Перайсці да зместу

Ракавыя жаронцы (1930)/Белыя ружы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Віхор на балоце Белыя ружы
Драма
Аўтар: Міхась Зарэцкі
1930 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛЫЯ РУЖЫ

Драма ў 5 дзеях

АСОБЫ:
Пан Сомскі. 1 селянін.
Паня Сомская. 2 селянін.
Юры, іхны сын. 3 селянін.
Аканом Сарпун. 1 партызан.
Арына, яго жонка. 2 партызан.
Іўка Цьвік, панскі
батрак.
3 партызан.
Хадора, панская пака-
ёўка.
Селянін з хлебам-
сольлю.
Лясьнік Саўка. Ротмістр Зайнчкоўскі.
Паланея, яго жонка. Вахмістр.
Мікола. Іхныя дзеці. Гжызінскі польскія
афіцэры.
Наста. Забелік
Андрэй. Міколавы
таварышы.
1 далакоп.

2 далакоп.

3 далакоп.

Кузьма.
Антось.
Аніська.
Партызаны, панская чэлядзь, сяляне, польскія салдаты і іншыя.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

СЦЭНА 1

Восенская ноч у дзікім балоцьвеным лесе. На сцэне — паляна, па якой дзе-нідзе распоўзься хударлявы рабрысты хмызьняк. Паляна абкружана сьцяной крывых пакарожаных дрэў, якія робяць уражаньне агіднага калецтва. Паміж дрэў відаць, як пыхаюць фасфарыстым сьвятлом балотныя аганькі. Яны паступова набліжаюцца і, нарэшце, зьбіраюцць на паляне, прыняўшы вобраз жывых істот. Пачыняюць мітусіцца па сцэне, потым зьбіраюцца ў карагод, круцяцца і пяюць.

Мы — стварэньні чорнай ночы,
Мы людзкія вабім вочы
Здрадлівым агнём.
Падарожніка дурнога
Звалачом з пуці-дарогі —
Ў багну завядзём.
Перш, як зорка, пыхнеш ясна,
Падміргнеш — ды ўраз пагасьнеш,
І — далей, далей…
Ха-ха-ха! А ён за намі
Балатамі, карчагамі,
Усё шпарчэй, шпарчэй.
Ой, няшчасны чалавеча,
Заблудзіў ты ў патапечы —
Некуды ісьці!..
Апынешся ў чорнай багне —
І засмокча, і зацягне —
Сьледу не знайсьці!..
Ціху! Цс… Чакай, блазнота,
Нехта плішча па балоту
Ў гэткі позны час.
Гэй! Хадзі да нас, нябога,
Мы пакажам пуць-дарогу.
Гэй! Сюды! Да нас!..
Сюды! Сюды! Сюды! Сюды!..

(Разьбягаюцца ў розныя бакі і зьнікаюць сярод дрэў. На сцэну ўваходзяць Мікола, Кузьма і Аніська).

Мікола. Балотныя агні завялі нас у непраходныя нетры. Што гэта? За сем год я быццам зусім забыўся на сваю мясьціну. Чакайце! (Азіраецца). Ну, так і ёсьць, мы затрапілі ў самую багну, у Мар’ін Mox.

Аніська. У Мар’ін Мох?..

Мікола. Так завуць у нас гэтае месца. Кажуць, што некалі тут адзін хлопец забіў і закапаў у балота сваю сястру Мар’ю. Гэта месца сяляне лічаць заклятым і баяцца сюды хадзіць.

Аніська. А ваўкі тут ёсьць?

Мікола. Вадзіліся.

Кузьма. Так, блукаючы, мы напэўна спозьнімся. Калі паны дачуліся пра адыход немцаў, яны ў гэтую ноч дадуць драла.

Мікола. Мне здаецца, што адсюль я дарогу знайду… Аніська, гукні сюды хлопцаў.

Аніська. Зараз! (Зьнікае ў лесе).

Мікола. Сьмешная байка ходзіць у народзе пра гэты закляты мох. Кажуць, начаваў тут, заблудзіўшыся, адзін падарожнік. І вось уначы вышла з свае магілкі забітая дзяўчына, села каля яго і пачала плакаць, жалкаваць аб сваёй долі няшчаснай ды аб няшчасьці ўсіх бедных людзей. А потым сказала, што калі закрасуюць на гэтым бясплодным маху белыя ружы, тады прыдзе для ўсіх лепшая доля. Вось і чакаюць цяпер усе, калі гэта будзе. (Пауза).

Кузьма. Ты куды паслаў Андрэя?

Мікола. Андрэй павінен перш-наперш зайсьціся да майго бацькі, ён тут лясьніком, а потым разам з ім прымудрыць што-небудзь, каб затрымаць пана. (Падумаўшы). Як-то мы сустрэнемся з бацькам? Ня любіў ён чамусьці мяне… (За сцэнай чуваць людзкі гоман).

Аніська (вядучы хлопцаў). Гэта — закляты мох. Тут некалі брат закапаў быў жыўцом сваю родную сястру. Ваўкоў тут — як грыбоў. (Уваходзіць атрад узброеных паўстанцаў. Да Міколы падыходзіць Антось).

Антось. Там лясьніка затрымалі. Ён, пэўна, ведае тут кожны кусьцік.

Мікола (узрушана). Лясьніка? Тут — лясьніка? Дзе ён?

Адзін з партызанаў. Хадзі, дзед, да камандзіра, ня бойся…

Антось. Рупны які. Гэткая ноч, a ходзіць… І сну яму няма. (Да Міколы падыходзіць лясьнік Саўка).

Мікола (прыглядаецца да яго). Бацька! Татка! Ну, вядома — ён. Ці пазнаеш мяне? Татка!..

Саўка. Божухна… Ноччу ў лесе… у багне… Мікола… адкуль гэта ты? Здароў, Міколка, здароў… (Цалуюцца). Проста ня веру вачом, да-душы…

Аніська. Я казаў, што ўсё будзе добра.

Мікола. Ну, хлопцы, цяпер — гайда. Годзе блукацца. За паўгадзіны будзем у панскім двары. (Да бацькі). Татка, ты нас вядзі цяпер, ды як найкаротшай дарогай. А то — наўдачу, каб я сам скора выбраўся з гэтай пушчы. А хлопцы далёкія ўсё…

Саўка. Куды весьці?

Мікола. К паном. Мы павінны іх захапіць, ня даць ім выехаць з немцамі. У іх там многа аружжа рознага, золата, грошай. Нам трэба забраць гэта ўсё… Разумееш?

Саўка. Вы — бальшавікі?.. (У разважаньні). Весьці к паном… захапіць… Ня ведаю я, Міколка, ня ведаю…

Аніська. Во, стары чалавек, а які трус. Ня бойся, дзед, табе нічога ня будзе…

Саўка. Ня хочацца мне… Дый часу няма, абыход рабіць трэба…

Мікола. Гэта, татка, важней за абыход.

Саўка. Я пакажу, растлумачу. Вы самі дарогу знойдзеце… Во сюды падайцеся, потым — направа…

Кузьма (строга). Кінь, стары… Нам няма часу. Ідзі наперад, а гаманіць будзем потым.

Саўка (у раптоўнай рашучасьці). Добра, я павяду. Я правяду вас самай найкаротшай дарогай. Хадзем за мной!..

Мікола (да паўстанцаў). Ці ўсе тут, хлопцы? Стройцеся гужам, адзін за адным. Добра пільнуйцеся пярэдняга, каб ня ўгрузнуць куды ў балота. Татка, ідзі наперад. Ну, хлопцы, гайда! (Пашлі).

СЦЭНА 2

У лясьніковай хаце. На сцэне Паланея і Наста.

Наста. Татка, мусіць, ня скора вернецца. Учора ўжо днець пачало, як прышоў.

Паланея. Дзіва! Пакуль-жа абыйдзе ўсё-чыста. Гэта-ж не ранейшае, цяпер куды ні паткніся, усюды крадуць дый крадуць. Лажылася-б ты ўжо, дачушка.

Наста. Яшчэ пасяджу троху. (Глядзіць у акно). Ноч сягодня чорная-чорная, ані-ні ня відаць. Калі заблудзіцца па гэткай начы — во недзе страшна! Ваўкоў-жа колькі ў нашым лесе.

Паланея. Людзі страшней за ваўкоў. (Пауза). Што ў паноў сягодня рабілі?

Наста. Хто іх ведае. Мусіць пакаваліся ўсё. Кажуць, зараз ужо прыдуць бальшавікі.

Паланея. Ты была ў маёнтку?

Наста (ціха). Была.

Паланея. Сьцеражыся, дачушка. Нешта часта ты туды залучаеш. Дый паніч рэдка мінае нашу хаценку. Ня ведаеш ты, мая ясачка, што бывае з гэтых паноў, чаго толькі ні вытвараюць яны. Што-б ён табе ні казаў, якім бы ягнём ні прыкінуўся, — усёроўна ён, як той воўк, толькі глядзіць, каб спажыць ды выкінуць вон, як абгладаную костку.

Наста. Не кажыце мне, мамка, пра гэта, ня трэба.

Паланея (ласкава). А як на Андрэя — ці забылася, га? Цеперся ўжо ён пашоў у салдаты. Можа ўжо гады тры прамінула.

Наста. Пашоў трэці год.

Паланея. А ці хочацца, каб вярнуўся?

Наста. А божа мой! Ну, я пайду зусім з хаты, калі будзеце гаварыць. Досыць ужо… (Чуваць, як нехта адчыняе надворныя дзьверы).

Паланея. Во табе. Няўжо так скора вярнуўся стары?

Наста (у замяшаньні). Не, гэта мусіць ня татка. (У хату ўваходзіць паніч).

Паланея (нездаволена). А… паніч…

Юры. Добры вечар!

Паланея. Ужо ноч, панічок, дзе там вечар. Дый ня раньняя ноч, дзякуй богу. Сядайце ў нас, панічок. Ці заблудзіліся?

Юры. Во што, Паланея, выйдзі на двор, павадзі троху майго каня — я сягодня дашчэнту загнаў яго.

Паланея (абурана). Павадзіць каня? (Схапіўшыся). Добра, панічок, я паваджу, паваджу. Чаму-ж не павадзіць, мой галубок. (Нечым бразнула ў качарэжніку і вышла).

Юры (падыходзіць да Насты). Я прыехаў, Стася, разьвітацца з табой. Мы едзем праз гадзіну ці дзьве. Немцы ўжо пакідаюць горад, і заўтра тут будуць бальшавікі.

Наста (ціха). Ці назаўсёды?

Юры. Ды не, Стасечка, мы скора вернемся. Бальшавікі доўга не пратрымаюцца, гэта немагчыма… Ты ня ўправішся і пасумаваць па мне, як я зноў буду з табой.

Наста (прытуляецца да яго рукі). Любы мой!

Юры. Ці кахаеш?

Наста. Мне здаецца, што ты мне родны. Я цябе, як брата, люблю. У мяне быў некалі старэйшы брат, дык я яго дужа-дужа любіла. Можа затое, што ніхто яго ня любіў. Бацька заўсёды быў з ім горш, як з чужым. І там, у маёнтку… Як быў малы, паня сваімі рукамі біла. А тады аканом сагнаў яго некуды, каб ажаніцца з яго дзяўчынай. Сем год, як няма. Мусіць загінуў. (Пауза). А цяпер — ты мой брацік. Ці праўда?

Юры. Во што, Стасечка, я прывёз табе троху грошай.

Наста. Нашто?

Юры. Ну, мала на што. Я паеду невядома куды, прыдуць гэтыя злыдні — бальшавікі… Яны-ж адбяруць усё-чыста, як ты жыць тады будзеш?

Наста. Які ты добры!

Юры. А потым… можа будзе гэта… ну, ты сама разумееш… можа будзе дзяцёнак…

Наста. Ай, не кажы ты… (Сароміцца і закрывае рукамі твар). Нашто ты быў такі дрэнны са мной… нядобра так мучыў мяне… Каб кахалі проста адзін аднаго і ўсё… Ці-ж бяз гэтага жыць няможна?

Юры (ласкава). Дурненькая ты, Стася, нічога не разумееш. За гэта я і пакахаў цябе, што ты такая бязьвінная і чыстая, як сьветлая крынічка. Ты — прыгожае дзіця прыроды, чароўная кветка, што вырасла сярод дзікага зельля, каб аздобіць яго сваім хараством…

Наста (перапыняе). Ай, што ты гаворыш? Я ня люблю гэта слухаць…

Юры. Кахаю цябе, дык і гавару. (Абнімае яе). Стася, я яшчэ нешта прывёз табе, нешта на памяць. Адгадай, што?

Наста (сьмяецца). Я ня ведаю… (За дзьвярмі чуваць нявыразная гутарка, потым голас Паланеі: «Ну, хто-ж бы цябе пазнаў. Ах ты, нячысьцік, напалохаў, сапраўды». Наста схапянулася). Чужы нехта прышоў.

Паланея (уваходзячы). Во будзе радасьць Настульцы. Гэта-ж цеперся ня было. (У хату ўваходзіць Андрэй. Ён перш памыкаецца кінуцца да Насты, але ўбачыў каля яе паніча і стрымаўся. У працягу далейшай гутаркі робіць від, што не прымячае паніча, але тымчасам ня спускае яго з вока).

Андрэй. Добры вечар! Мусіць, не чакалі мяне?

Паланея. А якраз-жа ўспаміналі сёньня, да-душы. Адкуль гэта ты праявіўся?

Андрэй (з наўмыснай адкрытасьцю). Прышоў адтуль, ад бальшавікоў. Захацелася паглядзець, як тут розная погань пяткі падмазвае ды падштурхнуць каторага, каб далей адкаціўся ад нашай краіны. (Паніч пачынае нэрвавацца).

Паланея. Ну, што ты, кінь чмурыць…

Андрэй. Дзе стары?

Паланея. Недзе ходзіць.

Андрэй. Вернецца скора?

Паланея. Наўдачу. Да раніцы, пэўна, будзе хадзіць. Крадуць многа цяпер, дык усё сьцеражэ.

Андрэй. Усё на дармаедаў працуе. Што-ж мне рабіць, ён мне так пільна патрэбен. Хоць ты ў лесе шукай. (Раптам да паніча). Васпан якога ліха чакае тут, га?

Юры (ускочыў). Гэта што за пытаньне? Я ведаю сам, што раблю.

Андрэй. А я вось ня ведаю, таму і пытаю. Васпан, здаецца, не на сваё месца залез.

Юры. Я раблю тое, на што маю законнае права.

Андрэй. Права цяпер, васпане, другое. Цяпер вашаму брату такое права… (Раптам мяняе тон. Злосна). Вон адсюль, каб і паху твайго ня было!

Юры. Разбойнік! (Памыкаецца дастаць з кішэні рэвольвэр, але Андрэй хапае яго за руку. Наста кідаецца да іх).

Наста. Андрэй! Пусьці, ня кратай! Пусьці!..

Андрэй (адступіўшы). Наста! Ты што? Бараніць?.. Яго?.. Настулька!..

Наста (да паніча). Ідзі адсюль, ідзі скоранька. Я пайду з табой. Ну, хадзем…

Паланея. Наста! Ты нікуды ня пойдзеш!

Наста. Я зараз вярнуся. Ну, пойдзем-жа, скоранька.

Юры (да Андрэя). Мы яшчэ з табой паквітаемся. (Ідуць да дзьвярэй).

Андрэй. Наста! Ня ідзі. (Хапае яе за руку).

Наста. Пусьці! Пусьці ты мяне!.. (Выбягае за панічом).

Андрэй (крычыць). Наста! Настулька! (Кідаецца за ёй усьлед).

Паланея (сумна). Доля наша такая горкая.

СЦЭНА 3

У панскіх пакоях. Паня Сомская, Хадора і яшчэ колькі жанчын пакуюць розныя дробныя рэчы, пан Сомскі чытае, стоячы, ліст. У парозе стаіць Іўка.

Сомскі (кончыўшы чытаць). Пан Ардынскі сам перадаў табе гэты ліст?

Іўка. Ясьцесьцьвіна.

Сомскі. Ён так нічога табе не казаў?

Іўка. Ані.

Сомскі. Як там, у горадзе?

Іўка. Як у нас на кухні перад вялікаднем. Поўная куламеса.

Сомскі. Паны едуць?

Іўка. Уцякаюць.

Сомскі. Уцякаюць, кажаш?

Іўка. Ясьцесьцьвіна. Немцы выходзяць, дык ім, значыць, сумна робіцца. Пруцца ў вагоны, аж пішчаць. Шануючы панскага вуха, як сьвіньні ў рэпу.

Сомскі. Як сьвіньні, кажаш?

Іўка. Ясьцесьцьвіна.

Сомскі. Як ты сказаў? Як сьвіньні? Ты пра каго гэта, га? Я табе пакажу, як язык распускаць! Іш, ты… як сьвіньні…

Іўка. А паня Сьвяркоўская растрыбушылася. (Хадора пырскае).

Сомская. Іўка, калі ты наўчышся гаварыць палюдзку?

Сомскі. Як гэта растрыбушылася?

Іўка. Ясьцесьцьвіна. Сярод усяго кірмашу воз абярнуўся. Калупаецца ў гразі, як жук у…

Сомскі. Іўка!

Іўка. Пан Галазуб пытаецца: ці паедуць, кажа, твае паны? Я кажу: а пярун іх ведае. Мусіць паедуць, дзе-ж яны дзенуцца.

Сомскі. Так і сказаў?

Іўка. Ясьцесьцьвіна.

Сомскі. Дурань! Як ты сьмеў так казаць! Я табе пакажу, сукін сын, як паважаць свайго пана! Ах ты, паганец!

Сомская. Аркадзь! Ня трэба лаяцца!

Хадора. Ён заўсёды, як плюхне што-небудзь, дык проста сьмех. (Уваходзіць аканом Сарпун).

Сомскі. Ну, мы ўжо зладзіліся. Як, Міхайлавіч, у вас там?

