Перайсці да зместу

Пясьняр чыстай красы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пясьняр чыстай красы
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1914
Крыніца: НН. 1914. 21 лют

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У канцы краю Расейскай зямлі - здалёк ад роднай старонкі - сплятаў пясьняр свой "Вянок" са "шчырых думак і чуцьця"

Захаваў ён у сваей чулай на ўсялякае хараство душы "краскі, сьвежыя калісьці": зь іх тварыў прыгожыя абразы далёкай Бацькаўшчыны і ўліваў пачуцьцё і душу ў тое, што жыло калісь і замёрла, ды толькі сьлед у гутарках-легендах народных пакінула, у творах даўных майстроў-артыстаў адбіваецца.

Нездарма на першай страніцы сваей кніжкі зьвяртаецца Максім Багдановіч да чытачоў сваіх з гэткімі словамі:

Вы, хто любіце натрапіць

Між страніц старых, пажоўклых

Кнігі, ўжо даўно забытай,

Блеклы, высахшы лісток, -

Праглядзіце гэты томік...

Запраўды: чытаць вершы Багдановіча павінны толькі тыя, хто разумее музыку слова, чыя душа бачыць хараство ў чыстай паэзіі.

Багдановіч любіць родну старонку, любіць свой народ беларускі. Здалёк глядзіць ён на родныя вёскі і ўсюды бачыць панаваньне гора і бяды: "хваляй шырокай" разьлілося гора па ўсей зямлі, "родны наш край затапіла". І з грудзей песьняра рвецца крык-кліч: "Брацьця! Ці зможам грамадзкае гора?! Брацьця! Ці хваце нам сілы?!" Сілы хваце - пясьняр верыць у гэта. Ён глядзіць у мінуўшчыну, як "нашых дзедаў душылі абшары лясоў", як "яны тыя пушчы звадзілі агнём", і радзіць браць прыклад "з гэтых дзедаў суворых", "не хіліцца зь бяды, не пужацца агня". Ён верыць, што і ў нас усплывуць з дна захаваныя тамака пэрлы, і, раўнуючы народ да мора, кліча:

Удар, цыклон, удар на мора,

Цалуй яго ў глухое дно,

Ўсплясьні ваду - і пэрлаў горы

На бераг выкіне яно.

Але не грамадзкія тэмы займаюць глаўным чынам паэта: ён перш за ўсё шукае чыстай красы і ў тэй дзяўчынцы васьмілетняй, што, пахіліўшыся з трывогаю над плачучым брацікам, выяўляе песьняру тайну Мадонны Рафаэля ("Мадонны"), і ў народнай веры ў лесуноў і русалак ды вадзянікоў ("У зачарованым царстве"), і ў абразох роднай прыроды, і ў страніцах мінуўшчыны ("Старая Беларусь"). Багдановіч — сьведамы паэт: ён ня толькі пачувае красу, — ён яе разумее. І — каб пераказаць нам яе — падбірае такія словы і абразы, што папраўдзе выклікаюць у нашай душы шчыры отклік. Усё ў яго выходзіць ў такіх мяккіх тонах, быццам на старых тканінах-габэленах, усё сагрэта шчырым пачуцьцём ды ўсё гэта жыве, выдаецца рэальным.

Лясун калышацца на тонкаствольных соснах, і здаецца, быццам чутно яго граньне… У срэбных праменьнях месяца купаюцца русалкі і расплятаюць свае косы, — на дне ракі — у ціне, у вечнай цішы — сьпіць сівавусы, згорблены вадзянік адвечным сном: аб ім ужо ніхто ня помніць… Чуецца шэлест вужоў, што на Ўзьвіжаньне — у цёмну васенную ночку — з царом зьмяіным паперадзе паўзуць празь лясы і палі «на зімовы цёплы вырай»… З далёкай мінуўшчыны паўстаюць жывыя абразы «Летапісца» і «Перапішчыка»; вясковыя дзяўчаты у панскі двор узятыя «ткаць залатыя паясы», кідаюць праз шыбы сумны, тужлівы пагляд за вакно — туды, «дзе расьцьвіла вясна, дзе блішча збожжа ў яснай далі, сінеюць міла васількі», — і «тчэ, забыўшыся, рука заміж пэрсідзкага узора цьвяток радзімы васілька»…

Багдановіч умее ўсё ажывіць, ператварыўшы па-свойму. І лёгка ліюцца яго вершы кунштоўнай, філіграннай работы, а кожын формай падходзіць да думкі. Думак тых — багата, і вось бачым у «Вянку» вершы такой формы, такой будовы — частка вельмі рэдкай, якой могуць пахваліцца толькі найбольш культурныя народы з найвышэй разьвітай літаратурнай мовай, здаецца, калі б наш «пясьняр красы» меў толькі адну мэту: паказаць, што беларуская мова можа разьвівацца, як мова літаратурная — дык ён гэтай мэты дайшоў.

«Вянок» — гэта праўдзівая пэрла ў беларускай паэзіі. Раўнаваць Багдановіча ні з кім ня будзем: не затым, што няма лепшых за яго паэтаў (бо такія ёсьць), але затым, што ён ні да каго не падобны. Яго душа замкнёная ў сабе, жыве ў нейкім іншым, асаблівым сьвеце — у сьвеце чыстай красы і шчырай паэзіі, ды толькі празь яе глядзіць на нашае жыцьцё — рэальнае, цяжкое, поўнае змаганьня і безупыннай працы. І як у летні гарачы дзень у крыстальна чыстай крынічнай вадзе асьвяжаецца нашае цела, так асьвяжае душу паэзія Максіма Багдановіча.