Перайсці да зместу

П.С.Х. (1923)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
П.С.Х.
Камэдыя
Аўтар: Леапольд Родзевіч
1923 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СУЧАСНЫ.


П. С. Х.

ФАЦЭЦІЯ НА 1НУ ДЗЕЮ.


СУЧАСНЫ.


П. С. Х.

ФАЦЭЦІЯ НА 1НУ ДЗЕЮ.



Выданьне Беларускага Грамадзянскага
Сабраньня ў Вільні.



1923 г.
Друкарня Бэккера Субач № 2.

ДЗЕЯЧЫЯ АСОБЫ:

1. Гаспадар,

2. Гаспадыня,

3. Чырвонаармеец,

4. Кітаец,

5. Сусед.

Сялянская хата. Сьмяшны безлад, напрыклад: на стале ляжыць лапаць, на печы табурэт, вядро на ложку і т. п. З аднаго боку сцэны сядзіць Г-ня і клепіць касу, альбо сячэ дровы, з другога боку Г-р, які латаець аграмадную дзіру у нагавіцах на калені і насьвістывае на матыу якой небудзь рэвалюцыйнай песьні. Якісь час мімічная ігра.

Гаспадар. Цьфу! Дзе гэта відана, каб жанаты чалавек латаў сабе нагавіцы.
Гаспадыня. Ох, дзе гэта відана, каб замужняя жанчына секла дровы штодня.
Гаспадар. А зусім зразумела. Не сяку дроў, бо ня маю часу — мушу латаць нагавіцы, мушу рабіць тваю работу.
Гаспадыня. Брэшыш, гэта я раблю і тваю і сваю работу, а ты толькі бадзяешся па сходках ды дурыш людзей. Падумаеш, у партыю запісаўся! Арацер! Камуністы! Цьфу! Пустадомак ты, а не гаспадар. Паглядзі да чаго ты хату давёў, як пасьля пажару. Ужо хай-бы валачыўся па чужых кутох, валакіта паджары, дык не, навёў груганьня, а тыя ўсё ўверх дном паставілі. (парадкуець у хаце).
Гаспадар. Ай, ёй! У калена ўкалоў. Сьціхні ты хай цябе люндар сьвісьніць — заслухаўся і ўкалоў. Вельмі ўжо складна язык твой завіхаецца, глядзі, каб ён цябе на камісара ня выкіраваў.
Гаспадыня. Гэта ты дамагаешся такой чэсьці, а ў мяне камісар і атопка ня варт.
Гаспадар. Ой ня разганяйся вельмі. Цябе, таварыш жонка, як відаць буржуйскае натхненьне апанавала.
Гаспадыня. Ты сваё настаўленьне сабе на сьнеданьне пакінь, бо мне ад іх толькі духі падводзіць.
Гаспадар. Вось я табе і кажу, што гэтыя паскудныя, буржуйскія духі лепш выпусьці, бо я як партыйны не пацярплю, каб…
Гаспадыня. Ах, каб ты затонуў, во чаго дачакалася. Прышоў гэта ў маю хату прымакам, прышоў, як кажуць, на ўсё гатовенькае, усё змарнаваў, усё праеў…
Гаспадар. Брэшыш, ня ўсё праеў, было так, што і прапіў.
Гаспадыня. …Нават пад бок няма чаго падлажыць…
Гаспадар. І добра ня будзеш доўга спаць.
Гаспадыня. …У хаце пуста і аруды пустыя…
Гаспадар. Дужа добра. На выпадак пажару меншая страта будзе.
Гаспадыня. Вельмі ўжо разумны, як абора ад лапця.
Гаспадар. Ды я табе паказаўбы свой розум, але ты яго не патрафіш убачыць.
Гаспадыня. Ну ўжо і розум з хлеба гузікі рабіць.
Гаспадар. А ну давай падужаемся. Вось скажы ты мне, сарока-белабока, што такое калакціў?[1]
Гаспадыня. Дурань ты!
Гаспадар. У дурня ўсё дурное. Слухай-жа: калакціў гэта такая машына, зробленая з людзей — і калі яе пусьціць у равок, рэвалюцыйны, значыць, камітэт, дык яна наробіць такі тарарах, што ажно ўвесь сьвет вушы падыміць.
