пабачыце, як гэта будзе ня ў смак ім.
І засьпявалі. І сапраўды было ня ў смак. Нехацімцы спыніліся, быццам заўважылі нешта нечаканае, дзіўнае, з момант стаялі, аслупянеўшы, глядзелі на хлопцаў, а тады ўраз заварушыліся, жвава аб нечым загаманілі, і пачалі паказваць фігі.
Хлопцы ня вытрымалі — пакаціліся са сьмеху.
Адзін прыстоіў, склаў у рупар далоні — пусьціў голас на ўсё поле:
— Ад баб наўчыліся! Гультаі-і-і...
З боку нехацімцаў пачулася нявыразная лаянка. Яны зьбіліся ў шчытны камок і пасунуліся сваёй дарогай.
А ў гэты час зусім далёка — мо’ з поўвярсты — па шырокім роўным шляху ішлі дзьве жанчыны: старая і маладая. Яны ўбачылі на кругавідзе сілуэты баранавалокаў і спыніліся. Маладая лічыла:
— Раз... два... тры... чатыры... А божа мілы... У дваццаць парак... Як хораша!..
Яны доўга стаялі, не адводзячы вачэй ад колгасьнікаў. І ня прымецілі, як надыйшоў ззаду незнаёмы падарожнік.
— Што, прыгожа?
Маладая жвава страпянулася.
— У дваццаць парак... адразу... Гэта-ж трэба...
— А вы самі ці колгасьніцы?
Тады абярнулася старая і нездаволена прабурчэла:
— Не, не колгасьніцы... Хадзем, Марына!
Хто яе ведае, што схавала яна за сваім сярдзітым тонам: абурэньне, зайздрасьць, ці мо’ страх перад гэтым новым, неадступным, што мімаволі захапляе і цягне да сябе з непараможнаю сілай...
І паклыпалі сваёй дарогай: старая і маладая...
9.
Мы скарынак яшчэ ня зьбіралі!
Наш колгас невялічкі. Утварыўся ён галоўным чынам на кулацкіх землях, на кулацкім інвэнтары і на кулацкай жывёле. Гаспадароў мала ўвайшло ў колгас, больш выхадзімцы — маладыя мужчыны й жанчыны.
У нас мала коняй і мала рабочай сілы. Але многа ў нас энэргіі і ахвоты — мы засеем ня толькі сваё колгаснае поле, а не пакінем і таго, што застанецца незасеянае ў нехацімцаў. Мы абсолютна ўпэўнены ў гэтым.
У нас яшчэ не хапае некаторага насеньня: вікі, канюшыны, гароху. Гэта мы здабудзем — гэта дасьць нам дзяржава. За гэтым трэба ехаць у раён, у райпаляводсаюз. У раёне ў нас яшчэ цэлы груд спраў: крэдыты, контрактацыя і інш. Таму мы едзем удвух з старшынёй колгасу — з невялічкім, хударлявым, зусім хворым, але бадзёрым і вясёлым бедняком-селянінам. Сёньня ён зьдзеў нарэшце свой старэнькі дзіравы кажушок (іншае вопраткі ня мае), але ўзяў яго з габой і старанна хавае пад сена, калі адыходзіцца ад возу. Пасьля сам сьмяецца:
— Яшчэ часам сьцягне хто гэткае золата...
Слаўны, мілы дзядзька Антон!
У раёне — сумятня, як у штабе ў часе самага гарачага бою. Мы ўмыкаемся ў гэтую сумятню, пачынаем бегаць, спрачацца, лаяцца. Сустракаем знаёмых з суседніх колгасаў і займаемся з імі ў жартлівую сварку...
— Гэй, вы, багатыры! Чаго вам тут трэба? У вас свайго няма куды дзець! Ненажэрныя!
— А вы ўжо зьнебарачыліся... Бач ты, усё ім давай... Паелі сваё, дык пяском паспрабуйце засеяць.
Мы з дзядзькам Антонам мужна вытрымліваем бой і з фронту і з флянгаў — дастаём усё, што нам патрэбна, і ў добрым гумары варочаемся з мястэчка.
Па дарозе нам яшчэ адна вялікая справа. У суседнім колгасе, аднаго з намі кусту, мы маем атрымаць некалькі кулацкіх коняй — іх часова паставілі былі тут, а цяпер разьмеркавалі па ўсім кусьце.
Колькі дзён назад я быў у гэтым колгасе і аглядаў іхную гаспадарку. Яны багата жывуць. У іх увайшла ў колгас уся вёска — у іх многа рабочае сілы, многа рознае маемасьці. Коні іхныя слынуць на ўсю акругу, а зямля родзіць, як чорназём.
