Перайсці да зместу

Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры (1921)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры
Літаратуразнаўчая праца
Аўтар: Антон Луцкевіч
1921 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ант. Навіна.


ПУЦЯВОДНЫЯ ІДЭІ
БЕЛАРУСКАЕ
ЛІТЭРАТУРЫ.


Выданьне „Нашае Думкі“.




Вільня 1921 г.

Коопэр. друкарня „ДРУК“. Вострабрамская 5

Ант. Навіна.


ПУЦЯВОДНЫЯ ІДЭІ
БЕЛАРУСКАЕ
ЛІТЭРАТУРЫ.


Выданьне „Нашае Думкі“.




Вільня 1921 г.

Коопэр. друкарня „ДРУК“. Вострабрамская 5

Пуцяводныя ідэі беларускае літэратуры.

Старая беларуская літэратура — тая літэратура, якая ў пэрыод свайго расьцьвету можа пахваліцца чысьленымі слаўнымі імёнамі, як першы друкар беларускі, доктар Францішк Скарына з „слаўнага места Полацка“, — гэта літэратура аджыла свой век — сваю пару нарадзін, расьцьвету і ўвяданьня — і замерла, гаворачы нам аб высокім культурным разьвіцьці нашых дзядоў, але не даючы нам нічога, апрача гістарычнае памяткі.

Многа было прычын, якія давялі яе да поўнага заняпаду. Былі між імі і соцыяльна-палітычныя, і рэлігійна-нацыянальныя, але перад усім — адна, якая была закладзена ў самой аснове пры нарадзінах нашае старое літэратурнае мовы.

Пачатак у нас пісьменства наагул адносіцца да X—XI сталецьця, калі разам з хрысьціянствам дайшлі да нас першыя пісаныя духоўныя кнігі ў так-званай царкоўна-славянскай мове. Трэба думаць, што легенда аб вандроўцы часьці нашых дрыгвічоў ажно пад Салонікі і аб аселасьці іх тамака пад імем другувітаў мае ў сабе крыху праўды, — або мо‘ ў тыя часы славянскія пляменьні так-званае заходня-рускае групы так мала розьніліся ад другіх славянаў, — адно толькі ясна, што першыя старабаўгарскія (другувіцкія?) кнігі, копіі гэтых кніг, якія пісалі сьвятыя браты Кірыла і Мяфод, даходзячы да нас, былі для нашага народу зразумелыя. Ведама, язык гэтых кніг ня быў жывым языком нашага народу, на што паказвае хаця-бы розьніца ў языку старых царкоўных кніг, сьпісываных у нас з старабагарскіх, і кніг сьвецкіх, пісаных на месцы, як напр. слаўнае „Слова аб палку Ігаравым“. Але быў ён нам блізкі, быў языком кніжным, быў узорам для нашых кніжнікаў, выкладаўшых думкі свае на паперы, і гэтак лёг у аснову ўсяго нашага пісьменства. У меру разьвіцьця беларускае літэратурнае мовы гэта мова ўсё далей і далей адыходзілася ад царкоўна-славяншчыны, — а ўсё-ж такі традыцый царкоўна-славяншчыны ня кідала. Ня кідала і кірылічнага шрыфту, каторы ў нас значна упрасьціўся, раўнуючы да стара-баўгарскіх кніг (загінулі „юсы“ і т. п.), але, трымаючыся старое традыцыі, іншых гукаў нашае жывое мовы зусім не выражаў ня маючы адпаведных знакаў, або выражаў іх умоўна. Так, ня бачым у ім характэрнага для нас „аканьня“ і „дзеканьня“, а замест таксама характэрнага для беларусаў „цеканьня“ („ц“ замест мягкога „т“) сустракаем усьцяж ужыванае „т“. Ня бачым, хаця, як паказаў адкрыты с. п. Іванам Луцкевічам беларускі рукапіс „Ай-Кітаб“, пісаны больш багатай у знакі арабістыкай, ужо на мяжы XVI і XVII ст. сказаныя асобеннасьці нашае мовы ярка выяўляліся і ў запісях арабскімі літарамі акуратна адзначаны.

Як „кірыліца“ адбівалася на правільнасьці выражэньня знакамі гукаў беларускае мовы, так царкоўна-славянскія граматычныя правілы сковывалі разьвіцьцё самае гэтае мовы, праводзячы рэзкую розьніцу паміж жівой і пісанай кніжнай мовай. Праўда, ў меру разьвіцьця нашага пісьменства, мова наша значна вызваляецца ад царкоўна-славянізмаў, але зусім вызваліцца ад царкоўна-славянскай спадчыны ёй не ўдалося.

І ў гэтым-то і крыецца прычына ўпадку беларускага пісьменства ў XVIII ст. — мо‘ не адзіная, але адна з галоўных. Маючы ў аснове царкоўна-славяншчыну і толькі ўвабраўшы ў царкоўна- славянскія рамкі элемэнты народнае мовы, наша старая кніжная мова мала-па-малу па духу свайму станавілася чужой народным масам, асабліва тады, як пасьля збліжэньня з Польшчай у яе папала многа лацінізмаў і полонізмаў. Яна сталася мовaй інтэлігенцыі. Жывая народная думка не магла карыстацца ёй дзеля свайго выяўленьня: яна шукала іншых форм: больш блізкіх, родных. І яна, разарваўшы ўсе старыя традыцыі, знайшла гэтыя формы: знайшла ў жывой беларускай гутарцы.

