Пэрэгрынацыя Мікалая Крыштафа Радзівіла — Ліст трэці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search

ЛІСТ ТРЭЦІ


Напісаўшы і даслаўшы табе ліст мой, выехаў я з Трыполя дня трыццатага ліпеня а дваццаць трэцяй гадзіне бацікам да караблёў, каб рэчы на тое падарожжа егіпецкае патрэбныя прыгатаваць. Калі ж прыплыў я туды, такі моцны вецер


Падарожжа ў Егіпет.


узняўся, што я вярнуцца не мог і мусіў там заначаваць. Як толькі паўночны вецер аціх, я, забраўшы патрэбнае, паплыў на джэрму, у якую селі мы на самым світанні. Але ў ей люду вельмі шмат было, якога бяспечна ўтрымаць не магла, а яе толькі сабе я наняў, дык араб марак іх павыганяў, і, як развіднела, мы выплылі у мора. Тым часам моцны вецер, сярэдні між заходнім і паўночным (валохі называюць яго панэнтэ маэстра), узняўся збоку, дзеля якога (бо інакш нельга было) скіраваліся мы да Кіпра і шэсць гадзін ніякай зямлі болей не бачылі. Узяў я быў з сабою з Трыполя маўра аднаго за тлумача ды наняў таксама аднаго янычара, дык было нас у судзіне каля сарака. Цяжкі то быў у нас дзень і дзеля ветру, і дзеля вяровак, з лазы дрэва дактыльнага кручаных. якія вадою морскай аблітыя, смярдзелі нясцерпна, дзеля чаго мы і той і другі дзень мусілі хустку ў воцаце змочаную трымаць няспынна пры носе, нават калі спалі. Усю ноч вецер той дзьмуў, яшчэ і назаўтра цэлую раніцу.


Жнівень


Першага дня жніўня раніцай убачылі мы Кіпр, а каля поўдня мінулі Фамаўгусту, якое, аднак, дзеля далечыні не маглі мы добра бачыць. Пад вечар, як вецер суняўся, прысталі і мы да берага, дзе трохі пахадзіўшы, вярнуліся на джэрму. А як


Ужо другі раз.


заўсёды, гэтак улетку як і ўзімку, ад выспы гэтае вецер гоніць караблі звычайна ўночы, то ж і мы нямала за ноч праплылі і прыбылі у Ларніку, дзе соль (як ужо раней гаварылася) збіраюць. Небяспечна было тут высаджвацца дзеля кады, на той час маслочніка, і дзеля грэкаў магаметанаў, якія, калі мы першы раз тут былі, клопаты нам чынілі: то ж і сядзелі мы ў джэрме, а ўначы плылі з лёгкім ветрам. Назаўтра апоўдні спыніўся марак ля берага пры нейкай царкве грэцкай, амаль зруйнаванай, дзе мы і павячэралі, і на ноч засталіся. Але ўночы, як вецер быў


Леміс.


спадарожны, плылі і раніцаю прыбылі у Леміс, дзе вецер аціх, а мы, шмат гандляроў валошскіх знаёмых тут маючы, выйшлі і стаялі там цэлы дзонь. У тым месце карабель карамужан з дваццаццю паломнікамі, што ў Ерусалім плылі,


Кс. Сымон-паляк.


заспелі, за тры дні перад намі выправіліся яны з Трыполя. Быў сярод іх святар нейкі кс. Сымон Белагорскі — паляк, пра якога ніжэй будзе гаварыцца. Пасля заходу сонца марак наш зноў вырушыў. А як на Кіпры найболей пільнуюць, каб хто з выспы не з’ехаў, з тае прычыны сам падпаша прысутны быў на беразе. Пасля карамужан з паломнікамі пайшоў да Яфы, а мы плылі уздоўж берага аж да мыса Феліс253, які валохі саро delle Gatte, Кашэчым мысам, называюць. Тут я не прапушчу, як, калі карамужан а першае ўночы выйшаў у мора, мы пры беразе плылі у джэрме. Марак наш, пасварыўшыся з таварышам сваім, далей з месца рушыць не хацеў, дык я загадаў янычару, каб напомніў яму, што хай часу спрыяльнага не марнуе і дарма не бавіцца. Але ён заўпарціўся і ехаць не хацеў, дайшло між імі да слоў грубых, пакуль той янычар яму кулаком у твар не ўдарыў, што ў таго турбан упаў на зямлю. Схапіліся тады за зброю і так былі разлютавалюя, што мы ледзьве іх развялі. Марак (бо янычары тут свабоду вялікую маюць), бачачы сябе ніжэйшым, супакоіўся і вырушыў з месца. Але я, абодвух гэткіх раз’юшаных бачачы, спрабаваў неяк іх пагадзіць, у чым цяжкасць меў напачатку досыць вялікую, і толькі апоўначы дайшло да згоды. Як жа пекна было глядзець, як яны паводле звычаю па-рознаму прысягалі, што даруюць адзін аднаму ад шчырага сэрца. Дзіўна ў абодвух змяніліся твары, вочы, позіркі, калі прабачылі адзін


Бавоўну сеюць на Кіпры.


аднаму. Перад ад’ездам маім з Кіпра бачыў там і тое, як бавоўну сеюць, з чаго штогоду надзіва вялікія прыбыткі ідуць. Бо караблі адтуль нічога іншага не вывозяць, як толькі соль (пра яе гаварылася) і бавоўну, як і той Тарнэліянаў карабель, на якім мы былі сюды прыплылі, пясок выкінуўшы, увесь бавоўнаю нагрузіўся, у Трыполі яе частку на пурпур выгандлявалі, частку прадалі, а пасля аксаміту і іншых заморских тавараў накупілі і паехалі. Як бавоўну сеюць і як яе збіраюць, ужо іншыя пісалі, я дадам толькі тое, што як яе пасеюць, дык толькі на


Раз на тры гады сеюць.


трэці год радзіць пачынае, і тады збіраюць. Дзеецца гэтак з таго, што, калі збіраюць, насенне выпадае на зямлю і так родзіць. але з кожным годам меней, і гэтак да чацвёртага года: тады ўжо, калі хочаш збіраць, мусіш нанова сеяць.


І тое трэба ведаць, што на Кіпры няма белых вінаў, а ў Ерусаліме чырвоных. а што калі у абодвух месцах іначай трапляецца, дык вельмі мала. І ягады хутчэй да ядзення, а не да віна прыдатныя бываюць. Віны чырвоныя кіпрыйскія, а белыя ерусалімскія добрыя. адно што так прыкра даўкія, што хоць іх і вадою разводзяць, не такія бываюць прыемныя, чырвонае саладзейшае, але пярнейшае. А як на Кіпры склепаў няма, дык ніякім чынам нельга іх да наступнага ўраджаю захаваць (белыя на тое ад прыроды прыдатнейшыя), толькі вынаходлівасцю. Бо перш чым мушч наліваць, бочкі гумаю або жывіцаю нейкай, якая смалісты пах мае,


Прычына, з якое мальвазія гарэлым тхне.


абкурваюць, дзеля чаго тыя віны заўсёды смалою тхнуць, як сцвярджаюць тутэйшыя жыхары, пах гэты галаве вельмі здаровы, бо і моцнасць віна паслабляе, і псавацца яму не дае. Мне і тым, хто там са мною быў, здаліся тыя віны надта смярдзючымі, а як пах той занадта востры, дык галаве хутчэй шкодзіць, а не дапамагае. Ягады вінныя на Родзе і большыя і смачнейшыя, але ці бочкі гэтаксама абкурваюць, не ведаю, бо вінаў там не каштаваў. На плады ўсялякія Кіпр багаты. Дыні на тры чвэрці локця (большых я нідзе не бачыў) надзвычай добрыя і прыемнага смаку.


Цэлы дзень прабавілі мы, плывучы да мыса Кашэчага, вецер адусюль ловячы, што для джэрмы і не навіна, і хутчэй плыць дапамагае, хіба толькі, калі б шторм надарыўся, легка перакуліцца можа. Надвячоркам прамінулі мы тое месца, а другой гадзіне ўночы павярнулі да Егіпта, проста праз мора, да места Даміяты, ад таго мыса добрых восемдзесят міляў.


Раніцаю мы яшчэ ледзьве бачылі Кіпр, апоўдні яго ўжо болей не было відаць. Таго дня і ночы мелі мы вецер пагодны, але назаўтра настала банацыя254, або супакаенне


Маляцыя.


такое, і такая ціхасць на моры, што мы рухацца не маглі, дык мусілі стаяць. Адвячоркам, аднак, узняўся вецер, што паміж захадам і поўначчу вее, трымаўся ён да канца дня і ноч.


Дня восьмага жніўня апоўдні спадзяваліся мы ўбачыць Егіпет, але да берага было яшчэ занадта далёка. Пасля а другой гадзіне прыбыў вецер вельмі добры, і так каля дзевятнаццатае гадзіны ўбачылі мы здалёк зямлю, таксама і вада ў моры здалася мутная, бо тут Ніл упадае, які называецца ў пісанні: fluvium turbidum, qui irrigat Aegyptum.


Каля дваццаць другой гадзіны ўвайшлі мы ў браму Нільскую (гэта быццам апошняе яго рукаво ад усходу), маючы з левага боку ад мора і ракі да Даміяты прыналежны і дзеля абароны яе змураваны квадратам замак добра абаронены, было перад тым у ім каля двухсот чалавек, цяпер жа ледзьве дваццаць ёсць дзеля вайны Персідскай. Уваходзячы ў Ніл, бачылі мы з правага боку на моры колькі судзін невялікіх, бо тут вялікія караблі не ходзяць, таму што порта няма, а толькі прычал да часу, пакуль тыя невялікія разгрузяць і пасля дзеля бяспечнасці на Ніл выцягнуць. Стаялі пад самым местам тры карамужаны255, невялікія судзіны, чаму іх так і называюць.


Буслы.


Плывучы па Ніле, вялікае мноства буслоў бачылі мы на берагах, бо сюды ад нас яны заўсёды адлятаюць гэтай парою, гэта значыць у жніўні, калі Ніл, наплываючы, з багнаў змеяў незлічоную колькасць на пажыву ім прыносіць.


Качкі розныя.


Качак зялёных і чырвоных на высокіх нагах (з якіх адну падараваў мне быў той біскуп у Яфе, як пра тое ўжо гаварылася) па берагах таксама вельмі шмат хадзіла. З левага боку сады густыя з дастаткам пладоў растуць, асабліва ж рыс, які тут найболей сеюць пры берагах, дзе рукавамі той Ніл у мора ўваходзіць. За мілю ад места стаіць замак, за чатыры мілі адтуль бачылі мы ў рацэ чатырох морскіх


Коні морскія якія.


коней. Да зуброў нашых паставаю, поўсцю і велічынёю вельмі падобныя, толькі што без рагоў; шкоду вялікую чыняць у рысе, дзеля чаго равы глыбокія вакол палёў выкопваюць, каб гэтыя звяры, ногі кароткія маючы, вылезці на бераг не маглі.


Калі чалавека ў полі заспеюць, кусаюць і заядаюць. Стрэлілі па іх з колькіх мушкетаў, але ці забілі, няведама, бо звяры тыя вялікія і дужыя і іх толькі якой вялікаю куляю і раптоўным стрэлам зваліць можна. Мяркуюць некаторыя, што імя іх сапраўднае адонтатыраны, значыць зубныя тираны. Грэкі называюць іх амфібія, гэта значыць звер, які і вадою і паветрам дыхае, які на зямлі і у вадзе


Дзіўны звер.


жыве. Піша Цэдрэн, што звер той такі вялікі, што слана зжэрці можа, але гэта мала да праўды падобна. Бо хоць таго краю жыхары (якія з намі у джэрме былі) аднаго надта вялікага бачылі між тых чатырох і дзівіліся яму, той, аднак, за слана вялікшы не быў, удоўжкі яму роўны. Калі я быў у Каіры, аднаго такога каня, недалёка адтуль забітага, галаву прынеслі, сапраўды жахлівую і на спазор страшную, разяўленую пашчу мела на паўтары локці, адкуль і зубы дужа вялікія тырчалі.


Даміята.


А дваццаць трэцяй гадзіне прыплылі мы ў Даміяту, якую даўнімі часамі называлі Пэлюзій256, або Геліопаль, завуць яе таксама брама Пэлюзійская257. Гэта першае месца егіпецкае, над Нілам у прыгожай мясціне разлеглася на паўмілі. А як позна было, то спыніліся мы каля мытні, дзе гэбраі мыта збіраюць, і там адразу да нас мытнік прыбег, думаючы, што мы гандляры (як мы таксама сябе і называлі дзеля бяспекі, якую людзі гандлярскага стану ў тым краі маюць), там жа і начаваў з намі на джэрме.


Раніцаю пайшлі яны да нашых рэчаў, і калі нічога не знайшлі, мы сказалі ім, што тавары нашыя ў Каіры, куды мы і едзем. І так вызваліўшыся, пайшлі мы (высадзіўшыся на бераг) да віцэ-консула венецкага, якім быў на той час Тамаш Кандыёт Грэк. Цэлы дзень прабавілі мы ў месце, але не было чаго глядзець, асабліва старасветчыны. Пасля нанялі мы сабе меншую джэрму да Каіра і, сеўшы ў яе перад вечарам, там і заначавалі. Узяў я з сабою двух янычараў дзеля бяспечнейшае дарогі на Ніле.


Як узышло сонца, паволі рушылі мы супроць вады. А як у тым часе Каўр (валохі называюць яго маэстра) дзьмуў звычайна, а Ніл з поўдня цячэ, то, падняўшы ветразі, мелі мы добрую дарогу; а дзе набліжаліся да берага, там маракі вяроўкамі


Фэркін.


судзіну цягнулі. Перад поўднем прамінулі мы злева места Фэркін вельмі вялікае, а


Сэрбін.


на ноч праплылі у нейкае мястэчка (пакінуўшы справа вялікае места Сэрбін258), і там, бо ўжо апускаўся змрок, заначавалі, там жа агледзелі мы печы, у якіх людзі куранят з яек без кур вялікай дасціпнасцю выводзяць. Зробленыя тыя печы


Печы выводзяць куранят.


круглыя з саломы, зверху адусюль залепленыя глінай, угары невялікае вакенца маюць, каб сонца, проста праменне пускаючы, яйкам не шкодзіла, якія б легка і


Дзіўная спёка егіпецкая.


зварыліся, бо апоўдні зямля ад сонца такая гарачая бывае, што і у чаравіках ледзь адзін пацер можна вытрываць агонь такі вялікі. Жыхары тутэйшыя босымі нагамі ходзяць, бо з дзяцінства прызвычаіліся, дый падэшвы ў ног маюць ад гарачыні


Глядзі.


ужо такія ссохлыя і скамянелыя, што не болей удары молата адчуваюць, чым коні, калі іх падкоўваюць, што і мы засведчылі. Печы тыя дзверцы маюць з поўдня, а жарало з поўначы, праз якое гной валовы або буйвалавы закідаюць, якім уночы грэюць, каб холад яйкі не сапсаваў. Удзень сонца праз гліну дадае цяпла ў печы, дзе яйкі у рад адно ад аднаго далёка раскладзеныя ляжаць, каб адно аднаго не датыкалася; і так значна лягчэй кураняты выводзяцца, чым калі на іх курыца сядзіць. Ва ўсіх местах і вёсках пры сваіх дамах будуюць такія печы, а часам і такія вялікія, што да трох тысячаў яек у іх кладуць.


А як пра гарачыню краю Егіпецкага ўжо гаварылася, дык з таго яшчэ можна пабачыць, якая яна моцная. З Даміяты едучы, прыглядаліся мы вельмі уважліва да месцаў пясчаных (бо на дзесяць міляў і далей ад мора дый па ўсім Егіпце паміж садамі, вёскамі і у вёсках увесь грунт пясчаны, у якім дактыльныя дрэвы добра растуць). Тыя здаліся нам нібы якой вадою кіпучаю, і так той пясок свяціўся, як тое шклянае рэчыва, калі у печы гутнай мякне і блішчыць. Падумалі мы спярша, што там возера нейкае дзівоснае гарыць, але пасля зразумелі, што вецер пясок той сонцам спалены і святлісты перавяваў і ўздымаў угору, так што здалёк, у гушчыні сваей бліскаючы, агнём нам здаваўся.


Уважліва ўсё гэта чытай.


Стоячы ж пад тым местам, так як і ў Даміяце некаторыя дый сам марак наш раіў, усю ноч мусілі вартаваць. Бо егіпцяне не толькі на сушы крадуць, але і, дасканалымі нырцамі будучы, у рэках і моры хаваюцца, пад вадою да джэрмы падплываюць, бяруць, што могуць, і у ваду цягнуць. Трапляецца, і часта, што чалавека ў джэрме на лаве заснулага бяруць і, з сабою ў ваду зацягнуўшы, жыццё і адзенне ў яго забіраюць. А калі назбіраюцца яны грамадою, у джэрмы з вады залазяць, людзей заснулых забіваюць і забіраюць здабычу, як і незадоўга перад нашым прыездам здарылася, калі чацвёра французаў гандляроў такім чынам загінула, якія з Каіра ў Александрыю259 плылі. Вось жа, каб і на нас якое ліха не навалілася, чуйнавалі мы ўсю ноч, паўгакі напагатове трымаючы, у чым нам і


Талха, места разбойнікаў.


марак дапамагаў. Апоўначы мы выплылі, а апоўдні прамінулі места Талха, якое між равамі, дзіўна і разнастайна выкапанымі, стаіць, ніхто там добры не жыве, адныя толькі нягоднікі і злачынцы, якія і на вадзе і на сухазем’і сваволяць так, што тою дарогаю егіпецкай спакойна і бяспечна прайсці немагчыма. Бо па ўсіх Нілавых рукавах або затоках, з абодвух берагоў і на палях надзіва вялікае мноства людзей, статкаў, буйвалаў, валоў, авечак, коз, кароў паўсюль ходзіць, і гэтак забяспечыўшыся, той, хто едзе, хутка ў пастку трапляе. Таго самага дня бачылі мы


Спрытныя рыбакі.


каля сотні рыбакоў, якія, скочыўшы ў ваду тую каламутную, рыбы хапалі і адных у руках, другіх у зубах з вады выносілі. Былі адныя з рыбаў тых лакотніцы, да


Рыбы нільскія.


ментузоў нашых падобныя, другія да ласасёў і розныя іншыя. Рыбы з Ніла тлустыя і смаку добрага, але нездаровыя, бо дно ў рацэ багністае; вада, аднак жа, бо здалёк і разнастайна плыве і ачышчаецца, здаровая. І хоць каламутная, як ужо гаварылася, аднак жа, у начынні пастаяўшы, праз дзве гадзіны адстойваецца і стаецца празрыстая, а калі усю ноч пастаіць, дык як крышталь будзе, і да піцця смачная. Прыроду Ніла і дзівосы, што ў ім пабачыць можна, апісалі гісторыкі, я ж прыпомню толькі тое, што сам бачыў. Рыбакі, калі адпачыць хочуць, галовы з вады не высоўваюць, а толькі, рот раскрыўшы, дыхаюць. Пэўна, што дзень цэлы могуць трываць у вадзе і, на верх са дна ўсплыўшы, хоць галавы не паднімаюць, дыхаць, а калі мы іх у вадзе бачылі, загадаў марак стрэліць з мушкетаў, каб пад джэрму не падплылі і не перакулілі. Пад вечар праплылі мы каля места Абузін,


Абузін.


вельмі прыгожага будовамі сваімі і размяшчэннем, і, кінуўшы катвігу пасярод ракі, спыніліся мы там на ноч. Бо пры беразе было небяспечна, дый тыя нырцы ўжо пра нас пачалі былі намысляць і да нас кіравацца, але, убачыўшы нас асцярожных і чынных, ні на што не наважыліся.


Удзень пасля ехалі мы шчасліва, але пасля заходу сонца разбойнікі ў лодцы на нас напалі і дзіду кінулі, якая каля янычара ўпала, калі ж мы з мушкетаў стрэлілі,


Небяспека.


уцяклі. Папярэдняю ноччу хацелі напасці на нас нырцы, але, пабачыўшы мушкеты, якіх вельмі баяцца, ды чуйнасць нашую, не насмеліліся.


Мелі мы вецер пагодны, і таму а дваццатай гадзіне пабачылі піраміды Каірскія, якія хоць і за местам стаяць, аднак жа дзеля гор і дзеля іх уласнае вышыні, заўсёды раней за само места відны. Было відаць таксама і замак на гары. І тут мы з рукава Нілавага ў сам Ніл выплылі, які гэтак шырокі, як два разы Дунай пад


Славутая дэльта.


Лінцам, местам аўстрыйскім. Каля чатырох міляў ад Каіра адной плынню ідзе, пасля надвое падзяляецца і славуты трохкутнік утварае, то значыць, вакол аднае выспы такою формай цячэ і так яе трохкутнаю, дэльтай называнаю, робіць. Пасля за пяць міляў ніжэй адна частка той дэльты дзеліцца на чатыры рукавы, другая на тры, праз якія ў мора ўпадае. А дваццаць трэцяй гадзіне прыплылі мы ў Булгах260 (за


Булгах.


восемдзесят міляў ад Даміяты), дзе з джэрмы на бераг высаджваюцца. А як места тое каля Каіра ляжыць, дык напішу, якое яно вялікае. Не толькі туркі, але і еўрапейскія гандляры сцвярджаюць, што тут жывуць, нібыта штодня за дваццаць чатыры гадзіны тут у порце гэтым да двух дзесяткаў тысяч людзей праходзіць сюды і туды і што кожнага дня да трох тысяч джэрмаў праплывае, сярод якіх часта трапляюцца і такія вялікія, што шэсцьсот бочак змяшчаюць. Таксама і са старога Каіра (ляжыць вышэй, неўзабаве будзем пра яго гаварыць) такія судзіны


Дзіўна.


прыходзяць вельмі густа, якія з краіны Саіт і з вялікіх дзяржаваў прэсвітэра Яна або Папіяна збожжа, кінацэфалаў261, або людзей з сабачымі галовамі, малпаў, папугаяў, рознае іншае птаства, і зверыну, і тавары прывозяць. Тыя ж, што маюць на продаж мурынаў, з Барбарыі262 ў Расэт263, а адтуль праз Ніл у Каір іх вязуць, пасля ў Булгаху выстаўляюць; мы ж туды позна прыплылі, дык і начавалі у джэрме і за нейкія паўгадзіны бачылі, як з дзесятак судзін адплыла і прыплыла.


Раніцай, калі я з двума маімі (бо іншых я пакінуў у джэрме, пакуль не знойдзецца прытулак) высеў на бераг, адразу схапілі двое туркаў нас, каб звязаць, ды пільна


Каір.


шукалі за пазухаю і ў іншых месцах, ці мы пры сабе якіх тавараў не маем, думаючы, што мы французы-гандляры, якія іх часта (як нам самі туркі апавядалі) ашукваюць. Але, пабачыўшы, што мы нічога такога не маем, адчапіліся. Мы ж


Гэбрай паляк.


тым часам гаварылі між сабою па-польску, а там гэбрай-мытнік (на загад якога туркі былі нас схапілі), мову разумеючы, казаў туркам адысці далей і па-польску да нас азваўся, кажучы, што з Холма264 ён, места рускага. Прасіў, каб мы яму прабачылі, што ён нас так незвычайна прывітаў, пасля паабяцаў, што надалей служыць нам будзе, і сапраўды, пакуль мы ў Каіры былі, часта нас наведваў. Тады, сеўшы на аслоў, паміж садамі паехалі мы ў места, у дом консула венецкага Юрыя Эма, у якога мы прасілі, каб параіў, дзе нам наняць прытулак. Удзячна ён нас прыняў, і слухалі мы з ім Найсвяцейшай імшы, але як і сам ён нядаўна быў туды прыехаў і яшчэ не быў там абазнаны, даў раду, каб мы да французскага консула звярнуліся, Паўла Марыяна, таксама венецыянца. Той, жывучы ў Каіры больш за дваццаць гадоў, пра ўсе ведаў дый яшчэ турэцкаю і арабскаю мовамі валодаў. Заспелі мы пры ім двух айцоў таварыства Ісусавага, Яна Батыста Эліяна, які (як вышэй гаварылася) царкоўныя ўборы привёз быў маранітам у Дамашак і патрыярху, што на гары Ліване жыве, папам Рыгорам XІІІ пасланыя, і Францішка Саса. Той, калі мы ў Венецыі выходзілі ў мора, ад таго самага Св. Айца ў Александрыю ехаў. Было таксама і трох францішканаў, бо ў сваім доме меў той консул каплічку. І так той Марыян у другім доме сваім, які насупраць венецкага консула быў, даў нам прыстанак, дзе мы і ўсталявалюя, іншых з джэрмы паклікаўшы. Пасля пайшлі мы ў места паглядзець, якое яно вялікае і люднае, пра


Які Каір вялікі.