Мяне вадзіў тады па стайнях старэйшы брыгадзір — рухавы гаваркі дзядзька, пасьпешны і клапатлівы. Ён адчыняў кожную стайню шырокім урачыстым жэстам і ў захапленьні паведамляў набожна стрыманым шопатам:
— Жарэбныя кабылы... Э-эх, кабыліцы, першы сорт... У работу не бяром, ані-ні... Стаяць сабе, як пані...
Ён даваў мне хвіліну любавацца пышнымі, гладкімі клубамі кабыл, потым пачынаў выказваць сваё захапленьне, і зачыняў вароты з цяжкой марудлівасьцю, быццам ня меў сілы адарваць вачэй ад сваіх гадунцоў.
— А вось тут яшчэ...
І цягнуў мяне ў наступную стайню.
Ён жыў адно-гэтымі коньмі, аддаваў ім увесь свой час, клапаціўся аб іх, як аб сваіх блізкіх. ведаў усе іхныя звычкі, усе асаблівасьці і дружыў з імі, як з лепшымі сябрукамі.
А было так, што затрымаўся ён ля аднае красуні-кабылы больш, чымся ля іншых, і не хваліў, не захапляўся, а стаяў моўчкі. І ўжо падаўся быў у вароты, адылі суняўся, яшчэ раз азірнуўся і сказаў — здалося мне, што сказаў ня толькі з захапленьнем, а й з жалем:
— Гэта — мая... Сам выгадаваў... Тры гадкі... Завадзкая...
І дадаў, нібы выпраўдваючыся:
— Дзьве дзесяціны зямлі меў... Але ўцяўся, каб зрасьціць жывёліну... Вунь якая яна... Нішто?..
...Сёньня мы з ім пасварыліся. Сёньня разыйгралася сцэна, над якой мне давялося глыбока задумацца...
Мы прышлі забіраць належных нам коняй. Старэйшы брыгадзір сустрэў нас нездаволеным доглядам, старанна хаваючы ў вачох хвосьцік тонкай хітрынкі.
На двары, ля стайняў стаяла з восьмера жарэбных кабыл.
— А дзе рэшта?
— Якая рэшта? Вось выбірайце. Колькі вам трэба? Чатыры? На любкі бярэце...
— І ўсё кабылы?
— Кабылы.
— І ўсё жарэбныя?
— Жарэбныя.
Мы ведалі, што кулацкіх коняй павінна быць болей, што не канечна яны ўсе павінны быць кабыламі і не канечна жарэбнымі.
Завязалася спрэчка. Нас абкружылі гурмай колгасьнікі — узьняўся гоман, сьмех, жарты. І распачаўся гандаль. Старэйшы брыгадзір (хітрынка з вачэй пайшла ўжо недзе ў сярэдзіну) зрываўся ўвесь час на звычайную вясковую сварку.
— Іш, панаехалі... на гатовенькае... а што мы кармілі дасюль, даглядалі, дык гэта так сабе? Ого! На чужое кожны паквапіцца... Пазайздросьцілі, што ў нас коні добрыя? Прыдбайце самі гэткіх, калі маеце спрыт...
І, ушчэнт разьюшыўшыся, крыкнуў з едкім дакорам:
— Мы скарынак яшчэ ня зьбіралі і ня будзем зьбіраць. Гэта вы, як тыя старцы, па чужых колгасах жабруеце...
Ён яшчэ не мала адчытваў нас на ўсе спосабы, адылі пад сьмех і жарты колгасьнікаў супакоіўся, ўсьміхнуўся і адвёў у бок вочы, бо ў іх зноў мітусілася тая тоненькая хітрынка. Зусім інакшым — уціхаміраным, лагодных тонам пачаў нас загаварваць.
— Ці-ж вы думаеце — нам шкода... Ці-ж мы згалеем ад гэтага. Бярыце сабе хоць усіх... Я й яшчэ столькі вывяду, калі хочаце... у мяне гэткага дабра яшчэ знойдзецца.
Мы шчыра падзяквалі і, сьцяўшы зубы, выбралі сабе чацьвёрку жарэбных кабыл. Тут-жа стаяла чарада кулацкіх калёс. Мы нагледзілі добрыя моцныя драбіны і дружна ўшчарэпіліся за аглоблі. Брыгадзір падышоў і з ласкавым спачуваньнем запытаўся.
— Нашто вы дарма высіляецеся?
— Як нашто.
— Гэта-ж драбіны нашага колгасу.
