Перайсці да зместу

Развал у Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі і яе шкодніцкая праца на нашых землях

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Развал у Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі і яе шкодніцкая праца на нашых землях
Публіцыстыка
Аўтар: Ян Пазняк
1930 год
Крыніца: Беларуская крыніца, 1930, №26

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нікому ня ёсьць сакрэтам, што Комінтэрн мае асобны аддзел сваей камуністычнай партыі ў нашым краю, які носіць назоў Комуністычнай Партыі Заходняй Беларусі ці ў скарочаньні К.П. З.Б. Гэты аддзел комуністычнай партыі ня ёсьць самастойнай партыяй на нашых землях, якая-б магла выбіраць з паміж сябе людзей на кіраўнічыя становішчы і кіравацца пастановамі сваіх сяброў. Не, гэты аддзел, ці як яго камуністы назвалі К.П.З.Б. цалком залежны ад Комінтерну і мусіць выконываць загады накінутыя згары. Мала таго, што К.П.З.Б. мусіць толькі выконываць загады Комінтэрну, не ўваходзячы ў крытыку гэтых загадаў, але К.П.З.Б. аддана пад надзор і кіраўніцтва комуністычнай партыі ў Польшчы. Кожны сябра К.П.З.Б. гэта найміт Комінтэрну, які мусіць рабіць тое, што прыкажа згары начальства. Начальства-ж гэтае, маючы на мэце сусьветную пралетарскую рэвалюцыю, прыказвае сваім наймітам дезорганізаваць масы, "узрываць" усялякія культурна-прасьветныя, палітычныя, грамадзкія гаспадарча-коопэратыўныя і іншыя арганізацыі. A гэта дзеля таго, каб не дапусьціць працоўныя масы да матэр'яльнага дабрабыту і прасьветы. Словам, Комінтэрн, хочачы падгатаваць грунт да пралетарскай рэвалюцыі, трымаючы правіла: "чем хуже, тем лутше" — стараецца адцягнуць масы праз дэмагогічную агітацыю сваіх наймітаў ад таго шляху, на якім гэтыя масы могуць дайсьці да лепшага заўтра.

Цяпер вось заўважваецца нейкая новая тактыка ў дзейнасьці наймітаў Комінтэрну, якія належаць да брыгады аддзелу К.П.З.Б. Дзейнасьць-жа гэтая выглядае на тое, што гэты ваюючы аддзел пачынае адступаць ці лепш сказаць адыходзіць з нашай вёскі ў больш згушчаныя масы места.

Прычынай адыходу „змагароў" за пролетарызацыю беларускіх сялянскіх масаў з вёскі зьяўляецца ўзрост сярод народных масаў нацыянальнай сьведамасьці і зразуменьне ад'емных старон гаспадарчага ладу ў С.С.Р.Р. А з прычыны гэтай пачалі моцна радзець і рады аддзелу — К.П.З.Б. на нашым сяле.

Кіраўнікі, хочачы ўтрымаць сваю пляцоўку ў нашым краю, пачалі ўцягаваць да працы ў К.П.З.Б. каго папала. Прыймаючы на такую працу людзей проста з вуліцы, рэч зразумелая, набралі мноства правакатараў і падонкаў грамадзянства, якія ніколі ніякай ідэі ня мелі і мець ня могуць дзеля свайго ўладку маральнага, а йдуць на нелегальную падпольную камуністычную працу толькі таму, што за гэта плацяць ім грошы. У выніку гэтага — пагалоўныя арышты гэтых наймітаў, якія адзін другога выдаюць.

Ня ёсьць так-жа сакрэтам, што камуністы стараліся сваіх людзей прапіхаць у рожныя арганізацыі легальныя або перакупляць нячэсных сяброў тых арганізацыяў, каб такім чынам рабіць там сваю работу: сьпярша падважываць мараль сярод сяброў тых арганізацыяў і раскладываць іх унутры. Калі-ж ім гэта не ўдавалася, яны такую арганізацыю "ўзрывалі".

Як заўважываецца, дык камуністам на беларускай вёсцы праца не ўдаецца, бо пайшлі яны на "ўзрыў" па ўсім фронце.

Раскідываньне ў вялікай колькасці, па зьместу дурной, літаратуры ў публічных мясцох — па дарогах, укладываньне ў легальныя, добрага і здаровага зьместу, кніжкі друкаў камуністычнай прапаганды, падшываньне пад аўтарытэты ў народзе, выкарыстоўваючы іх імя фальшыва выдаючы з выдрукаваным іх прозьвішчам, як выдаўца брашуры, (як гэта зроблена з кс. А. Станкевічам) і ў рэшце надпісываньне на брашурах камуністычнага зьместу аб колектывізацыі загалоўкаў „Аб узгадаваньні дзяцей" — сьведчыць аб тым, што беларускае сялянства ёсьць элемэнтам адпорным для камуністычнай ідэолёгіі.

Бачачы гэта, камуністы пайшлі на эфэкт вонкавы, загадываючы сваім наймітам „узрываць", дзе змогуць, легальныя арганізацыі і выступаць правакацыйна прад паліцайскімі ўладамі, каб гэткім спосабам навясьці тэрор з боку паліцыі ў адносінах да нічым нявінаватай люднасьці і легальных арганізацыяў.

Гэты эфэкт камуністычнай дзейнасьці — гэта ні што іншае, як сьмяротная агонія. Але і ўміраючы зьвер у конвульсыйным дрыганьні нагамі можа зраніць чалавека. Дык аб гэтым трэба помніць і належна высьцерагацца.

я. д.