Пэрэгрынацыя Мікалая Крыштафа Радзівіла — Ліст другі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search

ЛІСТ ДРУГІ

Чэрвень[правіць]

Прыстойнасць турэцкая[правіць]

Пра плаваніе мае і як прыбыў я на Кіпр ужо табе з той выспы я лістоўна паведаміў. Назаўтра па тым, як адправіў я ліст, гэта значыць першага дня месяца чэрвеня, наняў я карабель невялікі, які ў гэтых краях называюць карамужан, дзе патронам быў араб хрысціянін. Пра што калі стараста турэцкі гэтага места (называюць яго кады67) даведаўся, з намовы грэка аднаго (які быў колькі гадоў перад тым у веру мусульманскую абрэзаўся, хоць і добрага роду на Кіпры чалавек, і які пры здабыцці Нікозіі68 вельмі мужна сябе паказаў, рукою сваёю багата туркаў забіўшы), дык ветразі і снасці карабельныя адразу ў нас забраў, каб мы не адплылі, пакуль што-кольвек яму не дамо. Бо з чаго туркі ў гэтым краі сродкі на жыццё сабе збіраюць: з паклёпу на хрысціянаў і гандляроў. І так таго здрайцу грэка, калі на карабель наш прыйшоў, па-людску і прыязна прынялі мы, і тое-сёе яму падаравалі, калі ён у кады тое, што ў нас было забранае, атрымаў.

А другой гадзіне ўночы селі мы на наш карамужан і да Святой Зямлі павярнулі. Быў на тым самым караблі араб мараніт (так арабы хрысціянаў называюць), які пад Лемісам з карамужанам быў схоплены, калі жаўнеры князя фларэнцкага, напаўшы на места, плюндравалі яго. Ён падрабязна нам расказваў, як мужна хрысціяне з туркамі біліся. Валохі, бачачы, што ён хрысціянін, вольна яго пусцілі, аднак ён мусіў морам за адну мілю валошскую69 адплыць, а адтуль сухазем’ем другую мілю прайсці, бо галеры не хацелі блізка да Трыполя стаць.

Небяспека[правіць]

Як толькі мы вежу (што над портам стаіць пры Яфе70) убачылі, вецер афрык (дзьме паміж поўднем і захадам) гвалтоўна пачаў мацнець, да берага нас не пускаў, ветразі падраў, снасці паабрываў. А калі спраўца і кіраўнік карабля, не ведаючы рады, на Кіпр вярнуцца і пад Караманіяй да берага прыстаць думаў, адкуль бы цяжкая і небяспечная была дарога; пытаўся ў нас, што б мы хацелі ўчыніць, і казаў, што калі б мы падвысілі плату, можна было б гэткім ветрам бяспечна ў Трыполь заплыць. Тады мы, бачачы нерашучасць гэнага патрона, падвысілі плату аж да ста залатых. Прычына ж таго новага торгу была тая, што карамужан ён быў наняў у аднаго араба, і, адвёзшы нас у Яфу, каго іншага узяць меўся, і таму за ўчыненую затрымку, бо мусіў да Трыполя плыць, хацеў даплаты.

Гара Кармэль. Сідон[правіць]

І так, падняўшы ветразі, плылі мы са спорым ветрам і мінулі Алабдану Казатуру, званую раней Цэзарэя71 Атартула Атэліт; а пасля, за мысам Кармэль72, недалёка Пталемаіды73, цалкам разваленую Сарэпту Сідонскую74, пра якую гаворыцца ў Пісанні (3 кн. Цароў, 17, Лк., 14). Места гэтае ляжыць пры гары Кармэль, на вяршыні якой месца паказваюць, дзе Ілля прарок збудаваў быў алтар, у 3 кн. Царстваў, 18, апісаны.

Берыт[правіць]

Мінулі мы таксама Тыр і Сідон, на прыгожай раўніне тыя месты, адно ад аднаго за чатыры мілі польскія75. Кажуць, што недалёка тут на гары ёсць Цэзарэя Кападоцкая76, дзе Св. Дарота, шматпакутная панна, шчасліва карону атрымала. Адтуль дзесяць міляў толькі да Трыполя ад Берыта77 і Анэсы — местаў, дзе гара Ліван узвышаецца. Ляжаць тыя месты ў Сірыі, і амаль усе там хрысціяне жывуць, друзіянамі78 званыя, якім дазволена на манер туркаў у белых турбанах хадзіць. Паходзяць яны ад тых французаў, якія некалі зямлю Абяцаную ў сарацынаў79 адабралі; але жыццё і справы іхныя гэткія благія і за паганскія горшыя, што болей пра іх пісаць, вушы цнатлівыя шкадуючы, не хачу.

Трыполь[правіць]

Праплыўшы за 18 гадзін шэсцьдзесят міляў з ветрам, злым, непагодным і гвалтоўным, прыплылі мы а 22-й гадзіне ў Трыполь; дзе, кінуўшы нарэшце катвігу, не засталіся б мы жывыя, калі б туркі, з карабля александрыйскага, сеўшы ў бат вялікі, на ратунак нам не прыйшлі. Выйшаўшы на бераг, ішлі мы паўмілі да места і прыбылі ў Фонтэк Карвасэры80, або Венецкае жытло. Места гэтае шмат хто апісвае, таму я тое прапускаю. Ляжыць яно ў мясціне прыгожай, палова яго на гару паднімаецца, садамі надзвычай прыгожымі абкружанае, шмат крыніцаў мае, паветра, асабліва ўлетку, не вельмі здаровае.

Скарб знойдзены[правіць]

Як ісці ад мора да места, блізка брамы, з левага боку, за адзін кідок каменя стаіць палац мураваны трохкутны, пра які распавядаюць тое, што за жыццё бацькоў нашых здарылася пад час панавання Салімана81 імператара турэцкага. Чарнакніжнік адзін, дайшоўшы сваей навукаю, што там скарб быў закапаны, купіў тое месца, дом там збудаваў і мурам высокім абнёс, і як мага патаемней (бо такія рэчы да імператара забіраюць) шукаў у зямлі. Але ўсе прыхаваныя месцы перакапаўшы, нічога не знайшоў.

Які быў скарб[правіць]

Даведаліся пра тое іншыя людзі, дачуўся і санджак82 (гэта начальнік такой правінцыі, як у нас ваявода), які на той час там жыў (бо толькі нядаўна, колькі гадоў таму, паша ў Трыполю пасяліўся), паклікаў таго чарнакніжніка і пільна пра ўсе распытаўся. Той, не могучы адмовіцца, прызнаўся, што быў ашуканы, ніякага скарбу не знайшоўшы. Але суддзя, золата хціва прагнучы, склікаў іншых чарнакніжнікаў ды загадаў, каб яны ўсю навуку сваю на шуканне таго скарбу скарысталі; тыя ж усе аднолькава вызначылі, што або ў тым месцы, або недалёка закапаны скарб. Тады санджак паўсюль навокал зямлю пільна капаць загадаў, і тады за дваццаць локцяў ад тае будыніны, пад малым пагоркам (палова яго і цяпер яшчэ стаіць), на локаць у зямлі знайшлі скрыню, поўную золата літага, якога было там да трыццаці тысяч дукатаў. І ўсё тое паслаў санджак у Канстантынопаль.

Што было вартае ўвагі у тым месце, тое мы усе ўважна агледзелі. Раніцай былі мы ў леміра, які пастаўлены над мытняй і мае пад сваей рукою колькі жаўнераў. На той час, пакліканы імператарам, прыехаў быў ён з Ерусаліма (дзе таксама быў мытнікам) у Трыполь, каб правіць правінцыяй пад час адсутнасці пашы83, на Персідскую вайну84 адасланага. А як той лемір гайдукоў сваіх у Ерусалім пасылаў праз Дамашак85, дзе меў брата Балюха, дык мы стараліся, каб ён гэным янычарам дзеля аховы (вельмі там патрэбнай) загадаў нас правесці; то ж ён, падарунак атрымаўшы, без цяжкасцяў тое ўчыніў. І гэтак пад вечар, двух конных і двух пешых узяўшы і паўтары мілі прайшоўшы, у полі пад Ліванам мы заначавалі.

Гара Ліван. Патрыярх[правіць]

Перад полуднем сталі мы ў Эхды, вёсцы арабаў маранітаў86, пасля, прайшоўшы мілю, прыйшлі ў кляштар Шчаснай Марыі Канабійскае на гары Ліване змураваны, дзе патрыярх ёсць пад паслушэнствам айца Св. папы, які на той час высвячаў аднаго законніка на святарства пры ахвяры Найсвяцейшай. Убранне яго, у якім пры алтары стаяў, не рознілася ад убрання нашых арцыбіскупаў, былі на ім арнат, туніка, сандалі. Гостыя, або аплатка, як і ў католікаў, гэткай жа формы. Як толькі патрыярх скончыў, Леанард Пацыфік, святар таварыства Ісуса, які быў са мною, з дазволу генерала ягонага ў Рыме, узяўшы блаславенне ў патрыярха, паводле абраду Рымскага, імшу Святую там чытаў, у альбе і арнаце патрыяршым. Шаты царкоўныя зняўшы, патрыярх надзеў чорнае ўбранне, шапку брунатную, як там законнікі ходзяць. Частаваў нас абедам малочным і аліўнымі пладамі, бо яны мяса ніколі не ядуць. Пасля нешпара вярнуліся мы ў Эхды.

Кедравыя дрэвы[правіць]

Раніцаю ў дарозе недалёка ад гасцінца бачылі мы дваццаць чатыры кедравыя дрэвы, якіх не сякуць, бо ў краі гэтым іх болей няма. Дрэва гэтае досыць прыгожае і досыць высокае, з разложыстымі галінамі, падобнае да таго, што палякі называюць мадрэвам87. Верхам гары Лівану, дзе ніколі снягі не растаюць, хоць і значна большая гарачыня тут бывае, чым у Валошчыне, прыйшлі мы ў места Баальбэк88, дзе цар Саламон збудаваў быў палац, калі цароўну егіпецкую, дачку фараонаву, узяў (3 кн. Царстваў, 7). Пазнейшыя аўтары рознае пра гэта пішуць; я ж як рэч пэўную сцвярджаю, бо вельмі пільна прыгледзеўся; той палац уласна гэтаксама ў кнігах Царстваў апісваецца, як яго цяпер бачым у Баальбэку; да чаго легка кожны дойдзе, бо з падмурку развалены і даўнасцю папсаваны, па кавалках падае і валіцца. Ідучы з гары, перайшлі мы зараснікі пагорка, Антыліванам званага, дзе Цэлесірыя89 пачынаецца. Янычары і туркі, на чыіх конях ехалі мы ў Ерусалім, з навакольных вёсак нанялі за грошы нашыя да сарака арабаў маранітаў з паўгакамі і лукамі, дзеля абароны ад арабаў і сарацынаў, бо днём раней тыя гандляроў турэцкіх разбілі і пятнаццаць з іх забілі насмерць, што тут часта здараецца.

Арабы нязгодныя між сабою[правіць]

Ёсць тут восем харугваў арабаў, дзве чырвоныя хрысціянаў і шэсць белых сарацынаў, якія між сабою варагуюць і часта з сабою сутычкі маюць, а не толькі з тымі хрысціянамі.

Арабы, якія белыя харугвы маюць, амаль заўсёды разбойніцтвам у сваей зямлі, у Егіпце і ў Святой Зямлі прабаўляюцца. Ёсць іх крыху і ў Галілеі90, дзе яны вялікія статкі авечак і вярблюдаў гадуюць, у намётах жывуць, добрых папасаў і водаў здаровых шукаючы. Калі ім у адным месцы папасаў не стае, яны, жонак і дзяцей на вярблюдаў пасадзіўшы, гоняць авечак далей: спаткалі мы іх два гурты вялікія ў Галілеі, каля гары Табор91.

Арабы хрысціяне[правіць]

Але арабы хрысціяне ў вёсках жывуць, сады даглядаюць, гэтак на гары Ліване, як і ў Сірыі, асабліва ў Дамашку і ў Святой Зямлі, хоць не так густа.

Петра Бэлоній Цэнаман92 пра места Баальбэк мяркуе, што гэта Цэзарэя Філіпава, але ніякіх доказаў не падае. Пэўна, што памыляецца, бо іншая ёсць Цэзарэя Філіпава на моры, якая і да сёння гэтак называецца, адкуль Св. Павал у Рым выплыў (Дзеі, раздз. 28).

Турэцкая міласэрнасць[правіць]

Выехаўшы з Баальбэку, як ні заезду, ні карчмы не было, дык мусілі мы ў полі начаваць, не без вялікае небяспекі, на якую, аднак, янычары нашыя знайшлі хутка раду. Бо ўбачыўшы, што турак адзін, маючы каля сябе колькі дзясяткаў жаўнераў, з якімі на вайну Персідскую ехаў, на тым самым полі намёт свой паставіў, загадалі нам між недалёкіх пагоркаў схавацца, а самі да турка паехалі і сказалі, што яны некалькіх убогіх паломнікаў з далёкіх земляў праводзяць, і прасілі, каб дазволіў нам у тым самым полі спыніцца і заначаваць, дзе і ён спыніўся; і (бо туркі знешне міласэрнымі здавацца любяць) без цяжкасцяў гэтага дазволу ад яго дамагліся. І так недалёка ад яго сталі, а іначай, калі б мы так неспадзявана прыбылі ён, мяркуючы, што мы ім пагарджаем, узяў бы тое сабе за крыўду і ўчыніў бы нам які клопат.

Вольнасць жаўнераў турэцкіх[правіць]

Бо і раней колькі туркаў нас ні спатыкала, заўсёды абрабаваць нас хацелі, як здарылася пры спатканні з жаўнерамі нейкага санджака, які з Егіпта ішоў. Аднаго майго слугу скінулі з мула разам з рэчамі і тое, што нёс, гвалтам забралі, а калі мурын нукер93 (у якога мы былі нанялі коней) мула схапіў, булавою яго стаўклі, пакуль янычары нашыя не пад’ехалі і яго не адбілі, а таксама і мула; далі мы тым пару талераў, каб нам прыкрасцяў не чынілі, што яны прынялі задаволеныя. Аднак тамсама (што нам тлумач пераказаў) свята прысягнулі паводле звычаю свайго, што каго б цяпер ні спаткалі, абрабуюць і возьмуць усё, што ім спадабаецца, з тае прычыны, што здалёк ехалі. Бо кожны раз, як іх імператар на вайну пасылае, той самай вольнасцю, якую чаўшы маюць, коней і ўсе, што б ім ні спадабалася, паўсюль беспакарана браць і прыўлашчаць ім дазволена.

Шпіталь турэцкі[правіць]

На другую ноч прыйшлі мы ў Тыкей94, дзе шпіталь турэцкі, які, хоць не так аздобна вымураваны, але багата і дастаткова забяспечаны адным дамашскім пашою. Спаткалі мы ў дарозе караван, што з Дамашка ў Трыполь ехаў, дзвесце конных меў каля сябе. Бачыў я ў тым шпіталі, як адзін турак, маючы пяць птушак зялёных, па адной на волю пускаў, пры тым нешта над нос мармычучы. А калі я праз тлумача прычыны ўчынку таго даведваўся, адказаў мне: гэтак раблю я дзеля душаў бацькоў маіх памёрлых і веру, што тым маім добрым учынкам крыху памагчы ім здолею.

Туркі вераць у чысцец, але ж гэта смешны добры ўчынак. [?? Так в публикации — О. Л.]

Авель[правіць]

Вырушылі мы адтуль раніцай і пабачылі гару справа ад дарогі, на якой, як кажуць, Каін забіў Авеля95. Там на самым версе ёсць два пагоркі; цвердзяць, што на іх тыя браты Госпаду Богу ахвяры складалі, а пры краі аднаго з іх паказваюць месца, на якім Авель быў забіты, а пасля пахаваны.

Цуды каля яго магілы[правіць]

Апавядалі нам туркі (бо, спяшаючыся, не маглі мы пайсці на тую гару, дый надта высокая яна), што на сведчанне забітага брата і на памяць бязвіннасці Авелевай быў пад зямлёю нейкі розрух добра чутны; таму месца гэтае вельмі шанаванае, і лічыцца за рэч пэўную, што калі б хто цяжка хварэў, там голы паляжаўшы, адразу б ачуняў.

Мамелюкі, хто такія[правіць]

Крыху пазней, як мы набліжаліся да Дамашка, прайшлі міма нас мамелюкі, якіх там вельмі шмат. Народ той паходзіць ад арабаў і мурынаў, яны мужныя, спрытныя вельмі, дый да таго ж умелыя коннікі. Адзенне ў іх з палатна белага і такое шырокае, што ім усяго каня накрываюць, апроч галавы, якую махрою і званочкамі аздабляюць. Носяць турбаны, шаблі персідскія, шчыты, дзіды з тоўстага трыснягу, завостраныя на канцы. На верхняе адзенне, званае альбарнос, ззаду вешаюць шкуру якога-небудзь звера, а сподняе, што завецца марлота, з вельмі шырокімі рукавамі носяць. Коней маюць выдатных, цуглі з кольцам, сёдлы і страмёны персідскія. Найболей сярод іх маўраў.

Адам калі створаны[правіць]

Узышлі мы пасля на гару вельмі высокую, якая яшчэ і цяпер завецца Хрызароа, на якой з левага боку стаіць каплічка: septem fratrum dormientium, або Сямёх-братоў-заснулых96, як мараніты цвердзяць. З тае гары добра відзён Дамашак, бо ля яе падножжа места тое далёка разлеглася на пекнай, прыемнай і багатай пладамі ўсялякімі раўніне. І таму шмат хто лічыць, што Адам, першы бацька роду чалавечага, тут у месцы гэтым быў створаны, бо і зямля тут жоўтая, якая толькі ў Дамашку бывае, і сам Адам быў жоўты. З тае самае гары дзве ракі пачатак свой бяруць, і цякуць праз Дамашак, Абана і Фарфар, надта хуткія, плыць па іх немагчыма, але рыбныя. Падрабязна тое места апісаць — вялікая праца, шмат хто да мяне гэта зрабіў, дык я прапускаю. Калі мы ля брамы места самога былі, сселі з коней, бо ў вялікіх турэцкіх местах не належыць хрысціянам на конях ездзіць, а асабліва ў Дамашку, куды з Еўропы не шмат хрысціянаў прыбывае. Мы тут толькі двух гандляроў валошскіх знайшлі, якія вялі тут справы гандляроў апамейскіх бо алепскіх, у іх мы і прытулак знайшлі. А хоць Дамашак места вельмі люднае і чыстае і разлеглае (бо на паўтары мілі), аднак дзеля таго, што далёка ад мора ляжыць, гандляры еўрапейскія рэдка да яго ездзяць, дый людзі паспалітыя тут вельмі хрысціянам непрыязныя. Так што янычары конныя абступілі нас і гэтак праводзілі; але ж як толькі народ нас угледзеў, віскам агідным і крыкамі, асабліва ж хлапчукі, нас віталі, з усіх вуліц да нас беглі і, калі мы да месца, дзе купцы гандлююць, прыйшлі, каменнем у нас кідалі і плявалі, і калі б нас янычары не баранілі, пэўна б нас раздзерлі.

Туркі як у Персіі ваююць[правіць]

Ад’язджаючы з Трыполя, на першым начлезе наважыліся мы пазнаёміцца з двума туркамі (адзін стары, другі малады), тыя ж да нас далучыліся і ехалі з намі аж да Дамашка. Вярталіся яны з Персідскае вайны, маючы з сабою трыццаць коней, і святапраўдна нам прысягалі, што былі першыя, хто з таго абозу вырушыў, купіўшы вольны ад’езд свой у пашы за дзве тысячы цэкінаў97, бо ў Дамашку справы надта пільныя мелі. Шмат нам пра тую вайну праз тлумача распавядалі, колькі кожнага дня не менш ад голаду, як ад мяча, туркаў гіне, калі за ракой Еўфратам праз доўгі час між пяскамі і глухімі скаламі ваду ў абоз насіць мусяць, а таксама і ад пошасці шмат іх памірае. Цвердзілі як рэч пэўную, што ад пачатку тае вайны да іх ад’езду туркаў тры разы па сто тысячаў загінула і што, хоць бы і памерці давялося, назад бы ўжо не вярнуліся, бо на перамогу не было і спадзявання. Імператар кажа турэцкі: яны там забаваў і прысмакаў шукаюць, і не верыць таму, што там дзеецца і як шмат іх дарэмна гіне. Слугі тых туркаў (бо ехалі мы разам), калі нас у Дамашку дзе сустракалі, праводзілі нас, людскасць выяўляючы. І хоць і былі пры нас янычары, усе ж у такім тлуме людзей цяжка было дагледзець, каб, прынамсі, хлапчукі ў нас каменнем не кідалі.

Пабожнасць жанчыны татарскае[правіць]

За тры месяцы да нашага прыезду ў Дамашак, перад тым, як паша на вайну Персідскую выправіўся (быў то сын Магамета, пашы таго, які быў везірам і якога акрутна імператар забіў, а гэты сын ягоны стаяў на чале дзвюх тысячаў коннікаў і васьмісот пехуроў), прыехала была сюды нейкая татарка, якую царыцай Азійскаю называлі, маючы пры сабе чатыры тысячы татараў. То ж яна спачатку ў Бетлеем, а пасля і ў Мекку, дзе магіла Магаметава, на набажэнства ездзіла, хочучы тыя мясціны наведаць, з якіх у адной Прарок вялікі нарадзіўся ад Панны, а ў другой таксама Прарок вялікі пахаваны ляжыць. Частаваў яе паша з усімі яе людзьмі, на загад імператараў, вельмі багата, цэлыя восем дзён, і, як ад’язджала, санджака ей за правадніка з параю соцень жаўнераў даў.

Св. Павел хрышчоны[правіць]

Бачылі мы дом Юдаў98. Была тут крыніца, у якой Св. Паўла хрысцілі99, а цяпер уся вуліца ей карыстаецца. Відаць было таксама таго дома нутраны праход. Як выйшлі мы за места, паказалі нам мясціну, дзе Св. Паўла спусцілі ў кашы100, акенца там ёсць у вежы.

Св. Юрый[правіць]

Там таксама недалёка ёсць пячора ў зямлі, куды той Апостал блаславёны, спусціўшыся, схаваўся, і дзе шмат Святых хавалася за часоў пераследаў. На лучны стрэл адтуль, пры капліцы маранітаў паказваюць камень, з якога Св. Юрый садзіўся на каня, калі ехаў бэрыцкага смока біць, недалёка ад Дамашка.

Агледзелі мы шпіталь, які Саліман, імператар турэцкі, вялікім коштам ад падмурку амаль збудаваў, дзе паломнікі, што ў Мекку ідуць і адтуль вяртаюцца, тры дні задарам адпачываюць.

Наведалі мы ўсе тыя мясціны, пра якія чытаем у Апостальскіх дзеях, раздз. 9. Там жа і дом Ананіяў101, у які па прыступках трэба ўваходзіць. Там таксама і дом Св. Яна Евангеліста, дзе ён нарадзіўся, як цвердзяць невядома з якіх прычын мараніты. Былі мы і ў бажніцы тых маранітаў, даволі маленькай. Даюць яны пашы дзве тысячы цэкінаў штогод, каб бяспечна магчы набажэнства спраўляць. Маюць рыштунак царкоўны ад Святога Айца Рыгора XIII, якія прынёс ім і аддаў айцец Ян Батыста, святар таварыства Ісуса. Бачылі мы здалёк царкву Св. Яна Хрысціцеля, даўно некалі хрысціянамі змураваную: відаць, што тут нешта калісьці было, вялікасцю да егіпецкіх падобная, няма ў ей вольнага ўваходу хрысціянам, як і ў замак, які на стары манер з камянёў квадратных змураваны, вежы таксама вакол чатырохкутныя мае.

Дзіўны звычай[правіць]

Сустракаюцца тут таксама людзі, якія з сябе пабожных удаюць і зімою, як і летам, голыя без ніякага зусім акрыцця ходзяць, галаву і бараду згаліўшы. Натрапіў я ў Дамашку на аднаго, і падумаў, што шалёны, але калі спытаўся я, адказалі, што то чалавек святы і жыцця цнатлівага, які светам і дачасным шчасцем пагарджаючы, жыццём анёльскім жыве.

Тым самым часам бачыў я двух мурынаў гандляроў з Усходняе Індыі, твары ў якіх нязвыкла свяціліся. Калі я, прыступіўшыся, спытаўся, хто яны такія былі, адказалі мне, што гэта гандляры, якія дарагія камяні прадаюць; і сапраўды ж, на знак таго камяні нейкія чырвоныя велічынёю з лясны арэх, што вельмі ясна свяціліся, у лоб і абедзве шчакі ўштукаваныя мелі, і з імі так хадзілі, нібы нейкія машкарнікі102. Дзіўна, як яны тыя камяні упраўляюць у скуру на твары, што так моцна трымацца могуць.

Чым розняцца родзічы Магаметавы ад іншых туркаў[правіць]

Тады ж таксама першы раз бачыў я нейкага чалавека ў зялёным турбане, бо іншыя туркі белыя носяць, і сказалі мне, што паходзіць ён з лініі Магаметавай, а таму і той колер ужывае, які быў уласным Магаметавым, і нельга яго нікому апроч родзічаў ягоных, ужываць. Але ж некаторыя сантоны або людзі цнатлівыя і святыя, турбаны, нібы князі турэцкія, носяць. Уборы зялёныя насіць можна ўсім, турбаны ж толькі родзічам Магаметавым, якіх я пасля нямала бачыў, а менавіта аднаго ў Дамашку, вельмі падрапанага; у кухні мястовай быў кухарам і стравы прадаваў; з гэтага відаць, што не ўсе Магаметавы родзічы паны або хлеб маюць. Па абедзе нанялі мы Балука, да якога з Трыполя ад брата ягонага леміра мелі мы лісты, каб з намі ехаў у Ерусалім; і ён з пяццю коннымі янычарамі і з пяццю пешымі да нас далучыўся.

Плод маўза[правіць]

Пра ўрадлівасць палёў дамашскіх і разнастайнасць пладоў было б што напісаць, але тое ўжо іншыя ўчынілі. Дзіўлюся я, аднак, што адной рэчы яны не згадалі. Ёсць у Сірыі, у Трыполі і ў Баальбэку, а асабліва тут у Дамашку плод адзін шмат якім народам знаёмы, завуць яго звычайна маўза103. Да агуркоў нашых трохі падобны, толькі што даўжэйшы, таўсцейшы і расце крыва. Разам расце часам да 50 тых агуркоў, як і лясных арэхаў, дзеля чаго перш чым паспеюць, бяруць іх дадому, дзе паволі і лягчэй дасканаласці набіраюць. Пах і смак зусім як ва ўрыянтовак, ігрушак нашых. Але хутка імі насычашся, і болей за два з хлебам або сырам зараз з’есці немагчыма. Хрысціяне, што ў гэтым краі жывуць, мяркуюць звычайна, што Адам і Ева ў раі гэты плод елі, што гэткімі рацыямі пацвярджаюць. Найперш, што тут яблыкаў няма і што Святы Еранім, Біблію перакладаючы, калі слова маўза па-лацінску выкласці не мог, дык так папросту і пакінуў: плод з дрэва. Але хай яны самі таму вераць. Бо не падобна на тое, каб Св. Еранім104, натхнёны Духам Святым Пісанне перакладаючы і да таго на мовах дастаткова знаючыся, таго б не ўмеў і выкласці не мог.

Відаць, што люд там просты[правіць]

Другая іх рацыя, што маўзу на скрылёчкі пакроіўшы, адразу ўбачыш жылкі накшталт літары «Т» (Таў), гэта значыць накшталт крыжа, леку на іх грэх і парушэнне наказу Божага, праз смерць Збаўцы. Але ж і ў агурках нашых штосьці падобнае ўбачыць кожны можа. Трэцяя рацыя, што той плод не на дрэве, а на нізкім кусце расце, амаль на пядзю таўшчынёю, які, аднак, не можа такога цяжару трымаць і да зямлі прылягае, а таму прабацькі нашыя легка яго сарваць маглі. Чацвёртая ж, што маўза лісце на локаць шырокае і на два доўгае мае, і з лістоў такіх пасля грэху зручна было делу акрыццё учыніць. Аднак Пісанне кажа, што тое акрыццё з фігавага лісця было ўчыненае; з гэтых усіх прычын, наколькі надзейнае іхнае меркаванне, хай самі разважаюць. Маюць яны і іншыя рацыі, але слабыя. Возяць той плод у Канстантынопаль праз мора, але, як ён нетрывалы, дык яго яшчэ недаспелы рвуць і, пяском засыпаўшы, вязуць, а пасля ў Канстантынопалі на сонца кладуць, і так даспявае.

Месца, дзе Госпад Св. Паўла да веры сваёй схіляў[правіць]

Апоўдні, ад’ехаўшы ад Дамашка ладную мілю, прыбылі мы да месца conversionis S. Pauli Apostoli, гэта значыць, дзе Св. Апостал Паўла навярнуўся105 да Госпада Бога, з каня ўпаўшы; адтуль Дамашак прыгожа выглядае. Недалёка ёсць камень вельмі вялікі, пры якім Апостал Святы з каня ўпаў і на зямлі ляжаў. Збудавала тут была Св. Алена106 капліцу, але ужо амаль і няма знаку, што яна калісь была ў гэтым месцы. Адтуль, прайшоўшы паўмілі, напалі мы на статак авечак арабаў маранітаў, з якіх калі адну Балук схапіў, мараніты, што былі там на полі, пачалі збірацца ў гурт, каб яе забраць. Туркі хапіліся страляць, але мараніты з прастак каменнем у іх шпурлялі, дык і паўцякалі туркі, авечку, аднак, прыхапіўшы; даганялі іх мараніты, але дарма. Начлег быў наш у карвасэрыі Саса, пяць міляў ад Дамашка, цячэ там рачка празрыстая, а надта хуткая.

