Пэрэгрынацыя Мікалая Крыштафа Радзівіла — Ліст першы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search

ПЭРЭГРЫНАЦЫЯ, АБО ПАЛОМНІЦТВА ЯСНА АСВЕТЛЕНАГА КНЯЗЯ ЯГАМОСЦІ МІКАЛАЯ КРЫШТОФА РАДЗІВІЛА Ў СВЯТУЮ ЗЯМЛЮ


У імя Тваё, Госпадзе Хрысце


ЛІСТ ПЕРШЫ


Ты прагнеш ад мяне вестак не толькі пра тое, якім спосабам, але і з якіх меркаванняў я спадняўся на падарожжа (ужо ў імя Гасподняе распачатае), падарожжа гэтак далёкае, а як шмат каму здаецца і небяспечнае, маючы здароўе надсаджанае і надта аслаблае (пра што некаторыя добра ведаюць, а ты найлепей). Што ж да небяспечнасці, дык я заўсёды іначай лічыў і лічу, бо наканаванне і правід Божы адным у далёкіх дарогах памысную і шчаслівую ўдачу даруе, а іншым і дома, пры бацькоўскіх сценах, да сумлеўнага шчасця цяжкія і няпэўныя нагоды адкрывае. Таму ж я, каб жаданню твайму дагадзіць, дасылаю табе гэтага


Сяброўскае паведамленне, а не гістарычнае апісанне.


майго падарожжа (наколькі здолею прыгадаць) спісаны пачатак, хочучы, каб ты зразумеў, што пісалася гэта табе аднаму. Гісторыкі, папраўдзе, звычайна ў далёкая падарожжы выпраўляюцца, каб апісаць правінцыі, звычаі народаў і іншыя рэчы, але ж я (чый стан і заняткі ты добра ведаеш, а таму пра ўсе легка здагадаепіся) паломніцтва мае з іншых прычын распачынаю, што высветліцца ніжэй, і таму на манер гісторыкаў пісаць да цябе не буду. Бо калі б мяне такая ахвота на падарожжа гэтае натхніла, тады б, дома седзячы, ад памёрлых майстроў (то значыць з кніжак, як Альфонс1, кароль арагонскі, іх называў) пра ўсе хутка мог бы даведацца. Дык жа і будзеш, дзеля свае ўцехі, чытаць лісты мае, якія я, калі надарыцца нагода і будзе легка пісаць, табе пасылаць буду. Праўда ж, што стомленаму чалавеку болей спакой спрыяе, чым пісанне, што я і цяпер (хоць яшчэ толькі да Крыта2 дабраўшыся) на сабе аж залішне адчуваю.


Мяркую, што дайшоў да цябе ліст, які выслаў я па ад’ездзе маім з Горадна ад Караля Я. М.3, які мне досыць значную ласку сваю каралеўскую выказаў з пэўным жаляваннем, што я ў такія далёкія краіны выпраўляюся. Напісаў быў я табе і тое таксама, як Кароль Я. М. раіў мне,


Што кароль Сцяпан яму пра тое падарожжа раіў.


каб я дзеля выпадкаў розных на моры ды дзеля разбойстваў сухазем’ем ішоў да Канстанцінопаля, а адтуль да Алепа5 (узяўшы сабе чаўша6 і янычараў7 з Турэцкае брамы8, якія за ўсіх іншых найболей важаць). Багабоязны Кароль рупіўся і аб тым, каб я ніякім чынам згубіцца не мог, калі б мне паважная небяспека пагражала, дзеля чаго лепей з ведама імператара турэцкага дзеяць і, узяўшы ў яго пашпарт, ехаць. Абяцаў ён пры тым таму імператару як найпільней напісаць і ганца свайго выслаць, які б у гэтай справе прычыніўся. Я ж з другога боку Каралю Я. М. свае рацыі выклаў, паказаўшы Я. К. М., чаму бяспечней было б падарожжа тое на ўзор іншых учыніць, а найболей таму, што я не бачыў, як, рушыўшы з Канстантынопаля, мог бы я сухазем’ем ехаць; калі ж наадварот, як я перад тым шмат ад каго чуў, морам і карацей, і лягчэй, і бяспечней магу вандраваць. Але якая была найгалоўнейшая прычына майго паломніцтва ў Палестыну, цяпер каротка паслухай.


Божыя рады да збавення нашага.


Ведаеш добра без ніякага сумлеву, бо ты католік, як рознымі спосабамі Госпад Бог людзей аблудных на шлях збавення настаўляе, і ўсе гэтае Ен не дзеля сябе чыніць, бо хоць бы чалавек добрае рабіў, нічога Бог не набудзе, а хоць бы злое, дык нічога не страціць; але як нам святапраўдна паабяцаў, што жыцця, а не смерці грэшнікаў прагне, то дзеля таго гэтак з намі абыходзіцца. Найгалоўнейшы спосаб, якім людзей ад грэху ратуе, ёсць бясконцая ласка Ягоная, невыказныя дабрадзействы Ягоныя. Бо як Ён найдабрэйшы, і сам ёсць найвялікшая і найдасканалейшая дабрыня, дык нічога іншага выявіць не можа, як толькі бясконцую ласку; якую калі на чалавека шчодра вылівае, а той, аднак, няўдзячны ей, нібы конь вольны да ўсялякага грэху імкнецца, хоць і мог бы яго справядліва адрынуць і праклясці, бо яму тое можна і ні перад кім Ён у гэтым не адказвае; аднак жа Міласэрнасцю бясконцай суворасць справядлівага гневу паскрамляе, а Бацькоўскім стараннем дачасныя фрасункі, утрапенні і клопаты на яго спасылае, каб, калі яго ласкавасць і любоў Божая ад злога не магла адвесці, прынамсі, пакаранне паўстрымала і да


Чаму дапускае часам хваробы.


