Перайсці да зместу

Пялёсткі (1926)/Лятуценьні/Дзяўчыне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адрывак Дзяўчыне
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1926 год
Ізноў прышоў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзяўчыне (Маракоў).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЯЎЧЫНЕ

І так пішу… ізноў пішу з натхненьнем.
Твой васілёк перада мной ляжыць,
А за вакном снуюцца і танцуюць цені,
Упаў срабрысты месяц на калені,
Стаў цалаваць магільныя крыжы.

О, што яму — ён сёньня верыць ў бога,
Я-ж веру толькі ў шчасьце і людзей.
І мо‘ затым з такой пякучаю трывогай
Я жыў, сьмяяўся і сьпяваў так многа,
Хоць часта зьбіты, чорны і без надзей

О!.. ён стары, з ім ў ціш і ў сінь магілы
Лягла вясна… і шчырасьць адміраць;
А я ў разгары сьвежасьці і сілы
Пайду ў прастор, дзе над палоскай мілай,
Гарыць, як кроў, вячэрняя зара.

Каб з новай верай, ў шчасьце і каханьне
Цябе да сэрца сьмела прытуліць
І ў сіні змрок ля шэрага кургана
Пра нашу цьвець і першае спатканьне
Вясны і траў мэлёдыю праліць.

І ўжо тады, пад белаю калінай
Нам будзе месяц сыпаць каласы,
І так, бывай, каханая дзяўчына,
Прыду я хутка да цябе ў даліну
Упіцца сьвежасьцю крамянае расы!