Пэрэгрынацыя Мікалая Крыштафа Радзівіла — Ліст чацверты

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search

ЛІСТ ЧАЦВЕРТЫ


Банкет[правіць]

Рэктар сіцыйскі, багата шляхты запрасіўшы, зладзіў ў мой гонар банкет у палацы сваім дастаткам вялікім, а пасля гулялі мы ўдвох. Калі ж праміналі мы нейкую царкоўку грэцкую, пабачылі пахавальную цырымонію гэтага краю, не вельмі ад даўнейшых паганскіх адрозную. Хавала жанчына мужа свайго, дык падрала сабе твар, валасы выдзірала, адзенне на грудзях ірвала, галавою аб мур білася, пакуль кроў не палілася. Да таго яшчэ наняла мужчынаў і жанчын, якія, цела да магілы несучы, галасілі, плакалі, рукі сабе ламалі; відовішча вельмі агіднае і брыдкае, і звычай нехрысціянскі. Увечары развітаўся я з рэктарам, які даў мне пару страдыётаў, каб праводзілі мяне, і абвясціў тамтэйшай шляхце, кудою я меўся ехаць, каб мяне паўсюль прымалі; і праўда, вялікую шчырасць і гасціннасць да мяне выяўлялі, нават без таго абвяшчэння.

Раніцаю, выслухаўшы Святую імшу і прыняўшы Найсвяцейшае таемства, яшчэ на досвітку выехаў я на абед у Турлоту, палац аднаго шляхціча, пасля на ноч у Кавузу, праз даліну ўрадлівую і прыгожую, дзе шляхціч венецкі вырасціў кіпарысавы гай, прыгожаю чарадою дрэвы пасаджаныя там стаяць.

Спіна Лонга[правіць]

Прыехаў я ў Істрону, прыгожы і дагледжаны маёнтак нейкага шляхціча. Пасля праз Памерыяк, вёску вельмі людную, ехалі мы, адтуль жа, як быў ужо вечар, завітаў я ў кляштар Св. Антонія de Sumete de Cares, закону Св. Францішка. Вельмі ўдзячна законнікі нас тут прынялі, а як з міласціны жывуць, дык пладамі нас частавалі. Справа, недалёка ад гасцінца, бачылі мы Дырапетру, даўнімі часамі званую Хірапея; тамсама справа, над берагам морскім (не маглі мы добра бачыць) ёсць немалая фартэца венецкая, Спіна Лонга называная, на скале стаіць, адусюль морам абкружаная.

Князь кандыйскі[правіць]

Па абедзе выехаў я з кляштара на ноч у Маглу, вёску шляхціча аднаго, дзе ёсць палац невялікі. Сюды князь кандыйскі родзіча свайго з сакратаром і дворам людным выслаў да мяне, каб мяне прывіталі і прасілі мяне ехаць проста ў палац.

Раніцаю гадзіны за чатыры да світання ўстаўшы, па надта цяжкай скалістай дарозе ледзьве пад поўдзень прыбылі мы ў Кандыю і адразу пайшлі ў кляштар Св. Францішка Госпаду Богу падзякаваць і там спыніцца, бо і першаю дарогаю ў Кандыі спыняўся я ў кляштары. Але калі прыйшоў я да князя на абед, ні ў якім разе не хацеў ён, каб я дзе ў іншым месцы, а не ў палацы ягоным спыніўся; хоць. мне і цяжка было, бо хацеў бы я дзеля пэўных прычын у кляштары спыніцца, аднак ён прасіў і тлумачыў, што з вялікай няласкаю рэспубліка Венецкая прыняла б ад яго гэткую вестку; таму рад не рад, мусіў я цэлыя пяць тыдняў гасцяваць у яго, перш чым выехаў у Кандыю.

Лістапад[правіць]

Галеры толькі ў Венецыі робяць[правіць]

Пра размяшчэнне места Кандыі і абарону ягоную, надта вялікую, гарматаў бо мае досыць надзвычай спраўных, іншыя ўжо пісалі, дык я гэта абміну. Астатнія рэчы першаю дарогаю каротка я апісаў.

Сёмага дня лістапада прыплыла з Карцыры дванаццаць галер венецкіх, сем гвардыі, якая вартуе каля Крыта (адвозілі кавалерыю з Мальты, якую былі венеты захапілі), а пяць новых, якія яны арцылямі называюць, і стаяць яны ў арсенале або пры цэкаўзе, і толькі пад час вайны або якой патрэбы іх выпраўляюць. Бо галеры нідзе не робяць, толькі ў Венецыі, а адтуль іх пасля рассылаюць, куды патрэба. Увесь гэты час аглядаў я места, быў таксама і ў замку, што ў порце стаіць, невялікі ён, але моцны, і амаль пад самы замак гэты ўсе судзіны падыходзяць, гармат вялікіх у ім багата.

Шляхта ж, адно тыя, што на ўрадах, часта мяне да сябе запрашалі і з вялікай шчодрасцю і дастаткам заўсёды частавалі. Меліся мне былі даць тут пару галер, якія б мяне ў Валошчыну завезлі, на тое ліст ад рэспублікі Венецкае да галоўнага ўрадоўца таго места меў, і часткова справа гэтая была ўжо вырашаная; але капітан над галерамі Піліп Паскуаліга з дня на дзень адкладаў, нарэшце пад прымусам мандату рэспублікі даў мне, але толькі адну, Яна Дыеда. Аднак і той, маючы брата кашталяна ў Спіна Лонга, які аліўным гандлем займаўся, дзеля той сваей алівы яшчэ затрымаў выезд, так што я пазней мусіў ехаць і на іншых галерах, як будзе сказана ніжэй.

Магіла Юпітэрава[правіць]

Быў я на гары вельмі высокай над местам Кандыяй, дзе ёсць кляштар невялікі грэцкі, не даехаў я, аднак, да яго, бо ўжо вельмі позна было. Там, як баяць паэты, ёсць магіла Юпітэрава, а некаторыя пішуць, што і надпіс надмагільны нейкімі старымі грэцкімі літарамі, якіх дзеля даўнасці ўжо і прачытаць нельга, іншых жа і не пазнаць. Георг Цэдрэн у гісторыі згадвае, што быў там такі надпіс:

HIC SITUS EST PICUS QUI ET IUPPITER MORTUUS.

Тут ляжыць Пікус ці бо Юпітэр памерлы.

Снежань[правіць]

Фортэца[правіць]

Раніцаю чацвёртага дня снежня выехаў я з Кандыі, Святую імшу выслухаўшы, адкуль радных і шляхты колькі дзесяткаў конных мяне праводзілі. На поўдзень прыбыў я ў Тэліжу, на ноч у Камарыёту, абедзве мясціны тыя шляхце кандыйскай належаць. Назаўтра раніцаю ў Дафнэады, а на ноч у Рэтым337 прыбылі мы, дзе радныя, шляхта і капітан з пяццюдзесяццю конямі выехалі насустрач мне. Бо як там фартэца вялікая, дык венеты нямала людзей там трымаюць; паехаў я адразу ў замак, дзе быў рэктарам Анджэла Барочы, вялікую ён гасціннасць і прыязнасць мне выказаў і з усіх гармат, што ў тым замку вялікім былі, загадаў стрэліць. Места туркамі спаленае ў мінулыя войны, замак стаіць на скале, што ў мора заходзіць, і здалёк здаецца, нібы ён на нейкай выспе; адно што месца меншае, а размяшчэннем вельмі падобны да турэцкага, які ў Сірыі Фінікійскай стаіць.

Назаўтра раніцаю пайшоў я з рэктарам павітаць біскупа, які зваўся Юлі Карара, і, выслухаўшы Святой імшы, вярнуліся мы ў замак, а з намі і біскуп. Па абедзе вельмі цяжкай дарогаю ўжо на самым змярканні прыехалі мы ў Пішкап, а там палац і веска таго біскупа, і на загад ягоны прымалі нас там цэлую ноч.

Выспа Патмос, дзе жыў Св. Ян Евангеліст на выгнанні[правіць]

Выехаўшы раніцаю і пакінуўшы за сабою з правага боку гару другую Дырапетру (перад тым званую Іерапетра), дзе шляхта дзеля разбойнікаў морскіх трымае жаўнераў, прыбылі мы за тры гадзіны перад заходам сонца ў кляштар грэцкі, называны Св. Яна de Patina. Бо ёсць выспа ў Архіпелагу, якая завецца Патмос338, дзе Св. Ян Евангеліст Аб’яўленне свае пісаў. Шмат ёсць кляштараў у Грэцыі таго самага закону, а ўсюды называюцца яны Св. Яна de Patina. Недалёка ад таго кляштара (бадай што за польскую мілю) відаць муры досыць яшчэ цэлыя, з каменю квадратнага, на гары высокай, праз якую я ехаў, з таго відаць, што места нейкае вялікае там некалі было. Таксама недалёка ад кляштара таго ёсць цыстэрны, вялікім коштам у зямлі вымураваныя, адкуль ваду ў тым месце бралі; і дзіўна, чаму яно на гары закладзенае было, дзе вады быць не магло, каб так далёка па яе хадзіць, вада ж тая ад дажджу бывала, бо іншай тут нідзе няма; і ўся выспа тая толькі дзве мае рэчкі, па якіх толькі ў чаўне, дый тое невялікім, ехаць можна, а калі дзе ёсць крыніца, дык малая і вады скупа дае.

Цыдонія, або Канэя[правіць]

Раніцаю, за чатыры гадзіны перад світаннем выехаўшы, прыбыў я ў Канэю339 (старыя называлі яе Цыдоніяй), да таго яшчэ, як места адчынілі; так што я паўтары гадзіны чакаць мусіў, што я дзеля таго ўчыніў, каб мне насустрач не выязджалі. Адразу ж як адчынілі, паехаў я ў кляштар Св. Мікалая закону Св. Дамініка. Бо капітан над жаўнерамі Рафал Разбоні вельмі прасіў мяне, каб я ў ягоным палацы спыніўся; але ж я дзеля таго і з Кандыі з’ехаў, каб даўжэй у палацы княскім не жыць і свабаднейшым быць, а не тымі цырымоніямі забаўляцца, якія мне тая шляхта з асаблівае гасціннасці сваей наладжвала, то таму захацеў я спыніцца ў кляштары. Дый пісаў я з Кандыі законнікам, каб мяне ў сябе прынялі, што яны ахвотна ўчынілі, бо мелі для гасцей пакоі розныя мураваныя, якія паводле стану кожнаму даюць, калі надарыцца патрэба; а заездаў у Грэцыі няма, тут сабе прытулак або праз ласку дзе шукаць трэба, або за грошы. Адразу ж прыйшоў павітаць мяне рэктар Ян Дамінік Чыконія з раднымі, з Маркам Антоніем Кантарынам і з іншымі з дому і роду Лаўрэданаў. Пасля, разгасціўшыся, аглядаў я места часцей, бо пражыў там дзевяць тыдняў. Места тое вельмі добра абароненае, мае порт, у які, аднак, вялікія загружаныя караблі не ўваходзяць дзеля скал; але за мілю нашую ад яго выспа ёсць невялікая, высокая (мае фартэцу Турлурэс), каля якой бяспечна спыняюцца. Шмат хто пра выспу тую піша, асабліва Пліній, што мела яна некалі сто местаў; я ж, праездам толькі на ей будучи, не хачу нічога такога сцвярджаць; з частых, аднак, руінаў відаць добра, што было тут местаў некалі вельмі багата, і падобна, што Пліній пісаў праўду.