тое толькі той меркаваць можа, хто сам яго пабачыць. На маю думку, яно ўтрая большае за Парыж у Францыі, хоць і не так выгодна размешчанае і такіх прыгожых будынкаў не мае.


Бо адзін толькі новы Каір мурам абведзены, Булгах жа і стары Каір неабмураваныя стаяць. Новае места шмат палацаў мае, здаўна яшчэ вялікім коштам збудаваных, хоць і цяпер мурыны-гандляры не горшыя будуюць. Адзін з іх бачылі мы яшчэ няскончаны, казалі пра яго, што тры разы па сто тысячаў


Гэта дзіўна.


дукатаў каштаваў. Гаспадаром у ім быў адзін гандляр, які і чаравікі рэдка насіў, а хадзіў толькі у паркалёвай кашулі і турбане, як і іншыя гандляры егіпецкія. Туркі у


Яшчэ дзіўнейшае.


Егіпце або на якім урадзе сядзяць, або гандлем займаюцца, самі ж егіпцяне — хто ратаі, хто гаспадары, арабы ж — разбоем жывуць, мурыны — амаль усе гандляры.


Шмат еўрапейскіх гандляроў, валохаў і французаў, якія тут больш за дваццаць гадоў жывуць, сцвярджаюць, што ў новым Каіры дамоў трыццаць тысячаў, а калі яшчэ і з тымі лічыць, што па прадмесцях, разам са старым Каірам, з Булгахам, а


Вуліц шмат, цэркваў.


таксама з меншымі дамкамі, якіх мноства вялікае, дык усіх два разы па сто тысячаў будзе. Вуліц тут шаснаццаць тысячаў, цэркваў або машэяў прыгажэйшых, якія вежы маюць (не лічачы простых без вежаў або без даху, якіх таксама вельмі багата), разам шэсць тысячаў восемсот. На адным прадмесці на ўсход ад замка тых машэяў тысяча дзвесце, на другом, што на поўдзень, семсот. Сярод іх багата тых, што некалі хрысціяне змуравалі, перш чым дзяржава тая перайшла ў бязбожныя рукі сарацынаў265, дзе цяпер іншыя егіпцяне мадзеюць.


Жыццё гандляра егіпецкага.


Гандляр той, чый палац мы аглядалі, пра свае жыццё нам праз тлумача апавядаў. Маю (кажа) жонак белых дванаццаць, а мурынак васемнаццаць, кожную асобна


Жонкі.


трымаю і ключы сам ад іх нашу. Бо калі б яны разам былі, самі б сябе перадушылі. Ежу ім праз вакно падаюць. Калі я да якой уваходжу, пільна за сабою дзверы замыкаю, каб іншыя за мною неяк не ўвайшлі, бо без сумнення забілі б мяне, а пасля і адна адную не пашкадавалі б. Кожны з гэтага пабачыць можа, у якой цемры жывуць тыя людзі, якія з гэткае марнае прычыны пад такою вартай жывуць. Калі мы сказалі яму, што гэтак ён у заўсёднай небяспецы перабывае, адказаў, што так ёсць, але што пільна іх сцеражэ і мог бы ўсіх набіць, калі б хацеў, бо купіў іх, а з купленай рэччу можна кожнаму рабіць што хоча. Можна было б тут шмат напісаць, як непрыстойна ўжываюць такіх купленых нявольнікаў, але пашкадую цнатлівыя вушы.


Цікава таксама і варта здзіўлення, якая там падозранасць і недавер паміж


Сынава любоў.


родзічамі. Калі той гандляр, палац свой паказваючы, быў пры нас, прыйшоў мурын, нявольнік ягоны, і сказаў, што вось старэйшы сын твой тут, хоча цябе наведаць. Выйшаў тады ён разам з намі да яго ў прысенак, дзе яны і гаварылі. Апавядаў нам пасля, што заўсёды з ім так гаварыць звык, ніколі да сябе яго не пускае. Пыталіся мы, што за прычына? Не давяраю яму, кажа, мог бы мяне забіць, дый ён гэтаксама са мною абыходзіцца, і з другім я гэтак жа гавару. Бо хоць абодва жанатыя і патомства маюць, давяраць, аднак, ім не магу. Трэці сын малодшы заходзіў да яго, аднак з ім не жыў. Старэйшаму было ўжо амаль трыццаць гадоў.


Мурынская кроў.


Мурыны маюць гэта за звычай, і калі б нават няведама як блізкія і родныя між сабою былі, аднак жа адзін аднаго сцерагуцца. І з тае прычыны на вуліцы адзін з адным размаўляюць, у дом не пускаючы, хіба што пры вялікай варце. Той гандляр толькі трох слуг меў у доме, якія там і спалі, але ён іх, перш чым сам клаўся спаць, моцна замыкаў, баючыся, каб яго не забілі. Раніцаю прыходзілі тры рамеснікі, што ў палацы працавалі.


Над усім каралеўствам Егіпецкім стаіць паша. Майго часу быў Ібрагім, якога туды на тры гады імператар быў паслаў, каб сабе пасаг за дзеўку, якую яму за жонку даў, назбіраў дзе хацеў, апроч прыбыткаў, што на ўрад ягоны ішлі, і яму агулам з садовых падаткаў стол спраўлялі. Меў на той час конных адну тысячу, другую — пешых і часта з пыхаю па месце ездзіў, з вялікім дастаткам і почтам. Было пры ім трыста чаўшаў дзеля пасыльных патрэбаў. Санджакаў дваццаць чатыры, якія местам кіравалі, бо яно на гэтулькі частак падзеленае.


Як арабаў баяцца.


А паколькі тут у месце надта баяцца арабаў (нават і на мяне чатыры разы пры самай браме нападалі і, шмат туркаў пабіўшы, самі цэлыя адыходзілі), таму раней заўсёды шэсць тысячаў жаўнераў конных і гэтулькі ж пешых тут трымалі, цяпер жа толькі тры тысячы конных і тры пешых дзеля вайны Персідскай. Конныя маюць трох капітанаў, адзін над сваей камандаю тысячу канейшчыкаў [?? Так в публикации. Может быть, «капейшчыкаў»? — О. Л.] мае, другі чаркасаў (пра гэтых кажуць, што гэта рэшткі тых хрысціянаў, якія раней у Егіпце жылі, цяпер усе яны абрэзаныя) гэтулькі ж, трэці туркаў таксама тысячу лёгкіх жаўнераў. Такі самы парадак і ў пешых палках, дзе адны янычары служаць.


Дурныя практыкаванні.


Кожнае пятницы колькі сотняў туркаў у поле над Ніл едзе на практыкаванне рыцарскае, аднак яно там неасцярожна і бязладна дзеецца, і заўсёды або хто з іх саміх, або з тых, хто глядзіць — гіне. Бо каням на скаку так лейцы папускаюць, што пасля ўтрымаць іх не могуць, і таму або ўпаўшы, або раздушыўшы каго, або інакшым якім чынам гінуць.


Гэбраяў як там шмат.


Гэбраяў таксама тут вельмі шмат, з якіх пагалоўнае збіраюць. За час майго побыту быў іх разам з жанчынамі і дзецьмі адзін мільён і звыш таго шэсць разоў па сто тысячаў, што пацвердзіў і той гэбрай мытнік, бываючы ў нас. Загадаў быў некалі


Іншых людзей.


злічыць насельніцтва Асан-паша, і налічылі сем мільёнаў, хацеў бо ведаць дакладную колькасць падданых, але дзеля няспынных перамен не можа яна быць пэўная.


Сярод гэткага вялікага мноства народу ледзьве трэцяя частка мае здаровыя вочы,


Чаму вочы хворыя.


астатнія хварэюць на іх дзеля ядзення пладоў, якімі чалавек просты жывіцца, вады дадаўшы. Да таго яшчэ, хоць краіна вельмі гарачая, носяць яны на галаве турбан, і з таго, што цяжкая гэта шапка, ад поту вочы ў іх запаляюцца, да чаго


Адкуль Каір ваду мае.


пасля і пыл вулічны прычыняецца. Восем тысячаў вярблюдаў носіць у места ваду дзвюма бочкамі скуранымі, з абодвух бакоў прывешанымі, а бочкі тыя такія вялікія, як нашыя звычайныя драўляныя. Прадаюць гэтую ваду мяшчанам тыя, хто ў пашы арандуе; што застаецца, разліваюць па вуліцах ад пылу. Ёсць на тое і іншыя вярблюды санджакаў, чаўшаў і гандляроў, нічога за іх не плацяць, а ўсяго іх каля васьмі тысячаў. Ёсць таксама і насільшчыкі, якія таксама ваду ў казіных скурах носяць і прадаюць, бярэ з іх нешта паша за тое. Кажуць, што іх каля трыццаці тысячаў. І тое яшчэ варта здзіўлення, з чаго і пра велічыню места меркаваць можна, што хоць Ніл плыве і чатырма або пяццю каналамі праз места ідзе, усе калодзежы напаўняе; аднак жа заўсёды столькі вярблюдаў і людзей ваду носіць, і кажуць, што хоць з гэтага меншаюць у пашы прыбыткі, але толькі на


Кухні мястовыя.


палову або траціну. Кухняў мястовых тут каля дваццаці тысячаў. Хто заможнейшы, дома сабе гатуе, просты люд, аднак, з кухні жыве, дзе вялікі дастатак мяса, асабліва бараніны, курэй, гусей, рысу, печыва, на алеі смажанага, і


Харчоў дастатак.


г. д. Харчоў усялякіх гэтая краіна поўная. Валовага мяса добрага на смак досыць, бараніны аж замнога, гусей, курэй без ліку, якіх выводзяць так, як я вышэй згадваў. Вінаў у Егіпце няма, бо дзеля разліваў Ніла вінніцы ў полі расці не


Вінаў няма.


могуць, а пагоркаў або гор тут няма. Адную толькі вінніцу хрысціяніна нейкага (пра што ніжэй) бачыў я, а таму хрысціяне звычайна віно з Крыта ўжываюць, хоць еўрапейскія консулы з Валошчыны сабе прывозіць кажуць. А як некаторыя цвердзяць (з чаго таксама пра велічыню места меркаваць можна), што пад час


Пошасць.


пошасці тут за дваццаць чатыры гадзіны дваццаць тысячаў людзей аднойчы памёрла, дык пра тое Ян Леанард, гандляр венецкі (які ўжо тут у месце гэтым дваццаць пяты год жыў), гэтак нам апавядаў, што не толькі так шмат, але і болей як на мой час, калі была пошасць, за дваццаць чатыры гадзіны кожнага дня


Не берагуцца туркі.


памірала, і трывала гэтак два тыдні. Дзівіцца з гэтага не трэба, бо туркі не звыклі засцерагацца ад пошасці, сцвярджаючы, што так мае быць і што гэта Божая кара, якая нікога не абміне, дык трэба паслушным быць. І так смяюцца з хрысціянаў, якія часам і сцерагуцца ды ўсе роўна паміраюць ад тае зарязы, бо промыслу Божаму супрацівяцца. Цікава і тое ведаць, што ў Егіпце пошасць па-рознаму


Пошасць як пануе ў Егіпце.


лютуе да трэцяга года такім чынам. Першы год, калі сонца ў Вагу ўваходзіць, легка пачынае і найбольш лютуе ў снежні, студзені, лютым і сакавіку, калі цеплыня памяркоўная. Але калі цяплей стаецца (у наступным годзе) па ўваходзе сонечным у Льва, адразу сунімаецца, і так нават калі б хто і меў якую немач памарочную і да таго ўваходу сонечнага дажыў, ад усялякае небяспекі ратуецца, што вельмі дзіўна. Дзеля чаго гандляры нашыя тым часам дадому вяртаюцца, бо як у нас халады, так


Гарачыня як сунімае.


тут гарачыня пошасць сунімае, і так два месяцы бязбоязна жывуць. Калі ж сонца зноў у Вагу ўваходзіць, пачынаецца лёгкая зараза і трымаецца гэтак, як у першым годзе, але лягчэйшая бывае. І на трэці год гэтаксама трывае, толькі значна меней шкодзіць. Пасля, калі яе хто адкуль не занясе, чатыры наступныя гады жывуць ад пошасці вольныя, а часам нават і долей. Але часта праз сем гадоў вяртаецца, у чым дзіўную дабрыню Божую кожны пазнаць можа, бо хрысціянаў сваіх значна лягчэй за паганцаў карае.


Але шмат хто пісаў пра тое каралеўства, і як яго рака Ніл абцякае, таму і я таксама крыху прыгадаю, бо і сам якраз там быў тымі часамі і ад хрысціянаў, што там жывуць, шмат чаго наслухаўся.


Цудоўная гісторыя пра Ніл, як ён палі залівае.


Наняўшы ў Булгаху невялікую судзіну, праплыў я мілю супраць плыні па Ніле да старога места (з гандлярамі, што ведаюць ваколіцы), дзе паміж ім і выспаю Мульхіяс266, дзе сам паша жыве, найвялікшыя ўрачыстасці бываюць.


Каір той стары, калі Ніл разліваецца, амаль над яго берагам стаіць, а калі сваім звычайным рэчышчам плыве, дык ад яго за стрэл лучны. А так Ніл не выпадкова, ці праз здарэнне якое (як некаторыя мяркуюць) па палях плыве і разліваецца, але


Дзіўная рэч.


з задумы чалавечае равамі паміж грэбляў, на тое згатаваных, цячэ і палі вадою жывіць, што і мы тут бачылі. Тое ж і з самога размяшчэння вёсак (якіх, апроч места, у адной толькі Дэльце дваццаць тысячаў налічваецца), няцяжка пабачыць.


Дэльтаю называюць месца, дзе спачатку Ніл падзяляецца надвое, ніжэй за Каір чатыры мілі, пасля (як гаварылася) адное ягонае рукаво на чатыры, другое на тры часткі дзеліцца і так нібы праз сем брамаў у мора ўпадаюць, апошняя ж яго частка ад усходу каля Даміяты цячэ, мы там плылі, другая ад захаду пад Расэтам, які ў старажытнасці Canopicum ostium называўся, і кажуць, што ад Даміяты да яго дваццаць пяць міляў, Даміята ж ад Каіра за восемдзесят, Каір ад Расэта за


Надта дзіўна.


шэсцьдзесят з лішкам. Уся гэтая мясцовасць Дэльтаю завецца. Вакол абодвух тых рукавоў (я па адным да Даміяты супраць вады, па другім да Расэта плыў) такое мноства вёсак, што злічыць іх немагчыма, ад адной да другой ідзе там грэбля, дзеля праходу зладжаная, бо рака палі залівае. А грэблі тыя ад свае даўнасці здаюцца нібы пагоркамі, самою прыродаю ўтворанымі, а не людзьмі насыпанымі, аднак жа пільна прыгледзеўшыся, можна заўважыць, што некалі чалавечая рука над імі працавала. Бо і да вёсак вядуць, і дамы ў вёсках на вышэйшых пагорках кругам насыпаных стаяць. Да таго ж грэблі тыя пэўным парадкам стаяць. Бо калі ваду праз вадаспускі (якія ў грэблях паробленыя) выпускаюць, Ніл найперш тыя палі насычае, якія імператару або пашы належаць; і добра іх напаіўшы, тады толькі у другой грэблі заслону расчыняюць, а пасля і ў іншых, а зачыніўшы заслону, адразу варту ставяць, каб хто крадком не расчыніў, з чаго вялікая шкода і клопат надарыцца б маглі, бо нельга было б стрымаць вады. Там, дзе Ніл выцякае


Што такое Мельхіяс.


насупраць старога Каіра, выспа ўтварылася, называюць яе Мульхіяс, або Мельхіяс (як друзы), што значыць мера, бо ў тым месцы бяруць меру вады на той час. Людзі, аднак, прызвычаіліся да тае выспы хадзіць, калі Ніл уласным рэчышчам сваім цячэ, бо, як ужо гаварылася, там ніякае вады не бывае. Так і у самім месце па каналах ездзяць і ходзяць, калі рака не разліваецца, так, як і па іншых вуліцах, з


Што за мера.


тым толькі адрозненнем, што каналы за простыя вуліцы глыбейшыя. У канцы памянёнае вышэй выспы стаіць вялікі, шырокі і прыгожы палац, дзе на той час паша жыве, дзе ён таксама і машэю мае, а ў ей піраміда або слуп стаіць, які вада падземнаю плынню абмывае і па якім відаць, як хутка ўбывае або прыбывае вады. Але як усе гэта дзеецца і што там за мера, даведацца цяжка, бо хрысціянаў туды не пускаюць дый самим туркам свецкім туды нельга заходзіць, апроч святароў іхніх сантонаў, пашы і начальнікаў нейкіх, на тое абраных. Апавядаюць бо, што тое


Байка.


месца Святое, таму што ідзе адтуль вада, дабрадзействам якое дзяржава плоднасць


Дождж.


і багацце захоўвае, а дажджу ў тым краі (хіба толькі у снежні разоў колькі кропне, дый тое без усялякага пажытку зямлі, як ніжэй гаварыцца будзе) не бывае. Над морам, дзе Ніл недалёка Даміяты або Расэта цячэ, або дзе пяццю іншымі рукавамі у мора ўпадае, бываюць, аднак, і дажджы, як у Александрыі пры мне здарылася; дваццаць сёмага дня верасня выпаў невялікі і вельмі пажаданы, бо паветра


Навіна праз хлопцаў.


ачышчае і перамяняе. Калі пры памянёнай выспе рака пачынае збірацца, адразу высылаюць колькі сотняў хлопцаў з навіною ў места, якія, прыбегшы, крычаць на вуліцах, як хутка і колькі прыбывае вады. Бо калі без затрымкі прыбывае, за


Знак года ўраджайнага.


добры знак тое маюць, бо незадоўга будуць грэблі расчыненыя, з чаго і багатага ўраджаю налета можна чакаць будзе; калі ж павольна прыбывае і мала, тады баяцца няўроду, дарагоўлі і голаду, бо малая колькасць вады не можа паўсюль дастаткова паліць пасевы, што вельмі патрэбна, бо калі больш за звычай і за патрэбу вады бывае, дык у зямлю размоклую зярняты глыбей западаюць, калі сеюць, бо аруць тут няшмат і не ўсюды.


Двойчы на год ураджай з гародаў збіраюць.


На вышэйшых мясцінах, як і ў гародах (якія толькі на ўзгорках ёсць, куды Ніл не даходзіць) аруць, ды ўвесь час іх паліваюць (дзеля чаго гадуюць валоў), і так двойчы на год ураджай там збіраюць. Ваду з глыбокіх студняў валамі выцягваюць, а вядзерцы выцягнутыя адразу ў каналы выліваюцца, па якіх ідзе вада ў агароды. На тое адмысловыя калаўроты зробленыя, якія валы (вочы завязаныя маюць, таму самі, хоць ніхто іх не паганяе, хадзіць звыклі) увесь час круцяць. Гною ралля


Як поле ўрабляюць.


ніякага не патрабуе (часткова дзеля сваей плоднасці, часткова таму, што пасля жніва незлічоныя статкі рознай жывёлы ў тых палетках ходзяць).


Калі жніво.


Жніво пачынаецца ў канцы сакавіка, а канчаецца ў апошніх днях красавіка, бо ўвесь травень паўднёвыя вятры веюць, якія б легка ўсе збожжа спалілі.


Калі я быў там у Каіры, казалі, што паводле меры ў Мульхіясе Ніл на дваццаць адзін локаць падняўся, таму чакаўся добры ўраджай, бо калі на дваццаць чатыры, дваццаць пяць або дваццаць шэсць паднімаецца, празмерная вільгаць палям пагражаць будзе, калі ж да дзевятнаццаці не даходзіць, дарагоўлі і голаду трэба баяцца. Ніколі, аднак, ніжэй за шаснаццаць локцяў не бывае, а тады ўжо зусім непазбежнага голаду чакаюць. Падняцце яго заўсёды здараецца ў жніўні, але


З чаго Ніл паднімаецца.


пэўнага дня няма, звычайна гэта ў сярэдзіне памянёнага месяца бывае. З чаго б, аднак, такі дастатак вады браўся, як даведаліся, ад дажджоў, якія ад пачатку травеньскіх дзён аж да канца жнівеньскіх пад тропикам Рака выпадаюць, пра што касмографы тых мясцінаў падрабязней пішуць; бо як у нас узімку, так у іх у чатыры вышэйпамянёныя месяцы мора да плавания закрытае. Апавядаюць таксама, і гэта напэўна так, што тыя воды дажджавыя хутчэй бы да Егіпта


Папіяна жывіць Ніл.


даходзілі, калі б іх Вялікі Ян Прэсвітэр, або Папіян, кароль Абісінскі, у сваіх дзяржавах для палёў таксама не забіраў, але каб ён іх гэткім чынам не памяншаў, Егіпет праз вялікую вільготнасць ніякага збожжа са сваіх палеткаў не меў бы. І з таго можам мы нявыслаўленую дабрыню і мудрасць Божую пабачыць, які так дзівосна ўсяго свету часткамі кіруе, што кожная з іх свае дастатковае пажыўленне


Сяўба егіпецкая.


мае. Звычайна на Св. Андрэя267 сеюць, калі Ніл невысока паднімаецца, калі ж бачаць, што вады меней, сеюць раней, з чаго ўраджай добры бывае дзеля страшнае гарачыні, так што ў канцы лютага магло быць жніво, калі ужо таксама першы раз садавіну і гародніну збіраюць. Калі здараецца, што Ніл не паднімаецца дастаткова, тады не на ўсе палі праз грэблі ваду выпускаюць і зямля як след не вільгатнее, улетку ж так высыхае, што стаецца як найцвярдзейшая скала. Калі ж вады бывае дастаткова, пазней сеюць, каб зерне ў зямлю глыбока не западала, і так да траўня жніво зацягваецца, а паўднёвыя вятры вільгаць высушваюць. Дзіўна


Гэта дзіўна.


ж, аднак, тое, што хоць у Каіры Ніл паднімаецца, аднак у яго рукавах таго не відаць, цякуць яны неяк сваей плынню, хіба што рэдка калі, дый тое не болей, чым на локаць, прыбывае ў іх вады. Там жа, куды Ніл не даходзіць, каб звычайным спосабам зямлю паліваць, дзівосна Госпад Бог справіў, што дажджы праходзяць і зямлю наталяюць.


І так усю тую ноч прабавілі мы, плаваючы па Ніле, да цікавейшых рэчаў прыглядаючыся, тады ж і людзей незлічонае мноства ўдзень і уначы па рацэ плавала. Бо то былі часы агульнае радасці, нібы тут мясапуст які або кірмаш быў, і танней усе купіць можна, і ежу лодкамі возяць.


Раніцаю а трэцяй гадзіне на дзень зноў прыплылі мы ў Булгах і, сеўшы на аслоў, паехалі у места.


Пасля за гадзіну перад світанкам паехалі мы з заезду нашага ў стары Каір, які за чвэрць мілі ад новага размешчаны. Праз дзве гадзіны пасля ўсходу сонца, праз


Вартае чытання апісанне пірамід.


Ніл перабраўшыся і праехаўшы пятую частку мілі, апынуліся мы проста каля пірамідаў, пра якія шмат пісалася, я ж, што сам бачыў, каротка згадаю.


Мемфіса ні знаку, гэта сапраўды дзіўна.


Пагаджаюцца ўсе аўтары на тым, што места Мемфіс268, у Святым пісанні і у свецкіх кнігах славутае, на гэтым месцы было, аднак (апроч рэшты руінаў на поўдні) тут ужо і знаку ніякага няма, бо няплодныя і сухія пяскі ўсе пазасыпалі. Засталіся, аднак, піраміды, і дагэтуль цэлых семнаццаць ацалела269, з якіх дзве большыя, а трэцяя, якую Радопа распусніца паставіла (форму і будову яе апісвае Пліній, кн. 36, р. 12), напраўду вельмі прыгожая, хоць увышкі ледзьве шэсцьдзесят або семдзесят локцяў мае.