— А дзе-ж кулацкія?
Ён з Олімпійскай спакойнасьцю паказаў па груду ламачча, у якім з вялікай патугай можна было адрозьніць элемэнты калёс.
— Вось, калі ласка. Мне чужога ня шкода.
Мы падзякавалі за прыязнасьць і пачалі конструяваць з ламачча сякое-такое падабенства яздовай прылады.
— А дзе-ж збруя?..
— Зараз, зараз... Што атрымаў, тое і аддам. Мне чужога ня трэба... Я не жабрак які-небудзь...
Мы ўжо ані-ні ня зьдзівіліся, калі ён вынёс і высыпаў на зямлю бярэмя нясусьветнага шкумацьця. Высыпаў і запытаў тонам глыбока закранутага гонару:
— Што, можа скажаце, я й гэта падмяніў, га?
Мы катэгорычна запротэставалі:
— Што ты, што вы... Мы й не падумалі нават...
Калі мы сяк-так зачапілі за воз адну кабылу, да яе падышоў хлопец-колгасьнік, доўга стаяў, прыглядаўся і нарэшце закрычаў:
— Браточкі! Гэта-ж наш стары хамут, далібог-жа...
Мы зарагаталі, зарагаталі і самі колгасьнікі, адылі ткнулі на хлапца, і ён, сьцяміўшы, у чым справа, зараз-жа прызнаў сваю памылку.
Выехалі мы пад дружныя пажаданьні і самы адкрыты бесцарамонны сьмех. Мы й самі сьмяяліся і бясконца дзякавалі гаспадаром, за іхную нязвычайную ветлівасьць.
Як ад’ехалі ад сяла, я сказаў свайму спадарожніку:
— Ёсьць людзі, якія пераносяць у колектыў дробнаўласьніцкія тэндэнцыі, што ўзгадавала ў іх індывідуальная гаспадарка. У іх зноў — сваё, чужое, свой колгас, чужы колгас... Каб прыдбаць у «свой» колгас, яны ашукваюць «чужы»... Яны-ж відочна нас ашукалі...
Мой спадарожнік доўга маўчаў, а пасьля ціха, нібы сарамліва, усьміхнуўся і адказаў:
— Чорт яго ведае... Каб гэтыя коні стаялі ў нашым колгасе, можа-б і мы гэтак зрабілі...
— Але-ж ці добра гэта? Ці трэба гэта для справы?.
І ўсю астатнюю дарогу мы думалі над гэтым пытаньнем...
10.
Міжслоўе
Крэпкую, як крамень, глыбокую, як зямля, і непасрэдную, як само жыць, гаспадарлівасьць мужыка-земляроба трэба пераключыць у рэчышча дружнага колектыўнага клопату і стараньня.
11.
Пра дзядзьку Макара
Дзядзька Макар высокі, кульгавы і надзвычай сумленны мужчына. Першы раз я ўбачыў яго ў канторы колгасу, калі ён з напружанай, блізкай да роспачы натугай мусоліў аловак, стараючыся падвесьці свой дзённы рахунак. Зьнясілены нязвыклай працай, ён беспасрэдна азіраўся навокал і жаліўся:
— Усё выходзіць, як сьлед: што надаілі, што завезьлі ў арцель, што выдалі колгасьнікам, што парасятам скармілі... Як да астачы дайду — блытаніна... Скажам, укісла... Ну, як яго тут паказаць, у якую грахву?..
Мы супольнымі сіламі разьвязалі яго неўразуменьне.
Дзядзька Макар даглядае кароў. Іншае работы ён ня можа рабіць — у яго хворая нага, ён зусім кульгавы. Але-ж гэты свой абавязак ён спраўляе з нязвычайнай стараннасьцю. Ён заўсёды непакоіцца, што мала робіць, што мала дае карысьці колгасу, і праз гэта страшэнна пакутуе. Часам глядзіць з трывогай на колгасьнікаў, і чакае, што нехта яго ўпікне за гультайства.
Дзядзька Макар троху дзіўны — ён залішне глыбока задумляецца. Бывае так, што возьме ён рэзьвіны — прынесьці сена каровам — і пойдзе, і дойдзе... І пройдзе так мо’ з поўвярсты, калі хто не абудзіць яго якім воклікам ці запытаньнем. Ато дык стане дзе на гародзе дый стаіць, закамянеўшы, углядаецца некуды нявідушчым зіркам.
Дзіўны дзядзька Макар!
А пачалося гэта ў яго з прычыны.
У дзядзькі Макара бацька таксама калека.