Чаму туркі арабаў караць не могуць[правіць]

Часта тут арабы прыгадваюцца і яшчэ прыгадвацца будуць, і таму мог бы хто здзівіцца, чаму, калі яны так дарогі разбойніцтвам напоўнілі, туркі іх церпяць. Дык жа трэба ведаць, што хоць шэсць харугваў арабаў ёсць у турэцкай дзяржаве, нідзе пэўнага аседлішча не маюць, на дарогі заязджаюць і туркаў і каго толькі напаткаць могуць, рабуюць і абдзіраюць; а калі б яны і між сабою жылі згодна, былі б страшныя туркам. Бо кажуць, што ёсць іх два разы па сто тысячаў і што немалую між сабою нязгоду нібыта ад прыроды маюць, з дапушчэння Божага.

Абурыс, славуты разбойнік[правіць]

Кожная харугва мае свайго гетмана, якога слухае, а ўсіх іх нейкі Абурыс магутнасцю далёка перавышае, вельмі славуты ў тым краі разбойнік. Мае пад сваей рукою сорак тысяч арабаў, і тым часам, калі я са Святое Зямлі вяртаўся ў Трыполь, Сірыю ўсю пустошыў, так што я толькі праз яго аднаго Апамеі, або Алепа (чаго вельмі прагнуў), наведаць не мог бяспечна.

Чаму туркаў б’е[правіць]

Пад той самы час, як я ў Трыполь ехаў, напаў ён і, забіўшы трыццаць туркаў, вярблюдаў з усімі таварамі пабраў, але хрысціянам не шкодзіў, тавары іхнія вольна пусціць абяцаў і пажадаў, каб ад агентаў гандлёвых, што ў Трыполі жывуць, віно і харчы яму паслалі. А чаму той край так жорстка плюндраваў, гэткая была прычына. Паша дамашскі незадоўга перад прыездам нашым пляменніка ягонага, які таксама ў блізкіх мясцінах разбой чыніў, усмерціць загадаў, наступным чынам яго абкруціўшы. Прыдумаў, нібыта мір з ім учыніць хоча, і на тую трансакцію у адно месца пяцьсот арабаў з маладзейшым тым Абурысам і гэтулькі ж туркаў з капітанам пашавым з’ехаліся. Пакуль арабы на конях сядзелі, нічога туркі ім не наважваліся зрабіць, колькі сотняў коней сваіх мелі; але як толькі Абурыс і большасць арабаў з коней пассядалі, каб дарункі, што паша ім паслаў, атрымаць, зараз жа напалі на іх туркі, якім таксама і тыя, што у засадзе сядзелі, на дапамогу прыбеглі, таго маладзёна злавілі і ўсіх іншых пабілі. Тады ж той дзядзька Абурыс, за крыўду і смерць пляменніка свайго помсцячы, розныя шкоды туркам чыніць пачаў.

Сам імператар яго баіцца[правіць]

Хадзілі чуткі, калі я яшчэ ў Трыполі перабываў, што імператар турэцкі з дарункамі і нейкімі ўмовамі да яго паслаў, каб яго нейкім чынам улагодзіць, бо баяўся, каб ён з лемірам Магаметам, царком сірыйскім вельмі магутным, не злучыўся і так бы туркам страшнейшы не быў, асабліва ж падчас вайны Персідскай. Што пасля сталася, не ведаю, бо арабаў, галодную зграю, няцяжка дарункамі ўлагодзіць.

Арабы за туркаў мацнейшыя[правіць]

Той Абурыс трох меў дарослых сыноў, аднаго Магамета ад першай жонкі, а двух, Хавета і Сэфета, ад другой (бо толькі дзве меў, хоць у арабаў можна і болей трымаць), якія таксама на той час з войскам сваім пры ім стаялі, хоць кожны часам сам сабе здабычу ловіць і рабуе; і туркі, хоць бы і войскі сабраўшы, супрацьстаяць ім не могуць, бо іх па скалах і мясцінах непраходных шукаць трэба. Арабы ж і коні іх на працу і голад надта трывалыя, і так туркам страшныя, што дзе іх толькі дзесяцёра са сваімі дзідамі доўгімі і ў кашулях (і тое да паўдня, бо пасля дзеля празмернае гарачыні, галаву і турбан разам кашуляю агарнуўшы, голыя на кані сядзяць) стануць, там трыццаць туркаў збройных і з мушкетамі падысці да іх не наважацца.

Глядзі на гэты прыклад[правіць]

Нам у Ерусаліме шмат як пра рэч пэўную апавядалі, што санджак ерусалімскі неўзабаве перад выездам на вайну Персідскую выбраўся быў прагуляцца ў мястэчка Бэтлеем. Там на восем толькі арабаў у дарозе натрапіў, якія гэтак вялікі яму клопат учынілі, што ён, хоць і меў вакол сябе пяцьдзесят коней, мусіў, аднак, у Ерусалім вярнуцца. Баяцца іх вельмі туркі, так што вакол мора Салёнага або возера Asfaltites дый увогуле ва ўсей Святой Зямлі ўсе вёскі турэцкія, спакой адкупляючы, гадавую даніну ім плацяць, тыя ж, аднак, усе адно рабуюць. І праўда, колькі караванаў з Дамашка, Алепа і Каіра ў Мекку ні едзе (а гэта штогод у месяцы кастрычніку бывае), пашы тых трох местаў праз паслоў сваіх дарункі ім пасылаюць, каб гандляроў і паломнікаў не рабавалі, хоць кожны караван свайго санджака мае з трыма сотнямі гусараў і з трыма сотнямі янычараў з паўгакамі, якія часам і палявыя гарматы з сабою возяць. Бяруць, што праўда, арабы падарункі і выконваюць, што абяцаюць, але як ёсць іх незлічоная колькасць, дык, як надарыцца нагода, і туркаў б’юць, і тавары забіраюць, і ў мясціны недасяжныя ўцякаюць. Хто ж іх пасля там шукаць будзе.

Як караваны з’язджаюцца[правіць]

Караваны прыгаданых местаў кожны паасобку, як полк на бітву, едзе, пакуль усе ў месце Тур каля мора Чырвонага не з’едуцца, у павеце Сінай107 (бо не толькі гару, але і цэлы павет там так называюць), адкуль пасля супольна ў Мекку ідуць, і там на кірмашы дзён дваццаць прабыўшы, тым самым спосабам дадому вяртаюцца. Адным толькі магаметанам тая дарога адкрытая, хрысціянаў і іўдзеяў туды не прапускаюць.

Магіла Магаметава[правіць]

Калі быў я ў Каіры, пытаўся я ў туркаў, што з Меккі прыязджалі, ці праўда тое, што пра труну Магаметаву апавядаюць, што яна з жалеза зробленая, а камень магнэс, да сябе яе прыцягнуўшы, трымае, і яна гэтак нібы ў паветры вісіць; засведчылі мне, што такога там няма, але труну самую, вышэй прыўзнятую, калоны або слупы даволі тонкія на сабе трымаюць, а як там цесна і цёмна і святла ніякага, апроч лямпаў, быць не можа) дык тым, хто здалёк глядзіць, здаецца, нібы труна ў паветры вісіць, падступіўшыся, аднак, бліжэй, кожны ўбачыць, што яе калоны трымаюць.

Каля паўдня прыйшлі мы ў малы замак Танаітэра108, дзе знайшлі польнага пісара турэцкага, які ў Дамашак з трыццаццю коннымі вяртаўся, запіс люду на вайну персідскую ў Палестыне і Егіпце справіўшы. Ледзьве толькі мы з коней сселі, прыбег чаўш, сайдак пры сабе маючы, з трыма слугамі, пасланы да санджака Газанскага109 і да іншых у Егіпце, каб нават вызваленыя ад вайны адразу ж у Персію вярнуліся. Узяў быў у нас двух коней лепшых, кажучы, што яму як пасланцу ад імператара можна не толькі ў нас (каго ён сабакамі называў) што спадабаецца браць, але і ў вялікага пана турэцкага, хоць бы і пехатою меў ісці. І сапраўды, па ўсей дзяржаве турэцкай закон той шырока абвешчаны. А калі нукер той, у якога мы коней нанялі шэсць талераў яму даў і янычары нашыя таксама ўмяшаліся, вярнуў іх нам, а замест гэтага ўзяў у двух турэцкіх гандляроў.

Мост Якуба патрыярха[правіць]

Раніцай прыйшлі мы да моста, які самі туркі мостам Якуба патрыярха110 называюць.

Ярдан назва нібыта з дзвюх рэк: Яр і Дан[правіць]

Ён досыць шырокі і моцна змураваны на Ярдане111, дзе рака гэтая з правага боку два рукавы мае, адзін Ёр, другі Дан завецца, і злучаюцца яны вышэй моста, крыху далей, адну раку і адну назву Ярдан творачы, які недалёка адтуль у гарах свой пачатак мае. З левага боку ля берага стаіць дамок, у якім той патрыярх жыў, сцены яшчэ цэлыя відаць, што будынак быў нізкі. Недалёка адтуль відаць возера Тыверыядскае, або Генісарэт112, удоўжкі мае, як я мог меркаваць, дзесяць міляў нашых, ушыркі не ўсюды аднолькавае, ледзьве дзвюх міляў дасягае. Пушчу вялікую на гарах за тым возерам відаць, дзе Госпад Хрыстос сямю хлябамі і дзвюма рыбамі накарміў чатыры тысячы чалавек (Марк, 8). Як перайсці мост, з правага боку месца паказваюць на раўніне пад скалою пры беразе, дзе Якуб з анёлам біўся, як у Кнізе Быцця чытаем у раздз. 32. Ідучы ўлева вышэй таго возера, за два лучныя стрэлы было места Харазін113, цяпер пустое, ледзьве пяцьдзесят дамкоў налічвае.

Галілея і яе ўраджайнасць[правіць]

Ад таго моста пачынаецца ўжо Галілея. Зямля тут спачатку камяністая, і скалаў, як і ў Сірыі, багата, але праз дзве мілі такія раскошныя палі пачынаюцца, што цяжка апісаць або распавесці. Пра багацце палёў з таго меркаваць легка, што, хоць іх дзеля набегаў арабскіх не аруць, аднак каштоўных раслін даюць у дастатку, асабліва ж размарыну, якога густое кустоўе паўсюль зелянее. Шмат дзе тут арабы жывуць, якія дзеля выпасу сваіх авечак і вярблюдаў пры рэках асядаюць і дзеля таго ж папасу месца мяняюць, як ужо казалася раней. Дый размарын горкі авечкі вельмі любяць, які таксама статак ад хвароб нямала аберагае.

Гэта дзіўна[правіць]

Земляробствам арабы не займаюцца ніякім, з малочнае гаспадаркі толькі жывуць.

Быццё, 14[правіць]

А гледзячы на руіны досыць частыя местаў і мястэчак, пагаджаюся я з Язэпам, які ў кн. 3 раздз. 2 «Іўдзейскае вайны», апісваючы Галілею, сцвярджае, што не толькі расліннасцю, але і местамі і вёскамі так была багатая, што нават найменшая з вёсак да пятнаццаці тысячаў земляробаў мела, асабліва ж вакол гары Табор, пад якою даліна ёсць вельмі шырокая і прыгожая, дзе, як некаторыя кажуць, Мельхіседэк114 Абраму пасля таго, як той, цароў перамогшы, дадому вяртаўся, заехаў і, блаславіўшы, хлеб і віно яму ахвяраваў, хоць іншыя сцвярджаюць, што гэта на гары Кальварыі адбылося, дзе Госпад быў укрыжаваны, што я багасловам вырашаць пакіну.

Калодзеж Язэпаў[правіць]

Апоўдні прыехалі мы ў карвасэрыю, дзе ёсць калодзеж стары, куды браты былі апусцілі Язэпа (кн. Быцця, 37). Завуць яго туркі калодзеж Язэпаў, а арабы Эльбір Ёзэф, ёсць у ім цяпер вада. Ёсць тут і турэцкая машэя115, перад дзвярыма якое той калодзеж, можна з яго і хрысціянам ваду браць, вада ў ім добрая і халодная.

Бэтсаіда[правіць]

На ноч прыйшлі мы ў Бэтсаіду116, радзіму Св. Пятра, дзе ў яго быў дом. Можна тут бачыць вялікія руіны царквы, якую вялікім коштам і дастаткам Св. Алена была змуравала, цяпер там веска, у ей пятнаццаць дамоў, туркі ў іх жывуць, а стаіць яна якраз на самым беразе возераТыверыядскага, якое Евангелле морам Галілейскім называе. Вада ў ім прэсная, мы шлі яе і мыліся ў ей. Ёсць там і рыба вельмі добрая, амаль як ляшчы нашыя, толькі што меншыя.

Гара Табор[правіць]

Раніцаю былі мы пад гарой Табор, якую Язэп у «Старажытнасцях» (кн. 5, раздз. 1 і ў кн. 4 раздз. 2 «Іўдзейскае вайны») Ітубірый, або Ітабірык, называе. Гара гэтая надта высокая, надзвычай прыгожа акругленая, так што здаецца, быццам рукой чалавечаю насыпаная і ўфармаваная была, а не прыродаю створаная. Бо на нізе вакол шэрая скала вянком, за ей таксама вянком вакол гары розных зялёных дрэваў дастатак, так што знізу дагары гледзячы, усярэдзіне нібы вянок наўмысна некім здаецца звіты. На самым яе версе царква ёсць не надта вялікая, паміж дзвюма капліцамі Св. Аленай змураваная, дзе Госпад наш перамяніўся117.

Места Сэфэр[правіць]

Пакінуўшы гару Табор, бачылі мы здалёк з правага боку места Сэфэр118 (Тоб., 1) на гары вельмі высокай, дзе царыца Эстэр нарадзілася119. Жывуць там гэбраі, і кажуць, што іх там незлічонае мноства.

Дзе Св. Ян сцяты[правіць]

Крыху далей прайшоўшы, бачны таксама на гары развалены замак Махеронт, які грэкі называюць Сэбастэ, дзе Св. Ян Хрысціцель быў сцяты120, было і места тут вялікае пад гарою, але цяпер зусім спустошанае. Паказваюць за тым замкам невялікую брамку, праз якую Св. Яна вялі на смерць. Адтуль прыйшлі мы па начлег у вялікі замак Зынін121, што меў свайго санджака, які на той час на вайну выпраўляўся. Пад тым замкам ёсць места, дзе гэбраі жывуць. Хоць туркам вера іхняя віно піць забараняе, але яны датуль законы свае захоўваюць, пакуль ім якая нагода таго напою не падасць, што і мы ў замку тым пабачылі, калі да нас адзін санджакоў не апошні таварыш і прыяцель, а янычара нашага добры знаёмы, прыйшоў. Спыніліся мы спачатку ў стайні смуроднай і таму пра іншы прытулак стараліся, дык і дапамог нам знайсці яго той знаёмы янычара нашага. А як аплату за працу сваю мушкатэлю122 (якой дзеля янычароў нашых я заўсёды меў пры сабе барылку дый другую напагатове) заўзята піў, рукі складаў, вочы да неба ўздымаў і ніколі (як мне здаецца) набожней не маліўся.

Тады папярэдзілі нас янычары, бачачы, што надта быў п’яны, каб яго са стайні не выпускалі, бо іначай п’янства ягонае выявіцца магло. Бо як там такога пітва не прадаюць, легка можна было выкрыць месца, дзе ён быў упіўся, і тады б і грашмі і зняволеннем за тое мы заплаціць мусілі. І так, хоць мы і ў іншы дом перайсці маглі або ў задні пакой вышэй (бо ў тым краі ніякага даху або страхі ў будынкаў няма), дзе толькі гасцей размяшчаюць, мусілі мы чатыры гадзіны чакаць, пакуль ён не працверазее, і нават адзеннем нашым накрылі яго былі, каб туркі, што міма праязджалі, п’яным яго не ўбачылі. Ачомаўся пасля і агонь той мушкатэльны вадою тушыў, ды галава яму цяжкая была.

Самарыя[правіць]

Раніцаю, на світанні, каля Сіхара123 спаткалі мы санджака пры самай мяжы Самарыі124, ехаў ён з трымастамі коннымі ў Персію на вайну. Сядзеў на кані гнедым ці нават вараным, у чырвоным адамашку, на турбане меў стравусава пяро шэрае і чытаў кнігі. Вёў таксама сто конных мамелюкаў125, людзей мужных і бітных. Мы, за звычаем паломнікаў, сселі з коней і, нізка галовы схіліўшы, прывіталі яго.

Дабрачыннасць турэцкая[правіць]

Казалі самі туркі, што пашанцавала нам, як ён нас у Сіхары не спаткаў, бо ён да паломнікаў вельмі суровы і нядаўна некалькіх доўга ў вязніцы трымаў, пакуль іх гандляры апамейскія і трыпольскія за трыста цэкінаў не выкупілі. І ледзьве мы яго прамінулі, адразу паслаў за намі, каб мы яму мыта заплацілі. І так кожны мусіў даць два цэкіны, прычым нашы янычары ўратавалі нас, каб мы болей не аддалі. Тое мыта на полі бралі ў нас двое самарытанаў126, якія ў чырвоных турбанах ходзяць і, хоць абразаюцца, веру ад гэбраяў адрозную маюць.

Сіхар[правіць]

Сіхар адно з важнейшых местаў у Самарыі, пра якое ў Св. Яна ў раздз. 4 гаворыцца, ляжыць паміж гарамі Гарызім і Гэбал127, туркі завуць яго Неапалем. Над гарою места шірока разлеглае, люднае, розных пладоў у дастатку мае, ніводнага гэбрая там не жыве і нават не спыняюцца, праязджаючы, так яны між сабою не ладзяць.

Калодзеж самарытанкі[правіць]

Раніцаю, прайшоўшы паўмілі, ад дарогі ўлева, за адзін лучны стрэл, бачылі мы калодзеж, пры якім Госпад наш з самарытанкаю гаварыў128. Закіцаны, праўда, цяпер каменнем, але ж добра вядома, дый самі туркі да яго пачцівасць маюць, што вялікі Прарок (як яны Госпада Хрыста называюць) браў з яго ваду. Хрысціяне там, паводле звычаю ўкленчыўшы, адгаворваюць пацеры і зямлю цалуюць. Ад таго калодзежа ехалі мы адным полем нізкім, вельмі прыгожым і плодным, якое некалі Якуб Язэпу дадаў да спадчыны (Быццё, раздз. 18). З правага боку ёсць веска досыць людная, якая і цяпер Язэпавай вёскаю называецца. Прайшоўшы за ею яшчэ тры мілі, апоўдні ўвайшлі мы ў карвасэрыю, дзе ужо зямля Іўдзейская пачынаецца.

Гэбрайская зямля[правіць]

Хоць у абяцаннях Боскіх ніякіх сумненняў няма і быць не можа, аднак у гэтым куточку света, які гэбраям як дастатны і плодны быў абяцаны, кожны можа тое пабачыць. Галілея збожжам і ўсялякімі вырабамі багатая, мае палі прыгожыя, хоць і гарамі падзеленыя. Самарыя не надта высокія мае скалы, і садоў даволі, а таксама круглыя і роўныя, вельмі плодныя даліны. Вінніцы таксама тут ёсць густыя і вельмі добрыя, то ж вельмі плодны край гэты і з тае прычыны вельмі людны.

Гэта дзіўна[правіць]

Але Іўдзейская зямля хоць не гэтак хлебная, бо камяністая, і скалаў надзіва вялікіх багата мае, аднак жа алеем, садавінаю і асабліва віна надзвычайным дастаткам недахват той дапоўніць можа. Бо ад межаў яе пачынаючы і да самага Ерусаліма (што 7 міляў складае), муры, якімі вінніцы агароджаныя, да нейкіх прыступак падобныя, што ад падэшвы гары аж да самага верху ідуць, таму ж гэтымі гадамі тут і густыя вінніцы, і віна ў дастатку. Каля Ерыхона129 таксама багата чаго расце, і пладоў (асабліва дактыляў130 і да іх падобных, таксама лякарскіх рэчаў, якім цёплы край спрыяе), і віна тут вялікае мноства, то ж і нездарма сам Госпад Бог кажа, што зямля тая мёдам і малаком цячэ.

Крыніца Божай Маці[правіць]

Прайшоўшы па зямлі той тры мілі, пабачылі мы крыніцу, пры якой Найсвяцейшая Дзева (з Ерусаліма вяртаючыся) села адпачыць і ўгледзела, што дзіцятка Ісуса разам з імі не было (Лука, 2). На гары відаць руіны царквы і кляштара Божае Маці, якія была Св. Алена змуравала.

Саўлаў замак[правіць]

Адтуль прайшлі мы дзве мілі і па дваццаць першай гадзіне ўбачылі здалёк места Святое Ерусалім і Госпаду Богу, за тое, што даў нам яго пабачыць, падзякавалі. Кожны з нас адгаварыў «Ойча наш» і «Вітай, Марыя» дзеля атрымання поўнага адпушчэння грахоў, на якое Апостальская сталіца тым, хто першы раз тое места Святое бачыць, дазваляе. За нейкую мілю ад места, недалёка гасцінца, стаіць замак Саўлаў Габаа131, яра які ў Пісанні (1 Царстваў, 10) гаворыцца, ужо зусім развалены і пусты, аднак толькі вежа, амаль цэлая, засталася. Паўмілі прайшоўшы, спаткалі мы арабаў-разбойнікаў, было іх дваццаць пяць конных, і адзін з нашых янычараў, таксама конны, паехаў да іх і гаварыў з імі, а пасля, калі яны раз’ехаліся, тыя праз тлумача сказалі нам, каб мы таму янычару дзякавалі, бо на яго просьбу нам было падараванае жыццё. Казаў тое і сам янычар, бо іх ведаў добра, немалы час разам з імі разбоем прабаўляючыся, і распавядаў пра страшную іх жорсткасць. У тую хвіліну бачылі мы ў балука нашага пэўныя і несумленныя знакі трывогі і боязі, твар меў белы і дрыжаў, так што нават гаварыць не мог. Бо ж арабы, як ужо пісалася, да туркаў літасці не маюць і лягчэй хрысціянаў, чым іх, вольна адпускаюць.

Ерусалім. Якім звычаем чужыя ў яго заходзяць[правіць]

За паўтары гадзіны да заходу сонца прыйшлі мы ў Ерусалім і паводле звычаю спыніліся пры браме Рыбнай132. Тым часам некаторыя нашы янычары, брамаю Дамашскай133 увайшоўшы, паведамілі пра наш прыход, а мы таксама пешага янычара паслалі, каб сказаў пра нас, і, даведаўшыся аб тым, айцы бернардыны прыйшлі да нас. Айцец Крыштоф з Трыдэнта родам, вікары (бо айцец гвардыян Анджэло Стэлла ў Канстантынопаль дзеля спраў царкоўных быў паехаў і, вяртаючыся дадому, памёр у Армянскай зямлі), і айцец Ян Фларэнтыец, якія, прывітаўшыся з намі, пачакалі, пакуль не прыйдуць туркі агледзець нашыя пакункі і спраўдзіць, ці мы з сабой якіх тавараў або закупаў не вязём.

Заезд у кляштары[правіць]

Забраўшы ў нас зброю (якую толькі ў дарозе насіць можна), тыя самыя туркі нас да кляштара Святога Збаўцы, аж да самай яго брамы, правялі. Увайшоўшы ў царкву і разам з законнікамі ўкленчыўшы, заспявалі мы «Те Deum Laudamus», дзякуючы Госпаду Богу за такое вялікае дабрадзейства, што ён нас здарова і шчасліва давёў да тых мясцін Святых, дзе яго Найсвяцейшыя ногі ступалі, калі ён збавенне нашае споўніў. Пасля кожнаму паломніку стайню звычайную прызначылі і вячэру прынеслі.

Раніцаю выслухалі мы Святую імшу, а па абедзе паводле звычаю пайшлі мы ў дом кады, дзе пісар запісаў імёны нашыя і бацькоў нашых. Справіўшы тое, вышэйпамянёныя законнікі з кожнага між нас адлічылі па адзінаццаць цэкінаў (што складае дваццаць два злотыя), на кожнага два цэкіны за ўваход у места, а дзевяць за вольны пропуск да Св. Гроба. Дукаты залатыя ўзважылі, а простую манету, калі хто залатых не меў (саін яе называюць), узялі без вагі, бо знаёмая ім. Кухара майго палічылі за законніка і толькі пяць цэкінаў у яго ўзялі, бо законнікі плаціць не мусяць, хіба толькі ляікі134, якія, аднак, пяць цэкінаў мусяць адлічыць, вось жа і гэтаму майму, бачачы яго ў шатах, казалі прысягнуць, што ён законнік, але ён, не могучы таго зрабіць, узняў руку да неба і сказаў, што не законнік ён, што, аднак, туркі зразумелі як станоўчы адказ і прысягу і таму болей яго не чапалі, а так ён, іх ашукаўшы, пяць цэкінаў, што мусіў ім даць, сабе пакінуў. Меў я з сабою двух тлумачоў, аднаго Якуба старога, якога я быў узяў у мясцінах Сольных на Кіпры135, паклікаўшы яго ў Фамаўгусце136, а другога маладога Гіёрдзі, сірыйца з Трыполя, абодвух іх паводле звычаю прапусцілі без даніны.

Першае наведанне Гроба Гасподняга. Капліца З’яўлення[правіць]

Вяртаючыся з дома кады, ідучы недалёка ад царквы, перад брамаю, мы аддалі хвалу Госпаду Богу, а пасля, узяўшы ў кляштары начныя патрэбы, пайшлі на нешпар137. Пры самых дзвярах святыні зноў тым, што нам адчынялі, мусілі мы даць некалькі майдынаў, кожны з іх нашаму грошу роўны. Увайшоўшы ў царкву, скіраваліся мы ў капліцу Гроба Гасподняга і, справіўшы ў хуткім часе набажэнства, увайшлі ў капліцу З’яўлення (бо ў тым месцы Госпад Хрыстос пасля ўваскрасення Маці сваей найперш з’явіўся). Тут законнікі (было шэсць святароў і іншых восем) нешпар спраўлялі, а пасля шэсце было з харугвамі, за якім мы, паломнікі, парамі ішлі, свечкі ў руках трымаючы. Першая стацыя каля малога алтара, з правага боку ад дзвярэй, дзе выява слупа (з каменя чырвонага парфіру, кавалачак яго я прывёз у Нясвіжскі касцёл), пры якім Госпада Нашага бічавалі138. Гімн першы ўласны гэтае мясціны спявалі з антыфонаю і малітваю. Пасля было казанне, у якім казнадзей дабрадзействы на гэтым месцы праяўленыя пералічаў і да ўдзячнасці за іх пільна і горача заклікаў. Гэткі самы парадак і пры іншых стацыях захоўваўся, і айцец Ян Фларэнтыец, прамоўца і чалавек вучоны, на той час тыя напаміны чыніў.

Кожны народ у той царкве мае капліцу[правіць]

А як кожны народ у той царкве свае капліцы або малельні мае, пра што ніжэй будзе, тая капліца З’яўлення католікам належыць і мае поўную прошчу139, як і алтар у ей, дзе там той слуп памянёны стаіць. Адтуль ішло шэсце да капліцы ўвязнення, дзе білі Госпада і дзе ён сядзеў, пакуль яму крыж не зрыхтавалі. Памяшканне гэтае малое, цеснае, цёмнае, святла ніадкуль няма, у скале высечанае. Відаць, была тут або вязніца для злачынцаў, бо іх у гэтым месцы Кальварыі смерцю каралі, або таксама жытло садоўніка ці вартаўніка саду, які меў недалёка стуль Язэп з Арыматэі140, пра што згадвае Евангелле. Тая малельня, або каплічка людзям народу грэцкага дадзеная, мае сем гадоў прошчы141 і гэтулькі ж квадрагенаў.

Св. Лонгін[правіць]

Пасля яе ідзе алтар Св. Лонгіна142, які Госпаду Ісусу бок дзідаю прабіў, але стацыі каля яго няма, бо ніводнаму народу ён не прызначаны. Пасля мы пайшлі да алтара, на месцы якога жаўнеры за адзенне Гасподняе жэрабя кідалі143, і была там стацыя, што належыць армянам, мае сем гадоў прошчы і гэтулькі ж квадрагенаў.

Дзіўнае набажэнства[правіць]

Адтуль шэсце пайшло да капліцы на тым месцы, дзе Святая Алена знайшла Святы Крыж. Вяло туды болей за трыццаць прыступак, і ў палове дарогі з левага боку ёсць там малельня або каплічка Св. Алены. У капліцы Знайдзення Крыжа Святога ёсць вялікі каталіцкі алтар, што поўную прошчу мае, а справа ад яго меншы, які грэкам належыць. Вяртаючыся з правага боку, зайшлі мы ў малельню Св. Алены, якую царква Ерусалімская ў вялікай пашане мае і сюды да яе капліцы шэсці справуе, тут таксама поўныя прошчы ёсць. І запраўды, хто толькі быў у Святой Зямлі, прызнае за гэтаю імператрыцай вялікую святасць і ўсялякую патрэбную пачцівасць ей аддае, бо ў адной только Палесціне яна амаль трыста цэркваў змуравала, частка якіх цяпер развалілася, і сцены іх, з такім дастаткам мураваныя, часткова ацалелі, шчодрасць і раскошу збудавання выяўляюць. Тая ж Святая Алена, Святы Крыж знайшоўшы і вяртаючыся назад, калі ад аднаго места да другога нічога не было відаць, на мясцінах высокіх і на выступах скальных, што ў мора заходзяць, вежы стаўляла высокія, на якіх агні, радасці і весялосці знакі, паліць казала, і вежаў тых па Сірыі Фініцкай144 вельмі шмат засталося. Гэтак вялікую радасць мела тая найдзівоснейшая Святая, знайшоўшы дрэва Крыжа Святога, на якім Госпад збаўленне нашае і адкупленне справіў. Малельня яе належыць армянам.