Тыя три піраміды ва ўсім цэлыя, і я лічу іх сярод тых рэчаў, якія свет за нейкія дзівосы мае. Дзве большыя цудоўна і неверагодна вялікія, адна з іх, аднак, большая, кажуць, што ўдоўжкі, ушыркі і увышкі трыста локцяў мае. Унутры прыгожыя і шырокія сходы мае, па якіх, гэтаксама як і па вонкавых, узыходзілі мы звычайна аж да самага верху і на гару. Мае таксама і склепы, а два найбольшыя, адзін над адным, дзе былі пахаванні цароў егіпецкіх; у ніжэйшым і дагэтуль труна досыць вялікая, у якой цела нейкае ляжала. Але што там за цары, якім коштам або


Гэбраі, што ў няволі былі, муляры.


ўмельствам, і ці не гэбраі то, у няволі егіпецкай будучы (што амаль усе аўтары сцвярджаюць), тыя піраміды паставілі, а да таго ж ці тыя самыя гэбраі грэблі &ышэйпамянёныя і равы (бо відаць працу рукі чалавечае, а не прыроды) парабілі; пра ўсе тое ў псторыкаў трэба пытацца, якія гэта, як належыць, апісалі. Сапраўды варта здзіўлення тое, што піраміды на высокай гары пастаўленыя, аднак жа, наколькі бачыць можна і меркаваць, з іншага каменю былі збудаваныя, але ж невядома і здагадацца цяжка, адкуль і якім чынам гэткае надзіва вялікае мноства камянёў на месца гэтае прывезена, бо хоць Ніл і паднімаецца, аднак да яго ад пірамідаў амаль цэлая міля. Цяжка зразумець таксама і тое (бо кожны камень тры локці ўшыркі і ўдоўжкі, а ўвышкі паўтары і болей мае), якім рамесніцкім умельствам ды якім яго досціпам і працай на такую вышыню падняты і наверсе пакладзены мог бы быць. Найбольшая з усіх пірамідаў з такіх часаных квадратных камянёў змураваная, і хоць ідзе гранавіта ад долу аж да верху, аднак тыя квадратныя камяні дасціпны і ўмелы рамеснік так няроўным радам злучыў і ўклаў, што ўся грамадзіна здаецца хутчэй гарою, што сама природа нарадзіла, чым умельствам і працай чалавечаю спраўленай. Ступанне дзеля таўшчыні камянёў нязручнае і цяжкае, але бяспечнае; і я хоць досыць добра ступаў, аднак жа ледзьве за паўтары гадзіны на верх піраміды здолеў дайсці, на тым версе роўніца квадратная, па дзесяць локцяў з кожнага боку. Ад той найбольшай піраміды ідучы да другой, з правага боку пабачыць можна памяшканні прыгожыя і аздобныя, у жывой скале высечаныя, скляпенне ў іх нібы з дошак выраблена,


Гмахі цароў егіпецкіх.


бэлькі паўкругла абчасаныя, не гранавіта, на сценах таксама нейкія ўзоры вычасаныя. Сцвярджаюць некаторыя, што гэта былі гмахі царскія або княжны егіпецкай.


Другая піраміда на тры часткі дзеліцца.


Другая піраміда крыху меншая, за два лучныя стрэлы ад першай стаіць. Усярэдзіну ў яе цяпер няма ўвахода адкрытага і усім вядомага, але кажуць, што ёсць схаваны і патаемны і што некаторыя пра яго ведаюць. Ззаду можна ўзысці на яе да паловы, бо там камяні мае гэтак, як у першай, укладзеныя, толькі што крыху больш пляскатыя і раўней пакладзеныя. Але спераду камяні ідуць угору роўна, не выступаюць з муру, таму і лезці немагчыма, як, напэўна, і хацеў рамеснік. Пасля трэцяя яе частка, аж да самага верху камяні мае нейкія шурпатыя, нядбалыя і без парадку добрага ўкладзеныя; калі б не тая сярэдняя роўная частка, што камянёў, якія, нібы прыступкі, з муру выступаюць, не мае, такой перашкоды на колькідзесяць локцяў не чыніла, можна было б легка на вяршыню залезці, як і на тую першую.


Трэцяя піраміда.


Трэцяя піраміда стаіць побач з другой з боку места, гэта піраміда тае Радопы распусніцы, уся з камення гладка зробленая, так што залезці на яе ніхто не можа.


Глядзі.


Ад яе за тры лучныя стрэлы слуп стаіць з каменю жывога на сем локцяў ўвышкі, а з яго наверсе галава з шыяй і плячыма тае самае Радопы, постаццю дзіўнай, на места глядзяць. Апавядаюць некаторыя, што з той большай піраміды, дзе мы ўнутры былі, праз лёхі падземныя, у камені высечаныя (бачылі мы іх каменнем заваленыя), вузкі і патаемны праход быў у тую галаву, а там адказы божышчаў паганскіх даваліся, бо меркавалі паганцы, што галава тая сама гаварыла. Вакол галавы некалькі камянёў пастаўлена, на якія складалі ахвяры. Цяпер ніхто не можа ўведаць, што гэта было.


Чуў я ў Каіры ад тых, хто так сцвярджаў, што на свае вочы бачылі (сам я не бачыў) на поўдні, дзе, як кажуць, ускраіна Мемфіса была, два слупы чалавечыя, кожны на


Слуповыя выявы фараона і яго жонкі.


дваццаць локцяў ўвышкі, з аднаго каменя цэлага, надзіва прыгожыя, адзін фараона нейкага, а другі царыцы, напэўна, жонкі ягонай, ужо паваленыя і, аднак жа, абодва цэлыя ляжаць. А ад тых слупоў піраміды памянёныя за пяць нашых


Мемфіс, места якое вялікае.


міляў, з чаго здагадайся, якое вялікае было тое места, бо і самі піраміды, калі глядзець на руіны, далей, чым за чытыры мілі, стаяць. Вось жа калі з таго боку Ніла такое вялікае было места, а з другога Каір (як цяпер стаіць) быў з ім злучаны (бо ад вялікіх пірамідаў, якія над местам стаяць, да новага Каіра паўтары вялікія мілі); без усялякага сумнення было яно наўкола некалькі міляў, а пасярэдзіне цёк Ніл. Пасля, калі Мемфіс праз даўнасць і войны заняпаў, султаны егіпецкія


Раздз. 30.


(паводле прароцтваў Святых, асабліва ж Езэкіэлевых) побач з садамі пачалі будаваць палацы, і так легка люднае места ўтварылі.


Дзіўлюся я вельмі гэбраю Бэньяміну271, які чатырыста гадоў таму жыў, шмат краін свету наведаў, а што на свае вочы бачыў, падрабязна апісаў (хоць апісаў таксама і


Вялікі доказ, што піраміды будавалі гэбраі.


што чуў, і таму часам памыляўся), дзіўлюся, што пра тыя піраміды ніводнае згадкі у кніжцы падарожжа свайго не пакінуў, асабліва ў Каіры быўшы, які, за звычаем старых і новых гэбраяў, ён Міцраім272 называе. Падобны гэты гэбрай да тых трох, якія сцвярджаюць, што места Баальбэк д’яблам Асмадэем змураванае, таму, што з


Гэта слушна.


такіх вялікіх камянёў людзі б не маглі мураваць. Але, напэўна, тое самае ён мусіў бы і пра мураванне пірамідаў сказаць, якія і вялікасцю камянёў, і цяжкасцю збудавання, і коштам свам палацы баальбэцкія перавышаюць. Бо хоць і тыя вартыя падзіву, але незраўнана больш вартыя здзіўлення піраміды, якія і ўшыркі, і ўдоўжкі, і ўвышыню дзівосным умельствам вырабленыя і пастаўленыя. Я так


І так напэўна.


лічу, што гэбрай той наўмысна пра піраміды не згадваў, бо (як вышэй гаварылася) гэбраі, продкі ягоныя, будучы ў няволі егіпецкай, іх змуравалі; а ён, добра тое ведаючы, ганьбу народа свайго замаўчаў і не адкрыў, калі ўжо і д’ябла Асмадэя мулярам места Баальбэка ўчыніў. А што сапраўды ў такой цяжкай і невыказнай былі няволі, слупы тыя дзівосныя і невыносная над імі праца сведчыць. Часта бывае ў Бэньяміна, што, калі толькі надарыцца нагода, пільна славу крыві сваей бароніць, і дзе ў якім месце гэбраяў болей бачыў, не без гонару апісаў, нават імёны іхнія назваўшы.


Апісанне выхвалення суддзяў.


Ідучы адтуль направа, праз нейкую вёску, вярнуліся мы ў Каір за тры гадзіны перад вечарам і, пераехаўшы ў старое места, зноў з консулам Марыянам ездзілі ў барцы па Ніле. Тым часам часта з’язджаліся адусюль вялікія баркі санджакаў, бо назаўтра паша меўся адчыніць грзблю і частку вады праз каналы мястовыя пусціць. З тае причины вячэралі мы ў старым Каіры і засталіся там на ноч, хоць амаль і не спалі, бо паўсюль у бубны білі і ў сурмы трубілі. Якраз бо такім часам кожны сабе як найболей музыкаў наймае, асабліва ж дваццаць чатыры санджакі, якія яшчэ за дзень перад тым у барках сваіх вялікіх сюды-туды сноўдалі, вывесіўшы ў іх дзве харугвы вялікія, якія кожны мець павінен, адну дому Атаманскага з чырвонае і белае тканіны, другую якая каму падабаецца, а пры лаве


Сцяжкі.


тае віціны або баркі натыкаюць іншых меншых сцяжкоў да дваццаці, саму ж барку розным ядвабам вышываным накрываюць. З абодвух бакоў па дзесятку хлопцаў


Пахолкі, сама асоба.


стаіць, якіх кожны паводле свайго густу як пахолкаў выстройвае; сам санджак усярэдзіне сядзіць, шаблю сабе над галавою павесіўшы. У барцы або джэрме больш за дзесяць чалавек вяслуе, за ею меншая, доўгай вяроўкаю да яе прывязаная, музыку, то значыць два бубны і тры або чатыры сурмы (нявольнікі мурыны звычайна музыкамі бываюць) вязе. Таксама і вялікія паны турэцкія свае баркі і хлопцаў цудоўна ўбраных маюць, некаторыя і музыкаў, але сцяжкі нікому, апроч санджакаў, не дазволена вывешваць. Санджакі на той час усе былі прысутныя, апроч аднаго хворага, які, аднак, сына свайго малодшага замест сябе


Цудоўная рада.


выслаў, а той, пасярэдзіне седзячы, кнігі ў руках трымаў, бо да шаблі яшчэ гадоў яму не ставала. Судзіна ў яго была найпрыгажэйшая. Сядзяць з санджакамі абапал прыяцелі або родзічы, якіх да сябе запрашаюць. Бо чым хто болей вакол сябе сваіх хатніх мае і чым большае таварыства, тым у большай важнасці ўважаецца, так што некаторыя тыя баркі вялікія да ста чалавек на сабе змяшчаюць, разам з маракамі.


Паша едзе на галеры.


Тры гадзіны было на дзень, калі Ібрагім-паша, з палаца на выспе Мульхіяс выйшаўшы, на галеру досыць аздобную сеў. Вакол той галеры вельмі багата было меншых сцяжкоў, а з бакоў, калі сядзеў, дзве вялікія харугвы стаялі, адна зялёная Магаметава, другая чырвоная з гербам роду Атаманскага, белым паўмесяцам;


Сцяжкі.


замест азнакаў сцяжных на тых харугвах хвасты коней марскіх віселі. Было там таксама трыста янычараў-мушкетнікаў, убраных у чырвонае, з кітамі за шапкамі, стаялі яны побач з пашою, іншыя ў белым далей з дзідамі стаялі. Чаўшы і


Двор ягоны.


віднейшыя туркі стаялі вакол яго, сам ён сядзеў, хлопец яму махалам паветра


Гарматы.


халадзіў. Наперадзе гэтай галеры шэсць вялікіх гармат стаяла, з якіх і стрэлілі колькі разоў. Вакол галеры дваццаць чатыры джэрмы плыло, у якіх санджакі сядзелі, і іншых меншых судзін пры іх амаль да тысячы. Грэбля, якую расчыняюць (стаіць пры вежы, пад якою каналы, па дарозе да нізкага замка, ад


Грэбля, якую расчыняюць.


палаца Мульхіяс за тры лучныя стрэлы), удоўжкі больш за трыццаць локцяў мае, досыць шырокая, канал пад ею глыбокі, хоць і не вельмі шырокі. Калі паша да таго месца даплыў, галеру тылам або стырном павярнуўшы, каля самай грэблі


Як шмат людзей было.


стаў, куды ўжо незлічонае мноства людзей сабралася; так што ўся зямля тая здавалася ўкрытаю снегам ад белага акрыцця галоваў, гэта значыць ад белых турбанаў. Хоць я і Рым, і Парыж і багата местаў людных перад тым бачыў, аднак жа не бачыў, наколькі магу памятаць, каб на адным месцы гэтулькі людзей сабралася. А як цырымонія тая штогод ладзіцца, дык лічылі людзі свядомыя з таго дворышча, на якім народ стаяў, што было ўсіх там да двух мільёнаў. І як толькі паша знак рукою даў, скочыла ўсе тое мноства, і кожны чым хто мог у грэблі раскоп рабіў і разграбаў; з чаго напачатку паволі, а пасля мацней цякла


Цукры кідаюць.


вада ў канал. Калі ён супраць вады на Мульхіяс у палац свой вяртаўся, кідалі з ягонае галеры паўсюль у ваду розныя кандызаты273, цукры і канфекты274 ў скрыначках круглых, якія люд просты з вады хапаў, часам і за валасы адзін аднаго цягаючы і б’ючыся там у вадзе. Пасля гэтае цырымоніі рушылі мы да новага места, а адтуль пехатою да заезда, а як ён амаль над самым каналам вялікім стаяў, то бачыў я, як


Звычай паганскі.


паволі вады прибывала, якую (паводле звычаю паганскага), нібы вітаючы госця і вестуна ўраджаю, вялікае мноства людзей праводзіла, адны па рацэ плывучы ў судзінах і на знак радасці ўсе места крыкамі напаўняючы, другія насустрач ім з дамоў выходзячы і таксама гукаючы і радуючыся. Цэлы дзень і ноч судзіны плылі, везучы харчовыя тавары і іншыя рэчы на продаж, іншыя ў машкарах275 па рацэ на той час ездзяць, музыку при сабе маючы, простыя людзі замест музыкі ў далоні пляскаюць, іншыя ж чаропкамі ляскаюць, такім чынам нейкі гук у тахт чыняць,


Вялікая смеласць.


збольшага па рацэ плаваюць, некаторыя з верху дамоў сваіх, якія ў іх надта высокія, у раку скачуць; дзіўна, як каторы з іх не разаб’ецца, але маюць тое егіпцяне (чаму з дзяцінства прывучаюцца), што і дасканала, і вельмі доўга гэтак па Ніле, як і па каналах плаваць могуць. Часта тут пабачыць можна, што вось чалавек дарослы і веку паважнага плыве праз раку з дзіцем аднагадовым, што яго за шыю


Практыкаванне на вадзе.


абхапіла. А калі дзіця крыху большае, дык руку яму падклаўшы, а часам і прыняўшы, вучыць яго плаваць, сам адной рукой грабучы. Некаторыя з верхних вокнаў купляюць тавары ў тых, што плывуць па рацэ, асабліва плады і прысмакі, на вяроўцы грошы апускаюць і купленую рэч зацягваюць, некаторыя сабе ваду цягнуць, што за вялікую выгоду маюць, бо не купляюць яе. Вось жа пакуль тая вада каналамі плыве па месце (а трывае тое аж да лістапада), поўна паўсюль бывае лодак. Але вада з тых каналаў, места мінуўшы, у Дэльту не плыве, але направа на


Надзіва густая заселенасць.


ўсход сонца вялікую мясцовасць абцякае, у якой імператаравы і пашавы вёскі (кажуць, што іх колькі тысячаў) ляжаць. То ж бо за Дэльтаю (якая сама дваццаць тысяч вёсак мае) ёсць вельмі шмат (а кажуць жыхары, што да сарака тысячаў) у Егіпце ніжэй і вышэй Каіра вёсак, палі і пасевы якіх жывіць Ніл. Некаторыя лічаць, што ваколіца гэтая ёсць тая зямля Гесэн, якую фараон быў даў Якубу патрыярху276. А ўраджай тут такі, і дастатак усяго такі вялікі, калі плённы год


Ўрадлівасць егіпецкая.


надарыцца, што жыхары, даніну заплаціўшы і сабе прыпасаў на год пакінуўшы (а пэўна тое, што за Егіпет люднейшае дзяржавы няма ва ўсім свеце, апроч Хіны277, якая таксама гэтым славіцца, чаму, аднак, не паверыш, пакуль сам не пабачыш), яшчэ вялікую частку ўсяго куды-небудзь прадаюць, пшаніцу, рыс, цукар, дактылі, касіі і іншыя плады, што разам два мільёны складае. Пра тое самі хрысціяне, гандляры еўрапейскія, нам апавядалі, якія, рамяством тым здаўна і стала займаючыся, дакладныя звесткі пра ўсе мелі.


Хадзіў я па месце, бо панядзелак быў, а ў дзень гэты і ў чацвер бывае рынак і нібы кірмаш. Шмат розных тавараў тут было, жывёлы рознае, людзей таксама ўсіх народаў і моваў вялікае мноства. Нездарма ж пра тое места кажуць, што дзеля тлуму надта вялікага цяжка тут праз вуліцу перайсці, якую пешыя, конныя,


Распусніца.


жывёла, а асабліва ж распусніцы (прыгожа ўбраныя, з закрытым тварам, на мулах едучы) напаўняюць. Кажуць (бо мыта з іх, як і паўсюль, збіраюць), што іх тут да


Замужнія.


ста тысячаў. Іншыя жанчыны, каторыя замужнія, з дома на вуліцу не выходзяць, нават у машэі. Нельга ім таксама праз вакно глядзець на вуліцу, хіба толькі праз краткі драўляныя.


Ёсць тут і рынкі, дзе мурынаў абедзвюх плоцяў, маладых, старых і сярэдніх


Людзей купляюць за нявольнікаў.


прадаюць. Было ў той панядзелак мужчын на продаж семсот, жанчын шэсцьсот, і ўсе голыя стаялі, апроч дарослых, і тое толькі жанчын, якія ніз цела свайго ледзь якім рыззём прыкрывалі. Ва ўсіх праколатыя вушы і ноздры, з якіх шкляны шарык вісіць. Паміж жанчын шмат хто з ніжняй губою праколатай, у якой колца з шарыкам вісіць, а калі цяжкае, дык так губу адцягвае, што зубы відны. Вельмі


Які гандаль.


танна тавар гэты прадаюць. Бо за дзесяць дукатаў у золаце хлопца або дзеўку, якая купцу спадабаецца, бярэ. Хрысціянам, аднак, пад пагрозаю смерці тых нявольнікаў з дзяржавы вывозіць забаронена. Маўраў, ці мурынаў, тых з Барбарыі


Адкуль прывозяць нявольнікаў.


прывозяць, тады спачатку ў Алжыры або Трыпалі прадаюць, а адтуль морам у Александрыю або Расэт, а пасля праз Ніл у Каір вязуць. Хто мужчыну або жанчыну купіць, можа з ей што хоча рабіць, або жыццё захаваць, або забіць, то ж гняўлівыя і злосныя шмат і забіваюць. І так чаго толькі хто ні захоча купіць, як пад час кірмашу, гэтак і ў іншыя дні, заўсёды ў вялікім дастатку знойдзе. Натрапіў


Маслок ядуць і п’юць.


я ў той самы дзень на аднаго, які маслок еў перад буданом, дзе тое зелле прадавалі, маслок той нібы нейкі зялёны, даваў нам таксама гандляр і ахвяраваў, ці не хацелі б мы пакаштаваць. Той маслочнік, рукамі вакол галавы, нібы што ловячы, махаў, крыва глядзеў і нічога не казаў, да шалёнага падобны. Пытаўся я, што гэта было, і адказаў гандляр, што чалавек той надзіва моцны боль у галаве цярпеў, але, з’еўшы крыху таго зелля, паздаравеў. Здаецца яму часам, што пад дрэвам стаіць і плады рве, і з таго відаць, што здаровы. Сапраўды дзіўна. Той кажа, што паздаравеў, а мы бачылі, як яго фурыя і манія ахапіла.


Прамінуўшы замак, што з правага боку быў за брамаю, прыехалі мы ў адну машэю, што звалася Магара, у якую хрысціянам можна заходзіць, чаравікі


Егіпецкія старыя пахаванні.


скінуўшы і які падарунак даўшы. Бо ёсць там старадаўніх нейкіх дзіўных егіпцянаў магілы. Машэя тая ў скале ўся цалкам высечаная, пячор і лёхаў надземных, што далёка ідуць, вельмі багата мае. Адтуль ехалі мы да адной гары высокай (стаіць насупраць замка), з якой большую частку места і прадмесцяў з машэямі вельмі добра відаць. Напраўду пекны з яе спазор, асабліва ж бо праз усе часткі места дый за імі далёка відаць; вельмі шмат дрэваў дактыльных стаіць, апроч новага места,


Пальма.


дзе яны радзейшыя, такія высокія, што па-над дамамі ўзнімаюцца. Якое прыгожае пальмавае дрэва, не кожны ведае. Ідуць проста ўгору галіны, і там толькі пры самім верху трохі нахіляюцца дадолу, плады не каля лісця, а як у нас жывіца пры дрэве, гэтак пры галінах сваіх растуць. І на сады тут таксама (якіх тут незлічонае мноства вакол места) цудоўны спазор, дзе цукар сеюць, і ён расце як трыснёг. Паліваюць іх (як ужо гаварылася) вадою, што валы выцягваюць. Цукар збіраюць у канцы кастрычніка, як і дактылі, хоць тыя часам і ў верасні збіраюць, яны ж бо зямлі тлустай і палівання ніякага, як цукар, не патрабуюць, бо ў пясчанай глебе растуць і гарачае сонца любяць; таму ў Сірыі і Александрыі не такія добрыя, бо менш сонца маюць. Калі свежыя, дык вельмі салодкія, крыху пернасці маюць, якая смаку не псуе і, наадварот, вельмі прыемная. З аднаго дрэва так іх багата набіраецца, што можна нашую адну піўную бочку насыпаць. А што некаторыя


Тры гатункі пальмаў.


апавядаюць, нібыта пальмы толькі праз сто гадоў пасля прышчэпу родзяць, дык гэта байкі, бо яны, як і іншыя дрэвы, праз тры або чатыры гады плод даюць, асабліва калі невысокія. Ёсць іх тры гатункі, адныя нізкія, невысокія, на якіх звычайныя плады; другія вышэйшыя (як у нас ігруша) родзяць жоўтыя і круглыя надта добрага смаку дактылі, але доўга яны не ляжаць, бо хутка гніюць; трэція вельмі высокія, а плод даюць даўгі [?? Так в публикации. «Даўкі», «доўгі»? — О. Л.] і смачны, які нам не


Як доўга родзяць.


прывозяць. Тыя апошнія да ста гадоў родзяць, пасля няплодныя стаяць, з чаго відаць, што ім ужо сто гадоў мінула.


Вельмі пільнуюць егіпцяне гаспадарства тое вакол дрэваў і надта яго любяць. Ёсць


Гэта слушна.


таксама на гары машэя невялікая, завуць яе Сэксаін, то ж калі мы з яе не маглі на места нагледзецца, паслаў да нас адзін сантон, каб мы яму там на нешта скінуліся, але адзін хрысціянін, што з намі быў, казаў нічога адразу не даваць, ці то на ўцеху нейкую, ці то каб паказаць нам, як туркі дзеля грошай усе гатовыя ўчыніць. Вось жа калі мы яму нічога не далі, паслаў зноў, кажучы, што хоча нас перад пашою абвінаваціць як шпегаў, што з месца нязвыклага да места прыглядаюцца. Але мы ані не зважалі на яго пагрозы. Дык той чалавек сівы, на асла сеўшы, паехаў у места, а мы павярнулі направа да заезда, кудою дарога ёсць да мора Чырвонага. А крыху ад’ехаўшы, зноў паслаў ён да нас і глядзеў, ці мы яму чаго не вышлем, высылалі мы тады раз-пораз па шэлегу, а як тое замала яму здавалася, то гнаў далей асла да места, і мы так яго аж да брамы пусцілі, дзе далі яму колькі грошай, за што ён падзякаваў і, не быўшы ў пашы, вярнуўся, а што чалавек стары добрыя паўмілі натрэсся, то дармо.