памяці вярнула. І гэта ёсць прычына, дзеля якое розным нягодам, асабліва ж хваробам, чалавека мучыць дазваляе, каб хоць такім чынам той лягчэй зразумеў, да чаго той асёл, якога ў такіх роскошах корміць і даглядае, мае некалі прыйсці, і чаму тыя дачасныя багацці прамінальнаму ценю слушна прыраўноўваюцца. Хай жа блаславіцца Найсвяцейшае Госпада нашага імя, які тым лёгком і кароткім напамінкам стрымлівае нас, каб мы пасля на вечныя пакуты аддадзеныя не былі. Дапраўды кажу табе, гэтак ён і са мною абышоўся. Бо калі Ён мне незлічоныя і невыславёныя дабрадзействы і ласкі свае паказаў, я Яму не толькі, ад грахоў адступіўшы, удзячнасць не выказаў, але ў маладосці гадоў маіх, з дабрадзействаў Ягоных не скарыстаў, грахі да грахоў дадаўшы, і што з іншымі грэшнікамі бывае, калі здароўе ад прыроды цэлае і добрае ўзяўшы, распустай яго загубляюць і час смерці сваей набліжаюць (паводле словаў Мудраца: «Не ўзялі мы, але самі сабе скарацілі жыццё, не ўбогія ў ім, але марнатраўцы былі мы»), тое і са мною сталася. Бо цяжкая хвароба з акрутнымі болямі ў галаве і розных іншых немачаў поўная напаткала мяне года Гасподняга 1575, месяца жніўня (у якім другога дня 26 гадоў майго жыцця споўнілася). А як, калі чалавек целам хварэе, дарма пра яго старанна дбае, калі пакідае душу без увагі, таксама ж і я, пабачыўшы, што лекары нічога справіць не могуць, усім сэрцам сваім праз споведзь Святую і прыняцце Найсвяцейшага таемства звярнуўся да Госпада Бога, пакорліва просячы, каб, грахі маладосці маёй дараваўшы, падказаў бы сэрцу майму, што з Яго Найсвяцейшае велічы хвалаю вечнай было б. І так, калі ўсё часцей палымяна да Госпада Бога заклікаў, аднойчы ў месяцы верасні, будучы пры ахвяры Гасподняй, даў зарок (пра што я пасля спавядальніку свайму сказаў), што як толькі мяне міласэрны Госпад Бог да ранейшага здароўя верне, магілу Збаўцы Госпада майго ў Ерусаліме наведаю. Але гэтаму пачынанню майму пэўнага часу я не прызначыў. Тым часам не пераставаў я ўжываць і лекаў, якія, аднак, на марна ішлі.


Года Гасподняга 1576 быў я ў цяпліцах Явараўскіх9 у Польшчы.


Года Гасподняга 1577 таксама з лекарамі час марнаваў. Аж пакуль не ўсчалася вайна нашая Літоўская за Інфлянты10, на якой з іншымі і я сам быў, калі князь маскоўскі11 тую правінцыю плюндраваў, а кароль Сцяпан пад Гданьскам стаяў12 абозам.


Года Гасподняга 1578 паведаміў я Святому Айцу папу Рыгору XIII, што дзеля папраўлення лекамі і цяпліцамі здароўя майго ў Нямеччыну еду, а калі б мяне Госпад Бог уздаровіў, абяцаў падарожжа ў Ерусалім да магілы Збаўцы. Што мне на тое Айцец адпісаў, пабачыш з гэтага

ліста.


Улюбёнаму сыну

шляхетнаму мужу

Мікалаю Крыштофу Радзівілу

Князю Алыцкаму

Папа Рыгор XIII


Улюбёны сыне, шляхетны мужу, прывітанне і Апостальскае блаславенне. Багабоязна і мудра зацнасцю тваёй чыніш, калі лекамі так здароўя шукаеш, што ўсе надзеі ў міласэрнасці Гасподняй пакладаеш. Ухваляем і ўжыванне цяпліцаў, і задуму тваю падарожжа Ерусалімскага да магілы Збаўцы, маючы ў яго Міласэрнасці надзею, што цябе ранейшым здароўем уцешыць. Блаславенне Апостальскага пасаду нашага, якога просіш, даём табе тым лістом нашым, і павяртання здароўя, і ўсяго найшчаслівейшага, і вясёлае ўдачлівасці, а таксама ласкавасці ад самога Госпада Нашага зычым. Дадзена ў Рыме, пры Св. Пятры, пад пячаткаю Рыбака. Дня апошн. красавіка 1578, пантыфікату нашага года сёмага.


Антон. Букападуліюс.


Калі здароўе мае крыху палепшылася, вырашыў я вярнуцца дадому з тае прычыны, што ў Нямеччыне не мог я знайсці нікога, з кім можна было б пра тое падарожжа пагаварыць. І так адразу ўвосень на айчыну вярнуўся і вырашыў наступнага года ў Італію, а адтуль у Палестыну14 выправіцца. Але як тае ж зімы кароль Сцяпан, у В. К. Літоўскае прыехаўшы, на лета ў годзе Гасподнім 1579 вайну Маскоўскую15 абвясціў быў, то ж стан мой


Вайна Маскоўская.


