Перайсці да зместу

Пісьменнік і мова (Станкевіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пісьменнік і мова
Крытыка
Аўтар: Адам Станкевіч
1935 год
Крыніца: Калосьсе. — 1935. — Кніжка 3. — С. 173—178

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кнігапіс

ПІСЬМЕННІК І МОВА. Зборнік артыкулаў, прысьвячавых барацьбе за культуру мовы. Выдавецтва Беларускай Акадэміі Навук, Менск 1934.

Загалавак гэтай кніжкі, праўда, дужа цікавы і панадны. Барацьба за культуру мовы — гэта справа для кожнага народу сапраўды важная, а для народу беларускага тым больш. Аднак, на жаль, загалавак кніжкі агулам шмат у чым рэзка расходзіцца з яе зьместам. Прачытаўшы артыкулы гэтай кніжкі, робіцца ясным, што фактычна не аб культуру мовы ёй расходзіцца, а сусім аб нешта іншае.

Кніжку „Пісьменнік і мова“ папераджае прадмова дырэктара Інстытуту Мовы ў Бел. Ак. Навук Андрэя Александровіча. Прадмова гэта надае тон бадай усей кніжцы, нядвузначна паказваючы, як камуністы разумеюць адносіны пісьменніка да мовы і што яны разумеюць пад славамі — „культура мовы“.

Вось-жа пад сьцягем „пролетарскага інтэрнацыяналізму — кажа А. Александровіч — павінна разгортвацца барацьба за культуру мовы“, пад якім „ушчэнт зломяцца рамкі нацыянальнае абмежаванасьці… Крытэрыяў якасьці нашай мовы мы павінны шукаць у работах клясыкаў марксізму: Маркса, Энгельса, Леніна, Сталіна. У іх выказваннях аб мове асноўныя, выходныя прынцыпы для нашай барацьбы“…

З гэтага бачым, што барацьбы за культуру мовы і адносінаў да яе пісьменнікаў маюць вучыць нас асобы і іх творы, якія з прыгожым пісьменствам, як з узорам і сродкам культуры мовы, ня маюць нічога супольнага. Стопрацэнтныя палітыкі маюць быць узорам для адносінаў пісьменнікаў да мовы і для тварцоў культуры мовы! Словам, у аснову кніжкі „Пісьменнік і мова“ паложаны не падставы навукі, а сучаснай савецкай палітыкі, каб, між іншым, „ушчэнт зламаць рамкі нацыянальнае абмежаванасці“, гэта знача, як убачым далей, каб ня даць самастойна разьвівацца беларускай нацыі, а каб яе асыміляваць з нацыяй расейскай.

Першы ў кніжцы-зборніку артыкул „Аб мове“ М. Горкага. Ведамы гэты расейскі пролетарскі пісьменьнік у сваім гэтым артыкуле аддае, праўда, дань сучаснаму савецкаму палітычнаму рэжыму і падчырківае патрэбу, каб савецкі пісьменьнік карыстаўся такой мовай, якая прадусім была-б верным адбіцьцём бягучага, сучаснага, пролетарскага жыцьця Саветаў. Пераважную аднак увагу зварочвае ён на тое, каб пісьменьнік у вадносінах сваіх да мовы сьцярогся такіх слоў і такіх зваротаў, якія зьяўляюцца звычайным сьмяцьцём, або проста хуліганскімі выражэньнямі. Маючы на мэце ўрэшце сапраўды культуру мовы, М. Горкі радзіць ня чурацца мінуўшчыні, а карыстаць нават з царкоўна-славянскай мовы і з твораў рэлігійных: „У старой славянскай мове — кажа ён — усё-такі ёсць важкія, дабротныя і вобразныя словы, але неабходна адрозьніваць мову царкоўнай дагматыкі і пропаведзі ад мовы поэзіі. Мова, а таксама стыль лістоў пратапопа Аввакума і „Житія“ яго застаюцца непераўзойдзеным узорам палкай і страстнай прамовы байца, і наогул у старыннай літаратуры нашай ёсьць чаму навучыцца“.