Гаспадыня. І калі ў ўсім сьвеце будзе такі парадак як у нас у хаце, і калі ў жываце кожнага будзе вурчэць ад голаду, як у мяне, дык гэта будзе ня сьвет, а пекла.
Гаспадар. Калакціў што хочыш зробіць: з неба пекла і з пекла неба. Праз яго мы паднявольныя, працоўныя загаспадарым на ўсім сьвеце, запануем над панамі і дазволім сабе аддыхнуць, бо ўжо годзі напрацаваліся. Вось як!
Гаспадыня. Нос лепш свой вытры ды навучыся перш быць гаспадаром у сваей хаце, а пасьля думай аб усім сьвеце.
Гаспадар. Ня я гаспадар, увесь народ гаспадар, бо я што — гузік. Ды ў мяне нічога свайго няма. Хата, жонка, душа і нават люлька не мая, а ўсіх, агульная. Цяміш, сарока-белабока. Есьць такі таварыш Пардон[2], дык ён кажа, што уласнасьць гэта — кража.
Гаспадыня. Вось пачуў ад неякага галадранца і чаўпець як у пустую бочку.
Гаспадар. Вось-жа! У галадранца найчасьцей бывае голая праўда.
Гаспадыня. Ох каб я ведала, што ты пераверніся ў камуністу, дык лепш бы галавой у прорубку кінулася, чым за цябе замуж выхадзіць.
Гаспадар. Каб я ведаў, што ты абуржуеся, дык аб‘ехаў бы цябе як дзірку ў мосьце. І зачашы сабе на носе, што калі мы збудуем камуністычны рай, дык цябе паганае зельле і на вярсту не падпушчу.
Гаспадыня. У ваш ряй толькі здохлых катоў кідаць.
Гаспадар. Вось каб ты была так разумная як дурная, дык я крыху мог бы падурнець і далей з табой пагутарыць, а так няма аб чым, бо ты калода трухлявая.
Гаспадыня (плачучы). Я ведаю, што я табе ня жонка, а калода. Ох, доля мая! І сьмертухны на мяне няма. Думала, дзетак дачакаю, жонкай і гаспадыняй буду, а тут на табе калода, наймітка…
Гаспадар. Маніш. Наймітка я не казаў, бо і па дэкрэту найміты не палагаюцца.
Гаспадыня. Усе суседзі жывуць як людзі, а мы як на папасе, — проста рукі ападаюць. Ох, няма ў цябе нічога сьвятога; поўзаеш ты як крот, точыся куды ня трэба, як жук. Ты толькі падумай ці-ж мы на тое будавалі гэтую хатачку, каб у ёй панаваў безлад і папасывалася розная нечысьць. Верабей і той будуе сабе гнязьдзечка, бароніцца і дзетак гадуе, а тут… сэрца толькі крывёй абліваецца.
Гаспадар. Гэта ўсё на праўду як бы і падобна, але калі бачыш ужо час такі: безпартыйнаму хоць трэсьні, ані як ня можна быць: альбо туды, альбо сюды.
Гаспадыня. А ты ня туды і ня сюды, а будзь тут, тутэйшы і пільнуй сваей хаты.
Гаспадар. Яно то справядліва, але цемната наша вельмі ўжо надакучыла. Хочыцца выбіцца ў людзі. Сьвет, бачыш, ня толькі ў вакне, але і за вакном ёсьць.
Гаспадыня. Калі сам сабе цаны не знаеш, дык людзі цябе не ацэняць.
Гаспадар. Былі-б залатыя твае словы, але ты іх так мочыш сьлязьмі, што выходзіць адна гразь. Вось пакінь лепш плакаць. Дай папалудняваем — мо я і палепшаю.
Гаспадыня. (даець есьці) А ужо дабраты ад цябе не дачакаешся — добра, каб ты хоць паразумнеў крыху.
Гаспадар (есь) Ты толькі ня плач — усё добра будзе. І хата не перакуліцца, і дзяцей як бобу будзе, і пойдзе спор і прыбытак.
Гаспадыня. (голасна уздыхае)
Гаспадар. Што так жаласна уздыхаеш?