З нейкай хваробы, ці што — сагбала яго ў сярэдзіне — ён ходзіць, нізка нахіліўшыся долу, быццам шукае нечага па зямлі. А рупны дзед, працавіты! З калецтвам сваім робіць (пакутуе, а ня робіць) усякую работу і трымае ніштаватую гаспадарку.
У самы прыпар наймалі — ня змога была двум калекам з усім управіцца. За гэта мясцовыя мудрагелі наклалі былі індывідуальны падатак і залічылі ў кулакі.
Праз усю зіму чакаў дзядзька Макар высяленьня. Нейкую хваравітую ўпэўненасьць меў, што канечна вышлюць яго, і дрыжэў у нязводнай трывозе, у страху. Праз усю зіму безадхлынна мучыўся, і наўчыўся думаць больш, чым гэта робяць звычайныя людзі...
Дзіўны стаў дзядзька Макар!
Індывідуальны падатак, вядома, зьнялі, вярнулі ўсе правы (быў тут перагін, скрыўленьне лініі), і дзядзька Макар з ахвотай ды радасьцю паступіў у колгас. Але ў колгасе адчуваў сябе вінаватым (бацька — не працаўнік, сам — не працаўнік, жонка — пры малых дзецях) і непакоіўся, што мала робіць, мала дае карысьці колгасу.
І глыбока, дзіўна так задумляўся...
Гэтымі днямі дзядзька Макар захварэў. Праз усю ноч кідаўся ў гарачцы і трызьніў. Кажуць — запаленьне лёгкіх.
Дзядзьку Макара павезьлі ў больніцу. Замест яго даглядаць кароў і падлічваць малако паставілі другога колгасьніка.
12.
Міжслоўе
За гарой у сьвежай чырвані купаецца перад сном вясновае сонца.
З усходу падцікаецца ўжо лёгкакрылы і лёгкадумны вечар.
Шумна, уздымаючы пыл і сумятню, праехалі з поля аратыя.
У канторы колгасу сіпата зайграў грамафон, а недзе на вёсцы (быццам далёка-далёка) засьпявалі дзяўчаты.
У колгасным хляве роўма-раве завадзкі бугай, заклікаючы да сябе сваю невядомую дружыну.
13.
Дзе энтузыязм?
Увясну 1930 году гаварылі многа пра энтузыязм. Калі прыяжджаў хто з вёскі, з колгасаў, абываталь зазіраў яму з падступнай лісьлівасьцю ў вочы, падміргваў і пытаўся:
— Ну, як там, га? Энтузыязму многа?
Абываталі шукалі энтузыязму ў гучных словах, у бурным гомане сходаў, у бліскучых вачох і нават у чырвоных сьцягах.
А энтузыязм увясну 1930 году быў зусім не такі: ён быў бяз гучных слоў і бяз чырвоных сьцягаў.
Я ўбачыў — ня ўбачыў, а пачуў быў сапраўдны глыбокі энтузыязм будаўніцтва ў першы-ж дзень, як прыехаў на вёску, як трапіў у кантору першага на маёй дарозе колгасу:
У канторы складалі рабочы плян вясновай пасеўнай кампаніі. Сядзелі: звычайныя вясковыя дзядзькі з сур’ёзнымі станавітымі тварамі, маладыя хлопцы — жвавыя, жартаўлівыя і аграном — тоўсты, але надзіва лёгкі ды энэргічны (круглы гарбузападобны твар, целяпаваты нос, маленькія — вясёлыя і разумныя вочы і дабрадушная лысіна на галаве, сьціпла зачосаная астатнім дзесяткам валасоў).
Рабочы плян — аснова жыцьця гаспадаркі. Тут разумелі гэта, і прадавалі над ім з адменнай шчырасьцю ды заўзятасьцю. Паўставала безьліч пытаньняў — новых, неабыклых для цяжкаватага мужычага розуму; вырашэньне аднаго параджала дзесяткі новых, яшчэ больш складаных і трудных — разгортваліся шырокія, неабдымныя і страшныя ў гэтай сваёй неабдымнасьці пэрспэктывы.
Людзі пэрспэктыў не баяліся — тлуманную далеч іх азаралі агнём сваё ўпартае волі ды розуму і далёкае рабілі блізкім, складанае простым, цёмнае ясным, як вясновы сонечны дзень.
А пытаньні былі ўсё чорныя, земляныя:
Як разьбіць поле па асобных культура...
Дзе што сеяць: дзе авёс, дзе ячмень, дзе віку, дзе канюшыну...
Дзе пакласьці гной, дзе пасеяць штучныя ўгнаеньні...