Ня дзіва, што беларускае нацыянальнае адраджэньне пачынаецца з адраджэньня мовы, — справядлівей: з разьвіцьця народнае гутаркі ў мову літэратурную. Для новых думак патрэбны новыя формы, а адраджэньне народу, падняцьце шырокіх народных мас на вышэйшую ступеню культурнага і грамадзкага жыцьця — гэта і былі тыя новыя думкі, якія прышлі да нас, як адгалоскі Вялікае Францускае Рэвалюцыі.

Першыя спробы жывой народнай мовы прабіцца наверх, першы чынны пратэст проці задушанай царкоўна-славяншчынай, лацінізмамі і полонізмамі кніжнай мовы мы бачым яшчэ ў XVIII сталецьці ў постаці так званых „інтэрмэдый“, або „інтэрлюдый“, каторыя ўвялі на сцэну народнага тэатру „людзей посполітых“ з іх „простай“ гутаркай. А сьледам за гэтым ад самага пачатку XIX ст. гэтая-ж „простая“ гутарка становіцца ўлюбленым спосабам выяўленьня думкі ў пісаным слове як нашых романтычных пісьменьнікаў, так і для тых, хто, захоплены вялікімі ідэямі Волі, Роўнасьці і Брацтва, йшоў да народу, каб будзіць яго ад сну дзеля вялікае справы. І нашы романтыкі, і дэмакраты, якія паводле сваей ідэолёгіі становяць розныя кірункі, ў адносінах да беларускай заслужыліся роўна: і адны, і другія творчай працай сваёй з народнай гутаркі твораць новую беларускую літэратурную мову, вольную ад перажыткаў старасьвеччыны, ад панаваньня замершае старое кніжнае мовы. Тут мэты іх — адны, тут яны йдуць аднэй дарогай.

Гаворачы аб гэтым тэорэтычна, ня кожнаму ясна тая розьніца, якая існуе паміж нашай старой і новай літэратурнай мовай. Яна стене яснай тады, калі мы адну з апошніх друкаваных кніжак канца XVIII ст. прыраўнуем да мовы першых вершаў Баршчэўскага (1809 г.), або да мовы беларускай „Энэіды“, напісанай зараз пасьля наполеонаўскага паходу ў Расею, а мо‘ і яшчэ раней.[1] Насколькі вершы Баршчэўскага блізкі да народнай поэзіі, паказвае факт, што сучасны яму А. Рыпінскі, папаўшы, як эмігрант, у 30-тых гадах у Парыж, у сваіх лекцыях аб Беларусі дае з памяці прыклады народных песень і, паміж імі, выдае за народны твор „Рабункі мужыкоў“ Баршчэўскага.

Як ужо сказана, і першыя прадстаўнікі нашага шляхоцкага романтызму, і першыя нашыя дэмакраты зышліся на адным: на тварэньні беларускай літэратурнай мовы з народнае гутаркі. Паміж іншым, Дунін-Марцінкевіч вельмі ярка давёў гэтага сваім перакладам на беларускую мову „Пана Тадэуша“ Міцкевіча (за яго прыкладам, тую-ж працу зробіў і Аляксандар Ельскі). Але ў тыя творы, якія пакінулі нам у спадчыну прадстаўнікі абодвух кірункаў, яны ўкладалі зусім розныя ідэі, зусім розны ідэолёгічны зьмест. Болей таго: яны зусім рознымі вачыма ўглядаюцца на наш народ і так розна прамаўляюць да яго!

Баршчэўскі, Рыпінскі і Чачот, Дунін-Марцінкевіч, Вярыга-Дарэўскі, Карастынскі і, урэшце, „апошні з могіканаў“, дажыўшы да нашых дзён, але перажыўшы свой кірунак, Аляксандар Ельскі, — ўсё гэта прадстаўнікі так званага „шляхоцкага романтызму“[2]. Магутны парыў рэвалюцыі, які, пачаўшыся ў Францыі ў канцы XVIII ст., прайшоў праз усю Эўропу, не сунімаючыся ажно да канца першае паловы XIX ст., прымусіў навет найбольш консэрватыўныя элемэнты задумацца аб адносінах пануючых станаў да народных мас. І пад той час, як перадавыя грамадзяне нашага краю: Храптовічы, Манюшкі і інш. — даюць волю сваім „падданым“, верачы, што толькі прабуджэньнем народу, „дэмосу“ можна адрадзіць і вызваліць з-пад ярма маскоўскага аўтакратызму нашу бацькаўшчыну, — другія, а ў тым ліку і вышэй пералічаныя пачынальнікі нашага адраджэньня, ня могуць ніяк зыйсьці з свайго становага становішча, ня могуць вызваліцца з сваей шляхоцка-становай псыхолёгіі. Яны — гэтыя шляхоцкія пісьменьнікі — любяць свой народ, сваіх „мілых мужычкоў“, як іх называе Чачот. Яны хочуць памагчы яму прыняць чалавечы воблік, жыць лепшым жыцьцём у сытасьці, дастатку і чыстасьці. Яны змагаюцца з п‘янствам і заклікаюць народ да рупнай працы, якая адна толькі можа даць людзём дабрабыт[3]. Іх рупіць і справа пашырэньня граматы (хоць Рыпінскі йшчэ думае толькі аб польскай). Дунін-Марцінкевіч навет выводзіць свайго героя „ў людзі“ — робіць яго афіцэрам! Але ўсе яны ня мысьляць мужыка йначай, як у падданстве, як „на сваім месцы“. Іх грамадзкі ідэал — патрыархальныя адносіны між дваром і вёскай, апека двара над сялянамі. Дзеля гэтага яны вымагаюць ад кожнага пана, каб ён быў добры для сваіх падданых, быццам іх „старшы брат“, „ацец“, — каб ня крыўдзіў, не злоўжываў сваей уласьці над прыгонным людам.