Гаспадыня. Цяжка мне, што няма ў нас гаспадарскага жыцьця: ніколі ты не абнімеш, не пакахаеш мяне.
Гаспадар. Дай во заціркі пад‘есьці, дык і пакахаю.
Гаспадыня. Ну дык і я табе памагу, каб хутчэй (есь зацірку).
Гаспадар. Спраўлюся я і адзін… Паможыш ты мне, як кашаль хваробе… (маучанка).
Гаспадыня. Ці ты чуў, што Тамашыха разсыпалася? Дзяўчынка дык як анёлачык.
Гаспадар. А ты мне глядзі, каб хлапцоў.
Гаспадыня. Гэта ўжо прасі бусла.
Гаспадар. Каб хлапцоў і каб па двое (шчыпець Г—ню)
Гаспадыня. (ойкае і рагоча).
Гаспадар. І каб па мне пашлі… (якісь час жартуюць. Стукат у вакно).
Голас суседа. На сходку! На сходку!
Гаспадар. (кідае есьці) Ужо! Ужо іду! (бяжыць завіхаючыся, але Г—ня ловіць яго за падалы).
Гаспадыня. (крычыць) Гвалту! Каравул! Замуча ён мяне, заб‘ець, загубіць!.. (убегае сусед).
Сусед. (да Г—ра) За што ты яе б‘еш? Шэльма ты! Чым яна табе правініла?
Гаспадыня. А табе, дабрадзею, што за інтэрас? А можа я сама хачу, каб ён мяне біў!
Сусед. (адступаючы) Ды мне што — вось пачуў гвалт, дык і прышоў.
Гаспадар. (выбегае).
Гаспадыня. І сам прышоў гвалтаваць. Што гэта па твоему муж ня мае права біць сваей жонкі?! Апякун які вырваўся, як Піліп з канапель. Можаш сабе выходзіць з чым прышоў, ды жывей, каб тут твайго і смуроду ня было, бо зараз чапялой…
Сусед. (уцекаючы) Вось ведзьма кіеўская!
Гаспадыня. (адна) Гэта мужыкі называюцца! Адзін уцекае ад жонкі з хаты, а другі не дазваляе жонку біць. Цьфу! Вось і жыві цяперашнім сьветам. І што мне рабіць беднай галованьцы! Ізноў адна ў хаце. Хоць ты ў пятлю лезь… Ох як гэта цяжка калі муж ёсьць і ён ня муж, а валакіта. Былі тыя, паны, дык глядзей рукі сашчапіўшы, як яны ўсю дамову глумілі, поўзаў на ўслугі, прадаваўся за тры грошы, а цяпер з гэтымі камяністымі заюрыў, на партыю захварэў, зыкуе па сходках… Ну, але не я буду калі табе гэта не адкінецца. (Убегае Чырвонаармеец і Кітаец з нашытымі гвяздамі і равольварамі на пагатове).
Чырвонаармеец. (акцэнтуе памаскоуску). Руки вверх!
Гаспадыня. Дык у нас нічога няма… Было калісь, але…
Чырвонаармеец. Бандиты?
Гаспадыня. Ведаю, што вы бандыты, толькі-ж я кажу, што нічога няма. Жыцьцё мілей — усё-б аддала.
Чырвонаармеец. Молчать! Где контреволюціонеры?
Гаспадыня. Як?
Чырвонаармеец. Чаво?
Гаспадыня. Як, пытаю.
Чырвонаармеец. Буржуев здеся нетути?
Гаспадыня. Буржуеў кажыце… Гм буржуеў… дзе тут бы выдлубаць буржуя… У вёсцы дык няма… А тут, гм… Чакайце! Есьць! Вось у гэтай хаце жывець! Страшэнна буржуеваты боўдзіла.
Чырвонаармеец. Живет? Подать ево сюда!
Гаспадыня. Ды дзе яго цяпер зловіш. Прыдзе сам, дзе ён дзеніцца. Але гэткі ці ведаеце закаранелы буржуй, што мне проста ад яго жыцьця няма. Добра што вы прышлі. Сядайце, калі ласка. Я вас не пазнала з перапуду — прыдзецца падкурываць. Сядайце. Буржуй страшэнны мой муж. Ен гразіць цэламу сьвету — машыну неякую выдумаў, — хітра так называецца…
Чырвонаармеец (да Кітайца) Слыхал… Машыну… будет жарко…
Кітаец. (замычау)