Сарпун. Усё пакладзена, апроч хатніх рэчаў. Калі дазволіце, будзем грузіць.

Сомскі. Вось і добра. Гадзіны са тры пасьпім дый у дарогу.

Сарпун (падыходзіць да пана). Кажуць, што немцы зусім ужо кінулі горад.

Сомскі. А, добра, добра. Мы можам паехаць нават гадзіны праз дзьве.

Сарпун. Парабкі казалі, быццам вёрст за дзесяць ужо чырвоныя.

Сомскі. Добра. Мы выедзем так праз гадзіну ці паўтары.

Сарпун. А ў нашым лесе, казалі, зьявіўся атрад партызанаў. Кожную хвіліну ён можа напасьці на маёнтак.

Сомскі. А божа мой! Накладайце, Міхайлавіч, я пайду толькі зьбяру свае паперы. Дзе гэта Юра? Трэба Юру знайсьці. (Да жонкі). Мунічка! Ідзіце вы там пачынайце складаць, мы зараз едзем. Зараз едзем… Я паперы зьбяру свае. Мунічка, скоранька. (Выходзіць).

Сомская (жанчынам). Бярыце вось гэтую скрынку, гэты куфэрак. Волька, ты з Ганнай дываны забяры. А ты — карціны. (Выходзяць усе, астаюцца Іўка і Хадора).

Іўка (падыходзіць да Хадоры). Заўтра, Хадора, мы з табой будзем панамі.

Хадора. Панамі?

Іўка. Ясьцесьцьвіна. Свая ўласьць у нас будзе, бяспанская. Калі цябе выберуць, скажам, у савет, дык ты будзеш усёроўна, як спраўнік.

Хадора. А кінь ты, Іўка, чмурыць. Як скажа што, проста — сьмех.

Іўка. А калі з гэтага савету ў вышэйшы перабяруць, будзеш, як губарнатар.

Хадора. Я?

Іўка. Ты — то наўдачу, бо занадта дурная. А хто разумны, дык чаму-ж не.

Хадора. Ат, выдумаў. Як скажа што, дык проста — сьмех. (У пакой уваходзіць Саўка. Ён страшэнна змораны і ўсхваляваны).

Саўка. Дзе пан?

Іўка. Торбы ладзіць, у сьвет зьбіраецца.

Саўка. Дзе пан?..

Хадора. Паперкі перабірае, што-ж яму больш рабіць.

Сомскі (выходзіць з грудаю папер у руках). Міхайлавіч! Божа мой, дзе Міхайлавіч? (Убачыў Саўку). Саўка, ты што?

Саўка. Паночку! Зараз тут будуць паўстанцы. Я іх адвёў троху, заблытаў у лесе, а сам уцёк сюды. Зараз яны ўжо падыйдуць. Уцякайце, уцякайце хутчэй! Дзе паніч?

Сомскі. Божа мой! Што гэта? Міхайлавіч! Мунічка! (Выбягае).

Саўка (да Іўкі). Дзе паніч?

Іўка. Былі панічы ды спанічыліся. Няма, дзед, цяпер панічоў. Ясьцесьцьвіна.

Хадора. Паехаў некуды.

(Убягаюць пан, паня, аканом, чаляднікі).

Сомскі. Паўстанцы! Паўстанцы падходзяць. Кідайце ўсё, давайце коні! Божа мой! Юра… дзе Юра?.. Шукайце ўсе Юру… Міхайлавіч! Мунічка!..

Сомская. Саўка! Як знайсьці Юру?

Саўка. Чакаць няможна. Трэба паслаць ва ўсе бакі, каб перанялі яго і паслалі проста на шлях. Едзьце хутчэй!

Сомскі. Гэй, хто там! (Кідаецца да чаляднікаў). Сідар! Ягор! Амелька! Яшчэ хто-небудзь… бяжыце па ўсіх дарогах. (Некалькі чаляднікаў выходзяць).

Сомская. Саўка! Ты ўжо дагледзь тут усё, я на цябе, як на роднага, спадзяюся.

Сомскі. Божа мой… Што мне рабіць? Міхайлавіч! Ты астаешся тут… табе прыдзецца можа хавацца, але наглядай усё-ткі… я аддзякую, я потым аддзякую… Саўка! Ты шчыра служыў мне… калі што было, даруй… ня трэба ўспамінаць… Я пакідаю ўсё на тваё сумленьне і адказнасьць… Што яшчэ… Яшчэ нешта трэба было… дай бог памяць… А! Міхайлавіч! (Адводзіць яго ў бок). Калі сустрэнеш дзе сына… таго… разумееш?.. прыгледзь… дапамажы… Праз цябе-ж я і загубіў яго, сагнаў некуды ў сьвет…

Сарпун. Добра, паночку.

Сомскі. Ну, кідайце ўсё. Нічога ня трэба. Едзем, едзем. Мунічка, едзем… Коні гатовы? Дай божа ў добры час… Ну, пашлі. (Усе адзін за адным выходзяць).

Іўка (выходзячы). І гэтым ужо сумна зрабілася.

Саўка (затрымлівае паню, якая асталася адзаду). Панічка!

Сомская. Што ты, Саўка? (Саўка парыўчата цалуе ёй у руку. Яна гладзіць яго па галаве). Ну, бывай, Саўка. Калі было што нядобрае, даруй.

Саўка. Сыночка… Сыночка там беражыце…

Сомская (ласкава). Добра. Бывай, дзядулька! (Цалуе яго ў галаву і выходзіць. Ён стаіць нярухома, абапёршыся аб вушак. Знадворку чуваць няясны шум ад’езду, потым усё заціхае. Саўка падыходзіць да акна і ўглядаецца ў цемру).

Саўка. Што гэта такое? Дзе ён падзеўся? Калі не пераймуць, ён загінуў. Тыя абышлі ўжо Рудое балота, пэўна ўжо блізка зусім. (Пауза). Што я зрабіў?.. Яны заб’юць мяне… не даруюць… Хай сабе… Дзеля яго гэта… дзеля яго… (У задуме сядае на табурэтку. За дзьвярмі чуваць пасьпешныя крокі, у пакой убягае Юры).

Юры. Дзе нашы? Дзе ўсе падзеліся?

Саўка (ускочыў). Паехалі. Паўстанцы… Сюды ідуць паўстанцы. Уцякайце хутчэй! Хутчэй уцякайце!

Юры. Якія паўстанцы?

Саўка. Бальшавікі. Я сустрэў іх у лесе, адвёў у бок, за Рудое балота. Яны ідуць, зараз прыдуць сюды. Уцякайце!

Юры. Што ты вярзеш? Яшчэ ў горадзе немцы.

Саўка. Немцы пашлі. Ужо блізка зусім чырвоныя. Панічок, не марудзьце-ж вы. Едзьце хутчэй, даганяйце сваіх, яны паехалі на Ліпавы шлях. Ідзіце, ідзіце адсюль.

Юры.Нічога не разумею. Выдумалі, напэўна. (Знадворку чуваць тупат ног і глухая гутарка).

Саўка. Божухна! Што ён робіць? Ідуць-жа, ідуць сюды. Панічок, родны, уцякайце! Юрачка!..

Юры. Ужо не ўцячэш. (Дастае з кішэні рэвольвэр. Галасы ўжо за самымі дзьвярмі).

Саўка. У акно! Яшчэ ня позна. Хутчэй! Хутчэй! (Ён адчыняе дзьверы, становіцца ў іх і крычыць). Стой! Сюды няможна! Назад! (Некаторы момант затрымлівае натоўп, і паніч спраўляецца выскачыць у акно. Потым яго адкідаюць ад дзьвярэй і ў пакой урываюцца паўстанцы).

Паўстанцы.

— Дзе паны?

— Уцяклі!

— Спазьніліся!

— Гэты чорт паддурыў нас!

— Панскі паслугач!

— За бараду яго!

— Застрэліць!

Мікола (падыходзіць да Саўкі. Ад злосьці ледзь выгаварвае словы). Ты… бацька… ашукаў… здрадзіў… Панскі паслугач… падлюга! (У пакой убягае Андрэй).

Андрэй. Хлопцы! Панскі абоз стаіць за маёнткам. Я ўгаварыў сялян, каб не вязьлі. А паны лупсанулі на Ліпавы шлях. Хацелі затрымаць, ды не ўдалося.

Антось. Што-ж рабіць цяпер?

Аніська. Я казаў, што нічога ня выйдзе.

Мікола (тонам загаду). Выслаць пяць чалавек наўздагон. Выбраць самых лепшых коняй з маёнтку. Зараз-жа паслаць у штаб з даносам, што маёнтак у нашых руках. На раньне сабраць батракоў і ўсіх вакольных сялян — абвясьціць пра ўтварэньне рэволюцыйнае савецкае ўлады.

Кузьма. Што рабіць з старым?

Мікола. Арыштаваць!

Заслона.

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

СЦЭНА 1
Каля ганкаў панскага дому. Вялікі натоўп народу — найбольш сялян. На ганках стаіць Мікола, Кузьма, Андрэй, яшчэ некалькі хлопцаў. Мікола гаворыць прамову.

Мікола. Таварышы! Сягодня ўначы нямецкая армія пакінула нашу акругу. З гэтага дня ў нас устанаўляецца савецкая ўлада. Я гавару з вамі, як прадстаўнік часовага рэволюцыйнага камітэту, як прадстаўнік тае ўлады, якая выпаўняе волю працоўных, якая змагаецца за шчасьце рабочых і сялян усяго сьвету. Таварышы! Вы мяне знаеце добра. (Галасы: «Чаму ня знаем? Знаем! Добра знаем!»). Я быў такім самым батраком, як і вы, я працаваў з ранку да познага вечара на пана, пакуль ён зусім ня выгнаў мяне — галоднага, босага — у чужы сьвет. Я многа дзе быў, многа чаго бачыў і пазнаў, дзе нам знайсьці сваю долю. Мы самі возьмем яе, мы яе адваюем. (Галасы: «Правільна! Досыць цярпець!») Ад імя рэўкому я абвяшчаю: уся зямля, усе багацьці прыроды — лясы, сенажаці, усё гэта ваша, таварышы. Бярыце і карыстайцеся! (Галасы: «Правільна! Зямля таго, хто на ёй робіць! Дармаедаў ня трэба!»). Адно, таварышы, ва ўсім трэба парадак. Ніякіх разбояў, рабункаў, трэба бярэгчы кожную драбніцу, бо няма чужога цяпер, усё наша, агульнае. Рэўком заклікае вас да цьвёрдага рэволюцыйнага парадку, да спакою і дысцыпліны. (Галасы: «Вядома! Правільна! Іначай няможна!» Miкола нешта ціха гаворыць Кузьму. Да Іўкі праціскаецца Хадора і торгае яго за рукаў).

Хадора. Іўка! Іўка, што гэта «раўком»?

Іўка. Чаго ты прэшся туды, дзе начальства стаіць?

Хадора. Начальства?

Іўка. Ясьцесьцьвіна. (Хадора адыходзіцца).

Мікола (да натоўпу). Таварышы! Цяпер разыходзьцеся і займайцеся сваімі звычайнымі справамі. Калі ў каго непаразуменьне якое, ці што, зьвяртайцеся ў рэволюцыйны камітэт — ён будзе зьмяшчацца тут, у панскіх пакоях. (Грамада памалу пачынае разыходзіцца. Мікола з іншымі сядаюць на прыступках ганкаў).

Мікола. Антось! Ці далёка вы гналіся за панам!?

Антось. Вёрст за пяць мы наткнуліся на нямецкі атрад і далей ехаць было немагчыма…

Мікола. Ну?

Антось. Мы правялі троху немцаў. Хацелі падстрэліць каторага.

Кузьма. Набой трацілі.

Аніська. Во, каб на іх ліхалецьце. Уцяклі. Не маглі пачакаць яшчэ хоць паўгадзінкі.

Іўка. Солі трэба было на хвост. Ясьцесьцьвіна. (З боку паказваецца Наста. Яна хоча падыйсьці, але ня важыцца).

Мікола. Што гэта там за дзяўчына? Мусіць нечага хоча спытацца. Хадзі сюды, ня бойся.

Наста (падыходзіць). Мікола!

Мікола. Што? Ты мяне знаеш? (Углядаецца). Абач! Гэта-ж Наста. Да-душы, яна. Сястрыца! (Абнімае яе і цалуе).

Аніська. Во, што значыць сем год. Сястры не пазнаў.

Мікола (ласкава). Калі-ж яна вырасла дужа. Во гэтачкім дзіцянём пакінуў, а цяпер, глядзі, якая зграбная дзеўка, ого!.. Як-жа, Настулька, жывеш? Ды сядай, чаго ты стаіш.

Наста. Я чула, Міколка, як ты гаварыў. Я была тут з самага пачатку.

Мікола. Во… Чаму-ж ты раней не падышла?

Наста. Ня важылася. Ты такі стаў вялікі, сур’ёзны. Я думала, мо’ не пазнаеш зусім…

Мікола. Яшчэ што… Ну, кажы, як вы ўсе жывяцё?

Наста. Нічога… Ты таткі ня бачыў?

Мікола (раптам хмурнее). Бачыў.

Наста. А дзе ён?

Мікола. Арыштаваны.

Наста. Што? Татка арыштаваны? Божа мой, хто-ж яго арыштаваў?

Мікола. Я…

Наста (ускочыла). Ты арыштаваў татку? Ты? За што? (Мікола маўчыць). Міколка, за што? Ну, скажы, за што?

Мікола (устае, гаворыць рэзка і разьдзельна). За тое, што прадаўся паном, што стаў супроць нас на іх абарону, што здрадзіў сваім братом мужыком…

Наста. Прадаўся паном… татка… паном…

Мікола. Хто падыме руку на абарону каго-небудзь з гэтага праклятага панскага кодла, той мне — закляты вораг. Хто-б ён ні быў: ці бацька, ці маці, ці сястра. (Наста відочна хвалюецца. Андрэй, узрушаны Міколавымі словамі, памыкаецца нешта сказаць, але Наста з жахам спыняе яго).

Наста. Андрэй! (Плача, закрывае твар рукамі і адыходзіцца ў бок).

Мікола (часінку падумаўшы). Хто тут ёсьць з панскае чэлядзі?

Іўка. Ды вось я самы першы. Іўка Цьвік.

Мікола. Ты хто такі?

Іўка. А ліха ведае. На розную патрэбу… Так, нейкае заткала.

Мікола. Ты паноў добра ведаў?

Іўка. Як свае мазалі. Ня любіў я іх, сукіных сыноў.

Мікола. Хто тут астаўся з іхных бліжэйшых прысьпешнікаў?

Іўка. Ды гэты-ж паўпанак астаўся. Можна сказаць, самы сурпатар.

Мікола. Хто гэта?

Іўка. Сарпун.

Мікола. Аканом?

Іўка. Ясьцесьцьвіна.

Мікола. Аканом Сарпун… Ага… Дзе яго можна знайсьці?

Іўка. Дзе-ж яго знойдзеш, калі ён уцёк!

Мікола (строга). Што ты чмурыш? То астаўся, то ўцёк.

Іўка. Ясьцесьцьвіна. Ён тут, але хаваецца.

Мікола. Ага. А з кім ён жыў?

Іўка. Во… З жонкай, вядома. Гэтая тут, дзе яна дзенецца. Гэтай клопату мала да савецкае ўлады, яна больш аб тым… (Запыніўся).

Мікола. Ну, што?

Іўка. Як тут па-панску сказаць…

Мікола. Кажы па-мужыцку.

Іўка (таемна). Круціцца яна троху. Мужыка, значыць, водзіць за нос.

Мікола. Ну, добра. (Да хлопцаў). Хлопцы! Давайце будзем адпачываць. Разьмяшчайцеся, як дзе хто хоча. Кузьма! Перамяні варту і паклапаціся аб харчох. (Да Іўкі). Ты пакажаш мне аканомаву кватэру. Пашлі (Праходзіць каля Насты, якая яшчэ плача, прытуліўшыся да плоту, і на хвілінку спыняецца). Наста! (Наста падымае свой заплаканы твар і моўчкі глядзіць, чакаючы, што ён скажа, але Мікола з нейкай натужнай рашучасьцю махае рукой і ідзе міма).

СЦЭНА 2

У аканомавай кватэры. На сцэне Арына і Хадора.

Хадора. Адзін такі маленькі, чарнявенькі. Пацешны. Як скажа што, дык проста сьмех. А то дык нейкі вялікі, страшны. Маўчыць усё, мусіць найбольшы начальнік, можа сам раўком. Як пазірне куды, дык, здаецца, зьесьць усіх-чыста… Андрэй Курцянок там з імі, і Іўка наш, да-душы. Увесь час сярод іх, як быццам і ён начальства нейкае.

Арына. Скажы, Хадора, як выглядае Мікола? Ці такі, як тады быў?

Хадора. Што вы, панічка? Дзе там! Высокі, прыгожы, разумны такі. Як пачаў гаварыць, як пачаў гаварыць — аж страшна.

Арына. У чым ён?

Хадора. У ботах, у скураным пінжаку, у леварверце. Як немец усёроўна.

Арына. Ці вусы ў яго ёсьць?

Хадора. Не. Пэўна, былі і вусы, ды згаліў.

Арына. Хадорка! Ідзі ты туды ды назірай, як там што. Тады зноў прыдзеш, раскажаш. Ідзі, скоранька.

Хадора. Добра, панічка, я ўсё-чысьценька падгледжу. (Пашла).

Арына. Як цікава! Ён, пэўна, прыдзе сюды, яму скажуць, што я тут. Сем год. Цэлых сем год! Няўжо яшчэ да гэтага часу кахае? (Уздыхнула). Не, мусіць забыўся. Міколка… Такі быў спрытны, вясёлы… (Глядзіць у люстэрка). Старая ўжо я… Не, яшчэ нічога… яшчэ ёсьць на што паглядзець… І ёсьць што палашчыць, ха-ха… (Схапянуўшыся). Божа, якая лахудра! Што гэта я? Трэба хоць троху падчапурыцца. (Бяжыць у суседні пакой. Сцэна часінку пустая. Потым паціху адчыняюцца дзьверы і ў пакой уваходзіць Сарпун).