Добры панпакорны мужык. Вось аснова ідэолёгіі шляхоцка-романтычнага кірунку ў нашай літэратуры XIX сталецьця. Захаваньне становага разьдзелу, апека пад „недасьпелым“ людам — вось што прабіваецца з кожнага іх твору. Яны навучаюць народ у гэткім духу, ўмаўляюць, каб ён баяўся Бога і слухаў пана, і толькі калі-некалі захопліваюцца хараством народнае поэзіі, адвечных звычаяў і абрадаў, і тады забываюцца аб дыдактызьме, даючы шчыра поэтычныя творы.

Такая літэратура не магла доўга здаволіваць духовыя патрэбы нашага народу. Яшчэ пакуль трываў прыгон, творы нашых шляхоцкіх романтыкаў хоць крыху рассьвятлялі панурае жыцьцё вёскі, малюючы „ідэальных паноў“, якія ня крыўдзяць сваіх паданных. Але як счэзла паншчына, дык і гэта прынада ў вачах народу утраціла сваю павабнасьць. І народ, каторы ў памяці, ў жывым слове перахоўваў творы пачынальнікаў нашага адраджэньня, захоўвае на сягоньняшні дзень адно толькі некаторыя адрыўкі гэтых твораў, вольныя ад дыдактызму і захопліваючыя сваей красачнасьцю, сакавітасьцю (напр. апісаньне гулянкі ў карчме ў І песьні „Гапона“ Дунін-Марцінкевіча і інш.). І ўвесь шляхоцка-романтычны кірунак зжыўся… не здалеўшы ў душы народу запаліць тэй сьвятой іскры, каторая падняла-бы яго да новага, вольнага і сьвядомага жыцьця.

Але на шляхоцкім романтызме съвет клінам для нашага народу ня зышоўся. Тыя вялікія, сьветлыя ідэі, каторыя, йдучы на нас з Францыі, натхнулі лепшыя душы нашых паноў адрачыся ад сваіх прывілеяў і правоў над сялянствам, — тыя самыя ідэі пранікаюць і да нізоў народных. Яны будзяць народ зо-сну. Яны даюць магчымасьць сялянам шырэй глянуць на сьвет, на сучасныя адносіны, на сваё палажэньне. Перад народам на мамэнт, быццам маланка, праносіцца тая „праўда“, якой далейшыя пакаленьні ўжо ня кідаюць шукаць, якая трывожыць „добрых паноў“ Марцінкевічаўскага тыпу. І вось мы бачым нарадзіны першага сьвядомага мужыцкага поэта ХІХ ст.: Паўлюк Бахрым з Крошына, чатырнаццацігадовы гадунец кс. Магнушэўскага, пачынае пісаць вершы, а зьмест іх такі, што за іх хлопчыка па загаду сэнатара Новасільцава, здаюць у салдаты. Вось гэты мала вядомы, поўны глыбокага трагізму вершык загубленага ў маладыя годы песьняра, за які так цяжка яго пакаралі:

Зайграй, зайграй, хлопчык малы,
і ў скрыпачку, і ў цымбалы,
а я зайграю у дуду,
бо ў Крошыне жыць ня буду.
Бо ў Крошыне пан сярдзіты!
Бацька кіямі забіты,
Маці тужыць, сястра плача, —
гдзе-ж ты пойдзеш, небарача?
Гдзе я пайду? Мілы Божа!
Пайду ў сьвет, у бездарожжа,
ў ваўкалака абярнуся,
сьлёзна на вас азірнуся…
Будзь здарова, маці міла!
Каб ты мяне не радзіла,
каб ты мяне не карміла,
шчасьлівейшая ты-б была!
Каб я каршуном радзіўся,
я-бы без паноў абыўся:
у паншчыну-б не пагналі
і ў маскалі не аддалі.
Мне пастушком век ня быці,
а ў маскалёх трудна жыці;
а я і расьці баюся:
гдзе-ж я, бедны, абярнуся?
Ой, кажане, кажане!
Што-ж ня сеў ты на мяне,
каб я большы не падрос
ды ад бацькавых калёс!..
(гл. „Маладая Беларусь“, III, 1913).

Песьняра паны і начальства загубілі. Але думкі, якія ён выяўляў у сваіх вершах, не маглі загінуць. І яны далей жылі дзесь падысподам, захованыя на самым дне душы мужыцкай, і мо‘ ня раз яшчэ выяўляліся ў вершах сярмяжных поэтаў, аб якіх мы ня можам нічога ведаць. Іскра, якая будзіла народ і кіравала да шуканьня свае загубленае „праўды“, якая на мамэнт заясьнела ў Паўлюку Бахрыме, ня тухне ў найцяжэйшыя часы.

Пачынаюць разумець гэта і тыя з паноў, якія бліжэй стаяць да народу, да вёскі, якій адчуваюць тое, што думае народ. І вядомы «лірнік вясковы», Сыракомля, ў адзіным дайшоўшым да нас яго беларускім вершу, зрываючы ўсялякую сувязь з патрыярхальна-ідылічным тонам сучасных яму шляхоцкіх романтыкаў, ўдарае ў новы тон: тон прымірэньня вёскі з дваром на новых асновах, як роўны з роўным. Верш гэты так сама мала вядомы ў цэласьці. У ім Сыракомля гэтак адклікаецца на рэвалюцыйны рух у Эаходняй Эўропе ў 1848 годзе:

Добрыя весьці.