Як павялічыць плошчу засеву...
Як скарыстаць папарнае поле...
Трапляліся перашкоды — многа было перашкод, бо вісела над колгасам цяжкім насядзістым гнётам агульная нястача: людзі зьнесьлі былі ў колектыў ня толькі здабыткі сваіх гаспадарак, а таксама й горкую сваю векавую бядоту.
Не хапае насеньня...
Не хапае гною...
Не хапае коняй...
Не хапае людзей...
Перад перашкодамі ня спыняліся, над імі ня енчылі, не жалкавалі. Кожны намагаўся раней за ўсіх адшукаць спосаб да іх адхіленьня і рад быў, калі гэта яму ўдавалася, і ўсе былі рады: тут стыхійна і несьвядома вырастала тая магутнадзейная сіла, якую завём мы соцыялістычным спаборніцтвам.
Я з глыбокай увагай узіраўся ў твары гэтых няўмелых пакуль што, неспрактыкаваных будаўнікоў людзкога жыцьця. На іх ня было ні бліскучых вачэй, ні пышных праменьняў радаснага захапленьня: яны былі працятыя цьвёрдай сур’ёзнасьцю, энэргіяй і турботай.
І тады я зразумеў, што энтузыязм бывае ня толькі там, дзе гучныя словы і чырвоныя сьцягі.
Ён бывае і там, дзе працоўныя людзі, сьцяўшы зубы ад патугі і ўпартасьці, бяруцца за марудную цяглую работу, за мураваньне вялізнага будынку агульнага шчасьця.
Ён бывае там, дзе перашкоды, нястачы не палохаюць, ня спыняюць працоўных людзей, а загартоўваюць іхную волю й рашучасьць.
Ён бывае там, дзе працоўныя людзі зацікаўлены ў агульным так, як зацікаўлены ў сваім уласным.
Ён бывае там, дзе працоўныя людзі вераць — не, ня вераць, а ўпэўнены ў тым, што шлях, на які пашлі яны, на які павяла іх магутная партыя пролетарыяту — адзіна правільны і няўхільны...
З тэй пары я прызвычаіўся бачыць праменьні вялікага энтузыязму ў маленькіх, зусім нязначных праявах жыцьцёвае дзейнасьці. І я бачыў яго на кожным кроку.
Ён сьвіціўся на твары белабрысай маленечкай цёткі, што прыбягала ў кантору колгасу (на руцэ — малое дзіця, другое — чапляецца за спадніцу) і сакатала растрывожанай куркай, і напорыста вымагала нейкае дробязі для „сваіх“ парасят (гэта значыць — колгасных).
Ён ляжаў сьветлай роўнай пячаткай на сівым твары старога дзеда-колгасьніка, які сабраў быў гурток маладых: сваіх, таварышоў і дзяліўся з імі сваёй за дзесяткі год нажытай земляробчай практыкай, і па-бацькаўску навучаў іх, як трэба хадзіць каля маткі-зямлі.
Хударлявы твар старшыні колгасу, які даўно ўжо забыўся, што значыць — у пару есьці і спаць на прытульнай хатняй пасьцелі.
Ён, бязумоўна ён, прымушаў колгасьніка лезьці на гару і даставаць апошнія два пуды вікі (ніхто гэтага ад яго не вымагаў), каб дасеяць кавалак колектыўнага поля…
…Такі быў энтузыязм увясну 1930 году…
14.
Міжслоўе
Ня ў шумных узьлётах, ня ў бліскучым гарэньні — ў непарушанай волі ды каменнай упартасьці — творчая веліч будаўніка.
15.
Новэля з жахамі ды крыміналам
I.
Маркел Хадун цішком папляваў сабе на далоні і моцна сьціснуў у руцэ рыдлёўку. Перш, чымся пачаць сваю таемную працу, ён пільна прыслухаўся да ночнай цішы. На суседнім двары засьпяваў певень, а недзе далёка, край вёскі, забрахалі сабакі. Гэтыя гукі чамусьці заспакоілі Маркела, і ён сьмела вывернуў першую камлыгу зямлі.
Праз якую гадзіну ці меней яма была гатова, і Маркел асьцярожна спусьціў у яе труп. Цяпер ён зноў, як і ў пачатку работы, востра напружыў свой слых, стараючыся ахапіць ім усю глыбіню чорнай начы.
Было ціха навокал, як у магіле. Маркел страпянуўся, схапіў рыдлёўку і пачаў пасьпешна, хапаючыся, закопваць яму. А як скончыў, выпрастаўся на ўвесь рост, вольна ўздыхнуў, і ўсьміхнуўся сам сабе хітрай самадзвольнай усьмешкай.