Слуп Глуму і Здзеку[правіць]

Калі мы ўвайшлі ў царкву, спынілася шэсце каля алтара, над якім ёсць слуп Глуму і Здзеку (з шэрага мармуру, тоўсты і нізкі), на які Госпада Нашага пасадзілі перад Пілатавым пакоем судовым і там укаранавалі і здзекаваліся вельмі. Перанесла яго сюды Св. Алена, мае сем гадоў прошчы і гэтулькі ж квадрагенаў. Трымаюць тую капліцу абісінцы або мурыны145, якія Яна Прэсвітэра або цара Папіяна146 маюць і якім тут дзеля надзвычайнае ўбогасці іх і патрэбаў міласціну даюць. Ходзяць у зрэб’і, дзіўна мучаць свае цела, моляцца заўсёды укленчыўшы і гэтак Святое Пісанне (дзеля большай пачцівасці) чытаюць. Мяса ніколі не ядуць, рыбу рэдка, бо яе тут няма, а калі трапляецца, тады яе ў нядзелю, у аўторак і ў чацвер, дый тое калі няма посту, ужываюць. За сваім прыродным звычаем без шапак ходзяць, валасы даўгія, што аж на плечы ім кладуцца, носяць. Паставы высокай і кволай, галовы нібы хлопцы малыя маюць, твар дабрыню і шчырасць выяўляе.

Дзе Госпад укрыжаваны[правіць]

Адтуль падняўшыся па дзесятку прыступак на самы верх Кальварыі, мінаем месца, дзе быў пастаўлены Крыж Гасподні, але спачатку ідзём туды, дзе Госпада ўкрыжавалі. На месцы тым два алтары (з поўнаю прошчай), большы і злева меншы, абодва католікам належаць, а паміж імі пліта мармуровая розных колераў, якая месца ўкрыжавання паказвае.

Падняты. Апісваецца месца[правіць]

За некалькі крокаў адтуль Збаўцу на крыжы паднялі, крыж у скалу ўставілі, месца тое выдаецца над зямлёю на паўтара локця, дзіра ў скале на локаць углыбкі прароблена, шырынёю паўтары пядзі, краі тае дзіры масянджоваю бляхай абкладзеныя, на якой выбіты нейкі надпіс грэцкі, дзеля даўнасці цяжка яго прачытаць.

Злачынцы[правіць]

Абапал дзіры, дзе стаяў крыж Гасподні, ёсць дзве іншыя, у якіх крыжы злачынцаў стаялі, падобна, што меншыя былі, бо і не такія глыбокія, цяпер у іх простыя дрэўцы устаўленыя. Укрыжаваныя былі злачынцы і віселі на крыжах сваіх ад Госпада за чатыры локці, цяпер жа месца левага злачынцы за пяць локцяў, бо праз землятрус і падзенне скалаў (як Евангелле сведчыць) на локаць далей адсунулася. Глыбіню расколіны ў той скале не можа чалавек уведаць, шырыню мае тры чвэрці локця. Геаргіяне147, што пры моры Эўксінскім жывуць, тое месца Святое даглядаюць і набажэнства свае тут спраўляюць, якое поўную прошчу мае. Пра іх жа саміх некаторыя кажуць, што яны пяцігорцы148, я ж тое, з гісторыкамі не параіўшыся, сцвярджаць не хачу.

На сцяне вісіць нейкае палатнянае абіццё старасвецкае работы, выгафтаванае на ім распяцце.

Дзе Ісак ахвяраваны[правіць]

А за крыжамі стаіць сцяна царкоўная, ззаду яе каплічка абісінцаў (мае сем гадоў прошчы і гэтулькі ж квадрагенаў), дзе, як кажуць, Абрам сына Ісака меўся ахвяраваць: там, дзе Ісак укленчыў, мармур каляровы на паўтары локці ўшыркі і ўдоўжкі пакладзены, не залічаюць таго месца да святыняў. Жывуць тут абісінцы звычайна па тры гады, а пасля замест іх іншых прысылаюць, што ў тыя часы бывае, калі яны з туркамі мір маюць (хоць і рэдка гэта надараецца). Не заходзіць у тую капліцу шэсце, дык і мы адно на трэці дзень яе наведалі.

Ідучы з гары Кальварыі, падыходзім да каменя Памазання (ляжыць ён якраз насупраць брамы вялікай царкоўнай пры самым уваходзе), на якім, як кажуць, Язэп з Арыматэі Госпада, з крыжа зняўшы, масцямі пахучымі памазаў149. Даўжынёю чатыры локці, шырынёю паўтара, католікі тут набажэнства спраўляюць, прошча поўная.

Гроба Гасподняга апісанне[правіць]

А адтуль ужо да каплічкі Святога Гроба падыходзім, вакол якой шэсце тройчы абыходзіць, перад дзвярыма ўсе апускаюцца на калені, святар законнік адзін (бо цесна там) уваходзіць, кажа казанне, і за ім паломнікі, таксама па адным, праз дзверцы вельмі нізкія па чарзе заходзяць, там унутры з правага боку ёсць месца вышынёю на паўтара локця, плоскае, як лава, дзе Найсвяцейшае цела Гасподняе пакладзенае было. Належыць католікам, мае поўную прошчу.

Месца Анёльскае[правіць]

Перад тым гробам Гасподнім ёсць круглая каплічка, у ей камень нізкі, на якім Анёл сядзеў150, што жанчынам абвясціў пра ўваскрасенне. За Гробам Святым таксама каплічка малая коптаў або халдэяў151. І тады, малітву каля Гроба Святога адчытаўшы і Святое месца пацалаваўшы, канчаецца шэсце і ідзе да капліцы З’яўлення. Па дарозе відны два круглыя камяні на паўтара локця, адзін ад аднаго за шэсць локцяў; на бліжэйшым да гроба стаяў Госпад, а на другім Марыя Магдаліна, калі гаварыла з ім152, думаючы, што гэта садоўнік. Недалёка стаіць алтар Пасвячэння, які католікам належыць, мае сем гадоў прошчы і гэтулькі ж квадрагенаў. І скончыўшыся тут, шэсце вяртаецца ў капліцу З’яўлення, дзе законнікі водпуст спяваюць, а паломнікі споведзь чыняць, рыхтуючыся да Найсвяцейшага таемства на наступны дзень.

За памёрлых ахвяра Святая ў Ерусаліме[правіць]

Тую ж ноч, што наступіць, паломнікі (кожны, як катораму Госпад Бог дасць) на набажэнстве трываюць; каго б, аднак, сон змарыў, той можа крыху каля Гроба Гасподняга або на гары Кальварыі або дзе ў іншым месцы адпачыць; бо перад поўначчу кожны народ абрадам сваім у сваіх малельнях звычайную службу спраўляе, католікі ў капліцы З’яўлення ютрань спяваюць, адправіўшы якую, святары Найсвяцейшыя імшы чытаюць. На ранняй імшы часта каля Гроба Гасподняга паломнікі бываюць, што таксама і мы ўчынілі, пасля кожны ідзе, куды яму болей падабаецца, на набажэнства. А як тут у гэтых мясцінах Святых адпраўляюцца таксама імшы за памёрлых родных і сваякоў, дык некаторыя просяць святароў, каб тыя іх на гары Кальварыі або дзе ў іншым месцы пры іх чыталі. Калі час вялікай імшы надыходзіць (айцец вікары служыў яе пры нас), святары, як на ўрачыстае Свята, шаты царкоўныя найлепшыя на сябе ўздзеўшы, да Гроба Гасподняга ідуць. Той, які мае спраўляць імшу, сам да алтара падыходзіць, іншыя ж святары перад капліцаю ў царкве спяваюць. Бо тая каплічка перад Святым Гробам вельмі маленькая, і толькі ў ей паломнікі на калена стаюць, праз дзверцы нізкія там на Святы Гроб глядзяць, пры імшы набажэнства свае спраўляюць, тамсама і прычашчаюцца, што і мы зрабіць не абмінулі. Святар якраз на тым месцы, дзе цела Збаўцы ляжала (падобнае яно да лавы, у скале выбітай), Найсвяцейшую ахвяру спраўляе, даволі зручна стоячы; бо ад зямлі тая лава далей чым за два локці, а шырыня яе там, дзе само Цела ляжала, большая за локаць.

Пры сцяне ёсць абраз вельмі стары ўваскрасення Гасподняга паміж двума Анёламі, што стаяць на каленях. Пасля імшы законнікі гадзіны153 ў капліцы З’яўлення скончылі, а мы сваё набажэнства.

Магіла Язэпа з Арыматэі[правіць]

Чакаючы, пакуль туркі адчыняць царкву, аглядалі мы іншыя мясціны, як, напрыклад, сямейную магільню Язэпа з Арыматэі, месца, якое належыць сірыянам або якубітам154. Ляжаць тыя магілы за Гробам Гасподнім пад вышэйшаю галерэяй царквы.

Магілы каралеўскія[правіць]

Бачылі мы таксама магілы Бальдвіна155, караля, і Годфрыда Булонія156, брата ягонага, якія зямлю гэтую Святую з рук паганскіх вырвалі і места само Ерусалім на трыццаты дзень аблогі, у годзе Гасподнім 1098 (або, як іншыя сцвярджаюць, у годзе 1099, 15 ліпеня), здабылі.

Надмагіллі іхныя[правіць]

Ёсць іншых пяць або шэсць магіл аднолькавым кшталтам змураваных, чытаць надпісы на іх дзеля даўнасці цяжка, відаць, што людзі народу грэцкага. Толькі адно надмагілле здолелі мы прачытаць, напісаў яго хрысціянін Адрыхом157 у кнігах сваіх, і я таксама з магілы выпісаў.


Кароль Бальдвін,

другі то быў Юда Макавей.

Надзея Айчыны, трываласць Царквы,

Моц і Сіла іх.

Баяліся яго і давалі яму даніну

Іўдзейская зямля, Егіпецкая,

род Дана і Дамашак.

Авох, у магіле гэтай ліхой

ляжыць пахаваны.


На другім надмагіллі не ўсе словы ацалелі.


Тут ляжыць слаўны Князь Годфрыд з Булона, які ўсей гэтай зямлі здабыў… таму… ты… хрысціяніну… душа ягоная няхай пануе з Хрыстом. Амін.


Пра іншыя магілы піша П. Стэфан Рагузін, што яны належаць каралеўскім жонкам і іх нашчадкам, Адрыхом жа цвердзіць, што шасці каралям, якія ў той зямлі Святой панавалі, што больш падобна да праўды. То ж без якое прыгоды па так далёкіх і небяспечных дарогах каралі тыя з жонкамі сваімі і дзецьмі цягацца мелі. І хоць я пільна прыглядаўся да надпісу, але ж болей нічога вычытаць не мог. Бо літары там старыя і ўжо сцёртыя, пліты магільныя таксама зламаныя і пашкоджаныя. Апоўдні прыйшлі туркі і адчынілі царкву, дзеля чаго, як мы былі увайшлі, гэтак разам з законнікамі і некаторымі іншымі выйшлі; а тыя былі хрысціяне розных народаў, што ў Ерусаліме жывуць, і кожны раз, як прыходзяць паломнікі, разам з імі нейкім чынам вольны ўваход сабе забяспечваюць. Іншым жа часам не ходзяць, хіба толькі на вялікія Святы, калі ім адчыняюць царкву. Пры паломніках яны нічога плаціць не мусяць і таму вельмі ім дзякуюць, як і нам дзякавалі. Пускаюць туды таксама і рамеснікаў або гандляроў ерусалімскіх, якія патрэбныя для набажэнства рэчы прадаюць, як алівы з зямлі, з якой, як кажуць, Адам быў створаны (прывозяць іх з Дамашка), пацеркі з камянёў розных, крыжы з рэліквіямі месцаў Святой зямлі, меры Гроба Гасподняга і іншае гэткае. Тады выйшлі мы ўсе, ніхто там не застаўся, за чым туркі пільна прасачылі, усіх пералічыўшы. Была там таксама на той час жанчына полька, нейкая Дарота Секярэцкая, якая ў Ерусаліме ўжо некалькі гадоў жыла, самой жа ей было нібыта пяцьдзесят. Лічылі некаторыя, што была яна недалёкага розуму, пра што аднаму толькі Госпаду Богу было вядома. Бо адкрылася ў ей вялікая і дзіўная пабожнасць, ніводнае нагоды ўвайсці у царкву тую Гасподнюю не абмінала. А як была каталічка, з тае прычыны ў Ерусаліме прытулку мець не магла, бо ў кляштары ей быць не гадзілася, куды яна толькі на споведзь хадзіла; і таму, калі яна па месце бадзялася, туркі часта яе дражнілі, а аднойчы так збілі, што дзіўна, як яна жывая засталася. Бо ў кволым целе рэбры амаль усе біццём паламаныя былі; калі ж мы трэці раз да Гроба Гасподняга прыходзілі, ледзь яе ад свавольных хлопцаў турэцкіх абараніць здолелі. І з тых прычын дзеля звадаў, што тут вакол яе вялікія чыніліся, Рыгор XIII пад клятвай забараніў, каб ніводная жанчына ў Ерусалім паломнічаць болей не важылася.

Хадзіў я да кады, просячы, што без яго дазволу не магло стацца, бо яна сама не хацела, каб гвалтам яе адтуль узялі і вывезлі прэч. Сказаў я яму, што яна полька, як і я, а як у яе розум псуецца, дык ён легка тое дазволіў. Пакінуўшы тады грошай столькі, колькі на праезд да Трыполя было трэба, я сам раней з места Святога вырушыў.

Выйшаўшы з царквы, вярнуліся мы ў наш кляштар, дзе нас законнікі ў рэфекторый158 свой, сапраўднай велікадушнасцю, на абед свой запрасілі і частавалі, бо мы перад тым у паломніцкім заездзе звычайна харчаваліся.

Месца, дзе Св. Якуб сцяты[правіць]

Пасля павялі нас агледзець іншыя Святыя мясціны. А найперш бачылі мы царкву армянскую вялікую, там змураваную, дзе Ірад загадаў быў сцяць Св. Якуба старэйшага (Дзеі, 12). Ад увахода ў царкву з левага боку, нібы ў палове сцяны, ёсць алтар на тым месцы, дзе той блаславёны Апостал Гасподні быў сцяты, мае сем гадоў прошчы і гэтулькі ж квадрагенаў.

Двор Анны[правіць]

Бачылі мы і дом Анны біскупа159, куды найперш Госпад Наш быў прыведзены, цяпер там стаіць малая царква тых самых армянаў, мае сем гадоў прошчы і гэтулькі ж квадрагенаў. Пасля выйшлі мы праз браму, якая і да гэтых часоў завецца брамаю Давідавай, або брамаю Сіёнскай160, бо перад ею пачынаецца гара Сіён161, якая цяпер за мястовым мурам застаецца. Недалёка быў дом Каяфаў162, цяпер там царква армянская, даволі вялікая, а ў ёй з правага боку ад вялікага алтара ёсць вязніца, у якой Госпад перабыў ноч і там вялікі здзек ад гэбраяў цярпеў, пра што ў Евангеллі. Цёмнае гэта месца, удоўжкі мае каля васьмі локцяў, ушыркі вузейшае.

Камень ад Гроба Гасподняга[правіць]

На вялікім алтары ляжыць камень вялікі, якім быў Гроб Гасподні завалены, вялікі надта, амаль на чатыры локці ўдоўжкі, ушыркі ж каля двух, таўшчынёю больш за паўлокця, то ж слушна тыя жанчыны Святыя казалі163 хто нам камень адваліць. Бо яго дзесяць мужыкоў ледзьве падняло б. У тым самым месцы перад Каяфам пракляты слуга па Найсвяцейшым твары Госпада пашчоку даў. І тут ёсць поўная прошча.

Дзе грэўся Св. Пётра і певень закрычаў. Вячэрня[правіць]

Перад царквою пасярэдзіне пляцу расце дрэва аліўнае, дзе, як кажуць. Святы Пётра пры агні выракся Госпада164, а побач дрэва апельсінавае, на якім певень закрычаў. Адтуль, за кідок каменя, ёсць Святая Вячэрня165, дзе Госпад Хрыстос апошнюю вячэру справіў з Апосталамі. Не пускаюць туды хрысціянаў і іўдзеяў, бо туркі там сваю машэю маюць, а таму паломнікі, толькі да месца таго павярнуўшыся і укленчыўшы, «Ойча наш» і «Вітай, Марыя» кажуць, поўную прошчу бяруць, нібы якраз там і былі ў самой Вячэрні. Я, аднак, з двума іншымі пасля там быў, пра што ніжэй будзе; на той жа час, хоць і вагаўся, разам з іншымі ўсімі набажэнства справіў. Тыя тры мясціны, як сказана, армянам належаць, дзе яны і жывуць, і кляштары свае маюць. Адтуль крыху налева за гару прайшоўшы, увайшлі мы ў малую пячору, дзе Св. Петра грэх свой горка аплакаў. Ніводнаму народу тое месца не належыць, сем гадоў прошчы мае і гэтулькі ж квадрагенаў.

Пахаванні турэцкія[правіць]

З правага боку дома Каяфавага ёсць могільнік, здаўна каталікам на пахаванні аддадзены. Бо ў месце нікога не хаваюць, дый самі туркі за местам могільнікі свае маюць, хіба толькі заможнейшыя дзеля таго сабе машэю ў месце будуюць.

Жалезная брама[правіць]

Вярнуліся пасля праз тую самую браму ў места, а ідучы ўлева іншаю вуліцаю да кляштара, прамінулі мы браму Жалезную, праз якую Анёл Святога Пятра з вязення вывеў (Дзеі, 12).

Дзвярэй тут няма ніякіх і месца амаль пустое.

Дом Св. Якіма[правіць]

Раніцаю з кляштара выйшаўшы, праз места ідучы недалёка брамы на левым баку, зайшлі мы ў дом Якімаў, дзе на доле ёсць колькі пакояў, а сярод іх паказваюць адзін Найсвяцейшае Дзевы і месца яе нараджэння, хоць некаторыя кажуць, што яна ў Ерусаліме нарадзілася. Сем гадоў прошчы і гэтулькі ж квадрагенаў.

На гары ёсць царква Святой Ганны і кляштар жаночы. Святой Аленаю змураваны, цяпер ужо жытло турэцкае і бажніца іхняя, куды могуць і хрысціяне заходзіць, бо туркі рэдка там набажэнства свае спраўляюць.

Брама Св. Сцяпана[правіць]

Пасля выйшлі мы з места праз браму Святога Сцяпана166, так названую, бо таго блаславёнага Пакутніка тудою на смерць вялі.

Дзе яго каменнем пабілі[правіць]

Пасярод гары на роўнай скале там ёсць нібы невялічкая хатка, дзе яго каменнем пабілі, здаўна там была малельня, цяпер ад яе і знаку не засталося.

Крыху ніжэй да Саду, дзе Госпада схапілі167, паказваюць месца, дзе Найсвяцейшая Дзева стаяла, молячыся за Святога Сцяпана, калі яго білі каменнем. Мае тое месца сем гадоў прошчы і гэтулькі ж квадрагенаў.

Магіла Божай Маці[правіць]

Спусціліся мы пасля ў даліну Ясафатаву168, дзе проста ў зямлі скала выкапаная і мурам абнесеная. Мае сорак прыступак, па якіх спуск на дол да маленькае каплічкі, дзе была пахаваная Найсвяцейшая Дзева Марыя. Есць там алтар, каля якога пры нас служыў Святую імшу айцец Ян Фларэнтыец, мясціна гэтая католікам належыць, мае поўную прошчу. Вісіць там дванаццаць свяцільняў, якія ніколі не запаляюць, хіба што пры Святой ахвяры. З бакоў ёсць капліцы, два алтары, а ў сярэдзіне сходаў, паабапал таксама ёсць капліцы, у якіх перад тым былі пахаванні сям’і Якімавай; цяпер тыя мясціны розным народам належаць. Ідучы адтуль, справа ёсць капліца Святога Язэпа, улюбёнца Найсвяцейшае Маці Божае, а насупраць злева — яе бацькоў, Святых Якіма і Ганны. У абодвух месцах сем гадоў прошчы і гэтулькі ж квадрагенаў. Ідучы адтуль да гары Аліўнае169, мінаем з правага боку ў мясціне вельмі нізкай вёску Гефсіманія170, ад якой цяпер і руінаў не засталося. Ёсць толькі раўніна, а на ей колькі дубоў, што некалі, відаць, жыхарам вёскі належалі. Адразу ж направа ёсць тут таксама і сад, у якім Госпада Нашага схапілі, і проста адтуль прыходзім да каменя, каменем Апостальскім званага, дзе зняможаных сном Госпад чуйнаваць заклікаў171. За кідок каменя адтуль месца Малітвы Госпада Хрыста. Тут пячора падземная, уваход мае вузкі, дзіра зверху замест вакна, праз якую камяні, высечаныя унутры, легка было выцягваць. Спакойнае гэта месца, бо няма да яго ніякае сцежкі. Адразу ля ўвахода ёсць алтар, дзе Госпад, на малітве ўпаўшы, ляжаў, за чатыры локці ад яго слуп, у скале высечаны, столь пячоры падпірае; на ім Анёл Святы, з’явіўшыся, Госпада суцяшаў. Пячора тая светлая і чістая, не аддадзеная нікому, поўную прошчу мае. Вярнуўшыся на адлегласць кідку каменя, калі звярнуць да Саду, праз чатыры прыступы, нібы ў нейкую вулку, трапляеш на тое месца, дзе Юда Госпада пацалаваў172, даўшы знак гэбраям, каб яго схапілі, пра што кажа Евангелле. Тое месца таксама нікому не аддадзенае, шмат там дрэваў аліўных, прошча поўная.

Магіла Авесаломава[правіць]

Адтуль улева ідучы, можна пабачыць магілу Авесаломаву (2 Царстваў, 18), з каменя жывога ў выглядзе піраміды (а не простага слупа, як апісвае Адрыхом), вышынёю на дзесяць локцяў.

Магіла Захарыі[правіць]

Другая ж там магіла — Захарыі, сына Варахіявага, пра якога чытаем у Евангеллі (Мац. 23), над ею піраміда, праўда, меншая і ніжэйшая. Недалёка ад тых магіл у скалах ёсць лёхі, у якіх Апосталы хаваліся, калі быў схоплены Збаўца; месца таксама ў скале накшталт каплічкі, пра якое Святы Еранім піша, што Святы Якуб, схаваўшыся там, адмаўляўся есці, пакуль уваскрэслага Госпада не пабачыць. І праўда, з’явіўся яму і, падаючы хлеб, сказаў: Якубе, еш, бо Сын Чалавечы ўваскрос. У месцах тых памянёных прошчы па сем гадоў і гэтулькі ж квадрагенаў.

Кедрон[правіць]

Праз даліну Ясафатаву, якая пачынаецца ля магілы Найсвяцейшае Дзевы173, цячэ Кедрон174, ад памянёнае магілы выцякае, напаўняецца вадою пасля дажджоў восеньскіх, улетку цалкам высыхае, але дзеля прыбыцця вады ёсць недалёка малы масток цагляны.

Знакі падзення Гасподняга[правіць]

З правага боку таго мастка на скале плоскай і роўнай і досыць шырокай ёсць знакі рук Гасподніх, каленяў і пальцаў ног, там, дзе ўпаў ён, калі гэбраі былі яго з таго моста скінулі. Цалуюць тое месца паломнікі, мае яно сем гадоў прошчы і гэтулькі ж квадрагенаў. Знакі тыя, хоць і на вольным паветры, а не ў памяшканні або пад якім дахам, дагэтуль не зніклі, а цэлыя і зусім непарушаныя трываюць, а не трывалі б, калі б тое праўдаю было, што ератыкі кажуць, нібыта яны прыдуманыя і рамеснікам гэтак вырабленыя. Выяўляецца гэта таксама з каменя медыяланскага175, у сцяну за вялікім алтаром у царкве катэдральнай упраўленага, на якім выява ступні Гасподняй выбітая. Бо хоць яна і пад прыкрыццём, хоць не так даўно выстаўленая, аднак жа датыкаючыся і цалуючы яе, ледзьве ўжо распазнаеш, што гэта ёсць, а на скале той ерусалімскай ужо болей за тысячу пяцьсот гадоў Святыя знакі тыя цэлыя застаюцца і нібы цяпер адбітыя. А калі б хто сказаў таксама, што іх долатам аднаўляюць, дык гэтага быць ніяк не можа. Бо ж скала тая зусім навідавоку стаіць, і таму калі б хто з хрысціянаў на тое наважыўся, зараз бы яму забаранілі, бо хрысціянам у тых Святых мясцінах нічога аднаўляць не дазваляецца, пакуль санджак ад самога імператара спярша дазвол або загад не атрымае. Да таго ж і самі туркі называюць места тое Святым Местам і надта пільна сочаць за тым, каб якая старасветчына не загінула. Дык калі б долатам хто аднаўляў, хіба ж на скале не было б відаць, хіба ж за столькі гадоў знакі тыя не паглыбіліся б: сапраўды ж, цяпер тыя знакі так на паверхні адбітыя, як бы хто ў мокрую гліну толькі што рукі і ногі ўляпіў. Кожны, хто толькі пільна прыгледзіцца, пазнае, што не рука чалавечая, але Божая, знакі тыя Святыя ў цэласці захоўвае.

Крыніца Найсвяцейшае Дзевы[правіць]

Перайшоўшы мост, амаль праз трыццаць прыступак, апускаемся да мясціны глыбокае, якую крыніцаю Смокавай176 называюць, дзе Найсвяцейшая Дзева ваду чэрпала і хусты свае прала. Бо хоць і з роду царскага паходзіла, аднак пакорлівасць любіла, як Святое пісанне сцвярджае.

Прарок Ісая[правіць]

З левага боку паказваюць паміж дрэвамі аліўнымі месца, дзе на загад Манасіі цара прарок Ісая напалам пілою быў перарэзаны177.

Купальня Сілоэ[правіць]

А побач з тым месцам ёсць пад гарою купальня Сілоэ (Ян, 9), якая ўсім садам, што ў даліне Ясафатавай, ваду дае. Недалёка адтуль відаць руіны той вежы, якая яшчэ за Госпада Нашага абвалілася і васемнаццаць чалавек раздушыла (Лук. 13). У гэтым месцы прошча сем гадоў і гэтулькі ж квадрагенаў. Ваду з гэтае купальні туркі за Свячоную лічаць, і вельмі шмат іх амаль кожнага дня ў ей мыецца. Бо хоць яны і пра кожную ваду думаюць, што грахі змывае, але пра гэтую мяркуюць, што яна і целы ўздараўляе. То ж мы, прыйшоўшы туды, наверсе (бо да яе па прыступках, у скале выбітых, спускацца трэба) мусілі чакаць, пакуль яны свае мыццё скончаць і ўбораў паласканне, што яны дзеля большага будучага шчасця чыняць.

Вельмі дзіўная рэч[правіць]

Ідучы направа вакол места да гары Сіён, з левага боку на скале ёсць поле Акелдама178, купленае за трыццаць срэбнікаў, вернутых Юдаю гэбраям пасля выдання Госпада. Цяпер там армянскія могілкі. Зямля на тым полі такая, што, паклаўшы на ей труп (нават не прысыпаўшы), цела (што мы самі бачылі) за 24 гадзіны распадаецца і гіне, і нічога іншага апроч голых костак не застаецца. Поле гэтае мурам абнесенае, каб ад туркаў косці хрысціянскія ў пакоі захаваць, бо там армяне і іншым народам хаваць не забараняюць за малую заплату. За рагом святыні Саламонавай ёсць невялакая Смеццевая брама179, праз якую смецце з места вывозілася і праз якую гэбраі, Госпада схапіўшы, да Анны прывялі, баючыся народу. Прыйшлі мы пасля пад гару Сіён, на вяршыні якой быў некалі замак Давідаў, засталіся знакі па ім і руіны; а прамінуўшы купальню Вірсавіі, праз Рыбную браму вярнуліся мы ў кляштар.

Другі раз да Гроба Гасподняга[правіць]

Справіўшы абед, увайшлі мы зноў у царкву і шэсце, як вышэй апавядалася, адбылі. Пасля нешпару рыхтаваліся мы праз споведзь да Найсвяцейшага таемства; было гэта напярэдадні дня Святых Апосталаў Пятра і Паўла, дык там і ноч на набажэнстве прабылі. Пасля паўночы спявалася ютрань, ранняя імша была каля Гроба Гасподняга, а вялікая на гары Кальварыі, айцец вікары пры алтары католікаў на тым месцы, дзе Госпада да крыжа прыбілі, спяваў і, даўшы нам Найсвяцейшае таемства, да Гроба Святога ў шэсці нас правёў, дзе ўнутры за звычаем хвалебным хрысціянскім у рыцары Гроба Гасподняга180 нас пасвяціў. Айцец гвардыян, які там ёсць, паводле даўняга прывілею Апостальскае сталіцы, тую цырымонію спраўляе. Які яе акт, спосаб і парадак, на канцы апошняга ліста напішу.

А імёны тых, хто са мною ў Ерусаліме быў і такімі рыцарамі пасвячоныя, пералічаю: Абрам Баро дэ Дона сілезец, Юры Кос і Міхал Канарскі прусакі, Андрэй Скарульскі літвін, Пятро Быліна паляк. Былі і іншыя, як П. Леанард Пацыфік святар Таварыства Ісусавага, з братам Кіпрыётам, Ян Шульц цырульнік з Уроцлава, Ярэма Гермак кухар літвін.