Заходзіць сонца пагодняга лета
і веець вецер з заходніх нябёс.
Здароў будзь, вецер! З далёкага сьвета
добрыя-ж весьці да нас ты прынёс?
Здаровы-ж будзьце, эй, добрыя весьці!
Там, на Заходзе, праліваюць кроў,
б‘юцца, для славы, свабоды і чэсьці
і робяць вольных людзей з мужыкоў!
Гудзяць вясёла і песьні і танцы
у добрым жніве на шчасьлівы год,
Годзе вам, годзе, вы цары-паганцы,
таптаць з балотам хрышчоны народ!
Годзе вам, годзе ў яснай карэце —
годзе, чыноўнікі, ды езьдзіць у двор!
Годзе вам, годзе, мужыцкія дзеці
з хаткі астаткі ды браць на пабор!
І панскае дзецка, і хамская юха
з аднэй кватэркі папіваюць мёд
і прысягнулі на век да абуха,
быць сабе вольны і роўны народ.
Мужык і шляхціц засядзе на лаве,
каб вясьці раду аб сваёй зямлі;
як трэба думаць аб грамадзскай справе,
на адно мейсца, як браты, прыйшлі.
А як ўрадзім вайну на грамадзе:
бараніць дзеткі і зямлю і дом, —
мужык і шляхціц на каня усьсядзе
касіць касою, рубіць тапаром!
Эй, згінець вораг як Бог нам паможа
за нашу крыўду, за горкі наш жаль.
Запяем песьню: „Хваліць цябе, Божа“
― лягчэй будзе сэрцу, як згінець маскаль.
Зямля ты наша! Зямля ты сьвятая!
Радзі нам збожжа, ды судзі пажаць!
Ня прыйдзе вораг з маскоўскага края
на магазын наша зерня браць!
Ручыць рукою худоба ў хаце;
паны мужыцкіх сьлёз не забяруць!
Мужык з панамі стаіць за-пан-браце,
рука за руку, грудзі за грудзь.
Пяром на карце, ды сахой на ніве
адзін другому роўнасьць засьцярог.
Эй, у свабодзе зажывём шчасьліва,
мы будзем дзеткі, а наш бацька — Бог!

(„Варта“ №1, 1918 г.)


Праўда, тут яшчэ чуюцца адгалоскі шляхоцкага сьветагляду, — дык гэта толькі далёкія адгалоскі. Сыракомля ўжо чуе моц народных мас, верыць у гэту моц і жадае для народу месца, якое яму і ў радзе і ў вайне паправу прыналежыць. Задоўга да скасаваньня прыгону — ў 1848 грдзе — Сыракомля прарочыць, што ўжо йдзе той час, калі „паны мужыцкіх сьлёз не забяруць“. І тады — ён верыць — настане агульнае шчасьце.

Яшчэ далей ідзе: Костусь Каліноўскі, гэты незабыты мучанік „праўду народную“, аддаўшы за яе сваё маладое жыцьцё. Каліноўскі, вядомы пад псеўданімам „Яська гаспадар з-пад. Вільні“, першы тутэйшы дзеяч, праняўшыся ідэолёгіяй Гэрцэна, першы ініцыятар беларускае народнае школы[4], прынімае ўчасьце ў польскім паўстаньні 1863 году, але разам з тым уносіць яго новы элемэнт — элемэнт шчыра дэмакратычны і нацыянальна беларускі. Пад яго націскам паўстанцаскі ўрад выдае адозвы да беларускіх сялян пабеларуску, абвяшчаючы народу роўныя правы з шляхтай. Сам Каліноўскі закладае ў Беластоку патайную друкарню і ў ёй друкуе шэсьць нумароў беларускай часопіci „Mužyckaja Praŭda“. Калі-ж праз здраду нягодных людзей яго арыштоўваюць у Вільні жандары і аддаюць пад суд, ад якога ён ня жджэ нічога, апрача кары сьмерці, — Каліноўскі ў вастрозе (ў сьв.-Янскіх мурах) піша ў прозе і ў вершу пажагнаньне свайму народу, першы раз надрукаванае ў „Гомане“ (№ 1, 1916 г.). Вось одпісы гэтых перадсмертных твораў Каліноўскага: 1) „Беларусы, браты мае родныя! Зпад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне да вас пісаці і можа раз астатні! Горка пакінуць зямельку родную і Цябе, дарагі мой Народзе! Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але ня жаль згінуць за Тваю праўду!

„Прыймі, Народзе, па шчырасьці маё слова перадсьмертнае, бо яно як-бы з таго сьвету толькі для дабра Твайго напісана.

„Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек має розум і навуку. Тады ён толькі можа быць у радзе, жыць у дастатках і тагды толькі, памаліўшыся Богу, заслужыць неба, бо, збагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свой цэлы шчыра палюбіць. Але як дзень з ноччу ня ходзіць разам, так і навука праўдзіва ня йдзе разам з няволей маскоўскай. А пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе. Ня будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, адно намі як скацінай варочаць будуць не для дабра, адно на пагібель нашу....... ваюй. Народзе, за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за сваю зямлю родную. Бо я Табе зпад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над Табой маскаля ўжо ня будзе!“

Яська з-пад Вільні.