Карабель аблудны[правіць]

Адкуль, чый[правіць]

Здарыўся тут выпадак адзін дзіўны. Убачылі здалёк карабель (якія тут дзеля цеснага мора і водных скал не ходзяць), а ён проста да таго порта з вельмі добрым ветрам ляціць, і заўважылі, што караблю мясціны гэтыя незнаёмыя, што ён блукае тут; і ўжо меліся дзеля перасцярогі стрэліць з гарматы, але тым часам ён спыніўся ў порце цэлы і здаровы, на вялікі ўсім страх і подзіў. Было на ім адзінаццаць чалавек, якія не ведалі, куды прыплылі. Казалі, што яны маракі сіцылійскія і што калі з Сіракузаў за мыс дзеля драўніны заехалі, як яны компаса не мели, вецер іх панёс і па моры тры тыдні шпурляў невядома куды, яны ўжо восем дзён хлеба не елі; пабачыўшы тую выспу, да яе скіраваліся (бледныя, напалову ўжо мёртвыя), нават калі б і на турэцкую былі натрапілі, выбралі б лепей у няволі, чым ад голаду памерці. Купіў той карабель у іх адзін гандляр за семсот шкудаў, які яны (не маючы чаго есці, і нікога знаёмага ў тым краі не маючы) прадаць мусілі. Ледзьве яго гандляр з порта выцягнуў, дзеля камянёў пад вадою і скал там схаваных, куды яны былі нейкім цудам бяспечна і легка зайшлі. Калі хто порт той пабачыць, наўрад ці здасца яму тое падобным да праўды. Пасля тры маракі з таго карабля селі на тую галеру, якою і я выправіўся.

Падлядоўскі[правіць]

Прыплыў карамужан з выспы Міло340, а ў ім два шляхцічы польскія, Марцін Любянецкі і Пятро Бранеўскі, якія, баронячыся ад небяспекі (бо таго часу Якуба Падлядоўскага забілі туркі) выправіліся сюды з Канстантынопаля, зусім не чакаючы, што мяне тут заспеюць. А так, каб зручнейшую і лягчэйшую мець дарогу, узялі з сабою пашпарт, які мне Амурат Трэці, імператар турэцкі, пасылаў. Бо ж яшчэ ў Ерусалім едучы, з Кандыі пісаў я быў каралю Сцяпану, каб прасіў пашпарта турэцкага мне, бо хацеў я па зямлі той з Сірыі выправіцца ў Канстантынопаль. І хоць быць там не вельмі мне хацелася, але часткова дзеля прыкрага і нездаровага для мяне плавання па моры, а часткова таму, што дзеля празмернае спёкі і дзеля жаўнераў, якія густа ў Персію на вайну ехалі, у Егіпет ехаць не збіраўся, вырашыў я быў тое места агледзець. Вось жа, як кароль мяне пільна адрэкамендаваў, то і выдалі мне пашпарт, і прынеслі яго памянёныя палякі, а ў ім гэтак напісана.

Пашпарт[правіць]

СУЛТАН АМУРАТ ІМПЕРАТАР

Глядзі, як шануюць у Ерусаліме[правіць]

Шаноўным і Пасады Кадыйскае годным, па дарозе з Ерусаліма ў Канстантынопаль усім, дзе толькі ні жывуць, кады ўсялякай шчаслівасці зычачы і разам з тым Мандат Наш пасылаючы, абвяшчаем: што гэтым часам з Дзяржавы Караля Польскага нейкі іменем Петра Бранеўскі паляк перад высокасць Маестату Нашага прыйшоўшы сказаў, што Княства Літоўскага Найвышэйшы Маршалак Мікалай Крыштоф Радзівіл, высокашаноўны Пан, вяртаючыся з Святога Ерусаліма з дванаццаццю Асобамі, Канстантынопаль наведаць задумаў і пастанавіў; а так, каб паўсюль на дарозе, у заездах і месцах, куды б ён заехаў і дзе б затрымацца хацеў, сам з чэляддзю, з конямі і рэчамі, цяжкасцяў і перашкодаў ніякіх не мець, у нас гэткага імператарскага Ліста для яго прасіў. Таму загадаў я, каб калі ў якое б там ні было Кадыяту месца з тым Лістом Маестату Нашага прыбудзе, найперш самому Ягамосці, чэлядзі, коням, рэчам і патрэбам усялякім у дарозе, заездах, калі дзе есці або жыць будзе, ніякіх клопатаў і цяжкасцяў не чынілі, і каб вы таго пільнавалі і захоўвалі. А калі хацець будзе на свае грошы рэчы патрэбныя і да харчоў прыналежныя купляць (каб толькі чаго супраць закону нашага не было), таксама каб ні ад кога перашкоды ніякае не меў, пільна прасачыце. А тое ведаючы, калі гэты Ліст Наш будзе вам паказаны, каб вы яму поўную веру далі. Дадзена з Канстантынопаля, днямі апошнімі месяца Рамазана[1], года Гасподняга 158З.

Тытул на тым лісце быў такі: «Гэты ліст усім кады, што жывуць паўсюль па дарозе да Канстантынопаля з Ерусаліма Святога».

Казакі сваволілі[правіць]

А як пад той час Казакі Нізавыя341 Тэхінію збурылі, места турэцкае гандлярствам слаўнае, і паміж туркамі былі пагалоскі пра вайну з каралём польскім; дык хоць там пашпарт мне быў дадзены, аднак там сакратар адзін, тым самым шляхцічам нашым польскім аддаючы яго, сказаў па-лацінску (як яны самі мне апавядалі):

Шукалі таго, каго Госпад Бог праводзіў.

«Еаtis, quia non curamus vos, sed principes vestros. Ідзіце, бо мы не аб вас, а аб начальніках вашых клопат маем». І выправілі адразу чатырох чаўшаў, аднаго ў Алеп і Трыполь, другога ў Дамашак і Ерусалім, трэцяга ў Каір, чацвёртага ў Александрыю (куды ўжо была адна галера з дзвюма лодкамі вельмі хуткімі ў чацвер прыплыла, а я быў у нядзелю паехаў) з гэткім мандатам: «Ёсць нейкія паломнікі, якія ад імператара пашпарт маюць, то ж вы, на пашпарт той не зважаючы, схапіце іх і пільна ў вязніцы трымайце, ды як найхутчэй у Канстантынопаль паведамце». А таго ж часу, як я меўся з Каіра ў Александрыю выехаць, здарыўся смутны выпадак, з якога кожны дзівосную апеку Божую нада мною пабачыць.

Смутны выпадак[правіць]

Пяцёра шляхцічаў, атрымаўшы ў імператара турэцкага пашпарт, за стараннем Брэйнэра, імператарскага легата (памёрлага), з Канстантынопаля на Род галеонам турэцкім прыплылі; адтуль, сеўшы на другі галеон, які былі мальтыйцы захапілі, спачатку ў Александрыю, а пасля ў Каір прыбылі, дзе я з імі часта бачыўся і бываў. Зваліся яны так: Панкрац Фрэйндт, Георг Мэнцэн, Вольфганг Аўрбах, Бэрнард Варкоц, які служыў каралю Стэфану, а пяты быў паляк, Ян Кабыльніцкі. Тыя, як я ў Александрыю ад’ехаў, выправіліся былі на гару Сінай, і разам з імі Абрагам Баро з Дона, да таго часу таварыш мой у супольным падарожжы, які мяне (вярнуўшыся) пасля знайшоў у Александрыі. Але тыя пяцёра з Каіра ў Ерусалім паехалі, і калі зямлю Філістынскую праязджалі, натрапілі на арабаў, якія іх (бо ў караване толькі трыццаць чалавек было) абрабавалі. Прыехалі яны, аднак, у Ерусалім, а калі адтуль у Дамашак ішлі, у самарыйскім месце Захар (вышэй пра яго гаварылася) спаткаў іх той чаўш, які ў Каір быў пасланы. Той, убачыўшы людзей чужых, падумаў, што на мяне з чэляддзю маёю натрапіў, і паводле мандату імператарскага затрымаў іх; а калі паказалі яму пашпарт, дык яшчэ больш запэўніўся ў сваім меркаванні, што мяне напаткаў. І там ім імператарскі ліст да кады паказаў, дзе пісалася, каб іх, хоць бы і пашпарт паказалі, схапіў і ў Канстантынопаль паведаміў. А так іх разам усіх ланцугамі жалезнымі скулі, ды гэтак жорстка, што калі адзін з іх да зямлі схіляўся, дык і іншыя за ім мусілі, а пашпарт іхны той самы чаўш у Канстантынопаль назад завёз. Найперш яго, аднак, у Дамашку прачыталі, і калі пабачылі з яго, што гэта не я (пра што таксама яны некаторым свам гандлярам знаёмым былі паведамілі), паслалі адтуль з Дамашка чаўша, каб іх з вязення выпусцілі, у якім яны няшчасныя два тыдні сядзелі. А так прызнаю я невыказную ласку Госпада Бога майго, што я (хоць мяне да таго кароль


Відаць, як яго Госпад Бог бараніў.


Стэфан пільна намаўляў) у Канстантынопаль не паехаў; бо гэтак раззлаваныя былі туркі дзеля казакаў Нізоўцаў, за што, аднак, Якуб Падлядоўскі крывёю сваей заплаціў, ні ў чым не будучи вінаваты. Вельмі мяне за тое пасля кароль Стэфан у Горадне хваліў, бо іначай не ведаю, ці застаўся б я жывы.

Праехаўшы паўтары мілі сухазем’ем і паўмілі морам, увайшлі мы ў адну фартэцу венецкую, у той дзяржаве наймацней абароненую, стаіць яна на выспе Суда, якую я перад тым здалёк з кляштара Св. Яна бачыў, калі там, едучы ў Цыдонію, начаваў. Фартэца тая пяць вежаў мае добра ўмацаваных, гарматамі і жаўнерамі добра заспасобленая; порт мае вельмі прасторны, які дзве тысячи судзін прыняць можа, а ў іншыя, што праплываць будуць, з гармат біць, калі была б патрэба. Быў са мною разам радны Марк Антоні Кантарэн. Кашталян гэтае мясціны Ян Буон абедам нас пачаставаў і, што было вартага пабачыць, з вялікаю ахвотай паказаў. Пад вечар вярнуліся мы ў Цыдонію.

ГОД ГАСПОДНІ 1584[правіць]

Студзень[правіць]

Раніцаю ў Цыдоніі з вежы высокай або з вартоўні (што над морам стаіць) паведамілі, што ідуць дзве галеры да места Кандыі. А як ужо даўно было вядома,


Латын Урсін.