Увагі такім чынам М. Горкага што да культуры мовы шмат у чым правільныя і цэнныя. Ня ўсе, на жаль, аўтары чародных артыкулаў зборніку пайшлі ягонымі сьлядамі. Адны з іх аказаліся малапанятлівымі ягонымі вучнямі, а другія проста перастараліся. Так напр. наступны пасьля Горкага артыкул М. Клімковіча „Вырваць з корнем пустазельле“ — гэта звычайны агітатарскі выпад проціў беларускай культуры і мовы. Усё беларускае не бальшавіцкае — гэта ўсё шкоднае і ненавуковае. „Калі праглядаеш „работу“ нацдэмаў[1] у галіне мовы, — піша Клімковіч — кідаецца ў вочы іх лжэнавуковасьць. І гэта зразумела. Навуковая работа ў галіне мовы павярнулася-б усім сваім астрыём супроць нацдэмаўскіх лжэвучоных, супроць цемшалу, які прапаведаваўся імі ў якасьці „навуковых“ ісьцін. Навуковае вывучэньне мовы разаблачыла-б шкоднасьць і штучнасьць аддзяленьня кітайскай сьцяной беларускай мовы ад рускай, даказаўшы і выпукліўшы тое агульнае, што маецца ў абодвых мовах, што іх яднае“… Гэткім больш менш „навукова“ выглядае і ўвесь М. Клімковіча артыкул. Усё ў нашай мове беларускае самастойнае, што яе, як мову самастойную, ярка адрозьнівае ад мовы расейскай, трэба выкінуць, а на месца ўсяго гэтага ўставіць русыцызмы — вось галоўная тэндэнцыя ўсяго „навуковага“ артыкулу Клімковіча.

Даволі прыемнай перадышкай, прачытаўшы артыкул М. Клімковіча, зьяўляецца артыкул Якуба Коласа — „Мова М. Лынькова па раману „На чырвоных лядах“. Праўда, і ён, падлягаючы „вучонаму“ рэжыму ў Саветах, калеча беларускую мову на расейскі лад („па раману“, замест „у рамане“) і борыцца з „нацдэмізмам“, але агулам піша дарэчы, навучальна і разумна: „На чарзе дня — кажа Я. Колас — і востра стаіць у нас пытаньне аб ачышчэнні літаратурнай мовы ад нацдэмізмаў. Але ў дачыненні да беларускай мовы ёсьць адна акалічнасьць, якая патрабуе ад нас і пэўнай засьцярожлівасьці. Трэба надзвычай пільна і востра сачыць, каб пад відам змагання за чыстату беларускай мовы не прылажыў свае рукі і клясавы вораг. Пад сьцягам змаганьня з нацдэмізмамі ён можа павесьці работу ў пляне дыскрэдытацыі, вынішчэння і абяскроўлення самой мовы“. Вось-жа тут Я. Колас выразіў чыстую праўду. Сяньня ёсьць ведамым фактам, што ў БССР пад відам змаганьня за чыстату беларускай мовы сапраўды праводзіцца глумленьне беларускай мовы і асыміляваньне яе з мовай расейскай.

Далей Я. Колас робіць агляд мовы Лынькова ў успомненым рамане, выказваючы цэлы рад правінцыялізмаў, прыкладаў вульгарнага натуралізму, часам збліжанага да порнографіі, манатонную аднастайнасьць у стылі, а так-жа крыху русыцызмаў.

Ад провінцыялізмаў, у Лынькова, праўда, аж роіцца, але ўсёждыкі — на наш пагляд — некаторыя словы Я. Колас да правінцыялізмаў залічае беспадстаўна. Словы напр.: не ўжадобку, згораць (згараваць, згарусьціць), петавацца (цяжка працаваць, мучыцца ў працы), вобмегам (мігам, вобміг, вобдух), рачанцы (стала азначаны час на яду), шуядзь, апоўзьлікі — спатыкаюцца ня толькі ў Усходняй Беларусі, але так-жа і ў Заходняй, як напр. у Ашмянскім павеце.

Не залічалі-б мы так-жа да русыцызмаў і гэткіх слоў і выражэньняў: павытапчуць (павытоптваюць), таюць (растаюць), павылезьлі (павылазілі), паклікаю (паклічу), памкнуўся было (памкнуўся быў). Беларускі народ часам і гэтак выражаецца.

Далейшае месца у зборніку-кніжцы „Пісьменнік і мова“ займае артыкул „Мова і стыль лірыкі Міхася Чарота“ — праф. Піотуховіча.