Сарпун. Калі зловяць, дык, мабыць, дабра ня будзе. Найстрылі зубы, хамуйлы, рады жыўцом разарваць. (Пауза). Не магу. Нешта вось цягне, нешта точыць нутро… Баюся… Ха-ха! Заўсёды баюся, дрыжу, як скнара над сваім скарбам. (Пауза). Людзі сьмяюцца. Я чуў, я падслухаў… ха-ха… усе-чыста гавораць… дурнем лічаць… дурнем, ого!.. Дзе-ж яна? Можа ўжо… можа дазналася, што прышоў той бадзяка. (Ідзе да дзьвярэй, у якія пашла Арына, але ў гэты момант яна сама зьяўляецца ў дзьвярах).

Арына (здрыганулася ад нечаканасьці). Міхайлавіч! Што гэта ты?

Сарпун. Прышоў. Вярнуўся… Я бачу, што ты нездаволена. Ты заўсёды ня любіш, калі я прыходжу дахаты.

Арына. Мне страшна. Цябе ўбачаць тут, забяруць. Што тады будзе?

Сарпун. Тады мяне заб’юць мужыкі, а ты выйдзеш замуж за камісара. Ты такая прыгожая, маладая, ха-ха!..

Арына. Ну, кінь ты, Міхайлавіч. Якія тут жарты! Табе трэба хавацца, пакуль ня мінецца гэтае ліха.

Сарпун. Не, ня буду. Я ня хочу, каб без мяне мая жонка прыбіралася ды чапурылася для камісараў… так-так, ня хочу!-

Арына (троху замяшалася). Які ты, Міхайлавіч! Ты хочаш, каб я заўсёды нейкай лахудрай хадзіла…

Сарпун (прайшоўшыся па пакою). Я, Арына, прышоў за табой. Мы пойдзем разам з табой, мы разам будзем хавацца. Калі прыдзецца загінуць, мы загінем разам… Чуеш ты, га? Мы пойдзем разам!

Арына. Ну, як гэта разам? Куды я пайду? Толькі табе будзе нахаба, цябе скарэй зловяць. Нейкі ты злы сягоньня, Міхайлавіч. А чаго — няма-ведама. (Ласкавей). Супакойся, дзядулька, лепш пагаворым так аб чым-небудзь. А тады — ты ціхенька пойдзеш і, як уціхамірыцца троху, зноў прыдзеш. Добра?

Сарпун (разьмякчэўшы). Арынка, любая. Мне-ж без цябе ня жыцьцё. Ты мне нядобрае зычыш, я ведаю. За што? Арына, за што? Я ўсё рабіў для цябе. Я ўзяў цябе з гразі, я зрабіў цябе паняй. Ты жыла ў выгодзе, у раскошы. Я прыбраў цябе, як ляльку, я даваў табе ўсё, што ты толькі захочаш. За што ты? За што? Арынка, я рукі, ногі буду цалаваць… хадзі са мной, ня кідай… я на калены стану…

Арына (стрымлівае яго). Ну, добра, добра. Ты ідзі, Міхайлавіч, пакуль што, адразу-ж няможна. Ну, куды мы з табой дзенемся? Трэба знайсьці перш нейкі прытулак, а тады… ты прыдзеш тады, мы пагаворым…

Сарпун. Арынка… (Чуваць тупат за дзьвярмі).

Арына. Ідуць. Нехта ідзе. Міхайлавіч, скоранька… У сад… ідзі ў сад пакуль-што, я потым гукну. (Выпіхае яго ў другія дзьверы, сама пасьпешна папраўляе сукенку. У пакой уваходзіць Мікола).

Мікола (стаіць у парозе). Арына! Ты?

Арына (сьмяючыся). Ну, вядомая. Няўжо так зьмянілася, што трудна пазнаць? Пастарэла, мусіць?

Мікола. Ты была тады зусім не такая… нейкая другая цяпер, зусім другая.

Арына. Людзі кажуць, што папрыгажэла, ха-ха… Ці праўда? Табе, мусіць, цяпер не падабаюся?

Мікола. Я чакаў убачыць тую маленькую, кволенькую… авечачку.

Арына. Авечачку? Ха-ха-ха! Я помню, ты зваў мяне авечачкай. Міколка! (Падыходзіць да яго, абнімае за шыю і цалуе. Потым адхіляецца i разглядае яго). І ты зьмяніўся. Ой, як зьмяніўся. Такі стаў прыгожы мужчына, сапраўды. (Зноў цалуе. Ён нерашуча абнімае яе). Ну, хадзі сядзем, пагутарым. (Сядаюць).

Мікола. Так, праўда кажуць — ты папрыгажэла. І маладая. Зусім маладая. Табе, мусіць, добра жылося.

Арына. Вядома, што добра. Жыла ў выгодзе, у раскошы. Мужык прыбіраў мяне, як ляльку, даваў мне ўсё, што толькі я захачу, любіў мяне, ручкі, ножкі цалаваў, ха-ха-ха! Чаго-ж яшчэ трэба?

Мікола. Так, вядома. Чаго-ж больш трэба яшчэ? Гэтага — досыць.

Арына (пасьля паузы). А ўсё-ткі я часта цябе ўспамінала.

Мікола. Няпраўда.

Арына (сур’ёзна і шчыра). Праўда, Міколка. Першае каханьне доўга не забываецца. Ён тады ўзяў мяне… як з табой разлучыў… з год я жыла, быццам у турме. Яго змучыла, сама зьвялася. А потым асвойталася. Эх, думаю, калі так, дык-жа буду жыць, як захачу. Хай бегае, хай выцягаецца на маю пацеху. Вось і жыла, пацяшалася. У поўнай раскошы жыла… А ўсё чакала… Усё ўспамінала… першыя забавы… каханьне…

Мікола. Тое каханьне даўно мінулася. Я тож успамінаў, усё хацеў сустрэцца. А цяпер убачыў і не пазнаў. Новыя мы, абодвы новыя. Ты вось прыгожая такая, зграбная, у цябе хто-хаця цяпер закахаецца. А мне здаецца, што я і цяпер кахаю тую маленькую… авечачку, што яна недзе ёсьць, толькі я не знайшоў яе… Сапраўды.

Арына. Можа і так, хто яго ведае. (Пауза). Скажы, Мікола, дзе ты быў гэты час, як ты жыў? Тут ужо дзейкалі, што ты недзе загінуў зусім.

Мікола (бадзёра). Такія, як я, ня гінуць, нас ніякае ліха ня возьме. Усяго, Арынка, было. Хадзіў па Сібіры, як валацуга бяздомны, спазнаўся з голадам, з холадам, з усякай нягодай. Людзі цураліся мяне, бо на мне была метка бунтаўшчыка, няможна было стаць на работу. Але-ткі неяк трапіў у шахты. Ведаеш, што гэта? Гэта — дзесяць гадзін штодзеннае працы ў нетрах зямлі, у цемры, у брудзе, дзе нечым дыхнуць, дзе цесна так, што павярнуцца нельга, дзе плаваеш у бруднай вадзе, перамешанай з уласным потам. Цяжка, Арына, там працаваць.

Арына (пяшчотна). Міколка! Гэта-ж усё праз мяне.

Мікола. Я не бядую. Я затое многа чаго пабачыў, многа чаго пазнаў. У мяне цяпер адкрыты вочы на ўсё, я ведаю, што рабіць, чаго дамагацца… для сябе і для ўсіх. (З усьмешкай). Я здабыў сабе праўду жыцьця, а заплаціў за яе… табой… можа — шчасьцем… сваім, асабістым…

Арына. Любы ты мой!

Мікола. Тады, сем год назад, як забралі мяне на высылку, як убачыў я, адыходзячы, яго здаволены твар… твайго цяперашняга мужыка, я адразу зразумеў, што шчасьце наша прапала.

Арына (гарэзьліва). А можа яшчэ не прапала?

Мікола. Што? Аб чым ты гаворыш?

Арына. Мы-ж зусім маладыя, Мікола. Яшчэ так многа жыць асталося.

Мікола. Вярнуць? Вярнуць тое, што было? Не, Арына, нічога ня будзе.

Арына (з усьмешкай). Ну, дык можна пачаць нанова, столькі бяды. Ці праўда?..

Мікола (у замяшаньні). Як ты сьмешна сказала… пачаць нанова… Зноў цябе пакахаць? Такую вось, як цяпер? Ці можа так быць? Я зусім мала глядзеў на жанчын. (Пільна разглядае яе). Ты дужа прыгожая… любая… ты мне падабаешся. Пачакай, вось вочы ў цябе якраз, як тады былі, да-душы. І броўкі такія самыя… Я мабыць зноў цябе пакахаю… напэўна, пакахаю…

Арына (бярэ яго галаву, гладзіць і прыціскае да сваіх грудзей). Пакахаеш, Міколка, вядома, што пакахаеш. Ну, зірні на мяне. Хіба-ж можна мяне не кахаць?.. Хіба-ж я ня прыгожая? І я цябе буду кахаць… я цябе кахаю… ты такі прыгожы, моцны… (Цалуе яго).

Мікола (схапянуўся). А мужык твой. На яго мы зусім забыліся.

Арына. Так, я зусім забылася на яго. Я зараз. (Устае і ідзе да дзьвярэй).

Мікола. Куды ты?

Арына. Пачакай хвілінку. (Выходзіць і зараз-жа варочаецца назад. Сьледам за ёй уваходзіць Сарпун. Яна сядае на сваё месца і моўчкі назірае наступную сцэну)

Сарпун. А-а-а… (Кідае злосны пагляд на Арыну).

Мікола. Неспадзяваная сустрэча. Добры дзень, пане аканом! Вы, мусіць, не чакалі мяне сустрэць тут, таксама як і я вас. Але гэта добра, што мы ўбачыліся. Я даўно хачу сказаць вам некалькі слоў.

Сарпун. Ня трэба. Я і так ведаю, аб чым ты будзеш казаць.

Мікола (гнеўна). Ведаеш? Ты ведаеш? А я скажу, я ўсё-ткі скажу! Слухай! Сем год таму назад ты гвалтам разлучыў мяне з жанчынай, якую я кахаў і з якой думаў знайсьці сабе шчасьце. Сем год таму назад ты сагнаў мяне ў далёкі сьвет, сагнаў на пэўную пагібель, каб потым заўладаць гэтай жанчынай. Ты разьбіў быў жыцьцё маё. Разумееш ты гэта, га? Разумееш? (3 агідай). Мне трэба-6 было застрэліць цябе, як сабаку. І я-б зрабіў гэта, каб меў з табой толькі асабістую справу. Але я гавару з табой, як прадстаўнік мясцовае рэволюцыйнае ўлады. А таму — будзьце ласкавы, аканом Сарпун, зараз-жа ісьці за мной: вы арыштаваны.

Сарпун (зусім спакойна). Вы мяне расстраляеце?

Мікола. Ха-ха-ха! Наўдачу. Ты не такі страшны вораг, каб цябе не ўгамавалі інакшым парадкам. Ну, пашлі. Не забудзься разьвітацца з жонкай, ха-ха!.. (Сарпун праходзіць міма Арыны, ня зірнуўшы на яе, не сказаўшы ні слова, і першы выходзіць у дзьверы. За ім — Мікола).

СЦЭНА 3
У панскіх пакоях. Канцылярыя рэўкому. За сталом сядзіць Мікола і нешта піша. Нездалёк ад яго ў глыбокай задуме сядзіць Андрэй. Сярод купкі хлопцаў і паджылых сялян Аніська з Іўкам вядуць політычную гутарку.

Аніська. А калі капіталісты зьбяруцца ўсе-чыста ды грудам пойдуць на пролетарыят. Што тады, па-твойму, будзе?

Іўка. Тады пролетарыяты — мы, значыцца — зьбярэмся ўсе-чыста ды грудам пойдзем на капіталіст…

Аніська. І разаб’ем іх?

Іўка. Ясьцесьцьвіна.

Аніська. Во, добра! Тады ўсюды будзе наша ўлада.

Іўка (пагардліва). Ваша, ваша… Губарнатар знайшоўся. (Аўторытэтна). Тады Юропа пойдзе на Азю, а Азя пойдзе на… Стралію…

Аніська. Ну?

Іўка. Ясьцесьцьвіна. А тады ўжо ўсьцяж будзе камунія. Тады паноў нідзе па маёнтках ня будзе, а будзем арудваць мы самі.

Аніська. Вы?

Іўка. Ясьцесьцьвіна. А ты, блазьнюк, нічога не разумееш. А яшчэ гвардзеец…

Мікола. Пасыльны!

Іўка. Я тутацькі. (Ідзе да стала).

Мікола. Во што, таварыш… як цябе…

Іўка. Іўка Цьвік.

Мікола. Таварыш Цьвік! Схадзі пашукай Кузьму. Ведаеш яго?

Іўка. Ясьцесьцьвіна.

Мікола. Скажы, каб зараз-жа прышоў сюды, да мяне.

Іўка. Ёсьць! (Пашоў. Мікола зноў піша).

Андрэй. Слухай, Мікола. Скажы, што рабіць, калі скажам, кахаеш дзяўчыну, добра так, шчыра кахаеш, і яна таксама… прысягае, што любіць… Потым ня бачышся гады два, сумуеш па ёй, а тады сустракаешся і… яна ўжо зірнуць на цябе ня хоча… Што рабіць тады, га?

Мікола. Плюнуць ды заняцца сваёй справай.

Андрэй. А калі яна на вачох у цябе ідзе з другім… кідае цябе, нават не прывітаўшыся добра…

Мікола. Другі раз плюнуць.

Андрэй (з запалам). А калі яна… а калі той, другі…

Мікола. Што?

Андрэй (стрымлівае сябе). Не, нічога… (Уваходзіць Кузьма).

Кузьма. Ты гукаў мяне?

Мікола. Як Сарпун?

Кузьма. Я дапытаў яго і шмат каго з сялян. Усе супроць яго страшэнна настроены. І да рэволюцыі, і цяпер, за немцамі, ён быў першы заводца ва ўсіх расправах над сялянамі. Словам, гадзюка злосная.

Мікола. Што ты думаеш трэба зрабіць з ім?

Кузьма. Прыбраць.

Мікола (падумаўшы). Не, няможна. Я не дазволю гэтага. Сабраць усе, якія ёсьць, матэрыялы і адправіць у горад.

Кузьма. Каб потым ня каяцца толькі.

Мікола. Хай там разьбяруцца самі. Во што, Кузьма. Трэба падрахаваць запасы ўсяго панскага дабра. Частку хлеба зараз-жа раздаць бяднейшым батраком і сялянам. Можна аддаць і частку скаціны. Андрэй! Каб прагнаць нуду, ідзі вось, займіся разам з Кузьмом.

Андрэй. Добра. Я памагу.

Іўка (крычыць ад парога). Таварыш камісар! Тут сяляне прышлі з дзіпутацыяй.

Мікола. Ну, дык чаго-ж яны? Хай заходзяць.

(У пакой уваходзяць тры селяніны).

1 селянін. Мы да цябе, таварыш раўком!

Мікола (устае ім насустрэчу). Што ты, Ігнат, забыўся ўжо, як завуць мяне? Добры дзень, дзядзькі! (Вітаецца за руку). Ну, сядайце.

2селянін. Нічога, пастаім. Дзякуй!

3селянін (стары дзед, гаворыць увесь час убок, да староньніх людзей). Ці гэта мы звыклі сядзець? Век пражыў, а ні разу ня сеў у панскіх пакоях.

1селянін. Мы не з вялікай дужа і справай. Вобчаства нас паслала.

Мікола. Ну, што?

1селянін. Ды ты вось бацьку свайго пасадзіў… Саўку нашага, лясьніка.

3селянін. Сын ды роднага бацьку. Чулі вы гэта?

Мікола (адразу стаў сур’ёзны). Ну?

1селянін. Дарма гэта ты, Мікола, я табе кажу. Зусім ні за вошта.

2селянін. Зусім дарма.

Мікола. Я арыштаваў яго за тое, што ён ашуканскім спосабам заблытаў у лесе партызанскі атрад і паведаміў пана, за якім ішоў гэты атрад, каб той уцякаў. Вы гэта ведаеце?

1селянін. Хто-ж яго… Вобчаства просіць, каб пусьцілі. Нікому нічога дрэннага ён не зрабіў, з мужыкамі заўсёды жыў у лагодзе…

3селянін. Бярнушко калі сьсеч ці жардзінку якую — ніколі не спаганяў.

2селянін. Спрыяў заўсёды беднаму мужыку, што там казаць.

Андрэй. Я помню — яшчэ я малы быў — злавіў ён мяне ў дравах, пасварыўся троху, а потым завёў да сябе, накарміў, сам на дарогу вывеў… і дроў не адбіраў…

2селянін. І як гэта вышла ў яго — проста дзівосы.

3селянін. Можа азяленьне такое найшло. Часам бывае так — сам ня ведаеш, што робіш.

Мікола. Пасыльны!

Іўка. Я тутацькі!

Мікола. Скажы, каб прывялі сюды арыштаванага лясьніка. (Іўка пашоў. Працяжная пауза, у часе якой сяляне і ўсе прысутныя аб нечым шэпчуцца паміж сабой, а Мікола нэрвова ходзіць па пакою. Потым уводзяць арыштаванага Саўку).

Мікола. Выйдзіце ўсе на часінку. (Усе выходзяць з пакою, астаюцца толькі бацька і сын. Мікола падыходзіць бліжэй да старога). Бацька! Што ты зрабіў? (Саўка маўчыць). Тут прышлі сяляне, яны ад цэлае грамады просяць, каб мы цябе адпусьцілі. Усе ў адзін голас кажуць, што ты заўсёды добра жыў з мужыкамі, заўсёды спрыяў ім. Скажы, як гэта вышла? Як гэта ты ганебна так ашукаў нас, каб ратаваць панскую зграю?