што меўся ў Кандыю прыбыць Латын Урсін, якога рэспубліка Венецкая на тую выспу паслала, каб ён агледзеў старыя фартэцы, ці не трэба там што направіць, і, дзе новыя меліся быць збудаваныя, месцы прызначыў; а чалавек гата быў справядлівы, дасведчаны ў справах рэспублікі Венецкай і ў рэчах рыцарскіх; і таму гэтак спадзяваліся, што гэта ён на галерах тых плыве, а праўда, так і сталася. Бо адразу прыехаўшы ў места Кандыю, колькі галераў выслаў ён у Канэю (ужо пра іх гаварылася, што іх сем у Кандыі дзеля варты на моры), каб там недалёка ад места стаялі, у месцы, што звалася Грабус; якое Св. Лука ў Апостальскіх дзеях Шчаслівым портам Крыцкім называе (з боку вятроў Афрыка і Кора); бо вельмі ён асаблівы, і лёгкі б доступ туркі да яго мелі, дзеля чаго яшчэ пры мне каля яго фартэцу новую змуравалі і надзвычай добра заспасобілі. Увесь гэты месяц быў я ў кепскім здароўі, бо амаль цэлыя сем тыдняў дрэнна пачуваўся, а пяць тыдняў гарачка няспынная з кашлем мяне мучыла. Пакуль я тут быў, скончылі будаваць


Арсенал цыдонскі.


арсенал на дваццаць або крыху меней галер. А як цэглы ў гэтым краі не ўжываюць дый няма яе, дык рабілі скляпенне з квадратнага каменю. То ж як толькі з вапнаю было і наверсе не патынкаванае, каб гатак вада магла лягчэй сцякаць (бо тут скляпенне не накрываюць ніякім дахам), а найбольш дзеля падмуркаў дрэнных, бо нядбала змураваных; як толькі дождж паліў, абваліліся два скляпенні ўночы і дзве найлепшыя і найгатоўшыя галеры разламалі. Нямала гэта ўрадоўцаў тутэйшых, дзеля блізкага з туркамі суседства, занепакоіла, бо яшчэ на той час у іх порце колькі карамужанаў было спынілася; аднак жа з дзіўнай хуткасцю і падмуркі замацавалі, і скляпенні зноў наладзілі.


Прыплылі тыя дзве галеры на Суду, якія Латына Урсіна везлі. А як яны ўжо ў Венецыю ішлі, то ж бачачы, што той шляхціч, чыя галера мне прызначаная была, не хутка яшчэ з сваёю аліваю выбіраўся, паслаў я слугу Пятра Быліну да Лорэнца Прыўла, старшага над адной з тых галер (венеты гэтую пасаду называюць супракомітам) добра мне знаёмага, асабліва ж таму, што меў я прыязнь з Францішкам, братам ягоным, просячы, каб на яго галеры мог я на Карцыру заехаць, што ён ахвотна дазволіў; бо венеты лічаць сабе за славу, калі на іхніх галерах хто высакародны, а асабліва чужаземец, едзе, дый сама рэспубліка прыхільна да гэтага ставіцца і дзякуе ім. Паспяшаўся ён выехаць у Канэю і дня трыццатага студзеня прыплыў з таварышам сваім з роду Віенэрыя, які над другой галераю начальнік быў. Найперш, аднак, да мяне прыйшоў быў сухазем’ем той самы Лорэнц, паслугі свае вялікай ахвярнасцю прапануючы і, каб я на яго галеру сеў, пільна просячы.


Люты.


Даўні звычай ёсць у венетаў, і захоўваюць яго пільна, каб адтуль адна галера ніколі


І разумна.


не выходзіла, але каб з сабою як найменей яшчэ адну мела; а тое з увагі на якую небяспеку, бо вялікім працягам берага турэцкага мусяць ехаць. Вось жа калі тая трэцяя галера Дыедонава, якая мне была прызначаная, да тых дзвюх прылучаная, ніяк не выязджала (бо затрымліваўся Дыедон), Прыўл не хацеў яе болей чакаць. А так дня чацвёртага лютага, развітаўшыся з рэктарам і іншымі знаёмымі, крыху перад вечарам сеў я на галеру Прыўлаву. І тады а трэцяй гадзіне ўночы паведамілі мне навіну з Суды, што Дыедонава галера прыйшла, якую (бо за тры мілі толькі была ад Канэі) дзве нашыя,. хоць ужо меліся плыць, мусілі чакаць.


А так раніцаю прыплыла, і адразу Дыедон з кашталянам, братам сваім, прыехаў да мяне, просячы, каб я на ягоную галеру сеў, бо начальнікамі кандыйскімі была яна даўно мне прызначаная. Адказаў я ім, што калі б яны былі мне тую ахвоту прыяцельскую тады выказалі, калі ім тое ўрад даручыў, то пэўна, што я б таму не пярэчыў; але як я дзеля ўласных іхніх спраў мусіў на выспе цэлую зіму прабавіць, а цяпер ужо на іншую добрага прыяцеля майго галеру сеў, дык за добрую волю падзякаваў ім, сказаўшы, што ўжо ў імя Госпадняе я ў гэтай паеду. Прасілі, каб я гэтага не рабіў; дык адказаў я, што яны самі ў тым вінаватыя, а я іначай не магу, і з тым яны адышлі.


Таго ж дня, калі тая галера нагружалася харчамі, як звычайна, не маглі мы выехаць, а тады яшчэ і вецер моцны Барэй падзьмуў увечары, так што ніякім чынам ехаць мы не маглі; а ўдзень ён яшчэ мацней узняўся. І, ведаючы, што звычайна ён чатыры дні трывае, засталіся мы, а я сёмага дня таго ж месяца зноў у кляштар вярнуўся, дзе, ветру чакаючы, аж да дзесятага дня жыў, а тады, а другой гадзіне ўначы павячэраўшы і развітаўшыся са знаёмымі, сеў зноў на галеру. А пятай рушылі мы з порта, а раніцаю ўбачылі выспу венецкую Чэрыго і так


Цытэрэя.


часткова на вёслах, часткова з ветрам прыехалі мы туды а васемнаццатай гадзіне над замак, нібы маленькую фартэцу на высокай гары, дзе жаўнеры таксама венецкія. Да Чэрыго з Канэі дваццаць міляў, у палове дарогі ёсць выспа маленькая пустая, Чэчэрыго. Маглі б мы яшчэ і далей плыць, але ў Дыедонавай галеры раскалолася была жэрдка, на якой ветразі вісяць, дык мы спыніліся і мусілі там заначаваць. Запрашаў мяне вельмі кашталян у замак, але як я быў хворы, дык застаўся на беразе дзеля цудоўнай пагулянкі. Тым часам падзьмуў супраціўны вецер, а порт, дзе мы стаялі, быў толькі на некалькі галер дый тое небяспечны, таму мусілі мы адплыць назад дзве мілі нашыя да бяспечнейшага на той самай выспе, хоць і пустога, які называюць портам Св. Мікалая; дзе ёсць таксама і царкоўка таго Святога біскупа невялічкая грэцкая, над якою ёсць на гары высокай


Алена, жонка Менелаева. Заняпад Троі.


(як з руін відаць вельмі вялікіх) палац Алены Грэцкай, пра якую апавядаюць, што жыла там, але адкуль там магла быць вада, невядома.


На другім баку выспы, пры беразе морскім ёсць невялічкая, але досыць цэлая


Дзе выкралі.


святыня Венеры, з якой Парыс тую Венеру выкраў, як баяць паэты.


Калі мы былі пад замкам у тым самым порце, прыйшло да супракоміта колькі чалавек, просячы, каб ён іх на сваю галеру ўзяў, бо іх карабель, з Неграпонту плывучы, з вялікаю шкодаю разбіўся. Дазволіў ён ім, але так, каб самі толькі без рэчаў (якіх паспелі трохі ўратаваць) селі (дзеля галеры, каб не перагрузілася, бо да трохсот чалавек мела).


Той самы вецер трымаў нас там у порце. А тым часам па абедзе прынеслі навіну, што тры галеры з Барбарыі вакол тае выспы бадзяюцца, так што былі мы гатовыя з імі спаткацца, але крыху пазней павярнулі яны за мыс да Пелапанэса.


Выйшлі мы з порта а семнаццатай, а па заходзе сонца прыплылі ў іншы дзеля мноства перапёлак, якіх там ловяць, названага, ад Чэрыго дванаццаць міляў; і праўда, назаўтра, калі мы там дзеля ветру стаяць мусілі, нанеслі іх нам сяляне


Глядзі на тых сялянаў.


вельмі багата разам з іншаю ежаю. Тыя сяляне збольшага між гор жывуць і разбоем прабаўляюцца, не заўсёды даніну турэцкую плоцяць, асцярожна трэба з імі трымацца ў размовах; і сапраўды, гарматы заўсёды бываюць супраць іх гатовыя, калі б яны чаго благога замыслілі, і толькі такую гатовасць справіўшы, да іх на бераг выходзіць можна. што таксама і мы былі ўчытлі. Кожны з іх мае панцыр на сабе і лук у руках. Увечары пасварыліся яны між сабою і стралялі адзін у аднаго з лукаў досыць спрытна, на што і мы глядзелі. Называюць валохі той порт Брако дэ Майна, бо гарамі абкружаны, да скрыўленае рукі падобны. Невялікі, што праўда, бо толькі шэсць або сем галер прыняць можа, але вельмі бяспечны; была тут некалі і фартэца турэцкая, якую пасля замірэння з венетамі пакінулі туркі. Бо як галеры венецкія мусяць туды заходзіць. дык каб туркі чаго не ўчынілі, запісана было ва ўмовах, і дазволіў імператар, каб яе пакінулі туркі пустою.


Раніцаю выехаўшы, спыніліся мы недалёка ў порце, які Старым портам называецца, аднак прамінулі мыс Матапан. А так паведаміла нам варта, што ідзе проста на нас шэсць галеонаў, і зразумелі мы, што гэта разбойнікі з Барбарыі. Але пасля ўбачылі, што былі гэта вялікія баркі хрысціянаў рыбакоў, якія ад Св. Маўра да Архіпелага плылі; было колькі туркаў сярод іх, але дзеля замірэння, якое з імі маюць, пусцілі іх вольна.


Порт Вітулі.


З таго порта толькі а васемнаццатай гадзіне дзеля ветру вырушылі мы, але адразу ж узняўся супраціўны, дык мусілі мы вярнуцца амаль у адваротны бок, у порт, што называўся Вітулі, куды толькі а трэцяй уночы прыплылі мы і заспелі там невялікую судзіну венецкую, што плыла ў Кандыю. Перасцераглі нас адразу маракі, каб мы ў тым месцы не спыняліся, калі ужо былі катвігі кінутыя, а тое дзеля ветру, калі раптам узнімецца, і дзеля блізкасці берага; бо пад вечар бачылі мы, як сяляне збіраюцца невядома нашто, але тут трэба было быць асцярожнымі. Два тыя порты, хоць і пустыя, маюць, аднак, навокал усюды вельмі шмат вёсак. Калі б мы былі проста ехалі, то пэўна прайшлі б ужо міляў трыццаць пяць, але, заходзячы ў тыя порты, праехалі добрых пяцьдзесят і болей, і досыць небяспечна.