рыцарскі патрабаваў ад мяне, каб я Каралю Пану майму проці супольнага айчыны непрыяцеля дапамог. Так што год той разам з іншым рыцарствам В. К. Літоўскага прабавіў я на вайне Полацкай, дзе, з паўгаку16 ў галаву паранены, як толькі ачуняў, новым тым дабрадзействам Гасподнім узрушаны, да абяцання майго вярнуўся.


Вось жа, года Гасподняга 1580 паехаў я ў Італію з тым намерам, каб трохі цяпліцамі падмацаваўшыся і лекамі падтрымаўшыся, скончыць распачатае падарожжа, але там, за справай і распараджэннем лекараў то адных, то другіх цяпліц ужываючы, прабавіўся да жніўня, і так мне тое лета мінулася. Тады я ўжо хацеў быў да зімы ў Венецыі17 на карабель сесці, але тым часам прыплылі з тых краёў іншыя, паведаміўшы, што ў цяперашнім


Як пошасць у Егіпце і Палестыне пануе.


1580 годзе пошасць, у Грэцыі, Сірыі, Палестыне і Егіпце надта вялікая пануе, якая да трох разоў сунімацца і зноў выбухаць можа. Бо ў першым годзе невыказальна лютуе, у другом не так моцна, у трэцім яшчэ меней, і бясконцую дабрыню Гасподнюю кожны пры тым бачыць можа, бо Ён не так хрысціянаў, як паганцаў карае. Навіну тую пачуўшы, амаль усе, каб я відавочнай небяспецы сябе не падставіў, ад таго падарожжа мяне адмаўлялі; дый караблі, што на лета збіраліся ў тыя краіны, не так пільна рыхтаваліся да дарогі. Тым часам прыйшла таксама навіна, што кароль Сцяпан у наступным годзе зноў на Маскву з войскам едзе. І так, хоць і не да канца паправілася здароўе, зіму года 1581 перажыўшы, вярнуўся я на айчыну і ўсе лета з каралём над Псковам18 у абозе сядзеў. Узімку паехаў дадому, дзе ўсе пра мае падарожжа Палестынскае ведалі, дый сам я таго не хаваў, дык і яны мяне нямала адрайвалі; і сам я крыху слабець пачаў, зарок мой так сабе выкладаючы, што павінен быў яго выканаць толькі


Дзіўныя развагі.


цалкам акрыяўшы, бо цяпер разам з гадамі і слабасць надыходзіць. І як думкі такія часта мяне займалі, а я ўсе Госпаду Богу паводле звычаю ў малітвах маіх давяраў, вырашыў я праз споведзь і праз прыняцце Найсвяцейшага таемства Боскага ратунку шукаць. І сапраўды, адразу прыйшло мне на памяць, што я без патрэбы здароўе марную, і калі ўжо хадзіць і ўсе рабіць і на вайну ездзіць, дык і ў далёкае падарожжа выправіцца магу. То ж калі ўсе тое дзеля зямнога караля, або прыяцеля, або з патрэбы якое раблю, дык чаму ж бы цяжкасцяў таго падарожжа меўся сцерагчыся) якое самому Богу, каралю над каралямі, даўцу ўсіх багаццяў святапраўдна паабяцаў. І так усім сэрцам усяго сябе Госпаду Богу аддаў, і стала а цвёрда пастанавіў, не зважаючы на здароўе, намер свой выканаць, надзею ў ім пакладаючы, што мне дапаможа, і што з удзячнасцю прыняў бы з рук Ягоных смерць, калі б давялося там памерці, абы толькі мясціны Святыя пабачыць і зарок мой дарэшты споўніць.