Гаспадыня. І гэтай машынай хоча ўвесь сьвет пад сваю ўладу закаціць. Да душы праўда, надовеча мне хваліўся — як жонцы дык ён аб усім хваліцца.
Чырвонаармеец. А где он теперича буржуйничает?
Гаспадыня. Паляруш яго ведае дзе ён. Мо гэтую машыну пускае ў ход… Толькі вы не зьвяртайце на яго ўвагу, калі будзе хваліцца быццам ён камуністы. Хавай Божа ён ім ніколі ня быў і ня будзе. Трэба толькі яго добра пужануць бізуном ці чым іншым — у момант прызнаецца. Я ўжо яго натуру знаю.
Чырвонаармеец. (трасе нагайкай) Не изволь беспокоиться товарищ мы ево прыведем-то в христіанство. Слушай ты, попугай китайский, ежели он будет сопротивление оказывать, так стегай ево поразмашистей. Понял?
Кітаец. Дау туарышч.
Гаспадыня. (глядзіць на Кітайца падпершы галаву рукой) Божа моцны, якіх гэта толькі стварэньняў няма на сьвеце. Вось паставіць бы яго на варыва замест пугала (да Кітайца). Скажы, ці гэта твой народ есь людзей?. Ай, ай… не падходзь… стой… баюся. Згінь ты прападзі.
Чырвонаармеец. Ха-ха-ха… боишся смерти, голубушка. Ну, красавица, пока суд да дело попотчуй-ка нас таперича чайком-то.
Гаспадыня. Нічога галубочкі ня маю: ні хлеба, ні да хлеба.
Чырвонаармеец. Да-а. Дело значит лафа… А знаеш, курносая, ты мне больно ндравишся.
Гаспадыня. Ня ведаю. Ня цямлю.
Чырвонаармеец. То есть как так „ня цямлю“.
Гаспадыня. А так, што каб вас уцяміць, дык трэба бочку жалезнага бобу зьесьці.
Чырвонаармеец. Да-а. А меня поцелуеш-то жисть ты моя?
Гаспадыня. Ну так ужо зразу і цалавацца.
Чырвонаармеец. Ну, а какое такое тебе удовольствие составить, чтобы расположение иметь?
Гаспадыня. А вось трэба паставіць моцную гарэлку і палажыць смашную закуску, дык тады і пагутарыць весялей будзе. Тады гэтае вашае распалажэньне і састаўленьне будзе.
Чырвонаармеец. Ха-ха-ха… Эх, ты, мая розлапушка! Ну раскосы замечаеш бабу-то? Как тебе?
Кітаец. (цмокае у пальцы) Цк, туарышч!
Чырвонаармеец. Тото-оно-то. А если бы у тебя не были раскосые глаза, так ты еще бы больше толк взял в этой разлапушке-то. Ну так валяй к подводе и тащи… понял? І что-б без промедления обратно водварился.
Кітаец. Дау туарышч! (выходзіць).
Чырвонаармеец. Ну, а ты песни играть-то умеешь?
Гаспадыня. А як калі давядзецца.
Чырвонаармеец. Чорт! Вот уж ни бельмеса не понимаю. Скажи, пожалуйста, это ты польским изречеинем разговоры разговариваешь?
Гаспадыня. Ды куды там — па польску інакш.
Чырвонаармеец. А ну жарни папольски-то.
Гаспадыня. Пся крэв, прошэн пана…
Чырвонаармеец. Ха-ха-ха… оченно мудренно. А вот каким языком ты из‘ясняешся?
Гаспадыня. Якім… пабеларуску.
Чырвонаармеец. Какой такой белорусский?
Гаспадыня. Ну пабеларуску, патутэйшаму.
Чырвонаармеец. Ха-ха-ха… чудно ей Богу! Долго странствовал, много видывал, но таких, так сказать, переплётов не слыхивал, ей Богу.
Кітаец. (Уносіць закуску і выпіуку).
Чырвонаармеец. Ура, китайский попугай!
Гаспадыня. (Падае чарку).
Чырвонаармеец. І так начнем трапезу. Выпем за расположение и составление ха, ха, ха… (выпіваюць. Чырвонаармеец пяець).