Саўка. Ня ведаю, Мікола. Нічога ня ведаю… Нічога я не скажу… ня пытай… Калі хочаш — страляй, калі хочаш — садзі ў астрог. Каму я, стары, патрэбен…

Мікола. Ды я не пра тое… Як ты спакойна гаворыш аб гэтым! Няўжо ты не разумееш, што гэта — ганьба, што ты запляміў старасьць сваю, навек зьняславіў і сябе, і мяне, твайго сына. Як я буду глядзець цяпер у вочы таварышом, як я буду разам з імі працаваць, змагацца, калі на мне заўсёды будзе вісець цяжар гэтае ганьбы, калі да самае сьмерці я буду помніць, што мой бацька, родны мой бацька прадаўся паном, стаў дзеля іх агідным ашуканцам, здраднікам. Мой бацька! Мой родны бацька!

Саўка. Мікола! Ты дарма турбуешся. Мой сорам ня будзе тваім… не, ня будзе… Я скажу табе… Слухай, Мікола. Ты ўзрос у мяне, узгадаваўся. Я заўсёды лічыў цябе сваім сынам, а ты мяне — бацькам. Але… ты ня мой сын… Мы — чужыя… зусім чужыя…

Мікола (страшэнна зьдзіўлены). Што? Як ты сказаў? Мы — чужыя?

Саўка. Калі я жаніўся, мая нявеста была цяжарная. Потым радзіўся сын… ты радзіўся…

Мікола. Мамка?

Саўка. Яе ашукаў… прымусіў быў адзін злы чалавек.

Мікола. Хто? Скажы, хто гэта? Не, не… Пачакай, ня трэба. Я ня хочу знаць яго, ня трэба. Хай ня будзе бацькі ў мяне, хай лепш ня будзе зусім. (Нэрвова ходзіць па пакою). Так… Ага… Так… Ты гэта праўду сказаў?

Саўка. Чыстую праўду.

Мікола. Скажы… стары… калі мы выпусьцім цябе, ты больш нічым нам не пашкодзіш?

Саўка. Што я зраблю вам? І за вошта?

Мікола. Пасыльны! (Уваходзіць Іўка). Скажы, каб ішлі сюды ўсе, хто там ёсьць. (У пакой уваходзяць усе, хто быў раней. Мікола зьвяртаецца да Саўкі, гаворыць сур’ёзна, амаль-што ўрачыста.) Згодна просьбы сялян, я адпускаю цябе, стары, на волю. Але я ня хочу, каб на мне аставалася ганьба за твой агідны ўчынак, каб людзі думалі і казалі, што мой бацька — панскі паслугач. Ты павінен зараз-жа, перад усімі прызнацца, што я ня сын твой і ты ня мой бацька.

Саўка. Так. Гэта праўда. Мікола толькі жыў у мяне, гадаваўся. Але ён ня мой сын. (Пахіліўшы галаву, праходзіць паміж народу і выходзіць з пакою. Усе моўчкі глядзяць яму ўсьлед).

Заслона.

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

СЦЭНА 1
Ночь у Мар’іным Маху. З боку паляны астатнім слабым агоньчыкам пыхае вогнішча, вакол якога ў розных паставах сядзяць і ляжаць партызаны. Паміж іншых — Андрэй, Антось і Аніська.

1партызан (прымашчваючыся спаць). Каб было так цёпла, як мякка, дык нашто-б тая і хата. Як на пярыне, усёроўна.

2партызан. Глядзі, каб гадзюка якая ня ўлезла ў запазуху — тут іх, мусіць, нямала.

Аніська. Гадзюка што! Во каб ваўкі не наскочылі — тыя наробяць бяды.

Антось. Летась — помніце? — у гэтым самым маху мы злавілі былі лясьніка, як ішлі ў маёнтак. Адсюль ён, паганец, і пакруціў нас.

1партызан. Тады было весялей. Тады мы гналіся за панамі, а цяпер — яны за намі.

Антось. Нам не пяршыня. Пры немцах таксама многа хлапцоў тулялася па балотах.

2партызан. Паны зласьнейшыя, ліха на іх. Немцы таго не вытваралі, што робяць гэтыя сьцервы.

Аніська. Хлопцы! Тут-жа, у гэтым маху, Мікола казаў, дзяўчыну забілі. Родны брат зарэзаў і недзе тут закапаў. Ці баіцеся вы мерцьвякоў?

Андрэй. І гэта дзяўчына, кажуць, выходзіць ноччу з свае магілкі. Выйдзе, сядзе на мох і ні-то, плача, ні-то пяе, але так жаласна, што няможна вытрымаць. Адзін падарожнік тут начаваў, дык слухаў яе цэлую ноч. Кажуць, быццам яна сказала яму, што некалі тут, над яе магілкай, зацьвітуць белыя ружы. І тады прыдзе шчасьце для ўсіх людзей.

3партызан. А ці могуць-жа тут, у балоце, вырасьці ружы? Глядзі, што наудачу.

2партызан. Трэба-б было пашукаць, можа ўзышлі ўжо дзе-небудзь.

Аніська. Гэта месца заклятае. Сюды ніколі ніхто не заходзіць. А мы вось начуем нават. Ведама — адвага.

Андрэй. Ну, усё гэта глупства. Давайце-тку спаць, досыць ужо раздабарваць. Аніська, станавіся на варту, ды глядзі не засьні, а то Мікола прыдзе — задасьць.

3партызан. Дзе гэта яны забавіліся?

1партызан. У Хахлоўцы паны палавіну вёскі спалілі. Казалі, вялікая звадка з сялянамі занялася. Мусіць, там арудуюць.

Андрэй. Прыдуць, ня турбуйцеся. Ну, спаць. Аніська, пашоў на варту.

1партызан (заварачваючыся). Мякка, як на пярыне, а сьцюдзёна, як у лядоўні. (Усе кладуцца. Аніська пераходзіць на другі бок сцэны і хаваецца за кулісамі. Вогнішча пыхае яшчэ некалькі раз і згасае. Здалеку міргаюць балотныя аганькі. Яны набліжаюцца, сходзяцца на паляне, скачуць і пяюць).

Замоўкла ўсё ў цішы глыбокай,
Чорны сон наўкол лунае —
Нашы сьпевы, нашы скокі
Ноч бяздонная схавае.

Браткі! Што тут за насланьне!
Дзе-ж нам сёньня весяліцца?
На заклятай на паляне
Сьпяць якіясь чужаніцы.

Сьпіце! Мы вас не разбудзім.
Сон дае заспакаеньне.
Чуем мы: над вамі блудзіць
Сьмерці чорнае прыткненьне.

Гайда браткі! Пашукаем,
Дзе пацешыцца ў ахвоту.
Цс… Яшчэ там хтось блукае…
Завядзём яго ў балота!
Сюды! Сюды! Сюды! Сюды!

(Разьбягаюцца ў розныя бакі. За сцэнай чуваць песьня, потым на сцэну ўваходзіць жанчына. Яна пяе).

Сястрыцу-сіротачку брат загубіў,
У дзікім балоце яе патапіў —
З ёй патапіў ён і долю людзкую.
Казала сястрыца: гады прабягуць,
І белыя ружы над ёй зацьвітуць, —
Зноў тады шчасьце людзям закрасуе.

Андрэй (прасынаецца). Хто тут ходзіць? Дзе вартавы? Вартавы! Аніська!

Аніська (паказваецца з-за кустоў). Хто гэта? Я думаў — тая нябожчыца. Яна так прыгожа сьпявала.

Андрэй (устае і падыходзіць да жанчыны). Хто ты такая?

Жанчына. Я шукаю Міколу.

Андрэй. Наста! Як ты сюды затрапіла?

Наста. Мне Іўка сказаў, што вы тут хаваецеся. Дзе Мікола?

Андрэй. Яго няма. Ён зараз павінен прысьці, мы чакаем яго. Хадзі, пасядзі вось тут, пачакай. (Адводзіць яе ў бок. Аніська зноў пашоў за кулісы). Табе халодна? Чакай, там асталіся яшчэ галавешкі, я зараз… (Прыносіць з вогнішча галавешкі і раскладае цяпло).

Наста. Я вышла яшчэ завідна, ды заблудзілася. Хадзіла-хадзіла, думала ўжо — не знайду. (Схапянуўшыся). Андрэй! Можа Мікола няскора, можа пакуль ён… Слухай, там ужо ведаюць, дзе вы. Я за гэтым прышла. Аканом неяк дазнаўся. Яны прыдуць сюды, вам трэба ўцякаць.

Андрэй (устрывожаны). Адкуль ты ведаеш?

Наста. Іўка чуў, як ён афіцэру казаў. Іўка і наказаў мне, каб бегла сюды.

Андрэй. Што-ж рабіць? Усёроўна трэба некага пакідаць, каб сказаў ім, як прыдуць. І куды?.. Куды падацца? Не, лепш пачакаем Міколу… (Падыходзіць да партызанаў і будзіць Антося). Антось! Антось!

Антось (прахапіўшыся). Што?

Андрэй. Разбудзі яшчэ чалавек пяць ды станьце з розных бакоў на варту. Нас выкрылі, і можна чакаць нападу. Скоранька! (Падыходзіць да Насты). Будзем чакаць Міколу. Сядай, Наста, чаго ты стаіш?.. (Наста моўчкі садзіцца к цяплу). Скажы, што там дзеецца ў вас?

Наста. Дрэнна, дужа дрэнна. Паноў панайшло поўна ўсюды. Нікаюць па вёсках, бяруць што-пападзя. Мужчын забіраюць, б’юць, катуюць. Іншых да сьмерці пазасякалі… Хахлоўку спалілі, у Чамярох расстралялі пяць чалавек. Аканом усюды лётае, панскае дабро зьбірае, што парасьцягалі тады. Злосны, як зьвер, асабліва на Міколу… за Арыну, за жонку.

Андрэй. Як яны цяпер з жонкай?

Наста. Сышліся. Ужо разам жывуць. Балююць кожны вечар з польскімі афіцэрамі.

Андрэй. Паны яшчэ ня прыехалі?

Наста (у мімавольным ажыўленьні). Не, яшчэ няма. (Схапянулася). Мусіць, яшчэ ня прыехалі, я добра ня ведаю.

Андрэй (многазначна). Ты чакаеш?

Наста (з болем). Андрэй! Нашто ты…

Андрэй. Дзяцёнак жыве?

Наста. Лепш-бы яму не радзіцца. Сіротка горкая. Не на шчасьце на сьвет ён зьявіўся, не на долю. Каб памёр… каб лепш памёр!

Андрэй (з пачуцьцём). Наста! Няўжо ты яшчэ кахаеш… таго… паніча…

Наста. Ай, ня ведаю я… сама ня ведаю. Нікога ня трэба мне.

Андрэй. Мікола ведае, хто бацька твайго дзяцёнка?

Наста (рашуча). Я скажу. Я яму скажу. Хай ведае, якая сястра ў яго. Хай прагоніць мяне, хай заб’е, я ня буду хавацца… я больш не магу так…

Андрэй. Ня трэба гэтага, Наста. Ты ведаеш Міколаў характар. Пачакай! Яшчэ невядома, чым скончыцца ўсё, можа і будзе ўсё добра, Можа як-небудзь абыйдзецца. (Пауза). Настулька! Помніш, як у нас было тады? Нікога ня зналі, ніхто нам быў не патрэбен — кахалі адзін аднаго, дый па тым. Каб не вайна, можа-б… можа-б ня было так, як цяпер.

Наста (гаворыць нібы сама з сабой). Ён быў добры такі, ласкавы, такія прыгожыя словы гаварыў заўсёды. Песьціў, галубіў… (Пауза). Мамка казала — ўсе так. А потым… Што-ж будзе? Што цяпер будзе? (Ціха зусім). Юрачка, брацік мой родны… (Пауза).

Мікола (раптам зьяўляецца на паляне). Вартавы! Дзе вартавы! Гэта-ж вас жыўцом хто-хаця пазабірае. Хто на варце?

Андрэй (ідзе яму насустрэчу). На варце шэсьць чалавек. Я паставіў…

Мікола. Ха-ха-ха! Шэсьць чалавек і ўсе сьпяць. (Сьвішча. З кустоў выходзіць Кузьма і з ім чалавек восем сялянскіх хлопцаў. Мікола зьвяртаецца да паўстанцаў, якія ўжо папрасыналіся). Таварышы! Прымайце гасьцей. Яшчэ восем чалавек прышло да нас. Накарміце, чым ёсьць, і падзяліцеся зброяй.

1партызан. Адкуль?

Нехта з прышоўшых. Хахлоўскія! (Пачынаюць вітацца з партызанамі і разьмяшчацца).

Андрэй. Мікола! Нам тут няможна больш заставацца. Мы толькі чакалі цябе. Там ужо ведаюць, нехта даказаў Сарпуну, што мы тут.

Мікола. Хто табе сказаў?

Андрэй. Наста прыбегла. Ёй сказаў Іўка.

Мікола. Наста? Дзе Наста? (Убачыў яе). Сястрыца! (Парыўчата абнімае і цалуе). Ты прышла… Ноччу… Родна мая… ратавала нас… Я ведаў, што ты ў мяне маладзец. Ты не такая… не такая, як бацька… Ты — мая сястра…

Наста. Не, Мікола, не… Я… я… (Заплакала).

Мікола. Чаго ты, Настулька?

Андрэй. Яна дужа змарылася… Яна напужалася троху, ідучы па лесе.

Наста. Няпраўда! Няпраўда! Я скажу, усё скажу.

Андрэй. Настулька! Ня трэба!

Наста (стараецца быць спакойнай). Мікола! Я табе скажу, я ня хочу хавацца. Ты думаеш, што я такая добрая… што я… як ты, такая… А я… помніш, ты на татку сварыўся… я… у мяне дзяцёнак… ты ведаеш… сын… гэта яго… панічоў…

Мікола. Панічоў? Панічоў? Ён цябе ашукаў? Ён цябе, маю сястру…

Наста (перапыняе). Не, не… Я сама… я любіла яго… (У экзальтацыі). Я і цяпер люблю. Я чакаю яго… Ён прыдзе… любы мой… прыдзе… мой брацік… (Мікола моўчкі заварочваецца і адыходзіць). Мікола!

Мікола (да партызанаў). Таварышы! Нам тут няможна аставацца больш ні хвіліны. У маёнтку ведаюць ужо пра наш прытулак. Сюды ўжо прыходзяць панскія прыслужнікі…

Наста. Мікола!

Мікола (з запалам). Мы пойдзем далей. Мы схаваемся ў самых глухіх непраходных нетрах і будзем чакаць зручнага моманту, каб учыніць расправу, крывавую расправу над нашымі ворагамі і іхнымі паслугачамі. Зьбірайцеся, хлопцы! (Партызаны пасьмешна ладзяцца ў дарогу. Да Насты падыходзіць Кузьма).

Кузьма (па тону зусім ня відаць, што ён хоча суцешыць яе). Плачаш нешта… Цяпер сьлёз многа. Многа хто плача. Адны — з гора, другія — са злосьці… Будуць яшчэ і крывавыя сьлёзы. (Адыходзіцца).

Мікола. Гатовы, хлопцы? За мной! (Партызаны пашлі. На сцэне астаецца адна Наста. Яна садзіцца каля згасаючага вогнішча і плача).

СЦЭНА 2

Каля ганкаў панскага дому. На ніжняй прыступцы ганкаў сядзіць у задуменьні Саўка. Да яго падыходзіць Паланея.

Паланея. Саўка! Калі ўжо ты прыдзеш дахаты, га?

Саўка. А што я там буду рабіць?

Паланея. А тут што ты робіш?

Саўка. Сьцерагу.

Паланея. Ну, што ты зеліш? Якая твая старожа! Без цябе расьцягвалі, без цябе і зьбяруць. Ніхто і не глядзіць на цябе: ці ты ёсьць тут, ці не — усёроўна.

Саўка. Хай сабе. Я буду за ўсё адказваць. Я дрэнна сьцярог, гэта праўда. Хай сабе!..

Паланея. Ліхалецьце на нас нейкае навалілася: гэты сядзіць тут, як прыкіпеўшы, тая чыстай русалкай зрабілася — ходзіць толькі па лесе ды ўсё пяе або плача. А Мікола — той зусім недзе згінуў, можа і на сьвеце няма ўжо…

Саўка. Мікола ведае, што яму трэба рабіць. Міколу ня трэба ні я, ні ты. Ён за ўсіх пашоў, не за сябе. Мікола — добры, яго ўсе будуць любіць.

Паланея. Ну, а ты што? А ты за каго тут, як пень, сядзіш?

Саўка (пахіліўшы галаву). Ня ведаю… нічога ня ведаю…

Сарпун (праходзіць міма. Да Паланеі). Ты што тут?

Паланея. Нічога, паночку! (Сарпун ідзе ў пакоі). Чысты зьмей!

Хадора (бяжыць, засопшыся). Саўка! Саўка! Паланеечка! Ужо едуць… едуць паны. Са станцыі рушылі ўжо… А божа мой! Куды-ж пабегчы яшчэ… Да аканоміхі! (Пабегла).

Саўка (устае). Едуць, едуць ужо… Чуеш, Паланея, едуць…

Паланея. А няхай яны з глузду зьедуць, трэба яны тут, як у кажуху дзірка.

(За сцэнай чуваць голас Іўкі: «Ясьцесьцьвіна. Ну, ня бойся! Хутчэй! А бадай цябе! Навязалі вас на маю шыю»…)

(Уваходзіць Іўка і з ім некалькі сялян. Адзін з іх нясе хлеб-соль).

Іўка. Куды спусьціў! Ну, куды спусьціў! Што ты паранкі сьвіньням нясеш, ці што? (Селянін падымае хлеб угару). Ну, куды задраў, куды задраў? Ці-ж ты яму ў самую храпу хочаш уперці? Ну, проста ніякай табе далікатнасьці. Яму ўсёроўна: ці гэта пан, ці так які сабака.