Не без цяжкасцяў пераплылі мы мора Каронскае342, бо вецер быў супраціўны, і


Мора Каронскае.


спыніліся мы далей ад замка Карон343, каб у нас з гармат не стралялі. А сёмай уночы паплылі мы далей і, мінуўшы выспу Св. Венэдычы, да другой, Сапіенцыя


Порт Мудрасці.


называнай, плылі дзесяць міляў. Порт там і прыгожы, і бяспечны, шмат галераў мае; аднак не венецкі, бо і туркі дзеля блізкасці Метоны344 спыняюцца там часта.


Раніцаю быў вецер супраціўны, таму вырушылі мы толькі а васемнаццатай


Метона.


гадзіне, а як злева не маглі мы Метону аб’ехаць, каб па нас не стралялі, дык справа вакол выспы паехалі, дзе, аднак, туркі ў нас з трох гармат стрэлілі, але ж мы задалёка стаялі, а ім нашыя таксама з гармат адказалі на знак прыязні. Прамінулі мы пасля фартэцу турэцкую досыць добрую Наварын, што на гары стаіць, недалёка ад яе места, але сам замак над портам, дзе Ахіялі з васемнаццаццю галерамі добра заспасобленымі чакаў сем тых венецкіх, пра якія пісалася.


Адвячоркам, праплыўшы дванаццаць міляў, падышлі мы да выспы Прадоны пустой, дзе безліч дзікоў; а вырушыўшы апоўначы з ветрам сірока або эўрам вялікім, праз мора Аркадыйскае345 праехаўшы, а чатырнаццатай гадзіне спыніліся мы каля Зацынта. Там, як толькі кінулі мы катвігу, гандляр Марк Сэкуры, добра мне знаёмы, прынёс навіну, што брата майго Юрыя Радзівіла Рыгор XIII, Святы Айцец, кардыналам учыніў346. Там жа, калі ссеў я з карабля, надта шмат іх бегла мяне павітаць, а разам з тым (як звычай патрабуе) віншавалі з новым шчасцем майго роду. Узняўся тады вялікі вецер той самы, а калі ўсе болей узмацняўся і небяспечна было стаяць на катвігах, бо тут толькі сарсітар або становішча, а не порт, дык пасля, як харчоў накупілі, перакуліўся адзін фрэгат, і ледзьве людзі ўратаваліся. Патануў, аднак, слуга мой немец, якога я быў у Кандыі узяў, чалавек малады і вельмі пабожны, які часта казаў, што, прыехаўшы ў Валошчыну, адразу ўступіць у таварыства Ісусава. І так, уцякаючы ад небяспекі, чатыры мілі пад ветразем меншым (дзеля моцнага ветру), званым магістра347, які галеры ўжываюць у гэткіх выпадках, заехалі мы за скалу Сківары, дзе схаваліся мы ад ветру бурлівага і дажджу.


Калі мы пад Зацынтам былі, знайшлі там карабель адзін разбиты два тыдні перад тым, які быў прыплыўшы з гвалтоўным ветрам, дзе караблі становяцца, кінуў пяць катвігаў, аднак яны яго не ўтрымалі, рылі зямлю, а ён тым часам патроху сунуўся, пакуль нарэшце не разбіўся аб край скалы пад кляштаром Св. Іллі. Быў гэта карабель Георга Эма, які быў консулам у Егіпце да венетаў, шляхціч, меў я з


Другое сумнае здарэнне.


ім добрае знаёмства. Аблічвалі шкоду на пяць разоў па сто тысяч дукатаў у золаце, бо вялікія і дарагія меў тавары, што з Сірыі ішлі: людзей загінула трыццаць сем, а адзінаццаць выплыла. Бачыў я той карабель у Трыполі, як ён ішоў на Кіпр, і там меўся ветру добрага чакаць. А як спадзяваўся я, едучы з Александрыі, спыніцца на Кіпры, бо легка туды вятры заносяць, асабліва ж у тым часе, калі я выехаў; быў намер мой, пра што я з тым Эмам раіўся, і вырашыў быў я, што калі б там карабель ягоны заспеў, то ж, як быў ён новы, моцны і добра заспасоблены, меўся б


А Госпад Бог іначай.


я на ім у Валошчыну ехаць. Дзіўная рэч, што нават найменшых рэчаў не здолелі ўратаваць; бо і ўначы разбіўся, і што мора на бераг выкінула, тое сяляне грэцкія пакралі, а хто жывы прыйшоў, таго забілі; так што нават рэктар мусіў з’ехаць з замка, такое бо разбойства і рабункі былі. Другі ж карабель, Руджына, меўся ўжо разбіцца, бо яго таксама катвігі ўтрымаць не маглі, і таму, баючыся таго, гарматы ўсе навялі былі на бераг на тых сялянаў, хочучы іх пабіць, каб пасля, калі каго шчасце на бераг вынесе, яны не пазабівалі, аднак жа, калі быў ён ужо блізка да скалы, вецер сціх.


Шчаслівая перамога за часы Святога Айца Пія V.


За чатыры гадзіны перад світаннем плылі мы морам Карынтыйскім348 (дзе армада хрысціянская349 слаўнаю той перамогаю з Божаю дапамогай пад Наўпактам350 туркаў разбіла, года Гасподняга 1571, сёмага дня кастрычніка) і спыніліся ў порце Віскарда351 на выспе Цэфалоніі, і там дзеля ветру супраціўнага чакалі мы чатыры дні. Есць там порт для чатырнаццаці галер, пусты, але відаць, што тут было некалі


Хілон філосаф.


места вялікае і звалася яно Пэтылія352 (радзіма Хілона філосафа), з квадратнага каменю мураванае. Відаць тут таксама дамы нейкія нізкія, як уваход у склеп, толькі што ідуць угору, а не на дол; чалавек можа там у каморках ляжаць, але не стаяць, бо такая нізкая пабудова; ніхто ўведаць, ані ўгадаць не можа, што тут было. Насупраць за паўмілі таксама выспа, што называецца Старая Цэфалонія, таксама венецкая, ёсць на ей колькі вёсак.


Паміж тымі дзвюма выспамі, амаль пасярэдзіне, ёсць малая выспачка скалістая, пад якою мы праехалі, пустая, круглая, на стрэл лучны ўдоўжкі і ўшыркі.


Які там клопат быў пра мудрасць чалавечую.


Сцвярджаюць, што там была гімназія або школа грэцкая, дзе філосафы, аддаліўшыся ад грамадства і забаваў, практыкаваліся ў сваіх навуках, каб ім ніхто не перашкаджаў. Тыя, хто гісторыкаў чытае, хай паглядзяць, як тое было. Ад Сківары да таго порта Віскарды каля дваццаці міляў.


Мора Албанскае.


Гадзіны за чатыры да світання плыў я морам Албанскім353, валохі называюць яго Golfo de Preusa, або S. Maurae, а пакінуўшы з левага боку выспу Пароні вялікую (кажуць, чатыры вёскі венецкія на ей), прыехалі мн каля дваццаць трэцяе гадзіны


Карцыра.


на Карцыру, праплыўшы каля дваццаці дзвюх міляў; я выйшаў адразу і заначаваў у заездзе. Назаўтра ж, калі хацеў я спыніцца ў кляштары Св. Францішка, паслалі па мяне тамтэйшыя начальнікі (бо мелі да князя венецкага лісты пра мяне), запрашаючы мяне ў палац аднаго шляхціча, які яны мне падрыхтавалі і прыаздобілі, дзе я мусіў спыніцца. Прыйшлі пасля прывітаць Андрэй Наўагер, старшы, якога там называюць байлам, друп правізар Бенядыкт Эрыдзо з раднымі; ды яшчэ прынеслі ў крэсле Захарыя Саламонэ, бо падагрык быў і рэдка ўжо хадзіў, дый тады яго вадзілі, а быў ён на той час правізарам армады морскай; усе мне вялікую прыязнасць выказвалі.


Быў я з усім урадам тутэйшым у царкве (ёсць там арцыбіскупства) у старым замку, які мы пасля аглядалі.


Слаўны замак.


Быў я і ў Новым замку, які, бо слаўны і добра ўмацаваны, усе ведаюць; дый сапраўды слушна ён ключом ад мора Адрыятычнага можа быць названы. Наведаў я і асобна кожнага з урадоўцаў. А калі я тут стаяў, здарыўся выпадак, што Ахіялеў карабель, ідучы з Трыполя Барбарыйскага і трыста маўраў і маўрак на продаж везучы, ветрам на пяскі албанскія загнаны ўгрузнуў, так што і вярнуцца не мог. Тады сенат венецкі, бо туркаў без прычыны не дражніць дый Ахіялі шанаваць прывык, вырашыў яго ўратаваць, і пасланы быў Захары ў Бастыю, места турацкае, за паўтары мілі ад Карцыры, каб тамтэйшаму кады карабель, галерамі венецкімі выцягнуты, аддаць.


А як карабель той харчоў не меў, дык распрадалі маўраў абедзвюх плоцяў, аднаго чалавека за дваццаць шкудаў аддаючы, і купіў іх той самы Захары дванаццаць,


Танней у Каіры і Александрыі.


якому пасля ў Гідрунце354 адразу па сто (і болей) плацілі. А так зноў за прычынаю Ахіялі дзве галеры мне толькі праз восем дзён пасля прыезду былі аддадзеныя, адна Яна Ланга, на якую я сам сеў, другая таго Віенэрыя, які з намі разам быў у Кандыі.


Сакавік.


Ездзіў я ў кляштар грэцкі Дзевы Марыі, за мілю ад Карцыры, які хоць і стары, але слаўны і прыгожа пабудаваны. Быў я ў царкве грэцкай св. Сурыда, дзе таксама


Глядзі.


ёсць цела таго святога, якое з вялікімі цырымоніямі грэкі паказваюць. За той час агледзеў я ўсе, што было вартае ўвагі, а слугу свайго з рэчамі і з тымі звярамі заморскімі выправіў у Венецыю з трыма галерамі, якія на той час адыходзілі. Сам я назаўтра, трэцяга дня сакавіка, а дванаццатай гадзіне, сеў на галеру, а ветру не было, дык на вёслах ішлі. У палове дарогі прамінулі мы з правага боку затокі морскія (азёрамі называныя), якія венеты ў Эпіры маюць, з чаго, як самі нам


Добрае там гаспадарства.


апавядалі, за ікру з рыб кефаляў (якую воскам абляпляюць і звычайна называюць батарга355) дваццаць тысячаў дукатаў штогоду бяруць. А так а дваццаць трэцяй гадзіне спыніліся мы ў порце (завецца ён Санта Марыя дэ Касэпа) невялікім, ледзьве на тры або чатыры галеры, за чатыры мілі ад Карцыры; а там дзеля ветру супраціўнага ўвесь чацвёрты дзень сакавіка, што была нядзеля, і ўвесь пяты мусілі мы чакаць. На самым беразе ёсць там малая царкоўка грэцкая і пустая. Калі мы тут стаялі, судзіна малая ляцела з Балоны, места турэцкага, на Карцыру, і, спусціўшы свае ветразі (як звычайна, на загад з галеры), паведаміла, што колькі дзён перад тым тры судзіны хуткія (а на іх туркі разбойнікі) вырушылі да Апуліі356, якія бачылі мы пасля ў Бары357 будучы, ды шмат людзей каля берагоў захапілі.