Скарб царквы Ерусалімскай[правіць]

Калі мы чакалі, пакуль туркі нам царкву адчыняць, некаторыя пачалі гаварыць пра скарб царкоўны, які калісьці быў напэўна надзвычай вялікі, багабойнасцю гаспадароў хрысціянскіх узбагачоны. Але калі Ерусалім у рукі непрыяцелевы адышоў, невядома куды той скарб падзеўся. Селім Першы181, плюндруючы Егіпет, хацеў таксама і гэты скарб забраць, але яго законнікі былі закапалі, і, нідзе яго не знайшоўшы, усіх, колькі іх было ў замку ерусалімскім, у вязніцу кінуць загадаў, дзе іх дваццаць сем месяцаў толькі хлебам і вадою кармілі. Была, аднак, у іх такая багабойнасць і годнасць, што ніякіх звестак ад іх ні біццём, ні катаваннем атрымаць не здолелі. Памерла іх нямала, астатніх тыран, у Егіпце пасяліўшыся, загадаў адпусціць. А з царквы апоўдні выйшаўшы, прыйшлі мы ў кляштар, дзе па абедзе нам прывілеі рыцарства Гроба Божага на пергаміне раздалі. Сакратаром царкоўным, які нам іх выпісваў, быў айцец Дэадат неапаліанец. Мой прывілей быў такі.


Усім увогуле і кожнаму паасобку хто гэты прывілей праглядаць будзе вечнае збавенне ў Госпадзе.

У імя Найпакорлівейшага Госпада нашага

Ісуса Хрыста. Амін.


Ведама няхай будзе, што нядаўна, каб пабожна Святое Зямлі мясціны Святыя наведаць, выправіўшыся ў дарогу, Яснавяльможны Мікалай Крыштоф Радзівіл, Князь з Алыкі і Нясвіжа, Граф на Шыдлоўцу і Міры, Вялікі Сенатар Дзяржавы Рымскае, Галоўны Маршалак Вялікага Княства Літоўскага, каля Святога Гроба Збаўцы Госпада Нашага Ісуса Хрыста, з якога на трэці дзень у вялікай Славе ўваскрос, з вялікай пабожнасцю спавядаўшыся і Найсвяцейшае Таемства прыняўшы, быў і з пачцівасцю яго пацалаваў і абняў; таксама тут Святое месца гары Кальварыі, дзе за род чалавечы Госпад Наш акрутную смерць на крыжы прыняў, наведаў. Быў ён і на гары Сіён, дзе найдзівоснейшая тая Вячэра з Апосталамі спраўленая была, ногі іх пакорліва ўмытыя і Дух Святы ў языках агністых на іх сышоў. Таксама і ў Бэтлееме, месце Давідавым, быў, дзе ад Найсвяцейшае Дзевы Марыі Госпад Наш нарадаіўся, паміж жывёламі пакладзены, на восьмы дзень абрэзаны, пасля каралямі наведаны і Божаю славай ушанаваны. Так і іўдзейскае ўзгор’е, куды Маці Божая да Св. Альжбеты хадзіла, дзе Св. Ян Хрысціцель нарадзіўся, і Пустэльню — месца і сводку яго пакутаў — наведаў; не абмінуў Бэтаніі, дзе Лазар на чацвёрты дзень пасля скону быў уваскрэсены, ні гары Аліўнае, дзе ў час Пакуты маліўся Госпад, жаўнерамі Пілатавымі схоплены і звязаны быў, і адкуль таксама праз моц сваю дзівосна ўзышоў на Нябёсы; аглядаў магілу Найсвяцейшае Маці Божае ў даліне Ясафатавай, адкуль з Душою і Целам на Неба Анёламі была ўзятая, і шмат іншых Святых мясцінаў, так у Святым Месце Ерусаліме, як і ў іншых месцах паблізу, дзе Госпад Наш Ісус Хрыстос з невыказнае дабрыні сваей збаўленне нашае справіў; цяжкасці вялікія і небяспекі адолеўшы, выдаткі значныя з любові да Госпада Бога ахвяруючы, сам асобаю сваёю наведаў і ўшанаваў. А так мы, Фр. Анджэло Стэлла, Меншых Павучальны Даглядчык Правінцыі Св. Антонія, Святога Кляштара Святога Збаўцы Гвардыян і Камісар, і іншых месцаў Святое Зямлі Апостальскаю ўладаю Генеральны Зверхнік і Кіраўнік, заўважыўшы вялікую пабожнасць памянёнага Яснавяльможнага Мікалая Крыштофа да Святых мясцін гэтых і сэрца запаленае да пашырэння Веры Святой Хрысціянскай, вырашылі мы яго ў Рыцары Божага Гроба пасвяціць. А так на моц Апостальскае сталіцы, нам давераную, таму вышэйпамянёнаму Яснавяльможнаму Мікалаю Крыштофу тую Рыцарскую годнасць, гонар і права надаем, і ўсім тым, хто гэты Ліст Наш чытаць будзе, што гэтак намі ўшанаваны, паведамляем, да таго ж ухваляючы а таму Яснавяльможнаму Мікалаю Крыштофу, Рыцару Божага Гроба, дазваляючы, каб надалей Гербы Гроба Гасподняга, Крыжа Святога і Святога Юрыя адкрыта або патаемна, як яму належным здасца, насіў і вольнасцямі усімі, правамі, прывілеямі і перавагамі, якімі іншыя рыцары Божага Гроба карыстаюцца, таксама карыстаўся. Да таго ж абвяшчаем і прызначаем таго Яснавяльможнага Мікалая Крыштофа, дзеля значнага яго старання і міласці ў захаванні і побыце ў гэтых мясцінах Закону Св. Францішка, Генеральным Правізарам памянёных месцаў Святое Зямлі.А дзеля лепшае веры, важнасці і свядоцтва Прывілей гэты загадалі мы напісаць, пячаткаю Гроба Святога запячатаць, і самі мы рукою Нашай падпісаліся. У Ерусаліме з кляштара нашага Св. ЗбаўцыГ. Г. 1583. Дня 29, Мес. Чэрвеня.

Фр. Анджэло Стэлла, вышэйназваны, уласнаю рукою.

А так мясціны тыя Святыя наведаўшы, хацеў таксама і я тут грэшны нейкую памятку пакінуць, то ж напісаў айцам законнікам такі ліст:


У ІМЯ АДЗІНАЕ А НЕПАДЗЕЛЬНАЕ ТРОЙЦЫ, АЙЦА І СЫНА І СВЯТОГА ДУХА. АМІН.

Мікалай Крыштоф Радзівіл, Князь з Алыкі і Нясвіжа, Граф на Шыдлоўцы і Міры, Св. Гроба Рыцар і г. д. Не чым іншым, але адною невыказнаю Госпада Бога Нашага ласкаю натхнёны, найперш з увагі на зарок мною ўчінены дзеля здароўя майго нядужага, а пасля і з пабожнасці і ад пакутаў за грахі ўсяго жыцця майго; спадняўся я на падарожжа да Гроба Гасподняга і іншых мясцін Святое Зямлі. Калі ж тое хутчэй Гасподняю міласэрнасцю і ратункам, чым уласнымі заслугамі, да эфекту і выніку памыснага шчасліва давёў, прыбыў я года Гасподняга 1583, дня 25, месяца чэрвеня ў Ерусалім, праз Галілею і Самарыю) прайшоўшы. То ж на тую памятку прыходу майго і ў падзяку за ўсе іншыя Гасподнія дабрадзействы (якія, незлічоныя, дзівосныя і шчодрыя, заўсёды мне ўдзеленыя былі) прызначаю і дарую, часамі вечнымі (большага памнажэння славы Божае ва ўсім шукаючы) ахвярую не так, папраўдзе, як бы мусіў, але як магу сэрцам ахвотным і шчырым, найперш да Гроба Гасподняга келіх з чыстага золата і такую самую патыну, з вырытым імем і гербамі маімі на абаіх. Апрача таго, келіх другі срэбны, залачоны, і такую самую патыну з імем і гербамі маімі на абаіх вырытымі даю, дарую, ахвярую сэрцам прыніжаным у Бэтлеем, месца Святога Нараджэння Госпада Нашага Ісуса Хрыста. Дзеля таго пастанаўляю і так мець хачу, каб на кожны год сілаю гэтага дару нашага надалей, як доўг пэўны, на Гроб Гасподні сто дваццаць пяць дукатаў (што складае дзвесце пяцьдзесят залатых манетаю Вялікага княства Літоўскага) з Княскага скарбу Нашага Нясвіжскага даваць: самых сябе і Спадкаемцаў нашых вечнымі часамі у тым абавязваючы, паводле закону і звычаяў нашых. З тых грошай найперш сто дукатаў на патрэбы кляштара Св. Збаўцы Айцоў Бернардынаў паводле ўпадабання і волі іхнае, якія там на той час будуць, прызначаю; а дваццаць пяць іншых памянёных дукатаў на лампаду штогадовую, каб кожны дзень часамі вечнымі гарэла ў Гробе Госпада Нашага Ісуса Хрыста, аддаю. Тыя грошы Айцы Ерусалімскія сто дваццаць пяць дукатаў на дзень Св. Апосталаў Пятра і Паўла кожны год у Правізара Св. Зямлі, які будзе на той час у Венецыі, браць маюць. А з тым найперш Святым Божым у Небе, а пасля

і Вашым малітвам, Шаноўныя Айцы, саміх сябе жывых і памёрлых пакорна даручаем. Дадзена у Ерусаліме года Гасподняга 1583, дня Святых Пятра і Паўла Апосталаў, каторага нас у Рыцары Божага Гроба пасвяцілі.

А як айцы таго кляштара Ерусалімскага шмат са мною пра патрэбы Святое мясціны гэтае гаварылі, нямала і сам я пабачыў уціску іх і нястачы, як яны, сярод народу акрутнага жывучы, штогадзіны небяспеку здароўю свайму церпяць, біццё і глум сціпла і цярпліва трываюць, і, аднак, праз асаблівы правід Божы на ганьбу паганцам і ерэтыкам мясціны тыя Святыя, што пра Божую дабрыню і міласэрнасць нам памяць абуджаюць, у цэласці і поўнасці захоўваюць; і кожнага дня тут ахвяру Найсвяцейшую спраўляючы, за ўсе Хрысціянства моляцца, так што малітва тая, нябёсаў дасягнуўшы, тое спрычыняе, што туркі без цяжкасцяў на тое, што славе Гасподняй належыць, дазваляюць, за што хрысціяне Госпада Бога хваліць і слушна яму дзякаваць павінны; пажыву сабе міласцінаю ад каралёў, паноў і іншых багабойных, гэтак духоўных, як і свецкіх, забяспечваюць; дый да таго ж, як я, пільна прыгледзеўшыся, царкву тую Святую ў некаторых месцах блізкаю да разбурэння ўбачыў, асабліва ж сярэдзіну скляпення над самай капліцаю Св. Гроба (адкуль некаторыя туркі нядаўна былі колькі бляхаў узялі, за што іх смерцю пакаралі), так што калі б тая частка царквы з-за сапсаваных бэлек і крокваў упала, сапраўды невылічоных выдаткаў аднаўленне будынку вымагала б, а іншыя народы, бо царква католікам належыць, нічога не дбаюць: дык вось я (кажу), на ўсе гэта зважаючы, спадняўся на тое, каб у тым краі нашым людзей багабойных да ўратавання тае царквы заклікаць і дапамогі на тое ад іх прасіць. Сведчанне айцоў Ерусалімскіх, што прасілі аб гэтым, такое:

Фр. Анджэло Стэлла, Гвардыян і Камісар Апостальскі, мясцін Зямлі Святое Служэбнік, усім цэлага Каралеўства Польскага, В. Кн. Літоўскага, Вялебным у Хрысце Айцам, Найяснейшым Князям, а таксама Высакародным Графам і Панам Шляхце, у чые рукі ліст гэты патрапіць, Бласлаўленне нашае і збаўленне вечнае ў Госпадзе.

Дзеля таго, што пра ўсе патрэбы нашыя кожнаму асобна, асабліва ж у такім кароткім часе, пісаць надта цяжка, мы гэтага не робім, а таму, ад Яснавяльможнага Пана Мікалая Крыштофа Радзівіла, Рыцара і Правізара Генеральнага Св. Гроба, поўныя, праўдзівыя і дастатковыя звесткі атрымаўшы пра іншых Народаў на тыя часы гарачую і святую пабожнасць да гэтага Месца Святога, а таксама пра дабратлівую шчодрасць да ўбогіх законнікаў (аб чым ён нам падрабязна да аздобы Вашых Ласкаў дэкляраваў); вырашылі мы, будучы гэтак натхнёныя, а прычыны блізкага вельмі Царквы тае Святое ўпадку і небяспекаў, што нам кожнага дня аж да загубы пагражаюць, праз таго ж памянёнага Яснавяльможнага Мікалая Крыштофа (хоць тае ласкі Ягонае і чуласці мы не заслужылі) да Ласкаў Вашых як да ратунку па міласціну звярнуцца, бо пакінутыя мы хрысціянамі ў краі гэтым: ані не сумняваючыся ў багабойнасці Ласкаў Вашых, як нам пра яе той Яснавяльможны Мікалай Крыштоф, на якога спасылаемся, дастаткова і падрабязна апавядаў. А за тыя дзеля Хрыста Ісуса на яго Святы Гроб і Варту ўчыненыя выдаткі самога Госпада Хрыста найшчадрэйшага плату кожнаму а Ласкаў Вашых ахвяруем і гэтак нашыя, як і спадкаемцаў нашых (колькі магчы будзем), на часы вечныя малітвы абяцаем. Дзеля лепшае веры гэты ліст наш рукою нашай падпісваем і пячаткаю Кляштара нашага Св. Збаўцы ў Ерусаліме запячатваем, года Гасподняга 1583, дня 5 ліпеня.

Сапраўднае пахаванне гэбрайскае[правіць]

Раніцаю выйшаўшы з кляштара, скіраваліся мы да брамы Сіёнскай, адкуль, узяўшы з сабою двух конных янычараў, спусціліся мы ў даліну Ясафатаву і ля падножжа гары Аліўнае з правага боку каля самай дарогі бачылі месца, дзе здраднік Юда засіліўся: ёсць там і цяпер невялікі склеп, увесь патрэсканы, гэбраямі змураваны, дзе яны цяпер памерлых хаваюць.

Бэтанія[правіць]

Праехаўшы паўмілі, прыбылі мы ў Бэтанію182.

Дом Сымонаў[правіць]

Там пры самым уваходзе з левага боку ёсць дом Сымона пракажонага (Мацв. 26), цэлы і непашкоджаны. У ім цесны прысенак, ніжнія сенцы уздоўж і ўпоперак восем локцяў, даволі цёмныя, адтуль яшчэ ўваход па прыступках у задні пакой без даху, бо ў гэтых краях будынкі ніякіх дахаў або крыцця не маюць. Ніякаму народу не прызначаны, мае сем гадоў і гэтулькі ж квадрагенаў прошчы.

Гроб Лазараў[правіць]

Адтуль за лучны стрэл цэлы гроб Лазараў у скале выкапаны, да якога па васьмёх прыступках паднімацца трэба, ёсць там і алтар невялічкі, на ім камень ляжыць, якім гроб быў завалены, і які Збаўца, хочучы Лазара ўваскрасіць, загадаў быў адваліць (Ян, 11). Бывае там Св. імша на кожны год. А з тае пячоры праз чатыры прыступкі тое месца, дзо Лазар памёрлы ляжаў, мае ўшыркі два локці, удоўжкі чатыры, належыць католікам. Тут прошчы сем гадоў і гэтулькі ж квадрагенаў. Недалёка ад таго гроба туркі маюць сваю машэю, бо яны таксама ў тое вераць, што Лазар Госпадам Ісусам быў уваскрэсены. Тая Бэтанія мае да трыццаці дамоў, у якіх жывуць туркі.

Дамы Марты і Магдаліны[правіць]

Відаць там і два дамы, недалёка адзін ад аднаго, кажуць, што адзін належаў Магдаліне, а другі Марце, абодва ўжо амаль разваліліся, асабліва ж Марцін, якога і падмурак ужо ледзьве заўважны, у абодвух прошчы сем гадоў і гэтулькі ж квадрагенаў. Ідучы да памянёных дамоў, побач з гасцінцам, ляжыць камень вялікі, называюць яго здаўна камень Размовы183, на якім Госпад Хрыстос, седзячы з Магдалінай, пра смерць Лазараву гаварыў. Туркі не меней за хрысціянаў яго шануюць, і цалуюць яго мусульмане, сцвярджаючы як рэч пэўную, што казалі ім продкі іхнія, што хоць ад яго паломнікі (і мы тое ўчынілі) немалыя кавалкі сабе адколваюць, аднак жа ён ні з якага боку не меншае. І праўда, вельмі на тое падобна. Бо цяпер ён гэткі ж вялікі, як і за Госпада быў, што з сядзення на ім легка меркаваць можна, бо ж ён не вышэйшы і не ніжэйшы, а якраз гэткі, як сесці зручна. Было там на той час колькі туркаў ужо немаладых пры нас, якія апавядалі нам, што за шэсцьдзесят гадоў іхніх камень ані не змяніўся, і прыгадвалі словы бацькоў іхніх: Хоць бы і тысяча людзей па кавалку ўзяла, усе адно камень той не паменшае і паменшаць не зможа. То ж дзеля таго цуду мае прошчу сем гадоў і гэтулькі ж квадрагенаў.

Гара Аліўная[правіць]

З Бэтаніі скіраваліся мы направа да гары Аліўнай вельмі высокай, пасярод якой ёсць рэшткі вёскі Бэтсагіі184, штось малое там было. А пакінуўшы на нізе аслоў, пайшлі мы пехатою на самы верх гары, адкуль Госпад Хрыстос узышоў на Неба; змуравала тут некалі даўно Св. Алена царкву, але ўжо развалілася.

След нагі Гасподняе пасля Ўсшэсця[правіць]

Цяпер туркі маюць тут сваю машэю малую круглую, пасярод яе на камені ёсць знак нагі Збаўцы Госпада Нашага, які (узыходзячы на Неба) ён пакінуў. Надта ж яны яго шануюць і цалуюць. Але года Гасподняга 1596 знеслі той знак, і ўвайшоў багабойны святар, які сказаў, што на самым верху каменя вельмі цвёрдага добра відзён след левай нагі, да якой ніякая іншая ніколі не дадасца.

Другой нагі след туркі, камень рассекшы, перанеслі ў святыню Саламонаву. Нам у дзвярах тае машэі стаць дазволілі і здалёк на той след Святы глядзець, які ад дзвярэй за чатыры локці. Дазвалялі перад тым хрысціянам уваходзіць і тое месца Святое цалаваць, але цяперашні кады, пільна ахоўваючы веру сваю няверную і не могучы таго сцярпець, што хрысціяне крыжы па сценах малююць, два гады перад тым пад пагрозаю смерці забараніў ім туды ўваходзіць. Вось жа яны, у дзвярах малітву адгаварыўшы, поўную прошчу атрымліваюць. Часта той кады гэтае месца Святое наведваў і вялікім набажэнствам сваім яго ўшаноўваў, бо туркі Бэтлеем, дзе, як вераць, Збаўца ад Дзевы нарадзіўся, і тую гару Аліўную, дзе яго ўсшэсце на Неба прызнаюць, у вялікай пашаноце маюць; але тыя мясціны, дзе ён штокольвек цярпеў, яны зусім не шануюць, і наадварот, калі гэткім мясцінам хрысціяне нейкую пачцівасць выказваюць, тыя насміхаюцца і кажуць, што Хрыстос як Дух Божы ўзышоў на Неба, а гэбраям замест сябе (бо ненавідзелі яго) нейкі прывід або ўяўна жывую істоту падставіў, якую яны, схапіўшы, звязалі і ўкрыжавалі, і яна нібыта ўваскрэсла і пасля паказвалася людзям. І тую аблуднасць сваю нейкаю байкай, а не разумнымі словамі пацвярджаюць. Мы, кажуць, калі толькі хочам, б’ём гэбраяў кіямі без літасці, бо гэта нікчэмны народ, а Прарок такі вялікі, сам Дух Божы, як жа ён ад тых плюгавых і мізэрных рук чалавечых не адбараніўся?

Мужы галілейскія[правіць]

На той самай гары з правага боку ёсць яшчэ рэшткі разваленай царквы, дзе (як некаторыя сцвярджаюць) два мужы пасля ўсшэсця Гасподняга з’явіліся Апосталам, кажучы: «Мужы галілейскія, чаго дзівіцеся?» (Дзеі, 1.) Але як Святы Лука апісвае ясна, што яны на тым самым месцы ўсшэсця з’явіліся, не ведаю, нашто месца гэтае далей пераносіць. Спусціўшыся з гары, сталі мы там, дзе Госпад над горадам плакаў (Лука, 19). Тут прошчы сем гадоў і гэтулькі ж квадрагенаў.

Святыня Саламонава[правіць]

Відаць адтуль вельмі добра ўсе места і святыню Саламонаву таксама, але яна толькі імя святыні Саламонавае носіць, а хутчэй за ўсе гэта нейкая іншая царква, васьмікантовая (як я магу меркаваць, большая за рымскі Пантэон), бляхаю крытая алавянаю, пасярод дворышча (якое болей удоўжкі, чым ушыркі разлягаецца і фігавымі дрэвамі ды ляснымі алівамі абсаджанае) змураваная. Кажуць, што яе Святая Алена збудавала.

Залатая брама[правіць]

На тым самым дворышчы злева пры сцяне ёсць таксама іншая царква, прыгожая і выцягнутая, таксама бляхай крытая, дзе, як цвердзяць, Найсвяцейшая Дзева Хрыста Госпада ў царкве Богу ахвяравала185. Відаць адтуль таксама Залатую браму186, праз якую ўваход быў на дворышча святыні Саламонавай, і кудою Госпад Хрыстос на асляняці ўехаў у Ерусалім (Мацв., 2і). Цяпер жа яна праз нязведаную таямніцу Божую замураваная, і адчыняць яе, як цвердзяць туркі, нельга; кажуць, што сама яна расчыніцца аднаму вялікаму і наймагутнейшаму каралю, які праз яе ў места Святое ўвойдзе і станецца ўладаром усяго свету.

Глядзі[правіць]

Пыталіся мы, чаму ж імператар іхні праз тую браму не едзе, каб лягчэй і хутчэй уладаром свету стацца; але яны маўчалі, дый нам з імі далей быць не выпадала. Бо хто пра імператара або пра веру хоча спрачацца, той на загад Магаметавы мусіць быць пакараны.

Малітва Гасподняя[правіць]

Як спусціцца з гары, злева паказваюць месца, дзе Госпад Апосталаў вучыў малітвам (Мацв., 6). Была там некалі капліца, цяпер ужо развалілася, толькі адзін слуп стаіць цэлы. Мае прошчы сем гадоў і гэтулькі ж квадрагенаў. Спусціўшыся адтуль, зноў наведалі мы месца, дзе Госпад Хрыстос маліўся і дзе яго гэбраі схапілі.

Брама Яфрэмава[правіць]

Пасля праз месца каменавання Св. Сцяпана187 брамаю Яфрэмавай188 у места ўвайшоўшы, злева бачылі мы Быдлячую купальню189, якая недалёка дворышча святыні Саламонавай, была даволі шырокая і глыбокая. Захаваліся пры ей яшчэ і сходы. На дне яе расце трыснёг, відаць з таго, што месца там вільготнае. Дазволеная тут прошча сем гадоў і гэтулькі ж квадрагенаў.

Палац Пілатаў[правіць]

Вяртаючыся той самаю вуліцай да брамы Святога Сцяпана, дайшлі мы да другой вуліцы, па якой праходзілі перад тым да даліны Ясафатавай і якая ад самае брамы да палаца Пілатавага даволі шырокага і вялікага вядзе.

Вось чалавек[правіць]

Над прысенкам таго палаца сцяна ўзносіцца, у ей два вакны ёсць, слупам раздзеленыя мармуровым, у адным з іх Пілат, а ў другім Госпад Наш цярновым вянком укаранаваны, стаяў, калі той Пілат, паказваючы на яго гэбраям, сказаў: Вось чалавек190. А цяпер месца тое пасярод шырокай і вялікай вуліцы, дзе натоўпам вялікім туркі ходзяць; з тае прычыны паломнікі, не могучы укленчыць, прамінаючы «Ойча наш» і «Вітай, Марыя», адгаворваюць, каб поўнае прошчы удзельнікамі стацца.

Піша[правіць]

Піша Адрыхом, што было там напісана. «Вазьмі, Вазьмі, Укрыжуй»,— але дзеля даўнасці нічога гэткага здалёк не мог я бачыць, а калі б бліжэй падысці можна было, дык, як я мяркую, можа, што і пабачыў бы.

Пакуль мы да палаца Пілатавага ішлі, як туркі густым натоўпам (як у палове места) хадзілі, дык мы за звычаем паломнікаў па дарозе ішлі пад сонцам распаленым, паганцам зацененыя падстрэшшы пакідаючы. Але Міхал Канарскі, слуга мой, крыху тлусцейшы будучы, наводдалі ішоў за намі і.баронячыся ад спёкі сонечнай.да падстрэшша звярнуў; і калі там яму тры туркі спаткаліся, а ён на агульную дарогу не саступіў і аднаго з іх лёгенька зачапіў, дык гнеў у ім абудзіў, так што той турак яму кулаком даў, кінуўся па каменне і ў яго кідаць пачаў. Тое самае іншыя туркі, асабліва маладзёны, рабіць пачалі, і пэўна б да чаго нядобрага дайшло, калі б іх нашыя янычары (двух конных было і двух пешых) не ўлагодзілі. З усіх навакольных вулак пачалі людзі збірацца, і няма сумневу, што пабілі б нас, як колькі гадоў перад тым (пра што нам законнікі апавядалі) сталася, калі туркі дзеля таго, што паломнікі саступіць з дарогі не хацелі, некалькі іх забілі.

Дарога Смутку[правіць]

Ад палаца Пілатавага, пра будову якога ніжэй будзе гаварыцца, пачынаецца дарога Смутку, па якой Госпада з крыжам на спіне вялі на смерць. Выйшаўшы з брамы, з правага боку відаць невялікі скалісты пагорак, на якім Найсвяцейшая Дзева Марыя стаяла і тужліва глядзела, што з яе Найдаражэйшым сынам рабіцца будзе; і калі яго, цернем укаранаванага, крывёю акропленага, з тварам сінім і непазнавальным, са страшным дрэвам крыжовым на плячах, нібы злачынцу якога лютага, што на смерць ідзе, убачыла, то, як з найдаўнейшага падання вучоныя католікі багабойна сцвярджаюць, ахопленая нясцерпнаю немаччу, знепрытомнела і на зямлю упала, што вельмі да праўды падобна. Бо і як іначай тае Дзевы сэрца свайго ўлюбёнага Сына у суворых пакутах і з невыказнаю ганьбай крыжам прыгнечанага бачыць магло? Месца тое аж да сённяшняга дня месцам Самлення Найсвяцейшае Дзевы называюць.

Адтуль пяцьдзясят крокаў прайшоўшы, пабачылі мы доўгую вуліцу, што да брамы Дамашскай ідзе, там злева ёсць цяжкі праход да скалы. Бо места Ерусалімскае ўсе на скалах ляжыць, і шмат немалых пагоркаў мае, а большіх гор, якіх цяпер у ім чатыры, а перад збурэннем, калі жыло шчасліва, тры вельмі славутыя мела; ніжэй пра іх падрабязна, калі пра палац Ірадавы191 і пра багатыя і прыгожыя вуліцы пісаць будзем.

Вось жа ў памянёнай дарозе вельмі цяжкай Збаўца наш, цяжарам крыжа змардаваны, упаў на скалісты дол; а калі дзеля млосці і слабасці далей ісці не мог, прымусілі гэбраі Сымона Кіранейца192 з ім разам крыж несці. Паломнікі тут прошчы сем гадоў і гэтулькі ж квадрагенаў маюць. На той самай вуліцы Мястовай злева ёсць дом вялікі таго багатага любаярніка, які Лазара міласэрнасцю надарыць не схацеў193. Не маглі мы туды ўвайсці, бо жыў там адзін турак, хрысціянаў вялікі вораг, але дзверы адчыненыя былі, і з вялікасці падворку было відаць, што дом той вялікі і заможны. Прайшоўшы стуль трыццаць крокаў, відаць справа ўваход у іншую доўгую вуліцу, якая проста да гары Кальварыі194 вядзе. Злева, амаль у палове вуліцы, на гару паднімаючыся (бо ўся тая вуліца на гару ідзе), ёсць дом Св. Веранікі, з якога выйшаўшы, яна Найсвяцейшы твар Гасподні, крывёю акроплены, ручніком абцерла. Недалёка таксама відаць невысокі пагорак, на якім стаялі жанчыны, калі Госпад казаў да іх: "Дочкі Ерусалімскія, не плачце нада мною"195 і г. д.

Судовая брама[правіць]

Адтуль за паўтары кідкі каменя стаяць два вялікія і высокія каменныя слупы, была паміж імі перад тым Судовая брама, праз якую прысуджаных да смерці вялі на Кальварыю. Католікі сцвярджаюць багабойна, што тут другі раз Госпад пад крыжам упаў, на памяць чаго ў кожнай браме крыжы малююць. Дадзена тут прошчы сем гадоў і гэтулькі ж квадрагенаў.

Ад тае брамы Судовае адышоўшы, трохі далей, чым за адзін кідок каменя, відаць царкву Божага Гроба, якая ў сабе гару Кальварыйскую мае. А недалёка ад брамы, праз якую ў царкву уваходзяць, на цвінтары камень ляжьіць надта вялікі, дзе ўжо пад самай гарою трэці раз Госпад Наш на зямлю з крыжам упаў. Ёсць там сем гадоў прошчы і гэтулькі ж квадрагенаў. А адсюль ужо на гару ўзышоў ён за нас на смерць.

Мінаючы царкву, адгаварылі мы «Ойча наш» і «Вітай, Марыя» і пайшлі ў кляштар, дзе па абедзе нанялі фурманаў, каб ехаць у Бэтлеем.