II.) Беларуска зямелька, галубка мая! Гдзе-ж ся падзела шчасьце і доля Твая? Усё прайшло, прайшло, як-бы ня бывала, адно страшэнна горыч у грудзях застала. Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці дый у прадвечнага суду вялеў прападаці, — то мы прападзем марна, а праўды ня кінем, хутчэй Неба і шчасьце, як праўду абмінем! Не наракай, народзе, на сваю бяздолю, а прыймі цяжкую кару — Прадвечнага волю. А калі мяне успомніш, шчыра памаліся, то я з таго сьвету Табе адзавуся. Бывай здаровы, даражэнькі Народзе! Жыві у шчасьці, жыві у свабодзе і часам спамяні пра „Яську“ Твайго. А калі слова пяройдзе у дзела, бо адно з праўдай у грамадзе згодна дажджэшся, Народзе, старасьці свабодна!

Ня будзем гаварыць аб форме вершу. Ня будзем затрымлівацца і на тэй процімаскоўскай тэндэнцыі, якая тады пранікала ўсе свабодалюбівыя элемэнты ў нашым краю. Адзначым затое адну рысу, якой дагэтуль мы ні ў кого з нашых песьняроў ранейшае пары не сустракалі, якую можна знайсьці хіба ў аднаго. Міцкевіча ў яго імпровізацыі ў III часьці „Дзядоў“, дзе поэт зьвяртаецца з вызавам да Бога. Такі вызаў робіць і Каліноўскі: ён дапускае, што Бог карае народ за „нашу праўду“, ён кліча сваіх братоў беларусаў, каб хутчэй зракліся Неба і шчасьця, чым адступіліся ад сваей праўды. І гэтак стаіць за справу народнага вызваленьня чалавек, для каторага на Лукішках ужо стаўляюць шыбеніцу, — чалавек, як-ніяк, верачы, бо просіць маліцца за яго.

За праўду народную“ з таго часу йдуць усё новыя і новыя сыны нашага народу. За „праўду“ — значыць, за волю, за шчасьце, за ўсё тое, што народ па справядлівасьці павінен мець у жыцьці і чаго ня мае.

Як бачым, беларуская адраджэнская літэратура ад пачатку XIX ст. ажно да 80-ых гадоў выяўляе два ідэалы — і абодва яны не нацыянальнага, а грамадзянскага характару. З аднаго боку стаяць нашы шляхоцкія рамантыкі з ідэалам патрыярхальнай гармоніі і згоды вёскі з дваром, ідэалам справядлівасьці на грунце і ў рамках прыгоннага ладу; з другога — першыя нашы дэмакраты-народнікі, якія супроць панства выстаўляюць мужыцтва, сялянства, як сілу, роўную паном, сілу, якая павінна атрымаць належнае ёй месца ў жыцьці краю. У прымірэньні гэтых дзьвюх сіл — панскай і мужыцкай — ідэал Кондратовіча (Сыракомлі). А Кастусь Каліноўскі, каторага пад шыбяніцай, чытаючы прыгавор суда, пракурор назваў „шляхціцам“, рэзка пратэстуе проці гэтага назову: „Няпраўда! У маей Бацькаўшчыне няма шляхты: ўсе роўныя!“ Але і Сыракомля і Каліноўскі працуюць і пішуць або прад самым скасаваньнем прыгону, або ў часе, калі акт аб волі толькі йшчэ праводзіўся ў жыцьцё, не пранікнуўшы глыбей да сьвядомасьці народу. І гэтак іх грамадзкі ідэал — гэта йшчэ як-быццам кліч да волі, гарачае жаданьне гэтай волі (аб палітычным ідэале адбудовы Рэчыпасполітай тут не кажу). Нацыянальнага элемэнту у беларускім разуменьні ня бачым яшчэ ані ў дэмакратаў, ані тым больш у шляхоцкіх пісьменьнікаў (Рыпінскі нават выразна кажа, што ён хацеў бы, каб яго „мужычкі“ навучыліся перш чытаць, а пасьля і гаварыць па польску!). Няма гэткага сьвядомага нацыянальнага ідэалу ў іх і адносна да мовы беларускай, у якой усе яны пішуць: пішуць яны пабеларуску, бо народ так гаворыць!

Першы раз ў сваей літэратурнай працы выступае з беларускім нацыянальным ідэалам — ужо сьвядома нацыянальным — Мацей Бурачок (Францішк Багушэвіч). Грунт яго ідэолёгіі — бадай той самы, што і ў Каліноўскага: як і Каліноўскі, ён быў захоплены, з аднаго боку, ідэалам палітычнага вызваленьня Бацькаўшчыны ад расейскага панаваньня, з другога — ідэямі расейскага „народніцтва“. Але Мацей Бурачок робіць крок далей: яго захоплівае ідэя ня толькі палітычнага і соцыяльнага вызваленьня „простага“ народу, але і нацыянальнага. Яго „праўда“ — абшырнейшая, чым „праўда“ Яські з-пад Вільні: яна абнімае і элемэнт сьвядома нацыянальны.