„У гісторыі беларускай літаратуры — кажа гэты прафэсар — Міхась Чарот па праву павінен заняць адно з найбольш відных і пачэсных месц. З яго іменем звязан працэс першапачатковага станаўлення і фармавання ў нас пролетарскай літаратуры, ён прынёс у нашу паэзію новыя бадзёрыя песьні — песьні барацьбы і перамогі…

Нацдэмаўскай рамантыцы мінулага Чарот супроцьстаўляе сваю пролетарскую рамантыку рэвалюцыйнага змагання…

Але ў ранняй творчасьці Чарота ёсьць і некаторыя цёмныя плямы: ў выніку клясава-чужых уплываў атрута буржуазнага нацыяналізму прасякла ў некаторыя яго вершы, асабліва пэрыяду польскай акупацыі. У М. Чарота эпізадычна вызначаліся матывы нашаніўскага адраджанізму, апяваньне „бацькаўшчыны“, як чагосьці суцэльнага. Аднак гэтыя цені не зьмяняюць агульнага сьветлага фону паэзіі Чарота, як вядучай накіраванасці…

У сваім надзвычайна моцным вершы „Суровы прыгавор падпісваю першым“ Чарот раскрывае самую сутнасьць нацыянал-дэмакратызму, яго рэстаўратарскую, інтэрвэнцыяніскую аснову. Пясьняр у словах, поўных вялікай злосьці і ненавісьці да класавага ворага, ганьбуе нацдэмаў, як служак капіталу, лакеяў імпэрыялістычнай буржуазіі, гандляваўшых крывёй працоўных, распрадаваўшых Беларусь капітапістычным драпежнікам і оптам і ў разброд“…

Паслушны сучаснай савецкай палітычнай догматыцы — ганьбіць і нішчыць беларускае нацыянальнае адраджэньне, спыняць і кляйміць у беларускім пісьменстве апяваньне бацькаўшчыны Беларусі, „як чагосьці суцэльнага“ — праф. Піотуховіч, як бачым, робіць гэта дужа старанна. Ганьбіць ён патрыятычныя парывы ў паэзіі Чарота і, дабіраючы моцныя словы прыдуманых абвіненьняў пад адрасам беларускага нацыянальнага руху, аж пад неба выслаўляе тыя яго творы, якія зьвіняць у тон палітычным лёзунгам Саветаў. І толькі побач гэткіх „навуковых“ прыгрывак, праф. Піотуховіч сапраўды навукова і з яўным знаўствам справы гаворыць аб мове і стылю М. Чарота, якія ўносяць у беларускую паэзію новыя лексычныя элементы і ўзбагачваюць яе яркай мэтафарычнай вобразнасьцю.

У чародным артыкуле „Мова ранней творчасці Якуба Коласа“, Ганна Базыленка падчырківае агульна ведамы факт, што ў гэным часе мова Коласа — гэта мова беларускага сялянства, якое ён прадусім і апяваў.

Пятро Глебка ў артыкуле „Аб мове пачынаючых пісьменнікаў“, зазначыўшы, што „трэба вучыцца ў лепшых майстроў нашай дарэвалюцыйнай літаратуры, як Купала, Колас, але да іх творчасьці трэба падыходзіць крытычна“, між іншым заяўляе, што „Самым важным для ўсей нашай савецкай літаратуры, у тым ліку і для пачынаючых пісьменнікаў, з‘яўляецца змаганне за якасьць твораў, за чыстату, за сэнсавую дакладнасць мовы“… Ну пэўне-ж, рабіць для мовы трэба хоць тое, што ў Саветах можна.

Янка Шарахоўскі ў арт. „Пра якасць паэтычнай мовы“ зварочвае асаблівую ўвагу на тое, што мова між іншым павінна верна адбіваць сапраўднае жыцьцё. „Вывучэньне літаратурнай тэхнікі — кажа ён — мае для пісменніка вялікае значэнне. Але тэхніка, нават высокая, не гарантуе ад творчай бяссільнасці. Яна — неабходная прадпасылка творчай работы, але не акрэслівае самой творчасці; творчасць пачынаецца там, дзе ёсць адносіны да рэчаіснасці“. Вось-жа гэты апошні сказ дужа няпэўны і рызыкоўны. Розная бывае гэная „рэчаіснасць“ і розна людзі да яе адносяцца. Творчасьць — мы-б сказалі — пачынаецца прадусім там, дзе даравітая душа чалавека мае магчымасьць ня толькі заглыбляцца сама ў сабе, але цалком свабодна адносіцца

ДЫ дра ннвайнннннайсічыннаннайтнанчяаначана А ЗЗЕ В аа ане 176 ара аа нтнеіннаяа йна аа аа АЕ да гэнай „рэчаіснасці“, як кажа Шарахоўскі, да акружаючага яго сьвету і свабодна выяўляць свае да яго адносіны. Пры існуючым-жа цяпер у Саветах палітычным рэжыме песьняры нашы як раз гэтай свабоды і ня маюць. Як у сярэднявеччы навука была „ancilla theologiae“ (слуга багаслоўя), так у Саветах сяньня паэзія ёсьць „ancilla politicae“ (слуга палітыкі).