Седит Ванька на заборе
С выраженіем во взоре

Гаспадар. (уваходзіць). Го-го! А гэта што за баль?
Гаспадыня. Вось ён…
Чарвонаармеец. А ты хто будеш? Ты хозяин?
Гаспадар. Гм. Калі што добрага, дык я.
Чырвонаармеец. Ты, голубчык поудержи своё словоизлияние, а отвечай на самую то суть относительно касательнаго факта.
Гаспадар. Які хвакт? Адкуль ён?
Чырвонаармеец. Опять своротил на окольную… Говори ты буржуй?
Гаспадыня (вышла).
Гаспадар. Ха-ха-ха… я буржуй, ха-ха-ха… ну і сьмехатун.
Чырвонаармеец. Чево „сьмехатун“ буржуй спрашываю?
Гаспадар. Што-о? Ты, таварыш, не лайся, бо я, таварыш, таксама таварыш. Я нават таварыш самага важнага тут у вёсцы таварыша — з малку з ім грушкі кралі, сьвіней пасьвілі…
Чырвонаармеец. Нет голубчик не ускользнеш — мы тоже знаем, что ты знаеш (да Кітайца). А ну вяжы ево да покрепче.
Гаспадар. Як мяне гаспадара… за што? На што?
Чырвонаармеец. Говори ты буржуй?
Гаспадар. Хавай Божа, ніколі ім ня быў. Стойце чаго вы прысталі. Які я буржуй. Вось недаўна латаў сабе лату ды зацірку хлебаў.
Чырвонаармеец. (да Кітайца) Зашпандорывай ему в задния обстоятельства.
Кітаец. (б‘ець Гаспадара).
Гаспадар. Ай, ай! Стойце! Што гэта вы, таварышы, пашалелі ці што. На якога чорта вам здалася мая скура? Па дэкрэту не палагаецца біць.
Чырвонаармеец. Сознайся, аль еще мала всыпали?
Гаспадар. Цьфу, напасьць! Калі вам так трэба, каб я быў буржуй, дык хай сабе буржуй. У мяне ўжо розум за розум заходзіць. Мо я і сам не заўважыў як як зрабіўся буржуем…
Чырвонаармеец. I динамо-машиной обладаеш?
Гаспадар. Ці чуў?! Ая-я.
Чырвонаармеец. І всему пролетарьяту угрожаеш?
Гаспадар. Во як! Няўжо?
Чырвонаармеец. Сознайся, мразь афрыканская!
Гаспадар. Чакай, дай успомніць, нешта мне гэта не ўпамяці.
Чырвонаармеец. Эй, раскосы, дай ему на память-то.
Гаспадар. Ай, ай. Ужо, ужо успомніў: угражаю, усяму пралетарыяту угражаю, як ёсьць. Цьфу! Ну і папаўся як таркан у саладуху.
Чырвонаармеец. Ставь, раскосы, буржуя к стенке. Растреляем собаку. (бяруць на прыцэл).
Гаспадар. А браточкі, а даражэнькія… за што, за якое. Я ўжо ўсё, што вы хочыце… Я ўжо нічога, нікому, ніколі, ніякага… Каравул! Ратуйце!
Гаспадыня (убегае). Таварышы, таварышы! Уцекайце, — паўстанцы! Паўстанцы з лесу выходзяць і проста на вёску валюць (Чырвонаармеец і Кітаец рупна уцікаюць).
Гаспадыня. Ха-ха-ха… Вось ашукала. Цяпер іх камянем не дагоніш і сабакамі ня зловіш.
Гаспадар. Ох, дзякуй табе, мая ты збавіцелька. Яшчэ мамэнт і мяне ня стала-б.
Гаспадыня. Вось бачыш я да цябе заўсёгды з дабром, заўсёгды шкадуючы, а падзякі ад цябе як няма дык няма.
Гаспадар. Як жа я табе падзякую — бачыш рукі і ногі зьвязаны. Вось разьвяжы мяне мая шчэбятушка—весялушка.
Гаспадыня. А за што гэта яны цябе так сьпеленалі.
Гаспадар. Ат, глупства! Ну ведама партыйная справы: я сваё, а яны сваё — далей, болей і мяне чуць не замучылі. Ох, напужалі…