І так года Гасподняга 1582 распарадкаваўшы мой дом і склаўшы тэстамент (бо вярнуцца на айчыну я болей не спадзяваўся), у жніўні паехаў я ў Горадзен да караля Сцяпана, каб яму пра падарожжа паведаміць і адразу з ім развітацца. Ён усяляк адгаворваў мяне ад таго, раючы, каб я лепей у Рым ехаў, чым з такім слабым здароўем у такую небяспечную дарогу пускаўся. Але калі я адказаў, што ўжо гэтак я канечна ўчыніць пастанавіў, і ад таго адмовіўшыся гнеў Гасподні наклікаў бы на сябе, і людскім языкам даў бы нагоду, і рэпутацыі сваей мог бы пашкодзіць; дык ён як мог намаўляў мяне, каб я хоць праз Канстантынопаль4 ехаў, абяцаючы ўсяляк старацца пра тое, каб я бяспечна мог намер свой выканаць. Атрымаўшы ў караля дазвол, вярнуўся я ў Нясвіж, дзе было ўжо ўсе гатова, і, Найсвяцейшыя таемствы прыняўшы, у імя Гасподняе 19 дня верасня года Гасподняга 1582 выправіўся ў дарогу; а як на той самы год направа календара прыпала19, то ў лістападзе быў я ўжо на мяжы італійскай і крыху забавіўся, спраўляючы набажэнства ў некаторых мясцінах Ламбардыі20, пасля ж, восьмага дня снежня ў самое свята пачацця Найсвяцейшае Дзевы (колькі дзён перад тым выслаўшы чэлядзь у Верону21), прыехаў у Венецію. Там адразу пайшоў да князя венецкага Мікалая дэ Понтэ22 з лістамі каралеўскімі, у якіх кароль настойліва яго прасіў, каб мяне капітанам сваім у Грэцыі і на памор’і пільна адрэкамендаваў, што тым з меншай цяжкасцю атрымалася, што і я перад тым, і род мой, і фамілія венецыянам знаёмыя і вядомыя былі. Гаварыў я і з пракуратарам Святой Зямлі23, які заўсёды ў кляштары Св. Францішка дэля Вінья перабывае, а на той час быў на гэтай пасадзе айцец Ян з Кандрыі. Быў я таксама і ў айца Ярэміі дэ Боэса, гвардыяна24, які двойчы быў у Святой Зямлі над братамі пастаўлены і там дванаццаць гадоў пражыў. Узяўшы ў іх інструкцыю, як я меўся сябе паводзіць, пачаў я рупіцца пра тое, каб з першым караблём выправіцца (які па Трох Каралях выязджае, калі, паводле звычаю Св. царквы, блаславенне мора спраўляецца), і спяшаўся вельмі, хочучы святкаваць Вялікдзень ужо ў Ерусаліме. Раілі мне сябры, каб я сеў на карабель, які Галеон25 Тарнэляў завецца, ад імя гандляра Тарнэля, уласніка ягонага. Не быў ён, што праўда, вялікі, бо толькі шэсцьсот бочак змяшчаў, і да таго ж стараваты, бо яшчэ трынаццаць гадоў таму збудаваны, але і дзеля хуткасці, і дзеля добрае ўдачы вялікія меў перавагі; да таго ж патронам26 на ім быў вельмі дасведчаны Аўгустын дэ Якомо, з якім я пачаў чыніць торг, бо ён па Трох Каралях выязджаў. І тады ж я вялікую Боскую ласку спазнаў, калі, хочучы хутчэй ад’ехаць, іншыя караблі мінаў, а якраз пра гэты стараўся. Бо адзін галоўны карабель, Руджына званы, у канцы студзеня года Гасподняга 1583 з порта выйшаў, і, адплыўшы недалёка, буры вялікія пры рове Клаўдыйскім цярпеў, і, катвігі ўсе спусціўшы і зрубіўшы шчоглу, ледзь ад смяротнае небяспекі ўратаваўся; так, што з незвычайнай цяжкасцю да Істрыі27 некалькі міляў ад Венецыі праплыў, і там стаяў усю зіму, а хто на ім ехаў, мусіў у Венецыю вярнуцца. У сярэдзіне лютага два меншыя караблі ў Александрыю29 выправіліся. Тады я, знудзіўшыся ад чакання, хоць праз Егіпет30 і далейшая дарога да Ерусаліма, вырашыў на адным з іх плысці; але дзеля таго, што былі яны малыя дый да таго капітанаў (патронамі званых) мелі недасведчаных, сябры мяне адгаварылі. І добра, што так сталася, спазнаў я міласэрнасць Божую. Бо адзін з іх недалёка ад Рагузы31 патануў, а другі пад выспай Карцыра32 бураю і хвалямі шарпаны так рассыпаўся, што адзіны толькі чалавек ледзьве выплыў. Напісаў я пасля Св. Айцу, паведаміўшы яму, што ліст яго першы атрымаўшы, дзеля розных прычын і перашкодаў не мог выправіцца ў падарожжа, і цяпер, абладзіўшы ўсе свае справы, прашу, каб мне зноў дазвол на тое падарожжа выслаў. Такі ж бо звычай ёсць і распараджэнне, што хто ў Ерусалім едзе, ад Св. Айца пісьмовы дазвол або ад ураду на тое ўсталяванага ўзяць мае; інакш бо католікі яго сцерагуцца, і чалавек такі ў тамтэйшых законнікаў трапляе пад падазрэнне, што да сыноў царквы не належыць. Звычайна ж так бывае, што тыя, хто толькі каб свет пабачыць (хоць ім і рэдка тое ўдаецца, бо нечакана паміраюць або дзіўныя выпадкі з імі здараюцца), а не дзеля набажэнства на падарожжа тое спаднімаюцца, шмат клопатаў католікам дзеля непрыстойных і нясціплых звычаяў сваіх чыняць, і таму не толькі шкоду, але і небяспеку прыносіць. Бо калі нешта непрыстойнае зробяць, католікі за іх церпяць, а калі грошай на выкуп не маюць, тады ўбогія законнікі іх, каб у няволю турэцкую забраныя не былі, выкупіць мусяць. І хоць з прычыны добрага знаёмстваі з віднейшымі італійскімі панамі і з законнікамі я мог ніякіх лістоў з сабою не браць, аднак жа не хацеў пахвальнага звычаю св. царквы абмінуць, і каб, паломнікам будучы, мець права законы паломнікаў ужываць, вырашыў я найперш атрымаць ад Св. Айца блаславенне. Св. Айцец ліст мой праз Юрыя Тыцынія, схаластыка віленскага, агента караля польскага ў Рыме, атрымаўшы, спытаўся, ці я ўжо сапраўды (здароўя яшче няпэўнага дый у часе тым, калі найболей разбойніцтва на моры пануе) вырашыў падарожжа Ерусалімскае справіць. І досыць адкрыта выказваўся, што калі б я ў Рым прыбыў, ён, зарок мой на нейкія іншыя багабоязныя ўчынкі замяніўшы, рады быў бы мяне ад яго вызваліць. Але пачуўшы, што я настойліва пры тым стаяў, і пашпарт, які мне там паклаў, з бацькоўскаю амаль што любоўю, і пацеркі з адпустамі вялікімі мне выслаў, дадаўшы, каб я на яго ў малітвах сваіх ніколі не забываўся, бо і ён падарожжа мае на кожны дзень Госпаду Богу даручае.