Раніцаю, як ціха было, прыплылі мы на вёслах да выспы Фана (караля


Фана.


гішпанскага), прыгожая яна і цудоўную даліну мае; і калі ўрабляць яе, была б урадлівая, мае таксама вады прэснай у дастатку, дзеля разбойнікаў, аднак, пустая. Злева пакінулі мы за сабою капец скалісты ў моры, які высока над вадою галаву сваю ўзняў, называюць яго Мальнэр. Ужо мы ад першага порта ад’ехалі дзве мілі, было ціха, амаль без ветру, і трэба нам было ў Валошскую зямлю праз мора Адрыятычнае пераехаць, дзе выспы ніякае няма, а баяліся мы, каб нас пасярод мора ноч не заспела, асабліва ж зважаючы на близкую перамену надвор’я, дык


Небяспека.


вырашылі тут аж да другога дня чакаць. Але адвячоркам узняўся моцны вецер, які, гвалтоўна мацнеючы (паміж субсаланам і эўрам, крыху ад усходу ссунуўшыся, дзьмуў, валохі яго левантэ сірока называюць), галерам вельмі пагражаў, і кінулі мы катвігі, бо порта не было, а назад ісці мы таксама не маглі, і так, схаваўшыся за краем выспы, ноч вельмі цемную хацелі перачакаць аж да дня; але як вецер яшчэ мацней пачаў дзьмуць, дык мы радыя не радыя а дзевятай перад світаннем вырушылі і, не могучы пад вялікім ветразем (што завецца артэмон358), пад меншым, тэрцэролаю359, плылі. Вось жа мора нямала бурліла, былі мы ў страшнай небяспецы, і што ноч амаль пасярод мора нас заспела, і хвалі галеры накрывалі, вельмі гэткай судзіне небяспечныя; бо яна і меншую непагадзь ледзьве здолее вытрымаць, якое


Галера што такое.


меншыя судзіны зусім не баяцца. Бо ж галера доўгая, нізкая, плоская, і калі моцныя хвалі, дык яе або разаб’юць, або пераламаюць; і тое нас толькі супакойвала, што нашыя былі і новыя і моцныя. А як гэткім вялікім ходам ішлі, што толькі ля самага верху шчоглы разыходзіліся хвалі, то мусілі мы ўсе пад вагаю на доле сядзець пад лавамі, дзе вёсламі грабуць, бо гэтак вялікія і высокія былі хвалі, што галеры тыя побач адна адной будучы, хоць ужо на дзень бралася, адна адну не бачылі; з чаго не толькі мы, але і самі маракі і нявольнікі, якія болей за дваццаць гадоў на моры плавалі, так спалохаліся былі і занядужалі, што на нашай галеры, апроч дзесяці, не было нікога, каму б мора не пашкодзіла, і ўсе нібы парэзаныя ляжалі; і каб тое даўжэй цягнулася, яны апавядалі, не здолелі б вытрываць болей, а з тым і галера трапіла б у небяспеку. Але з прызвалення Гасподняга, калі а чатырнаццатай развіцнела, убачылі мы зямлю і зразумелі, што туды, куды меліся ехаць, добра за компасам трапілі, так што перад пятнаццатай гадзінай увайшлі мы ў порт гідрунтыйскі, хоць не вельмі бяспечны. Бо і вятрам адкрыты, і скалы частыя мае пад вадою пры ўваходзе, якіх пабачыць нельга, і


Звычай.


ледзь мы на адну не натыкнуліся. А гэтак ад таго, як паднялі мы ветразі і да ўваходу ў порт, дзе мы галеру за пяць гадзін канатамі абвязалі (бо кінуўшы катвігу, адусюль яе канатамі замацоўваюць заўсёды, і называюць яны гэта ормэзар360), праплылі мы семнаццаць міляў нашых. Там, на галеры, паснедаўшы,


Гідрунт.


паслаў я ў Гідрунт слугу, каб мне коняў нанялі; але ж там праз судзіну, якая выйшла з Корфа, ужо губернатар караля гішпанскага, што зваўся Матыяс дэ Лагуна, пра мой прыезд ведаў, і паслаў па мяне, запрашаючы ў замак; але я адказаў яму, што зараз жа выпраўляюся далей, толькі ў царкву бернардынскую зайду. Але калі я быў у царкве, ён прыехаў сам, запрашаючы ў замак, а пачуўшы мае рацыі, пагадзіўся з імі, праводзіў мяне з места са сваёю дружынай, даўшы мне дваіх, што са мною ехалі там, дзе была ягоная юрысдыкцыя. Таго ж дня ад’ехалі мы на паўмілі ўправа ў царкву Св. Марыі дэ Карпіньяна, прыгожай і коштам


Царква.


вялікім збудаванай, дзе Госпад Бог вялікія цуды чыніць, і, падзякаваўшы яму, што нас цэлымі на бераг высадзіў, прыехалі мы амаль ужо пад вечар у вёску Калісмэрыю.


Раніцаю прыбылі мы ў Лецый270, дзе віцэ-рэкс361, або падкароль, жыве; на той час быў


Падкароль.


ім Францішак Карафа, які, ведаючы пра мяне, што я ў заездзе спыніўся, прыйшоў сам з мноствам людзей і са сваёю гвардыяй у мой заезд (што нам таксама не паспрыяла, бо разнеслася вестка, хто я такі, і таму напалі на нас бандыты, як неўзабаве сказана будзе), і ўзяў мяне ў палац; але калі я прасіў яго, каб ён пад той час іначай са мною абышоўся, зважаючы і на небяспеку, дазволіў ён нам застацца ў заездзе, і мы адышлі; паслаў ён за намі абед посны адразу (бо пост быў тады велікодны). Па абедзе пайшоў я ў замак і развітаўся з ім, даў ён мне сем гішпанцаў конных, якія мяне да самага Бара праводзыы. Начавалі мы пасля ў вёсцы Чыеліна.


Астун, места каралевы Боны.


На абед былі мы ў месце Месыяне362, а на ноч у Астуне363. Места гэтае стаіць на гары, у прыгожай мясціне і само прыгожае; было гэта места каралевы Боны364, якая туды,


Трыумф на яе прыезд.


едучы з Польшчы, заехала была, пад яе гербамі на дзвюх брамах напісаныя розныя азнакі радасці, але дзеля даўнасці фарба на іх гіне.


Bonae Sfortiae Aragoniae Reginae, Joannis Galeacy Ducis Insubrum Filiae, ob Regnum Sarmaciae et Imperium in Scythas ad Tanaim et Borysthenem, multis Annis Recto Ordine ex Repul. et Religione Gestum, Astunen. Publice.


На другой браме места з прыезду, таксама над гербамі:


Bonae Sfortiae Sarmatar. Scytarumque cis Tanaim Reginae ab ultimo Septentrione.


Post Annos Triginta Octo Reduci, ob Iura et Iustitiam in urbem Revocatam, Astunenses Publice.


Два вершы пад гербамі:


           Aurea Saturni Redierunt Secula Firma.
           Scerptra Tenente Manu Nomine Regne Bona.


Дня дзесятага сакавіка прыехалі мы ў Манаполь365, адзінаццатага ў вёску Моль366, а на ноч у Бар, які належаў той памянёнай каралеве; а там, што было вартага ўвагі, агледзелі мы, асабліва ж магілу Св. Мікалая, мірэйскага біскупа367, з Святых костак якога манна цячэ, трошкі яе прывёз я ў Нясвіжскі касцёл. І хоць нікому я не казаў, хто я такі, аднак жа, як назваўся я дваранінам караля польскага Жыгімонта Аўгуста, паказалі мне цела каралевы Боны, якое цэлае ў закрыстыі ў вялікай царкве ляжыць, у труне аксамітам чорным ахінутае, непахаванае, адна толькі частка верхняй губы крыху сапсавалася. Пасля арцыбіскуп, даведаўшыся пра мяне, паслаў у заезд сваіх слугаў, запрашаючы мяне ў свой палац, але як мяне пры вячэры заспелі, то ж адмовіўся я, дый не прызнаўся я за таго, за каго мяне яму падалі, дзеля заўтрашняга ад’езду ранняга, бо ўжо я і ад губернатара ўзяў праваднікоў, што мяне праводзіць меліся (тых жа, што з Лецыя, вярнуўшы назад).


Прыехаў я ў Мальфэту, а на ноч у Барлету368, што перад тым звалася Каны.


Тут ад гэтага месца я ўжо апісваць нічога не буду, бо ў Валошчыне і ў гэтым краі шмат людзей ад нас бывае; размяшчэнне местаў, фартэцаў ведаюць усе. Раніцаю ад Барлеты ад’ехаўшы тры мілі, пераехалі мы мост, дзе Ганібал над рымлянамі вялікую і слаўную перамогу меў369; былі мы ад таго поля, на якім яны біліся, за дзве мілі злева. Начавалі мы пасля ў Карыджынолі.


У Фоджыю370 места, адтуль плацяць інтэрас ад караля гішпанскага Ганне, каралеве польскай371.


Былі мы ў месце Св. Северына372, а на ноч у Сэры373, месце Ганзагаў.


У Тэрвімы374, пасля на ноч у Гваста375 прыйшлі, дзе Абруцыяў376 (перад тым называных Санутэс) межы пачынаюцца.


Адтуль да Сляпога рову377, на ноч у Артону378, на той час княгіні Пармскай места (Маргарыты Аўстрыйскай379).