Ліпень[правіць]

Дзеля беспячнейшае дарогі ў Бэтлеем узялі мы з сабою янычараў двух конных і двух пешых.

Выйшаўшы раніцай з кляштара, выбраліся мы праз Рыбную браму з места і пабачылі з левага боку замак, які і цяпер называюць замак Пізонаў і пра які, калі ўжо ён тут часта прыгадваецца, трэба ведаць, што розныя людзі рознае пра яго гавораць. Адныя сцвярджаюць, што гэта быў замак Давідаў, дзе ён сам жыў; іншыя ж пярэчаць і кажуць, што быў ён на гары Сіён, дзе надзіва вялікія руіны старадаўніх муроў ляжаць ад купальні Вірсавіі, што пад гарою Сіёнскай; бо тут легка жанчыну гэтую з альтанкі або ганка царскага можна было ўбачыць, калі яна насупраць мылася (2 Царстваў, 11). І хоць недалёка ад замка Пізонавага таксама купальня ёсць, аднак з яго ніякім чынам жанчыны, якая б мылася, добра бачыць нельга было б. І таму лепей другія мяркуюць і слушнейшымі высновамі даводзяць, што замак той, які цяпер Пізонавым называюць, даўней Макабеі196 збудавалі, як згадваюць пра тое кнігі Макабейскія і Язэп Іўдзей. Але чый бы ён ні быў, відаць, што добра быў умацаваны, хоць цяпер ужо і надта стары. На чатыры бакі мураваны, вежы меў высокія чатырохкантовыя, з каменю часанага, роў вельмі глыбокі, унутры быў каменем часаным выкладзены. Калі мы з кляштара да брамы Сіёнскай ішлі, замак той быў з правага боку, і брама ў ім расчыненая была, дык, з боку гледзячы, бо наўпрост глядзець было нельга дый небяспечна, бачылі мы, што падворак унутры невялікі быў, як і сам замак невялікі; ляжала там гармат колькі срэбных на зямлі без колаў і ложаў, а каля брамы некалькі янычараў на варце сядзела.

Выйшаўшы з места і на аслоў сеўшы, з’язджаючы з гары, пакінулі мы з левага ад нас боку руіны палаца Давідавага, пра які нядаўна згадвалася, а з правага боку купальню Вірсавіі, бо там дарога ў Бэтлеем. Купальня ўздоўж мае каля ста локцяў, але не надта шірокая, вакол квадратнымі камянямі абкладзеная, з усіх бакоў прыступкі, па якіх некалі ў ваду ступалі; глыбіня яе, калі была ў поўні, амаль васьмі локцяў дасягала, цяпер вады няма, але недалёка ад брамы ручаінка цячэ, з якой места ваду бярэ. Прамінуўшы купальню Вірсавіі і ўзышоўшы на вялікі пагорак, з правага боку за стрэл лучны ад гасцінца пабачылі мы палац, да разбурэння блізкі, ў якім зверхнікі святарскія і старшыні свецкія пра затрыманне і смерць Госпада Збаўцы нашага раіліся, таму і завуць яго цяпер домам Злое Рады197. За ім трохі далей направа стаіць дом пусты з дзвюх старых сцен, добра відаць, што некалі высокі быў, належаў ён таму Сымону старцу, які ў Духу будучы, у святыню прыйшоў, Дзіцятка Ісуса на рукі свае ўзяў і Госпада Бога блаславіў. Далей адтуль ідучы, недалёка ад дарогі злева стаіць фісташкавае дрэва досыць вялікае, пад якім, як апавядаюць, Найсвяцейшая Дзева адпачывала, калі ішла з Ерусаліма ў Бэтлеем, каб Дзіцятка ў святыні ахвяраваць. Есць тут прошчы сем гадоў і гэтулькі ж квадрагенаў.

Калодзеж Трох Каралёў[правіць]

Не вельмі далёка адтуль паказваюць калодзеж, прыгожым мурам абнесены, але вада ў ім дрэнная і ўжываць яе нельга. Называюць яго калодзежам Трох Каралёў і расказваюць, што ў гэтым месцы зноў паказалася ім зорка.

Гэта дзіўна[правіць]

У палове дарогі пагорак ёсць не надта высокі, з якога і Ерусалім, і Бэтлеем відаць, бо толькі паўтары мілі паміж сабою маюць. Дрэўцаў тут ядлоўцавых досыць, а з правага боку пры дарозе камень ляжыць, на якім Прарок Ілля адпачываў (3 Царстваў, 19) і на якім так уся постаць Святога Прарока адбілася, нібы на мокрай гліне якой цела яго ляжала. Бо галавы, боку, рукі і нагі правай Святога Прарока адбітак застаўся відочны, што слушна Божаму цуду прыпісваюць. Злева ёсць кляштар маленькі грэцкі, называюць яго кляштарам Св. Іллі. Справа ад каменя, спінаю да Ерусаліма павярнуўшыся, пабачыць можна дом развалены, які адну сцяну цэлую мае; апавядаюць, што ён Прароку Абакуму належаў198, які, з яго выйшаўшы (калі жанцам сваім абед нёс), Анёлам быў узяты і ў Халдэю занесены, каб абед той згатаваны Данілу Прароку, што між ільвоў сядзеў, аддаць.

Магіла Рахілі[правіць]

За чвэрць мілі ад каменя Іллі справа ёсць дамок, яшчэ досыць цэлы, дзе, як кажуць, Рахіль Веніяміна нарадзіла199; а недалёка адтуль, амаль на самым гасцінцы, стаіць магіла той Рахілі200, амаль зусім цэлая, у выглядзе піраміды, з каменя жывога выцятая, пра магілу гэтую ёсць згадка ў Пісанні.

Калодзеж Давідаў[правіць]

Недалёка ад Бэтлеема, злева ад гасцінца за лучны стрэл, ёсць калодзеж, які ў сабе свежую і жывую ваду мае, па якую не толькі з Бэтлеема, але і з блізкіх вёсак шмат людзей прыходзіць, завуць яго калодзежам Давідавым і да гэтых часоў; пра які ёсць у Пісанні (2 Царстваў, 2).

Дзіўная царква[правіць]

Адтуль краем вёскі, якая каля пяцідзесяці дамкоў мае, ідзём мы ў Бэтлеем і налева зварочваем да царквы, ад вёскі за стрэл лучны змураванай. Зайшоўшы ў яе, заспелі мы там Болуха і колькі янычараў, якія былі нас з Дамашка праводзілі, сядзелі тым часам у царкве адпачываючы. Мелі там з сабою і коней. Бо як царква заўсёды бывае расчыненая, туркі, калі ім падабаецца, і з канямі туды ўязджаюць. Якая прыгажосць цудоўна аздобленай царквы той і велічнасць, цяжка словамі апісаць. Бо ўся яна з надзвычай прыгожага мармуру збудаваная, два рады вялікіх калонаў мае; унутры ж можна ў ей, як у люстэрку, на сябе паглядзець, б0 верх бляхаю выкладзены. Св. Алена імператрыца яе змуравала, і перад тым законнікі ордэну Св. Ераніма яе трымалі; цяпер жа айцы Бернардыны там свой кляштар маюць, якіх айцец гвардыян з Ерусаліма кожныя шэсць месяцаў змяняе дзеля пераследаў, якія яны ад туркаў церпяць. На той час пры нас было іх там восем, чатыры святары і чатыры лаікі. І так увайшоўшы ў царкву, якая католікам належыць, прайшлі мы налева ў кляштар, а адтуль у капліцу Св. Катарыны, у якой службу Гасподнюю законнікі спраўлялі. Тая капліца поўную прошчу мае, і атрымліваюць яе паломнікі тут, нібыта самі сваей асобаю былі ў царкве Св. Катарыны на гары Сінай, куды праз небяспеку і далёкую дарогу не кожны даходзіць.

Месца нараджэння Гасподняга[правіць]

З памянёнай капліцы шэсце выходзіць, за якім паломнікі, як і ў Ерусаліме, парамі ідуць аж да месца Нараджэння Сына Божага. Выйшаўшы з капліцы, саступаюць у сутарэнне і, мінаючы іншыя мясціны, пра якія ніжэй будзе гаварыцца, прыходзяць у каплічку, якая ўдоўжкі васемнаццаць, ушыркі дзевяць або дзесяць локцяў мае. Там насупраць дзвярэй ёсць алтар, над якім месца, плітой мармуроваю накрытае, паказваюць, дзе Госпад Наш нарадзіўся, а на камені тым, што на алтары ляжыць, стаіць такі надпіс:

«Тут з Дзевы Марыі Ісус Хрыстос Нарадзіўся».

На самім алтары пры сцяне пліта старая з выяваю Нараджэння Гасподняга. Слухалі мы тут Св. Імшу, якую а. Ян Фларэнтыец, што з намі як старэйшы з Ерусаліма прыехаў, спраўляў.

Яслі[правіць]

Не даходзячы таго алтара, на шэсць локцяў з правага боку ёсць яслі у скале высечаныя, у якіх Госпад Наш, як нарадзіўся, быў пакладзены, а як былі яны надта вялікія і шырокія, дык меншыя драўляныя ў іх былі ўштукаваныя, паводле звычаю таго краю. Насупраць іх амаль за тры локці, дзе Тры каралі, упаўшы, хвалу Госпаду аддалі і ахвяравалі дарункі свае, ёсць другі алтар. Паўсюль тут прошча поўная. Капліца Ясляў Гасподніх католікам цалкам належыць, вісяць тут, што праўда, розных народаў свяцільні, як і ў Св. Гробе (пра што пасля падрабязней), але запаляюць іх толькі на Божае Нараджэнне, калі можна ўсім тым народам (і толькі ў той час) увайсці з шэсцем у гэтае месца. Вельмі цёмная капліца гэтая, бо пад вялікім алтаром царквы размешчаная і ніадкуль святла не мае, хіба толькі праз краты абедзвюх брам бакавых, пры якіх ёсць сходы, каб увайсці у царкву, хоць і шэсці тут ходзяць. Як увайсці у царкву праз сходы з левага боку, тут жа адразу ёсць алтар, дзе Тры каралі, да Госпада прыехаўшы, з коней сселі; калі ўвайсці сходамі з правага боку, дык, крыху прайшоўшы, падыдзеш да алтара, дзе маленькая была бажніца, у якой Госпада на восьмы дзень пасля Нараджэння абразалі. Алтар той католікам належыць, але як туркі ў царкву заўседы вольны доступ маюць, так стаіць без усялякіх аздобаў. Грэкі ў хоры свае набажэнства спраўляюць. І кожны раз, як мае быць Найсвяцейшая ахвяра, у санджака заўсёды янычараў бяруць, якія б іх ад туркаў баранілі, бо ім можна сюды, калі хочуць, уваходзіць. Капліца ж Нараджэння Гасподняга стараннямі католікаў стаіць замкнёная, і ніадкуль у яе ўвайсці немагчыма, толькі з кляштара падземным склепам.

Пахаванне Немаўлятак[правіць]

Той самаю дарогай з капліцы Ясляў выйшаўшы, якою мы былі ўвайшлі, з правага боку за шэсць локцяў ад яе паказалі нам пячору ў скале высечаную, на шэсць локцяў даўжынёю, не вельмі шырокую, але глыбокую, дзе Немаўляткі201, Ірадам забітыя, пахаваныя. Прошчы тут сем гадоў і гэтулькі ж квадрагенаў.

Магіла Св. Ераніма[правіць]

Злева таксама другая ёсць пячора, у якой тры магілы, першая адразу ад увахода справа — Св. Аўсея, другая злева — Св. Паўлы Рымлянкі, якое таксама кляштар, дзе яна, змураваўшы яго дастаткам вялікім і аздабленнем, сама жыла, далей чым за паўмілі ад Бэтлеема стаіць, зусім развалены і пусты; трэцяя магіла — Св. Ераніма. А адтуль лёхам падземным прайсці можна ў жытло гэтага Святога доктара, дзе ён Біблію Святую пераклаў. Яно цёмнае, бо пад царквою, куды на малітву па сходах (яшчэ і сёння цэлых) той Святы ўзыходзіў, выйшаўшы з брамы, якая ўжо замураваная; крыху мае святла з кляштара праз вакно. У кожнага з тых пахаванняў сем гадоў прошчы і гэтулькі ж квадрагенаў. Адтуль вярнуліся мы ў кляштар; а па абедзе і нешпары, у капліцы Св. Катарыны выслуханым, сеўшы на аслоў, накіраваліся мы да вежы Статку, за добрыя паўмілі ад Бэтлеема, дзе патрыярх Якуб пасвіў свой статак202. Ад вежы той паваленай вялікая крушня засталася, і на тым месцы Св. Анёл пастухам радасць вялікую абвяшчаў ад нараджэння Сына Божага. Была тая вежа ў даліне плоднай і прыгожай пабудаваная. А адтуль вяртаючыся іншай дарогаю, з левага боку бачылі мы каплічку (змуравала яе Св. Алена), дзе ў сне Анёл Язэпа намовіў203, каб, Маці і Дзіцятка ўзяўшы, у Егіпет уцякаў. Яшчэ стаяць сцены таго дома, пры якіх тая каплічка была і з ім злучалася. Ёсць там сем гадоў прошчы і гэтулькі ж квадрагенаў.

Кляштар Св. Паўла[правіць]

З правага боку крыху далей застаўся за намі кляштар развалены Св. Паўла, а з левага боку падышлі мы да невялікае вёскі, якую вёскаю Пастуховай называюць; ёсць у ей калодзеж глыбокі, і вада халодная, і вельмі добрая, хадзіла сюды часта па яе Найсвяцейшая Дзева. Сем гадоў прошчы і гэтулькі ж квадрагенаў. Нават і самі магаметане ў пашане вялікай той калодзеж маюць і Святым яго называюць, ды нават яго (чаго дзе ў іншым месцы рабіць не звыклі) каменнай плітою накрываюць (хоць нешырокаю), каб заўсёды быў накрыты.

Дзе хавалася Божая Маці[правіць]

Ад той вёскі вяртаемся мы ў Бэтлеем, а там, недалёка ад царквы, злева ёсць пад зямлёю пячора, на колькі локцяў ушыркі і ўдоўжкі, з цесным уваходам, дзе Найсвяцейшая Дзева з Дзіцяткам была схавалася, калі на Ірадаў загад нявінных дзетак забівалі; цуду Гасподняга знакі там захоўваюцца пэўныя.

Дзіўная рэч[правіць]

Бо ўзяўшы адтуль зямлі і тым жанчынам, у якіх малако знікла, з піццём даўшы, з дастаткам тое малако вярнуць можна. Сем гадоў прошчы і гэтулькі ж квадрагенаў.

Гара Энгады[правіць]

Пад вечар вярнуліся мы ў кляштар і, узлезшы на самы верх царквы, бачылі з левага боку гару Энгады204, якую часта Пісанне згадвае, стаіць яна недалёка ад Бэтлеема. А як Лот, уцякаючы з Садома205, тую гару Энгады прамінаў, дык некаторыя мяркуюць, што у ей ёсць пячора, дзе ён з дачкамі зносіўся, аднак жа пэўнага месца не паказваюць.

Хэброн[правіць]

З правага боку відаць сад, у якім багата дрэваў бальзамавых за панавання Саламонавага было як некаторыя гісторыкі апісваюць. Відаць адтуль таксама горы, што да даліны Хэбронскай прылягаюць. Меў я жаданне датуль дабрацца, бо ад Бэтлеема толькі пяць міляў, каб і магілы Патрыярхаў206, і месца, дзе Абрагам трох Анёлаў бачыў207, і дзе Ісак абрэзаны быў208, пабачыць; але небяспечна было, бо арабы за два дні да таго войскі сабраўшы, між сабою біліся, дык таму я і не паехаў. Законнікі, аднак, якія там бывалі, апавядаюць, што Хэброн209 мясціна малая, адныя гэбраі ў ей жывуць. Дык я, туды паехаць не здолеўшы, вырашыў назаўтра ўзгор’е іўдзейскае наведаць, асабліва ж таму, што і царква таго Свята пра яго згадвае.

Дзе Св. Анёл зваяваў войска Сэнахерыба[правіць]

Вельмі рана Найсвяцейшую імшу выслухаўшы і Найхвалебнейшае таемства прыняўшы, выехалі мы з вёскі Бэтлеем і праз чвэрць мілі прыбылі ў іншую і большую вёску маранітаў, называную Бэтагіль. Ляжыць яна там, дзе Анёл Гасподні войска Асірыйскага цара знішчыў; і да сённяшняга дня варта надзвычайнага здзіўлення тое, што ніводзін абрэзаны тут да трох дзён заставацца не можа і на трэцюю ноч абавязкова мусіць памерці.

Гэта сапраўды цуд[правіць]

Двое арабаў, што былі нам аслоў нанялі, настойліва цвердзілі, што самі ў тым пераканаліся. Бо (кажуць) першае ночы ад страшнага болю галавы цярпелі, другое ж ночы цела нашае так апухла, што, баючыся блізкай смерці, мусілі нас адтуль прэч адвесці, дый так адзін з нас праз чатыры, а другі праз шэсць месяцаў да былога здароўя вярнуўся. І калі мы, каб скараціць дарогу, краем той вескі ехалі, ніводзін з усіх тых абразанцаў не хацеў з намі ехаць, а вакол (мінаючы сваю небяспеку) абабеглі.

І гэта не менш дзіўна[правіць]

За тры тысячі крокаў ад Дамашка штось падобнае бачылі мы злева на высокай гары: ёсць там кляштар мнішак маранітак, у якім таксама да трэцяга дня ніводзін абразанец выжыць не можа. Прыпісваюць гэта людзі дабрыні Госпада Бога Нашага, які таму месцу такую абарону даў, каб ад паганцаў свавольных чыстасць Дзевы захаваная была.

Крыніца Св. Філіпа[правіць]

Ад’ехаўшы ад той вескі мілі з дзве, прыбылі мы да малой крынічкі, недалёка ад гасцінца справа, вадою з якой Св. Філіп Апостал лягчанца царыцы Кандакіі ахрысціў (Дзеі, 8). Звыклі новахрышчэнцы рабіць з гэтага выснову, сцвярджаючы, што абодва яны, і Піліп і лягчанец, у ваду ўступілі, але хто тут быў, інакш і не скажа, як толькі тое, што крыніца з вузкай скалы выцякае і так скупа, што абодвум ног не было б чым абліць, і таму хутчэй можна меркаваць, што Св. Апостал толькі галаву яму паліў і гэтак яго ахрысціў. Сем гадоў і гэтулькі ж квадрагенаў прошчы.

Пустэльня Яна Хрысціцеля[правіць]

Адтуль дзве вялікія мілі праехаўшы дарогаю вельмі цяжкай, апынуліся мы ў пустэльні, дзе Св. Ян Хрысціцель жыў, як Св. Лука згадвае у раздз. 1. Ёсць тут у гары (сама прырода гэтак справіла) невялікая пячора, да якой Св. Алена цагляную сцяну прымуравала. Доступ туды не бяспечны. Бо і знізу страшная прорва, і сцежка да той пячоры пахілая, вузкая і слізкая. Самі ж горы, як і даліна, і тыя глухія скалы, вельмі страшаць чалавека.

Які хлеб Св. Яна[правіць]

З жарала пячоры выцякае крынічка на паўпядзі ўшыркі, адкуль блаславёны Хрысціцель піў, іншае вады там няма. Што ён тут еў, рознае апавядаюць. Некаторыя кажуць, што зелле, якое мы і цяпер называем хлебам Св. Яна (Пліній, 1, 13 р. 8 ceraunіa), іншыя ж цэрацыю210, або салодкі плод з дрэва сіліквы сірыйскай, называюць, багата яго было каля места Юдзінага, радзімы ягонае (адсюль дзве мілі), як і цяпер на Кіпры, адкуль пасля ў розныя краіны, таксама і да нас, яго прывозяць. Вакол пячоры ёсць толькі голыя скалы, кустоўе мала дзе відаць дый тое ўбогае. Ёсць тут поўная прошча.

Места Юдзіна[правіць]

Пасля дзве мілі вялікія прайшоўшы праз вяршаліны гор цяжкапраходныя, прыбылі мы ў места Юдзіна211, якое цяпер ледзьве дваццаць дамкоў мае, відаць, аднак жа, што было яно вельмі разлеглае і вялікае.

Магніфікат[правіць]

Як увайсці ў места, з правага боку руіны царквы на тым месцы, дзе Найсвяцейшая Дзева Альжбету наведвала212 і магніфікат213 прамовіла.

Ёсць і рэшткі царквы, на пляцы дома Захарыявага збудаванай, дзе прамовіў ён: «Блаславёны Госпад Бог Ізраілеў» (Лука, 1). Жывуць тут туркі, якім, каб нас прапусцілі, мусілі мы што-небудзь даць. Адтуль за два стрэлы лучныя злева ёсць царква цэлая, Св. Яну Хрысціцелю прысвечаная, а ў ей з левага боку ад вялікага алтара паказваюць месца, дзе той Св. Хрысціцель нарадзіўся: мае поўную прошчу.

Кляштар Св. Арханёла[правіць]

Праз паўтары мілі адтуль, таксама вельмі цяжкай дарогаю, прыехалі мы ў кляштар Св. Крыжа; стаіць ён злева ад дарогі, грэкі называюць яго кляштарам Св. Арханёла, належыць ён геаргіянам, закон мае той самы, што і ў кляштары Св. Савы, цяпер тут іх біскуп жыве.

Дзіўна[правіць]

Традыцыя і паданне ёсць ад даўніх продкаў, што адтуль было ўзятае адно дрэва аліўнае на крыж Госпаду Нашаму, паказваюць нават дзіру над вялікім алтаром, адкуль яно было выкапанае. Католікі і ўсе ўсходнія народы вельмі шануюць гэтае месца. Частаваў нас тутэйшы біскуп аліўкамі і сухім хлебам, бо мяса тут не ядуць.

Гара Гіён. Палац Саламонаў[правіць]

Ідучы адтуль праз гару вельмі высокую і стромую, за мілю ад Ерусаліма злева бачылі мы гару выцягнутую, не вельмі высокую, Гіён214, дзе прыгожыя руіны палаца Саламонавага з часанага каменю ляжаць, які ён сабе трынаццаць гадоў будаваў (3 Царстваў, 7). Там яго таксама яшчэ за жыцця Давадавага святар Садок на царства памазаў (3 Царстваў, 1). Пакінуўшы з правага боку за намі купальню Вірсавіі, сселі мы з аслоў нашых і прыйшлі да Рыбнае брамы, а за гадзіну да вечара стаялі мы ўжо у кляштары, дзе айцец вікары паведаміў мне, што ў субашы215 (якога мы на гарах Іўдзейскіх бачылі) знайшоў нам (як я яму быў даручыў) правадніка араба, якога назаўтра мелі мы ўзяць з сабою ў дарогу да Мёртвага мора216 і Ярдана.

Палац Пілатаў. Літостратас[правіць]

і так каля поўдня пайшлі мы да таго субашы, а жыў ён у Пілатавым доме, дзе яшчэ ёсць Літостратас217 (у Евангеллі гаворыцца пра гэта), або месца мармуровымі пліткамі выкладзенае, якое зверху самога муравання відаць, бо страхі няма. Падсенне ідзе з абодвух бакоў.

Бічаванне Гасподняе[правіць]

Там, дзе Пілат на судзе сядзеў, стаяць тры калоны з парфіру, чырвонага каменю, каля адной з іх на рагу Госпада Нашага бічавалі; ёсць яе выява ў капліцы З’яўлення, як гаварылася вышэй. Пад тым падсеннем (адкуль відаць падвор’е святыні Саламонавай) сядзеў той субаша на зямлі (дыван яму быў падкладзены і ўзгалоўе дарагое) турэцкім звычаем. Сядзеў з ім з правага боку нейкі турак, быў і араб, які дзеля бяспекі меўся нас за адпаведную плату праводзіць. То ж рэдка паломнікі да Ярдана хадзіць звыклі і дзеля выдаткаў вялікіх, і дзеля небяспекі; адно што як іх на Вялікдзень немалая грамада назбіраецца, дык тады складаюцца і, санджаку падарунак даўшы, якога араба сабе наймаюць, каб іх, маючы з сабою туркаў з паўгакамі, праводзіў.

Умова з арабам правадніком[правіць]

Я, бо абавязкова вырашыў тыя мясціны наведаць, з субашою пра бяспечную дарогу вёў перамовы; урэшце ён, сто чырвоных залатых ад мяне ўзяўшы, наняў для нас араба і, аддаўшы яму толькі пяць цэкінаў (што дзесяць залатых складае) і прыклаўшы кашулю, рэшту сабе ўзяў, бо без ягонага дазволу наняць сабе араба нельга. І пры нас да араба праз тлумача гэтак казаў: «Тыя паломнікі хочуць да Мёртвага мора (так яго называюць, бо па ім плаваць нельга дзеля празмернае гушчыні солі, так што, каб нават і чалавека ўкінуць, не патануў бы), і да Ярдана, і да Ерыхона ехаць, ці абяцаеш ты іх здаровымі назад сюды на гэтае месца прывесці?»

Абавязак ягоны[правіць]

Адказаў: «Абяцаю, бо буду мець пятнаццаць таварышаў арабаў з лукамі, найлепшых стральцоў; да таго ж арабаў, якія ў тым месцы разбой чыняць, ведаю добра і з імі вялікую прыязнасць маю. І калі б неяк здарылася на незнаёмых натрапіць, першы сам нападу на ворага і хутчэй дам сябе забіць, чым веры не стрымаю, а тады паломнікі няхай самі сабе радзяць. Яны, аднак, мусяць даваць мне харчоў, якія пакуль буду мець ад іх, паўсюль, куды толькі захочуць, іх правяду».

Неабходнае яе пацверджанне[правіць]

Прысягу пасля за звычаем сваім учыніў, правай рукою да лоба свайго дакрануўшыся і да неба вочы падняўшы; тады пайшлі мы ад субашы, які нам таксама трох янычараў з паўгакамі даў. Той араб пайшоў за намі ў кляштар, дзе на пацверджанне тае прысягі хлеб з соллю ахвотна з’еў. Бо хоць арабы разбойніцтвам займаюцца, аднак жа з прызвалення Божага шчырасць і простасць такую захоўваюць, што, калі прысягаюць і прысягу тую выканаць хочуць, на знак таго хлеб з соллю ядуць; і калі тое з ахвотаю робяць, можна ім верыць, а калі ядуць скрывіўшыся, дык у нечым даверу не маюць, як і ў гэтым нашым выявілася, бо ахвотна еў і веры нам датрымаў у часе вялікай небяспекі, пра што ніжэй гаварыцца будзе.

Пустэльнікі[правіць]

Так, выйшаўшы за Рыбную браму і сеўшы на аслоў, выправіліся мы ў дарогу, а было з намі шэсць законнікаў. Ад’ехаўшы тры мілі вялікія дарогай цяжкаю і камяністаю, перад заходам сонца прыбылі мы ў грэцкі кляштар Св. Савы, не вельмі разбудаваны і невялікі, бо навокал так шмат ёсць у скале высечаных пячорак, што ў іх даўнымі часамі пяць тысяч манахаў жыло. Удзячна нас прынялі і вячэраю ў сваей ядальні частавалі; калі ж я са слугамі сваімі роднаю мовай гаварыў, Дыянісій Дамаскін манах, родам з Македоні, мову зразумеўшы, пачаў са мною па-славянску гаварыць і апавядаў, як ён у Літве бываў, і ведаў усіх амаль віднейшых сенатараў, пытаўся і пра мяне самога, уласным маім імем мяне называючы. Згадваў і пра тое, як пасля смерці караля Аўгуста (калі мяне Сенат выбраў разам са святое памяці біскупам кс. Валерыянам218 дзеля захавання грамадскага спакою), лісты пераходныя або пашпарт у мяне ўзяў, ідучы ў Маскву па міласціну. Госпаду Богу дагодна было, каб ён мяне не пазнаў. Бо як часта грэкі да католікаў не надта прыязна ставяцца, то калі б ён мяне перад сваімі адкрыў, я мог бы мець пэўныя цяжкасці, асабліва ж не маючы ў руках пашпарта турэцкага імператара. Бо туркі не звыклі прапускаць нагоды пажывіцца, калі гэткая надараецца, што нядаўна прыдалося некаторым.

Турэцкая жорсткасць[правіць]

У тым самым месцы апавядалі нам манахі (што мы перад тым і ў Ерусаліме чулі, бо тое ўсім вядома), як за панаванне Селіма II219, імператара турэцкага, было ў тым самым кляштары тысяча манахаў і як акрутна амаль усе былі забітыя няшчасным прыпадкам. Санджак новы ў Ерусаліме на свой урад заступаў, і тыя законнікі, каб яго прывітаць і разам з тым у вачах ягоных ласку знайсці, сабраўшыся, пайшлі да яго, несучы кожны на прывітанне жывога пеўня. Калі ж той у адной грамадзе такую вялікую колькасць людзей (была іх тысяча) у аднолькавых шатах (што было вельмі прыгожа аглядаць) пабачыў, праз тлумача спытаўся, хто яны былі і чаго хацелі. Адказалі, што мы пустэльнікі Св. Савы і прыйшлі нашага новага гаспадара прывітаць, усялякага шчасця яму на тым яго новым урадзе зычачы; а як дзеля ўбоства нашага, бо прысягалі мы багаццяў ніякіх не мець, падарункаў дарагіх прынесці не маглі, дык просім прыняць хоць бы тое, што маем, і літасцівым гаспадаром над намі быць. На што той паганін кажа: "З удзячнасцю гэты падарунак прымаю, але, каб мне было прыемна на гэтулькіх гавураў220 (гэтак туркі хрысціянаў называюць) у адной купе глядзець, дык не магу сябе да таго прымусіць, баюся я, каб за часы майго урадавання (бо ж іх гэтак шмат) яны на што злое не спадняліся, і з тае прычыны своечасова мушу прыняць захады і таго люду гавураў паменшыць. І выбраўшы з усіх дваццаць чалавек, якія яму спадабаліся, іншых усіх да аднаго перад ім загадаў янычарам рассякаць; а калі пра тое ў лісце да імператара свайго Селіма паведаміў, пахвалу атрымаў, што на ўрадзе сваім выяўляе сябе пільным, чулым і асцярожным. Цяпер тут пры мне да трыццаці толькі манахаў было.