Улюбёнаму Сыну, Шляхетнаму Мужу

Мікалаю Радзівілу,

Князю ў Алыцы і Нясвіжы,

Маршалку Вялікаму Літоўскаму

Папа Рыгор XIII.


Улюбёны сыне, шляхетны мужу, прывітанне і Апостальскае блаславенне. Паведаміў ты нядаўна нам, што дзеля набажэнства і з любові да Госпада Бога хочаш Гроб Гасподні у Ерусаліме, а пэўна, і іншыя за морам Святыя мясціны наведаць, калі табе Святая Апостальская сталіца дазволіць. і пра тое, каб нам пакорна тую просьбу тваю абвясцілі, і каб мы тую волю тваю набожную з ласкі Апостальскай задаволілі, стараўся. Вось жа, мы, жаданне і ласку нашую (не кожнаму прызнаваную) хочучы табе паказаць, такімі тваімі просьбамі намоўленыя, каб ты Гроб Гасподні і іншыя за морам Святыя мясціны сам сваёю асобай мог наведаць, толькі б ты рэчаў забароненых да паганцаў не вывозіў, дастатковы і вольны дазвол Апостальскай сілаю даём у гэтым нашым лісце. Дадзена ў Рыме пры Св. Пятры, пад пячаткаю Рыбака. Дня 22 студзеня, 1583, пантыфікату нашага года адзінаццатага.


Цэз. Гларыерыюс.

____________________________


Папа Рыгор XIII.


Усім увогуле і кожнаму паасобна, Каралям, Князям, Гетманам, Маркграфам, Графам, Баронам, Дзяржавам і іх Падуладным, Капітанам над войскамі марскімі і над караблям), і іншым Панам свецкім, і Нам, і Святой Царкве ўласна або нейкім правам падпарадкаваным, прывітанне і Апостальскае блаславенне. Дзеля таго, што муж шляхетны Мікалай Крыштоф Радзівіл, Князь на Алыцы і Нясвіжы, Найвышэйшы Маршалак В. К. Літоўскага нядаўна паведаміў нам, што гроб Ерусалімскі Госпада Нашага тымі часамі хоча наведаць; Мы з асаблівае да таго Князя Бацькоўскае любові дарогі яму паўсюль бяспечнае зычым і жадаем, і Вам, якія нам не падданыя, пільна напамінаем і дамагаемся, а падданым нашым загадваем, каб, калі той Князь да Вас або да Нашіх земляў прыбудзе, гэтак яго, як і чэлядзь, і таварыства яго, ласкава і шчодра прынялі, і так яго высакароднасці, як і жаданню і волі Нашай дагаджаючы, з любоўю з ім абышліся. Калі б ён абароны якое або вольнага праезду патрабаваў, каб вы ахвотна тое дазволілі, дбаючы, каб мы Вас з прыхільнасці да памянёнага Князя выяўленай, слушна мелі адрэкамендаванымі і за такою жа нагодаю такую самую ласку Апостальскую паказалі. Дадзена ў Рыме пры Св. Пятры над пячаткаю Рыбака. Дня 22 студзеня, 1583, пантыфікату нашага года адзінаццатага.


Цэз. Гларыерыюс.


Калі мы такім чынам збіраліся ў дарогу і заставалася толькі сесці на карабель, Боскае прызваленне і наканаванне пэўныя цяжкасці надсылала, каб мы ад берага не адплывалі. І выявілася пасля, што добра сталася, што мы не так хутка, як хацелі, з места вырушылі. З гэтае


Відаць, рука Гасподняя была з ім.


прычыны мы ўвесь Вялікі Пост і Вялікдзень заставаліся ў Венецыі, пільнуючы набажэнства, паводле волі Гасподняе і з Ягонай падтрымкаю. І толькі ў суботу на Светлым тыдні года Гасподняга 1583 дня 16 красавіка, каля 22 гадзіны, у бацік сеўшы ў Венецыі, да кляштара Св. Марыі della Gratia закону Св. Ераніма на выспе прыплылі (калі я ўранні, ужо паломніцкія шаты ўздзеўшы і Найсвяцейшым таемствам забяспечыўшыся, гэтае мае падарожжа Госпаду Богу майму даручыў), а адтуль, у порце Маламока33 пасля заходу сонца на карабель сеўшы, а трэцяй гадзіне ўночы, паднялі мы катвігу, на світанні дня таго (было 17 красавіка) адплыўшы; ды праз дзень і ноч, а другі дзень лёгкі ветрык павяваў, затоку Тэргестынскую34 прамінулі. А калі вецер зусім сціх, стаў карабель недалёка ад Парэнцыя35, старога мястэчка істрыйскага, якое хоць не надта вялікае, але ў прыгожай мясцовасці размешчанае і мае на сабе адбітак даўніны. Некаторыя мяркуюць, што пасля выкрадзення Алены


Парыс Траянін места заснаваў.