С. Куніцкі ў арт. „Даволі „шындзёліць“ і „скогліць“ спосабам мітынгова-агітацыйным, пад відам ачышчэньня беларускай мовы, ганьбіць і глуміць у беларускай літаратуры ўсё, што ёсьць сапраўды беларускім, самастойным, як у слоўніку, так і ў стылю. „Бо — кажа — да гэтага імкнуцца беларускія нацыянал-дэмакраты, каб Беларусь Савецкую ператварыць у Беларусь Самабытную, каб адарваць яе ад братніх савецкіх рэспублік“… Аднак, праз палітычны туман у арт. Куніцкага можна часам дагледзіць і слушныя ўвагі што да слоў і стылю ў беларускай прыгожай літаратуры.

Не астаўся ў задзе ад іншых у зборніку-кніжцы і Эд. Галубок, якога там зьмешчаны артыкул пад назовам. „Пытанні стылю беларускай савецкай драматургіі“. Падчыркнуўшы ведамую савецкую палітычную догму, што й беларуская драматургія павінна быць „нацыянальнай па форме і соцыялістычнай па зьместу“, а так-жа аддаўшы дань сучаснай савецкай расейскай палітыцы, цьвердзячы, што „цэлы рад нацдэмаўскіх драматургаў зводзіўся да адшукання гэтай своеадменнай і высокаякаснай беларускай мовы, адрозніваючыся па сваіх культурных адзнаках ад мовы расейскай і інш.“, — Эд. Галубок у гэткім-жа дусе разглядае далей мову і стыль беларускіх драматычных твораў.

Апошнім ідзе артыкул П. Юргілевіча — „Моўныя тэорыі і практыка контрэволюцыйных лідэраў „Узвышша“. Артыкул гэты — гэта грубая й вульгарная расправа з беларускімі пісьменьнікамі, якія гуртаваліся каля часапісу „Узвышша“ і ў якім „замнога“ было беларускасьці, а так-жа расправа з беларускімі вучочымі, якія навукова працавалі над чысьцінёй беларускай мовы, над беларускай граматыкай і г. д. Але ў гэтай расправе спатыкаем і новую нотку. Дагэтуль, як мы бачылі, успомненыя аўтары папярэдніх артыкулаў, выпаўняючы маскоўскую палітыку, кляймілі самабытнасьць беларускай мовы і культуры дзеля таго, што яна адрозьнівае і аддзяляе Беларусь ад Расеі, а П. Юргілевіч кажа, што гэтая беларуская культурная самабытнасьць ня толькі аддзяляе Беларусь ад Расеі, але й „набліжае“ да мовы польскай. „Устаноўка нацдэмаў, — кажа ён — гэта стварэнне штучнага бар‘еру паміж беларускай мовай і мовай рускага пролетар‘яту і набліжэнне беларускай мовы да мовы фашысцкай Польшчы“… Ну, гэта ўжо сапраўды навіна, аб якой нікому і ня сьнілася і якая ёсьць „навуковым“ вынаходам П. Юргілевіча.

Далей аўтар гэтага артыкулу падае цэлы рад беларускіх архаізмаў, провінцыялізмаў і проста недарэчных слоў, якія быццам праводзяць у беларускую мову „нацдэмы“. Вось-жа сярод гэных слоў, якіх тут памясьціць ня маем змогі, сапраўды ёсьць словы, якім у беларускай мове месца быць не павінна. Але гэта толькі выняткі і адносна гэтых выняткаў з Юргілевічам трэба згадзіццца, але што да агульных вывадаў яго, дык трэба сказаць, што яны навуковых падставаў ня маюць ніякіх, а толькі падставы маскоўскай палітыкі.

Урэшце канчаем. Ідэовая тэндэнцыя кніжкі „Пісьменнік і мова“ — гэта падвод пад асыміляцыю беларускай мовы з мовай расейскай, гэта стварэньне псыхозы ў беларускага савецкага пісьменьніка патрэбы служэньня сваім літаратурным творствам маскоўскай палітыцы.

Ня гледзячы аднак на гэта, кніжка „Пісьменнік і мова“ не пазбаўлена сваей вартасьці. Яна клясычна малюе адносіны Саветаў да беларускай літаратуры і мовы, а так-жа, хоць у вузкім і аднабокім асьвятленьні, парушае справы ў беларускім літаратурным творстве, якія так мала ў нас распрацаваны, а якіх распрацоўка зьяўляецца неабходнасьцю для разьвіцьця беларускай мовы і беларускага прыгожага пісьменства.

Ад. Станкевіч.



  1. Беларусаў небальшавікоў, беларускіх нацыянальных дэмократаў. Ад. Ст.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.