Сантонаў, што голыя ходзяць (пісаў я, што бачыў іх і ў Дамашку), тут у Каіры вельмі шмат. Бываюць яны, што праўда, розныя, але найагіднейшыя тыя, што, не закрываючыся, зусім гэтак без сораму валочацца. Неяк раніцай, за местам будучи, натрапілі мы на аднаго маладзёна, які набажэнства свае неяк агідна і дзіўна спраўляў. Бо то, да сонца павярнуўшыся, глядзеў на яго, рукі скрыжаваўшы, а то кланяўся і хістаўся, бы нейкі шаленец. Крыху далей бачылі мы другога, і калі з глупства ягонага (што не заўсёды бяспечна) смяяліся (бо каля жывата брыдка рукамі пляскаючы, неяк забаўляўся), дык і ён сам, на нас паглядзеўшы, голасна зарагатаў і пайшоў прэч. Тыя, як нейкае быдла, паўсюль па месце валочацца, а што ім спадабаецца, на пажыўленне сабе свабодна бяруць, як прыкладам хлеб, плады, калі там прадаюць, таксама і ваду ў ваданосаў, калі далёка да яе, забіраюць. Той жа, у каго бяруць, мае за вялікае шчасце, што святы чалавек чагосьці ў яго захацеў. А як у Каіры ў скураных мяхах ваду носяць на продаж, дык прытрапілася мне (на што я глядзеў), што сантон адзін голы, узяўшы ў некага мех, піў, за што гандляр яму дзякаваў, галаву схіляў, рукі склаўшы паднімаў, радаваўся, што яму гэткае шчасце выпала. Хрысціяне, якія доўгі час у Каіры жывуць, апавядалі нам, казалі і самі туркі, што тыя сантоны голыя ўдзень ва ўсіх людзей навідавоку з жанчынамі справу маюць, спачатку нейкія свае надта агідныя чары (пра якія я дзеля ўчцівасці пісаць не буду) справіўшы.


Пачаўшы ад прадмесця, якое ідзе да Чырвонага мора, праехаў я ўздоўж усе места, і хоць прышпорваў асла, аднак ледзьве за дзве гадзіны паспеў да краю новага места даехаць; адтуль жа праз старое места і апошняе прадмесце за цэлую гадзіну да гэбрайскага могільніку прыехаў, то ж і высветліў я, рознымі часамі ездзячы, што з прадмесцямі места старое і новае, калі проста праз яго ехаць, амаль заўсёды


Дзе ладзілі спаборніцтвы.


ўдоўжкі тры нашыя мілі мае. На тым памянёным прадмесці, што да Чырвонага мора ідзе, ёсць і дагэтуль тэатр (цяпер ужо на біты шлях ператвораны), але інакш, чым тут у нас у Еўропе, змураваны. Бо ўшыркі ледзьве сто локцяў мае, а ўдоўжкі, як кажуць тыя, хто мераў, тры тысячы, з чаго меркаваць можна, што некалі на тым месцы коней навыперадкі пускалі і вазы. Паабапал ёсць прыступкі, на якіх


Гісторыя пра скарб.


людзі сядзелі, але мала іх і нізкія. Машэі ўсе (тыя, што з вежамі, а іх вельмі шмат) на самым версе купалы маюць, апроч адной побач з тэатрам, якая, як апавядаюць, з гэткай вось прычыны яго не мае. Даўнейшымі часамі (бо і машэя старая вельмі) чарнакніжнік адзін егіпцянін змураваў яе сабе на пахаванне, то ж яго там і пахавалі, а над купалам на самым версе ўнутры іерогліфамі егіпецкімі (або абразкамі нейкімі вымаляванымі, якімі егіпцяне, літарамі не пішучы, шмат патаемных рэчаў звыклі былі запісваць) так загадаў напісаць: «Галава без мозгу нічога не вартая». Стаяла гэтак тая машэя колькі соцень гадоў, пакуль Селім Першы каралеўства тое і места не заняў, а тым часам нейкі чарнакніжнік, зайшоўшы туды і пісанне тое, што яно значила, зразумеўшы, пайшоў да Селіма і прасіў, каб падараваў яму тую мішэю. Клопату ніякага не было такую нязначную і дробную рэч у Селіма атрымаць, які нядаўна такую вялікую дзяржаву сабе здабыў, таму і дазволіў.


А чарнакніжнік той верх яе адразу разабраў, а пад ім невыказна вялікі скарб залаты знайшоў, за што пасля дамоў, садоў і шмат іншай зямлі накупіў, а на памяць аб тым верх машэі гэтак пакінуў, і толькі адна яна такая ёсць ва ўсім месце да гэтага часу. Вакно мае ніжэй да вуліцы, сама досыць светлая, але заўсёды зачыненая; ці там туркі якія чары свае спраўляюць, невядома, бо туды, дзе хаваюць, не любяць заходзіць, апроч сантонаў, просты ж чалавек або рэдка ходзіць, або ніколі.


На світанні селі мы з консулам Марыянам у барку і паплылі па большым канале, праплыўшы паўмілі за местам, а каля палаца Гаўрэя сеўшы на аслоў, ехалі мы невялікую мілю да вёскі вельмі шматлюднай, якая называлася Назарэя278. Гэта тая


Жытло Гасподняе ў Егіпце.


веска, у якой Найсвяцейшая Маці Гасподняя з Сыночкам сваім (калі была ў гэтым краі, Мацв. 3) жыла сем гадоў, як лічаць багасловы. Ёсць тут дом вельмі стары, у якім з аднаго боку ў муры паказваюць нібы шафу, доўгую і шырокую, куды Збаўцу Госпада Нашага клала Найсвяцейшая Маці. Пад той шафаю ёсць алтар невялікі дзеля Святое імшы. Бо туркі месца гэтае вельмі шануюць, і хоць недалёка там машэя ў іх стаіць, аднак жа ад даўніх часоў (ніякіх запісаў не засталося) святарам нашым дазваляюць Святую імшу спраўляць; і праўда, у той дзень нядзельны


Крыніца адна ў Егіпце.


чытаў пры нас Францішак Сас, багаслоў таварыства Ісусавага, святар. Не вельмі далёка адтуль ёсць крынічка, адзіная на ўвесь Егіпет, на колькі локцяў ўдоўжкі і ўшыркі, досыць глыбокая, вельмі халодную і чыстую ваду мае, якую колам выцягваюць для палівання садоў, бо іх тут вельмі шмат. Носяць яе таксама на вярблюдах пашы і санджакам да піцця, бо здаровая яна і празрыстая. За добры кідок каменем ад таго дома стаіць дрэва лясной фігі, тоўстае і высокае, завуць яго


Рэч, вартая ўвагі.


фараонавай фігаю. Дрэва гэтае дзіўным цудам Боскім так ад самага кораня аж да верху пашчэпленае, што калі яго злучыць, абедзве паловы легка паяднаюцца, бо на адной рэбры выступаюць, а на другой для іх паглыбленні засталіся. Нізка пры самым пні ёсць нібы нейкі пакойчык у дрэве, які ніводзін рамеснік вырабіць не мог; сам так утварыўся, прытулак Найсвяцейшай Маці Божай і Творцу свайму даўшы, калі яна туды з ім прыйшла, чакаючы, пакуль Святы Язэп што іншае ў вёсцы знойдзе. Сапраўды, дрэва гэтае вялікае здзіўленне выклікае. Туркі ў ім свяцільню сваю павесілі. Прызнаюць бо яны (што і кожны, паглядзеўшы, зразумее), што цудоўна яно раскрылася было, калі Дух Божы (так яны Госпада


Бальсан.


нашага называюць) разам з Маці сваёю яму пакланіўся. Стаіць тое дрэва ў садзе, дзе перад тым быў бальсан, і цяпер яшчэ ёсць тут нейкія дрэўцы на два локці вышынёю, але ўсе ўжо пасохлыя. То ж бо Асан-паша (які тут перад цяперашнім Ібрагімам быў гаспадаром) мурына, які вакол таго бальсана даглядаў за тое, што багата грошай быў назбіраў, загадаў задушыць, а таму, бо ніхто пасля ў той гаспадарцы нічога не разумеў, усе пасохла. Аднак жа ў зямлі Арабскай, якую шчаслівай Арабіяй279 называюць, стараннем Саліманавым у дастатку вялікім бальсан збіраюць, найбольш той, што з гэтага саду быў перанесены; прывозіць яго сюды караван з Мекі280, і я яго з сабою нямала дадому прывёз.


Гаўрэя.


Вярнуліся мы пасля ў палац Гаўрэя на абед, і калі елі, бачылі з левага боку караван з колькіх соцень вярблюдаў, што да места Суэс281 ішоў, якое недалёка да мора Чырвонага ляжыць. Палац той таму Гаўрэя называецца, што яго султан Гавур282, вельмі магутны цар егіпецкі, вялікім коштам некалі змураваў, а разам і цудоўную машэю з двума вялікімі купаламі, дзе яго і пахавалі; і машэя тая (пасля Арамэлі283, пра якую ніжэй будзем гаварыць) з усіх найпрыгажэйшая. Мае той палац і надзіва прыгожыя галерэі, на вялікіх і аздобных слупах пастаўленыя, а ўсярэдзіне ёсць купальня, пяцьдзесят локцяў шырынёю і даўжынёю, шэсць глыбінёю, якую


Паганская пышнасць.


памянёны цар кожнага разу, як двару свайму і народу банкет ладзіў (што часта здаралася), вадою, цукрам саладжонаю, напаўняў, каб з яе кожны сабе наліваў і піў, колькі захоча. І дзеля таго з усіх бакоў былі мармуровыя прыступкі, каб па іх, калі вады меншала, людзі спускаліся; пад тымі галерэямі ім стравы падавалі, на што зверху цар паглядаў. Жыве тут часам цяперашні ўладар Ібрагім-паша, калі можа каналам Нільскім сюды зручна заехаць.


Касія.


Стаіць таксама пры тым палацы касія, дрэва вельмі высокае, вышэйшага за яго няма ва ўсім Егіпце. Да ліпы, зважаючы на яе таўшчыню і вышыню, тая касія падобная. Пад вечар, плывучы супраць вады, вярнуліся мы ў места, агледзеўшы некаторыя палацы і сады прыгажэйшыя пры беразе. Іншыя дні хадзілі мы па


Машэі важнейшыя ў Каіры.


месце, дзе заўсёды нешта новае можна было пабачыць. Агледзелі мы машэі важнейшыя, хоць у іх і не заходзілі, а найгалоўнейшыя з іх наступныя.


                                  1.


Першая называецца Гямаласар284 (нешта накшталт нашае катэдры), пры якой патрыярх турэцкі і сантоны жывуць, мае восем дворышчаў, а два з іх даўжынёю на колькісот локцяў. Машэя тая (бо я яе колькі разоў абышоў і ў вокны пільна прыглядаўся), магу сказаць, месту Любліну роўная велічынёю. Наўкола добрую


Патрыярх турэцкі.


мілю валошскую мае. Часта бачыў я таго патрыярха турэцкага, калі ён на гнедай


Муліца.


муліцы праз места ехаў, за якую Асан-паша даў быў дзве тысячы цэкінаў. Муліцы ў гэтым краі вельмі дарагія, бо амаль гэткія рослыя, як валошскія рысакі. Меў ён з сабою сем сыноў, чацвёра ўжо сівізной прыцярушаныя перад ім, а трое за ім хадзілі, усе віднейшымі сантонамі будучы. Сам росту малога, каржакаваты, плечы


Убор патрыяршы.


меў надзвычай шырокія. На галаве турбан неверагодна вялікі, які на чвэрць локця за плечы быў шырэйшы. Дзіўна, як ён гэткі вялікі цяжар мог трымаць на галаве. Чугу меў верхнюю доўгую, з брунатнага сукна. Бачыў я таксама і падпатрыярха


Падпатрыярх.


ягонага, чалавека гэтак у веры сваей чарадзейскай заўзятага, што пляваў на хрысціянаў, якія міма праходзілі, нешта сабе пад нос мурмочачы, відаць праклінаючы.


                                  2.


Другая машэя вялікая па дарозе ў замак, называецца Зуэля285, каля яе брама Баб, якую з гэтае прычыны Бабзуэля называюць. У той браме Селім Першы, імператар турэцкі, султана Кампсона286, або Тамбэя, на шыбеніцы павесіць загадаў, года гасподняга 1519, дня красавіка 17, і на памяць пра тое часта там (што і мы бачылі) і цяпер злачынцаў вешаюць. І хоць вісіць там злодзей, аднак людзі ідуць праз браму, бо і высока ён вісіць, і аб’язджаць давялося б далёка з вялікай прыкрасцю.


                                  3.


Трэцюю называюць Сарафія287, там на сцяне шалом вісіць (праз дзверы добра відаць) нейкі старасвецкі; кажуць, што Якуба, караля кіпрыйскага288, егіпцянамі на вайне здабыты. Каралі кіпрыйскія здаўна туркам штогоду дванаццаць тысячаў цэкінаў даніны давалі; ці з увагі на той шалом, або якім іншым правам, не ведаю. Дамагаліся і ад венетаў заўсёды тых жа грошай, пакуль урэшце воўчым правам усю дзяржаву не захапілі і не зваявалі.


                                  4.


Чацвёртая машэя Арамэля (таксама імператарскаю называная) стаіць перад самым замкам і вялікасцю, і прыгажосцю ўсе іншыя перавышае; Асан султан289 яе змураваў гэткім вось чынам і прыпадкам, як хронікі егіпецкія сведчаць.


Дзіўная гісторыя.


Асан тыран, чалавек хцівы і хітры, замысляючы, якім чынам машэю багатую, знак і памяць славы сваей, без вялікага выдатку змураваць, такі спосаб вынайшаў. Загадаў ён паўсюль абвясціць, што вырашыў ён Богу вельмі прыгожую бажніцу змураваць, і каб лягчэй і шчаслівей гэта ўчыніць, хоча ён усім, хто б адкуль ні прыйшоў, там а там, у тым адным пэўным месцы, таго а таго дня і часу даць міласціну. Пад замкам злева ёсць дворышча, толькі мур яго ад той машэі аддзяляе, цяпер там караван, калі мае ў Мекку ехаць, збіраецца; вельмі шырокае, на той час людзей, што ў Мекку выпраўляліся, каля дванаццаці тысячаў на ім стаць магло. Вось жа сюды безліч народу з Егіпта і блізкіх царстваў і дзяржаў сышлася, а той Асан там невыказнае мноства кашуль і сукняў загадаў быў зрабіць. І так па адным пускалі на пэўнае месца таго дворышча, і як толькі туды хто заходзіў, казалі яму ўсе старыя свае шаты зняць і пакшуць, узяўшы сабе новыя, пасля таго па міласціну праз галерэю невялікую, што ў муры была, у іншае дворышча на другі бок перайсці, каб ніхто яго не бачыў, і так з таго дворышча на другое, міласціну атрымаўшы, кожны пераходзіў; а што там з ім дзеелася, ніхто не ведаў, усе думалі, што з шчодрасці царскай што-кольвек вялікае атрымаў. А хоць бы і хацеў кожны новае адзенне зараз жа вярнуць і ў сваім старым застацца (бо там у краі тым такі звычай, што грошы, у якую хустачку ўвярнуўшы, у турбане хаваюць, або прышытыя да кашулі так з сабою заўсёды носяць), аднак жа мусіў новыя шаты за міласціну ўзяць, а старыя свае пакласці. Быў там тых людзей плач і енк і на султана вялікае нараканне, але ён на тое не зважаў; як толькі ён тое набажэнства свае справіў, усе загадаў спаліць, надзіва вялікую суму золата і срэбра з таго сабраўшы; што і па той машэі, так аздобна і пышна збудаванай, відаць. Егіпецкія летапісцы і егіпцяне вераць таму і пішуць. Sit fides penes illos290.


                                  5.


Пятая машэя Марасэн291 (пры якой ёсць шпіталь) таксама досыць вялікая, зверху чырвона і бела пафарбаваная.


                                  6.


Шостая Гямалісон292, вельмі вялікая і прыгожая.


                                  7.


Сёмая Гямахішон293, за ўсе іншыя значна вышэйшую і большую вежу мае.


Усе тыя машэі на вуліцу вокны маюць, кратамі жалезнымі заспасобленыя; на кані або асле едучы, добра бачыць можна, што там унутры дзеецца. Часта бачылі мы,


Нязвыклае набажэнства.


як сантоны з іншымі там на зямлі абедалі, паводле звычаю турэцкага; часам ядваб у тых даўжэйшых машэях круцілі коламі, махру на шаты і галуны выраблялі, і іншаю працай (якая без грукату) займаліся.


Верасень.


Ганус Шульц, выдатны цырульнік, якога я з сабою меў у тым падарожжы, захварэў, калі мы выязджалі з Дамашка, да той хваробы яшчэ і падагра звычайная была прымяшалася, бо не з такой пільнасцю, як было трэба, пра здароўе свае рупіўся, а да таго яшчэ і дызентэрыя прыхапіла яго першага дня верасня, і каля семнаццатай гадзіны памёр. Ледзьве паспеў ён сканаць, як адразу прыбег гэбрай,


Даніна з памерлых.


патрабуючы даніны або мыта, каб мы за памерлага імператару заплацілі; што мы і ўчынілі, папярэдне даведаўшыся ў консула Марыяна, ці так мела быць. Хацеў гэбрай за яго як за чалавека гандлярскага стану шэсць цэкінаў, але як вядома было, што ён гандлем не займаўся, пагадзіўся на тры. Пахавалі яго за горадам у малой царкоўцы халдэйскай. Бо як не быў ён католікам, нельга было яго ў царкве Найсвяцейшае Дзевы ў старым Каіры пахаваць, да якой хоць і халдэі належаць, але католікі злева сваю капліцу маюць вялікую, дзе хаваюць і Святую імшу спраўляюць.


То ж тут ёсць такі звычай, што за кожнага памерлага, асабліва еўрапейца, бяруць


Як з каго.


даніну паводле якога стану. Калі консул памрэ, даюць пятнаццаць цэкінаў, за гэбрая колькі грошаў, за халдэя таксама (тых тут вельмі багата, бо патрыярх іхні, які адначасна і абісінцаў патрыярх; цяпер тут жыве) нешта. І дзіўная рэч, што розную рэлігію маючы, аднаго патрыярха прызнаюць і яму падпарадкоўваюцца. Абодва народы гэтыя на восьмы дзень абразаюцца, на пяцідзесяты ж дзень ад


Гэта слушна.


нараджэння кожны хрысціцца: абразання не абмінаюць, бо яго Бог гэбраям рабіць загадаў, хрост таксама бяруць, бо пасля ўваскрасення Гасподняга ў гэты дзень Св. Дух на Св. Апосталаў сышоў. Каротка кажучы, даніну з кожнага памерлага імператар бярэ, апроч туркаў, якія не даюць нічога; і, як кажуць, складае гэта вялікую суму грошай, што да праўды падобна, бо тут такое вялікае мноства людзей з усіх народаў.


Замак у Каіры.


Быў я таксама і ў замку, што на гары стаіць досыць высокай, вакол сябе мур мае надта моцны з квадратнага каменю, а таксама круглыя вежы. Усярэдзіне ёсць фартэцыя злева на дворышчы невялікім, з рагоў чатыры вежы круглыя з часанага каменю, а навокал роў, абкладзены мурам. Трохі далей палац досыць прыгожы з шырокім дворышчам, дзе паша жыве; а з левага боку, як уваходзіш у замак, каля брамы ёсць галерэя доўгая пры зямлі на доле, якая ля сцяны лаву, з квадратнага каменю вычасаную, мае з прыступкаю пад ногі. На той лаве нельга нікому сядзець


Калі Егіпет узяты.


пад пагрозаю смерці, бо Селім Першы года Гасподняга 1517, дня 25 студзеня Каір захапіўшы і ў замак гэты з трыўмфам уехаўшы, калі з каня злез, на гэтую вось лаву сеў і адпачываў. Дык на памятку пра тое забарона гэтая ўчыненая; аднак ніжэй, гэта значыць на прыступцы для ног, заўсёды людзі сядаюць. Ёсць таксама ў тым


Машэя.


замку вельмі прыгожая машэя, якую нейкі Саліман-паша, калі тут урад займаў, змураваў; наступнікі ягоныя ў ей свае чары набожныя спраўляюць. Замак той з фартэцаю такі вялікі, як места Дэрвіж294 in foro Julii295, як самі валохі сцвярджаюць.


Палац Язэпа патрыярха.


Быў я і другі раз у тым самым замку. Насупраць фартэцыі справа ёсць вельмі стары палац Язэпа, сына Якубавага, патрыярха, які ён змураваў, калі кіраваў Егіптам. Ніхто цяпер у ім не живе, з яго ў іншыя гмахі праход ёсць. Стаіць ён на вялікіх калонах, з аднаго цэлага каменя вычасаных. Форма яго муравання дзіўная, розным маляваннем і ўпрыгожаннямі аздобленая, дагэтуль усе зусім цэлае. Усіх мураваных гмахаў егіпецкіх выгляд такі: маюць на самым верху вакно круглае або квадратнае, дзеля аховы ад сонечнага агню, ніжэй другое так размешчанае, каб вецер адусюль уваходзіць і выходзіць мог. Гэтак і той палац мае ўверсе круглае акно, амаль на трыццаць локцяў; а на скляпенні з рагоў розныя іншыя вокны, праз якія вецер вее і якія так умела рамеснік размясціў, што нават і ў найбольшую


Калодзеж яго вельмі дзівосны, дваісты.


спеку там унутры халодна. Як паднімацца ўгору, з левага боку ад таго гмаху, каля палаца пашы ёсць калодзеж, які яшчэ той Язэп быў збудаваў, так дзівосна і цудоўна, што наўрад ці хто цяпер бы такі зрабіў. Чатырохкутны, кожная сцяна яго дваццаць локцяў мае. Глыбінёю ён да трехсот локцяў, але праз сто пяцьдзесят не толькі пехатою ісці, але і на кані бяспечна можа кожны ехаць. Бо як калодзеж увесь у скале выкаваны, дык адразу вакол яго ўглыб строма высечаныя і вычасаныя сходы ідуць, так што і бяспечна і легка можна на кані на дол з’ехаць; бо хоць тыя сходы, як я казаў, і стромыя, аднак жа зручныя і на чатыры локці шырокія, дый добра відаць там, бо ў бок калодзежа вокны высечаныя, і сам ён, бо гэткі шырокі, таксама святла ў дастатку дадае тым, хто на дол сыходзіць або з’язджае. Вось жа і валы да паловы таго калодзежа сыходзяць і вёдрамі, на вяроўкі навязанымі, ваду выцягваюць. А сам калодзеж, з якога цягнуць, не чатырохкутны, як вышэй, а круглы, упоперак ад краю да краю дзесяць локцяў. Тую ваду, з таго ніжняга калодзежа выцягнутую, у купальню, што пры боку той самай скалы, вялікім коштам і накладам на пятнаццаць локцяў удоўжкі і ўшыркі выкаваную, выліваюць; адтуль ужо праз верх чатырохкутнага калодзежа, за сто пяцьдзесят локцяў, валы, што на самым версе стаяць, цягнуць і ў каналы каменныя выліваюць, якімі вада гэтая ў горні замак, дзе жыве паша, калі ёсць патрэба, цячэ вельмі легка. Валоў на тую працу праз увесь час сорак пар трымаюць, і яны ўдзень і ўначы папераменна цягнуць: дваццаць пар на дол зводзяць, дзе кожная пара чатыры гадзіны працуе; іншыя ж дваццаць наверсе стаяць і тым самым парадкам


Турэцкае глупства.


выцягваюць. Не кожнаму дазволена бачыць той калодзеж, бо туркі тут нейкае свае чарадзейскае набажэнства маюць і баяцца, каб яго хрысціяне адным позіркам сваім не сурочылі, гэтак і каня, якога вельмі любяць, калі трэба яго хрысціяніну паказаць, спярша там немаведама чым абціраюць, думаючы, што гэта можа адагнаць урок. Я ж быў даў падарунак пастаўленаму над гэтым калодзежам, таму і меў дазвол і дайшоў да паловы гэтага дзіва, дзе валы цягаюць і выліваюць ваду ў купальню.