Жорсткае сэрца[правіць]

Быў ен пасля ў Ягамосці Пана Ваяводы года Гасподняга 1588 19 сакавіка ў Чарнаўчыцах, ідучы з таварыствам з Масквы; казаў, што той араб цяпер вялікі пан, мае пад сабою чатыры тысячы арабаў, разбойнічае. Ужо двух санджакаў ерусалімскіх забіў пасля ад’езду Ягамосці.

Званы ў Турэччыне забароненыя[правіць]

Пасля вячэры мы крыху адпачылі, а калі апоўначы пачалі біць на ютрань у пліту (бо ў гаспадарстве турэцкім званы ўжываць забаронена), выйшлі мы з кляштара і пайшлі дарогаю гарыстай, паміж скаламі і камяністымі равамі, дзе, калі б нам месяц не свяціў, ніякім чынам прайсці б не здолелі.

Мертвае мора[правіць]

І, аднак, за тую ноч прайшлі мы тры тысячы крокаў і на світанні ўбачылі Мёртвае мора, на беразе якога спыніліся мы а другой гадзіне ўдзень.

Быццё. Садом[правіць]

Мора тое, або папраўдзе возера (бо толькі дваццаць міляў удоўжкі, а дзе найшырэйшае, там толькі шэсць або сем міляў мае), у тым размешчанае месцы, дзе на сведчанне справядлівасці Гасподняй за грэх распусты агонь з неба пяць местаў спаліў221, называліся яны Садом, Гамора, Сахот, Амона і Сэбіён. Некаторыя (асабліва ж Георгій Цэдрэн222 у гісторыі) сцвярджаюць, што месты тыя праваліліся, а гэты апошні называе тры астатнія месты — Сэгор, Адама і Сэбаім. Гэтае возера амаль усе салонае, мае каменне на беразе, якое, запаленае, як дрэва будзе гарэць, крыху яго я з сабою прывёз, каб паказваць доследы.

Кн. 5, раздз. 5.[правіць]

Язэп Іўдзей у гісторыі пра вайну Іўдзейскую і добра, і праўдзіва тое месца апісаў, асабліва ж тое, што тут тройчы на дзень мяняецца колер таго возера, бо я сам тое бачыў. Раніцаю вада чарнела, апоўдні, калі сонца паліць (бо надта тут горача), нібы сіняе сукно была; перад заходам, пасля спекі, перамяшаная з гразёю, трохі чырванела, або хутчэй жаўцела.

Яблыкі[правіць]

Пладоў з дрэваў берага таго (як той самы Іўдзей піша ў кн. 5, што яблыкі здаюцца прыгожымі, а як іх сарвеш і сціснеш, унутры поўна попелу пабачыш) я тут не бачыў.

Лотава жонка[правіць]

Болей іх тут ужо няма ані дрэваў, ані салянога стодзіва ў постаці Лотавай жонкі, якое, хоць і так і гэтак штурханае і бітае, цэлым яму здавалася і было. Пытаўся я надта пільна і ў таго араба нашага, і ў асобаў у тых мясцінах сведамых і абазнаных, і ўсе яны цвердзілі аднастайна, што тут нідзе нічога падобнага няма. Апавядаў і Анджэла-законнік, які ў Ерусалімскім кляштары пяцьдзесят гадоў пражыў, што хрысціяне з Еўропы за яго часоў пыталіся заўсёды пра тое стодзіва і пільна яго шукалі, але нічога не знайшлі. Возера тое страшнае з аднаго толькі погляду. Бо адусюль яго акружаюць горы і скалы глухія, ваду з адметным колерам мае вельмі густую і смярдзючую, якая, калі кроплю толькі на язык узяць (як мы тое ўчініл), моцна яго пячэ і галаву цяжкім і заразлівым смуродам напаўняе.

Мурын[правіць]

Заспелі мы на беразе голага і надта чорнага мурына, які соль збіраў (бо возера тое соль родзіць, хоць і горкую, нібы з жоўцю змяшаную), страшны меў твар і скакаў прудка і хіжа, і вісеў на ім сагайдак з лукам; ведаў яго наш араб, апавядаючы, што гэта славуты разбойнік, які на той час адзін тут быў, таварышаў сваіх за Ярданам пакінуўшы.

Хрост Гасподні[правіць]

Рака Ярдан у тое возера ўпадае з таго боку, як да кляштара Св. Савы ісці. Пасля ішлі мы паўтары мілі праз глыбокі пясок да месца, дзе Госпада Нашага Св. Ян хрысціў223.

Пажыва Св. Яна[правіць]

З правага боку ад рэчкі (якая часам вельмі пакручаста плыве) пры тым месцы, дзе Збаўца хрышчаны быў, ёсць невялікі гай цёмны, на паўмілі ўдоўжкі, а ўшыркі на стрэл лучны, усцяж над берагам ідзе. Мае дрэвы, лісце якіх да вербы падобнае, але ўсе ж інакшае, як з галінак пабачыць можна, якія я з сабою прывёз. І гэта якраз той гай, пра які Мацвей у раздз. 3, а Марк у раздз. 1 згадваюць, дзе Св. Ян хрысціў і прапаведаваў пакаянне. Тое ж, што Св. Ян еў (конікі палявыя або саранча і дзікі мёд), усе ўжо ў мясцінах гэтых пазнікала, не знайсці нідзе. Аднак падобна да праўды тое, што рака, у якой дно не гразкае, а камяністае, і якая паміж скалаў цячэ, слімакоў, якіх і так сырымі есці можна (такія і ў некаторых марах пладзяцца), на бераг выкідае. Але ўсяго гэтага няма. Мёд таксама ў гаі тым быць мог, цяпер жа няма нічога, адно пустэльня, што нічога не родзіць.

Вада ярданская не псуецца[правіць]

Ярдан ваду надта мутную мае, але здаровую, калі яе ў пляшку узяць, захоўваецца і ніколі не псуецца, чаго я з пэўнасцю дасведчыў на той, якую з сабою прывёз. Мыліся ў ей нашыя, калі мы на беразе елі. Ушыркі рака трыццаць локцяў наўрад ці мае, хіба што там, дзе ўпадае ў Мёртвае мора, дзе шырэй разліваецца. На другім баку відаць руіны моста, які некалі Св. Алена з камення змураваць згадала.

Арабія пустая[правіць]

За ракою таксама, з правага боку ад возера, пачынаецца Арабская зямля, завуць яе пустою і слушна, бо, апроч пяскоў і скалаў, болей на ей нічога няма, што кожны пацвердзіць, адзін раз глянуўшы. На паўмілі вышэй ідучы — тое месца, дзе гэбраі Ярдан пасуху перайшлі (Ісус Н., 3).

Царква Св. Яна[правіць]

Ад Ярдана да возера накіраваўшыся (крыху болей, чым за паўтары мілі), пабачылі мы царкву амаль цэлую, Св. Аленаю на хвалу Госпаду і на пашану Св. Яну збудаваную, а таксама і тую, што на месцы Хросту Гасподняга стаіць. Поўная прошча тут. З левага боку размяшчаецца Галгала (Ісус Н., 4), але камянёў, якія гэбраі былі з ракі вынеслі і тут паклалі, нідзе цяпер не відаць. З мясцінаў тых пясчаных і сухіх і неўрадлівых прыйшлі мы ў прыгожую, славутую сваей урадлівасцю, круглую і роўную даліну, у якой места Ерыхон ляжала. За паўмілі ад места з правага боку ёсць пагорак, на якім Ісус Навін бачыў мужа, што стаяў насупраць яго з паднятым мечам (Ісус Н., 5). Дастаткова добра было адтуль відно ўсе места, і адтуль Ісус, вялікі ваявода, мог добра дзеля штурмаў і здабывання адпаведна ваколіцам прыгледзецца.

Места Ерыхон[правіць]

Пасля прыехалі мы ў само места Ерыхон, якое на прыгожай і ўсялякімі пажыткамі і пладамі багатай і шчодра ўрадлівай раўніне ляжала, вось жа і цяпер, дзеля вялікае цеплыні, ужо дактылі спелыя збіралі. Відаць з места, што было яно круглае; дзе ішлі муры, там быў цяпер нібы вал насыпаны, а на месцы вежаў, якіх было нямала, нібы якія пагоркі круглыя ляжаць. Праклён той Ісусаў, у раздз. 6 апісаны, меў свой вынік, бо цяпер тут ніхто, апроч разбойнікаў-арабаў, не жыве, якія тут па чаротавых буданах пахаваліся.

Дом Рааў распусніцы[правіць]

У канцы места засталася толькі адна вежа чатырохкантовая, і тое не цэлая, а толькі да паловы. Адны цвердзяць, што быў гэта дом тае распусніцы Рааў224, бо пры муры мястовым жыла, якая, вывесіўшы вяроўку з вакна, ад разбурэння ваеннага і шкодаў усялякіх уратавалася, чаго яна папярэдне для сябе ў гэбраяў выпрасіла (Ісус Н., 2).

Дом Захееў[правіць]

Іншыя кажуць, што гэта жытло Захеева225, якога Госпад наведаў; і так кажуць, што на памяць ці то пра Рааў, ці то пра Захея тая палова яшчэ стаіць, тым часам як ва ўсім астатнім месце ледзьве дзе на локаць цэлага муру знайсці можна.

Дрэва спалат[правіць]

Калі я выспу Крыт апісваў, дык згадваў там крыху пра тое, якая там розніца неба і паветра, калі толькі праз горы з поўначы на поўдзень перайсці; тое ж і тут кожны, прыехаўшы з Ерусаліма ў Ерыхон, легка пабачыць. Бо хоць, едучы напрасткі, толькі шэсць міляў ад Ерыхона да Ерусаліма, вакол якога вельмі багата ёсць дрэваў дактыльных, аднак плод гэты там не даспявае, а тут як мае быць да сваей дасканаласці даходзіць. Расце тут дрэва спалат, якое дорага цэняць; вялікае гарачыні патрабуе (як і ружа з Ерыхона) ды жанчынам для спародаў лягчэйшых карыснае вельмі.

Ружа Ерыхонская[правіць]

Плады ўсе і збожжа на два тыдні раней, чым у Ерусаліме, збіраюць, што не дзіўна. Бо тут стае гарачыні, якой у Ерусаліме амаль не адчуеш, надвор’е там здаравейшае і ночы прахалодныя.

Крыніца Елісеева[правіць]

Больш чым за паўмілі ад Ерыхона прыехалі мы да крыніцы, ваду ў якой Елісей соллю аздаравіў226 і з няпітнае вельмі добраю ўчыніў. Усю даліну вада гатая наталяе і праз каналы, здавён яшчэ збудаваныя, у сады цячэ, глыбокая, чалавеку да плеч, шмат у ей рыбак малых. Відны тут вялікія вельмі каналы, якімі ваду ў пустэльню і ў кляштар Св. Ераніма скіроўвалі, цяпер ад кляштара таго амаль і знакаў няма.

Гара посту Гасподняга[правіць]

Падсілкаваўшыся каля тае крыніцы, а пасля чвэрць мілі праехаўшы, прыбылі мы да падножжа гары, Квадрантэна227 званай, дзе Госпада Нашага сатана спакушаў; і пакінуўшы аслоў і пехатою паўмілі сцежкаю вузкай і слізкаю прайшоўшы, над якою прорва надта вялікая, што шмат хто дзеля закруту галавы ісці туды не хацеў, дайшлі мы да паловы гары (бо далей ісці было ўжо немагчыма), дзе раўніна ёсць на шэсць локцяў даўжынёю, вельмі вузкая. Тут Збаўца Госпад наш сорак дзён і гэтулькі ж начэй пасціў (Мацв., 4). Св. Алена сцяну адну цагляную змуравала, пры якой алтар ёсць невялікі, мае поўную прошчу.

Дам табе ўсё гэтае, калі і г. д.[правіць]

Вельмі шмат тут камянёў, пра якія сатана казаў: «Скажы, каб камяні гэтыя зрабіліся хлебам». Бачылі мы адтуль Мёртвае мора, якое, як ужо гаварылася, пад вечар чырвоную ваду мела, з гразёю перамяшаную, а таксама Ярдан і Ерыхон, дакуль, калі б хто напрасткі хацеў пайсці, было б не больш за мілю дарогі. На самым верху тае гары (але з таго боку, дзе на Ерусалім дарога) ёсць каплічка на тым месцы, дзе сатана, Госпада ўзяўшы, паказаў яму ўсе царствы гэтага свету, пра што гаворыць Евангелле. Уся тая гара поўная пячораў, у якіх калісьці пустэльнікі жылі, цяпер жа праз жорсткіх тых паганаў няма нікога. Адтуль вярнуліся мы зноў да крыніцы Елісеевай, насупраць якой недалёка ёсць густы хмызняк, дзе мы хацелі заначаваць, бо ўжо толькі гадзіна заставалася да заходу сонца.

Глядзі, як Госпад Бог сваіх бароніць[правіць]

Але калі мы вячэру гатавалі, напала на нас каля трыццаці арабаў, нашаму арабу амаль незнаемых, якія адразу хлеб, куры і гусі (што мы з сабою ўзялі) у нас забралі. Праваднік наш араб, пабачыўшы, што пра здароўе і жыццё нашае гавораць і нешта замысляюць, хітрасць супраць іх ужыў, намовіўшы, каб нам цяпер з дарогі спакой далі, ноч, кажа, лепшая на тое будзе, бо начаваць тут хочуць; рабіў жа гэта дзеля таго, каб адразу нас не забілі. Тыя ж і сапраўды легка далі сябе намовіць, блізкую і зручную ноч бачачы, і памяркоўна з намі абышліся. Але араб наш асобна мяне ўзяўшы, як тлумач недзе там з іншымі быў, не могучы сказаць мне, што хацеў, руку сваю да шыі прыкладаў, паказваючы, што заб’юць нас, калі тут начаваць застанемся. Тлумач, прыйшоўшы, тое самае сказаў; дзеля чаго абвесціў я ўсім, каб у дарогу збіраліся, а ён да іх пайшоў і намовіў, што ад’ехалі ад нас. Законнікі дарогаю мінулае ночы і дзённаю спекай вельмі змардаваныя, вядома, хацелі застацца, што і я быў бы рады ўчыніць, але як праваднік настойваў на ад’ездзе, я адказаў ім, што і сам бы застаўся, але як араб кажа, што ад разбойнікаў тых абараніцца немагчыма, дык я са сваімі мушу спяшацца, а яны, калі б хацелі застацца, дык толькі зважаючы на тое, што самі небяспецы сябе падстаўляюць, бо і араб і янычары са мною пойдуць, і ніхто з імі не застанецца. Пабачыўшы, што і араб спалоханы быў і засмучоны, пакункі свае збіраць пачалі, тым ахвотней, што распавялі ім, як тыя самыя разбойнікі тры дні перад тым аднаго урадніка падстараставага, які даніну з вёсак да Ярдана прылеглых збіраў і меў з сабою шэсць туркаў, забілі разам з імі.

Гара Аліўная[правіць]

І так, а першай гадзіне ўночы, ціха, як загадаў праваднік, рушылі мы і, пакінуўшы справа за сабою Квадрантэну, тры мілі вялікія прайшлі спешна і заехалі на высокую скалу, дзе на самым версе араб дазволіў нам паўтары гадзіны паспаць, а сам тым часам са сваімі вартаваў. Пасля, калі яму той, каго ён быў на начлезе пакінуў, паведаміў, што разбойнікі-арабы ўночы да крыніцы Елісеевай, дзе мы меліся начаваць, прыбеглі, абудзіў нас і загадаў сядаць на аслоў, што мы, бачачы, што дарога добрая, паспяшаліся зрабіць і, як развіднела, за дзве мілі ад Ерусаліма спыніліся, убачыўшы гару Аліўную, высокую і шырокую вельмі: удаўжыню на дзве мілі расцягнулася ў бок дарогі нашай ерыхонскай, а наўкола яна значна большая. Але з боку Ерусаліма прыгажэйшы спазор мае, фігавых і аліўных дрэваў на ей багата, і тут, калі нас сон змарыў, трохі паспаць нам араб дазволіў, а сам са сваімі чуйнаваў і праз дзве гадзіны нас абудзіў.

Бэтанія[правіць]

Адтуль праз Бэтанію і вышэйпамянёныя мясціны вярнуліся мы ў Ерусалім і, пакінуўшы аслоў каля Рыбнай брамы, апоўдні прыйшлі ў кляштар.

Араб адпушчаны[правіць]

Тут адпусціў я араба, падараваўшы яму колькі залатых, далі яму таксама і хлеба, і мяса, і віна, што ён вельмі ўдзячна прыняў, дакляруючы і на іншы раз паслугі свае, калі б нам якая патрэба выйшла. Аддзячыў я таксама і слугам ягоным, чым тыя ўсцешаныя былі. А як мы нямала стомленыя былі, дык рэшту дня адпачывалі.

Вячэрня Гасподняя[правіць]

Тым часам ужо Сабадын Маўр у Ерусалім прыехаў, які з карамужанам сваім прыплыў пад Яфу, як мы з ім, выязджаючы з Трыполя, былі дамовіліся. Айцец вікары, які быў у кляштары застаўся, тым часам пра тое стараўся, каб мы Вячэрню Гасподнюю пабачыць і ўвайсці ў яе маглі. Бо хоць у туркаў грошы шмат што могуць, аднак жа і зручная нагода нямала да таго прычынілася, каб нам гэта ўдалося, а менавіта — адзін сантон сярод іншых зацнейшы, які там у Вячэрні той жыў, на той час хварэў. А як у той памянёнай Вячэрні туркі сваю машэю маюць, у якую хрысціянам нельга заходзіць, хіба толькі ў турецкую веру перайшоўшы або за правіну тую шэсць тысяч цэкінаў даўшы; з тае прычыны гэты сантон прасіў зверхнікаў, каб манахаў ерусалімскіх, дзеля таго, што аптэкара ў сябе мелі, які яго лячыў, можна было пусціць, аднак жа ніводнага паломніка не пускаюць. І так я з двума слугамі маімі з Юрым Косам і Андрэем Скарульскім і з двума законнікамі туды ўвайшоў.

Апісанне Вячэрні[правіць]

І так дня шостага ліпеня, шапачкі манаскія толькі ўзяўшы, у адзенні паломніцкім, якое вельмі да манаскага падобнае, брамаю Сіёнскай мы выйшлі з места і, на могільніку за пахаваных там католікаў крыху памаліўшыся, прыйшлі ў Вячэрню, куды нас туркі без ніякіх перашкодаў пусцілі, маючы нас за манахаў. Сені ўнутры цудоўныя, ушыркі і ўдоўжкі амаль трыццаць локцяў. З левага боку машэя, дзе, як кажуць некаторыя (як і айцец Стэфан Рагузін), Госпад умыў Апосталам ногі228.

Глядзі на тых туркаў[правіць]

Толькі ўвайшоўшы, мусілі мы зняць чаравікі; цырымоніі той і туркі трымаюцца, у свае машэі ўваходзячы. Нагадалі нам таксама, каб мы на дол не плявалі, бо туркі ў вялікай пашане тое месца маюць; цвердзяць, што там у Вячэрні Хрыстос з Апосталамі нейкае вялікае дзейства спраўляў, і яны пасля асаблівым цудам запаленыя языкі агністыя на галовах насілі, і вераць, што там быў ім Дух Святы з неба спасланы (Дзеі, 2).

Магіла Давідава[правіць]

З той ніжэйшае машэі ёсць праход у адну капліцу досыць шырокую, дзе паказваюць магілу Давідаву229 з надмагіллем белага мармуру, які ў сабе сінія жылы мае, крыты чырвоным адамашкам з жоўтымі ядвабнымі махрамі вакол,

Саламонава[правіць]

побач з ею другая ёсць магіла, як кажуць, цара Саламона, але ніякага акрыцця не мае. Шмат тут свяцільняў вісіць. Пасля ішлі мы вышэй, дзе над далінаю стаіць на гары другая машэя, дзе Госпад апошнюю вячэру даў Апосталам сваім. Удоўжкі да дваццаці локцяў мае, менш ці больш тая Вячэрня, прыгожая, светлая, заскляпёная, з таго боку, што на падворак выходзіць, тры вакны вялікія мае, пасярэдзіне тры прыгожыя мармуровыя калоны ў рад пастаўленыя, на якіх скляпенне трымаецца. Там мы, укленчыўшы, Госпаду Богу падзякавалі, ды а. Ян кароткае казанне нам адгаварыў. Тут поўная прошча. Адтуль ідучы, праваруч ёсць выхад да месца, пакінутага без ніякага над ім акрыцця, а з яго дарога да іншага памяшкання, крыху цямнейшага, з Вячэрняю злучанага, у якім на Абраннікаў Дух Святы сышоў. Побач такое самае другое ёсць памяшканне, у якім Госпад пасля ўваскрасення, калі дзверы былі замкнёныя, Святым Апосталам з’явіўся. Тут прошчы сем гадоў і гэтулькі ж квадрагенаў. Таямніцы, што тут адбываліся, у Апостальскіх дзеях (раздз. 1 і 2) падрабязней апісваюцца, а Вячэрня тая ад месца, на якім палац Давідаў быў змураваны (то значыць на самым версе гары Сіён), за адзін лучны стрэл.

Магільня цароў Іудзейскіх[правіць]

Пасля мы вярнуліся ў кляштар, дзе, справіўшы абед, выйшлі Рыбнаю брамай з места направа, і, абышоўшы амаль палову места, прыйшлі да магільні цароў Іўдзейскіх. Былі раней тыя магільні ў месце, цяпер далёка ад брамы знаходзяцца, на дарозе ў Дамашак.

Надта дзіўная рэч[правіць]

Сапраўды дзіўная рэч, якім вялікім коштам і ўмельствам яны спрацаваныя. Бо ў самой скале, у жівым камені, там нібы нейкія каморы чатырохкутныя высечаныя, скляпенне паўкруглае маюць, у кожнай сцяне двое дзвярэй, праз кожныя ўваход у каплічкі, а ў кожнай з іх двух памёрлых пакладзена. Дык да каплічак тых з таго самага каменю высечаныя дзверы, а з рагоў кругла абчасанае каменне, і гэтак на іх завешанае, што проста нібы на завесах, і зачыніць і расчыніць іх легка можна. Сапраўды дзіўна, як гэта з аднаго каменю высечы можна. У Тарчаленскай катэдры, недалёка ад Венецыі, таксама ёсць вялікія пліты каменныя, якімі вокны зачыняюцца, але ў вушакі з іншага матэрыялу ўстаўленыя; тут жа з аднаго каменю усе вычасанае, і вушакі, што дзверы трымаюць, і дзверы, што ў вушакі ўстаўленыя, легка зачыняцца могуць.

А з усяго таго відаць багацце цароў Іўдзейскіх[правіць]

І тое там таксама вялікага подзіву варта, што ў капліцах тых труны каменныя значна большыя, чым можна было б праз дзверы унесці. Пэўна відаць, што не нейкай чалавечай навукаю або рамесніцкім умельствам з двара занесеныя, але там жа з той скалы ўнутры выкаваныя і штукарствам рамеснікаў уфармаваныя. Прыгажосць у той працы вялікая, бо і на дзвярах, і на трунах розная расліннасць выбітая, дзіўным умельствам кветкі і лісце паўсюль вычасаныя. Магло там больш за сорак целаў пахавана быць, і да гэтага часу яшчэ захаваліся некаторыя і бачыць іх можна, але чые яны, ніхто не ведае. Месца, як у пячоры, цёмнае; нічога, апроч свечак, там быць не можа. Пры самым уваходзе, які надта нізкі і поўны камянёў, паставілі мы варту, каб туркі дзверы не завалілі, што яны звычайна рабілі, каб загубіць хрысціянаў.

Палац Ірадаў[правіць]

Адтуль вярнуліся мы ў места праз браму Дамашскую і з правага боку ўвайшлі ў Ірадаў палац, дзе жыве цяпер адзін турак мешчанін і за падарункі аглядаць яго дазваляе.

Горы ерусалімскія[правіць]

На доле ёсць нейкае малое збудаванне, дзе, як кажуць, Госпада Нашага ў белыя шаты выстраілі230, і там жа яго Ірад зганьбаваў. Быў той палац на гары збудаваны. Бо апісваюць гісторыкі, што ў месце Ерусаліме тры гары выдатнейшыя былі, якія і цяпер пабачыць можна.

Гара Сіён[правіць]

Першая сярод іх Сіён, большая і вышэйшая за іншыя, на якой Давід быў збудаваў сабе палац, цяпер большая частка яе (як і Вячэрня) за местам.

Завулкаў шмат было ў Ерусаліме[правіць]

Бо ўсе аўтары пагаджаюцца на тым, што цяперашні Ерусалім значна меншы за той даўні, які не толькі іўдзейскія, але і ўсе месты ўсходнія памерамі і багаццем і прыгажосцю перавышаў, як пішуць Пліній (кн. 5) і Тацыт у «Аўгусталіях». Бо той стары меў дваццаць чатыры плошчы, і з кожнай дваццаць чатыры вуліцы выходзіла, а на кожнай вуліцы дваццаць чатыры завулкі было. Апроч таго Менетон, адзін рабін гэбрайскі, піша, што адных толькі бажніц, у якія з усяго гэбрайства на пэўны час сыходзіліся людзі, было чатырыста восемдзесят. Дык і тыя руіны і магілы, што цяпер за местам ляжаць, паказваюць, што за места было, бо перад тым былі за мястовым мурам. Урэшце, палац Давідаў, Саламонаў, Ірадаў, цароў і іх жонак, сады доўгія і шырокія, звярынцы, усе тое пасля супакоення вольнага валадарства ў месце мурам з часанага каменю абведзенае і замкнёнае было.

Царская гара[правіць]

Другая гара звалася Царскаю гарою. Была яна не вельмі высокая, але разлеглая і шырокая, а на ей надта вялікі і раскошны палац збудаваў сабе Ірад Аскалонік231, цар гэбрайскі і забойца Немаўлят. Пасярэдзіне быў двор царскі невыказным коштам і пышнасцю змураваны, куды Госпада да Ірада Антыпы232, чацвераўладніка Галілеі, прывялі, да таго, хто і Св. Яна Хрысціцеля загадаў забіць.

Гара Марыят[правіць]

Трэцяя гара называлася Марыят233, на ей была святыня Саламонава, цяпер туркі там машэю маюць ды дворышча там ёсць вельмі вялікае. Гара гэтая, што праўда, ніжэйшая за дзве першыя там, дзе ідзе да места, але ад даліны Ясафатавай, якая яе і само места ад гары аліўнай аддзяляе, значна вышэйшая, і па ей цяперашняе места ўздоўж разлеглася.

Гара Кальварыя[правіць]

Чацвёртая гара, Кальварыяй называная, раней была за местам, а цяпер у месце (на ей Госпад Наш смерцю сваей род чалавечы адкупіў, тут і крыж Святы быў знойдзены) і царкоўнымі будаваннямі занятая. Як ісці да яе з места, высокаю не здаецца з прычыны забудовы, хоць увесь час трэба ісці ўгору, а з другога боку глыбокая прорва пад ей ляжыць.

Гара Гіён[правіць]

Але даволі пра чатыры гары ерусалімскія, якія і цяпер відны; ёсць яшчэ пятая — Гіён, гаварылася ўжо пра яе, што, пэўна, за местам была.

Трэці раз пры Гробе Гасподнім[правіць]

Як мы ўжо выбіраліся з Ерусаліма, то дзеля таго па абедзе трэці раз пайшлі паслухаць нешпару да Гроба Гасподняга, дзе мы і з шэсцем звыклым чынам прайшлі, і да Найсвяцейшага таемства падрыхтаваліся праз споведзь. А назаўтра раніцаю а. Ян Фларэнтыец Святую імшу каля Гроба Гасподняга спяваў (бо а. вікары выйшаў быў з царквы рэчы для дарогі неабходныя рыхтаваць) і Найхвалебнейшы сакрамант нам раздаваў.

Набажэнства тых людзей[правіць]

Восьмага дня ліпеня выйшлі мы з царквы, а быў дзень Святых Апосталаў Пятра і Паўла паводле старога календара, калі бачылі мы праз ноч цэлую, як розныя народы ў сваіх месцах абрады і набажэнства свае спраўлялі. А калі мы выходзілі, дзякавалі нам усе, хто праз нас меў нагоду ў гэты Святы дзень у царкву увайсці, бо іначай дзеля іх саміх туркі б ім не адчынілі. Было ў тую ноч там людзей народаў розных да двухсот, а якія не адразу прыйшлі, чакалі каля брамы царкоўнае, каб, як адчыняць, убегчы ў царкву і хоць так каротка набажанства свае Госпаду Богу справіць; каму ж і гэтага не ўдалося, той да шатаў нашых дакранаўся і цалаваў, якія там у Святых мясцінах на нас былі. Такая палкасць і пабожнасць у тутэйшых хрысціянаў, якія хоць і адступнікі, аднак Святыя мясціны ў вялікай пашане маюць, чаго ў ерэтыкоў не бывае, якія наадварот мясціны гэтыя ганяць.