Ужо самыя адносіны Багушэвіча да беларускай мовы — зусім інакшыя, чым адносіны ўсіх папярэднікаў. Ён піша пабеларуску ня толькі затым, што так гаворыць народ. Для яго мова — гэта „опратка душы“ народу. Гэта — адзнака індывідуальнасьці народу. Беларусь — там, дзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мозыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава“. Мова — гэта інтэгральная, неаддзялімая частка народнае душы: без яе народ жыць ня можа! „Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займе, — а потым зусім замерлі. Не пакідайце-ж мовы вашай беларускай, каб ня ўмерлі!“ Уся прадмова Багушэвіча да яго „Дудкі Беларускай“, з якой мы бярэм прыведзеныя тут думкі, — гэта-ж самае яркае выступленьне яго за беларускі нацыянальны ідэал. „Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым мы ею шмат і добрага, але так ужо мы самі пусьцілі яе на зьдзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахватней гавораць па француску, як па свойму“. Багушэвіч разумее, што заняпад мовы беларускай, саромлівасьць саміх беларусаў гаварыць ею — гэта насьледак агульнага прыгнечаньня народу беларускага, утраты пашаны да сябе. І вось, каб тую пашану да сябе вярнуць, Багушэвіч лічыць патрэбным пачаць ад рэабілітацыі ў вачах народу яго роднае мовы. А за гэтым ужо пойдзе і пашана да свайго мазаля мужыцкага, да сябе самога.

Паэтычная творчасьць Мацея Бурачка і мае на мэце разьвіваць у беларусаў гэну пашану да сябе, да свайго вобліку чалавечага. У шуканьне „праўды нашай“, аб якім Каліноўскі гаворыць яшчэ вельмі туманна, Багушэвіч укладае зусім конкрэтны зьмест.

Першым чынам Багушэвіч у сваіх вершах яркімі фарбамі малюе той зьдзек, які наш народ цярпеў і церпіць ад паноў і ад начальства. Рэзка крытыкуе ён увесь той грамадзкі лад, у якім жыве: у вершу „Бог ня роўна дзеле“ — яркі контраст між беднасьцю і багацьцем. А далей у „Песьнях“ (у «Смыку») малюе злую долю мужыцкую, апісвае «Панскую ласку», паказвае ўсе благія бакі нашага „панства“ — бяз ніякіх прыкрас, так як ёсьць: урэшце выстаўляе ў сьмешным відзе „Панскае ігрышча“ — „панскія задушкі“, бо паны „ўжо сталі чыста гніць“. Так брыдзіць ён тым гніючым панствам, што просіць бабульку маліцца да Бога, каб ён панам ніколі ня быў! („Ахвяра“ ў „Дудцы“). А абрыдзіўшы тое, на што з падзівам і пашанай прывык углядацца наш мужык, Багушэвіч дае антытэзу панства — позытыўны ідэал:

Ня чурайся мяне, панічок,
што далонь накрываюць мазолі:
мазоль — працавітых значок,
не заразіць цябе ён ніколі!
То мядаль за труды і за муку —
не хвароба якая з заразы!
Ня стыдайся падаць ты мне руку,
бо на гэтай руцэ няма сказы!

("Ня чурайся").

Гэтай мазалістай рукой створана ўсё багацьце сьвету:

Глядзі: касьцёл аж да неба,
воласьць бляхамі пакрыта!
Срэбрам скрые, калі трэба,
бо за гэта яго біта!..
А сам жыве ў мокрай яме,
дзьверы заткнуў ганучамі!
............
Глядзі: горы паразрыты,
а чыгункай сьвет абвіты,
— усё з мужыцкай цяжкай працы!

(„Дурны мужык, як варона“).

Ідэю вызваленьня мужыка Багушэвіч разумее вельмі шырока: ён да крытыкі панства далучае вострую крытыку палітычнага ладу, крытыку прадстаўнікоў улады („У вастрозе“), пратэст проці ўрадовага гвалту над сумленьнем людзкім, проці „наварачаваньня на „казённую веру“ розгамі і катаваньнем („Хрэсьціны Мацюка“). А ўрэшце будзіць у народзе гарачае ўмілаваньне да роднай зямлі („Свая зямля“), да яе хараства, якое глыбока захоплівае паэта.

Мы затрымаліся крыху даўжэй на Багушэвічу, бо ён першы разьвярнуў у сваіх творах гэткую шырокую праграму, паставіўшы сабе галоўнымі мэтамі: прабуджэньне ў мужыка самапашаны, пачуцьця сваей чалавечай i нацыянальнай годнасьці і вартасьці. Бо ён першы абвяшчае самацэннасьць нацыянальнасьці і мовы беларускай. I па гэтай дарозе йдзе доўгі сьцяг яго духовых насьледнікаў (з найбліжэйшым яму па духу Янкам Лучынай), — і ўсе тыя беларускія дзеячы, што паклалі падваліны сучаснага адраджэнчэскага руху, кшталтавалі сваю ідэолёгію на ідэалах і лозунгах Мацея Бурачка. Ён — прадвесьнік таго магутнага нацыянальнага руху, каторага яму прыждаць не давялося, але каторы пераняў і разьвінуў яго духовыя элемэнты і, апіраючыся на іх пайшоў далей — да новых кругазораў.