II.
Праз тыдзень Маркел Хадун з хмурым дзелавым выразам на твары і затоеным трапятаньнем у сэрцы ўваходзіў у страхавую кантору. Усё было ў парадку, як мае быць. Неабходная бюракратычная цяганіна заняла ня больш, як гадзіну, і Маркел, сударгава заціснуўшы ў руцэ атрыманыя грошы, борзьдзенька, нібы баючыся, каб не адабралі назад ягонага здабытку, пашыбаваў у дзьверы...
На вуліцы ён прыстоіў, з хвіліну аб нечым сам з сабой памеркаваў і рашуча пасігаў у той бок, дзе стаяла піўніца.
III.
Так, Маркель Хадун не памыліўся... Натоўп людзей, які ён заўважыў яшчэ здалёк, стаяў акурат каля таго няшчаснага месца. У затуманеную хмелем Маркелаву сьвядомасьць страх увайшоў прытуплены і зьмякчоны — ён яшчэ набраўся рызыкі, каб зрабіць на твары бязуважную ўсьмешку і падыйсьці да натоўпу зусім спакойнай, нават зухаватай хадою.
Яма была раскопана, і на краю ямы ляжаў страшны, ужо добра загнілы труп.
Маркела абкружылі ўсе з крыкамі абурэньня.
Ён азіраўся навокал і бязглузда ўсьміхаўся. Калі-ж запыталі яго:
— Дзе яшчэ двое?
Ён слаба махнуў некуды рукой і, зьнясілены, сеў на зямлю...
IV.
Пры допыце сьведак выявілася адна цікавая акалічнасьць. У той дзень, да якога прыблізна адносілі злачынства (меркавалі па трупу), бачылі Маркела Хадуна на трох розных дарогах і ўсюды ў адным стане: нешта закрытае посьцілкай. А ўвечары ўсё на вёсцы бачылі, як прыехаў ён зьнедкуль на змораным дашчэнту кані...
Справа пачынала высьвятляцца.
V.
На судзе ўсё выявілася канчаткова, і ў прыгавары, паміж іншага, было зафіксавана наступнае:
...падсудны Маркел Хадун законтрактаваў у Колгассаюзе трох падсьвінкаў, атрымаўшы на іх адпаведны корм і авансы. Усіх трох падсьвінкаў падсудны застрахаваў у аддзяленьні Дзяржстраху. Скарыстаўшы выпадак, што ў суседа такога-та здохла парасё, ён пазычыў данае парасё і завёз на такі-та вэтэрынарны пункт, дзе атрымаў адпаведную даведку. Пасьля гэтага ён павёз данае парасё на такі-та вэтэрынарны пункт і атрымаў другую даведку. Пасьля гэтага ён павёз парасё ні такі-та пункт і атрымаў трэцюю даведку. Згодна гэтых даведак падсудны Маркел Хадун атрымаў страхавую прэмію за трох законтрактаваных падсьвінкаў, у той час, як даныя падсьвінкі былі жывыя. Паказаныя дзеяньні суд кваліфікуе, як ашуканства, а таму пастанаўляе...
Маркела Хадуна да нечага прысудзілі...
16.
Рунь
Мой новы прыяцель, колгасьнік Зьмітра зрабіў мне прапанову.
— Калі маеш час ды ахвоту пойдзем паглядзім на маю практыку з мінэральнымі ўгнаеньнямі.
Я, бязумоўна, згадзіўся.
Гэта была ціхім ласкавым надвячоркам, калі сонца сьвяціла асабліва чыста і мякка, калі зьляталіся ў свае прытульныя дамкі змардаваныя пчолы, а жаўранкі на полі здаваліся далёкімі-далёкімі, мінулымі.
Перад намі ляжала — ласкавалася чыстым смарагдавым бляскам сьвежая рунь. Ад яе ўзьнімаўся лёгкі салодкі пах — дзіўна знаёмы і сьветлы, як успаміны з дзяцінства. У самае сэрца ішоў гэты пах, пеніў яго хмельным уздымам — і жыцьцё, як гэтае поле, як гэтая рунь, — здавалася шырокім, вольным, дарагім.
Мой прыяцель павёў мяне на сваю паласу. Там старанна адмежаваны былі і адзначаны калкамі роўныя простакутнікі, якія ішлі адзін за адным усьцяж па палосцы і відочна адрозьніваліся сілай і багацьцём руні.