Як пускаюць і ўваходзяць да Гроба Гасподняга[правіць]

А як вышэй гаварылася, што мы тройчы ў царкву гэтую заходзілі, дык трэба растлумачыць, якім чынам паломніку, што даў дзевяць цэкінаў, павінны туркі тройчы адчыніць царкву Св. Гроба, куды ён, увайшоўшы, можа перабываць, пакуль хоча, хоць бы і год, і гэта за адзін раз лічыцца, тое самае, што другога і трэцяга разоў датычна, бо кожнага разу, як хто ўваходзіць, перад замкнёнаю царквою дае грошы, за выключэннем дзён урачыстых, пад час якіх законнікі, нічога не даючы, вольны ўваход маюць, але просячы дазволу ў санджака і кады што-небудзь ім ахвяруюць. А як туркам, якія адчыняюць, таксама трэба заўсёды нешта даць, дык з тае прычыны бяднейшыя хрысціяне, раз туды зайшоўшы, жывуць там колькі хочуць, а ежу ім кляштары іхняга народу (бо ў кляштарах і паломнікі спыняюцца) праз круглае царкоўнае вакенца падаюць. Ужо звычай той патройнага адчынення за даўнасцю быў загінуў, дык мы за радаю айцоў і кады дамагліся, каб нам паводле даўняга пастанаўлення адчынялі, а на другі дзень выпускалі нас у тым самым часе. На большыя Святы амаль з усяго свету паломнікі прыбываюць сюды грамадамі, якія, увайшоўшы, пакуль цягнецца набажэнства, не выходзяць.

Шмат хто дае[правіць]

Але не ўсе аднолькава плацяць.

Шмат тое за год складае[правіць]

Тыя бо, хто недалёка ад Ерусаліма жыве, меней даюць, а хто далей, тыя — болей; хто з Дамашка і з Кілісірыі прыходзіць — тры цэкіны, хто з Сірыі Фінікійскай з-за Лівана — чатыры, хто з Апамеі і месцаў да Еўропы бліжэйшых — пяць, хто з Азіі — шэсць, хто з далейшых дзяржаў — сем або восем, хто з Еўропы — дзевяць цэкінаў дае. Сцвярджаюць як рэч пэўную, што да скарбу імператара турэцкага за кожнае паломніцтва паступае ад паломнікаў да трыццаці тысячы цэкінаў, што шэсць дзесят тысяч залатых складае. Якім парадкам і абрадам кожны народ тут у гэтым Святым месцы свае набажэнства спраўляе, а. Стафан Рагузін у кніжачках сваіх, якія пра набажэнства Святой зямлі склаў і выдаў, падрабязна апісвае. Дадам тое, што каталіцкія сэрцы дзіўнымі ўцехамі Госпад Бог развесяляе, бо мясціны тыя, дзе збаўленне нашае справіў, цэлыя да гэтага часу захаваліся, асабліва ж у скалах або на каменні пакінутыя знакі. Мноства іх цэлых і праўдзіва захаваных, і з даўняга падання вераць багабойна, што нічога не абвяргае Гасподняга выслоўя: «Камень на камені ў табе не пакінуць» — бо ён сабе ніякага крэсу ўсемагутнасці сваей не пазначаў, і сюды людзі з далёкіх вельмі земляў, здароўя і выдаткаў не шкадуючы, прыходзяць і яму дзякуюць. Народы, што свае набажэнства тут спраўляюць, розныя і абрады розныя маюць. У спраўленні Найсвяцейшае імшы мараніты, абісінцы і геаргіяне вельмі блізкія да каталіцкіх абрадаў, іншыя ж народы ахвяру хлеба і віна пакінулі ў сваім звычаі. Ерэтыкоў тут няма, хіба толькі які дзеля спазору прыйдзе (такія з Францыі і Нямеччыны трапляюцца); пастара ж новага Евангелля234 сапраўды тут не ўбачыш.

Размова[правіць]

Калі я трэці раз у царкву ўвайшоў з законнікамі, седзячы з сынам адным нейкага біскупа армянскага, гаварыў з ім праз тлумача, дык той, пачуўшы, што мы з далёкіх краін прыйшлі, шмат са мною пра набажэнствы розных народаў у гэтых мясцінах гаварыў і пытаўся, як мне тое падабалася. Адказваў я, што падабаецца. Бо хоць рознымі мовамі і абрадамі, але ж аднаго Госпада Бога хваляць. У той нашай размове спытаўся я ў яго, ці чуў ён таксама пра ерэтыкоў, якіх мы ў нашіх краях з дапушчэння Божага за грахі нашыя між сабою маем (і пералічыў іх: лютэране, цвінгліяне, арыяне, новахрышчэнцы і іншыя). Пытаўся ён, ці яны хрысціяне. Адказаў я, што хрысціяне і за хрысціянаў сябе выдаюць. Ён жа адказаў, што не можа ніяк паверыць, каб яны хрысціянамі былі, бо яны ў тыя мясціны, дзе Бог, у смяротнае цела ўвасобіўшыся, збаўленне нашае справіў, не прыходзяць і ніякага святара, ніякага алтара для спраўлення Найсвяцейшай ахвяры тут не маюць. Бо хоць мясціны тыя ў рукі паганскія перайшлі, аднак жа хрысціяне, да якога б вызнання ні належалі, прыходзяць на глум і здзек свой, пачцівасць выяўляюць і свае набажэнства Госпаду Богу аддаюць. І з такой шчырасцю і запалам ён тое гаварыў, што легка мог бы кожны пабачыць, што ад поўнасці сэрца свайго, а не ад хітрасці гаварыў. А тым часам грэк той пустэльнік, якога я ў Святога Савы бачыў і які ў нас у Польшчы некалі таксама бываў, падышоў. Зразумеўшы, пра што ішла гаворка, сказаў, што ў Польшчы ерэтыкоў часта бачыў і звычаі іхнія добра ведае. Тыя людзі (кажа) горшыя за гэбраяў. Гэтыя ж бо Хрыста ўкрыжавалі, у якога, што ён Богам ёсць, не верылі і не ведалі яго; але ж ерэтыкі, хоць і ведаюць яго і словы вызнаюць, зноў яго ўкрыжоўваюць, усемагутнасць і Боскасць у яго забіраючы. Вялікая сапраўды ў тым уцеха, што пра пошасць гэтую тут нічога не чуваць.

Мараніты як пішуць[правіць]

Пасля ў ядальным пакоі ў кляштары, калі былі там розныя народы, у тым ліку халдэі і мараніты, а нам надарылася нешта пісаць, надта дзівіліся, што мы так хутка пісаць і літары злучаць маглі, і не верылі, каб мы легка пасля тое прачытаць здолелі, бо ж яны занадта легка і ў адваротны бок, справа налева пішучы, вядуць па паперы рукою, і перш чым адну літару напішуць, часта паперу тую і сям і там паварочваюць і паднімаюць, прыглядаючыся, ці добра літара тая напісалася і паклалася. А маюць тое у пісанні сваім, што адною літарай пэўным звычаем напісанай некалькі складоў ахапіць могуць, што б нам прыйшлося ў некалькіх словах выкладаць. Вось жа, пабачыўшы, што словы іх запісаўшы, хутка і без цяжкасцяў ніякіх чыталі мы, яны дзівіліся і хвалілі спосаб наш як хутчэйшы і лягчэйшы.

Парадак набажэнства[правіць]

Трэба тут дадаць і тое, якім парадкам народы свае набажэнства ў капліцах (пра якія гаварылася) спраўляюць. Хоць і вольна кожнаму ў капліцу іншага народа ўвайсці і там малітвы чытаць, але так, каб абрадам і цырымоніям, якія там чыняцца, ніяк не перашкаджаць. І праўда, тады толькі шэсце ідзе, калі па капліцах усе свае спевы або ахвяры справілі. Імшу ж або літургію ў іншым месцы, а не ў сваей капліцы спраўляць забараняецца пад пагрозаю кары на тысячу цэкінаў, якія гэтулькі разоў мусіш даць, колькі б ты на тое наважыўся.

Свяцільні розныя[правіць]

Свяцільні можна ў чужой капліцы вешаць, аднак іх ужо тут так багата ёсць, што няма болей месца, куды можна было б яшчэ павесіць, з тае прычыны не заўсёды тое дазваляюць, асабліва ж у Гробе Святым, дзе майго часу сорак дзве віселі, а з іх гарэла толькі дваццаць адна (бо фундатары іхнія алею не падлівалі), а з тых каталіцкіх было пятнаццаць. Святога Айца адна заўсёды гарыць, другая — кардыналаў усіх, трэцяя — імператара Рымскага235, чатыры — караля іспанскага, дзве — каралеўства іспанскага, дзве — караля партугальскага, караля французскага таксама дзве, але гэтых з нагоды вайны і рыцарскіх закалотаў не запальваюць. Манахі, аднак, на гербы караля французскага гледзячы, за адною, паводле ўбоства свайго, даглядаюць, дык гарыць. Рэспубліка Венецкая мае адну, князі і паны і іншыя багабойныя людзі таксама свае запальваюць.

Адна свяцільня на год колькі каштуе[правіць]

Адна свяцільня на год, што датычыць алею, дваццаць пяць цэкінаў каштуе, што нашых пяцьдзесят залатых складае. Калі ж хто міласціны на дагляд свяцільні сваей не пасылае, дык хоць яе (дзеля нястачы алею) не запаляюць, але ж і не здымаюць, бо раз павесіўшы, здымаць ужо болей не гадзіцца. Перад Гробам Гасподнім у Круглай капліцы чатырнаццаць свяцільняў, з якіх дванаццаць гараць заўсёды, каталіцкіх — дзевяць. У дзвярах той капліцы адна, а перад ею, каля Гроба Гасподняга, шэсць заўсёды гараць. На гары Кальварыйскай, як там месца дастаткова, каталіцкіх князёў і паноў трыццаць тры свяцільні, усе вісяць запаленыя. Геаргіяне перад тым месцам, дзе крыж Гасподні стаяў, трыццаць тры павесілі, але з іх толькі пяць запаляюць. Перад каменем Памазання восем запаленых каталіцкіх. Перад алтаром Св. Марыі Магдалены тры каталіцкія гараць, у Вязніцы дзве грэцкія, каля алтара Дзяльбы шатаў Гасподніх адна, у капліцы Знайдзення крыжа Святога адна каталіцкая запалена, грэцкія дзве ля малога алтарыка, які там праваруч стаіць. У капліцы Святой Алены дзве, у капліцы абісінцаў (дзе частку слупа, пры якім Госпад быў каранаваны і зганьбаваны, захоўваюць) адна вісіць. Але тыя свяцільні, што розным народам належаць, у святы толькі або калі паломнікі шэсце спраўляюць, запальваюць, пасля ж адразу гасяць.

Святары зачыняюцца ў царкве Св. Гроба[правіць]

Быў заўсёды гэткі звычай і цяпер ёсць у гэтай царкве, што розных народаў святары на колькі месяцаў, паводле пастановы зверхнікаў іхных, унутры зачыняюцца. З нашіх законнікаў заўсёды бываюць два святары і два лаікі (майго часу быў над імі пастаўлены бр. Мікалай Нані Друзіец), якіх праз два або тры месяцы замяняюць, хіба толькі калі хто захварэе, дык тады, узяўшы яго ў кляштар, другога на яго месца пасылаюць. Тое самае і іншыя народы звычайна робяць. А парадак у спраўленні Божай хвалы такі ёсць паміж імі. Тыднёвы ўрад і службу выконвае кожны, гэта значыць адзін святар на цэлы тыдзень, і ў нядзелю пры Гробе Гасподнім, у пятніцу на гары Кальварыі, у суботу ў капліцы З’яўлення Найсвяцейшае Дзевы імшу чытае з кадзеннем алтара; у іншыя дні, гэта значыць у панядзелак, аўторак, сераду і чацвер, таксама пры Святым Гробе, але без кадзення, Найсвяцейшую ахвяру спраўляе; кожны іншы, калі не ягоны цяпер тыдзень, дзе яму падабаецца чытае.

Хоць розныя людзі, доўга тут жывучы, царкву тую і абудаванне яе падрабязна і дастаткова апісалі, я, аднак, што я сам пабачыў, наколькі мне кароткасць побыту майго тут дазваляла, тут прыгадаю, хоць шмат пра што ўжо вышэй пісалася. Прамінуўшы тое, якім коштам і заможнасцю царква тая памянёная з прылеглымі пабудовамі была пастаўленая, у якой не толькі значная колькасць святароў, але і амаль усе войска рыцараў Божага Гроба (калі Ерусалім у руках хрысціянскіх быў) змясціцца маглі; зазначыць трэба, што ўвесь яе гмах з прыгожых і вялікіх квадратных камянёў, з вежаю на званы, высока ў выглядзе крыжа збудаваны. Абкладзеная царква часаным каменем, сцены ў чатырох рагах сыходзяцца, гэта значыць на чатыры бакі змураваныя, хіба толькі на ўсход і захад сонца паўкругам сталі. Калоны чатырохкантовыя навокал стаяць, паводле якіх шэсце ідзе, а над імі толькі з заходняга боку галерэя. Над самым Гробам Гасподнім купал царкоўны, скляпенне круглае, да паловы пукатае, а рэшту трамы фугаваныя закрываюць. Зверху ёсць адно вакно круглае, якое дастатак святла забяспечвае, накшталт таго рымскага ў царкве Св. Марыі Ратундзе. Дождж у гэтых краях рэдка бывае, дзеля чаго менш небяспекі там пабудовам, асабліва ж капліцы Св. Гроба, бо верх мае мармурам выкладзены; таксама і сцены, не знутры, а як выйсці вонкі, паўсюль плітамі з шэрага мармуру, што слупы парфірныя раздзяляюць, пакрытыя. Купал (як і ўся царква) бляхаю падбіты.

Уваход у царкву з сярэдзіны к поўдню. З правага боку магілы каралёў французскіх у капліцы грэцкай. Насупраць дзвярэй царкоўных ляжыць камень, на якім Госпада, з крыжа знятага, масцямі пахучымі памазалі. Крыху далей пры дзвюх калонах ёсць дзве магілы, іншыя таксама каля сцяны капліцы рускай (пра што ніжэй) сыноў або родзічаў якіх тым памянёным каралям; надгробкі даўнасцю сцёртыя, прачытаць немагчыма. З левага боку ад увахода на доле пад ганкам паміж дзвюма калонамі абісінцы сваю маленькую малельню маюць, дошкамі ад царквы аддзеленую. Мае бо кожны народ, апроч свяцілішча на месцы, дзе Госпад нейкую пакуту прыняў, таксама малельню асобную, дзе набажэнства сваім абрадам спраўляе. Недалёка ад абісінцаў тамсама на доле маюць месца сірыяне або мараніты (гэта хрышчоныя арабы), дзе таксама і магілы сям’і Язэпа з Арыматэі відаць. Рэшта долу належыць католікам, у якіх і той верхні ганак увесь быў здаўна.

Розныя пабудовы пры царкве[правіць]

Кафеі236, або халдэі, свайго свяцілішча і малельні не маючы, за капліцаю Божага Гроба насупраць сірыянаў, што пад галерэяй, змуравалі сабе маленькую каплічку, прылеглую да Св. Гроба, дзе набажэнства свае спраўляюць. Як даўно і якім чынам месца тое атрымалі, я не мог з пэўнасцю даведацца. З паўночнага боку стаіць капліца католікаў, называная капліцаю З’яўлення (пра яе ўжо часта гаварылася), да якой здаўна нейкія памяшканні каля самай царквы прылучаныя. Ёсць у іх пакояў нямала і жытла прыдатнага, ёсць і кухня невялікая, пры ей ядальня, дзе мы елі, ёсць і месца невялічкае пасярэдзіне, якое над сабою з верху акрыцця не мае. Недалёка ад ядальні ёсць прыступкі, па якіх ход у верхнюю царкоўную галерэю. А пры выхадзе з той капліцы З’яўлення недалёка ад дзвярэй ёсць алтар (як было сказана, Св. Марыі Магдалены), адтуль далей праход да свяцілішчаў (пра якія таксама часта пісалася) і да сходаў, па якіх да капліцы Св. Алены спускаюцца, а за ей да месца Знайдзення Святога Крыжа. Пасля ідзём у свяцілішча абісінцаў, дзе захоўваюць выяву таго каменя, пры якім Госпада цернем укаранавалі, адтуль па прыступках узыходзім на Кальварыйскую гару, якая з поўдня да сцяны царкоўнай прылягае, маюць тут грэкі сваю малельню пасярод царквы, паміж калонамі нізкім мурам абведзеную, большую за ўсе іншыя; з усходу дзверы царкоўныя мае, з захаду Гроб Гасподні, ад яго сюды ёсць уваход, а пры ім алтар маленькі тых самых грэкаў, просты, без аздаблення. Вакна ніякага ў царкве няма, апроч таго круглага і расчыненага ў капліцы Гроба Гасподняга ўгары, якое дастатак святла і іншым малельням забяспечвае, апроч таго, паўсюль свяцільні гараць. Ёсць, аднак, на гары Кальварыі на поўдзень вакно высокае, на вуліцу з яго спазор, абароненае яно досыць добра кратамі жалезнымі; у капліцы той нашай, гэта значыць католікаў, на ўсход ёсць вакно, кратамі жалезнымі заспасобленае, святла досыць. Падлога з каменю квадратнага прыгожага і вялікага; з чаго пабачыць няцяжка, якімі выдаткамі і пільнасцю Св. Алена імператрыца тыя мясціны Святыя на часы і гады далейшыя забяспечыла. Калі хто, чытаючы гэта, заўважыў, што я прапусціў нешта, хай мне слушна прабачыць і паправіць. Бо ані таго будынку да канца памятаць не мог, ані народаў усіх, што ў царкве бываюць, дзеля кароткасці побыту пабачыць не мог, бо я толькі тры разы ў царкве быў, застаючыся кожнага разу ад нешпару да поўдня другога дня; а яшчэ месца гэтае Святое тую ўласцівасць ад Госпада Бога мае, што кожнага найвялікшага (якім я і сябе лічу) грэшніка дзівосным чынам да пабожнасці пабуджае і запаляе і пры ім трымае, каб ён гэтак невыказныя дабрадзействы і справы Гасподнія як найпільней адчуваў і заўважаў і за іх пакорлівым сэрцам Яго Найсвяцейшай Велічы дзякаваў.

Аздобная брама[правіць]

Восьмага дня ліпеня, выйшаўшы з царквы, елі мы ў кляштары; а як назаўтра меліся мы выправіцца ў дарогу, то пайшлі найперш да кады развітацца і прасіць, каб даў нам у дарогу янычара; высыпалі мы перад ім два цэкіны манетамі, але ён толькі два саіны ўзяў, а рэшту нам вярнуў. Бо хоць той кады турак, але ж добры чалавек і не сквапны, што туркам ад натуры ўласціва. Даў нам янычара, і з ім пайшлі мы адразу да брамы Аздобнай, пра якую ў Дзеях Апостальскіх гаворыцца.

У святыню Саламонаву хрысціянаў не пускаюць[правіць]

Брама тая вялікая і вельмі высокая, у якую па некалькіх прыступках падняцца трэба, дазволілі і нам падняцца, але за парог ісці забаранілі, бо там ужо дворышча святыні Саламонавай. Вельмі хацеў я зблізу дворышча тое пабачыць, то прайшлі мы направа праз весніцы на вулку, якая найбліжэй да святыні вядзе. Дворышча тое вузкае, ледзьве на сорак локцяў. Адтуль вельмі добры быў спазор на святыню Саламонаву, якая, відаць, прыгожая і светлая, унутры свяцільняў запаленых вельмі багата. Калі мы ля тае брамы стаялі і глядзелі, туркі, смеючыся, праз тлумача казалі да нас, каб мы на дворышча увайшлі, даючы нам зразумець, што адразу законаў сваіх, супраць хрысціянаў скіраваных, ужывуць. Бо ўсюды ў машэі свае нам забараняюць уваходзіць, тут жа і на падвор’е ступіць не дазваляюць.

Якая кара, калі хто ўвойдзе[правіць]

І калі б хрысціяніну собіла ўвайсці ў якую машэю і калі б не схацеў туркам стацца, мог бы жыццё свае адкупіць шасцю тысячамі цэкінаў; тут жа хто толькі на падвор’е ўвойдзе, або абрэзацца мусіць, або памерці неадменна. Бо туркі так разумеюць, што не толькі святыні Саламонавай, але і падворку яе прывілей Богам дадзены служыць, паводле якога кожнаму, што б ні прасіў, даць абяцаў. То ж і хрысціяне маглі б (кажуць туркі) сюды ўвайсці і ў Бога прасіць, каб туркаў адсюль выгнаў і зноў мясціны гэтыя святыя хрысціянам вярнуў, у чым бы Бог напэўна іх паслухаўся. Гэткаю слепатою тыя нягоднікі тут заражаныя. Пытаюцца ў іх таксама нашы, чаму ж вы, калі ўжо на гэтым прывілеяваным месцы моліцеся, не папросіце Бога, каб ён хрысціянаў загубіў. На што яны маўчаць або галовы сабе б’юць. Іншыя ж кажуць, што такіх рэчаў нельга ад Бога прасіць. Хто тут на ўспамін працы Гасподняй, за якую браўся ён, народ гэбрайскі навучаючы і шукаючы збаўлення ягонага, «Ойча наш» і «Вітай, Марыя» адгаворвае, поўную прошчу мае. Ідучы адтуль да палаца Пілатавага па дарозе Смутку, вярнуліся мы ў кляштар амаль пад вечар.

Якія доўгія дні і ночы ў Ерусаліме[правіць]

І так мулаў і аслоў наняўшы, іншыя рэчы, неабходныя для дарогі заўтрашняй, рыхтавалі. А як я два тыдні ў Ерусаліме жыў, лічачы і тыя дні, калі мы на Ярдане і ў Бетлееме былі, а побыт мой трапіў на той час, калі дні бываюць найдаўжэйшыя; дык шмат хто пытаўся, ці ж так узімку, як улетку, заўсёды ў Ерусаліме роўныя па дванаццаць гадзін дні і ночы, як Госпад сказаў (Ян, 11). Але як ні ў месце, ні ў кляштары ніякага гадзінніка няма, цяжка было пра тое даведацца. Наколькі ж з сонечнага гадзінніка і вадзянога ў кляштары меркаваць можна, ноч, ад захаду да ўсходу, карацейшая за дзесяць з паловаю гадзін не была, што і манахі пацвердзілі. Далейшае даследаванне пакідаю багасловам.

Хамелеон які[правіць]

Тут варта пра хамелеона звяра распавесці, бо мы іх тры ў кляштары бачылі, на дрэвах аліўных, дзе яны хаваліся. Постаццю і велічынёю роўныя яшчарцы, не кусае, бо роту няма, і не ежай якою або пітвом, але адным толькі паветрам жывіцца. Дзірку невялікую мае, як пярцовае зярнятка, праз якую паветра ўдыхае. Атруты ніякай у сабе не мае, ходзіць надта ляніва і павольна, так што за цэлы дзень ледзьве на адзін локаць адпаўзе, калі на руку яго пакладзеш (бо не такі ён брыдкі), ледзь варушыцца, пакуль зноў на зямлю не пасадзіш.

З дрэва ніколі не злазіць, плямы на ім рэдкія чорныя, фарбу і колер змяняе і такі робіцца, як тое, да чаго прытуляецца, апроч чырвонага і жоўтага, чаго мы часта сведкамі былі. Плямы ж ягоныя, што чорныя на ім, не мяняюцца, толькі сама скура. Вочы пукатыя, круглыя і прыязныя мае, адным угору, другім на дол глядзіць, а ў адным часе гэтак перад сабою, як і за сабою бачыць можа.

Як мяняецца[правіць]

Калі яго на які колер пасадзіш, а над ім іншы падвесіш, на абодва адразу будзе глядзець, пасля да якога мацней прыгледзіцца, тым брацца пачынае, пакуль увесь такі не зробіцца, апроч плямаў. Садзіў я яго на белым, зялёным, сінім, чорным сукне, усімі тымі колерамі браўся; а калі пасадзіў на чырвоным, застаўся ў сваей нязменнай скуры. Жоўтага я пры сабе не меў, але кажуць, што і на ім не мяняецца. Ніколі не спаражняецца, бо нічога не есць, з аднаго паветра толькі жывы, таму замкнуты і цэлы.

Дарога з Ерусаліма дадому[правіць]

Дзевятага дня ліпеня, выслухаўшы найсвяцейшую імшу і справіўшы абед, развіталіся мы з законнікамі і выйшлі праз Рыбную браму, дзе сказалі нам зброю нашую прынесці, якую мы дзеля захавання ў кады былі пакінулі. І праўда, аддалі нам яе, але непашанаваную і з абламанымі канцамі.

Магіла Самуілава[правіць]

І так за чатыры гадзіны перад заходам сонца выехалі мы з Ерусаліма і праз чвэрць мілі з левага боку мелі мы гару, на якой руіны царквы відаць, дзе, як кажуць, была магіла Самуіла Прарока237, дык і цяпер тое месца так называюць. Пасля, калі мы мілю вялікую праз гару праехалі, з правага боку паказалі нам за паўмілі другую гару, ля падэшвы якой мястэчка Эмаўс ляжала, куды ніякім чынам не маглі мы праехаць дзеля арабаў, якіх туды пяцьсот конных было наехала, каб напаіць коней, бо яны дзеля вады і выпасаў месца часта мяняюць.

Эмаус[правіць]

Тыя, хто Эмаўс238 бачыў, сцвярджаюць, што ўжо колькі гадоў наездамі арабскімі мястэчка гэтае дарэшты спустошанае, ледзьве дзесятак дамоў здалёку відаць. Спаткалася нам па дарозе колькі конных мурынаў, як відаць, разбойнікаў, якія, маючы з янычарам нашым знаёмства, вольна нас пусцілі; адзін, аднак, з іх торбу, што пры сядле каня майго вісела, абмацаў, але колькі кашуль у ей пабачыўшы, даў спакой і паехаў прэч.

Дзе Давід волата забіў[правіць]

Мілю ад’ехаўшы, сталі мы ў даліне Дуба239, дзе Давід Галіяфа забіў; яна даволі доўгая і вузкая. Невялікі мост мае над патокам, якога за Давіда там не было, але цяпер, калі бывае (хоць і рэдка ў гэтых краях) дождж, патроху збіраецца. За тым мостам ляжыць нейкая веска турэцкая. Паўмілі ад таго моста ад’ехаўшы, ужо на заходзе сонца, прыбылі мы ў царкву Св. Ярэмы, пры якой быў калісьці і кляштар, цяпер ужо разваліўся, а царква цэлая.

Крыніца Св. Ёва[правіць]

Пад гарою, за кідок каменя, ёсць крыніца халодная і поўная, пра якую арабы хрысціяне апавядаюць, што яе першы Св. Ёў знайшоў, чые таксама і дамы разваленыя з левага боку паказваюць; пра што хай багасловы спрачаюцца, бо некаторыя кажуць, што ў зямлі Абяцанай Святы Ёў не жыў. Спаткалі мы тут дзвесце конных арабаў, якія былі ад тых пяцісот, што ў Эмаўсе ляжалі, аддзяліліся, бо не пагадзіліся з туркамі, што там жывуць, якія ім даніны (што з вёсак турэцкіх арабы, як вышай гаварылася, збіраюць) даць не схацелі. Тае самае ночы забілі там былі колькі вяскоўцаў турэцкіх, таму і мы, як ноч надышла, мусілі там у царкве пустой адпачываць.

Справядлівы торг[правіць]

Наш мурын Сабадын (які ў Ерусалім па нас прыехаў, каб нас цераз мора перавезці, як мы былі з ім раней дамовіліся), арабам не давяраючы, з адным іх таварышам, а нават верхаводам, чалавекам высокім і надзіва прыгожым, дамовіўся, каб ён усю ноч стаяў на варце. Доўгія і дзіўныя перамовы гэтыя двое між сабою вялі. Бо калі яму Сабадын даў колькі майдынаў, той, іх узяўшы, на зямлю шпурнуў, Сабадын жа іх зноў з зямлі падняў і суваў яму ў руку, але той больш за дзесяць разоў кідаў, урэшце Сабадын бохан хлеба, пару яек вараных і печаную курыцу дадаў, дык той супакоіўся і пагадзіўся, хіба што яшчэ віна вельмі прасіў, ад якога народ той, хоць памрэ, устрымацца не можа. Але ж мы і самі на той час не вельмі ім былі заспасобленыя. І так ён з дваццаццю таварышамі нас вартаваў, і верна.

Дзіўны закон[правіць]

Раніцаю, як развіднела, дзесятага ліпеня рушылі мы адтуль і, паўтары мілі ад’ехаўшы, натрапілі на арабаў, якія гналі вялікі статак вярблюдаў. Быў адзін паміж імі, з якім наш мурын з Рамы240 (той, што нам быў мулаў наняў) варагаваў. І так, скочыўшы адзін да аднаго, спярша з лукаў стрэлілі, з чаго колькі людзей паранілі, і нашаму левая рука была пашкоджаная. З таго боку аднаму жывот прабілі, без сумнення мусіў памерці. Я спытаўся, ці не трэба яму цяпер санджака баяцца, але ён адказаў, што хоць бы і той памёр, нічога з таго. Бо забойцу кожны, хто толькі захоча, можа забіць, ніякага клопату або пакарання за гэта не будзе.

Радзіма Св. Лотра[правіць]

Пасля тых такіх высокіх гор прыехалі мы на вялікую і прыгожую раўніну, з якой за дзве мілі было відаць Раму. З левага боку на гары відаць руіны замка, называюць яго замкам добрага Лотра, у якім той Святы Лотр нарадзіўся.

Пахаванне Макавеяў[правіць]

А на самой раўніне справа, недалёка ад гасцінца, стаіць царква амаль цэлая, называюць яе царквою Макавеяў, пра якіх кажуць, што там былі пахаваныя.