збудаваў яго Парыс, і звалі яго перад тым Парыдын, або Парыдыній, ад яго імя. Сюды караблі прыстаць не могуць, таму і наш за чвэрць мілі ад берага стаяў. Я ў барліне да касцёла Францішканскага дабраўся і, св. імшы паслухаўшы, агледзеў места, а пасля вярнуўся на карабель. Надвячоркам усхадзіўся ветрык, мы таксама вырушылі і на світанку прыплылі у пусты порт у Далмацыі36, званы ў наваколлі Тарэта, і там


Далмацыя.


дзеля супраціўнага ветру (дзьмуў між усходам і поўднем, італійцы завуць яго сірока) мусілі тры дні стаяць. А як адтуль было да места Зары37 пяць міляў, дык, кінуўшы катвігі, батам даплылі мы да выспы Сала, і пехатою да вёскі з той самаю назвай паўмілі прайшоўшы, апоўдні ўвайшлі ў карчму, дзе п’яных мужыкоў знайшлі, якія, пабачыўшы нас у шатах паломніцкіх, а да таго ж чуючы, што гаворым па-польску (разумелі бо славяне самі), а пра карабель наш не ведаючы, палічылі нас за шпегаў, тым болей там недалёка ёсць колькі замкаў турэцкіх, адзін Бокаль ад іх толькі мілі за паўтары. Дык хацелі нас злавіць, і ўжо былі па вяроўкі паслалі таварышаў сваіх, якім я ліста венецкага князя (як падданым) паказаць не хацеў, каб яго людзі п’яныя не падралі, але прасіў, каб нас да свайго пана правялі, што яны і ўчінілі. І калі мы там ішлі, спаткалі іх суседзі, сказаўшы, што нашых у касцёле болей, чым яны спадзяваліся.


Езуіты не лайдачаць, свет наварочваюць.


А прыехаў быў Войцех, біскуп Сідонскі з двума святарамі таварыства Езуса, Леанардам Сіцылійцам і Ігнатам Гішпанам, якіх Рыгор XIII для прышчаплення веры ў Сірыю быў паслаў, і таму яны разам з намі ў тым самым караблі у Трыполь Сірыйскі плылі. І так калі нашых болей, а асабліва пісара карабельнага Ераніма Варнана, ім ужо знаёмага, пабачылі ніякіх нам пасля клопатаў не чынілі, і нават калі мы ў плябана абедалі, перапрашалі мяне, каб я іх перад урадам Заранскім не абвінавачваў, вельмі таго баючыся. Па абедзе я, наняўшы сабе барку38, у Зару, места венецкае ў Далмацыі, надзейна ўмацаванае, па гадзіне 21-й


Зара, места ў Далмацыі.


выправіўся і, даплыўшы, сустрэў каля порта прэтара39 венецкага Вінцэнта Маразіна, які там прахаджаўся і спытаўся ў мяне, ці спрыяла нам надвор’е. Пісар наш, з баркі выйшаўшы, паказаў яму пашпарт, і той, прачытаўшы яго, казаў нам на зямлю ссесці і, прывітаўшы нас, да места правёў, равы і муры фартэцы паказаў і з сапраўднай пашанотаю ў палацы сваім прытулак нам даў. Назаўтра (то быў дзень Св. Марка40)


Венецкая дзяржава дзень Св. Марка святкуе.


пайшлі мы ў царкву, і быў я там на шэсці, якое па ўсей Венецкай дзяржаве з вялікай урачыстасцю абыходзяць. Наведаў я таксама некаторыя касцёлы, а менавіта Св. Сымеона касцёл, старца таго, пра якога ў Евангеллі напісана, што ён Хрыста Госпада трымаў на руках41


Св. Сымеона цела дагэтуль цэлае.


сваіх, там цела яго Святое пад вялікім алтаром ляжыць амаль зусім цэлае, ані не парушанае, бачылі мы яго і дакраналіся самі. Паабедаўшы, пайшлі мы з палаца на барку, і пасля да нашых даплылі. Калі былі мы ў Зары, скаргу разбіралі на сто дваццаць чалавек жаўнераў, якіх сенат венецкі ў тым самым караблі нашым на выспу Крыт пасылаў, дзе прэтар загадаў таксама, каб за шкоду кожнаму заплацілі.


Раніцай адплылі мы ад таго порта; цэлы дзень пасля і ноч вецер


Балёна, места турэцкае.


паўночны, што паміж поўначчу і ўсходам, недалёка да Балёны42, места турэцкага, надзвычай гвалтоўна нам шкодзіў.


Травень


З Адрыяцкага мора выплылі мы ў мора Міжземнае, якое Афрыку ад Еўропы дзеліць.


Карцыра, Цэфалонія.


Мінулі мы пад вечар выспу Карцыра, а ўночы Цэфалонію43.


Прыплылі мы каля гадзіны 18-й у Зацынт44. Там я адразу пайшоў у кляштар Бернардынаў Шчаснай Марыі, дзе на той час айцец Баніфацы з


Выспа Зацынт.


Бергама быў гвардыянам. У тым самым кляштары паказваюць стары камень магілы Цыцэронавай, з надпісам літарамі грэцкімі і кажуць, што пад ім у каменным збане попел таго Цыцэрона, пры пахаванні, паводле звычаю паганскага, (якім ён сам і быў) спаленага. Назаўтра Марк Антоні Вэнарэй, прэтар венецкі, запрасіўшы мяне да сябе, шчодра частаваў у замку, які на высокай гары, па-старасвецку, кругам змураваны. На другі дзень слухалі мы Святую імшу ў кляштары Францішканскім Св. Гальяша, што стаіць на пекным пагорку, над самым местам. Сад пры ім, што праўда, не надта вялікі, але надзвычай прыгожы. Нідзе ва ўсей Грэцкай дзяржаве (як самі грэкі сведчаць) няма большых апельсінаў, цытрын і


Апельсінаў, лімонаў і цытрын ураджай.