Як ні добра знае Багушэвіч душу беларускага народу, як ні адчувае ўсе яго беды і гора, — ўсё-ж голас яго гэта йшчэ ня голас самога народу. Багушэвіч — інтэлігент, узросшы і ўзгадаваны ў шляхоцкай сям‘і, стаіць яшчэ над народам. Ён будзіць цёмную, забітую, бяспраўную народную масу да новага жыцьця; ён хоча, каб народ сам свой голас даў:

І народ дае гэты голас. Дае год ў дні ўсенароднага бунту проці старое ўлады маскоўскіх цароў. У рэвалюцыйным катле кіпіць душа беларуса. Агульны размах і гон цягне яго з сабой упярод, а разам з гэтым творыцца новая народная псыхалёгія, кшталтуецца новы сьветагляд і разьвіваюцца запраўды народныя ідэалы, якія беларускі народ высказвае вустамі сваіх лепшых сыноў — песьняроў. У словах гэных песьняроў выяўляецца бунт проці ўсялякага гвалту, чуваць прызыў да барацьбы, магутны кліч: „наперад — па шчасьце!“ (Купала). Песьняры рэвалюцыйнае пары (1905-6 г. г.) ужо не павучаюць народу, чаму ён павінен шанаваць і сябе і ўсё сваё. Не іх голас — гэта крык набалеўшае душы самога народу — тых сыноў вёскі, якія падняліся сваім талентам на недасьціглую вышыню, і перад іх вачыма раскрыліся новыя, ня бачаныя шырачэнныя кругазоры.

Што-ж яны нам весьцяць?

Іх многа: і Купала, і Колас, і „Цётка“ і многа, многа другіх песьняроў часоў першае рэвалюцыі, але мы ня будзем затрымлівацца над кожным з іх асобна, бо ўсе яны йдуць да аднае мэты. Яны паглыбляюць старыя ідэалы Багушэвіча, захопліваюць усё шырэйшыя кругі жыцьця, зачапляюць новыя тэмы. Яны выходзяць з рамак антытэзы: „панства-мужыцтва“. У іх і мужык і работнік жывуць сваім асобным самабытным і многабочным жыцьцём, будуюць ідэал будучыны, не зьвяртаючы ўвагі, ні на панства, ні на сучасны лад: яны разрываюць усялякую сувязь з старым сьветам. Работнік, мужык і жаўнер падаюць адзін аднаму руку і кідаюць сьвету цьвёрдыя, быццам каваныя із сталі словы: „мы — сіла, мы — права!“ («Сон над крывавымі разорамі» Цёткі — „Наша доля“ № 1, 1906). І ўжо няма гутаркі аб вызваленьні з цяжкіх путаў няволі аднаго толькі мужыцкага стану, аб чым думаў Бурачок: маладая рэвалюцыйная поэзія пашырае багушэвічаўскі ідэал на ўсю беларускую нацыю. Выкоўваецца новы — нацыянальны ідэал.

Аб такім нацыянальным ідэале першы пяе напярэдадні рэвалюцыі 1905 году Казімір Кастравіцкі (К. Каганец), і яму рысуюцца абразы мінулае волі і славы беларускага народу („Прамова“ — ў „Каляднай Чытанцы“ 1903 г.) І калі Якуб Колас усё яшчэ астаецца перш за ўсё песьняром вёскі, зачарованы яе хараством; калі Купала таксама верны сын вёскі беларускай, пачынае скромна ад жаданьня толькі „людзьмі звацца“, калі „Цётка“ з матчынай тклівасьцю апявае сваіх „вясковых сястронак“, — дык яны сваей творчасьцю абнімаюць і ўсе праявы беларускага нацыянальнага жыцьця, жыцьця беларуса, як такога, незалежна ад яго стану, ад соцыяльнага палажэньня. Далёкая мінуўшчына зьліваецца ў іх з сягоньняшнім днём і працягаваецца ў далёкую будучыну. У іх выяўляецца цэльнасьць гістарычнага істнаваньня беларускага народу.

Асабліва ярка вырэзываецца на фоне сучаснай беларускай літэратуры Янка Купала, як нацыянальны прарок у шырокім разуменьні гэтага слова. Сілай свайго таленту ён так жыва, так праўдзіва і так па мастацку малюе поўню нашага нацыянальнага жыцьця ва ўсіх яго мінулых і сучасных праявах. Ён сягае і да пацямнеўшых ужо і зацертых абразоў князёў і вояў старадаўных, і да нявычарпанай крыніцы народнае поэзіі. Багацьце адценкаў перажываньняў і настраеньняў у Купалы — нязвычайнае, у яго асобе найбольш поўна выявіліся ўсе тыя думкі і ідэалы, якія творыць працэс адраджэньня нашага народу.

Але не даволі любіць і тварыць абразы свайго нацыянальнага жыцьця і яго праяваў: шчыры артыста-мастак ня ведае, што такое вузкі нацыяналізм, — для яго нацыянальнасьць становіць адну з праяваў чалавечнасьці. Вось беларуская адраджэнская літэратура, уся абвеяная нязвычайна сільным умілаваньнем сваей бацькаўшчыны і свайго народу (напр., у Алеся Гаруна і др.) аказваецца зусім вольнай ад усялякага сьледу нацыянальнага шовінізму, нацыянальнай ненавісьці (чым грашылі часамі нашы прадвесьнікі адраджэньня з сярэдзіны XIX ст.!) Вольнай навет тады, калі Каганец гаворыць аб нашай загубленай старой волі, калі Купала вылічае праступкі „чужых людзей“ і грозіць ім народным судом, калі „Цётка“ жаліцца „суседзям у няволі“ на страшэнны ўціск маскоўскі, які беларусы цярпелі пад расейскай уладай.