Пасля, сеўшы ў лодку, ехалі мы праз галоўны вал, дзе паша расчыняў грэблю, што ў старым месце, як ужо гаварылася. Ёсць там на беразе з левага боку вялікая круглая вежа з квадратнага каменю, не вельмі высокая, але тоўстая, у якой кола выцягвае ваду вёдрамі наверх, а там яе ў каналы, таксама з квадратнага каменю вычасаныя, ліе; каналы гатыя ідуць на паўмілі і ваду да ніжняга замка вядуць, як з таго Язэпавага калодзежа да горняга, дзе жыве паша. Адтуль па Ніле (маючы вецер добры) праплылі мы чатыры мілі вялікія і каля дваццаць другой гадзіны


Мамымыр.


прыбылі ў адну вёску вельмі людную, называную Мамымыр, а меў я з сабою чатырох янычараў. Як мне тут давялося заначаваць, наняў я двух арабаў знаёмых, каб яны ўсю ноч вартавалі, і, выйшаўшы, пахадзілі мы крыху па вёсцы, а пасля павячэралі на барцы; дзеля бяспекі і паводле звычаю на ваду яе за дваццаць сажняў пусціўшы, выкінуўшы катвігі і на беразе арабаў варту пакінуўшы. Калі ж мы пасля заснулі, абудзілі нас бубны і сурмы турэцкія, каля трэцяй гадзіны ўначы,


Дзіўны звычай.


пасля чаго амаль сто егіпцянаў з літымі свечкамі і дзідамі (якія на вайне звыклі ўжываць) ішло да нас. Янычары не ведалі, што гэта значыла, а таму кінуліся мы да зброі (а было ў нас дзевяць мушкетаў ды карацейшых рушніц дастатак), якую, калі мы па вёсцы прахаджаліся, бачылі ў нас егіпцяне і з таго пра гатовасць нашую здагадваліся; і праўда, праз тую варту нашую, на беразе пакінутую, паведамілі і прасілі нас, каб не стралялі ў іх, бо яны як прыяцелі да берага прыйшлі, каб нас сваім ігрышчам забавіць. Бо адзін з іх жэніцца, дзеля чаго паводле звычаю хуткасць і спрыт свой паказаць мусіць у скоках і танцах. Мы, тое пачуўшы,


Што там за справы ў тых людзей.


дазволілі, каб яны бліжэй да берага падышлі. Пачаў тады той пан малады скакаць у тахт за музыкай, дзіўна ў адзін і ў другі бок згінаючыся, накшталт скамарохаў маскоўскіх, часам таксама пры зямлі (як у нас некаторыя «гайдука») танцуючы. Дапамаглі яму і родзічы ягоныя гэтаксама танчыць, і ўсе гэта трывала амаль паўгадзіны. Паслалі мы ім з дзесятак грошаў, і яны, з удзячнасцю і падзякай узяўшы, пайшлі ў сваю вёску, дзе скакалі ўсю ноч, жонку, аднак, пану маладому не давалі аж да світання. Такі ж бо ў іх звычай, што чым спрытней скача, тым хутчэй


Дзяўчаты егіпецкія.


жонку бярэ, чаго яны надта пільна прытрымліваюцца. Дзяўчаты ў іх у вёсцы ва ўсім Егіпце да дзесяці гадоў голыя ходзяць; пасля тых гадоў кашулі паркалёвыя носяць, твар такім самым паркалём закрыўшы, а ў ім дзіркі вачам зрабіўшы, але паркаль гэты легка вецер адхінае, таму і ўвесь твар відаць. Тое ж самае робяць і


Жанчыны.


некаторыя жанчыны ў вёсках і з простага люду, а таксама некаторыя ў месце. А да тых дзесяці гадоў голыя ходзячы, ужываюць нейкай каразівы296, цібо водкі, што на скуры па целе выядае і малюе кветкі і розныя ўзоры, пасля ж на іх розныя фарбы напускаюць, якія так моцна да цела прыстаюць, што ўжо ніяк іх пасля змыць немагчыма. Сапраўды дзіўная рэч, бачыць на целе стракатасць такіх розных прыгожых фарбаў.


Калі тыя сваты і танцоры адышлі, спакушаліся на нас разбойнікі тутэйшыя, але варта чуйнавала дый мы стралялі, то й яны моўчкі разбегліся.


На самым світанку, сеўшы на аслоў за Каірам, куды мы іх былі заслалі, ехалі мы добрую мілю да пірамід, што на поўдні, побач з якімі ёсць пячоры падземныя, у скале высечаныя, дзе перад тым або святыні, або розных радоў пахаванні былі; цяпер усе пяскамі засыпанае, якія, аднак, адгарнуўшы, людзі на вяроўках у тыя лёхі спускаюцца. А так і мы за прыкладам іншых і звычаем, каля адной піраміды вышэйшай спусціліся праз дзіру ўглыб на дзесятак локцяў, дзе ў скале знайшлі мы вельмі шмат іншых лёхаў, уздоўж далёка высечаных, дзе трупы чалавечыя надзіва густа пахаваныя ляжалі, у муміі папрыбіраныя. Сцвярджаюць, што целы былі бальсанам або рознымі іншымі масцямі намазаныя, а што то былі за масці, няхай


Надта дзіўная рэч.


дактары ў навуках лекарскіх дышкуруюць: відаць, што сапраўды было нешта надта асаблівае, бо тыя целы намазаныя тры тысячи гадоў цэлыя ляжаць, найменшай страты або змены ні ў воднай частцы і чэлесах не маючы, яшчэ і да сёння непашкоджаныя трываюць. І ўсе, колькі іх тут ёсць (а ёсць іх вельмі багата, як пабачыў я з арабамі, з якімі туды спусціўся і якія іх прадаваць звыклі), унутры


Стодзівы.


(бо пустыя зусім) стодзівы нейкія маюць, таксама і вакол панастаўляныя. Стодзівы тыя з сіняй гліны або з брунатнай, даўжынёю на палец, некаторыя і меншыя, гэтак зробленыя, як дзяцей малых спавіваюць, егіпецкімі іерогліфамі папісаныя. А як тыя стодзівы, гэтак і целы прасцірадламі накрытыя; якія дзеля даўнасці такія збуцвелыя, што здаюцца нібы папера спаленая чорная, якая легка і хутка рассыпаецца. Кожны чалавек асобна ляжыць, палатном спавіты. Труны або


Труны.


каменныя, або драўляныя, у якіх, відаць, заможнейшых людзей хавалі (бо простыя людзі ляжаць раскіданыя абыяк); і яны гэтаксама ўчыненыя, нейкія


Стодзівы, слушна.


стодзівы пакладзеныя і целы спавітыя. Ёсць там і іншыя стодзівы вышэйшыя, некаторыя з іх на локаць вакол трупаў стаяць, каменныя або драўляныя, розныя; адны накшталт чалавека, другія як птушкі, кракадзілы або змеі, ды д’яблы гэткага аблічча, як іх у нас малююць. Целы, што ў трунах ляжаць, усе маюць на тварах


Маскі на памерлых.


маскі маляваныя або залачоныя; відаць, хацелі гэтак паказаць, што то быў за чалавек і постаць ягоную, вымалёўваючы. На палатне (у якое спавітыя) паўсюль з кольцаў малых шкляных колераў разнастайных зробленыя нібы нейкія брамы і паясы. Тады ідуць паясы з перлінак (не сапраўдных, але надта падобных), якімі тыя брамаваныя прасцірадлы зверху аперазаныя. Паміж трупамі мужчынскімі і жаночымі розницы ніякай няма, з чаго відаць, што мужчыны бародаў не насілі, целы, аднак, у іх большыя і таўсцейшыя, і маску іншую маюць, чым жанчыны, і акрыццё галавы таксама інакшае. Тут у гэтых лёхах і пячорах такое мноства тых трупаў, што калі б хто хацеў усе агледзець, мусіў бы ракам лезці, чаго мала хто вытрываць можа. З гэткіх вось целаў (як перад тым гаварылася) робяць муміі, якія


Адкуль муміі.


зеллі і масці так спеклі, што свецяцца, як смала зацвярдзеўшы, асабліва ж мозг і плечы таўсцейшыя. Бо грудзі, рукі, ногі, шмат мяса не маючы, да гэтага не надаюцца. Смурод з тых трупаў не такі ўжо прыкры, каб быў нясцерпны, аднак жа востры дзеля масцяў; з паху ж распазнаць можна, што шмат міры да тых масцяў было дададзена, бо паўсюль па тых лёхах і пячорах моцны яе пах ідзе. Косці тых целаў цэлыя і надта белыя, бо тыя масці пахучыя і ад счарнення іх бароняць. Тады ж купіў я ў арабаў два целы, мужчыны і жанчыны, за два цэкіны; што з імі сталася, калі мы з Александрыі плылі, пра тое ніжэй.


Невукаў размовы пра муміі.


Тое, што я сам бачыў, хацеў я пра муміі напісаць, асабліва ж таму, што шмат хто іншы іначай тое падае. Бо яны гэтак сцвярджаюць, што муміяў з тых целаў вырабляюць, якія ў тых краінах пяскі праз які выпадак засыпаюць.


Аднак мумія не праз выпадак нейкі ўзнікае, а з целаў, ад дзён і часоў даўно забытых, масцямі нацёртых і ўнутры з імі амаль перамяшаных, як вышэй гаварылася. То ж гэта і байка, нібы пяскі мелі каго засыпаць і задушыць, хіба што калі б нехта сам таго захацеў, што і ў нас стацца б магло. Бо хоць праз тыя пяскі (якія нашы морам Пясчаным завуць), калі вецер вялікі, ехаць або ісці ніхто не можа, абавязкова спыніцца трэба, пакуль вецер не сціхне, але бо нікога, хто б стаяў, тыя пяскі не засыпаюць, за выняткам выпадку, калі хто памрэ і не пахаваны ляжаць застанецца, што ў тых краях часта бывае. І тое цела ягонае акрутны сонечны агонь так у пяску запякае, што чарнейшае бывае за вугаль, аднак жа з яго муміяў не робяць і нінавошта яно непрыдатнае. Вось жа, хто хоча там ехаць, мусіць чакаць, пакуль вецер не сціхне, бо і дарогі пагоркамі пясчанымі занесеныя, і вачам шкода вялікая, і ўсе прыкметы дарогі загубленыя; не відаць бо там ані дрэўца, ані скалы, дзён колькі праз пяскі ехаць трэба. Да таго ж і вярблюд ніводзін тых цяжкасцяў знесці не можа, таму і чакаць звыклі, і, аднак, нікога пяскі не засыпаюць.


Калі мы ў тыя лёхі падземныя з Янам Эмам венецыянцам спускаліся, дзе за праваднікоў мы былі арабаў нанялі, папераджалі нас, каб мы з сабою калі не шпагі, дык хоць бы штылеты ўзялі; бо часта здараецца, што там хрысціянаў забіваюць, дык каб мы мелі на ўсялякі прыпадак зброю пры сабе. Ды каб мы таксама не ўсе адразу спускаліся, а некаторых з зброяй наверсе вартаваць пакінулі.


Разбойнікі ля пячораў.


Апавядалі арабы, што некалі егіпцяне або арабы-разбойнікі, напаўшы, там тых хрысціянаў, што спусціліся да трупаў, зямлёю, каменнем і пяском закідалі, а рэчы іхнія, якія яны былі наверсе пакінулі (бо туды дзеля пылу і паветра замкнутага і душнасці толькі ў кашулі і ў адмысловым адзенні палатняным звыклі спускацца), пазабіралі. Калі мы да лёхаў тых падыходзілі, прыскакаў адзін араб конны, пра якога янычары падумалі, што шпег, ён жа, убачыўшы ў нас розную зброю і рушніцы, адразу ад’ехаў. Выйшаўшы пасля напаверх, вярталіся мы праз тыя мясціны, дзе быў Мемфіс, то ж ад места гэтага, апроч пірамідаў, зусім ніякіх знакаў не засталося, як я ўжо гаварыў. Праехалі мы таксама колькі вёсак, дзе праз расчыненыя грэблі Ніл вялікім напорам працякаў і палі, што над Каірам, вадою жывіў. Крыху за полудзень прыехалі мы да баркі і, адаслаўшы аслоў у Каір,


Каір стары які.


прыплылі па рацэ за тры гадзіны ў стары Каір297, да руінаў якога, ссеўшы, прыглядаліся; відаць, нямала было тут палацаў, некаторыя з іх (і шмат) яшчэ стаяць, вялікім коштам некалі змураваныя. Былі мы таксама ў дзвюх цэрквах


Манашкі халдэйскія.


хрысціянскіх, якія там ёсць: адна Найсвяцейшае Дзевы, дзе манашкі халдэйскія жывуць, што аднолькавую з абісінцамі веру маюць298, другая Святога Юр’і, якую таксама тыя манашкі трымаюць. При ей ёсць вялікая капліца, належыць католікам, вышэй гаварылася пра яе. Пасля на заходзе сонца вярнуліся мы ў новы Каір.


Паша як судзіць.


Трэці раз быў я ў замку, калі паша суды спраўляў. Меў побач дваццаць санджакаў і амаль дзвесце чаўшаў. Зала вельмі прасторная, там і з усялякага народу людзей.багата было. Чуга на ім была з атласу цельнага колеру, з залатымі спражкамі, хлопец вялікім махалам павяваў над ім ад спёкі. Стаяла гэбраяў (што перад ім свае скаргі мелі) вельмі шмат. У дольніх сенях было шэсцьсот янычараў, а таксама колькідзесят стравусаў хатніх утаймаваных хадзіла, між імі два незвычайна вялікія, так што нават і тыя, якім тых птушак бачыць не навіна, вельмі дзівіліся. Такі ёсць звычай, што паша, перш чым у сенат едзе або на суды засядзе, машэю наведвае; гэтак і той быў таго самага дня ў машэі, якую паша


Чытай гэта ўсё.


Саліман збудаваў, як пра яе пісалася. Калі вяртаўся з машэі, перанялі яго родзічы аднаго забітага, скардзячыся на забойцаў і кажучы, што дваццацёра іх, упіўшыся (хоць ён не быў вінаваты), чалавека няслушна забілі. На што паша адказаў: закон вучыць, каб таго, хто, упіўшыся, чалавека заб’е, кіем толькі каралі, бо ж не ён, але піццё, што розуму не мае, усе тое справіла і чалавека забіла. А як іх тут дваццаць


Слушны дэкрэт.


было, а яшчэ і п’яных, і яны толькі аднаго забілі, і невядома, на каго з іх віну скласці; то несправядліва было б дзеля аднаго забітага ўсіх кіем біць. І гэтак ён ужыў закон. Бо ж у целе забітага раны ніякае няма, толькі сінія месцы збіцця паказваюць, з чаго вынікае, што не іх воля злая забіла, а хутчэй п’янства і трунак, дый да таго дваццаць п’яных; дык і няслушна скаргу чыняць, бо невялікая бяда дваццаці забіць аднаго, а праз аднаго дваццаць п’яных пакараць і цяжка і


Немалая справядлівасць.


несправядліва. І так адышлі з гэтым дэкрэтам. Аднак жа траіх там або чацвярых, за якімі віну прызналі, янычары добра кіямі адлупцавалі. Адыходзячы з замка, бачыў я, як у большым дворышчы з левага боку збіраўся караван у Мекку, бо дзеля празмернае гарачыні звычайна толькі ў кастрычніку ад’язджаў. Казалі, што мелася быць больш за дванаццаць тысяч людзей, бо ўсіх у рэгістр пашы запісваюць, хто туды ехаць збіраецца.


Раніцаю, выслухаўшы Святую імшу і Найсвяцейшае таемства прыняўшы, выправіліся мы з Каіра а пятнаццатай гадзіне ў джэрме па рацэ Ніле. Надыходзіў


Пост турэцкі.


вялікі пост турэцкі299, які яны чыніць звыклі, пабачыўшы вераснёўскі маладзік, і посцяць, пакуль новы месяц у кастрычніку не пабачаць. За восем дзён перад маім ад’ездам пачыналі яны ўжо свае цырымоніі, якія звычайна таму пасту папярэднічаюць. А так вежы большых машэяў з усіх бакоў аж да самага верху былі


І тое таксама набажэнства.


свяцільнямі абвешаныя, якія пасля заходу сонца запаляліся і гэтак усю ноч гарэлі; і там сапраўды, бо гэтак вялікае мноства машэяў ў Каіры, было на што паглядзець. Увесь той дзень і ноч ехалі мы з такой асцярожнасцю, дзеля нырцоў і разбойнікаў, як і тады, калі плылі ў Каір.


Назаўтра супраціўны і непагодны быў вецер. Паказвалі нам кракадзіла, які праз


Кракадзіл.


Ніл пераплываў, але далёка, таму не маглі мы яго добра ўгледзець: часам, аднак, хрыбет ягоны было відаць, калі ён пялёхаўся, як дэльфін на моры. Відаць, што быў не вялікі, на мерны сажань. Няма іх тут асабліва шмат дзеля частых вёсак і люднага Каіра, але вышэй Каіра над Саіт вельмі багата іх і немалых, ёсць і на тры сажні. Я бачыў аднаго (хоць і нежывога) на дзесяць локцяў. Увечары прыплылі мы ў места Фуа, якое ляжыць над Нілам, не вельмі вялікае, але прыгожае. Была і там у машэі вежа дзеля цырымоніі посту турэіцкага адусюль свяцільнямі турэцкімі абвешаная і аздобленая. Гэтае месца з пладоў найлепшыя мае яблыкі гранаты, якія тут такія вялікія, што нідзе большых не знайсці, і родзяць з дастаткам. У тую ноч праплылі мы тры мілі, а пасля ўвайшлі ў канал або ў капаны роў нільскі, які вядзе аж да Александрыі, і лічаць яго восьмым рукавом, або пахаю нільскай.


Цэлы той дзень плылі мы паміж вёсак па тым канале, які прыблізна трыццаць локцяў ўшыркі мае, глыбокі паводле патрэбы большых джэрмаў, але высыхае да


Александрыя вады не мае.


дна і вады не мае, калі Ніл не паднімаецца. Калі ж гэтая рака паднімаецца, да Александрыі ідзе праз яе вада і ўсе іх начынні напаўняе, бо там прэснае вады няма, нават з калодзежаў не дастаць, таму і гэты канал учынены. Александрыя бо ніжэй ляжыць і дзеля блізкасці мора добрай вады мець не можа, калі ж вада тая прыходзіць, з пільнасцю захоўваюць яе цэлы год, аж да другога разводдзя нільскага. Гэткіх начынняў або купальняў, і мястовых і ўласных, ёсць там вельмі шмат, і калі так здараецца, што вады ў іх не стане, шмат жыхароў з Александрыі прэч з’язджае, бо і мусяць ехаць, так патрэбнай рэчы не маючы.


Калі быў аднаго часу Ібрагім-паша (або ўладар Егіпта) болей чым трыццаццю галерамі ў Александрыю прыехаў, столькі вады быў змарнаваў, што хоць і долей меўся жыць, аднак шэсць дзён толькі прабавіўшы, у Расэт рушыць, а адтуль праз Ніл у Каір ехаць мусіў. Расэт ляжыць ад Каіра за восем міляў, там апошняе нільскае рукаво з боку Барбарыі цячэ і ў мора ўпадае, праз якое наладаваныя


Расэт.


караблі да Расэта зручна ходзяць, вялікія ж судзіны праз той канал да Александрыі праплыць не могуць. Але ж сем рукавоў нільскіх джэрмы вялікія досыць добра прапускаюць, асабліва ж два — адзін да Даміяты, другі да Расэта, дзе і караблі ходзяць, бо шырока і глыбока. З Расэта да Александрыі морам налічваюць амаль дзесяць міляў. А як таго дня вераснёўскі маладзік меўся туркам


Пост турэцкі які.


паказацца, янычары, якіх мы з сабою трох мелі, ды арабаў паезднікаў або маракоў дваццацёра, цэлы дзень не еўшы, прасілі нас: як самі яны ўбачыць не маглі, дык каб мы, як толькі заўважым, адразу ім паведамілі. То і сапраўды неўзабаве далі мы ім знак, за што яны нам з радасцю дзякавалі. А ўбачыўшы яго, пагляды да яго звярнулі і, рукі распасцершы, малітвы свае спраўлялі. Адразу ж пасля таго мяса,


Дзіўны артыкул веры.


рыбу, і ўсе, што мы ім далі, елі і так ноч навылет сядзелі аж да світання, сцвярджаючы, што ўдзень есці грэх, але ўночы можна. Ведалі мы пра тое, што ў Александрыі багацейшыя і мажнейшыя людзі аж да паўдня спяць, а пасля ў машэю на пацеры ідуць; у той самы час адразу з вежы на самым версе харугву (у Александрыі бывае яна з брунатнай кітайкі) вывешваюць, ледзьве на чвэрць гадзіны, якую пасля малітваў тых адразу хаваюць. І так па дамах сваіх усе ідуць, дзе, як сонца зойдзе, есці садзяцца. Апавядалі нам хрысціяне нашыя (што ў Каіры жывуць), нібы калі есці гадзіна набліжаецца (незадоўга перад заходам сонца), тыя, хто да гэтае справы пастаўлены, з бубнамі па месту бегаюць ды крычаць, што ўжо можна есці, піць і гэтак далей што рабіць. Але я гэткага крычання з бубнам у Александрыі не чуў.


Праехаўшы пасля каля чатырох міляў нашых паміж руінамі надта вялікіх і аздобных палацаў, а таксама паміж пальмамі, што абапал ракі стаялі, ужо калі ўзыходзіла сонца, прыбылі мы да брамы места Александрыйскага, якую яшчэ да


Ракаста.


часоў Аляксандра Вялікага называлі Ракаста, ад места яна за чвэрць мілі, дзе з канала на бераг высядаюць. Адразу паведаміў я пра мой прыезд тым, з кім быў у Каіры пазнаёміўся, а калі яны прыйшлі, селі мы на аслоў і паехалі ў места.


Калона Пампеева.


Недалёка ад мястовае брамы стаіць Пампеева калона300, вельмі пригожая і вартая подзіву. Падмурак, які яе трымае, вышынёю шаснаццаць локцяў, чатырохкантовы, а кожны бок ягоны ўшыркі дзевяць локцяў. Сама ж калона круглая, з камення высечаная, вышынёю шэсцьдзесят локцяў і на чатыры сажні шырынёю. Наверсе таксама шар з чатырохкутнай плітою, дзесяць локцяў мае. Уся калона, як яна ёсць, ад зямлі да верху восемдзесят шэсць локцяў. Мармур папялісты, але ў самой калоне нібы шэра-чырвоны, так што здаецца, нібыта падмурак з аднаго, а калона з другога гатунку вырабленая. Сапраўды дзіўна, як такое неверагодна цяжкае каменне на такую вышыню падняць, а пасля паставіць можна. Спосаб той, якім Юлій Цэзар гэта справіў, а таксама, чаму калона тая Пампеевай завецца, апісалі гісторыкі.


У самой браме туркі глядзелі, ці мы з сабою якіх тавараў не маем, але як гэбрай (якога там консул венецкі трымаў) быў з намі, дык і сказаў ім, што нашыя рэчы за намі на аслах вязуць, і застаўся там з маімі слугамі, каб заплаціць мыта. Бо ў Александрыі не толькі за тавары, але і за найменшую рэч, а нават і за самі грошы


Глядзі.


трэба плаціць мыта. Пасля паехаў я ў венецкую карвасэрыю і там застаўся. Па абедзе пайшоў я агледзець порт з Еранімам Віталісам, гандляром венецкім, які меў знаёмства з турэцкім капітанам (незадоўга перада мною з Рода сюды ў Александрыю з дзесяццю галерамі быў прыплыў), а таму хацеў з ім пабачыцца.


Галеры турэцкія.


Дык я яго прасіў, каб мяне з сабою ўзяў, бо хацеў я галеру таго капітана (які першы быў пасля Ахіялі), жаўнерамі і зброяй заспасобленую, пабачыць, на яе ж бо нікому нельга заходзіць, адно толькі гандляру або таму, хто за гандляра сябе выдае. І так, сеўшы ў барку, прыплылі мы да галеры, але капітана там не заспелі, бо ад’ехаў быў у места, давялося нам чакаць больш за паўгадзіны. Галера тая надта прыгожая, уся залачоная, аднак жа меншая, чым тыя, што хрысціяне ўжываюць. То ж і ўсе турэцкія меншыя. Нявольнікі ўсе былі хрысціяне, па пяцёра іх да аднаго вясла былі прыкутыя, ад паловы галеры далей — па чатыры. Бачыў я там людзей, ледзь да справы прыдатных, каля сарака, гарматаў шмат было. Тым часам прыехаў капітан і загадаў розных гатункаў сукна з Еўропы яму прывезці, кожнага


Вінаград у гронках.