лімонаў за тыя, што растуць тут на гэтай выспе, дзе штогод двойчы па сто тысяч кашоў разынак меншых, а віна чырвонага і белага каля трыццаці тысячаў бочак выходзіць, што і Марк Сэкурый венецыянін, на той час мытнік, і іншыя гандляры як рэч пэўную сцвярджалі. Па абедзе паехаў я ў грэцкую царкву Св. Марыі Піскапскае, якая на гары вельмі высокай, адкуль Аркадыю45 відаць, за мілю ад места размешчаная. Трымаюць там венецыяне дзеля туркаў варту.


Землятрус.


Церпіць тая выспа ад частых землятрусаў, з якое прычыны дамы нізкія будуюць, вось жа і пры маім тут побыце ўночы зямля, праўда крыху і нядоўга, трэслася.


А 23 гадзіне пакінуўшы Зацынт, мінулі мы з левага боку замак турэцкі Тарнэзэ ў Пелапанэсе, які за паўтары мілі ад Зацынта ляжыць у моры.


Мінулі мы таксама і выспы Страфады46, на адной з якіх манастыр ёсць


Манахі Калаеры бываюць у Польшчы.


грэцкі закону Св. Васіля, дзе манахі Калаерамі47 званыя жывуць. Мінулі таксама выспу Сапіенцыя48. А таксама і гару Мэтапаін49, што далёка ў мора заходзіць. Вецер рэзкі дзьмуў і небяспечны.


А 21-й гадзіне паміж выспаю Цытэрэяй50 і Манлійскай гарою51, што ў мора заходзіць, выйшлі мы ў мора Эгейскае, з моцным, але шчаслівым ветрам Каўрэнам, які паміж захадам і поўначчу дзьме.


Выспа Крыт.


Недзе каля поўдня пры мысе выспы Крыт, Фраскія званым, а перад тым Палео Кастро, кінулі мы катвігу, і, сеўшы ў бат, а 22-й гадзіне ў Кандыю52 (старажытныя яе Кандар называлі) прыплылі. і, не могучы дзеля вятроў увайсці ў порт, высадзіліся мы на бераг, дзе крыху мусілі пачакаць, пакуль з пашпарта нашага не пабачаць, што мы з здаровага месца едзем. Прыбыўшы ў места, я пайшоў у кляштар Св. Францішка. Назаўтра князь кандыйскі Мікалай Данат у палацы мяне частаваў.


Лабірынт на Крыце.


Паехаў я сухазем’ем па краях гары Іда ў лабірынт Тэзэеў, які і сёння гэтак завецца. Я пагаджаюся з тымі, хто месца тое не за лабірынт, але за гэткую капальню, дзе каменне ламалі, лічаць, чаго сведкамі і крушні камення і дарогі, якімі каменне тое вазілі. Ёсць тут шмат лёхаў, куды ісці можна хіба што запаліўшы паходню; дый тады надта асцярожным трэба быць дзеля кажаноў, каб свечкі не загасілі лётаючы, а пасля у той


Дзіўная перамена паветра.


цемрадзі не заблыталі. І тое там яшчэ дзіўнае, што калі з поўначы хто на поўдзень ідзе праз горы, пабачыць, што каля Картыны ўжо тыдзень, як жніво скончылася, а каля Кандыі яшчэ ўсе на полі; там ужо спелая садавіна, а тут на поўначы далёка яшчэ да таго. Дзеля позняга часу не мог я вярнуцца ў Кандыю, і з тае прычыны ў невялічкім адным


Смутны выпадак.


кляштары ў Бернардынаў начаваў, дзе толькі трох было законнікаў, якія мне распавялі, што за тры тыдні да майго прыезду пайшлі нейкія людзі з Кандыі ў лабірынт, каб агледзець яго. Законнік, які разам з імі пайшоў, неяк у лёху адным (бо іх там безліч) заблудзіў і застаўся; а мы, кажа, таксама падумалі, што з імі разам у Кандыю паехаў. Аж на трэці дзень праз выпадак шчаслівы госці нейкія, туды ж увайшоўшы, на манаха таго натрапілі, які, голадам змораны, быў непрытомны, амаль ужо розум страціў і, седзячы, смерці чакаў. Дык, пазнаўшы яго, прывялі ў кляштар, там ён хварэў доўга, бо ад розуму быў адышоў, пільнасць вялакая вакол яго была, і так ледзьве ачуняў.


Гартына, места славутае.


Агледзеў я надзіва вялікія руіны места Гартыны53, якое цар Таўрус54, Еўропу, дачку Агенораву, выкраўшы, збудаваў і імем маці сваей назваў. Мясцілася места тое ніжэй пад самым лабірынтам, і гэта ясна паказвае, што з тых камянеў мураванае было, якія з таго ўяўнага лабірынта выломвалі і вазілі. Вялікае і прыгожае было места, як апоры і калоны некалі цудоўныя сведчаць, якія дзеля гушчыні іхняе лесам нейкім здалёк здаюцца. Ёсць тут таксама і сляды разваленага касцёла, вялікім коштам


Мост каменны.