Селянін (палахліва). Ці тут станавіцца?

Іўка. Ясьцесьцьвіна. А як падыйдзе, выпхнешся наперад і — тыц яму ў зубы. На, панок, падав… падарунак… Глядзі толькі таварышом не назаві, а то яму ад гэтага можа сумна зрабіцца… (Каля ганкаў зьбіраецца частка панскіх чаляднікаў, у тым ліку і Хадора. Сярод іх некалькі польскіх салдат. З пакояў паказваюцца Сарпун і ротмістр).

Ротмістр. Я дзіўлюся, чаму іх дагэтуль няма. Мой вахмістр не з такіх, каб цэлае паўдня вантэжыцца з нейкай купкай бандытаў. Баюся, што вам далі ня зусім пэўныя весткі.

Сарпун. Весткі, пан ротмістр, самыя пэўныя.

Ротмістр. Ага! Сустракаюць… добра, добра. Чаму-ж так мала народу?

Іўка. Больш не сабралі. Уцякаюць.

Ротмістр. Што?

Іўка. Ясьцесьцьвіна. (Ротмістр сядае на ганках, а Сарпун сходзіць уніз і расчышчае дарогу перад ганкамі).

Сарпун. Куды ўсьпёрліся! Чэрці… Месца свайго ня ведаюць. (Саўка хоча астацца, Сарпун штурхае яго). Куды лезеш, дурніца старая! (Саўка адступае). Хто тут… Іўка! Марш туды, на дарогу. Як убачыш, што едуць, крыкнеш. (Іўка пабег).

Хадора (да селяніна). Ці досыць-жа солі падсыпалі, га?..

Селянін (дасадліва). Адлезь! (Да ганку пасьпешнымі крокамі падыходзіць вахмістр).

Вахмістр. Дазвольце далажыць, пан ротмістр! Уся мясцовасьць, якую мне паказалі, абшукана самым дакладным парадкам. Ніводнага партызана ня знойдзена.

Ротмістр. Сьляды былі якія?

Вахмістр. На паляне знойдзены два сьвежыя вогнішчы. Мох навокал вытаптан. Відаць, яшчэ ў гэтую ноч нехта начаваў на гэтай паляне.

Ротмістр. Добра. Потым раскажаш усё падрабязна.

Вахмістр. Слухаю, пан ротмістр! (Адыходзіцца).

Іўка (падыходзіць і крычыць на ўсю сілу). Едуць! Едуць!

Ротмістр. Чаго крычыш! Што мы глухія?

Іўка. Ясьцесьцьвіна.

Ротмістр. Што? Што ты сказаў? Грубіяніць? (Наступае на Іўку).

Сарпун. Пан ротмістр! Паны ўжо пад’ехалі…

Ротмістр. А-а-а… Вельмі прыемна, вельмі прыемна… (Ён і Сарпун пашлі насустрэчу. Народ перашэптваецца. З-за сцэны чуваць галасы).

Ротмістр (за сцэнай) Дазвольце прывітаць… я вельмі рад… я надзвычайна рад… Ротмістр Зайнчкоўскі. (Бразнуў шпорамі). Ротмістр Зайнчкоўскі. (Яшчэ шпорамі). Ротмістр Зайнчкоўскі… (Яшчэ). Даруйце, што я без дазволу асьмеліўся пасяліцца, можна сказаць, на некаторы час у вашых уладаньнях.

Сарпун. Дазвольце, панічка, я памагу вам.

Сомскі. Што вы? Пан ротмістр, як вам ня сорамна! (Уваходзяць на сцэну пан, паня, паніч у форме польскага вайскоўца, Сарпун і паручнік). Я вельмі прашу вас адчуваць сябе ў нас, як у сябе дома.

Іўка (на селяніна). Вылазь, чурыла!..

Селянін (да пана). Дазвольце… тавары… (3 адчайнай патугай). Паночку! Хлеб-соль…

Пан (расчулены). Народ… Мяне сустракае народ. Я ведаў, што на мяне не забудуцца. Дзякую! Шчыра дзякую… (Цісьне селяніну руку).

Селянін. Няма за што.

Пан (узьнімаецца на ганкі і гаворыць урачыстым напышлівым тонам, скрозь які прарываецца дзікая злосьць). Верныя слугі мае! Бог не пакінуў нас. Гэтыя праклятыя бальшавікі… бандыты, разбойнікі, сьцервы!.. памкнуліся былі сваёй бруднай рукой разбурыць тое, што спрадвеку ўстаноўлена богам і людзьмі… Яны выгналі нас… сукіны сыны!.. Паганцы!.. Але найвышэйшы бог іх пакараў. Нашы вялікадушныя збавіцелі (паказвае на ротмістра) вызвалілі нас… прагналі іх… к чортавай мацеры, паскуднікаў гэтых, жулікаў!.. З боскай дапамогай я зноў вярнуўся ў свае законныя ўладаньні. Я спадзяюся, што мы, як і раней, будзем жыць з вамі ў добрай згодзе, што вы, як і раней, будзеце любіць мяне i паважаць.

Іўка. Ясьцесьцьвіна.

Пан. Ідзіце цяпер, займайцеся сваёй справай. Пан ротмістр, прашу да нас! Мунічка! Юра! Хадзем! (Паны і ротмістр ідуць у пакоі).

Сарпун (да чэлядзі). Ну, марш на работу. Чаго паразяўляліся! (Да Саўкі). Пашоў і ты адсюль, няма чаго шлындыць там, дзе ня трэба. (Саўка спачатку хоча пярэчыць, але потым махае рукой і ідзе разам з усімі. Сарпун таксама пашоў. Некаторы час сцэна пустая. Потым збоку, туляючыся каля плоту, выходзіць Наста. У гэты-ж самы час па сцэне праходзіць Арына, накіроўваючыся ў панскія пакоі. Яна заўважае Насту і спыняецца).

Арына. Наста! Ты чаго тут ходзіш? (Наста маўчыць). А, разумею… Галубка пачула, што галубок прыляцеў, дык бяжыць ужо, каб сустрэцца. А галубок той, пэўна, ужо ў каршунка абярнуўся, ха-ха…

Наста. Што ты гаворыш?

Арына. Дурненькая ты, Наста, зусім дурненькая. Ну, чаго ты ходзіш, чаго чакаеш? Нашто ты яму цяпер, калі ён недзе ў Варшаве знайшоў сабе паненку ня гэткую. Праз які месяц ці два і вясельле будуць гуляць. Неўзабаве нявеста сюды прыедзе.

Наста. Нявеста?.. Нявеста… А ў мяне дзяцёнак.

Арына. Ха-ха-ха!.. Дык гэта-ж у цябе, а не ў яго! А яму што? Ці мала чаго ў маладосьці бывае. Пажартаваў, ну, і столькі бяды.

Наста. Ён ня так гаварыў. Ён ня гэткі.

Арына. Гэткі самы. А ты вось ня будзь дурной ды насядзь на яго, як мае быць, — хай грошы дае. Пагразі, што жонцы потым пажалішся. Дык будзеш жыць лепш, як за якім мужыком.

Наста. Нічога ня трэба мне. Нашто яно ўсё…

Арына (падыходзіць да Насты). Усе мы з маладосьці такія, пакуль розуму троху не набяромся. Нічога, галубка, абыйдзецца неяк. Пагаруеш, паплачаш — бяз гэтага таксама не пражывеш. (Хоча прылашчыць Насту, але яна вырываецца).

Наста (у раптоўнай злосьці). Адыйдзі! Ты сама… Ты — здрадніца!

Арына. Ого! У гэтае галубкі і кіпці знайшліся. Чаму-ж гэта я здрадніца?

Наста. Ты з Міколам нашым кахалася… жылі з ім… а цяпер ня трэба ўжо… аканом ужо лепшы.

Арына. Ха-ха-ха! А куды-ж я дзенуся? У балота пайду з ім, ці што?

Наста. Не, не… Ты ўсё брэшаш. Ты і мне набрахала… Я ня веру табе.

Арына. Ну, дык хай ён сам табе скажа. Я зараз гукну яго. (Ідзе да дзьвярэй пакояў).

Наста. Ня трэба! Ня трэба гукаць!

Арына. Пачакай трошку. (Пашла ў пакоі).

Наста (спалохана). Я ўцяку, я пайду адсюль. (Памыкнулася бегчы, але зараз-жа варочаецца назад. З пакояў выходзіць Юры).

Юры (убачыў Насту, у замяшаньні). А, во хто гэта! Ты ўжо даведалася, што я прыехаў? Ну, як, Стася, жывеш? Я толькі што з поезда. Замарыўся страшэнна… (Вітаецца за руку. Наста з нейкай сударгавай парыўчатасьцю прыцягвае яго руку да сябе, але ён вырывае).

Наста. Цябе ня было так доўга. Я ўсё чакала, чакала. Думала, можа зусім ужо к нам ня прыедзеце. А цяпер чую — кажуць, прыехалі. Дык я адразу і пабегла, думаю, хоць пагляджу.

Юры. Няўжо так помніла? Сумавала ці не?

Наста. Вядома. (Глядзіць на яго з замілаваньнем). Які ты прыгожы цяпер!

Юры (з усьмешкай). А тады хіба быў няпрыгожы?

Наста (засаромілася). Я не пра тое… я сама ня ведаю, што гавару… (Паўза). Ці прыдзеш ты калі-небудзь да нас?

Юры. Чаго, Стася?

Наста. Пытаешся…

Юры (дзелавым тонам). Ведаеш, Стася. Я хацеў якраз аб гэтым з табой пагутарыць. Нам няможна ўжо будзе… так, як тады… Ёсьць прычыны, якія прымушаюць мяне… не сустракацца з табой.

Наста (з трывогай). Я ведаю… У цябе ёсьць паненка… Ты будзеш жаніцца…

Юры. Ты ўжо ведаеш? Во, дык яшчэ лепей. Ты сама разумееш, што мне іначай няможна. Мне самае першае — воля бацькоў.

Наста (ціха). У мяне ёсьць дзяцёнак… Сын радзіўся…

Юры. Дзяцёнак? Я так і думаў. Гэта самая паганая штука. Але нічога. Я цябе, Стася, не пакіну. Ты ня будзеш з ім гараваць. Я і цяпер магу… пачакай, дзе-ж гэта… (Мацае па кішэнях).

Наста (з жахам). Грошы! Ужо грошы… Ня руш, ня трэба… Я не вазьму… Вось і тыя… я не кранула іх. (Дастае з запазухі грошы). На табе, на… (Ён адварочваецца). Ня хочаш браць? Дык згары яны… вось… вось… (Падрала грошы).

Юры. Ха-ха-ха! Іш ты якая! Ня хочаш — ня трэба. Можаш ісьці, куды сабе хочаш. На ўсе чатыры бакі…

Наста (як няпрытомная). Грошы… Праўда яе… праўда… Я пайду… што мне рабіць… я пайду… (Пашла).

Юры (усьлед ёй). Іш ты, якая ганарыстая. Прыдзеш яшчэ, папросіш. (Высьвіствае нейкую вясёлую песеньку. З пакояў выходзяць пан і ротмістр).

Сомскі. Прахвосты! Нягоднікі! Я проста не магу супакоіцца. Я не магу ў хаце сядзець. Я… я… Міхайлавіч! Дзе Міхайлавіч?

Ротмістр (за сцэну). Гукнуць сюды аканома! (Да пана). Прашу супакоіцца. Усё наладзім. Я прыму самыя жорсткія меры к таму, каб усё было зьвернута ў маёнтак.

Сомскі. Паламалі, пакрышылі, парасьцягалі ўсё-чыста. Сволачы, сьцервы! Я не магу супакоіцца… я ніяк не магу супакоіцца…

(Прыходзіць Сарпун).

Сарпун. Вы мяне клікалі?

Сомскі. Ага… Міхайлавіч! Зьбяры ўсіх сюды, хто там ёсьць. Усіх сюды, абармотаў. Я пакажу ім, сукіным сыном, як гаспадарскае дабро берагчы. Гані ўсіх сюды. (Сарпун пашоў). Я не магу супакоіцца… Гэта такое дзікунства, гэта барбарства.

Ротмістр. Нязвычайнае барбарства. (Haпышліва). І нам, польскім салдатам, выпаў вялікі гонар змагацца супроць гэтага барбарства, за цывілізацыю.

Сомскі. Так-так. За цывілізацыю іх, сукіных сыноў, за цывілізацыю. (Сарпун за сцэнай): «Усе, усе да аднаго! Ну, марш! Ты куды, я табе пакажу».

(На сцэну ўваходзіць Сарпун і купка панскай чэлядзі).

Сомскі. А-а-а… Галубочкі!.. Любенькія мае!.. Рады, што паны адлучыліся, дык згінь яно ўсё, прападзі, хай крадуць, хай расьцягваюць. Ды яшчэ і самі… самі, сволачы, параскрадалі, я ведаю вас. Пачакайце, цяпер расквітаемся, цяпер вы ў зубах мне ўсё прыцягнеце. Гавары зараз-жа, хто што браў з панскіх пакояў? Ну? (Усе маўчаць). Маўчыцё, ня ведаеце? Іўка!

Хадора. Іўка пашоў у кузьню коні каваць.

Сомскі. Усіх прымушу, усе загаворыце. Ну? Маўчаць будзеце, га?

Голас з натоўпу. Хто-ж яго ведае? Ці гэта мы там сядзелі, ці што?

Хадора. Я дык баялася туды і паткнуцца. Чорт ім вер, яшчэ арыштуюць.

Сарпун. Лясьнік сядзеў тут, не адыходзячы. Ён ведае ўсіх, хто што браў.

Сомскі. Прывядзіце сюды лясьніка!

Хадора. Ды во-ж ён сядзіць тут, пад плотам. Саўка! Хадзі, паны гукаюць.

Сомскі. Ах вы, прахвосты! Ах вы, паганцы! (На сцэну ўваходзіць Саўка). Саўка! Я, ад’яжджаючы, даручыў табе пільнаваць нашы пакоі.

Саўка. Я пільнаваў. Я ўвесь час пільнаваў, з месца ня сходзіў.

Сомскі. Што-ж ты гэта тут пільнаваў, калі ўсё парасьцягалі?

Саўка. Ня змога была мая. Гвалтам бралі, арудвалі, як толькі хацелі. Ня слухаліся.

Сомскі. Хто браў? (Саўка маўчыць). Хто браў, я пытаю?

Саўка. Ня ведаю.

Сомскі. Ня ведаеш? Сядзеў тут увесь час ды ня ведаеш? А… Ня хочаш казаць? Сваіх затойваеш?

Саўка. Нічога не скажу… ня ведаю.

Ротмістр. Дазвольце, пане, мне з ім распарадзіцца.

Сомскі. Пан ротмістр! Я вас прашу… Зрабіце ласку…

Ротмістр. Вахмістр!

Вахмістр. Слухаю, пан ротмістр!

Ротмістр. Дваццаць пяць!

Сомскі. Так-так яму… Дваццаць пяць… Дваццаць пяць…

Саўка. Біць? Мяне? (Вахмістр і два салдаты падыходзяць да яго і хочуць весьці. Ён кідаецца ў ногі пану). Паночак! Старасьць маю пашкадуйце! Лепш забіце адразу.

Сомскі. Скажаш, хто тут арудваў у мяне?

Саўка. Ня ведаю.

Ротмістр. Вядзіце!

Саўка (кідаецца да паніча). Панічок! Я-ж ратаваў вас. Зьлітуйцеся!..

Юры (да вахмістра). Чулі, што вам загадана? (Саўку хапаюць і валакуць са сцэны).

Саўка. Божа мой! Каб ён ведаў! Каб ён толькі ведаў!..

Заслона.

ДЗЕЯ ЧАЦЬВЕРТАЯ

СЦЭНА 1
Вечар у кватэры аканома. Арына сядзіць на канапе ў компаніі ротмістра і Гжызінскага. Воддаль сядзіць Забелік, клімкае на гітары і пяе нейкі романс. Па пакою ходзіць Юры.

Ротмістр. Каб мне скінуць з сябе дзесятак гадкоў, я паказаў-бы вам, што і на фронце каханьня я тож не апошні ваяка.

Арына. О, як страшна! Вы тады, пэўна, распраўляліся-б з нашым братам так, як цяпер з мужыкамі?

Гжызінскі. Пан ротмістр выбраў-бы для жанчын самую далікатную і… хе-хе… прыемную зброю…

Арына. Мусіць, розгі?

Ротмістр. Ха-ха! Пані Раіна!

Арына. Божа ты мой, я-ж Арына.

Ротмістр. Усё роўна. Я буду зваць вас пані Раіна. Гэта так прыгожа, так поэтычна. Раіна… ад слова рай. Гэта значыць, што ваша сэрца — рай асалоды.

Забелік. І ў гэтым раі сядзяць анёлы.

Арына. Адзін толькі. Але прыгожы-прыгожы…

Гжызінскі. Пані Арына, мусіць, страшэнна кахае свайго мужыка.

Арына. Чаму — мужыка? А можа палюбоўніка.

Ротмістр. Ха-ха-ха! Пані дрэнна хавае свае сакрэты.

Арына (гарэзьліва). А чаго-ж там хавацца, калі палюбоўнік гэты тут, сярод нас.

Ротмістр. Тут, сярод нас? Хто-ж гэта?

Арына. Угадайце.

Ротмістр. Пан Юры бязумоўна выключаецца, бо ў яго ёсьць маладая нявеста.

Юры. Так, у мяне ёсьць нявеста. Яна скора прыедзе.

Арына. І пан Юры ажэніцца. Бедненькі…

Ротмістр. Пан Забелік выключаецца, бо закаханы ў сваю гітару.

Забелік. Я магу разам: і на гітары іграць і… палюбоўнікам быць.

Ротмістр. Пан Гжызінскі выключаецца таксама. Што?