Зьмітра, як гаспадар гасьця, вадзіў мяне па паласе, паказваў свае дасягненьні і тлумачыў спакойным паквольным голасам:
— На гэтай дзялянцы расьсеяны супэрфасфат. Як бачыш, эфэкту амаль што ніякага. Тут — азоцістыя ўгнаеньні. Значна лепей. А найбольшы сьлед пакідае ўсё-ткі калійная соль. Бачыш, як вылучаецца тая дзялянка?
Сапраўды, было чаму дзівіцца. Быццам адлінаваныя алоўкам адлучаліся адзін ад аднаго простакутнікі. На адным рунь буяла густой, самавітай, да сіні зялёнай масай, на другой была жаўтлявая, чэзлая.
— А вось, бачыш? Тут расьсеяна ўгнаеньне ўсіх трох гатункаў. Мі можа быць што-небудзь больш прыгожае, га? Падзівуйся...
І ён сам спыняўся, застываў на месцы і не адводзіў вачэй ад пышнага зялёнага дывана.
Мне здавалася, што ёй зусім забыўся на мяне, усёй істотай сваёй углыбіўшыся ў нейкае глыбока-радаснае і ўрачыстае, блізкае да малельнага экстазу, адчуваньне.
Потым ішлі далей, і ён зноў браўся апавядаць:
— Гэта — першая такая практыка ў нашым раёне Але гэта — глупства. У мяне ёсьць плян куды больш шырокага досьледу, ды яго нельга было зьдзейсьніць вось на гэткіх палосках. Цяпер, у колгасе, мабыць удасца... Буду ўзьнімаць пытаньне, каб адбілі патрэбны кавалак зямлі.
Мы дайшлі да канца практыкавальнага поля і спыніліся. Сонца стаяла ўжо на самым крайку небасхілу, быццам затрымалася толькі, каб яшчэ раз агледзець сваё дзеннае царства, яшчэ раз палашчыць зямлю млявым прыткненьнем сваіх зьнясіленых кос, і зараз-жа — зморанае і давольнае — сьлізганецца за кругавід, у свой ночны прытулак.
Рунь ляжала роўная і спакойная, у глыбокім ружовым бляску. У глыбокай спрадвечнай ціхасьці.
Я крануў за руку свайго спадарожніка.
— Ці чуеш ты, Зьмітра, які радасны спакой улівае ў душу вячэрная рунь? Каб гэты момант цягнуўся бясконца, я-б, здаецца, бясконца стаяў так і любаваўся.
Зьмітра шчасьліва ўсьміхнуўся.
— Я дужа люблю сельскую гаспадарку. Я працую не таму, што трэба здабыць на пражытак — я люблю самую працу. Ты-ж ведаеш, я служыў доўгі час, бадзяўся па сьвеце, а такога здавальненьня нідзе не знаходзіў. Тут, разумееш, нешта такое... Вось арэш, скародзіш, сееш, і ведаеш, што з гэтага выйдзе нешта, і ўбачыш гэта, будзеш адчуваць, што тут — вынік твае працы... Вось ты глядзіш — чыста, прыгожа. А мне-ж гэта — роднае. Кожная каласінка, як дзіця, сапраўды... А пакуль расьце, красуецца, наліваее, сьпее. Глядзіш, непакоішся, турбуешся... І радуешся. Радуешся.
Зьмітра змоўк — стаяў нярухома, абярнуўшыся тварам да захаду, і ў чырвані захаду твар яго быў каменны і мяккі.
З бакоў наплывалі сінія цені.
Рунь пачынала памалу засынаць.
17
Міжслоўе.
Крэпкую. Як крэмень, глыбокую, як зямля, і непасрэдную, як само жыцьцё, гаспадарлівасьць мужыка-земляроба трэба пераключыць у рэчышча дружнага колектыўнага клопату і стараньня.
18
Сеем!
Над зямлёй з дня ў дзень праходзіць шпаркай хадою маладое вясновае сонца.
Сонца ласкоча зямлю гарачымі цурочкамі жаўранкавых сьпеваў, і зямля гарыць родавым палам.
Зямля чакае свайго запладненьня...
Учора скончылі пратручваць насеньне і ўчора-ж увечары, прыехаўшы з поля, сказалі хлопцы-колгасьнікі, што восем гектараў зямлі гатова ўжо да засеву.
Сёньня — першы дзень сяўбы ў нашым колгасе.