некалі збудаванага. Але найдзіўнейшы тут мост праз маленькую рэчку, з вялізных квадратных камянеў, якія ні волавам, ні вапнаю не злучаныя, аднак гэтак модна трымаюцца, што бяспечна па іх ездзіць можна.


Таго самага дня ўвечары вярнуліся мы ў Кандыю.


Князь кандыйскі і Францішак Барбарыг капітан, Віктарын Бунон, Ян Марк Молін сакратары, узяўшы мяне з сабою, пайшлі ў касцёл, дзе мы слухалі Святую імшу. Тамсама пасярод касцёла каля другога алтара імша па-грэцку адпраўлялася. Бо ж даўнімі дэкрэтамі айцоў Святых папаў тое прадугледжана і загадана, каб у некаторыя святы ўрачыстыя ўрад і


Католікі, калі трэба, у грэцкіх касцёлах каталіцкіх бываюць; касцёл і галава Св. Ціта.


кіраўніцтва гэтае выспы на Літургіі Грэцкай прысутнічалі, што і іншым католікам бяспечна чыніць і ў Грэцкія храмы хадзіць належыць, калі няма касцёлаў паводле нашага абраду. Было таксама шэсце ў фарны касцёл Св. Ціта55, дзе яго галаву Святую ўсю з вялікай пабожнасцю людзям паказвалі. Паабедаўшы, прывітаў я арцыбіскупа, які з дазволу Апостальскага пасаду ўборы кардынальскія тут у Кандыі носіць, і гэтак убраны, у касцёл прыехаў і Святыя рэліквіі нам паказаў, якіх тут вельмі шмат.


Абедалі мы ў Барбарыга капітана, а адтуль выправіліся на карабель. Тым часам дзеля гвалтоўнага ветру былі мы ў небяспецы, снасці рваліся, катвіга патанула, іншыя мы выкінулі, і калі б вецер не сціхнуў, карабель бы разламаўся.


А другой гадзіне ўночы выехалі мы каля выспы Стандыі56 з пагодным ветрам.


Прамінулі мы турэцкія выспы Карпаты і Род57, але з-за цемры цяжка іх было ўбачыць.


Увайшлі мы ў мора Ліцыйскае, а ўначы ў Памфілійскае58.


Кіпр, Паф.


А дзевятнаццатай гадзіне ўбачылі мы Кіпр, а надвячоркам мінулі Паф59.


Дакладна на світанні прыплылі мы ў Леміс60. Туды за адзін дзень перад намі прыплылі былі неспадзявана чатыры галеры князя фларэнцкага61, места сплюндравалі, туркаў паланілі, а каля трыццаці забілі. На беразе вежа стаіць, частка яе пад час землятрусу за колькі гадоў перад тым абвалілася, пры тым некалі туркаў прываліла. Калі я з карабля дзеля агляду мясцовасці выйшаў, заступіў нам дарогу нейкі шаленец, такіх


Бачыш сляпога басурманіна.


звычайна называюць маслочнікамі62, у руках нож шырокі, да брытвы падобны, трымаючы, і, вызначыўшы, што мы паломнікі (а нас было чацвёра), падышоў і спытаўся, маўляў, што мне дасцё, а я за здароўе імператара пана майго зарэжуся. Хацеў за тое манету, якую туркі называюць майдын63. Мы, каб дарма грошы не марнаваць, сказалі, што майдынаў маем не замнога, дый тыя нібыта з цяжкасцю пазычылі мы ў гандляра нейкага валоха, які там на Кіпры і жыў і быў тым часам з намі, і далі яму, пераказаўшы праз тлумача, што ніякага рэзання бачыць не хочам. Але ён, узяўшы майдын, два разы сябе па грудзях досыць глыбока парэзаў, і страшна было кроў, што так густа ліецца, бачыць. Не быў,


Маслок.


відаць, пры розуме, як і тыя, што маслок64 у порах расцершы, п’юць. Лечацца вадою, зёлак нейкіх дадаўшы, і гояцца раны хутка, што і з гэтым сталася. Не далі б мы яму нічога, але нас той гандляр папярэджваў, кажучы, што звычайна тыя нягоднікі хрысіцянаў абражаюць, удаючы шаленства.


Агледзеў я места і пабачыў яго вельмі занядбаным. У Святочную нядзелю біскуп Сідонскі Найсвяцейшую імшу ў храме грэцкім адпраўляў, на якой амаль усе з нашага карабля прынялі прычасце.


Ад сонца соль цвярдзее, як ад марозу лёд.


Уначы вырушылі мы з тае мясціны. Прыплылі мы туды, дзе, як вялікія маразы ваду ў лёд ператвараюць, так сонца сваей моцай і гарачынёю соль скоўвае, так што можна па ей хадзіць, хоць пад ею ёсць вада пітная і добрага смаку. Адразу ж на пачатку восені соль тая дзеля вільготнасці растае, пра што, як шмат хто пісаў, дык я прапускаю. Адтуль недалёка ёсць места Лерніка65, якое амаль тысячу дамоў мае, але мінулаю Турэцкаю вайною66 блізка што спустошанае. А як мы ў гэтай мясціне крыху адпачыць сабе пастанавілі, дык я вырашыў табе той пачатак падарожжа майго выпісаць і паслаць, а болей пасля, як надарыцца нагода, напішу. Пісана ў мясцінах сольных выспы Кіпр апошняга дня траўня года Гасподняга 1583.