шэсць паставаў. Пасля казаў нам даць радыйскага вінаграду ў гронках, якія былі гэтак вялікія, што да трох локцяў даходзілі, ягады на іх былі, як у нас слівы. Развітаўшыся з капітанам, вярнуліся мы на бераг, а пасля ўжо адвячоркам у места.


Сярод вартых здзіўлення рэчаў, якія дагэтуль мае Александрыя, ёсць прасторны вельмі і вялікі пляц перад морскім портам, пра які гісторыкі пішуць, што рука


Фар.


чалавечая яго стварыла і насыпала (раней яго называлі выспа Фар301), на гэтым я затрымлівацца не буду. Відаць сапраўды тут і працу чалавечую, і кошт вялікі, і ўмельства рамесніка. Тут (бо ў месце, як ніжэй гаварылася, паветра нездаровае) ахвотней людзі будуюцца і жывуць, нават і санджак тут жыве, таму і места бязлюдзее, і чым далей, тым болей руйнуецца, бо здаравей і бяспечней па прадмесцях жыць.


Слугаў Асана-пашы смерцю пакаралі.


Прычына, дзеля якой тыя галеры ў Александрыю прыплылі, была тая, што трох ураднікаў Асан-пашы (які перад тым у Каіры быў уладаром), а менавіта канцлера, пісара і сакратара з Канстантынопаля на Род, адтуль у Александрыю, а далей праз Ніл у Каір везлі, каб іх там смерцю пакараць, бо былі яны прычыніліся да таго, што Асан-паша падданых сваіх сквапна рабаваў і абдзіраў. Як гэта дзеелася, каротка нагадаю. Той Асан-паша, еўнух або лягчанец, калі ў Каіры доўга быў


Дзівосная гісторыя пра хціўца і пра канец ягоны.


уладаром, вельмі гандляроў абдзіраў і нішчых, знакі чаго і дагэтуль застаюцца, бо ні з Індыі, ні з Меккі сюды і да сёння тавараў не прывозяць. Каб яму з месца гэтак зыскоўнага і для збірання грошай зручнага не загадалі з’ехаць і ўрад свой аддаць, пасылаў ён патаемна дары надзіва вялікія маці і жонцы імператара Амурата302; тыя


Хітрасць.


ж, хто праз яго і сквапнасць ягоную руйнаваўся і гінуў, дзеля далёкасці дарогі і цяжкага да вушэй гаспадарскіх доступу (пра што Асан-паша пільна клапаціўся), не маглі ні скардзіцца, ні справядлівасці дамагацца. Той самы паша, даведаўшыся пра гэнага мурына, які вакол бальсану хадзіў і ўсяляк аб ім стараўся (як вышэй апавядалася), што ён немалыя скарбы мае, без усялякае прычыны ў вязніцу яго кінуў, а каб той пра грошы свае сказаў, загадаў яго катаваць, ды так моцна, што неўзабаве памёр, а пасля смерці ягонай бальсан, дагляду добрага і ўмелага не маючы, загінуў.


Быў таксама і другі мурын, гандляр вельмі багаты, якога я і сам бачыў. Таго,


Багаты гандляр.


прыпісаўшы яму нейкую правіну, таксама ў вежу кінуў і так акрутна змучыў, што той таварамі сваімі, якія два разы па сто тысяч у золаце ацаняліся, мусіў, аддаўшы яму, жыццё свае адкупіць. Мала падобным да праўды здаецца, каб такі нікчэмны чалавек, што толькі ў турбане і ў кашулі паркалёвай, босы, без чаравікаў ходзіць, мог такія вялікія гроши даць і адзін гэткую вялікую віну заплаціць, але хто пабачыць ягоны палац у Каіры (я і сам яго бачыў і пераканаўся, што быў еy, пэўна, гэткі ж каштоўны, як і той першы, які я таксама бачыў і пісаў пра яго), ніякага сумнення мець не будзе, калі і ўсе навокал сцвярджаюць, што гэтак шмат пашы заплаціў. І так ён, часта і шмат перед кім на няшчасце свае скардзячыся, натрапіў


Добрая рада.


на аднаго добрага і мудрага чалавека, які параіў яму ў Канстантынопаль паехаць і там перад імператарам гэткую вялікую і важкую крыўду сваю выкласці. Але гандляра далёкая дарога і яе небяспечнасць страшылі, нарэшце, аднак, сказаў: «У Канстантынопаль ехаць я волі не маю, але не шкада мне і ўсю маёмасць сваю страціць, калі б толькі дамогся я таго, каб імператар Асан-пашу загадаў пакараць смерцю». На што прыяцель той кажа: "Дай мне грошай паводле патрэбы, а я табе ўсе тое, што жадаеш, легка і хутка спраўлю. То ж апавядаюць, што паслаў праз яго


Глядзі ж, якія багацці без вёсак і замкаў.


ў Канстантынопаль семдзесят тысяч цэкінаў, дзе за іх кляйноты імператару накупил. Візір-пашы таксама дваццаць тысяч падараваў і, лёгкі сабе доступ да яго забяспечыўшы, пераказаў, што імператару кляйноты вялікія мае, ды, апроч таго, пакажа яму, як вялікія скарбы, калі захоча, легка да яго прыйсці могуць. Загадаў тады імператар да сябе яго паклікаць, і ён, прыйшоўшы, ахвяраваў яму камяні дарагія, а сярод іх дыямент за васемнаццаць тысячаў шкудаў303, які я бачыў у Венецыі года Гасподняга 1580 у гандляра, які праз год яго ў Канстантынопаль быў паслаў, і казалі, ште імператару быў куплены. Тады ж адразу склаў чалавек той


Скарга на Асан-пашу.


скаргу на Асан-пашу, апавядаючы, як ужо даўно гандляроў багацейшых той абдзірае, з чаго незлічоныя скарбы сабраў; і прасіў імператара, каб той урэшце над крыўдамі і нягодамі падданых сваіх злітаваўся, гэтага хціўца пакараў, а гроши і золата ягонае ў свой скарб забраў. Спадабалася гэта імператару, і загадаў ён


Дэкрэт.


Ібрагім-пашы, каб той у Каір выпраўляўся, дачку яму ў жонкі паабяцаўшы. А да таго ліст Асану паслаў, загадаўшы, каб той яму, як толькі Ібрагім-паша туды


Жорсткасць.


прыедзе, галаву сваю прыслаў. Такія лісты імператар сваей уласнаю рукою звычайна пісаў, і высылалі іх, у кітайку або атлас чорны загарнуўшы. І так Ібрагім-паша, загад імператарскі выконваючы, адразу выправіўся ў дарогу. Аднак маці і


Жанчыны пярэчаць і несправядлівасць бароняць.


жонка імператарава, даведаўшыся, з якой прычыны Ібрагім едзе, і бачачы, што Асану смяротная небяспека пагражае, як найхутчэй паведамілі яму праз пошту аба ўсім і намаўлялі, каб ён, Ібрагіма не чакаючы, без адкладу, скарбы з сабою забраўшы, ехаў у Александрыю, а адтуль у Канстантынопаль прыбыў; паабяцалі яны пры тым старацца, каб імператара да літасці схіліць. І так, перш чым Ібрагім з трыццаццю шасцю галерамі прыплыў у Александрыю, Асан, папярэджаны, пачаў


Асан уцёк.


з дзвюма тысячамі збірацца ў дарогу, пра што калі Ібрагіму з Каіра паведамілі, пісаў яму, каб заставаўся на месцы, бо мае з ім пра рэчы важныя і справы імператарскія пагаварыць. Але Асан быў ужо ў дарозе, і так прыбыў Ібрагім у Каір (бо раней не мог) толькі на чацвёрты дзень пасля ягонага ад’езду; напісаў, аднак, з Александрыі імператару, што Асан з’ехаў і ў Каіры яго няма.


Які скарб.


Маці з жонкаю імператаравай усяляк яго благалі, і казалі, што ўжо былі дамовіліся на тым, каб Асан свае скарбы, што на паўтара мільёна ацэньваліся, імператару аддаў, а сам на ласку і міласэрнасць яго паклаўся. Неўзабаве пасля таго


Асана задушылі.


пасадзілі яго ў замак і патаемна задушылі, каб з тых багаццяў не карыстаўся, якія сквапна і з нягодаў людских сабраў. А слугаў тых яго памянёных у Каір прывезці загадалі, каб там народ, на пакаранне іх справядлівае гледзячы, хоць нейкую ўцеху за крыўды свае атрымаў.


Бачыў я ў месце слуп высокі чатырохкантовы304, зверху спічасты, з чырвонага каменю парфіру, літары іерагліфічныя (пра якія вышэй гаварылася) паўсюль на


Цудоўны слуп парфіравы.


ім выбітыя. Слуп той вельмі прыгожы, і хоць спод ягоны ўрос у зямлю, аднак увышыню мае ён яшчэ амаль сорак локцяў, ушыркі кожны бок ад споду шэсць або крыху болей локцяў мае. Недалёка ад яго, у бок мора, ёсць яшчэ знакі пад зямлёю нейкага прыгожага, вялікім коштам некалі з мармуру збудаванага палаца, сцены


Палац каштоўны.


бо плітамі мармуровымі абкладзеныя стаяць на мармуровых калонах. Быў і другі наверсе палац, але ўжо абваліўся ўвесь; а той падземны хоць і поўны абваленых


Якая там была сваволя чалавечая.


рэшткаў, аднак яшчэ добра відаць у ім пышнасць пабудовы. Пад самым мястовым мурам і пад адной яго круглаю вежай ёсць таксама прыгожыя мармуровыя памяшканні, пад якімі і іншыя прасторныя і цудоўныя збудаванні відны; там, як


Клеапатра.


апавядаюць некаторыя, жыла Клеапатра, якая сама прычынаю сваей смерці была.


Быў я таксама і на дзвюх горах высокіх, што ў самім месце. На адной стаіць вежа


Горы Александрыйскія.


для варты цэладзённае, не вельмі высокая, з якой столькі харугваў меншых варта вывешвае, колькі караблёў у порт уваходзіць. Другая гара вышэйшая з боку Расэта, з якой усе места добра відаць, разлягаецца яна аж да муроў мястовых, а пад ею вялікіх і прыгожых палацаў руіны ляжаць, дзе цяпер цудоўнага мармуру багата знайсці можна. Таго дня, а пасля часцей, на доўгай і вялікай вуліцы мястовай бачыў я вязніцу, у якой Св. Катарына сядзела305. Гэта склеп невялікі і нізкі, недалёка ад якога стаяць два слупы высокія і велізарныя, з чырвонага мармуру


Вязенне Св. Катарыны.


цэлага высечаныя, паміж якімі блаславёная Святая Катарына пакутніцкі вянок атрымала.


Пасярэдзіне той самай вуліцы вялікай ляжыць камень чатырохкантовы, на якім


Дзе Св. Марку галаву сцялі.


Св. Марку Евангелісту306, біскупу тутэйшаму александрыйскаму, галаву сцялі. Месца тое маюць у вялікай пашане самі туркі, каб хто, праходзячы, якой шкоды яму не


Глядзі.


ўчыніў; шырокім каменем яго зверху накрываюць, адмыслова на тое высечаным.


Наведаў я царкву Св. Марка, недалёка яна ад таго чатырохкантовага слупа, вышэй апісанага, малая і цемная, халдэі яе даглядаюць. Як ісці да вялікага алтара, з правага боку ёсць цесны склепік пад адным алтаром, дзе доўга цела Святое пасля


Як венеты здабылі цела Св. Марка.


пакутаў ляжала, пакуль яго венеты, хітра і патаемна (пра што халдэі з немалым сорамам і жалем згадваюць) узяўшы, у Венецыю завезлі з вялікаю пачцівасцю, пра што апавядае гісторыя.


Александрыя якое места.


Санджак александрыйскі вярнуўся з Каіра, куды яго быў Ібрагім-паша паклікаў. Меў з сабою конных дваццацёра, гэтулькі ж пешых янычараў. Іншымі днямі аглядалі мы места, якое, бясспрэчна, вельмі прыгожае і надзіва цудоўнымі палацамі (яшчэ руіны ляжаць, іншыя ж пад зямлёю) некалі аздобленае было. Наколькі можна меркаваць, ледзьве пятую частку яго людзі засяляюць. Ёсць тут таксама лазня прасторная і прыгожая, якую Саліман імператар коштам вялікім збудаваў, часам і мы ў ей мыліся. Легка пагодзіцца кожны, пабачыўшы падземныя


Места адно над адным; якія там людзі былі.


палацы, што там у зямлі здаўна другое было места збудаванае, дзе людзі ўлетку дзеля гарачыні жылі, а ўзімку ў верхняя палацы перабіраліся. З мноства тых падземных гмахаў парабілі цяпер калодзежы або цыстэрны, у якіх нільскую ваду, па каналах у места прыведзеную, захоўваюць. А цыстэрны тыя адны мястовыя, другія ж прыватныя, для перахавання вады да наступнага года, як ужо гаварылася; калі ж яе не хапае, тады за дзевяць міляў праз мора возяць з Расэта.


Паветра ў Александрыі нездаровае.


Паветра ў Александрыі ад траўня аж да першых восеньскіх дажджоў (бо яны тут бываюць, і пры мне дваццаць сёмага верасня невялікі ішоў) нездаровае і амаль пошаснае; а таму багацейшыя мяшчане і гандляры выязджаюць у тыя дні, некаторыя на прадмесце перабіраюцца ў морскі порт; тыя ж, хто ў месце


Прычына.


застаецца, заўсёды ходзяць з тварам бледным і жоўтым, да хворага надта надобным. Прычыну тае заразы некаторыя прыпісваюць падземным палацам, пустым і вільготным, дзе багата розных гадаў, змеяў і іншых звяроў атрутных плодзіцца; а так вільготнасць тая, са смуродам і атрутаю звяроў розных змяшаўшыся (бо ў Егіпце звяры такія паўсюль плодзяцца), паветра заражае. Некаторыя вінавацяць возера Марэотыс, або Арэпотэн307, што за паўтары мілі ад Александрыі, кажучы, што Ніл смецце і брыдоту ўсялякую з палёў, што па той бок ад Александрыі, а таксама звяроў атрутных шмат у возера тое нясе; адтуль ужо вятры этэзіі (валохі называюць іх каўрус, або маэстра) паветра, гніллём сапсаванае, у места нясуць, пакуль яго дажджы не аджывяць і вятры лепшыя не аздаровяць. Возера таго, або, хутчэй, балота, не прамінулі тыя, хто дзеі Вялікага Аляксандра караля апісаў. Але якая б ні была там прычына, досыць на тым, што паветра тут вельмі дрэннае, уночы асабліва, калі вокны шчыльна зачыняюць ваканіцамі, бо іначай здароўю будзе небяспека, чаго і я колькі разоў дасведчыў. Бо як толькі хто ўночы з заезду выходзіў, адразу боль у галаве надзіва моцны і млявасць ва ўсім целе адчуваў. Вось жа людзі тутэйшыя ўначы хустамі нейкімі шчыльна накрываюцца (найболей галаву) і загортваюцца.


Можна і пра гэта тут напісаць, з чаго слепату паганскую пабачыць кожны можа.


Прагностык турэцкі.


Маюць гэткае прадказанне туркі (бо чарнакніжніцтвам і чарамі шмат прабаўляюцца), што Святую зямлю хрысціяне маюць у пятніцу ў іх адваяваць, калі тыя будуць у машэях сваіх на набажэнстве. Вось жа ў Дамашку (адкуль Палесціна пачынаецца) у пятніцу вялікая варта на ноч выстаўляецца, і на гадзіну раней, чым у іншыя дні, зачыняецца места; таксама і ў замак ерусалімскі ніводнага хрысціяніна не пускаюць, а нават і глядзець на яго, хоць і здалёку, не вельмі бяспечна. А як там іх варажбіты таксама пагражаюць, што хрысціяне праз Александрыю на Зямлю Абяцаную пойдуць, дык у стары порт (які Антоні ад новага аддзяліў308, закідаўшы зямлёю, як гаварылася і як гісторыкі пішуць) і найменшых суднаў хрысціянскіх не пускаюць, бо вераць, што праз яго хрысціяне напасці маюць, хоць там водныя камяні і скалы бароняць. Да таго ж, калі ў пятніцу ў машэі свае ідуць (што апоўдні бывае), карвасэрыі хрысціянскія (а іх тут


Гэта ўжо глупства.


дзве венецкія, адна французская, генуэзская, рагузійская і іншых народаў еўрапейскіх) з вуліцы на калодку моцна замыкаюць; маюць на тое і слугаў прызначаных, якія нас кожнае пятніцы на паўгадзіны (бо не долей там яны свае чары спраўляюць) замыкалі. Хрысціяне таксама ў той дзень і гадзіну ў месце не паказваюцца, але ў заезды свае, пакуль іх не замкнулі, спяшаюцца, каб пад якое падозранне не трапіць, з чаго б ім небяспека ўзнікла. То ж і на ноч таксама заезды


Яшчэ большае.


нашыя замыкаюць, відаць, каб паклёпу якога на хрысціянаў хто не чыніў, што яны сходкі свае там ладзяць або здраду якую рыхтуюць. Урэшце, у саміх карвасэрыях заўсёды ёсць свая турэцкая варта, якая пільнуе, каб хрысціяне чаго-кольвек не замыслялі, з чаго падозранне магло ўзнікнуць і паклёп, а за ім і пакаранне, чаму яны былі б радыя дзеля якога хабару. Звычай той у Александрыі ад даўняга часу дзеля большай бяспекі гандляроў заведзены, і пільна яго захоўваюць.


Шмат аўтараў славутых Александрыю як найгалаўнейшы порт усяго ўсходу апісала; я ж дадам толькі тое, што тут з усіх народаў хрысціянскіх дзіўнае мноства людзей і караблёў разнастайных бывае. На той час, калі я там жыў, было


Галеоны вельмі вялікія.


пятнаццаць галеонаў сапраўды незвычайна вялікіх, з якіх адзін змяшчаў паўтары тысячы бочак, другі ж, да яго падобны, вёз сто тысячаў цэкінаў, і злавілі яго дзве


Мальта б’е туркаў.


галеры мальтыйскія недалёка ад Александрыі. Адзін таксама вялікі з ветрам пагодным ад іх уцёк, але гарматамі вельмі падзіраўлены, бо ўдарылі былі чатыры галеры мальтыйскія па тых двух галеонах.


Дарога галеонаў.


Двойчы за лета караван тых галеонаў (якія часам і блізкія караблі збіраюць) з Канстантынопаля ў Александрыю ходзіць, а то галеоны гандляроў канстантынопальскіх, на якіх, што праўда, няшмат тавараў возяць, але грошы з сабою вялікія маюць: за іх рыс, цукар, пшаніцу, дактылі і іншыя тавары, з Меккі і Арабіі шчаслівай навезеныя, з дастаткам вялікім купляюць. Бо хоць


Прычына яе.


Канстантынопаль ва ўрадлівым краі ляжыць, аднак харчовыя тавары ў большай частцы з Егіпта мае. Першы раз тыя галеоны з Канстантынопаля ў сакавіку выходзяць, а ў чэрвені вяртаюцца; другі раз у жніўні едуць, а ў канцы кастрычніка дадому прыбываюць. Дзеля бяспечнае дарогі турэцкіх галер або караблёў дваццаць шэсць вялікіх, з трыма радамі вёслаў, што заўсёды на вялікім моры, звычайна іх праводзяць. Калі я быў у Александрыі, адмірал Ахіялі меўся з тымі


Хто іх праводзіць.


караблямі прыплыць, і чакалі яго, бо тыя галеоны ўжо таксама былі гатовыя выплыць, толькі іх будучыя буры затрымлівалі; аб тым, што яны на моры меліся быць, з нейкіх знакаў даведаліся, пра што і нам паведамілі, як неўзабаве будзе сказана. І так тыя два галеоны (з якіх адзін мальтыйцы захапілі), давяраючы сваей зброі вялікай, паволі з Рода за іншымі, якія Ахіялі праводзіў, выправіліся; каб толькі мелі яны вецер пагодны, маглі б не баяцца мальтыйцаў, калі ж такога ветру няма, галеон хутка мусіць здацца, каб нават і невядома якою гарматаю быў заспасоблены.


За чатыры дні перад маім адтуль ад’ездам триста джэрмаў з пшаніцаю прыплыло, якую ў галеоны, што ў порце стаялі, перанеслі.


Пачцівы прывілей.


Не абміну я і таго, што той порт александрыйскі мае такі прывілей (які сёння яшчэ і сціслей туркі захоўваюць), што і прыязнаму і варожаму караблю спыніцца ў ім і


Гішпанін асцярожны.


адплыць, калі захоча, можна. Гішпанцы309, аднак, таму не давяраюць, і караблі іхнія тут не спыняюцца. Фларэнційскія310 бывалі і часта, але аднойчы не надта ім тое гасцяванне ўдалося. Бо як толькі вырушылі дадому і ўжо дваццаць міляў па самім моры праплылі, турэцкія галеры іх перанялі, захапілі адзін, астатнія ж два або тры ўцяклі. Прычынаю таму было тое, што і фларэнційскія караблі Св. Сцяпана311, набегі чынячы, немалую шкоду туркам спрычынялі; што было і незадоўга перад прыездам маім на Кіпр здарылася, як у сваім месцы вышэй пісалася. А набегі тыя амаль такія самыя, якія нашы казакі звычайна на вёскі робяць, якім калі пашанцуе, дык добра, калі ж не, тады пагібель або шкоду за добрае лічаць.


Порт александрыйскі вельмі прасторны і адкрыты, дзеля чаго ўзімку не надта


Які гэта порт.


бяспечныя становішчы мае. І гэтак турэцкія судзіны, як і памянёныя галеоны, над большым замкам спыняюцца праваруч порта, бо там скалы стаяць, што ў мора


Скала Гваздзік.


заходзяць, якія іх у зацішку хаваюць, ад ветру закрываючы. Ёсць адна з іх досыць высокая, якую, праз тое, што верх мае разведзены рагата, Гваздзіком завуць. Каля яе часта караблі разбіваюцца, калі іх вецер гоніць, бо да другога замка, што леваруч порта, праход дзеля скал небяспечны. Але ж і пасярэдзіне порта ёсць скалы, на якіх часам караблі гінуць; відаць іх зверху, калі пагоднае надвор’е і мора спакойнае. Абодва замкі не надта далёка адзін ад аднаго, у караблі, што ідуць


Замкі александрыйскія.


пасярэдзіне, могуць біць з гармат, з чаго легка кожны меркаваць можа, якая шырыня порту пры самым уваходзе ў яго. Замак, што справа стаіць, досыць вялікі і добра абаронены; другі злева меншы, не так абаронены, бо навокал нямала скал мае. Пры старым порце, куды хрысціянам уваход забаронены, ёсць дзве вартавыя вежы невялікія, адна ад места, другая ад мора, недалёка ад цэкаўза312, што над тым самым портам размешчаны. Стаяць тут галеры, то значыць караблі з трыма чалавекамі каманды, на той час пры мне толькі чатыры іх было дзеля варты порту александрыйскага, і тыя (бо часта мы іх бачылі) не да канца абсталяваныя.


Быў у Каіры янычар нейкі, сівы ўжо, родам з Гэльвэцыі313, які за трыццаць гадоў перад тым схоплены быў разбойнікамі марскімі каля нейкага берага валошскага і, прыгнечаны няволяю, абрэзаўся ў турэцкую веру. Ён вельмі ахвотна служыў мне ў Каіры, не так дбаючы пра грашовую плату, як пра тое, каб да стала мець штодня ладную долю віна, якога ён сабе ўвесь час спраўна падліваў. То ж бо ў такім вялікім мностве людзей не так было п’янства заўважнае, дый не так сурова яго тут каралі, як дзе ў іншым месцы. Бо ўсе гэта ад пашы залежыць, які, калі сам цвярозы, пільна распытвае пра п’яных і карае іх жорстка, а калі сам з ахвотаю п’е, дык і кожнаму іншаму дазваляецца, і нікога за тое не караюць. Вось жа янычар


Янычар.