У Пішкарыю380, а адтуль вярнуў я тых дваіх, што ўзяў з сабою з Бара, найболей дзеля таго, што спадзяваліся мы напэўна дзе-небудзь на які загон бандыцкі натрапіць. Бо яны як тыя, хто ловіць злачынцаў (называюць іх барыджэлі дэля кампанья), ведалі добра, што напэўна іх бандыты жывымі б не пакінулі, што яны паўсюль робяць; і вельмі добра, што так сталася, бо, раз’юшыўшыся б на іх, і нас бы не пашкадавалі, як часта там здараецца, аб чым і нас папярэдзілі. А так, як мы ўжо пэўныя былі, што спаткаемся з імі (бо там найвялікшы сплыў усіх нягоднікаў, што разбоем прабаўляюцца), і абмінуць іх ніяк немагчыма, таксама і морам дзеля няспынных вятроў гвалтоўных; і праўда, зіма тая была такая ветраная, што пагаджаліся ўсе на тым, нібыта ўжо пяцьдзесят гадоў такой не было —то ж я іх і адпусціў. Бо ў пратоцы Геркулесавай болей за шэсцьдзесят вялікіх караблёў хрысціянскіх загінула, а за тыя шаснаццаць тыдняў, калі жыў я ў Кандыі, на адным толькі Архіпелагу ці бо на моры Эгейскім як турэцкіх, так і хрысціянскіх карамужанаў дваццаць шэсць, а можа, і болей, разбілася. Вось жа калі я надзею на падарожжа морам страціў, склікаўшы ўвечары людзей маіх, сказаў ім пільна, каб, калі на нас бандыты нападуць, на адно апавяданне ўсе мы згаварыліся, што нам найболей дапамагло. Бо калі б пабачылі, што мы адзін аднаму пярэчым, дык або адразу б нас забілі, або за вялікія грошы мусіў бы я выкупляцца ў іх з вязніцы, бо так звычайна рабілі, калі гэткае здаралася. Быў таксама адзін валох са мною, нейкі Аляксандр Чэзарыні, бандыт з Рыма, а заехаў быў ён з Латынам Урсінам у Кандыю, дзе пасварыўшыся з адным валохам, баючыся яго, назад вяртаўся на той самай галеры, што і я, і прасіў мяне, каб я з сабой яго ўзяў, на што я пагадзіўся і каня і харчоў яму даў. Дык таго і ўсіх іншых склікаўшы, загадаў я, каб гэтак казалі: «Усе мы таварыства, пана паміж намі ніякага няма, служылі мы венетам у Корфе, а скончыўшы там свае справы, едзем у Венецыю, а адтуль кожны дадому, бо мы з розных краін чужаземцы, немцы, палякі, літвіны». Калі ж пра грошы пытацца будуць, каб паказалі мы, што яны ў скрыні, што мы з сабою мелі, бо хаваць дарэмна, таму што пасля шукаюць, а знайшоўшы забіваюць, калі хто падмане. Раніцаю выехалі мы з Пішкарыі, выслаўшы наперад кухара, каб праз тры мілі нам сняданне згатаваў. Ад’ехаўшы мілю вялікую ад Пішкарыі, пакінулі мы злева за сабою замак на гары, называны Гара Сільван381 князя Нучэрскага; ёсць там рэчка,


Гара Сільван.


якую можна на кані перайсці. Сала, або Саліна, называецца, за стрэл лучны ад яе заезд мураваны з такой самай назваю. Пад’язджаючы да рэчкі, пабачылі мы на


Гісторыя доўгая і дзіўная пра бандытаў.


тым баку трох бандытаў, якіх легка пазнаць, бо кожны з іх мае рушніцу доўгую, а за поясам дзве кароткія, або, прынамсі, адну, штылет доўгі ды нож некароткі, а пры тым вісіць на плячы барановая шкура, як кайстра, куды кладзе хлеб, сыр, соль ды іншыя харчы. А як нас было шасцёра, бо кухар ад’ехаў, і пяць рушніц мелі мы доўгіх, дык, узяўшы іх, пайшлі мы цераз рэчку. Ледзьве выйшлі мы з вады, як убачылі яшчэ траіх побач з тымі першымі; аднак як нас было гэтулькі ж, былі мы спакойныя. Калі міналі мы першых, павіталіся з намі, а мы з імі таксама, а як агледзеліся мы за рэчкай, аж там каля дзесятка іх павыходзіла, якія, відаць, у хмызняку сядзелі пры дарозе, бо мы іх не бачылі, мінаючы тых другіх траіх. Што на нас не напалі, тая была напэўна прычына, што заезд быў вельмі блізка, справа перад намі мора, а тут поле шырокае; і палічылі мы, што яны або запазніліся на нас напасці, або ім нешта перашкодзіла, бо і сам замак гары Сільван толькі за дзве мілі валошскія адсюль быў. А калі мы іх праміналі, дык расчыніўшы заезд, болей за пяцьдзесят іх з доўгімі і набітымі рушніцамі напала на нас і кожнаму з нас колькі іх рушніцы да бока прыставіла, і павярнулі нас да таго заезда. А як мы, яго мінуўшы, рушніцы ў футаралы пахавалі былі, дык яны колы паспускалі, браму замкнулі, з коней нам ссесці загадалі і ўсю дарэшты зброю пазабіралі. Засталося нас там да дваццаці асобаў ці болей, і кухара майго, што быў там і мяне чакаў, бо хто толькі з Пішкарыі або ў Пішкарыю ехаў, усіх пахапалі дзеля таго, каб нас не папярэдзілі; і як пасля мы даведаліся, высочвалі нас яшчэ ў Гваста і ў Артоне, нарашце ў Пішкарыі, а і перад тым напэўна сваіх шпегаў за намі ўсюды мелі. Адразу спыталіся, адкуль мы ідзём, куды, што мы за людзі, ці ёсць пан паміж намі, пасля — пра грошы, а паасобна пыталіся, кожнага ўбок адвёўшы; аднак жа мы пра ўсе загадзя дамовіліся. Сказалі таксама ўголас: «Не хавайце грошай, бо як


Далейшыя іх дзеянні.


схаваеце, дык тое з вамі ўчынім, што мы з іншымі чыніць звыклі». Тады і другі раз паасобна, учатырох або ўпяцёх каля кожнага стаўшы, дапытваліся і нажы даўгія да бакоў прыстаўлялі і пыталіся, колькі кожны грошай мае. Найперш мой мяшэчак узялі, дзе было шэсць цэкінаў і крыху дробнай манеты, а як і мяшэчак ім спадабаўся, дык адрэзалі яго ад пояса. Мацалі мяне пасля за бакі ўсюды (а меў я на сабе паркалёвую марынатку, у якой я быў з галеры сышоў), аднак знайшлі не ўсе, як высветліцца ніжэй. Сумысля пакінулі мы пры сабе крыху грошай, што мела значыць, нібыта мы — таварыства, і кожны сам сябе корміць. Пасля накінуліся на Абрама Дуніна, якому мяшэчак з адзінаццаццю цэкінамі зрэзалі, а як быў на ім кабат ласіны бавоўнаю вельмы натканы, дык бандыт (якіх было каля васьмідзесяці, бо былі сышліся, пакінуўшы каля дваццацёх на варце) мацаў яго і круціў на ўсе бакі, так што ўсе гузікі яму паабрываў а ўрэшце і кашулю падраў. Пайшлі пасля да Юрыя Коса, які, бо грошы мае выдаваў, меў пры сабе каля трыццаці цэкінаў, што ім вельмі да смаку было, памацаўшы яго трохі, болей нічога не знайшлі. Прыступіліся і да Андрэя Скарульскага і ўзялі ў яго колькі цэкінаў з мяшэчкам, а болей не знайшоўшы, пусцілі. Калі тое забіралі ў нас, паручнік таго


Гетман бандытаў.


старшага, што на гарышчы сядзеў і нам не паказваўся, хлопец малады, падышоў да таго Аляксандра валоха; які, хітрым будучы, усе грошы свае (да пяцідзесяці шкудаў) у парахоўніцу быў паклаў і павесіў яе на шыі; то ж паручнік той зняў яе з


Глядзі.


шыі і павесіў сабе. Валоху так было шкада, што, не могучы вытрываць, шапнуў яму на вуха: «Ты ўсе мае грошы забраў». Спытаўся бандыт: «Дзе яны?» Адказаў той: «У парахоўніцы». Сказаў тады бандыт: «Маўчы, калі хочаш, каб ты і таварышы твае жывыя засталіся». Дзеля таго забараніў гаварыць, што ўсе іх сабе мог забраць, астатнія грошы нашыя з іншымі падзяліўшы; аднак жа так яму паслужыў, што пакункаў ягоных зусім не чапалі. Пасля загадалі нам скрынку адчыніць, дзе наверсе дзвесце цэкінаў знайшлі; адразу іх падлічылі, а як аднаго не даставала, зноў хацелі лічыць, аднак жа спяшаліся, дык і не лічылі; узялі там і дробнай манеты амаль на дзвесце шкудаў. Пасля ўсе, што знайшлі (а меў я нажы турэцкія, прыгожа ў золата ўштукаваныя, камяні адтуль дарагія і некаторыя рэчы з чыстага золата, прыгожыя і ўмела зробленыя), усе забралі. Часта той паручнік на гарышча хадзіў, бо была драбіна на стайні да таго гетмана над бандытамі, пра нешта там раіліся. А як абыходзіліся з намі жорстка: і шапкі з нас зрывалі, і адзенне пачалі былі, дык той Аляксандр валох пачаў іх праз Бога прасіць, каб яго не забівалі. Я яму паціху сказаў, каб іх аб тым не прасіў, бо калі маюць волю забіць


Ведаў бандытаў.


нас, просьба не дапаможа, а калі не маюць, дык хутчэй заб’юць, калі пабачаць, што мы смерці баімося. А ён зноў прасіў, рукі складаючы, на што я сказаў уголас: «Дарэмна іх прасіць, бо яны людзі добрыя хрысціяне, але як патрэба іх гвалтоўная цісне, дык мусяць браць, каб было з чаго жыць, але ж нас напэўна не заб’юць, бо мы ім нічога не вінаватыя». Тады адзін з тых, што вартавалі, абняў мяне і


Добрая рада.


дзякаваў, што я пра іх так добра думаю. І нямала нам гэта дапамагло. Бо калі мне ўжо адзін здымаў плашч, дык той сказаў яму, каб мяне не чапаў, называючы мяне добрым чалавекам. Тым часам узяў паручнік маю парахоўніцу, але пабачыўшы, што затычка малая і што грошы туды ўлезці не маглі, пакінуў яе мне. Падышоў таксама і другі, якому спадабалася была мая каронка або пацеры, што пры поясе


Пацеры.


віселі, і загадаў іх яму аддаць. Але ж мне іх было вельмі шкада (бо пры іх вялікае грахоў адпушчэнне даў мне быў на тое падарожжа папа Рыгор XIII), а да таго ж былі яны са мною паўсюль у Святых мясцінах, дык прасіў я яго, каб не браў. Ён, аднак, узяў, але, агледзеўшы (былі яны з індыйскага трыснягу), знайшоў на іх навязаны чэрап са слановай косці выразаны і, паглядзеўшы на яго, плюнуў і кінуў, я так думаю, што пра смерць згадаўшы. А як у нас усе грошы забралі, дык прасіў я, каб нам што на харчы пакінулі, і так на загад старшага даў ён мне дзесяць цэкінаў у рукі, сярод якіх была адна манета імператара Валянціна, а яна ляжала ў мяне разам з іншымі старымі манетамі, гэта значыць яны ўсе да кучы перамяшалі, што ў нас забралі. Пасля загадалі нам шпоры паадшпільваць, а прышпіліўшы і сеўшы на коней нашых, з’ехалі прэч. Сваіх коней мелі няшмат, у тых забраўшы, каго раней былі схапілі, а каму каня не дасталася, дык удвух на аднаго селі. Пакінулі нам двух худых мулаў і дзве шкапы кульгавыя, што рэчы насілі. Калі выязджалі, сказалі нам, смеючыся, каб мы іх чакалі, бо хочуць на ноч да нас вярнуцца. Падняліся мы пасля на гарышча ў тым заездзе і знайшлі там гаспадара звязанага і слугу ягонага. Бо ўночы хацелі тыя бандыты туды зайсці, але заезд быў зачынены, дык яны, каб іх пусцілі, прыкінуліся ўбогімі і прасілі ўмольна, каб ім адчынылі, бо яны, маўляў, змерзлі; тады гаспадар, падумаўшы, што праўда, пусціў іх, а яны яго са слугою звязалі, і што далей, то болей іх прыбывала. Праз гадзіну ці крыху болей, як яны ад’ехалі, пачалі збягацца навакольныя людзі са зброяю, бо ўжо былі даведаліся, а там такая павіннасць, як толькі пра бандытаў даведаюцца. Прыехаў туды і сам губернатар Карафа з места Сан Анджэла383 князя Нучэрскага, і так каля тысячы коней сабралася; бачылі, што нас абдзёрлі, а самі ў горы зніклі. Губернатар жа ўзяў нас у места, за мілю вялікую ад таго заезда, і там мы ў ягоным палацы на вячэру і на ноч засталіся. Даведаліся мы пасля, што старшы над тымі


Гетман тых бандытаў хто быў.