Гжызінскі. Я не прэтэндую.

Ротмістр. Значыць… ха-ха…

Арына. Значыць, асталіся вы… (Жартліва туліцца да яго). Палюбоўнічак мой… Хай ужо будзе ўпару: мужык старэнькі і палюбоўнік… (Уваходзіць вахмістр).

Вахмістр. Пан ротмістр! Дазвольце далажыць… Прышлі сяляне з Пячэрак, просяць, каб аддалі іхных коняй.

Ротмістр. Даць ім… разумееце?..

Вахмістр. Слухаю, пан ротмістр! (Пашоў).

Ротмістр. Пані Раіна! Гэта такое шчасьце! Я з вялікай радасьцю вазьмуся за выкананьне сваіх абавязкаў і буду рабіць гэта з поўнай шчырасьцю. Я проста не дачакаюся таго часу…

Арына (перапыняе). Ха-ха-ха! Які спрытны! Скоры пасьпех — людзям на сьмех…

Забелік. Пан ротмістр сьпяшаецца, бо баіцца, што скора прыдзецца разлучыцца.

Юры. Што? Чаму — разлучыцца?

Ротмістр. М-м-м… Ён хоча сказаць, што я, мабыць, паеду ў невялічкую камандзіроўку. (Да Забеліка, сярдзіта). Пан Забелік. Ідзіце зараз-жа ў штаб, паглядзіце, як там справы.

Забелік. У нас, пан ротмістр, усё напагатове. Калі што-якое, дык мы ў паўгадзіны…

Ротмістр. Што? Рабіце тое, што вам загадана. Ну? (Забелік пашоў. Ротмістр у бок). Дурны, як пень. (Да Арыны). Пані Раіна! Калі-ж прыдзе той шчасны момант, у які…

Арына. О, не! Яшчэ няскора.

Гжызінскі. А пакуль-што пан ротмістр хай сьпяе для пані Раіны які-небудзь прыемны романс. Балазе, гітара тут засталася. (Падае гітару).

Ротмістр. Ох-хо-хо. Каб скінуць якіх дзесятак гадкоў. (Бярэ гітару, клімкае і запявае рыпучым надарваным голасам).

Каханьня слоў мне не пачуць,
Аб ім ніхто ня скажа мне,
А сьлёзы горкія цякуць
І плачу, плачу я у сьне…

(У пакой уваходзіць Сарпун).

Сарпун. Добры вечар, панове! Весяліцеся?.. Хе-хе… Забаўляецеся?

Ротмістр. А! Сам гаспадар дому і законны ўладар усіх яго скарбаў — рухомых… ха-ха… і нярухомых… (Пяе). Стары муж, грозны муж…

Гжызінскі. Пан Сарпун ужо вярнуўся з гораду?

Сарпун. Вярнуўся ўжо. Што, рана?.. хе-хе… Сьпяшаўся… Пан ротмістр! На хвіліначку… па сакрэту…

Ротмістр. Па сакрэту — цэламу сьвету. (Адыходзяцца з Сарпуном у бок і шэпчуцца. Усе маўчаць).

Ротмістр (кончыўшы гаварыць з Сарпуном). Пан Гжызінскі! Пойдзем зараз у штаб.

Гжызінскі. Слухаю, пан ротмістр!

Юры. Я таксама іду. Пойдзем разам. (Усе разьвітваюцца і выходзяць).

Сарпун (глядзіць ім усьлед і сьмяецца злым саркастычным сьмехам). Ха-ха-ха!.. Успырхнулі, замятушыліся… Падышло, падпякло, сукіных сыноў… ха-ха-ха… нажыраваліся, досыць… ха-ха!..

Арына. Міхайлавіч! Чаго ты?

Сарпун. Чаго? З радасьці. З радасьці… разумееш? Я рад, што наступаюць бальшавікі, што праз дзень ці два будуць тут, што зноў трэба ўсім уцякаць. Я рад! Я рад, што ідуць бальшавікі! Ха-ха-ха!..

Арына. Чаго-ж тут радавацца?

Сарпун. А ты ня рада? Ты ня хочаш зноў сустрэцца з сваім бандытам, зноў стаць яго палюбоўніцай, га? Ты ня хочаш?..

Арына. Не кажы ты мне пра яго, чуеш? Надакучыў ён мне. Няўжо ты яшчэ не пераканаўся? Я аддала табе яго, сказала, дзе яго можна злавіць — ты сам вінават, што спазьніўся.

Сарпун. Я знайду яго, я знайду яшчэ, спраўлюся. Я яго закатую, я прыдумаю, як памсьціцца. За ўсё, за ўсё… за турму і за… і за гэта…

Арына. Сягодня матка яго прыходзіла, плакала тут. Прасіла, каб ты вярнуў на работу яе старога.

Сарпун. Ха-ха-ха! Плакала… Яшчэ ня так заплачуць, я іх дайму, я пакажу ім, бунтаўшчыком. Яны ўсе цяпер… усе, хамуйлы, насы пазадралі. Сарваліся з ланцуга, волю пачулі, мудрыць пачалі! Мы вас уціхамірым, пастойце…

Арына (з усьмешкай). Нездарма-ж ты рад, што бальшавікі скора прыдуць.

Сарпун. Я рад? Я рад? Я сам ня ведаю, чаму мне радавацца. Я ўсіх ненавіджу… праз цябе… ты давяла… Ты ачмурыла мяне, розум у мяне адабрала. (3 націскам). Я баюся… я дрыжу за цябе… я ня маю хвіліны спакою… Я цябе… я цябе… (Падходзіць да яе і гаворыць здушаным злосьцю шэптам). Я заб’ю цябе калі-небудзь… заб’ю… ты давядзеш…

Арына. Ты? Заб’еш мяне? Міхайлавіч! Ну, забі. Ну, на, рабі, што хочаш, са мной. Ну, бі! (Становіцца перад ім у задорнай гарэзьлівай постаці і сьмяецца). Ха-ха! Не заб’еш, дзядулька, пашкадуеш…

Сарпун. Уцеч куды-небудзь… на край сьвету… ад усіх… ад усіх… (Ходзіць узрушаны па пакою, потым зноў спыняецца перад ёй). Арына! Ты хочаш жыць са мной? Хочаш?.. Слухай?.. Я зраблю цябе дужа багатай, ты будзеш мець усё, чаго толькі зажадаеш… Мы паедзем заграніцу, выберам сабе самы прыгожы ў сьвеце куточак… Ці хочаш, га?..

Арына (ласкава). Дзядулька! Ну, што ты пытаеш? Я жыву з табой і буду жыць. І паеду з табой усюды, куды ты толькі захочаш.

Сарпун (таемна). Я зараз еду. Мяне пан пасылае з даручэньнем у банк, за грашмі. Я не вярнуся. Разумееш? А потым, як усё ўціхамірыцца, я паведамлю цябе, і мы дзе-небудзь сустрэнемся.

Арына (прытулілася да яго). Любенькі! (Схапянулася). Слухай, а ты ня кінеш мяне?

Сарпун (з горкай усьмешкай). Я хацеў-бы кінуць… ды не магу… Ну, мне трэба ехаць. Я баюся, каб часам пан не перадумаў.

Арына. Пачакай! Трэба-ж даць табе што на даpогу.

Сарпун. О, не! У такую дарогу ня зьбіраюцца. Арына. (Бярэ за плечы яе і ўпарта глядзіць у вочы). Арына… Ня гуляй без мяне… Пашкадуй.

Арына. Добра, Міхайлавіч!

Сарпун. Ну, бывай! (Цалуе яе і выходзіць).

Арына. Зноў мітусьня пачалася. Чым-то ўсё гэта кончыцца? Цікава. (Усьміхнулася). Заграніцу паеду… Ён зробіць… Ён усяго дойдзе, калі захоча. А мне што? Абы добра жылося, ха-ха… (Уваходзіць Юры).

Юры. Я забыўся тут адну рэч.

Арына. Пашукайце! (Юры ўдае, быццам шукае нечага, потым становіцца перад Арынай і раптам абое заліваюцца вясёлым гульлівым сьмехам).

Юры (абнімае яе). Во, знайшоў!

Арына. Ого! Якую ён рэч прышоў тут шукаць!

Юры. Самую любенькую, самую даражэнькую, самую залаценькую. (Пачынае яе цалаваць).

Арына. Нявеста… Нявеста скора прыедзе… Забыўся, Юрачка?

Юры. Мы-ж цэлых два дні з табой ня бачыліся… (Яны сядаюць на канапу).

Арына. Во… Ты-ж толькі-што быў тут.

Юры. Ха-ха!.. Гэта ня лічыцца. Я ледзь дачакаўся, пакуль разыйдуцца тыя пачвары. Яны гатовы былі цэлую ноч тут сядзець, сапраўды.

Арына. Гэта-ж быў мой палюбоўнік, што ты — забыўся? Ха-ха… Які ён сьмешны! І дурны, мусіць, як пень. (Пяшчотна). Во, хто мой палюбоўнічак. Анёлачак мой беленькі… (Лашчыць яго).

Юры. А ты — мой чорт. Ведзьма ты мая, чараўніца. Задушу я цябе… да сьмерці… во так… (Сьціскае яе ў сваіх абнімках).

Арына. Юрачка! А як нявеста? Ці зноў забыўся?

Юры. А ну яе! Не памінай ты… а то яна мне зусім зьнялюбее… Ня трэба мне больш нікога… досыць во гэтага чарцяня… прыгожага, любага…

Арына (хітравата). Юрачка! Ты лясьніковай Насьце таксама казаў?

Юры (троху замяшаўся). А ты хіба ведаеш?.. (З усьмешкай). Не, ёй троху іначай. Яна дурнейшая за цябе, ха-ха…

Арына. Ах ты, шальмінка мая дарагая! (Цалуе яго. У гэты момант адчыняюцца дзьверы і ў пакой уваходзіць Іўка).

Іўка. Панічка… а… кха… кха… Паніч! Вас, мусіць, татка гукаў.

Юры. Татка? Зараз?

Іўка. Ясьцесьцьвіна. Казаў, каб мінтальна… (Юры разьвітваецца з Арынай і выходзіць. Іўка астаецца стаяць ля дзьвярэй).

Арына. Ну, чаго Іўка стаіш?

Іўка. Вас хоча бачыць шуб’екат.

Арына. Хто?

Іўка. Шуб’екат… такі чалавек… Ён хоча, каб сам-на-сам, каб больш ніякіх панічоў ня было.

Арына. Добра. А дзе ён?

Іўка. Зараз праявіцца. (Пашоў).

Арына. Хто-б гэта мог быць? (Паўза).

Уваходзіць Мікола. Арына, убачыўшы яго, відочна захвалявалася.

Мікола (зашчапляе на кручок дзьверы). Так будзе больш спадзейна. Ну, добры вечар, Арына! Бачу, што не чакала, бачу. А я вось прышоў.

Арына (бярэ сябе ў рукі). Ну, і добра, калі прышоў. Хадзі, сядай.

Мікола. Дзякую. Стоячы лепш гаварыць аб справах.

Арына (зьдзіўлена). Ты хочаш са мной гаварыць аб справах?

Мікола. Я прышоў, каб папрасіць у цябе дапамогі.

Арына (яшчэ больш зьдзіўлена). У мяне? Дапамогі? У чым?

Мікола. У аднэй маленечкай справе. Ты павінна памагчы мне забрацца сёньня ўначы ў панскія пакоі.

Арына. Табе? У пакоі? (3 трывогай). Што ты там будзеш рабіць?

Мікола. Што? Ты ня ведаеш? Запытай у ваўка, што ён будзе рабіць, калі трапіць у ненавіснае яму сабачае кодла…

Арына (спалохана). Мікола! Ты хочаш забіць іх, я ведаю… Што ты надумаў? За што?

Мікола. За што? За што? Ты пытаеш? (Гаворыць сьцішаным, поўным нянавісьці, голасам). За тое, што па ўсёй краіне гараць, руйнуюцца цэлыя вёскі, за тое, што па сялянскіх сьпінах гуляе крывавы бізун, за тое, што бязьвінных людзей зьністажаюць, як апошнюю паганую скаціну… Разумееш?

Арына. А каб яны не бунтаваліся…

Мікола. Ха-ха-ха! Каб не бунтаваліся? Каб самохаць давалі зьдзіраць з сябе шкуру? Каб сваім потам гадавалі плойму ліхіх дармаедаў? Каб аддавалі сваіх сясьцёр і дачок на зругу разбэшчаным панскім шчанюком? Каб не бунтаваліся, га?..

Арына. Як страшна цяпер! Што толькі дзеецца ў сьвеце!

Мікола. Табе страшна? Я ведаю, ты баішся… ха-ха!.. Ты ад страху і мужыка свайго перапрасіла…

Арына. Мікола!

Мікола. Я не дакараю, не. Гэта — твая справа. Я адно шкадую, што сам захаваў тады яго паганае жыцьцё. Ну, але гэту памылку зараз выправяць… ха-ха!.. нядоўга ўжо… зараз…

Арына. Што — зараз? Мікола!

Мікола. А во што… Паўгадзіны таму назад твой мужык па даручэньню пана паехаў у горад. Цяпер ён праехаў пяць вёрст і пад’яжджае да вёскі Пячэрак. Праз пятнаццаць хвілін ён прыедзе у вёску, праз дваццаць хвілін пераедзе яе, а праз паўгадзіны… ха-ха… будзе мёртвы… (Арына робіць мімавольны рух да дзьвярэй, ён хапае яе за руку). Спалохалася? Шкадуеш? Ня варта…

Арына (стрымаўшы сябе). Скажы, што мне трэба зрабіць… для гэтага… аб чым ты казаў…

Мікола. Зусім глупства. Як усе лягуць спаць, ты падыйдзеш, паляпаеш і скажаш, што ў цябе ёсьць дужа пільная справа. Табе адчыняць.

Арына. Добра, я гэта зраблю. Больш нічога?

Мікола. Больш нічога. (Ідзе да канапы і сядае). Больш нічога. (Пауза, пасьля якой Мікола гаворыць зусім новым — слабым і змораным голасам). Арына! Хадзі сядзь тут, каля мяне. (Арына сядае. Ён бярэ яе за руку). Змарыўся я. Сілы дужа многа ідзе… Адпачыць каб… часіначку… Няма нікога цяпер… няма мне дзе адпачыць… Арына… я ў цябе… трошачку… (Кладзе галаву ёй на калены і заціхае).

СЦЭНА 2

У панскіх пакоях. Паня сядзіць, схіліўшыся над вязаньнем, пан ходзіць па пакою.

Сомскі (падышоўшы да акна). Такая ноч заўсёды трывогу нейкую наганяе. Мусіць, будзе навальніца… (Узрушана). Вакяньніцы! Божа мой! Вакяньніцы зноў не зачынены. Хадора! Хадора!

Хадора (уваходзіць). Ці гукалі?

Сомскі. Ці гукалі, ці гукалі… Я кожны дзень табе гавару. Вакяньніцы ты зачыніла, га? Мусіць чакаеш, пакуль я сам пайду зачыняць? Разбэсьціліся, паскуднікі…

Хадора. Зараз пазачыняю. (Пашла).

Сомская. Як-то Міхайлавіч наш? Такая дарога… Хоць-бы добра ўсё абышлося…

Сомскі. Калі не атрымае грошай, мы прапалі. Нам ня хопіць нават на чыгуначныя білеты… во як… ты разумееш?

Сомская. Можа зусім яшчэ і ня прыдзецца ехаць?

Сомскі. Ня прыдзецца? Ха-ха! А ў горадзе што робіцца, га? Ужо пашло мятушэньне, пашла разваруха. Так, як і тады. Я ведаю, я ўжо ведаю… А тут навакол бандыты, разбойнікі… на салдат ужо нападаюць, на маёнткі. І свае… Я баюся сваіх батракоў — ты гэта разумееш? Чорт іх ведае, што яны думаюць…

(Уваходзіць Хадора).

Хадора. Зачыніла. (Хоча ісьці).

Сомскі. Пачакай! Ты вось ходзіш там, чуеш усё… Скажы, што там нашы людзі гавораць?

Хадора. А хто іх… Рознае гавораць, што-пападзя… Як скажа каторы, дык проста — сьмех…

Сомскі. Я ведаю… Ну, а пра нас, пра паноў… як яны?

Хадора. Нядобра. Да-душы, нядобра.

Сомскі. Ну?

Хадора (пырскае). Кажуць, што вы ўжо ад страху… гэтае… (Зноў пырскае).

Сомскі. Паганцы! Нягоднікі! Я пакажу вам — страх. Я яшчэ наганю вам страху, пачакайце… Рана асьмеліліся. (Чуваць званок). Хто гэта там? Бяжы, Хадора! (Хадора пабегла. Чуваць першыя глухія грымоты).

Сомская (хрысьціцца). Божухна! Як-то Міхайлавіч наш?.. (Уваходзіць Хадора).

Хадора. Прышоў гэты…

Сомскі. Хто?

Хадора. Ахвіцэр.

Сомскі. Хай ідзе. Калі ласка… прашу… (Хадора выходзіць).

(Уваходзіць ротмістр).

Ротмістр. Добры вечар, панове! Ледзьве справіўся схавацца ў ваш ціхамірны прытулак. Зараз пачнецца добрая навальніца. Чуеце? (Грымоты чуваць чым далей, тым часьцей і бліжэй). Пан Юры дома?

Сомская. У сваім пакоі.

Ротмістр. Вы ці можаце толькі ўявіць, да чаго даходзяць гэтыя праклятыя хамы. Толькі-што каля самага маёнтку яны затрымалі коннага ордынарца, адабралі аружжа і ўсё, што было ў яго… Разумееце? Каля самага маёнтку.

Сомскі. Божа мой! Яны зараз прыдуць сюды, яны нападуць на нас… Што цяпер рабіць нам? Што нам рабіць? Пан ротмістр, няўжо вы ня можаце іх уціхамірыць? Пабіць іх, пастраляць трэба… усіх, усіх-чыста, да аднаго.