Гаспадыня. Горш яшчэ будзе, калі ня будзеш жонкі слухаць.
Гаспадар. Ой, развяжы…
Гаспадыня. Няма мне часу. Ты тут паляжы, аддыхні, папільнуй хату, а я тым часам пайду на сходку курэй ды парасят.
Гаспадар. Жоначка развяжы.
Гаспадыня. Пасьпееш з козамі на торг, (вышла).
Гаспадар. (злосна). Жонка! Жонка! Ці я табе балей не гаспадар? Га? Разьвяжы кажу. Чуеш, бо дрэнна будзе. Гэй, там хто жывы, выручайце! (маучанка). Ах, хварэць вашай галаве! Што гэта вам я на сьмех радзіўся. Калі-ж так, дык вам давяду, што я ня лыкам шыты (рвець вяроукі). К чорту вашы путы! Вось як! Калі сам сабе не паможыш, дык ніхто табе не паможа! Ну, дрыжы вораг! Вррр… Я пабіты, абакрадзе, аблаяны завурчэў са свайго логва, з хатачкі маей апушчанай пакрыўджанай. Ух, задам такога пытлю, што… (чапляецца за венік). А ты што таксама ў іх хэўру запісаўся? (ломіць, топча). Вось табе, во знай свайго гаспадара. Чакайце спраўлю я вам усім такую балёўку, што ўнукі будуць помніць. Пачну ад жонкі. Дзе жонка? Жонка! (выбегае).
Гаспадыня. (убегае. Чуваць крык Г—ра як ен угражае і кліча Г—ню) Ловіць мяне, шукае… Прапала я цяпер, заб‘ець, згінула…
Гаспадар. (убегае з сукам) Ага! Вось дзе я цябе прыпасьціў.
Гаспадыня. Ціха, ссс… Яны…
Гаспадар. (перапуджаны) Яны… як сюды, ізноў… дзе яны… (выпускае сук, ногі трасуцца, язык заплютываецца) Дзе бы мне схавацца, во напасьць. Пракляты дзень… (торкаецца усюды, каб схавацца, урэшце хаваецца пад ложак ці пад прыпечак).
Гаспадыня. Ціха ўжо здаецца прайшлі, прамінулі… Вылазь!
Гаспадар. Не я ўжо, каб бяду абмінуць, лепш пасяджу тут.
Гаспадыня. Кажу табе, што прамінулі… Вылазь. Маеш для сьмеласьці выпі чарку.
Гаспадар. Яшчэ котачка!
Гаспадыня. Маеш.
Гаспадар. Яшчэ рыбачка!
Гаспадыня. Пі, толькі ня пужайся.
Гаспадар. Яшчэ ягадка!
Гаспадыня. А ці ня хопіць ужо?
Гаспадар. Яшчэ, яшчэ…
Гаспадыня. Не перабірай меркі.
Гаспадар. Эх, жоначка, бачу я, што ты ў мяне міністр, ты мучаніца, а я цьфу, ды нагой расьцерці, (сьлязліва) Ох немарасьць мучыць мяне. Да чаго я дажыў. Што са мной сталася. Сорам на сьвет паказацца.
Гаспадыня. Глупства, не маркоцься. Нагавіцы я сама падлатаю, а як вытку тканіну…
Гаспадар Ды ня тое… Душу мне трэба латаць, душа мая дзіравая… У пазыкі яе аддаваў. Знасілі, абкаравілі яе… Ты думаеш, што гэта сьлёзы з маіх вачэй цякуць… гэта жаль цячэ, боль цячэ…
Гаспадыня. А ты думаеш мне лёгка… (кныхкае).
Гаспадар (згледзіушы вядро на ложку) Во гэта ўсё атрута для мяне… Вочы мае адкрыліся на праўду… Стаіш ты ложак пакінуты, забыты, як човён дзіравы ў затоцы, а рака жыцьця майго бяжыць міма цябе, міма… Ох замест зіркатых дываноў і пухавых падушак я бачу — чорт яго ведае, што я бачу! Замест гарачых шэптаў, рыпаў-скрыпаў, охаў, уздохаў стаіць на табе вядро вады. Дзе гэта відана. А ўсё я вінават, я ўвёў у хату свайго прыяцеля — безлад. Эх, заслужаны, выгадны ложак мой, даруй ты мне! (Валіцца на ложак і камічна усхліпывае[3]).