бандытамі быў Якуб дэ Монтэ Бранда, славуты разбойнік, неўзабаве пакараны смерцю з чатырнаццаццю таварышамі. Бо папа Рыгор XIII, будучы да мяне заўсёды вельмі ласкавым, напісаў дону Пятру Асуну, падкаралю неапалітанскаму383, каб іх шукаў, дзеля чаго і шмат каго іншага схапілі, а пазнавалі іх па рэчах нашых, бо я быў распісаў паўсюль лісты, паведамляючы, што як дзеелася. Той Якуб дэ


Справядлівасць Божая.


Монтэ Бранда, гетман іхні, баючыся, каб яго не злавілі, са сваімі найстаршымі таварышамі ўжо быў за мора ўцёк, аднак яго ў Далмацыі схапілі.


Назаўтра раіліся мы, што рабіць, бо і грошай не было, і дарогі тымі бандытамі паўсюль абстаўленыя былі. То ж паслаў я ў места Чэнта караля гішпанскага, дзе падкароль тае правінцыі быў, па раду і дапамогу; але ён адказаў, што не ведае, як дапамагчы, бо тыдзень перад тым таксама людзей, што ў Неапаль ехалі (болей за трыццаць), абдзёрлі, а семнаццаць з іх забілі, бо ад бандытаў бараніліся, а тых было сто. Вырашылі мы так, што трэба наняць такіх, што або з бандытамі зналіся, або самі бандытамі бывалі і знаёмства з імі мелі, або іх родных і сваякоў, каб нас паўз тыя загоны праводзілі, паведамляючы, што мы тыя абрабаваныя, бо вестка пра тое шырока ўжо разышлася. Так знайшлі мы сабе дваіх, аднаго Францішка, што восем гадоў быў бандытам і добрыя зносіны з імі меў, а другога святара, у якога двое братоў былі бандыты; прабавіўшы дзень у губернатара і пазычыўшы ў яго васемнаццаць шкудаў, якія абяцалі у Анконе384 аддаць, назаўтра па абедзе вырушылі мы ў Адрыю385. Але ж як мы толькі двух мулаў мелі (на якіх рэчы былі, што ў нас не пазабіралі) і два кані убогія, а болей наняць нідзе не маглі, дык часам ідучы пехатою, а часам едучы, наперамену, прыехалі на ноч у Андыю, дзе нас усе бачыць хацелі, дачуўшыся, што з намі здарылася.


Новая Джулія.


У места Джулію Новую386 прыбылі мы. Там паведамілі нам, што калі тыя бандыты нас разбілі, хацелі былі на места напасці; што яны і робяць, калі шмат іх набіраецца, а напаўшы, б’юць і забіваюць людзей, рабуюць дамы; але ж места тое на гары стаіць, дык здалёк іх убачыўшы, замкнулі яго, і яны ўправа ў бок мора павярнулі. А так адразу той Франчэска, што са мною быў, ведаючы, што там маці жыве найгалоўнейшага верхавода бандытаў, барона неапалітанскага, пайшоў да яе, апавядаючы пра наш выпадак, хоць ужо ўсе пра тое ведалі; прасіў ён, каб дала яна нам свайго знаёмага, які б нас праводзіў, дзеля таго, што калі б мы на яго натрапілі, легка было б улагодзіць ейным імем лютага чалавека, што яна і зрабіла. А як мы і з іншымі спадзяваліся спаткацца, дык колькі здолелі знайсці знаёмых тых бандытаў, што ў той ваколіцы рабавалі, дык нанялі ўсіх. Так па абедзе, узяўшы пяць чалавек таго таварыства і коней тамсама знайшоўшы, выправіліся мы ў дарогу. Прыкладна за паўмілі ад места ўбачылі мы трох бандытаў на гары, але адзін з тых пяці сказаў, каб мы не хваляваліся, бо то яго знаёмыя; зараз жа злева за адзін кідок каменя паказаў ён нам царкоўку ад дарог пустую і сказаў, што там ёсць пяцьдзесят бандытаў, якія непрыяцеляў сваіх чакаюць, каб з імі біцца. Бо калі два загоны пасварацца, адзін аднаго не прызнаюць і зачапляюць, пры тым кожны сабе гэткае таварыства збірае, а пасля самі сябе знішчаюць, пакуль адзін з іх не пераможа і не застанецца. Адвячоркам прыехалі мы ў Тронт, дзе канчаюцца межы


Межы дзяржаваў.


караля гішпанскага387, а за ракою пачынаюцца папскія, рака там глыбокая, там у ёсць там перавоз. Думалі мы, што на нас меліся напасці бандыты, бо на гары вельмі высокай над перавозам было іх каля двухсот; пра што казалі тыя, хто нас праводзіў, і сцвярджалі, што гэта быў барон, чыя маці ў Джуліі Новай жыве.


Іншыя бандыты з гетманам сваім.


Напэўна, казалі, чакае ён іншых бандытаў, бо шмат з кім варагуе, або ведае, што нас абрабавалі (бо яны паўсюль шпегаў маюць), дык таму на нас не нападае. І так мы пераехалі. Але паколькі ад перавозу за паўмілі малыя заезд быў, дзе мы спаць меліся, Францішак, будучы ў той справе добра спрактыкаваны, зразумеў так, што яны чакалі, пакуль мы на начлег станем, каб нас пасля ўначы паціху абабраць. Дапамагло таксама, напэўна, і тое, што ад паўдня дождж ліў няспынна, балота вялікае нарабіўшы, бо там зямля ліпучая, а яны коней не мелі і дагнаць нас не маглі, бо мы вельмі хутка ехалі. Заезд, што праўда, добра ўмацаваны, але ж гаспадару цяжка давяраць, бо звыклі яны з бандытамі рабаваць. Як толькі ўжо зусім сцямнела, так што з гары нас бачыць не маглі, адпусціўшы таго з перавозу, што быў ад маці бандытавай, выправіліся мы ў места Грот388, за тры мілі адтуль, дакуль пяхота не здолела б за намі гнацца. Места тое абмураванае і было ўжо замкнёнае, калі мы а чацвёртай гадзіне ўночы прыехалі, так што мусілі мы спаць на прадмесці.


Раніцаю праехалі пяць міляў да порта Фарманскага389, а як у нас коні былі змарыліся і было ўжо бяспечна, дык мусілі мы на ноч застацца.


Ларэт. Вербная субота.


Назаўтра раніцаю прыехалі мы ў Ларэт390. Субота Вербная была, і таму кожны набажэнствам займаўся. Таго самага дня прыехаў туды на набажэнства Юлій


Ганзага.


Ганзага з імператарскага двору, якому служыў адзін паляк; і даведаўшыся, што мы з Ерусаліма ішлі, пытаўся пра Секярэцкую, бо блізкая родзічка яму была, і рады быў таму, што яна да земляў хрысціянскіх дабралася, дзякаваў за навіну. У нядзелю раніцай, прыняўшы Найхвалебнейшае таемства ў капліцы блаславёнае Дзевы, дзе ей Арханёл добрую вестку паведаміў — а пасля, паабедаўшы,


Анкона.


выправіўся я наноч у Анкону. А як нам былі патрэбныя грошы дый яшчэ таму губернатару васемнаццаць шкудаў трэба было выслаць і тым, што нас праводзілі, заплаціць, а яшчэ і на дарогу сябе забяспечыць, шукалі мы гандляра якога знаёмага, але не знайшлі; праваднікі нашыя хуткай заплаты патрабавалі, і гаспадыня, бачачы на нас адзенне абшарпанае, а грошай ні знаку, пагражала ўрадам і хацела пасадзіць нас у вязніцу; тады вырашыў я ісці да губернатара (Анкона бо места папскае, а я меў ад Рыгора XIII пашпарт), якім быў шляхіцч з Балоньі, з роду Ламбэртаў. І так, узяўшы дваіх слуг, Абрама Дуніна і Юрыя Коса, пайшоў я да яго і, атрымаўшы публычную аўдыенцыю, расказаў усе, што з намі здарылася, што не навіна, калі хто па свеце ездзіць; а як за тым выпадкам ніводнага знаёмага мы не маем, прасіў я, лісты яму паказаўшы, каб мяне ратаваў і, калі ніяк іначай нельга, каб якому гандляру за мяне паручыўся за дзвесце шкудаў, каб толькі мне да Венецыі даехаць. Бо дзеля патрэб усялякіх, і мінулых і будучых, цяжка было б меншаю сумай абысціся. Губернатар, ліст Св. Айца прачытаўшы і на адзенне нашае падрапанае глянуўшы, не паверыў, што я быу той, каго ў лісце рэкамендавалі, здавалася яму, што мы хутчэй нейкія гультаі і махляры. Пабачыўшы гэта, казаў я, каб аднаго слугу майго ўзяў ў заставу і каб нас пасля пакараў, калі б якое ашуканства выявілася. Але ён так разлютаваўся, што ледзь не загадаў нас з палаца выпхнуць, пра што я пасля ў Рым падрабязна напісаў; і калі яго ў Святую сталіцу выклікалі, адмаўляўся ён, што не верыў, каб я быў той, пра каго ў лісце гаварылася, думаючы, што мы іх здабылі, бо часам такое махлярства здараецца. Але яму на тое адказалі, што ты, ліст такі пабачыўшы, мог іх затрымаць пачціва, паслаць, кароткі ліст у Рым і пра ўсе даведацца, і тады, праўды дайшоўшы і паводле загаду іх ушанаваўшы, здабыў бы сабе ад Св. Айца ласку, а калі б усе і іначай выявілася, тады б іх як махляроў смерцю пакараў. Вось жа дзеля таго, што так учыніў, і самога яго не шанавалі, і губернатарства ў яго забралі. І так выйшаўшы ад яго без пацехі, не ведаў я, што рабіць, але старанна распытваючы, даведаліся мы пра аднаго гандляра венецкага Квінтыла, і пайшоў я да яго. Хоць


Чаго былі бандыты не заўважылі.