Ротмістр (грозна). Мы іх уціхамірым. Няпраўда! Мы прымусім іх супакоіцца. Досыць! Мы не дапусьцім гэтага свавольства! Усіх пераловім, усіх перабяром. Яны пазнаюць яшчэ, што значыць — ротмістр Зайнчкоўскі.

Сомскі. Сядайце, пан ротмістр, сядайце! Скажэце, што ў нас чуваць там, на фронце?

Ротмістр (з горкай усьмешкай). Аб гэтым я з роўным правам магу запытацца ў вас. Ордынарац, якога яны затрымалі, вёз сакрэтныя пакеты з штабу. Цяпер праклятыя бандыты чытаюць апошнія інфармацыі аб нашым становішчы і опэрацыйныя загады вышэйшага вайсковага начальства.

Сомскі (безнадзейна). Значыць — усё прапала. Яны зараз прыдуць. Яны ўжо сёньня ўначы забяруць наш маёнтак… і нас усіх пастраляюць…

Ротмістр. Ха-ха!.. Нашто такая безнадзейная роспач? Наша становішча яшчэ зусім моцнае. Часовыя ўдачы бальшавікоў нічога яшчэ не вызначаюць.

Сомскі. Не-не, не кажыце. Я знаю іх, яны такія… калі ўжо пашлі, дык прыдуць… напэўна, прыдуць…

Сомская. Аркадзь! Адкуль ты ведаеш? А можа наша войска пяройдзе у контр-атаку…

Ротмістр. Ха-ха-ха. Правільна, панічка, правільна… І пагоніць гэтых абшарпанцаў туды, куды Макар цялят не ганяў… (Чуваць званок).

Сомскі (трывожна). Хто там яшчэ? (Пауза).

(Уваходзіць Хадора).

Хадора. Вахцір прышоў.

Сомскі. Хто?

Ротмістр. Гэта, пэўна, мой вахмістр. Хай ідзе сюды! (Хадора выходзіць, уваходзіць вахмістр).

Вахмістр. Дазвольце далажыць… 3 Пячэрак прыехалі з паведамленьнем… У Шырокім бары, дзьве вярсты за вёскай, пан аканом… забіт паўстанцамі.

Сомскі. Я так і думаў… я так і думаў. Прапала… усё прапала… Я так і думаў…

Сомская (хрысьціцца). Божа мой! Міхайлавіч… Што-ж гэта будзе?.. Такая ноч… такая ноч… (Чуваць, што навальніца ўжо разгулялася як мае быць).

Ротмістр. Прашу супакоіцца. Я зараз выясьню ўсё… Я паеду туды… Я сам паеду…

Сомскі. Не-не… Пан ротмістр, не… ня кідайце нас… як-жа мы цяпер?.. Яны прыдуць сюды…

Ротмістр. Прашу супакоіцца. Вакол маёнтку ходзяць дазоры — вы можаце не турбавацца. Я павінен узяцца сам за гэту справу… Я прыеду і адразу прыду да вас, далажу аб усім. Дабранач! (Ротмістр і вахмістр пашлі. Сомскі ў зьнямозе сядае ў крэсла. Пауза, у часе якой толькі чуваць жудасныя гукі навальніцы).

Сомскі. Хадора! Хадора! (Уваходзіць Хадора. Сомскі гаворыць слабым дрыжачым голасам). Зачыняй усё… Запірай… Штабу там, на дзьвярох… заставіць усюды сталамі, крэсламі… Усё заперці, усё… (Хадора пашла).

Сомская. Аркадзь! Ня трэба так хвалявацца.

Сомскі. Мунічка! Ідзі спаць, ідзі… Я буду чакаць ротмістра… Я тут, на канапе, паляжу.

Сомская. Супакойся, Аркадзь, можа яшчэ і ўсё будзе добра.

Сомскі. Нічога, я пачакаю толькі… Ты ідзі, кладзіся — позна ўжо. Дабранач, Мунічка. (Сомская пашла). Я так і думаў… я так і думаў… цяпер прапала… усё… (Некаторы час сядзіць моўчкі, потым устае, укручвае ў лямпе агонь і кладзецца на канапе. У пакоі — паўзмрок. Грыміць гром і выразна чуваць шум ветру і дажджу. Потым адрывіста і рэзка зьвініць званок).

Сомскі (ускочыў). Што гэта?.. Зноў нехта… Хадора! (Паўза, потым уваходзіць Хадора). Хто там?

Хадора. Аканоміха.

Сомскі. Што ёй трэба?

Хадора. Кажа, нейкая пільная патрэба.

Сомскі. Упусьці. Хай ідзе сюды. (Устае і ідзе да лямпы. У гэты момант ціха адчыняюцца дзьверы і ў іх зьяўляецца Мікола. Сомскі падкручвае агонь, паволі абарачваецца да дзьвярэй і, ашаломлены гэтай нечаканай праявай, застывае ў тупым аслупяненьні, сагнуўшыся над лямпай. Некалькі сэкунд абодва маўчаць, потым раптам Сомскі, як няпрытомны, заходзіцца ад нейкага страшнога здушанага сьмеху).

Мікола. Ня ўздумай толькі крычаць, а то разбудзіш паню, будзе многа лішняга клопату. (У дзьверы). Хлопцы! Заходзьце сюды! (У пакой уваходзяць Кузьма і Аніська).

Сомскі. Я цябе знаю. Я пазнаў цябе. Ты — Мікола, лясьнікоў сын. (Шэпча ў дзікім жаху). Бальшавікі… Паўстанцы…

Мікола. Пэўна, ты ведаеш таксама і тое, зачым мы сюды прышлі?

Сомскі (інстынктыўна адступае назад і заходзіць за крэсла). Забіць хочаце… забіць мяне… Ідзіце, ідзіце… За што?.. Я не вінават…

Мікола. Пачнем з маленькага. Дзе ляжаць грошы?

Сомскі (узрадаваны, што яго не забіваюць). Грошы? Хе-хе… я аддам грошы. Калі грошы трэба. Дык я аддам. Я-б многа даў, каб былі. Я ўсё скажу вам… Я пасылаў аканома ў банк… хе-хе… Дык вы перанялі яго. У мяне ў хаце ёсьць дзьвесьце рублёў… царскімі… і яшчэ… я ўсё… я ўсё… яшчэ дробязь тут, у шуфлядзе… Во… усе аддам… да капейкі… (Аддае грошы).

Мікола. Брэшаш! Ня ўсе тут. Дзе рэшта?

Сомскі. Усе, да капеечкі.

Мікола (злосна). Дзе грошы?

Сомскі. Братачкі… Калі ня верыце… я ня ведаю… запытайцеся ў жонкі… Я ня буду нічога ёй гаварыць… запытайце, колькі ў нас грошай… Я аддаў-бы… Я магу потым… у мяне многа ў банку…

Мікола. На, схавай. (Аддае грошы Аніську).

Кузьма. А цяпер можна і паквітацца. (Да Міколы). Страляць ня трэба. Гэтак будзе цішэй. (Дастае з похвы кінджал).

Сомскі (убачыўшы кінджал, недалужна хапаецца за ручку ад крэсла, спускаецца на дол і хліпае, як дзяцёнак). Божа мой… Божа мой… за што… я не вінават… (Кузьма робіць крок да яго, тады ён з раптоўнай энэргіяй кідаецца да Міколавых ног і крычыць дзікім голасам). Ты не заб’еш. Дайце адну хвілінку… Я табе нешта скажу… Мікола… Я скажу дужа важнае… Ня біце мяне, пачакайце!

Мікола. Пачакай! (Спыняе Кузьму). Ну, гавары!

Сомскі. Я аднаму. Хай яны ня слухаюць… Толькі табе…

Мікола (пасьля некаторага ваганьня). Выйдзіце туды на хвілінку. (Кузьма і Аніська выходзяць). Ну, гавары!..

Сомскі. Мікола! Табе няможна мяне забіваць. Гэта вялікі страшны грэх. Ты ня ведаеш, табе, мусіць, ніхто не казаў… Ты-ж мой сын… Мікола, ты мой сын…

Мікола (ашаломлены). Сын? Твой сын? Ага, я разумею… Так, так… Вось яно… Я разумею…

Сомскі (падбадрыўшыся). Хе-хе-хе… А ты хацеў бацьку, роднага бацьку забіць…

Мікола. Гэта ты, значыць, ашукаў быў маю матку. Ха-ха! Пан матку, а паніч сястру! Сваякі! (Крычыць). Сваякі, ліха на вас, сваякі!..

Сомскі. Міколка! Сынок!

Мікола. Маўчаць! (3 пагрозай). Паспрабуй толькі яшчэ назваць мяне сынам — я цябе разарву на шкумацьце… Ха-ха! Бацька знайшоўся! Яшчэ хваліцца! Ды ты ведаеш, што я цяпер — удвая цябе ненавіджу, я цяпер з радасьцю загрыз-бы цябе сваімі зубамі… бацьку гэтага… падлюгу… (У гэты момант у дзьверы з нутраных пакояў выходзіць Юры).

Юры. Што тут такое?

Сомскі. Юра!

Мікола (крычыць). Стой! Стой там, ні з месца! Ха-ха-ха! Бацька і брат… Вось яны! Вось! Крывапіўцы! Драпежнікі! На расправу вас! На расправу! Хлопцы, сюды! Хлопцы, сюды! Хлопцы! (За дзьвярмі чуваць глухі шум, потым дзьверы з грукатам адчыняюцца, у пакой убягаюць польскія салдаты і хапаюць Міколу. Ён памыкаецца вырвацца, але ня змога). А, здрада! Арына, гадаўка!.. Хлопцы!..

Пан (крычыць у дзікай злосьці). Вяжыце яго! Вяжыце, разбойніка! А-га-га!.. Біце яго… Душыце яго!.. Душыце! Душыце! Душыце!..

Заслона.

ДЗЕЯ ПЯТАЯ

СЦЭНА 1
У лесе, перад лясьніковай хатай. Ясны сонечны дзень. На прызьбе сядзіць Наста. Яна пяе ціхую жалобную песьню.

Стучыць-гручыць дарожанька
Бяжыць бяжыць сіротачка.
— Куды бяжыш, сіротачка?
Куды бяжыш, бяздомная?
— Бягу я ў сьвет, у людзухны.
Шукаю я сваю мамачку.
— Бяжы, дзіця, у чыста поле —
У чыстым полі — гай зялёны,
А ў тым гаі — каплічанька…
Ў каплічцы тэй — сьвятлічанька
Ў сьвятлічанцы камень ляжыць,
Пад тым камнём — твая мамачка.

(Неўзаметку для Насты на сцэну ўваходзіць Андрэй).

Андрэй (жорстка). Сама што пець тады, як родны брат чакае пэўнае сьмерці… (Наста перш няўцямна глядзіць на яго шырокімі застылымі вачмі, а тады раптам пачынае плакаць. Андрэй зьбянтэжаны). Наста! Чаго ты? Я-ж зусім ня думаў, што ты пакрыўдзішся… я ня ведаў… Ну, кінь, Настулька, ня трэба…

Наста (скрозь сьлёзы). Ідзі ты… Усе на мяне… Што я каму зрабіла? (Плача).

Андрэй (пяшчотна). Ну, сьціхні… сьціхні… досыць. Гэта-ж я проста пажартаваў. Гляджу, ты сядзіш тут адна… дай, думаю, падыйду ды пасваруся на яе, быццам усур’ёз… ха-ха!.. Ты яшчэ плачаш? Во, якая сьмешная! Я пажартаваў толькі, а яна…

Наста. Што мне рабіць? Дзе мне дзецца? Няшчасьце, гора маё… Дакуль яно будзе, гэта мучэньне?.. Дакуль мне цярпець…

Андрэй. Наста! Ну, нашто ты гаруеш? Нашто мардуешся так?.. Табе здаецца, што няма ўжо і большага ліха… Во, глупства. Ці тое у людзей бывае, адылі жывуць i радасьць маюць, і ўсё як належыць… Ну, патужыла троху, дый годзе…

Наста. Не… ты ня ведаеш… ня будзе ўжо радасьці, не… Няхай сабе… Нічога ня трэба… буду так… буду… буду цярпець… (Зноў плача).

Андрэй. Гэта ты сама нічога ня ведаеш. Ты вось кажаш, што ўсе на цябе, а можа і зусім ня так. Можа хто-небудзь якраз і жалее цябе, можа мучыцца праз цябе ня менш, як ты сама… вось… (Пауза). Наста! Настулька! Ты думаеш, я ўжо на цябе забыўся, га? (Ціха). А я кахаю яшчэ… Я чакаў увесь час… Я цяпер думаю… я спадзяваўся…

Наста (перапыняе). Не кажы ты, Андрэй! Нашто выдумляць? Ня трэба нічога… няможна ўжо… не…

Андрэй. Ты думаеш, што… дзяцёнак? Хай сабе! Гэта нічога ня значыць. Хай будзе дзяцёнак. Я буду любіць яго, бо гэта-ж твой. Раз я цябе жалею, дык я і дзяцёнка твайго буду жалець… (Пауза). Наста! Настулька! Пакахай мяне зноў, як тады… Помніш, як добра было у нас?.. Хай-бы зноў… Быццам нічога такога ня было, быццам, усё так, як тады… Добра, Настулька?

Наста. Андрэй… які ты… (Не дагаварвае. Бярэ яго руку і прыхіляе да яе свой твар. Ён другой рукой гладзіць яе валасы).

Андрэй (ціхамірна). Зараз прагонім палякаў, тады ажэнімся… будзем жыць… Завядзем сваю гаспадарку, а хоць у горад паедзем разам з Міколам.

Наста (схапянуўшыся). Андрэй! А што з Міколам? (3 вялікай трывогай). Можа ўжо… можа…

Андрэй (ускочыў у раптоўным узрушэньні). Я загаварыўся… Што гэта я? Я спазьнюся, напэўна спазьнюся… Ці ёсьць хто з вашых?

Наста. Мамка ў хаце.

Андрэй (ляпае ў акно). Цётка Паланея! Цётачка! Хадзіце сюды на хвілінку! Хадзіце скоранька!.. (Падыходзіць зноў да Насты). Ты-ж ведаеш — іх злавілі ўчора ў панскіх пакоях. Арынка пастаралася. Перш сама завяла туды, а потым наказала палякам. Але нічога, нічога. Мы выручым, ты не бядуй… (Вышла Паланея).

Паланея. Што ты, Андрэйка?

Андрэй (адводзіць яе ў бок, каб ня чула Наста). Цётачка! Дрэнная справа. Сёньня ўначы іх будуць расстрэльваць. У Мар’ін Мох павядуць… Я на вашым кані паеду ў Сьлепіна, там у лесе партызанскі атрад. Можа справяцца прыйсьці да начы, дык выручаць. А вы бяжыце зараз у маёнтак і прасіце там ycix, каго-пападзя, каб хоць адклалі дазаўтрага. Выдумайце што-небудзь… Толькі скоранька…

Паланея (выцерла сьлязу). Сыночак мой… Не папесьціла я цябе, не пагалубіла… Гаротнічак мой… (Дзелавым тонам). Я вазьму хустку. Конь там пасецца, на блоньні… Наста, хадзі да дзіцяці… (Паланея i Наста ідуць у хату).

(На сцэну цяжкімі павольнымі крокамі ўваходзіць Саўка. Ён праходзіць, пахіліўшы галаву, міма Андрэя і сядае на прызьбе).

Андрэй (гаворыць сухім няпрыязным тонам). Сёньня ноччу ў Мар’іным Маху расстраляюць Міколу.

Саўка (ня выходзячы з тупога свайго задуменьня). У Мар’іным Маху… Міколу… Ён не за сябе, ён за ўсіх… Мікола — добры…

Андрэй. Я хачу на вашым кані ехаць у Сьлепіна… там партызанскі атрад… можа яшчэ адаб’юць.

Саўка. Бяры… едзь… Калі яшчэ што… можа грошы... у мяне ёсьць грошы… я ня ведаю, колькі там…

Андрэй (суха). Грошы ня трэба. (Выходзіць Паланея ў хустцы, з аброцьцю ў руках).

Паланея. Ну, пойдзем, Андрэйка, пойдзем, мой галубок! (Яны пашлі. Саўка астаецца сядзець у задуменьні. Потым з хаты выходзіць Наста і сядае поплеч з ім на прызьбе).

Наста. Татачка! Сумна мне дужа. Я ня ведаю, як мне жыць… Нішто ўжо ня цешыць мяне, нішто не весяліць. І сонейка сьвеціць ясна так, радасна, і кветачкі ўсюды… Усё красуецца, усё весяліцца… А мне сумна… заўсёды сумна…

Саўка. Яны білі мяне, дачушка, яны доўга білі… Шампаламі… шампаламі… Я прасіўся… у пана, а тады ў яго… ён сказаў, каб вялі… ён ня ведаў… ён нічога ня ведаў… Яму ніхто ня скажа…

Наста. Татачка! Пажалей ты мяне, мне-ж дужа нядобра. Мне нешта здаецца ўсё — такое чорнае, страшнае… сэрца зьнібее… ня хочацца жыць… Татачка! (Туліцца да яго).

Саўка (гладзіць яе па галаве). Ціху, дачушка, ціху, лябёдачка. Трэба кветкі зьбіраць, вяночкі віць. Вяночкі надзенеш на галоўку і песеньку запяеш… вясёлую песеньку запяеш, прыгожую…

Наста. Не пяюцца вясёлыя песьні… І кветкі на розум ня ідуць. Думаю ўсё аб ім, аб сыночку… Як яму сіротачкай гадавацца? Хто заробіць на яго, хто пракорміць? Хто яму кашульку новую справіць?.. Нядоля мая, няшчасьце горкае…

Саўка. Усім — нядоля, дачушка, усім няшчасьце… А калі тое шчасьце прыдзе?.. Ці была ты там, у заклятым маху?.. Я хаджу… Я штодня хаджу, усё выглядаю, ці ня ўзыйшлі тыя белыя ружы. Як узыйдуць ды зацьвітуць — тады і шчасьце прыдзе… Няма… ня ўсходзяць… Як быў бясплодны мох, так і ёсьць… Няма нікому шчасьця…

Наста (углядаецца ў лес). Хто гэта там? Нехта ідзе. (У раптоўным узрушэньні). Гэта ён! Татачка, гэта ён! Ён ідзе па гэтай сьцежцы, ён тут будзе ісьці каля нас…

Саўка. Хто, дачушка?