той, сумленнем прыгнечаны, патаемна прасіў, каб я яго з сабою ў Еўропу ўзяў, дзеля чаго ён з намі і ў Александрыю паехаў. За колькі дзён перад маім ад’ездам рупіўся я пра тое і пільна спосабаў шукаў, пытаючыся і дамаўляючыся з тымі, хто там на тых справах знаўся, якім чынам чалавека таго можна было б уратаваць. Бо адкрыта за гэта брацца нельга было, а патаемна надта небяспечна дзеля шпегаў, якія з вялікай пільнасцю сочаць, ці тыя рэчы, што былі прывезеныя, на карабель заносяць; а і пры выездзе маюць яны права на карабель зайсці і ўсе рэчы


Якая там пільнасць.


папераварочваць; і так, калі б турка знайшлі, што гэткае падарожжа задумаў, дык і карабель з усімі рэчамі ў скарб імператарскі забралі б, і людзі б без ніякага ратунку ў вечную няволю пайшлі, бо гэтак ім вера іхняя загадвае. А так ніхто мне не раіў, каб мы дзеля яго сябе на такую небяспеку выстаўлялі; калі ж яму пра гэта сказалі, горка плакаў ён, з намі развітваючыся, так што і сам я заплакаў, бо ж вельмі хацелася мне яго з той бяды ўратаваць. Былі там таксама і два іншыя валохі, адзін Аскані з Рымскага павета, таксама рабаўнікамі на беразе схоплены, у


Відаць пабожнага пана.


першы год пантыфікату папы Пія Пятага314, які семнаццаць гадоў у аднаго санджака быў у няволі, а з іх пятнаццаць у моры на караблі плаваў, пасля хацеў адкупіцца, а рэшты, якой яму не ставала, прасіў, каб я яму дадаў. Другі быў Андрэй Сікуль, рыбак, якога там жа ў Сіцыліі туркі з Барбарыі, у лодках хуткіх напаўшы, схапілі, больш за дзесяць гадоў у вязніцы праседзеў і з таго нават ссівеў. Адкупіў я яго болей, чым за сто шкудаў золатам, але як Аскані быў чалавек добры і багабойны, так гэты абы-які і блюзнер, бо, плаваючы на моры, заўсёды блюзнерыў і такі жорсткі быў чалавек, што часта гаварыў уголас: «Калі жонку заспею, а яна за час адсутнасці маёй за іншага выйшла (бо меў жонку і дзяцей), дык адразу заб’ю разам з дзецьмі», а калі мы яго ў тым дакаралі, нецярплівасць вялікую выяўляў і надта няўдзячна прымаў дакоры нашыя. Адкупіў я і двух іншых валохаў, маладзёнаў выдатных, і пакінуў іх у Каіры, каб іх консул Марыян выслаў у Валошчыну. Бо некаторыя раілі мне, каб не вазіў з сабою так шмат выкупленых, бо з таго могуць западозрыць, што мы багата грошай маем, а так магла б якая небяспека ўзнікнуць. Выкупіцца ніхто не можа без дазволу пашы, у якога сведчы


Якім чынам выкупляюцца.


ліст узяць мае, іначай бо яго з порту александрыйскага не выпусцяць; ды ў гаспадара таго нявольніка паша нейкі грош пасля выкупу бярэ. Таго ж, хто веру турецкую прыняў, болей вывозіць не дазваляецца, гэтак і ад’язджаць, хіба што патаемна, але гэта небяспечна.


За дзень перад выездам маім з Александрыі прыйшоў да мяне Ян Валох з двума таварышамі, якія ў гандляроў служылі, гаварыў па-гішпанску досыць добра. Упаў ён мне ў ногі, просячы, каб я яго выкупіў (а быў ён з тых караблёў вялікіх, што ў порце стаялі дзеля варты), на нагах кайданы меў як нявольнік, пра вялікія нягоды свае апавядаў. Абяцаў верна мне служыць і казаў, што быў цырульнікам, у


Цырульнік нявольнік.


лекарскай навуцы і рачах абазнаны, да таго абяцаў быць у мяне нявольнікам, каб толькі я яго з карабля выкупіў. Навука і ўмельства ягоныя не былі мне гэтак важныя (асабліва ж таму, што меў я замест майго першага, што памёр, валоха Антонія Генуэзца, досыць добрага цырульніка), дый не збіраўся незнаёмаму здароўе свае давяраць: убоства, якое цярпеў ён, так кранула мяне і ўзрушыла, што я яго выкупіў.


Меў я з сабою живых лямпартаў315, казярогаў і іншых розных звяроў з далёкіх краінаў, то ж даручыў я яму даглядаць за імі на караблі. Паводзіў ён сябе добра па няволі — пакуль быў на моры. Але як толькі прыплыў на Крыт, два тыдні так жыў,


Злодзей з яго.


а пасля ўцёк, рэчы пакраўшы, што мая чэлядзь толькі на чацвёрты дзень згледзела, а як адно дробязь згінула, дык і мне не адразу паведамілі. Я ж бо з трыма толькі ў палацы княскім стаяў, астатнія ж у кляштары Св. Францішка. І хоць я таго не дамагаўся і нічога не гаварыў, аднак жа яго шукалі і з таго боку гары, што з боку Барбарыі, знайшлі; дзіўна, чаму ён зайшоў туды, адкуль выйсці не мог, і што ён меўся рабіць. Мне ж было таго досыць, што я яго, ад туркаў збавіўшы, да хрысціянаў завёз. Хацелі пакараць яго смерцю, але зноў жа і ад смерці, і ад карабельнае няволі выбавіў я чалавека, чаго б ён не пазбег; а з таго падвойны меў бы я жаль, і са смерці ягонае, і з таго дзівоснага выпадку, што за сто чырвоных выкуплены мною з няволі турэцкае, меўся б ён быць у хрысціянаў павешаны. Вярнуў ён тое, што быў у маёй чэлядзі забраў, хоць крыху быў патраціў грошай і хацеў мне зноў служыць, але я пусціў яго вольна; і так сеў ён на новы галеон, што ў Валошчыну плыў, а што там далей з ім сталася, не чуў я пра тое.


Гандляр нейкі венецкі, які доўгі час жыў у Каіры, сцвярджаў як рэч пэўную, што з тых выкупленых рэдка калі што добрае бывае. І нездарма ён гэтак казаў. Бо за


Глядзі.


ўвесь час, што ён у тым краі жыў, да дзвюх тысячаў іх было выкуплена, а з тых ледзьве пяцьдзесят або шэсцьдзесят на добры шлях сталі, астатнія ж або зладзействам, або разбоем, або забойствамі прабаўляліся, дзеля чаго іх і смерцю каралі. Іншыя ж, ужо вольнасць атрымаўшы, турэцкую веру прынялі; бо не маючы з чаго жыць, ні спосабу, як да Еўропы дабрацца, не бачачы, каб іх зноў у няволю не забралі, гэтак мусілі ўчыніць.


Звяры разнастайныя.


Звяроў шмат разнастайных у Александрыі прадаюць; дык і я, некаторых купіўшы, з сабою ў Еўропу быў прывёз, а менавіта лямпартаў два, пацукоў фараонавых два;


Гэта людзі з сабачымі галовамі. Пліній, кн. 7. Людзі, кажа, якіх мы кінацэфаламі называем, жывяцца малаком.


а падобных да іх, што па дамах у Александрыі бегалі і па палях, асабліва ў Сірыі, шмат нам трапілася пабачыць. Ката, які піжму, або мускус, вырабляе, будучы ў Трыполі, загадаў я сабе ў Апамеі купіць, кінацэфалаў двух, самца і самку, валасы ў іх былі нібы рудаватыя. Самка, калі падыходзіў хлопчык або жанчына, адразу кусала, даросламу ж мужчыну не наважвалася нічога гэткага чыніць. Малых катоў морскіх розных таксама меў я каля дзесятка, але іх мне воды морскія залілі, калі пад выспаю Карпат бура вялікая і непагадзь за малым нас не патапіла. Былі і папугаі вельмі прыгожыя, і тры казярогі, якія на моры здохлі. Звер гэты надзіва спрытны, і хоць вельмі тонкія ногі мае, аднак па скалах так хутка бегае, што кожны дзівіцца мусіць.


Ёсць таксама птушак вялікае мноства вакол Александрыі, падобных да нашых


Курапаткі.


курапатак, якія хоць лётаць не могуць, аднак сабака ніяк не можа іх дагнаць дзеля надта хуткага іх па зямлі бегання, хіба што калі б куды ў пастку загнаў. Курапатка тая каменьчыкамі, з пяску здабытымі, жывіцца, птушка гэтая вельмі тлустая і смаку надзвычай добрага; але есці яе, асабліва свежую, вельмі небяспечна, бо калі


Чаму не здаровыя.


хто яе колькі разоў з’есць, мусіць памерці. Тлумачаць гэта той прычынай, што птушка тая каменьчыкамі корміцца, і таму калі чалавек часта яе есць, пухліну сабе набывае і з таго памірае. Вось жа абскубаўшы яе, найперш добра соляць і трымаюць так у солі цэлую ноч, пасля пякуць і ў воцат кладуць, пасля такога размочвання мяса і смачным і здаровым робіцца. Тое самае робяць і з малымі


Чыжы.


птушкамі, падобнымі да нашых чыжоў, якія лётаюць, а пры тым і тлустыя, досыць іх і на Кіпры, але іх таксама ў воцаце размочваць трэба. Апавядаюць тыя, хто ў Арабіі шчаслівай бываў, што там таксама курапаткі трапляюцца; іншыя ж сцвярджаюць, што гэта тая птушка, якую Госпад Бог гэбраям у пустэльні даў316, каб елі, Святое Пісанне называе яе перапёлкаю.


Вакол гары Харэб, у павеце Сінайскім, расце манна, да калабрыйскай падобная,


Манна.


аднак не такая белая, а з чырвоным адценнем. Бачыў я яе ў Каіры, праносную моц яна ад природы мае, і апавядаюць некаторыя, што гэткую збіралі гэбраі ў пустэльні, але паважнага доказу ў гэтым не падаюць.


У той пясчанай пустэльні, што з боку Чырвонага мора, вельмі вялікае мноства


Стравусы.


стравусаў, якія часам арабы, здалёк абкружыўшы і да купы адной сагнаўшы, б’юць. Але як яны мяса не ядуць, дый пёры не так легка распрадаць могуць (хоць гандляры вельмі ахвотна іх купляюць), дык і радзей гэткімі ловамі бавяцца, з якіх малы пажытак маюць, а яшчэ і коней заўсёды змардуюць. Бо стравус, крыламі сабе дапамагаючы, надзвычай хутка бегаць можа, як і нашыя дропы, перш чым паднімуцца ўгору.


Калі мы ў Каіры прыглядаліся да ігрышчаў і цвічэння жаўнерскага, якія штотыдзень туркі звычайна ладзілі ў пятніцу па абедзе, прыскакаў мурын адзін


Драмадэр вярблюд.


голы на вярблюдзе, драмадэрам называным. Гэта вярблюд такі спрытны ў хадзе, што конь, хоць і шпарчэй ідзе, ніколі з ім не параўнаецца. З Меккі той быў з поштаю прыбег, якая ў Каір пятнаццатага дня прыбывае такім чынам. Бяжыць мурын на драмадэры пяць дзён без супынку, другі пасля на іншага таксама драмадэра сядае і другія пяць дзён едзе, нарэшце трэці на трэцім у Каір зноў жа на пяты дзень прыбывае; гатаксама пасля ў Мекку з Каіра едуць. Мурын, што едзе,


Слушна.


есць гэтак шмат, каб на пяць дзён хапіла, і не бярэ з сабою харчу апроч дактыляў, дый тых мала. Хлеба таксама ў тым месцы пустым, скалістым і пясчаным няма, і вады няма аж да пятага дня. Драмадэр можа да шостага дня вытрымаць так без вады, па кавалку з пшаніцы наробленых клёцак мурын яму падкідае, бо іх з сабою шмат узяць не можа. Вады тут дзеля патрэбы сваей не возіць з сабою, бо калі б нават і меў яе дастаткова, нельга было б яе драмадэру даваць. Бо ён калі б толькі яе пачуў, адразу б засмягнуў і гэтак пяць дзён сваіх прабегчы не здолеў бы, як яны сцвярджаюць. Адпачывае мала. Бо за дваццаць чатыры гадзіны мурын толькі на момант дзеля патрэбы натуральнай спыняецца, а драмадэр, ідучы, ваду пускае. Калі хоча мурын з яго ссесці, кійком па нагах б’е, і так той кленчыць адразу на зямлі, а гэты тым часам злазіць.


Людзі, якм жывуць у пустой Арабіі, ніколі не ядуць ні хлеба, ні мяса, але толькі дактылямі жывяцца, а таксама малаком казіным вельмі здаровым ды ваду п’юць;


Дзіўная рэч.


дзеля чаго і жывуць доўга, і шмат хто з іх да ста гадоў дажывае, здароўе добрае маюць і постаць цела зграбную. Коням замест аўса казінае мяса даюць, якое спачатку на сонцы высушваюць, пасля на малыя кавалкі сякуць; з чаго і коні


Другая.


добрае памнажэнне цела маюць, і можна з імі легка па пустэльні хадзіць (у мех які невялікі тыя кавалкі кінуўшы і да лукі прывязаўшы); а калі толькі дзве жмені на аброк дадуць, дык каню на дваццаць чатыры гадзшы амаль што і досыць бывае. Да таго ж такое мяса каню смагі не наганяе і прыродны спрыт ягоны захоўвае. Калі ж ёсць яшчэ жарабятка, толькі да дзевятага дня кабылу ссаць яму дазваляюць, пасля ж вярблюджае малако даюць, каб з матчынага слабейшым не вырасла; а так і прыгажосць сваю прыродную захоўвае, і дужасць вярблюдаў, малаком іхнім жывячыся, набывае. Калі апавядалі мы александрыйцам і каірцам, што мы ў Еўропе паўсюль ваду маем, казалі нам на тое: «Вы маглі б ніколі не паміраць, калі заўсёды ваду жывую і прэсную маеце». Паказалі мы ім у Каіры хлеб, які яны хопс называюць, і не хацелі яны яго есці, але загарнулі ў хустку, кажучы: «Занясём паказаць нашым, каб пабачылі, што вы там ясцё, бо калі б мы яшчэ і хлеб елі, хутка б паўміралі». Бачыў я і ў Александрыі аднаго драмадэра, на


Глядзі.


якім быў прыехаў адзін араб з Расэта: вельмі прыдатны звер да хуткай язды, можна на яго і сядло надзець, бо толькі адзін горб мае, а не два, як іншыя вярблюды, што да нашэння рэчаў прыстасаваныя.


Рэшту верасня аглядалі мы рэчы, вартыя ўвагі, як у месце, так і па-за ім; не маглі раней выехаць і дзеля санджака, які з нашых чатырох караблёў, што разам меліся плыць, вялікую колькасць грошай выцягнуць спрабаваў. Аднак жа пагадзіліся з ім гандляры нашыя, хоць давялося аддаць немалую суму, бо чакалі мы дзеля ветру непагоднага аж да дзевятага дня кастрычніка, калі выйшлі ў мора.


Кастрычнік.


А так маючы судзіну (што называлася "Сагіцыя"317), селі мы на яе дзевятага дня кастрычніка каля пятнаццатай гадзіны, і а шаснаццатай гадзіне выплылі мы з порта, і да вечара было відаць бераг Барбарыі. Назаўтра мы ўжо зямлі не бачылі, аж пакуль не паказалася яна раніцаю семнаццатага дня таго ж месяца. Чатыры судзіны былі таго самага дня з порта выйшлі: адна нашая французская большая, якая спачатку ў Сіцылію, а пасля ў Масылію318 накіроўвалася. Тая судзіна раней, чым трэба, з таго порта вырушыла, ветразі ўзняўшы, калі вецер паміж Барэем і Сэптэнтрыёнам дзьмуў, які валохі Грэцкім Трамантанам называюць; і таму амаль пры самым выхадзе ледзь аб скалу Гваздзік не разбілася ад якой за дзесяць локцяў была, прытым гоман і крыкі людзей, што ўжо нібыта танулі, чуваць было. Патрон бо тае судзіны быў на той час хворы, а тыя, хто на ягоным месцы быў, не так асцярожна пільнавалі і кіравалі. Другая называлася галеонам Пэраста, у якім і я меўся ехаць, але як патрон яе купіў быў іншую і на яе лепшых маракоў забраў, а гэтую надта цяжка нагрузіў, так што ступіць не было куды, дык іншыя адраілі мне на ей плыць. А былі на ей багатыя гандляры, то дарункамі капітана ўлагодзілі, і іх з порта дзве турэцкія галеры выцягнулі. Гэты галеон фартуна загнала на Кіпр. Трэцяя была якраз таго патрона, плыла яна ў Венецыю, яе таксама адна галера турэцкая цягнула. Чацвёртая, наша «Сагіцыя», французская невялікая, якую я наняў, мелася мяне на Крыце высадзіць, бо адтуль хацеў я да Еўропы галерами плыць праз дзяржаву Венецкую, дзе я мог крыху адпачыць, з маёй першай дарогі шмат знаёмых там маючы, а да таго ж, калі б мора дзеля блізкае зімы не дазволіла плыць. Вырашыў я быў з патронам, што высадзіць мяне ў порце, які цяпер


Дзеі, р. 27.


называюць Калаліміёні319 (згадвае пра яго і Св. Лука), і дзеля добрага размяшчэння, і дзеля таго, што да Александрыі быў недалёка; да таго ж заплыць у Архіпелаг320, каб мяне там высадзіць, дзеля блізкае зімы не наважваўся, бо і з мора Міжземнага небяспечна было туды заплываць, што, аднак, пасля ўсе пераблыталася. То ж бо пятнаццатага дня кастрычніка каля дваццаць другой гадзіны суворая бура ўзнялася і тыя чатыры судзіны, што адною дарогай плылі, сям і там паразганяла; асабліва ж нашу «Сагіцыю» шалёна кідалі вятры, пакуль апоўначы не паказаўся


Небяспека.


нам Св. Герман321 (якога мы за тую ноч шэсць разоў бачылі), і тады нарэшце непагадзь сціхла. Назаўтра адвячоркам таксама нас моцны вецер усю ноч страшнаю небяспекай палохаў, а семнаццатага дня перад дваццаць другой гадзшаю такія вялікія хвалі ўзняліся, што мы ўжо ніякай надзеі не мелі, бо два адваротныя ветры — афрык і аквілон (па-валошску гарбін і грэк) — самі з сабою змагаліся і такую віхуру з дажджом чынілі, што круцілі судзіну на адным месцы, штурхаючы яе і нахіляючы, аж да шчоглы датыкаліся хвалі, і тады аблягчаліся мы трохі, каменне ў мора скідаючы, бо тавараў ніякіх з сабою не мелі; але дзеля моцнага ветру мала тое дапамагло, бо такія хвалі «Сагіцыю» залілі былі, што мы ледзь на патанулі. А хоць ноч была вельмі цёмная, да таго ж грымоты, і бляск, і навальніца страшная была — убачылі, аднак, маракі нашыя выспу з дзвюма спічастымі скаламі. Калі мы іх заўважылі, падумалі, што мы ўжо ў Архіпелагу, дзе


Дывоніі выспы.


дзве выспы пустыя недалёка адна ад адной ёсць, якія ўсе Дывоніямі называюць; і як мы ўжо безвыходнасць сваю бачылі, а «Сагіцыя» малая была, дык, проста апусціўшы ўсе ветразі, пасярэдзіне праплыць хацелі, каб хоць неяк ад такой лютае буры ўратавацца, трымаючы судзіну паміж дзвюма выспамі, дзе вятры ўжо не маглі б ей так шкодзіць. А калі мы ўжо недалёка ад іх былі, праз асаблівы Божы


Правід Божы.


правід і ласку адзін марак з самага верху шчоглы (бо тое бліскатанне не пераставала) убачыў, што там толькі адна выспа, якая дзеля дзвюх спічастых скалаў здавалася дзвюма выспамі, паміж якімі меліся мы праплыць; таму мы, адразу ўсе ветразі спусціўшы, толькі адзін (што завецца трынкет322) так пакінулі, каб тую выспу прамінуць. Аднак жа «Сагіцыя» наша, страшнаю бурай ледзь не


Глядзі.


патопленая і вятрамі пашарпаная, так шмат дзір мела, што ўвесь час мусілі мы ваду выліваць; сам патрон казаў нам, што ўжо надзеі няма і неўзабаве ўсім загінуць давядзецца, дзеля чаго пачалі мы сябе Госпаду Богу даручаць, і кожны пра сваю душу думаў, апошняе хвілі чакаючы. Тым часам пасля паўночы пабачылі мы святло Св. Германа, а з тым адразу і аквілон трохі сціх, афрык жа мацней «Сагіцыю» пагнаў; і так прамінулі мы тыя скалы. Сем разоў на той час пабачылі мы Св. Германа, а з кожным разам слабеў аквілон, тым часам пачало ўжо брацца


Выспа Кас.


на дзень. Калі ж развіднела, убачылі мы, што была гэта выспа Кас323, да якой мы прыбыць хацелі, пустая, поўная скалаў высокіх; і каб мы былі сюды паплылі, дык без ніякага сумнення загінулі б на тых камянях і скалах, у вадзе схаваных. Пасля васемнаццатага дня пабачылі мы выспу Род, аднак цэлы дзень і частку ночы шаленыя вятры кідалі нас, але, калі Св. Герман з’явіўся, сціхлі, так што рэшта ночы была спакойная. Назаўтра цэлы дзень блукалі мы паміж Родам і Карпатам (валохі яго Скарпантам называюць), выспаю, дзе, як сцвярджаюць паэты, нарадзілася і гадавалася Мінерва324. А як патрон мясцовасці гэтай не ведаў, дык, баючыся разбіцца, прыстаць да берага не наважваўся; аж пакуль увечары жыхары


Агні на гарах морскіх.


выспы на адным мысе, ці гары, што ў моры выступае, пачалі раскладаць вогнішчы (бо гэткі там звычай, што калі заблуканы карабель бачаць, раскладаюць вогнішчы дзеля маракоў, каб пра месца бяспечнае паведаміць і пра добрае становішча); убачыўшы іх, амаль усю ноч валачыліся мы вакол берагоў. А чацвертай гадзіне ўночы ўзнялася бура страшная без дажджу, паказаўся Св. Герман, пасля чаго і вецер сціх, і ноч пагодная была.


Сцвярджаюць некаторыя, што святло гэтае, натуральную бо прычыну мае, з’яўляецца толькі ў дождж; дзеля таго зазначыў я, што без дажджу з’явілася і настала пагода. Раніцаю дваццатага кастрычніка наблізіліся мы да выспы Малога


Порт Агата.


порта (звалі яго перад тым порт Агата), які вялікіх караблёў не прымае і не ставіць. Там, кінуўшы катвігі, пачалі мы судзіну нашую затыкаць пакуллем і смаліць, бо пабітая была вельмі; казалі маракі, што калі б яна яшчэ гадзіны дзве ў такой калатнечы пабыла, то б рассыпалася; выйшаўшы на бераг, купілі мы ў грэкаў харчовых патрэбаў, бо нашых куранятаў нам хвалі ў «Сагіцыі» залілі. І хоць выспу тую туркі трымаюць і капітана турка яна мае, аднак жа грэкі, як і на іншых выспах Архіпелага, аруць палі і вінніцы даглядаюць; туркі ж, добра харчамі


Туркі грэкаў баяцца.


забяспечыўшыся, у замку сядзяць і нікуды не выходзяць, грэкаў баючыся; калі ж надыходзіць час сплочвання даніны, колькі галераў з янычарамі на тыя выспы прыплывае і яны даніну збіраюць. Бачылі мы на той выспе колькі малых мястэчак, да якіх, аднак, караблі не прыстаюць, бо партоў няма. Недалёка ад становішча нашага веска была, што называлася Лара.