Гаспадыня. (зьнімае вядро) Ну сьціхні, я ўжо ўпарадкую.
Гаспадар. (сьціхае. Маўчанка. Раптам пачынае сьмяяцца)
Гаспадыня. Чаго там гагочыш?
Гаспадар. Мне сьмешна. Ха-ха-ха…
Гаспадыня. Чаго табе сьмешна?
Гаспадар. Што я дурны.
Гаспадыня. Во гэта хоць дурны, але праўду сказаў.
Гаспадар. Ведаеш стрэльнула ў галаву вельмі цікавая думка, але так стрэльнула, што аж зашчакатала.
Гаспадыня. Што такое стрэльнула?
Гаспадар. (сьмяецца) Ну як да гэтага я перш не дагадаўся. Такая звычайная рэч і такая моцная праўда. Хадзіў каля гэтага, шчупаў, бачыў і не разумеў. Вось дурны!
Гаспадыня. Аб чым гэта ты ўсё чаўпеш?
Гаспадар. Слухай. Мы, гэта значыць ты і я, бульбаеды і дамаседы закладаем сваю партыю і ведаеш як назавем?
Гаспадыня. Ну?
Гаспадар. Ня „ну“, а „Пільнуй сваю хату“.
Гаспадыня. Пфу! Амэрыку адкрыў. Я табе даўно аб гэтым казала.
Гаспадар. Не, ты сьціхні… ты паслухай. Ты казала, а я зраблю… Я давяду дзе праўда… (улазіць на зэдаль; тонам казальніка) Грамадзяне! Час грамадзіцца! Бо што зробіш сягоньня, таго ўжо заўтра не асіліш. Ратуйце свае хаты, у якіх стрэхі захварэлі на воспу, вокны на сьлепату, зруб пакрыўляў паляруш, а гаспадар сядзіць пад печкай, бо нячыстая моц хатай камандуе. Грамадзяне, запісывайцеся ў партыю „Пільнуй сваю хату“! Памятуйце, што ў аб‘еднаньні моц, а ў моцы шчасьце, бо хто дуж, таму мора па калена.
Гэтая партыя бароніць хату ад усялякіх такіх чыкаў-брыкаў. Яна дае гаспадару тое, што гаспадар сам возьме, бо даведзена ўжо, што абецанка цацанка, а дурному радасьць. Апрыч таго яна даець, ну вы разумееце, што яна гэта тое… ну і ўсё такое. Верце мне, я стары верабей! Перапробаваў я ўсе партыі: справа налева і злева направа. Тыя мне напсавалі ўсю скуру, як сабаку тога клікалі рознымі наіменьнямі, абдзёрлі, як ліпку…
Гаспадыня. (плачучы). Апошнюю кароўку забралі, пяць хунтаў воўны ўкралі, нізку сушаных баравікоў…
Гаспадар. Але, але… А гэтыя… падаць мне іх сюды… чуць капут не зрабілі. Дык я і кажу, што гэтая партыя П. С. Х. найлепш нам пасуе. Не кажучы аб іншых выгадах, тут табе нават і жонка ёсьць у якой партыі вы гэта знойдзеце? Праўда жонка? (абыймае Г—ню).
Гаспадыня. Праўда, міленькі, праўда…
Гаспадар. Дык чаго-ж ты плачыш?
Гаспадыня. Калі-ж ты ўжо вельмі жаласна, вельмі хораша гаворыш.
Гаспадар (выпівае чарку і зноу прымае тон казальніка) І хай толькі цяпер хто ткнець нос у нашыя хатнія крэнту-мэнту, дык з тым вось як! (разьбівае чарку аб падлогу). Хай красуе гаспадар на покуце сваей хаты!
Гаспадыня. Хай красуюць і ручаць хатнія справы!
Разам. Хай жывець партыя „Пілньнуй сваю хату“!


ЗАСЛОНА.

  1. Колектыу
  2. Прудон.
  3. Калі ен вывертаецца да іншага безладу, дык рэжысэр можа апрацаваць адпаведны маналег.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.