Наста. Паніч.

Саўка (таксама ўзрушаны). Ідзі, ідзі, дзетухна. (Шэпча, як змоўнік). Ідзі ў хату, скоранька. Табе ня трэба… уцякай… Я пагаманю з ім… я сам… уцякай, уцякай. (Наста ідзе ў хату. Саўка ўстае і стаіць, чакаючы. На сцэну, высьвістваючы нейкую песеньку, уваходзіць Юры. Ён хоча прайсьці міма, але Саўка яго супыняе).

Саўка. Панічок!

Юры. Што табе, Саўка?

Саўка. Справу маю да вас.

Юры (ледзь прыметна замяшаўся). А, справу… Можа-б ты стары лепш прышоў туды, у маёнтак…

Саўка (спалохана). Не, не… Я цяпер… Панічок, я цяпер… во зараз… Сядайце тут, панічок!

Юры. Ну, кажы. Толькі хутчэй — мне няма часу. (Астаецца стаяць).

Саўка (панура). Дачку маю загубілі… сьвет завязалі ёй…

Юры (пасьпешна — відаць, чакаў, што гутарка будзе аб гэтым). Я не вінават… Што-ж я… Яна сама была згодна… запытай у яе… A цяпер… што-ж я зраблю цяпер? Жаніцца я не магу — у мяне ёсьць нявеста… Але я так ня кіну… я памагу… я дам грошы…

Саўка. За грошы шчасьця ня купіш… і грэху таго грашмі не загладзіш. Страшны гэта грэх, сьмяротны… няма яму дараваньня… На мяне… на маю галаву ляжа ён… А я-ж ня бачыў, ня думаў, што гэта будзе… не сказаў… вы ня ведалі… Божа мой! Што цяпер будзе?

Юры. Пра які грэх ты гаворыш?

Саўка. Цяжкі грэх, панічок, дужа цяжкі. Вы ня ведаеце… Я раскажу вам… раскажу, як было нешта раз… У аднаго пана была нешчасьлівая жонка. Яна была не старая, але пану ўжо надакучыла. Пан шукаў сабе на старане… з другімі гуляў, а на яе быццам забыўся. Вось нешта раз спакусіў той пан адну дзяўчыну… вясковую, простую — хадзіла да яго на падзёншчыну. А як яна зацяжарыла, аддаў яе замуж за свайго парабка. Ён часта гэтак рабіў… Парабак — што… адмовіцца нельга, хлеба кусок трэба есьці… Але дужа не хацеў ён… гараваў, плакаў… Дык пан усёроўна прымусіў. (Пауза). Неяк сустрэў ён, гэты парабак, паню і шчыра пажаліўся ёй, расказаў усё. Яна тож плакала, жалкавала аб сваёй долі… Hy, вось… А потым вышла неяк… здружыліся яны… паня з гэтым парабкам… Ну, і потым… радзіўся сын у пані… ад яго… А ў той дзяўчыны таксама сын быў. І вось было тады, што ў парабка панскі сын гадаваўся, а ў пана — парабкаў. Але паня зрабіла неяк, што пан нічога ня ведаў, і ён, гэты сын яе, рос, як звычайны паніч. Ну, а бацька… а бацька служыў у іх, глядзеў на свайго сына, цешыўся, але не казаў… нікому не казаў… (Змоўк).

Юры. Ну, і што з гэтае твае байкі выходзіць?

Саўка (з нэрвовай рашучасьцю). Вось, панічок. Гэта ня байка, а чыстая праўда. Гэты парабак — я… вось… а вы… а ты — сын мой… ты сын…

Юры. Што? Я твой сын?

Саўка (узрушана) Так, так… Ты — мой сын. А Наста — сястра твая… Наста — сястра. Я не казаў… Я не хацеў казаць… дык ты… ты ня ведаў… Насту, сваю сястру… Мяне — біць… помніш, як я прасіўся… ты ня ведаў тады, нічога ня ведаў…

Юры. Ты мой бацька?

Саўка (з пачуцьцём). Сынок мой! Сыночак!..

Юры (падыходзіць да яго і гаворыць злосным пагардлівым тонам). Слухай, стары, калі ты дзе-небудзь яшчэ скажаш аб гэтым, дык я цябе… я цябе наўчу, як трымаць язык за зубамі… Шампалоў паспытаў? Калі больш ня хочаш, дык лепш маўчы…

Саўка. Як? Што ты сказаў? Ты мяне выракся?.. Выракся бацькі… выракся…

Юры. Добра запомні, што я сказаў… забудзься на тое… (Заварочваецца ісьці). Больш нічога ня маеш сказаць?

Саўка. Ідзі! Ідзі сабе… Ідзі!.. (Юры пашоў. Саўка перш стаіць нярухома, потым паціху здымае з пляча стрэльбу, узводзіць курок, цэліцца ў той бок, куды пашоў Юры, і страляе. Апускае стрэльбу, пахіляе галаву і недалужна па-старчаму хліпае. Не разабраць: ці гэта ён плача так, ці сьмяецца. З хаты выбягае Наста).

Наста. Татачка! Што гэта тут? (Зірнула ў той бок, куды пашоў Юры). Забіў! Забіў! (Памыкаецца бегчы туды, але стары хапае яе за руку i адцягвае назад).

Саўка. Стой! Гэта — мой сын. Я забіў яго… так трэба…

Наста. Сын?

Саўка. Я забіў свайго сына. Наста! Ён быў мой сын… Юрачка…

Наста. Брат мой! Брацік! (Пахіснулася і, каб не паваліцца, ухапілася за бацькаву руку).

Саўка. Ціху, дачушка… Нам трэба нешта зрабіць… нешта зрабіць… Пачакай… У Сьлепіна… ёсьць сьцежка… ніхто ня ведае… нацянькі, праз балота… Трэба бегчы, яшчэ ня позна… Трэба бегчы… (Надзявае на плячо стрэльбу і хоча ісьці).

Наста (сударгава трымаецца за яго). Татачка! Я баюся… я баюся…

СЦЭНА 2

Ноч у Мар’іным Маху. Далакопы капаюць магілу.

1 далакоп. Можа, ужо досыць?

2 далакоп. Капай, не лянуйся. Для сваіх хлопцаў ня грэх пастарацца. Хоць у магілу ў добрую лягуць.

1 далакоп. Калі страшна тут неяк… І хто гэта выдумаў, каб канечна на гэтым заклятым балоце іх расстрэльваць?

2далакоп. Гэта ўсё пан вымудрае. Ашалеў проста. Рад, што сам выкараскаўся, дык цяпер спаганяе. Месца і тое выбраў самае дзікае — каб і на магілку да іх ніхто ня прышоў.

3далакоп. А тая сучка дык цяпер і воч баіцца паказваць. Трэба-ж гэта!.. Кахаліся, блізка году пражылі былі разам, а цяпер — на табе! Сама аддала ў рукі палякам.

2далакоп. Раз паспытала ўжо панскае ласкі, дык дабра не чакай. Ня ў той бок ужо верне.

3далакоп. Казалі, быццам гэта яна ўлягалася, каб паніча ратаваць. Круцілася яна з ім.

2далакоп. А, трасца на яе! Даскачацца…

1далакоп. Ці дужа гэта страшна, калі pacстрэльваюць?

2далакоп. А цябе яшчэ не расстрэльвалі ні разу? Пачакай, можа яшчэ давядзецца — дык пазнаеш тады.

1далакоп. Я нічога дрэннага не зрабіў, дык за што-б яны мелі мяне расстрэльваць.

2далакоп. Гэтыя тож ня дрэнна рабілі. Што адным добра, тое другім — магіла. Усім, брат, ня ўладзіш. Хоць туды, а хоць туды.

3далакоп. А бальшавікі іхных бяруць. Гэтыя мужыкоў страляюць, а тыя — паноў.

2далакоп. Усіх не пастраляюць, нехта астанецца. А пакуль што — капай вось на свайго брата. Ня будзеш капаць — цябе закапаюць. Ім усё адно — ці гэта мужык, ці сабака.

3 далакоп. Ну, мусіць, досыць ужо.

1далакоп. Досыць, вядома.

2далакоп. Хай сабе і досыць. Позна загадалі, але неяк вось справіліся. Ну, пойдзем памалу — мы сваю справу зрабілі… Эх, хлопцы былі былі добрыя… Адважныя хлопцы… (Далакопы пашлі. Некаторы час сцэна пустая, потым паціху ўваходзіць Наста. Яна нясе ў руках нейкую вялікую кашолку).

Наста. Тут… Гэта тое заклятае месца. Як тут цёмна! Нікога няма, нікагутка. Ніхто ня ўбачыць… не дазнаюцца…(Становіць кашолку на дол, нахіляецца над ёй і бярэ адтуль нешта завінутае ў шмоткі). Сыночак мой, зорачка мая ясная… Які ты халодненькі… Вочкі твае ўжо ня сьвецяць… вочанькі мае дарагія… Гэта я, сынок, я сама загубіла цябе… Табе няможна было жыць, маё дзетухна, бо твой бацька — мой родны брацік. Гэта — грэх, дужа страшны грэх… Твой бацька таксама памёр. Ён быў нядобры, ён дужа крыўдзіў тваю мамку… і за гэта памёр… Сыночак мой родненькі… Ты ня злуеш на мяне? Ня злуеш? Ну, зірні на мамку сваю… ну, засьмейся… вочанькі мае ясныя… (Пауза). Я пахаваю цябе, мой сыночак… тут пахаваю, з дзяўчынкай-сіротачкай. Яна прытуліць цябе, прыгалубіць… Яе брат загубіў, а цябе — родная матка. Я пахаваю… (Устае і ідзе па палянцы, выбіраючы месца, дзе пахаваць. Убачыла выкапаную магілу). Хто гэта выкапаў магілу майму сыночку? Нашто яму такая вялікая магіла? Ён-жа зусім маленечкі. Ён-жа толькі яшчэ наўчыўся гукаць сваю маму. Ён выразна, зусім выразна гукаў: — Мама! Мама! Бацька ня чуў, ён ня прышоў паглядзець на свайго сыночка. (Становіцца на калены і спускае дзяцёнка ў магілу). Сьпі, мой родны, сьпі, даражэнькі. Тут і дзяўчынка тая… Вы дружыце з ёй, не сварыцеся — вы-ж абое сіротачкі. Я пасаджу вам тут, на палянцы, прыгожыя кветачкі, вы будзеце з імі гуляць, забаўляцца. Толькі ня рвіце іх, хай растуць кветачкі, хай красуюцца. (Ідзе да кашолкі, бярэ з яе кветкі і содзіць у мох. Потым тут-жа, каля іх, сядае на дол). Сьпіць мой сыночак, мая зорачка. (Сьпявае калыханку).

Сьпі, сыночак міленькі,
Галубочак сізенькі!
Мой сыночак будзе спаць,
А я буду калыхаць,
А-а-люлі…

(Схіляе галаву сабе на калены і заціхае. У ночнай цемры бліскаюць балотныя аганькі. Яны паступова набліжаюцца, зьбіраюцца ў вобразе жывых істот на паляне, пачынаюць скакаць вакол Насты і сьпяваць).

Доля табе даравала
Мукі спустошаных дзён —
Шчасьце, ня цьвіўшы, завяла,
Радасьць мільгнула, як сон.
Недзе ў захмаранай далі
Згасьне былая краса.
Ясныя вочы апаліць
Сьлёз агнявая раса.
Пойдзем за намі, сястрыца,
Ў дзіўны наш край пад зямлёй —
Там у прыгожых сьвятліцах
Знойдзеш сабе ты спакой.
Там цябе сьветлыя мары
Радасным сном апаўюць…
Там на чароўных абшарах
Белыя ружы цьвітуць.
Сюды! Сюды! Сюды! Сюды!

(Разьбягаюцца ў розныя бакі, клічучы за сабой Насту, Наста ўзьнімае галаву, глядзіць перад сабой застылымі вачмі, потым устае).

Наста. Сынок мой!.. Сыночак… Ён гукае мяне… Сыночак мой! (Ідзе за аганькамі проста ў глыбіню сцэны i хаваецца ў цемры. Некаторы час стаіць цішыня, потым чуваць далёкі перарваны крык, крык чалавека, які топіцца, і за ім звонкі гульлівы рогат па лесе. Зноў усё сьціхла. За сцэнай чуваць глухі гоман, потым на палянку выходзіць купка польскіх салдат пад камандай вахмістра. Яны вядуць зьвязаных Міколу, Кузьму і Аніську).

Вахмістр. Чорт нейкі выдумаў весьці ў гэтае дзікае балота — няможна было там спарадчыць, ці што. Нікай тут па гэтых нетрах, яшчэ ўзапрэшся на банду якую. Дзе-ж тая яма? Ага, во яна… Станаві! (Салдаты становяць на край магілы зьвязаных хлопцаў). Завяжы вочы! (Адзін салдат хоча завязваць).

Кузьма. Адыйдзі! Ня трэба…

Аніська (дрыжачым голасам). Хлопцы… паміраць… паміраць ужо… дрэнна мне… дрэнна…

Мікола. Маўчы, Аніська! Абапрыся аб мяне… гэта ня страшна…

Вахмістр (камандуе). Стройся! (Салдаты строяцца).

Мікола. Кузьма… Мы з табой жылі… ваявалі… разам усё…

Кузьма. І разам памром…

Вахмістр. (Камандуе). На прыцэл! Страляць па камандзе «тры». (Паўза). Раз… Два… (Раздаецца стрэл і вахмістр валіцца на зямлю. У гэты самы момант з-за кустоў выскакаюць паўстанцы, кідаюцца на салдат і, пасьля нядоўгае тузаніны, абязбройваюць іх. На сцэне — шум, мітусьня, радасныя крыкі, прывітаньні. Хлопцаў разьвязваюць, абкружаюць шчыльным колам).

Галасы паўстанцаў.

— Во яны! Во яны! Жывыя! Браткі, жывыя!..

— Якраз падасьпелі!..

— Здаровы, хлопцы!

— Разьвязвайце! Разьвязвайце!

— З мёртвых уваскрэсьлі, ха-ха!..

— Давай пацалуемся!

— Пусьці, дай мне!..

— Аніська! Ну, як паміраць?..

Антось. Хлопцы! Засыпайце зараз-жа яму — каб памяці аб ёй не асталося. (Паўстанцы пачынаюць засыпаць. Антось зьвяртаецца да Міколы). Ну, і ўлучылі-ж, у самы раз. Каб яшчэ дзьве сэкунды — і ўсё… А беглі-ж як… на ўсю сілу…

Мікола. Як вы справіліся? Хто наказаў вам?

Антось. Стары прыбег. Ён-жа і прывёў нас нацянькі цераз балота…

Мікола. Які стары?

Антось. А во хто… (Паказвае на Саўку).

Мікола. Бацька! Бацька! (Кідаецца да Саўкі і парыўчата яго абнімае).

Саўка (узрушаны). Ты — сын мой… Ты — сын мой… Ты — добры…

Голас за сцэнай. Стой! Пачакай!

Мікола. Хто там крычыць?

(Голас за сцэнай. Стой! Пачакай! Стой! Пачакай!)

(На сцэну выбягае Іўка).

Іўка. Абач! Гэта-ж свае тут. Мікола… Ратавалі ўжо, значыцца…

Антось. Ці гэта ты там крычаў?

Іўка. Ясьцесьцьвіна. (Ураз мяняе тон і крычыць, як на мітынгу). Таварышы! Дазвольце далажыць… у маёнтак прышлі чырвоныя… трэцяя рота пяхотнага палка стралковай дывізіі… Палякі ледзьве ўцяклі… Арыштавалі пана, аканоміху, усіх… Значыць, ура!..

Усе. Ура! Ура!.. Хай жыве Чырвоная армія!

Мікола (як троху сьціхлі крычаць). Дзе Андрэй?

Іўка. Андрэй? (Запнуўся). Ён паехаў быў, каб наказаць хлопцам…

Мікола. Ну?

Іўка. Як выехаў за маёнтак, яго заўважылі. Гукнулі, каб спыніўся, але ён не паслухаў. Тады сталі страляць і…

Мікола. І што?

Іўка (панура). Забілі… (Некалькі сэкунд пануе цяжкае маўчаньне).

Мікола. Калі прышлі чырвоныя?

Іўка. З гадзіну ўсяго. Яны ідуць сюды, цэлы ўзвод. Я наперад забег. Мусіць зараз надыйдуць.

Адзін з партызанаў. Каб не заблудзіліся часам…

Антось. Хлопцы! У каго там былі ракеты? Палі ракеты!.. (Пускаюць адну за аднэй ракеты, сцэна асьвятляецца зыркім сьвятлом).

Аніська (крычыць, як няпрытомны). Братачкі! Белыя ружы!..

Галасы з натоўпу.

— Дзе? Дзе яны?

— Вось… Вось!..

— Адкуль яны ўзяліся?

— Пасадзіў нехта…

— Самі вырасьлі можа…

(Усе паўкругам становяцца вакол пасаджаных Настай кветак. У сярэдзіну гэтага паўкругу выходзіць Саўка. Ён становіцца на калены перад кветкамі і гаворыць дрыжачым, урачыста-напружаным голасам).

Саўка. Белыя ружы… Белыя ружы… Калі закрасуюць белыя ружы… Яны закрасавалі… Закрасавалі белыя ружы… і шчасьце прышло… прышло… Шчасьце будзе!..

Заслона.