Назаўтра раніцаю, як вецер аквілон (або грэк) дзьмуць пачаў, а заслоны мы з таго боку не мелі, то ж, выцягнуўшы катвігі, выйшлі ў мора, маючы надзею, што зможам ужо да Крыта даплыць; але ж вецер зноў змяніўся, і ўвесь дзень той і другі лавілі мы вецер вакол выспы Кас, аж да дня дваццаць трэцяга. Раніцаю прыплылі на выспу Крыт, да мыса Саламонавага325 (даўней называлі яго мысам Самоніем, згадвае пра яго Св. Лука ў Апостальскіх Дзеях); там недалёка на гары ёсць невялічкая вежа, дзе варта жыве, дзеля марскіх разбойнікаў. Як толькі кінулі мы катвігі, нам паведамілі, што толькі за дзень перад намі выехала адсюль тая «Сагіцыя», якая была з намі разам з Александрыі выйшла, а мелася плыць у Сіцылію, так яе фартуна таксама туды загнала і вятры пашарпалі; а да таго патрон, які з Александрыі хворы выехаў, на моры памёр, і там на беразе яго і пахавалі. Тая ж «Сагіцыя», як недалёка была Сіцыя326, места венецкае, дзе жыве рэктар, прыплыла туды і паведаміла, што я туды еду, і быў Антоніо Барочы, гандляр, дзеля таго ў губернатара (якога яны рэктарам называюць), дзеля чаго там мяне ўжо чакалі.


Як ужо часта гаварылася, што судзіны «Сагіцыі», пашарпаныя ветрам, ледзь не загінулі, дык няма чаго таму дзівіцца. Бо то рэч пэўная і засведчаная, што судзіны або праз старасць сваю, або праз нядбалую пабудову і працу рамесніцкую, хоць смела і звычайна ходзяць, вельмі часта хвалямі і ветрам разбіваюцца, і тады людзі ў небяспецы вялікай бываюць. То ж бо калі карабель або на пяску, або на якой


Як разаб’ецца карабель, што далей.


скале воднай рассыплецца, з блізкага берага прыйдуць з ратункам, і шмат хто, за дошку схапіўшыся, выплывае; але на глыбіні і сярод мора разбіўшыся, ужо і надзеі на ратунак мець не можаш. Калі хто і схопіцца за дошку, дык вецер і хвалі адарвуць ад яе, і так або патоне, або ад холаду і голаду загіне.


Антоніо.


Антоніо, які тут прыгадваўся, быў чалавек бывалы; двойчы ўжо быў ва ўсходняй Індыі і добра там усе ведаў. Абодва разы выпраўляўся з Апамеі, або з Алепа, на раку Еўфрат, па ей уніз да мора Персідскага, раней Элеатыф называнага, пасля да Армуза327, нарэшце прыплываў у Гою328; а назад вяртаўся ў Каір праз мора Чырвонае і высядаў пад местам Тур, якое на беразе таго ж мора стаіць на тым месцы, дзе гэбраі, ад фараона ўцякаючы, пасуху яго перайшлі329. Але другім разам схапіў яго паша, які тымі ваколіцамі мора Чырвонага (што далей за межамі Арабіі шчаслівай) кіруе; бо хрысціянам нельга там плаваць, чаго туркі вельмі пільнуюць, бо недалёка адтуль Мекка, і мора там гэтак вузкае, што рэдка дзе абодва берагі не відны, а звычайна караблі, што з Індыі ўсходняй ідуць, заходзяць у Мекку, Антоніеў, аднак, маючы вецер вельмі добры, прамінуў і не зайшоў. Апавядаў той самы гандляр, што ўзяў пры ім паша каля дзесяці тысяч цэкінаў у розных таварах,


Хцівасць турэцкая.


асабліва ж рознымі камянямі, якія там у дзічыне знаходзяць і якіх у нашых краінах яшчэ не бывала, таксама перламі асабліва дарагімі. І прывёз яго быў той паша ўКаір (бо то быў не які там важны паша), і аддаў яго ў вязніцу Ібрагіма-пашы, як найвышэйшага ўладцы Егіпта; пакуль яго консул венецкі, бо і Антоніо венетам быў, выручыў, і пасля ўжо толькі пры нас атрымаў ён дазвол выехаць у Еўропу. Накіроўваўся ён у Гішпанію, бо на загад караля гішпанскага330 (што ён і сам не адмаўляў) тое паломніцтва свае справіў дзеля таго, каб і дарогу праз мора Чырвонае прагледзець, і ці мог бы з яе які пажытак быць, пабачыць. Быў мне чалавек гэты добра знаёмы, а як дзіўных і небывалых рэчаў там нагледзеўся, дык і мне апавядаў; але шмат ужо пра іх пісалася, дык я праміну. Калі я ўжо быў дома, атрымаў колькі лістоў ад яго, як з Гішпаніі, так і з Валошчыны, а ў апошнім лісце паведамляў ён, што спачатку ў Сірыю, а адтуль у Індыю ўсходнюю трэці раз выправіцца збіраўся.


Асабліва ж нас яшчэ Госпад Бог асцярог, што мы, блукаючы вакол Родаса і там пры ўваходзе ў Архіпелаг, не натрапілі на армаду турэцкую (з якою ехаў Ахіялі,


Правід Гасподні.


было там дваццаць пяць галер, плылі яны з Неграпонту331 на Род); бо каго такая армада спаткае, забірае ўсе, што толькі захоча. Была, што праўда, «Сагіцыя» наша французская, а з тым народам туркі ў прыязні жывуць332, і дзеля таго мог бы


Ахіялі, разбойнік морскі.


непрыяцель з намі спагадна абысціся; аднак жа ўсе адно мусілі б мы або ў няволю пайсці, або выкуп заплаціць, чаго і самі французы нядаўна былі сведчылі, як нам патрон наш француз апавядаў; а то з ласкі Божай не трапілі мы ў рукі бязбожнаму Ахіялі, якога на той час венеты раззлавалі, бо не хацелі яму выдаць мальтыйцаў, якіх незадоўга перад тым з дзвюма галерамі былі захапілі і на Карцыру завезлі. Гнаўся за імі Ахіялі, і калі сем галер венецкіх вярталіся з Корфа333 на Крыт, дзе яны варту трымаюць, а над імі капитанам быў Піліп Паскуалі, дык Ахіялі чакаў іх у порце Наварыі334, хочучы за тое на іх напасці; але як з Зацынта папярэдзілі венетаў, дык вярнуліся яны на Карцыру, бачачы, што з Ахіялі зраўнацца не здолеюць, які з дваццаці пяці сваіх звычайных галер васемнаццаць выбраў і надзвычай добра заспасобіў. І тады Ахіялі, бачачы, што яму намеры ягоныя паблыталі, проста звар’яцеў і ляцеў, разлютаваны, шукаючы здабычы на моры, і натрапіўшы неяк на колькі караблёў хрысціянскіх гандляроў, і людзей у няволю, і рэчы, і караблі забраў, імператара баючыся, што ён гэтак неасцярожна ўчыніў. І так Госпад Бог нас ад таго чалавека захаваў, які з Карпата на Род ехаў, а мы таксама з Рода плылі. Дзівіліся ўсе вельмі на гэтай выспе, як мы з ім не сустрэліся.


Св. Герман на моры што такое.


Калі каму дзіўным або да праўды непадобным здавацца будзе, што я тут пра Св. Германа напісаў, дык той тады легка праўдаю напісанае прызнае, хто сам на моры калі бываў і штормаў ягоных спазнаў; няма ж бо нікога, хто б пры смяротнай небяспецы ў моры разлютаваным таго не пабачыў. То ж або Св. Герман амаль загіблым ужо з’яўляецца, як шмат хто верыць; або святло тое з нейкай іншай прыроднай прычыны паходзіць, як іншыя апавядаюць: я ні з кім не спрачаюся, а толькі тое сцвярджаю, што тым, хто на моры, яно паказваецца, і я яго бачыў, і тыя,


Як яно паказваецца.


хто са мною быў (гэтулькі разоў, як вышэй пісалася), бачылі. Паказваецца яно як зорка ясная або літая свечка запаленая, часам ярчэйшая, часам тускнейшая. Садзіцца часта або пасярэдзіне шчоглы, або дзе ў іншым месцы, але заўсёды на высоком месцы, а калі хто хоча яго ўзяць, адхінаецца і ўцякае; часцей, аднак, сядае на самым версе шчоглы, на крыжы, і трымаецца там, як пацер адгаварыць, часам, аднак, паўчвэрці, часам нават і чвэрць гадзіны; а ў той буры шалёнай трымаўся паўгадзіны, нібы свечка якая, палаючы. Як толькі пакажацца, пэўны знак дае, што вецер сціхне, і заўсёды значна сціхае, і чым часцей паказваецца, тым болей вятры сунімаюцца; дзеля чаго людзі надзею маюць пэўную аб жыцці сваім на той час, што прыкладамі рознымі можна было б паказаць. Сцвярджалі маракі таксама і тое, што калі караблі разам плывуць, той, якому святы Герман пакажацца, цэлы будзе; які ж яго не бачыць, або патоне, або разаб’ецца. Апавядалі яшчэ, што калі


Глядзі.


два пакажуцца (што рэдка бывае), дык тады карабель напэўна загіне, і тое казалі, што калі два агні відаць, дык гэта прывіды або д’яблы, якія ніколі ў адной постаці не паказваюцца, а толькі ў розных; тыя людзі сцвярджалі, што былі такімі выпадкамі на караблях, якія тады разбіваліся.


Падалося мне неабходным дадаць яшчэ і тое, што самі маракі, на моры дасведчыўшы, сцвярджалі, нібыта на якім караблі ёсць мумія, дык карабель той


Мумія на моры.


або вялікай небяспекі, або пэўнай загубы не пазбегне; а таму пільна папярэджваюць тых, што на карабель рэчы заносяць, каб муміяў з сабою не бралі, даючы тую прычыну, што мумія — цела паганскае, разам з якім стодзіва хаваюць, а як няма сумлеву, што душы іхнія ў апецы, уладзе і старанні сатанінскім, гэтак і целы, дзе б іх хто ні вёз або праносіў. Калі я ў Каіры апускаўся ў пахавальні або пячоры, дзе гэткія целы ляжаць, купіў я і ўзяў два,— мужчыны і жанчыны (пра што вышэй гаварылася); і так з усім, як былі загарнутыя, кожнае на тры часткі падзяліўшы, загадаў пакласці у скрыні, якіх атрымалася шэсць скрыняў вялікіх і


Стодзівы.


сёмая са стодзівамі. Калі яшчэ на беразе пачуў я ад маракоў, раіўся з гандлярамі, што мне з тым рабіць, калі б тое праўдаю было. Некаторыя лічылі гэтаксама, як і маракі, іншыя ж казалі, што гэта ўсе плёткі, апавядаючы, што яны самі часта муміі праз мора ў Валошчыну возяць і цэлыя прыязджаюць; і так вырашыў я ўзяць з сабою тыя целы, каб у Еўропе паказаць, што там пра іх скажуць, бо я зусім ніколі не бачыў, каб іх да нас калі привозілі. А так нічога не сказаўшы мараку, загадаў я з


Вялікі правід Божы.


іншымі рэчамі сваімі і тыя скрыні пакласці, чым адразу ледзь не наклікаў на сябе вялікую небяспеку. Бо калі прыйшлі туркі ў Александрыі аглядаць мае рэчы, каб мыта за іх узяць, мелі з сабою гэбрая, які ў іх за пісара быў і за тлумача; а як да хрысціянаў прыхільны быў і паблажлівы (праз яго ж бо справы і закупы хрысціянскія ішлі, з чаго меў ён пажытак і заўсёды нейкі падарунак), то ж пабачыўшы мумію, загадаў адразу і абвязаць скрыні; а туркам, якіх мы віном частавалі, сказаў, што няма нічога ў тых скрынях, апроч панцыраў чарапашых, якія над морам збіраюць; і туркі паверылі яму як свайму чалавеку, дый не хацелася ім з другой каморы выходзіць, дзе мы іх частавалі. Прычына, з якой


Чаму туркі забараняюць муміі вывозіць.


туркі гэта забараняюць, тая, што (бо і самі шмат чарамі займаюцца) лічаць яны, нібыта хрысціяне тыя целы паганскія на чарадзействы вывозяць, каб пасля праз іх туркам і дзяржавам іхнім шкодзіць; а таму і цяжка цэлую мумію вывезці, дык гандляры пакрыёма па частцы малой звыклі прывозіць. Аддзячыў я гэбраю, і добра, бо калі б туркі былі тое ўбачылі, мусіў бы я немалыя грошы прыплаціць, а да таго ж напэўна з небяспекаю вялікай. А так у першых тых бурах морскіх ніхто з


Кс. Сымон паляк.


нас зусім пра муміі не памятаў, але быў са мною святар адзін паляк, Сымон Белагорскі (які ад караля Сцяпана пашпарт меў, таксама ўжо Гроб Святы быў наведаў у Ерусаліме), які моцна аб тым шкадаваў. Бачыўся я з ім найперш у Трыполі, вярнуўшыся з Ерусаліма, а другі раз зноў на Кіпры, едучы ў Егіпет, спаткаліся мы, урэшце прыбыў ён у Александрыю ў суботу а дваццатай гадзіне, адкуль я назаўтра а пятнаццатай меўся ехаць; бачачы ж гэтага святара багабойнага і вельмі пабожнага, а да таго ж земляка майго, узяў я яго з сабою ў Еўропу. А так ён нічога зусім пра мумію не ведаў, бо ж за тры дні да прыезду ягонага ў Александрыю ўсе мае рэчы былі на «Сагіцыі», а сам я ў месце стаяў,


Відзеж ягоны, глядзі, які страшны.


ветру чакаючы. Але ў першых тых штормах і бурах, калі малітвы свае святарскія спраўляў, вялікія турботы меў ад нейкіх двух прывідаў, якія, калі толькі ён на караблі апынуўся, усюды за ім хадзілі. Спачатку, чуючы ад яго пра гэта, дзівіліся мы, а пасля (як гэта бывае) смяяліся і павярнулі ўсе на жарт, лічачы, што відзеж той ягоны быў ад боязі і трывогі на моры. Але пад час другой небяспекі яшчэ болей скардзіўся, сцвярджаючы, што паказваюцца яму двое, мужчина і жанчына,


Мурынаў страшных бачыў.


нейкія чорныя, у такім а такім убранні, якога і слугі мае не бачылі апроч дваіх, якія са мною ў пячорах каірскіх былі, але ж святару таму напэўна пра тое не апавядалі, дык тады ўжо і мы здзівіліся.


То ж бо пэўна было, што пра тыя целы ніхто, апроч слуг, не ведаў, якія без сумлеву нікому нічога не казалі, але і на той час яшчэ не ўспомнілі мы пра мумію. Аж пакуль нарэшце не прыбег ён да мяне дрыжучы, бледны і спалоханы,


Да чаго дайшло.


апавядаючы, што маліцца не можа праз тых прывідаў, якія яго нібыта ўжо тузаць пачалі. І толькі тады прыйшло мне ў галаву, што ён, напэўна, праз муміяў тых пакутуе, і паслаў я адразу да патрона, каб загадаў ён спод у «Сагіцыі» адчыніць, прычыны яму не кажучы, бо хацеў я патаемна тую мумію ў ваду скінуць. Але патрон адказаў, што дзеля хваляў вялікіх не можа ён таго зрабіць, хвалі ж тыя


Глядзі.


залівалі «Сагіцыю» так, што мы ўсе вымаклі, і сказаў ён: «Пачакайце трохі, можаце на дол не спяшацца, зараз усе на дне будзем, калі патонем». Бачылі мы і самі, што адчыняць было вельмі небяспечна, а з другога боку кс. Сымон на прывіды тыя вельмі наракаў і лямантаваў, дык і не ведалі мы, што далей учыніць.


З’явіўся нам тады Св. Герман, а ўжо і днела, і вецер сціх, тады загадаў я адчыніць і, хоць за тою Св. Германа свечкаю былі мы больш бяспечныя, аднак жа як кс.


Іншага патрактавання паганства было нявартае.


Сымон ад прывідаў пакутаваў, дык загадаў я муміі ў мора ўкінуць з сямю тымі скрынямі. Тады прыступіўся да мяне патрон, пытаючыся: «Што вы там выкінулі, ці не муміяў?» Прызнаўся я ў тым, што вельмі яго напалохала, але, супакоіўшыся, рады быў таму і абяцаў пэўна, што болей ужо мы гэткіх прыгодаў морскіх мець не будзем. І праўда. Бо хоць была ўзнялася ля выспы Карпат бура, але не вельмі вялікая, а пасля з’яўлення Св. Германа адразу сунялася. Апавядаў ён таксама, што калі я ўначы да яго пасылаў, каб ён «Сагіцыю» загадаў адчыніць, хоць бы і дзеля муміі, дык і тады б не зрабіў таго дзеля вялізных валаў морскіх і страшных хваляў, бо не меў ужо там ніякай надзеі ды чакаў толькі, ці хутка апусцімся на дно морскае. Пытаўся таксама і кс. Сымон, што мы выкінулі; калі ж сказаў я яму, як


Вольнасць стану святарскага.


усе было, ён яшчэ болей узрушыўся і як святар дакараў мяне, што я насмеліўся трупы паганскія з сабою вазіць, дзеля якіх ён таксама нямала пацярпеў. Прыняў я з удзячнасцю ягоныя папрокі, як і належала, пра сябе, аднак, сказаўшы, каб ён на


Але і зямля шляхетная. [?? — О. Л.]


мяне ніякага падозрання не складаў, бо ж я мумію, якую ў лекарскіх справах часта ўжываюць, дзеля ратавання хворых з сабою ўзяў, чаго і царква не забараняе; калі ж я сам пра тое на Крыце ў багасловаў пытаўся, што яны на гэты конт думаюць, адказалі мне, што няма да гэтага ніякай у царкве забароны; то ж і палічыў ён, што дастаткова я настаўлены і папярэджаны. Відаць, не ведаў ён пра мумію на той час, бо нагадаў бы мне тады як святар, каб мы дзеля яе не гінулі; бо мы ўсе ўжо да смерці рыхтаваліся, а ён малітвы нам пачынаў (якія ў гэткай небяспецы адгаворваюць), і маліліся мы разам, Госпаду Богу давяраючыся.


Усе гэта я не дзеля таго падаў, каб сцвердзіць, што дзеля муміі (як шмат хто


Якое цудоўнае сведчанне.


апавядае) караблі разбіваюцца, але каб апісаць, што са мною на моры дзеялася. Святар той сапраўды жыцця быў пабожнага і вельмі прыкладнага: бо аж да Карцыры са мною ехаў, а калі выправіўся я ў Валошчыну і ссеў у Тарэнце з карабля, ён з слугою маім пры рэчах маіх на галеры ў Венецыю паехаў і майго прыезду там чакаў; пасля ж у Кампастэла335 (каб зарок свой споўніць) выправіўся, меўся адтуль у Рым вярнуцца, а нарэшце ў Польшчу, як быў задумаў, ісці. Дзе ён толькі са мною ні быў, як толькі да зямлі хрысціянскай даязджаў, кожнага дня Святую імшу з вялікай пабожнасцю і плачам адпраўляў, у доме ж прыслугоўваў,


І цяпер не іначай.


спраўляючы ўсе найцяжэйшыя паслугі, нібы хлопец які, пакуль мы не папрасілі яго, каб суняўся, бо і на кухні збаны і катлы мыў, і падмятаў, а гэткая пакора ягоная і пачцівасць усім на здзіўленне была.


Вельмі патрэбным мне здаецца напісаць пра тое, які відзеж той святар багабойны меў па суворых тых (ля выспы Карпат) бурах, калі нам адзін толькі раз быў Св. Герман з’явіўся, тады ён мне гэта адразу (бо я быў яму самы блізкі) сказаў, а пасля


Яго нябесны відзеж.


і астатнім усім каб Госпаду Богу дзякавалі, паведаміў. Бо калі малітвы свае спраўляў, бачыў, нібы «Сагіцыя» наша разбітая была, а мы ўсе, ужо нібыта па моры плывучы, танулі. Тым часам Найсвяцейшая Дзева, акрыўшы нас шатамі сваімі, зноў «Сагіцыю» нашу сабрала, склала і сказала: «Глядзіце, у якой вы былі небяспецы». І ён тады нібы ад сну прачнуўся, што і мы добра бачылі, бо ён нават на ногі ўстаў і глядзеў, што карабель цэлы і мы ўсе на ім, а ён ужо думаў, што мы патанулі. Каротка я пра тое нагадаў, пры чым я сам быў і на што сам глядзеў: пэўна і непазбежна, што калі б тая бура яшчэ гадзіны дзве трывала, наша «Сагіцыя» ніколі б не вытрымала; яшчэ і ў тым выявілася, што каля выспы Карпат няспынна дваццаць чатыры гадзіны мусілі мы то латаць яе, то заліваць смалою, бо яе так былі хвалі пашарпалі, што маракі наперамену гадзіну за гадзінаю ваду вылівалі.


Як толькі прыплылі мы да памянёнага мыса, што сталася на світанні, дык патрон туды «Сагіцыю» дзеля скал не наважваўся ўночы падводзіць, кінулі катвігі і да скалы «Сагіцыю» канатамі привязалі (бо тут грунт слабы, як толькі вецер павее, вагаюцца і выцягваюцца катвігі, і часам няўмелы марак з караблём гіне); выправіў я адразу слугу майго ў Сіцыю, да якой тры мілі было, каб ён рэктару Канстанту Рынэру пра мой прыезд паведаміў. Той, як ужо ведаў і чакаў мяне, дык адразу і


Страдыёты.


коней і каля дзесятка коннікаў, нібы капейнікаў (страдыётамі336 іх называюць), насустрач мне выслаў, якія разам са слугою маім толькі пад вечар приехалі, дзеля чаго мусіў я яшчэ і гэтую ноч на «караблі» спаць. Калі прыбылі і, у барках да мяне прыплыўшы, павіталіся са мною ды, што ім рэктар загадаў, пераказалі, тады толькі патрон наш, пабачыўшы і даведаўшыся напэўна, хто я такі, страшэнна


Але Госпад Бог свайго паломніка бароніць.


шкадаваць пачаў, што пра тое ў Александрыі не ведаў. Тады ж іначай (хто яго ведае як) са мною абыходзіўся б. А так падумалі мы (ці меў ён жаданне такое, сам Госпад Бог ведае), што калі б нас не было гэтак шмат на «Сагіцыі» (бо і колькі страдыётаў пры мне было засталося), то ўночы б зноў завёз нас у мора, каб выкуп з нас запатрабаваць; або якім іншым спосабам шукаў бы сабе пажытку, як тут іншыя ўмеюць і рабіць звыклі. І так засцярогшыся, цэлую ноч вартавалі мы, ні на хвіліну не заснуўшы.


Раніцай высеўшы з карабля, а рэчы ў барку, якая была па іх прыехала, паклаўшы і ў Сіцыю выслаўшы, патрону паводле ўмовы заплаціўшы, так што задаволены застаўся, ды чэлядзі карабельнай дарункамі аддзячыўшы, селі мы на коней і паехалі ў Сіцыю; а па дарозе зайшоў я ў адзін кляштар грэцкі Найсвяцейшае Дзевы, дзе людзі вялікае набажэнства спраўляюць, і там Госпаду Богу падзякаваў, што шчасліва мяне праз мора перанёс. Каля паўдня прыехаў я ў Сіцыю, дзе рэктар з вялікім почтам шляхты выехаў мне насустрач і правёў мяне ў палац шляхціча аднаго венецкага дому Карнэліяў, а там прытулак мне зручны даўшы, вярнуўся ў свой палац. Бо Сіцыя мурам не абнесеная, каля двухсот дамоў мае, палац таксама рэктараў досыць цесны, і фартэцы ніякай няма, бо пад час вайны ўсе ў бяспечнейшыя месцы выязджаюць; тут рэктар, бо павет той вельмі вялікі, толькі дзеля судоў звычайна жыве.


Раніцай прыехаў да мяне рэктар і праводзіў мяне ў царкву, пры якой быў таксама невялічкі кляштар закону Св. Аўгустына, дзе выслухалі мы Св. імшу. Па абедзе


Адплыццё маракоў.


наведаў я яго ў палацы, дзе ён на той час спраўляў суды. Было адтуль відаць далёка ў моры, і бачылі мы «Сагіцыю» нашу, якая ніяк не магла пераплыць на другі бок выспы ў бок Барбарыі дзеля супраціўнага ветру, мора ж тут прасторнае і бяспечна па ім плаваць, але яна блізка ад Архіпелага ішла, дык зноў буры яе апанавалі, загнаўшы аж да Карцыры.


Пішу гэты трэці ліст адсюль да цябе, таму што баюся, каб мне тут на Крыце дзеля бураў і непагадзі даўжэй за спадзяванне і патрэбу маю жыць не давялося. Паспяшаюся, аднак, у Кандыю, а калі пабачу што цікавага, не праміну табе напісаць. Дадзена ў Сіцыі, года Гасподняга 1583, 25 кастрычніка.