Зранку мы з колгасьнікам Зьмітрам ладзілі сявалку. Выкацілі яе — даўгую, нязграбную — з пуні, узьвялі на падстаўкі, на драўляныя стаўбанкі, каб вольна хадзілі колы, круцілі колы і па зваротах іх вызначалі, колькі «прайшла» сявалка. Зьбіралі потым у мех высеянае на падасланыя посьцілкі збожжа, важылі, рабілі адпаведныя падлічэньні і дазнаваліся, колькі расьсеецца збожжа на дзесяціну.
Паставілі рэгулятар на дванаццаць цудоў, пакруцілі, зважылі, падлічылі: сявалка расьсявае дваццаць чатыры.
— Добра, што пачалі вывяраць, а то-б заляпілі...
Мы надзвычайна здаволены сваёй абачлівасьцю. Але-ж як усё-ткі наставіць на патрэбны высеў сявалку?
Да нас сыходзяцца дзядзькі — і колгасьнікі і нехацімцы — прымаюць чынны ўдзел у нашым сьлясарстве. Мы правяраем яшчэ раз — так і выходзіць: сявалка высявае ўдвая больш супроць таго, што паказвае рэгулятар.
— Шасьцярню трэба перамяніць, я ўжо ведаю добра гэткія штукі...
Сапраўды там, дзе кола злучаецца з мэханізмам, дзьве шасьцярні, і адна з іх гуляе. Мы бяромся за колы, здымаем іх, мажамся ў гразь, у коламазь. Круцімся каля шасьцярні, як каты каля валер’янкі, кратаем, мацаем, разглядаем з усіх бакоў, а рады даць ня можам. Кожны з прысутных па чарзе падыходзіць і «памагае». Падыйдзе, паўзіраецца і раптам закрычыць:
— Эге! Во яно ў чым...
Яму саступяць дарогу, ён падыйдзе, дакранецца пальцам да шасьцярні і, сумеўшыся, паківае галавой.
— Не... Тут нешта ня тое...
І ў замяшаньні адыдзецца ў бок.
Нарэшце кінулі няшчасную шасьцярню. Нехта зусім слушна прапанаваў:
— Пастаўце на шэсьць, дык будзе высяваць дванаццаць... Дважды два — чатыры...
Так і зрабілі. Пакруцілі зважылі, праверылі: сявалка працуе, як лепш і ня трэба...
Запраглі ў сявалку самага лепшага з колгасу каня (дзіва! — першы раз на сяўбу выяжджаем!) і ўрачыста пасунуліся праз усю вёску.
На сявалцы ехаў загадчык экономіі («экономіст»). А за сявалкай ішоў цэлы гурт колгасьнікаў на чале з самым старшынёй колгасу.
Сявалка займала ўшыркі амаль усю вясковую вуліцу — усе саступалі з дарогі, і гэта чамусьці нам падабалася...
Поле блішчэла пад сонцам матавым бляскам, шырока і густа дыхала плоднаю цеплю.
Дзеля большае пэўнасьці мы адмералі ўсё-ткі контрольную дзялянку, каб яшчэ й на самай рабоце выверыць наш нясуверны інструмант.
Засыпалі насеньне. Яшчэ раз агледзелі мэханізм.
Усё гатова.
— Андрэй, пачынай!
«Экономісты» крануў каня, і сявалка з лёгкім шуматам пашла па полю.
Мы стаялі ў глыбокім набожным маўчаньні і глядзелі, як іскрыстым веерам разьлятаецца па зямлі залаты дождж.
Адкуль быўшы, прыляцеў палявы гарэза — аксамітны ветрык і мяккім пацалункам прывітаў нас з першай сяўбой.
19
Finis coronat orus
Маладая дзяўчынка, дзяўчынка Алеся пабяжыць у поле — радасная і вясёлая. Сінія вочкі яе будуць цьвісьці яснымі васількамі на ружовым твары.
На полі шырокім бяскрайным морам будзе хвалявацца жыта.
Жыта будзе бліскучае, пышнае, як залатое руно.
Маладая дзяўчынка, дзяўчынка Алеся саўе сабе з жыта прыгожы вянок і пойдзе дахаты, сьпяваючы вясёлую песьню.
На поўдарозе спыніцца дзяўчынка Алеся, каб паглядзець, палюбавацца на свой вянок. Здыме яго з галавы, і зайскрыцца раптам агністаю радасьцю.
Яна ўбачыць, што з жытніх каласкоў пазьвісалі сьмешныя такія — цыбатыя, жоўтыя лапкі.
Пабяжыць тады дзяўчынка Алеся, паскача, як лёгкая маладая козачка, прыбяжыць у сваю вялікую дружную сям’ю і закрычыць звонкім голасам:
— Гэй, комунары! Зірніце!.. Ужо красуецца жыта!..