Жытло Св. Нікадыма[правіць]

Пасля апоўдні прыехалі мы ў Раму, пра якую Стэфан Рагузскі шша, што не Рама, але Арыматэя радзіма Язэпа таго, які Госпада, з крыжа зняўшы, пахаваў. Відаць, што некалі места было і вялікае і прыгожае, цяпер усе ў руінах. Жывуць тут мурыны, ведамыя рабаўнікі, хрысціянам вялікія ворагі. Звярнулі мы да разваленага кляштара, дзе паломнікі спыняюцца. Тут чатыры капліцы, адна Нікадымава241, які быў уночы да Госпада прыйшоў і пасля, разам з Язэпам, пахаваў, пахучымі масцямі памазаўшы. Кажуць, што калі пасля ў Госпада паверыў, дык тут жыў і распяцце з дрэва зрабіў (захоўваюць яго цяпер у Луцы242, месце валошскім, у катэдры), пра што Стэфан Рагузін у кнігах сваіх падрабязна піша. Хацелі мурыны на нас уначы напасці, але калі пабачылі, што мы не спім, не наважыліся. Праход тут паломнікам небяспечны.

Турэцкае дабрадзейства[правіць]

Спаткалі мы тут колькі янычараў, і быў паміж іх нейкі Магамет, проста нягоднік і злы чалавек, які быў з намі прыехаў з Трыполя. Дык ён пайшоў да старасты і раіў яму нас затрымаць, кажучы, што мы не такія ўбогія, як сябе выдаем, але грошай у дастатку маем. І без усялякага сумнення не абмінулі б нас цяжкасці вялікія, калі б Сабадын мурын не ўратаваў. А так далі мы таму старасту дзесяць цэкінаў, і ён нам да таго ерусалімскага янычара другога дзеля небяспекі дадаў. Раніцаю, як мы ўжо ад’язджалі, той ерусалімскі далей з намі ехаць не захацеў, калі мы яму плату не падвысім.

Дарога[правіць]

Бо хоць пры кады мы дамовіліся з ім да Яфы за чатыры цэкіны, аднак жа туркі звычай маюць ва ўсіх сваіх умовах падвышаць плату (чаго мы і на іншых дасведчылі), то ж і не хацеў далей ехаць, пакуль мы яму за тыя дзве мілі з Рамы да Яфы два цэкшы не даплацім. Таксама рамскі янычар казаў, што калі той не паедзе, дык і ен застанецца. І так зноў мусілі мы яго задаволіць, а найбольш дзеля таго, што той янычар Магамет хацеў нас у дарозе забіць, як нас Сабадын папярэдзіў. І тады па доўгіх размовах далі мы ім грошы, якімі тут надта раскідвацца вельмі небяспечна. Бо хто іх шчодра раздае, таму туркі хутчэй пасткі ставяць.

Яфа[правіць]

Даволі добрай дарогаю прыехалі мы раніцай у Яфу. Места тое ў Дзеях Апостальскіх даволі важнае. Тут бо блаславёны Апостал Св. Павел Табіту памёрлую ўваскрасіў243 і тут быў па яго ротмістр Карнэлі з Цэзарэі244, просячы, каб яго наведаў, сяброў сваіх паслаў. Места гэтае перад тым на гары стаяла, цяпер усе разваленае, апроч аднае вежы, у якой варта жыве. На беразе морскім ёсць колькі старадаўніх склепаў, да якіх мы павярнулі. І тут заспелі мы карамужан нашага Сабадына ў порце, які тут вузкі і цесны і стаць могуць у ім хіба толькі невялікія караблі. Адтуль, хоць быў вецер спадарожны, не маглі мы, аднак, у той дзень выехаць, бо ў Лідзе245 (пра якую ёсць у Дзеях Апостальскіх, едучы з Рамы мы бачылі яе з правага боку) туркі былі, якія рэчы паломнікаў вытрасаюць і глядзяць, каб якіх тавараў не вывозілі, з тае прычыны плаванне нашае адклалі мы да наступнага дня. А тым часам раніцаю два меншыя судзенцы прыплылі, якія з Каіра246 да Даміяты247 ракою Нілам, а з Даміяты праз мора сюды прыплылі. У адным былі тры валохі, а менавіта біскуп нейкі з двума слугамі ды двое законнікаў францішканскіх, якія ў Ерусалім ехалі. Біскуп тытул свой хаваў перад намі, баючыся, каб іншыя не даведаліся, што перад тым ён быў у Ерусаліме, а адтуль выправіўшыся, Егіпет і Сінай бачыў. Наймаў ён мулаў да Рамы, дзе меўся каравана чакаць, які з Газы да Дамашка ехаў, а далей да Алепа або Апамеі, адтуль жа да Канстантынопаля пасуху.

Справядлівасць турэцкая[правіць]

Калі ён выходзіў з судзенца, прыбылі туркі, якія рэчы нашыя меліся аглядаць. А як біскуп у Раму спяшаўся, дык туркі найперш ягоныя пакункі расчынілі, у якіх надта прыгожыя рэчы знайшлі (з Егіпта быў з сабою вывез), менавіта адну скрыначку або каламар з перламутру вельмі штукоўна зроблены; скрынкі меў з слановае косці, а шуфлядкі з розных камянёў усяляк вырабленыя. Усе тое туркі у яго забралі, а як не меў ён нікога, хто б за яго заступіўся і бараніў яго неяк, сапраўды вельмі аб гэтым і іншых забраных рэчах бедаваў; калі ж я пабачыў, што няма ў яго ў гэтых краях паганскіх ніякага ратунку, загадаў сваім янычарам, каб яго неяк баранілі, і дамогся, каб мне тыя рэчы ягоныя прадалі, нібы для мяне самога.

Качка егіпецкая[правіць]

Але пасля вярнуў я ўсе яму патаемна, за што ён шчыра мне дзякаваў і качку егіпецкую жывую, зялёнымі і сінімі пёркамі шчодра прыродаю аздобленую, на высоких нагах мне падараваў, і я з сабой яе ў Трыполь прывёз. Нагаварыў ён мне пра дзіўныя рэчы егіпецкія і нямала мне натхніў, каб я туды паехаў. Пасля туркі нашыя рэчы агледзелі і, нічога, апроч аліўных крыжоў і пацерак з Ерусаліма вывезеных, не знайшоўшы, дазволілі усе на карабель занесці, чаго хрысціянам без іх ведама рабіць нельга.

Сапраўды вялікая рэч[правіць]

Варта адзначыць яшчэ і тое, што Апостальскі пасад гэтаму месту Яфе ўсе прошчы дараваў.

Слушна[правіць]

Бо якія паломнікі сюды ні прыязджаюць (і праўда, з Кіпра і іншых краёў хрысціянскіх шмат іх плыве, дый мы былі вырашылі ехаць), нават калі іншых мясцін Святой зямлі як след не наведаюць, а толькі тут на беразе ў Яфе стануць, усе прошчы атрымаюць так, нібы самі слушна, сваёю асобай тыя мясціны наведалі. Дазволена тое дзеля таго: войны, арабскія напады, пошасці, хваробы, нястача шмат каго з паломнікаў затрымліваюць і далей ісці не дазваляюць.

Калі мы ў карамужан рэчы занеслі, ўзняўся вецер вялікі, сярэдні паміж захадам і поўначчу, бліжэйшы, аднак, да поўначы, валохі называюць яго маэстра трамантана. І так чакалі мы баючыся, каб ён нас да гары, што ў мора выходзіць побач з Яфай, не прыбіў (за гарою гэтай Цэзарэя ляжыць, часта згадваецца яна ў Апостальскіх дзеях, там ротмістра Карнэлія Св. Пётр ахрысціў, туды Св. Павел часта прыбываў і там быў увязнены, а пасля на пакуты ў Рым на караблі адсюль плыў), калі б мы выплыць вырашылі. Надвячоркам вецер суняўся, а мы, укленчыўшы, падзякавалі Госпаду Богу, што ён нам тыя мясціны, дзе збаўленне роду чалавечага справіў, даў агледзець і што праводзіў нас і паўсюль да нас дабрыню сваю і апеку выяўляў, так што нам і волас з галавы не ўпаў.

Цэзарэя[правіць]

І так, пацалаваўшы Святую зямлю, ужо калі зайшло сонца, селі мы на наш карамужан, але дзеля ветру зноў мусілі стаяць на катвігах, пакуль нас дзве гадзіны бура сюды-туды насіла па моры. Пасля падзьмуў спадарожны, тады і вырушылі мы і перад поўначчу прамінулі тую гару морскую, небяспечную вельмі. Падзьмуў таўрус, якога валохі маэстра называюць, ва ўсіх адносінах спрыяльны і нам патрэбны, і пакуль ён веяў, уночы мінулі мы Цэзарэю. Якраз на світанні пабачылі мы мыс Кармэль, што ад Яфы за дваццаць міляў.

Сідон. Тыр[правіць]

Пад вечар места ўдоўжкі разлеглае Сідон праплылі, а ў той самы вечар і Тыр248. Стаіць Тыр нібы на круглай выспе, некалі ад зямлі на семсот крокаў аддзелены глыбокім морам, як сведчыць Пліній. Аляксандр Вялікі, калі яго здабываў, камення ў ваду накідаў і першы з зямлёю яго злучыў, пра што і Язэп піша. На другую ноч таксама быў вецер пагодны, і так мінулі мы Берыт (дзесяць міляў ад Трыполя), а калі мацнейшы вецер падзьмуў, праз тры гадзіны, раніцаю ў Трыполь, места сірыйскае, другі ужо раз прыбылі, краіны, што пад Кармэлем і Ліванам ляжаць, абмінаючы, каля якіх, як мы з Яфы плылі, бура нас насіла. Але першаю дарогай за васемнаццаць гадзін праплылі мы былі шэсцьдзесят міляў, цяпер жа дзве ночы і паўтары дні мусілі мы плыць, і тое ледзь паспелі. Спаткалі мы ў Трыполі той наш венецкі карабель, якім мы ў Кіпр выпраўляліся, з шмат кім іншым ён сюды толькі што з Венецыі прыплыў, а разам прыйшлі і да мяне лісты з Літвы. А як у Трыполі меў я шмат знаёмых, дык здалося мне, нібы я на адпачынак дадому прыехаў. Бо адзінаццатага дня чэрвеня з Трыполя выехаўшы і аж да чатырнаццатага дня ліпеня на кароткай сутане (якая ў паломнікаў замест плашча) спаць даводзілася, толькі што ў Ерусаліме матрацаў цвёрдых законнікі нам далі, была і пасцель цвёрдая для паломнікаў, чаго мы ўсе патроху паспрабавалі. Калі, выйшаўшы на бераг, ішлі мы ўлева, у полі намёты Джафар-пашы (якому ўрады над Сірыяй былі часова дадзеныя) разбітыя бачылі. І таму ён (паводле звычаю) ляжаў у полі, што яшчэ пацвярджэння даніны не меў, і да Египта едучы, так я яго пакінуў. Было з ім колькі соцень конных, з якіх большасць мела на спінах рысіныя шкуры. Увайшоўшы ў места, скіраваліся мы ў карвасэрыю венецкую, дзе нас знаёмыя ўдзячна прывіталі і да сябе прынялі.

Няшчасны выпадак[правіць]

Здарыўся тут няшчасны выпадак, пра які, як мне бачыцца, трэба напісаць. Святар адзін, Антоні нейкі, з места Панорма249, што на выспе Сіцылія (кажуць, што быў ён плябанам у адным месце біскупства Міланскага), у караблі венецкім (што зваўся Фалера) прыплыў у Трыполь. Паводле звычаю іншых паломнікаў, накіраваўся ён адразу да законнікаў францішканаў, дзе раніцай у суботу меў імшу. А па імшы адразу да айца гвардыяна пайшоў і сказаў яму, што калі меў імшу аб Святым Духу, натхніў яго Госпад Бог, каб ён, веру хрысціянскую пакінуўшы, у магаметанскую абрэзаўся. Чуючы тое, законнік вельмі засмуціўся і намаўляў яго, каб Госпада Бога перад вачмі сваімі меў, чыім слугою і святаром ён быў. Але той апантаны чалавек, перш чым ісці да імшы, тлумача сабе наняў і, імшу справіўшы з кляштара пайшоў да кады. Заспеў у яго гандляроў валошскіх, што патрэбы свае вырашалі і праз тлумача папрасіў сказаць яму, што ён хрысціянскі святар і што сёння, аб Духу Святым імшу спраўляючы, быў ім натхнёны веру турэцкую прыняць. Кады пытаўся, ці добра ён усе абдумаў. Той адказаў, што яшчэ і не еў і, добра разважыўшы, прыйшоў да таго. Загадаў тады кады, каб турбан турэцкі прынеслі, і на галаву яму надзеў, а калі тое дзеялася, гэты пярэхрыст гнюсны плакаў, а што на той час у сэрцы меў, адзін Госпад Бог ведае.

Урачыстасць з атурчаным[правіць]

Раніцай у нядзелю семнаццатага ліпеня з напышлівасцю і ўрачыстасцю (як звычайна, калі хрысціянін атурчыцца) правялі яго праз места. Неслі перад ім дзве харугвы Магаметавы зялёныя, на якіх (замест азнакаў сцяжных) два хвасты морскіх коней вісела. Сто янычараў паабапал з паўгакамі, з трубамі, з бубнамі ішло і праводзілі яго праз вуліцу нашу, каб і мы на няшчасны трыумф ягоны паглядзелі. Але мы наўмысна вокны пазачынялі і праз дзіры глядзелі на ўсе няшчасце ягонае. Малады быў чалавек, гадоў каля трыццаці, зарослы валасамі чорнымі. Ехаў на гнедым кані, на якім і сядзець не ўмеў, і не за вузду, а за сядло трымаўся. Каня над ім два янычары вялі, чуга на ім была з чырвонага адамашку, стралу ў правай руцэ трымаў, пер’ем дагары, а вастрыём дадолу павернутую. І так па вуліцах мястовых трыумфуючы з ім ездзілі.

Абразанне ў ятках туркі спраўляюць[правіць]

Нарэшце паміж яткамі ў адной каморы абрэзалі яго, бо туркі не тымі абрадамі, як іўдзеі, цырымонію гэтую спраўляюць. Гэтае абразанне вялікую хворасць яму прычыніла, так, што казалі, нібыта меўся з таго памерці. Дазналіся, аднак, нашыя, што ён штосьці быў у парафіі напракудзіў, за што меўся быць кардыналам Бароміем пакараны, баючыся чаго, найперш у Венецыю з’ехаў, а пасля, сеўшы на карабель, у Сірыю ўцёк. Гэбрай тлумач наш апавядаў нам пасля, што бачыў яго ў стайні ў кады.

Не на тое спадзяваўся[правіць]

Адразу ж бо пасля тае цырымоніі дарагія шаты з гэтага верніка здымаюць, пасля туркі яму там на нешта грошы збіраюць, а менавіта толькі сорак цэкінаў яму перадалі, з іх, аднак, палову янычарам і музыкам, якія вядуць яго, даць павінен, тады пасылаюць яго ў стайню, нарэшце вызначаць яму якую плату. Пабачыўшы гэбрая, пытаўся ён, што хрысціяне пра яго гавораць, дык адказваў гэбрай, што вельмі дзівяцца. А ён на тое, болей я сам (кажа) дзіўлюся, што са мною дзеецца (бо яшчэ хворы быў), толькі тым суцяшаюся, што брата маю ў Канстантынопалі, які таксама атурчыўся, мушу да яго ехаць і шчасце, і гора з ім дзяліць.

Апісанне Трыполя[правіць]

Увесь той час, што я ў Трыполі жыў, што было вартага пабачыць, уважліва я агледзеў. Места гэтае прыгожыя дамы і лазні мае. Прадмесці поўныя садоў, агародаў, крыніц і пладоў усялякіх.

Пацук фараонаў[правіць]

Ёсць тут і дрэвы моры, на якіх чарвячкі, што шоўк вырабляюць, гадуюцца і жывуць, з чаго мурыны і сірыйцы нязмерныя багацці збіраюць, вялікую колькасць шоўку па Еўропе рассылаючы. Ёсць у садах надзіва шмат пацукоў, якіх яны пацукамі фараонавымі называюць, асабліва ж у вёсках, дзе яны значную шкоду земляробам чыняць, курэй і гусей ядуць.

Святыя рыбы[правіць]

Паўтары мілі ад места ехаў я да ўсходу сонца, дзе ўбачыў машэю пры беразе морскім, а побач з ею сажалку вельмі вялікую мураваную, у якой прэсная вада і рознае рыбы ў дастатку. Вераць туркі (з глупства свайго), што рыбы тыя асвячоныя, дзеля чаго пад пагрозаю смерці нельга лавіць іх нікому, хіба толькі (калі я добра памятаю) раз або два на год, князі іх могуць трохі ўзяць і есці пасля. Даюць ім заўсёды корму, ды варажбіты там нейкія чары спраўляюць.

Есць там таксама каля мора вежа з камянёў квадратных надта высокая, з гербамі аднаго шляхціца венецкага, які, праз тое, што з адной мурынкаю грэх цялесны ўчыніў (што там у хрысціянаў смерцю караецца), цяжкасці меў вялікія і такою вежаю, за грошы свае збудаванаю, ледзьве адкупіўся.

Вялікая яе пабожнасць[правіць]

А тым часам карамужан прыплыў, у якім і Секярэцкая, жанчына польская, была; загадаў я ў аднаго багатага гандляра наняць ей прытулак, то ж яна, як не дазвалялі ей з дома выходзіць адкрыта, у туркаў з вакна каменнем шпурляла і у некалькіх трапіла; з таго гаспадар за малым вялікіх клопатаў не меў, што з дома ягонага ў туркаў каменнем шпурляюць. Прасіў пасля, каб я яе куды ў іншае месца звезці загадаў, але яна, без варты будучы, зараз з дома ўцякла, і з вялікаю цяжкасцю толькі на трэці дзень знайшлі яе ў царкве Св. Якуба, за паўтары мілі ад Трыполя. Царква тая папраўдзе грэцкая, спраўляюць у ей, аднак, і католікі набажэнства свае. Стараўся я пасля, каб ей у караблі, у якім мае рэчы ў Венецыю везлі, хоць якое месца знайшлі. І вельмі яна смуткавала з таго, што болей ужо Святое зямлі не пабачыць, і тройчы ў мора кідалася ад смутку свайго, так што ледзьве ўратавалі яе, каб не патанула. Загадаў я тады, каб варта пры ей была.

Уся трагедыя пра эміра[правіць]

У тым часе эмір Махмет, вельмі заможны ўладца з Сірыі Фінікійскай, белы мурын, сын Мензур Кандана, эмір з Лістры і Дэрвіі250 (есць пра тыя месты згадка ў Дзеях Апостальскіх), суддзя, уехаў у Трыполь з пяцюстамі коннымі і гэтулькімі ж пешымі мушкетнікамі. І хоць эмір той быў магаметанін, аднак меў пры сабе ерэтыкаў хрысціянаў, гэта значыць французаў, пра якіх вышэй гаварылася, якіх друзіянамі называюць, гэта рэшткі яшчэ тых, якія Святую зямлю з рук паганскіх былі вырвалі, але ж ад дабрачыннасці продкаў сваіх далёка адышлі; веку ён быў маладога, маючы дваццаць гадоў, твар меў тлусты, пагляд страшны. Гэта той эмір, пра якога раней пісалася, што туркі баяліся вельмі, каб ён з Абурысам супраць іх не злучыўся; імператар турэцкі вельмі быў на яго з тых прычын узлаваны. Нейкі суддзя атрымаў быў ліст ад імператара таго турэцкага, каб яму бацька таго эміра суддзёўства над местамі памянёнымі і партовых мытаў трыпольскіх саступіў; што невыказную крыўду эміраву выклікала, бо ён за ўрад той і мыта надзіва вялікую колькасць грошай даў быў імператару, так, каб не іначай, але законным парадкам здабытыя тыя дастойнасці у доме ягоным і пры нашчадках ягоных вечна надалей трывалі. Вось жа, калі вельмі эмір састарэў, а на яго месца новага суддзю прыслалі, дык ён ці то ад смутку, ці то ад хваробы памёр. Тады сын ягоны, малады эмір (пра якога гаворка), такой непрыстойнасцю ўзрушаны, маладзён сардэчны і смелы, хоць толькі васемнаццаць гадоў маючы, восем тысяч стральцоў сабраў і, уехаўшы ў Лістру, суддзю, што ягонага бацьку выгнаў, і шмат туркаў з ім забіў, а Лістру, Дэрвію і мыты турэцкія забраў. Паклікалі яго пасля мандатам да імператара — ён не з’явіўся, загадалі яму на вайну ў Персію ехаць — ён не паехаў, але дванаццаць тысячаў войска сабраўшы, чакаў да канца, што ж далей імператар турэцкі рабіць будзе. Цяпер толькі тысячу чалавек з сабою ў Трыполь прывёў, тры тысячи у замку сваім за дзве мілі ад Трыполя пакінуў, а ў іншым вельмі добра абароненым (называюць яго Газір, яго мы яшчэ з мора на гары вельмі высокай недалёка ад Берыта бачылі) чатыры або пяць тысячаў гатовых меў; усе тое дзеля таго, што Джафара-пашу, які у Трыполі перабываў, нямала баяўся. Аднак жа назаўтра раніцаю, тысячу людзей з сабою ўзяўшы, ехаў прывітаць таго пашу, які са стану свайго выехаў крыху прагуляцца. Я, каб абодвух пабачыць разам, і сам у поле паехаў. А вяртаўся паша з чатырмастамі коннымі у шатах з чырвонае парчы, на кані светла-гнедым; эмір жа выехаў перад ім і з аднаго боку са сваімі стаў, тады яны за звычаем народа свайго супольным галоў нахіленнем павіталіся. Пасля паша пад намётам ссеў з каня (народ збоку стаў); эмір таксама, у брунатным адамашку, перад намётам з свайго варанца ссеў, жаўнеры ж яго конныя адразу расступным шыхтом сталі, а пяхоты ён меў і болей і мужоў лепшых, чым паша. Размова іхняя гадзіну цэлую трывала, у якой пытаўся ў яго паша, чаму ён імператару супрацівіцца, на што ён шматслоўна адказваў, нявіннасць сваю даводзячы. Пасля ж раз’ехаліся. Чаўш заўсёды праваруч эміра стаяў (бо гэты бок у туркаў слабейшы), які над мытам трыпольскім быў, частку яго ў скарб імператарскі паводле звычаю аддаючы. Эмір дзве жонкі меў, але з ніводнаю не жыў добра, бо чалавек быў суровы і жорсткі і ва ўсіх адносінах благога жыцця. Ад’ехаўшы ад пашы, ігрышча, або цвічэнне, сваім маўрам наладзіў (на якім усяляк дзіды кідалі), і сам ён, спрытны і умелы вершнік, усіх заахвочваў. Слугі ягоныя вялікую прыязнь мелі з Францішкам Тэстаросам, агентам Венецкае рэспублікі у гэтых краях, а прыязнь тая была паміж імі дзеля мыта з тавараў, якое агент гэты плаціў. Я ж, жывучы ў карвасэрыі венецкай, дзе старшы быў той самы Францішак, гэткім чынам пра ўсё, што там паміж імі дзеялася, даведаўся, бо хрысціяніну да намёту пашы бліжэй падысці нельга.

Танцы мурынскія і скокі[правіць]

Чакалі мы на полі, пакуль вернецца эмір, чые слугі аднаго разу правялі нас туды, дзе ён жыў, а там мурыны, запаліўшы свечкі, перад ім, мала чым прыкрыўшыся, брыдкія, а што страшней, распусныя танцы і скокі спраўлялі. Быў там таксама адзін турак, які па канаце хадзіў, што ў тым краі не навіна, і такія ігрышчы эмір што тры дні дома ладзіў, віднейшых паноў маўрытанскіх і туркаў з дастаткам і шчодрасцю вялікаю частуючы і забаўляючы, што пашу абражала вельмі, і гаварылася адкрыта і яўна ў Трыполі, што паша Ібрагім, уладца егіпецкі, ад імператара мае загад, каб, едучы адтуль, войска на Трыполь павярнуў, а эміра схапіў дзеля падазраванай яго магутнасці вялікай. Казалі таксама амаль усе, што эмір, калі законам абараніцца не здолее, шабляю спакою шукаць будзе, хай бы давялося і загінуць, што ён і сам выказваў, не хаваючыся, бо і замкі абарончыя, і спадчыну, і маёмасць надзіва вялікую меў. Да персаў прыязны быў, і калі пра паразу туркаў навіны прыносілі, цешыўся. Мысліў, аднак, і з другога боку, шчасце ваеннае сумлеўным лічачы, як бы Ібрагім-пашу дарамі надзвычай каштоўнымі улагодзіць і ласку ў яго да сябе знайсці.

Кірмашы[правіць]

Быў таксама тым часам нейкі у Трыполі кірмаш, і з’ехалася было шмат туркаў і мурынаў, але толькі танцы і скокі (дый тое не было на што глядзець) па ўсіх вуліцах спраўлялі ды плады розныя, якіх тут вялікі дастатак, прадавалі.

Друзіяне хто такія[правіць]

Часта тут згадваюцца хрысціяне друзіяне, пра якіх хоць і дастаткова гісторыкі пішуць, аднак дадам і я, што яны хутчэй як паганцы ва ўсялякім свавольстве жывуць і ад туркаў нічым іншым не розняцца, адно што не абразаюцца. Маюць таксама свайго ўласнага прарока, называюць яго Ізман, які забараніў абразанне, ды, накшталт Магамета, сваю веру вельмі непрыстойную і свавольную вымысліў і каб яе захоўвалі загадаў. Шмат іх у Дамашак і Трыполь прыходзіць, а як нашы шкоты251 ў корабах розныя дробныя рэчы для продажу носяць па вуліцах, так і яны на шыі скрынку нейкую скураную маюць, а ў ей колькі алавяных кубкаў, колькі скураных пляшак з халоднаю вадою, два або тры грэбні, шчотку шатную і люстэрка носяць. Калі мы спаткалі іх у Галілеі, далі яны нам той вады напіцца. А як туркі галовы голяць, а бароды запускаюць, дык звыклі ім іх часаць; нам жа, бачачы, што і на барадзе валасы кароткія, грэбня не давалі, толькі сувалі у руку люстэрка, каб мы ў яго паглядзеліся.

Дарэчная міласціна[правіць]

І тое падаванне вады, грэбня ды люстэрка лічаць за міласціну, якую і туркам і хрысціянам, кожнаму без разбору, хоць і не просіць ніхто, даюць. Пытаўся я ў іх: «Калі ваду, што прагу наталяе, яшчэ за міласціну можна мець, дык якая міласціна з люстэрка?» Не маглі на тое адказаць.

Глядзі на тое паганства[правіць]

Аднак жа адзін у Трыполі (а я ўжо быў з Ерусаліма вярнуўся), які у нейкага егіпцяніна лекі гатаваў, апавядаў нам, што паказванне люстэрка яны ад егіпцянаў перанялі. Бо на бяседах, банкетах і розных пасяджэннях ды там, дзе свае забавы і пацехі мелі егіпцяне, гэтак люстэркі паказвалі, каб кожны пра тое, што смяротным ёсць, не забываўся. І цяпер яшчэ, каторыя там старэйшыя і мудрэйшыя, косці чалавечыя ўсе парадкам на дроце навешаныя, або з дрэва ці з слановай косці, насіць і паказваць адзін аднаму звыклі, прыгадваючы адначасна, каб пра смерць памяталі, а аб прыгажосці, якую хваробы і смерць псуюць, не дбалі. То ж разумнейшыя друзіяне кажуць: калі прагнеш, вадою спатолішся, калі грэбнем чэшашся, упрыгожваеш сябе, калі ж у люстэрка глядзіш, нібыта сам сабою любуешся, але адразу падумаеш, што ўсе гэтае смерць пераменіць, дык і пакорнейшы робішся. Добрая ўвага да спраў чалавечых і канца іх, асабліва ж сярод простага люду, вартая, каб яе і хрысціяне часцей згадвалі. Але вернемся да нашага падарожжа.

Што такое джэрма[правіць]

Пры тым, што не мог я ехаць у Апамею, або Алеп, дзеля Абурыса, які, як было сказана, караваны рабаваў, ды што дарога Канстантынопальская бяспечная не была дзеля войска турэцкага, што з Еўропы ў Персію цягнулася, а да таго ж караблі венецкія і тыя, што ў хрысціянскія краіны плылі, яшчэ нагружаныя не былі, а пра мяне ўжо падрабязна, хто я такі, пытацца пачыналі, бо гэбраі былі мяне выкрылі; задумаў я падарожжа ў Егіпет здзейсніць. Дзеля таго наняў я сабе Джэрму252. Гэта судзіна для хуткай язды вельмі прыдатная, але калі бура надарыцца, хутка яе заліць можа, бо дошкамі не накрытая, як караблі або карамужаны, і перад дажджом і вятрамі морскімі безабаронная. Вось жа дня дваццаць шостага ліпеня па абедзе пайшоў я да кады і, падарунак яму даўшы, прасіў, каб даў мне якога янычара; даў мне Ахмета, які умеў па-славянску і верна служыць мне абяцаў. Пасля рыхтаваўся я да падарожжа і, рэчы свае ў карабель венецкі, на якім мы былі прыплылі, занесці загадаўшы, пакінуў пры іх слугу аднаго, каб іх у нанятай каморы вартаваў і у Валошчыну завёз, пакінуў з ім яшчэ а. Лаўрэнція Пацыфіка і брата ягонага; іншых жа, хто са мною ў Ерусаліме быў, узяў ў Егіпет.

Першы ліст пісаў я да цябе з мясцінаў Сольных, цяпер табе другі даволі вялікі пасылаю. То, як сам можаш пабачыць, для пісання часу і месца прыдатнага я не меў, толькі ўжо ў Трыполі, адкуль у Егіпет выпраўляюся. Дадзена з Трыполя Сірыйскага, 29 ліпеня года Гасподняга 1583.