мяне бандыты і мацалі, але не знайшлі на шыі маёй, як хацелі, Ягнятка Божага, пры якім было дрэва ад Святога Крыжа, уштукаванае ў золата, былі там і дыяменты, каштавала гэта як найменей дзвесце шкудаў: таксама і крыжык ерусалімскі на шыі я меў (каштаваў сорак чырвоных залатых), а яшчэ і ланцужок залаты, на якім нож вісеў (васемнаццаць дукатаў каштаваў), і яго не заўважылі; да таго ж Андрэй Скарульскі меў пярсцёнак, які ён быў разам з двума партугаламі за халяву схаваў. Вось жа расказаўшы яму, што з намі здарылася, паказаў я яму тое, што засталося, просячы, каб даў за тое сто шкудаў, што ён з радасцю (бо каштавала болей) зрабіў. Але тымі грашыма толькі пазыкі нашыя можна было сплаціць, а выправіўшы тых, што нас праводзілі, і заплаціўшы ў заездзе, і за коней, у Ларэце нанятых, на іншае нічога болей бы не засталося. Быў, што праўда, гатовы Юры Кос у Венецыю ехаць па грошы, але тады б іх трэба было як найменей тыдзень чакаць, за той час зноў бы напазычалі, дый гаспадыня ўсе вязніцаю пагражала; дык мусіў я другі раз з гандляром перамовы весці, каб мне якіх сто шкудаў пазычыў, на што не мог ён наважыцца. Бо хоць і бачыў, што мелі мы тое нямногае, што былі ў заставе пакінулі, хоць ён нас і за добрых людзей лічыў, аднак жа (як і сам пасля прызнаўся) не да канца нам давяраў; і тады паказаў я яму лісты ад Св. Айца, ад караля польскага і князя венецкага. То ж калі пабачыў ён, хто я такі, а чуў таксама некалі пра мае прозвішча і род мой, дык пачаў трохі давяраць. Паказаў я яму апроч таго лісты ад найзаможнейшых гандляроў вёнецкіх, якіх ён добра ведаў, гэтаксама, як і руку іхнюю і пячаткі; а лісты тыя былі пісаныя з Сірыі, Егіпта, Каіра, каб мне там іх фактары391 дадавалі грошай, колькасць якіх да некалькіх тысячаў цэкінаў даходзіла; і так ен ужо болей давяраў, калі ўбачыў, што і лісты, і імя мае, і апавяданне цалкам былі між сабою ў згодзе. Даў ён мне яшчэ сто шкудаў, і я, людзям тым заплаціўшы, а таксама і ў заездзе разлічыўшыся, наняў воз з чатырма коньмі.


Раніцаю выехаў я на абед у Сенагалію392, а далей праз Фана393 (бо дарога была пасля дажджу гразкая і коні былі змардаваныя, так што мы болей пехатою ішлі) у Пізаўр394, дзе, як места было замкнёнае, дык начавалі мы на прадмесці.


Рашцаю ў Католіку395 былі, а нанач у Арымін396 прыйшлі.


Быў Вялікі Чацвер, і таму прынялі мы ў айцоў Бернардынаў Найсвяцейшае таемства (а быў сярод іх адзін, які доўгі час каля Гроба Божага жыў), а далей ехалі мы ў Чэзенагу397, а нанач у Равэну398. Хацеў я быць на Вялікдзень у Венецыі, і таму ехаў


Правід Божы.


з поштаю да Кіёзы399, а калі на другую пошту меўся сесці, спаткаў двух немцаў шляхіцчаў, якія ехалі з Кіёзы і папярэдзілі мяне, што бандытаў каля трыццаці на межах ферарскіх і венецкіх невядома каго чакаюць. Валохі таксама адгаворвалі мяне ад такой дарогі, сцвярджаючы, што часта там людзей абдзіраюць. І так павярнуў я налева ў Аргенту400, места князя ферарскага, у якое з трэцяю поштай прыбыў і ўехаў у яго а дваццаць другой гадзіце; а як мог я быць у Ферары401 з другою поштай, дык так і зрабіў і прыехаў раніцаю ў Вялікую Суботу і заставаўся там праз увесь дзень Святы Велікодны.


Красавік.


Раніцаю, аддаўшы грэшную малітву Госпаду Богу ў царкве, выправіўся я возам у


Рака Пад.


Франкалін, адтуль баркаю праз раку Пад402 у мястачка Ларэт, пасля а дваццаць чацвёртай гадзіне прыбыў я і хацеў заначаваць; але слуга мой у заездзе шмат злодзеяў ўбачыў, якія яго адтуль ледзь не выштурхнулі, да таго ж мясціна тая не ўмацаваная, дый маракі адгаворвалі, таму я, наняўшы барку, паплыў у Кіёзу і быў там а пятай гадзіне ўночы.


У аўторак Велікодны, наведаўшы царкву Найсвяцейшае Божае Маці, дзе Госпад


Глядзі.


Бог шмат цудаў яўляё, па абедзе выплыў я ў Венецыю; а прамінуўшы порт Маламока, дзе я быў сеў на карабель, калі плыў у Ерусалім, зайшоў я ў кляштар Св. Марыі della Gratia, дзе я прыняў прычасце, плывучы ў тыя краіны; і падзякаваў я Госпаду Богу, што так ласкава нам спадарожнічаў і ў ласцы сваей Святой шчаслівае вяртанне нам падараваў. Знайшоў я тут прыёра айца Пампея Калумна, што быў тады маім спавядальнікам (чалавек стары і святы), які даў мне і пацеры свае, каб я імі паўсюль да мясцінаў Святых дакранаўся; калі я яму іх аддаў, нямала быў ён тым усцешаны, і прасіў я, каб назаўтра ў кляштары мог я Найсвяцейшае таемства з рук ягоных прыняць, што ён паабяцаў. Пасля прыехалі мы пад


Венецыя.


Венецыю, дзе ўрад звычайны аглядаў, ці з добрага мы паветра, і, сеўшы з яго дазволам у гандолу, паехаў я ў царкву Гроба Гасподняга, дзе, падзякаваўшы яго Святой міласці за шчаслівае вяртанне, пайшоў у заезд. Знайшоў я тут Міхала


Канарскі.


Канарскага, якога я быў з Трыполя выслаў з рэчамі маімі. Пятро Быліна толькі на


Быліна. Секярэцкая.


дзесяты дзень пасля мяне з Зары прыехаў. Канарскі пра Секярэцкую, польку, паведаміў, што яна дзеля непагадзі пры Каліопалі403 ў Апуліі прыстаўшы, з іншымі ссела і невядома куда падзелася; шукаў ён яе (бо я загадаў усяляк пра яе клапаціцца), але не знайшоў, карабель таксама болей чакаць не хацеў.


Але я яшчэ па дарозе ў Венецыю чуў, што яна ў Валошчыне падарожнічае, а ў Польшчу вяртацца не хоча; бачачы, што яна паміж хрысціянамі, болей я пра яе не думаў.


Пакуль жыў я гэтак у Венецыі, бо ў вельмі слабым адароўі прыехаў і лячыўся ўвесь час; аднак жа, перш чым ад’ехаць, зайшоў я ў палац. Князь хварэў, і таму развітаўся я з сенатарамі і аддаў ім два лісты, якія яны былі мне да двух рэктараў Зацынта і Цэфалоніі далі. Бо я, толькі як назад ехаў, быў на Зацынце: рэктар хварэў, галеры спяшаліся, таму не мог я ліст аддаць. А на Цэфалоніі, там дзе рэктар жыве, мы не былі, бо порт Віскарда, дзе мы чатыры дні стаялі, на другім баку выспы. Паслалі мне пасля ў заезд праз сакратара ліст, у якім князь адказаў каралю Ягамосці на яго рэкамендацыйны ліст аб маёй асобе, калі ехаў я ў Ерусалім.


Травень.


Дня трэцяга траўня выправіўся я з Венецыі на радзіму праз Трыдэнт404, Энапонт405,


Вена.


Галю406, пасля праз Дунай у Вену.


Спыніўся я на рубяжы польском.


Чэрвень.


Прыехаў я ў Горадзен, дзе, прывітаўшы Ягамосць караля, дзякаваў я


Горадзен.


яму за старанні, якія чыніў ён сэрцам бацькоўскім у маёй справе. Прабыў я тут дзесяць дзён.


Ліпень.


Года Гасподняга 1584, дня сёмага ліпеня, прыехаў я ў Нясвіж; а выехаў быў года


Нясвіж.


Гасподняга 1582, верасня шаснаццатага дня.


А ТАК НЯХАЙ БУДЗЕ БЛАСЛАВЁНАЕ ІМЯ ГАСПОДНЯЕ НАВЕКІ. АМІН.


Гэты чацвёрты ліст пішу да цябе ўжо з дому, куды мяне літасцівы Бог шчасліва сёмага ліпеня вярнуў. Пасля апошняга ліста з Сірыі не мог я табе нічога пісаць, бо спяшаўся на радзіму, еле ж у апошнім пасланні маім паведаміў, як з палаца рэктаравага тую «Сагіцыю» нашу, якая мяне на Крыт прывезла была, бачыў я здалёк. Чуў я ў Корфе, што яе таксама былі туды вятры занеслі і добра яе пашкуматалі.


А тое падарожжа мае я апісаў, наколькі мне дарога цяжкая дазволіла, не звыклым (што яшчэ раз паўтараю) спосабам гісторыкаў, з якімі я ні спрачаюся, ні некаторых баек іхніх ганіць не хачу, хоць інакш мне бачылася, чым я ў іх прачытаў. Не ўсе я ўжо там вельмі пільна аглядаў, але, як кажуць, што само ў вочы


Заканчэнне тых лістоў.


лезла, тое і запісваў. Тое, пра што толькі чуў, мала я дзе занатоўваў, бо роспаведаў людскіх не меў я намеру запісваць; а хто там бываў, прызнае, што шмат я чаго досыць падрабязна, а ўсе праўдзіва апісаў. Бо тыя, што з роспаведаў людскых пісалі, шмат у якіх рэчах, як я пераканаўся, наблыталі. Дадам яшчэ і тое, што сапраўды за Божым прызваленнем не вяртаўся я праз Канстантынопаль. Бо хоць і меў я вялікія ад караля Стэфана рэкамендацыі, але ж, як ведаеш, за тым новым выпадкам, пэўна б, у пастку трапіў; Госпаду Богу майму вечная падзяка і слава няхай будзе, які мяне праз гэтак цяжкую і небяспечную дарогу паломніцтва майго шчасліва аж да самага бацькоўскага парога правёў. Дадзена з Нясвіжа, дзесятага дня ліпеня, года Гасподняга 1584. Прымі ж ты ад мяне ўдзячна тое, што я табе, не гістарычным, але сяброўскім пяром апісаўшы, ахвотна дасылаю.


ГОСПАДУ БОГУ Ў ТРОЙЦЫ АДЗІНАМУ ВЕЧНАЯ СЛАВА: НАЙСВЯЦЕЙШАЙ МАЦІ БОЖАЙ І ЎСІМ СВЯТЫМ.

  1. А нашага верасня, днямі апошнімі.