Лёгка зразумець, чаму беларуская літэратура вольна ад нацыяналізму: яна-ж творыцца сынамі бадай самага найдэмакратычнейшага з адраджаючыхся народаў. Ідэал вызваленьня беларускага народу цесна лучыцца з агульна-людзкім ідэалам вызваленьня працы спад улады капіталу. Гэты соцыяльны элемент і гадуе разьвіцьце нацыяналізму як у беларускіх масах, так і ў іх прарокаў. Не здарма ў „гымне“ Купалы падняўшыяся народныя масы, нясучы „на сьвет цэлы — сваю крыўду“, гавораць аб адным жаданьні: «людзьмі звацца». „Нацыянальнае“ ў беларускай літэратуры зьліваецца з агульна-чалавечым, знаходзіцца ў поўнай гармоніі з ім.

Сілу, моц сваю беларусы чарпаюць толькі ў сваей працы. Яны сваімі рукамі будуюць сваю Бацькаўшчыну. Працай сваей яны кормяць увесь сьвет і саміх сябе (гл. Купала). Апотэоза працы ўва ўсіх яе відах — гэта агульная рыса ўсіх беларускіх адраджэнцаў, ці то песьняроў вёскі (Колас, Купала, Алесь Гарун і інш.), ці то ідэолёгаў пролетарыяту (Цішка Гартны). Няма, бадай, ніводнага поэта, каторы ня зваў-бы свой народ да працы — ці то дзеля хлеба буднага, ці то для агульнае справы. Абраз такой жывой, ахвярнай працы для свайго народу, працы да апошніх сіл, да апошняга дыханьня, як антытэзу „сьлямазарнасьці“, бязьдзейнасьці, кволасьці, дае Максім Гарэцкі („Дзьве душы“). Але праца немагчыма бяз веры ў сябе, у свае сілы, ў пабеду ідэі. І нашы песьняры будзяць ў нас гэту веру:

Гэй, наперад, покі сэрца
б‘ецца, рвецца на прастор!
Годзе млеці ў паняверцы:
гэй, да сонца! гэй, да зор!
Хай бацькі стагналі ўчора,
йшлі на той сьвет без пары:
сёньня ў нашай моцы гора,
мы — жыцьця гаспадары!

Так піша Купала. І ў тон яму Якуб Колас („Што вы, хлопцы, спахмурнелі?“) кліча да працы, бо толькі ў ёй ратунак ад мук, ад сьлёз, ад зьнямогі і роспачы:

За работу жыва, жыва!
Каб нас доля ня кідала,
каб ня сохла наша ніва,
каб нуда нас не чапала!

Творчай працай сваёй заваюем мы сабе і волю, і долю, і шчасьце. Гэтай дарогай вядуць нас нашы ідэйныя павадыры, нашы нацыянальныя прарокі. Гэтым яны і дапаўняюць ідэалы, аб каторых першы прамаўляў Багушэвіч і каторыя яны паглыбляюць у меру прабуджэньня народных мас.

Але жыцьцё і патрэбы культурнага беларуса вымагаюць такжа пашырэньня іх. Наша найнавейшая літэратура і выпаўняе гэту задачу: яна дае патрэбную кожнаму інтэлігенту духоўную страву і ад спраў зямных ірвецца ў вышу да шырокіх кругазораў адарванай мысьлі і красы, да містыцызму (М. Гарэцкі, Бядуля). У нацыянальным яна знаходзіць агульна-людзкі элемент і прымушае нас любавацца чыстай красой парываў чалавечае душы („Мадонны“ Багдановіча, „Малітва малога Габрусіка“ Бядулі), красой прыроды (ўсе бяз выключэньня), красой формы і слова (найвялікшы стыліст — Купала, найвышэйшы мастак формы і абразовасьці — Максім Багдановіч).

Вось тут мы даходзім да таго, што беларускую літэратуру зьвязвае з сусьветнай літэратурай: нацыянальнае вырасла ў ёй у агульна-людзкае, зраднілася з усей людзкой сям‘ёю, мае вартасьць ня толькі для беларуса, але для кожнага чалавека. A ў гэтым кірунку, бадай, найбольш заслужыўся „пясьняр чыстае красы“ Максім Багдановіч.

Гэтак разьвівалася і расла, такімі пуцяводнымі ідэямі кіравалася беларуская адраджэнская літаратура. Пачаўшыся несьвядома, яна усьведамляецца ў меру свайго разьвіцьця, творыць перш вузкія, становыя, а пасьля шырокія грамадзкія і нацыянальныя ідэалы і ўрэшце гэтак іх пашырае і паглыбляе, што становіцца часткай сусьветнага творства. І вось незалежна ад прызнаньня ці няпрызнаньня „вялікімі і можнымі“ гэтага сьвету права беларускага народу на жыцьцё, — ён, наш народ, сваей творчай працай заваёвывае сабе належнае месца у сям‘і культурных народаў, і гэтага месца ніхто і нішто ў яго адабраць не здалее!

Ант. Навіна.

Вільня, 28. ХII. 1920.





  1. Некаторыя гісторыкі нашай гітаратуры пры азначаньні часу напісаньня "Энеіды" называюцца на ужытыя у ей словы „як ад Кутуза Бонапарт“. Другія думаюць, што гэтыя словы маглі быць пазьнейшай устаўкай, а сама „Энэіда“
  2. М. Гарэцкі. Гісторыя Беларускае літаратуры. Вільня, 1920.
  3. Гл. „Da miłych naszych mużyczkou“ Ian Czaczot, „Piosnki wiesn{{subst:націск}}iacze z-pad N{{subst:націск}}iemna i Dz{{subst:націск}}winy“ Wilno 1846.
  4. Гл. «Homan» № 1, 1916 г.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.