Перайсці да зместу

Птушка на волі (1932)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На Полацкім Замчышчы
П’еса
Аўтар: Вольга Сахарава
1932 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




О. Ф. Сахарава.



ПТУШКА
НА ВОЛІ

Пьеса ў 3-х дзеях са сьпевамі з жыцьця беларускай вёскі.



ДЗЬВІНСК

1932 г.

ПТУШКА НА ВОЛІ

Пьеса ў 3 дзеях

са сьпевамі з жыцьця беларускай вёскі

О. Ф. САХАРАВАЙ.






ДЗЬВІНСК,

1932 г.

К 10-годзью Дзьвінскай Дзяржаўнай Беларускай Гімназіі (1922—1932 г. г.)

Артысты-вучні Дзьвінскай беларускай гімназіі і стаяць злева направа: рэжыссёр пьесы Ст. Мельнікаў, кіраўнік хору Г. І. Фрэйман, аўторша пьесы О. Ф. Сахарава і дырэктар гімназіі С. П. Сахараў.

1-ая пастаноўка пьесы „Птушка на волі“ ў памешканьні гімназіі 26 кастрычніка 1929 г.

ПТУШКА НА ВОЛІ.





АСОБЫ:

Язэп Каліна, 47 год — вясковы гаспадар.

Марыля, 28 год — яго жонка па другому шлюбу (прыгожая кабэта, нездаволеная сваім жыцьцём).

Ірэна, 19 год — дачка Каліны, скончыўшая гімназію і жадаючая далей вучыцца.

Агата Каліна, 69 год — матка самаго Каліны (сутарлівая і бурчлівая кабэта).

Ян Яновіч Зарэмба, 50 год — былы прыстаў, стары кавалер, жадаючы жаніцца.

Мікола Ігнатавіч Макарэнко, 55 год — сусед Каліны, дробны пан, ўдавец.

Панна Анэля, 40 год — старая дзева, гаспадыня у Макарэнкі, жадаючая выйсьці замуж.

Кастусь Забароўскі, 22 год — студэнт — рэпэцітар дзетак Макарэнкі.

Зося, 12 год — дачка Макарэнкі.

Хлапцы і дзяўчаты.

ДЗЕЯ I.

(Лето. Сад каля хаты. У саду стаіць пад дрэвам вялікі стол і лаўкі. Каля дрэва — мальберт і Ірэна малюець. Яна апранута ў сукенку вучаніцы цёмна-сіняга колеру. На стале ляжаць кніжкі).

ЗЬЯВА I-ая.

Ірэна (адрываючыся ад малюнку і сумна кажа). Вось я і сярэднюю школу скончыла і куды далей кінуцца і што пачаць… Бацька і слухаць ня хоча, каб вучыць мяне далей і жадае, каб я сядзела на вёсцы і багатых жаніхоў чакала. Ці я-ж магу з гэтым згадзіцца, калі уся мая душа імкнецца да навуцы і сьвету. Гэта-ж вясковая дрыгва засасе мяне зусім (ўздыхае і качае галавой). І ад мужыкоў я зараз адстала і к панам прыстала і ківаюся, як няпрытомная былінка ў чыстым полі. Адзін Кастусь мяне толькі разумее… (задумаўшыся). Нашы душы з ім сходзюцца. У час нашых сустрэч ён з захопленьнем і вельмі прыгожа апавядае мне шмат чаго цікаваго з жыцьця на сьвеце, з унутраных імкненьняў сваей маладой душы, з свайго студэнцкага жыцьця ў Вільні; ад гэтых гутарак нашы сэрцы загараюцца вялікім полымям жаданьня йсьці уперад на спатканьне шырокому вольнаму жыцьцю, йсьці працаваць на свае родныя гоні… Але і ён-жа ня мае магчымасьці мяне ратаваць… Каб матулька, мая любая, была жыва, дык яна-б мне пасабіла далей працярабіць сабе шлях да яснага сонейка (пачынае сумна сьпяваць):

Як памёрла матулька,
Ды ажаніуся татулька,
Ды паслалі сірацінку
У сыр-бор па малінку.
Ды стаяла каліна,
А пад ёю маліна…
Там дзяўчына хадзіла
Свою мамку будзіла…

(выцірае сьлёзы і раптам)

Што-же гэта так доўга матчыха ня ідзе са жніва (прыкладе руку на лоб і глядзіць удаль). Ужо і сонейка садзіцца (на сцэне цямнее), а яе усё німа, як німа (падаждаўшы). Ну, і пападзець-жа ей ад майго бацькі і ад бабулі. Заядуць яны яе век малады (задумаўшыся). Мала таго, што яе загубілі і яна, як птушка з клеткі, ірвецца на волю ад іх, дык і мае жыцьцё жадаюць пакалечыць і аддаць сілай замуж за старога хрыча Зарэмбу (усьмяхаючыся), які мне толькі ў бацькі гадзіцца. (топае нагой і з сэрцам). Ня бываць гэтаму, ня бываць ніколі…

ЗЬЯВА II.

(3 хаты выходзіць старая Агата, бурчлівая кабэта. Яна нясе у руцэ абрус і кажа з сэрцам). Ах ці ліханька! (скідывае са стала кніжкі). Ужо і сонейка пасела. Зараз прыдуць жнеі з поля з дажынкамі (накрывае стол абрусом), а Марылі да гэтага часу усё німа з поля (махае кулаком). Будзе табе, ліхая баба, на гарэхі…

Ірэна. (у бок пра сябе). Пэўна матчыха спаткалася са Сьцяпанам Кухарэнко і затрымалася так доўга (подыходзіць да Агаты і кажа). Ня сярдуй, бабулька, зараз прыйдзе матчыха. Яна-ж адна жала, ніхто ей не пасабляў, вось і затрымалася…

Агата (з сэрцам). Адна жала, адна жала, а калі ты такая дасужая, дык і памагла-б ей… Добрай жняі там на тры гадзіны працы, а яна паўдня сядзіць.

Ірэна (прымая свой мальбэрт і складае хварбы). Ну і прыдзець, як скончыць.

Агата (да ўнучкі). Ты ўжо яе не абараняй. Аднаго вы з ей поля ягодкі. Вам толькі гульні ў галаве, ды табе яшче вось гэтыя малюнкі з кніжкамі (бярэ мятлу і мяцець каля хаты). Ляпей пасабіла-б працаваць у гэты прыпар, чым кніжкі чытаць, ды малюнкі маляваць (махае рукой у бок кніжак і малюнкаў). Усё роўна мастацтва хлеба ня дасць, а бацьке пасабляць трэба, каб ні плаціць чужым людзям грошы за працу. Свая дачка сядзіць у хаце беларучкай (махае рукой у бок Ірэны і ківая галавой) ці з гэтым шалте балтэ — штудэнтам лясы точычь, кніжкі чытае, а бацька павінен другіх наймаць і на жніва, і на сена. Ці-ж гэта парадкі?!?

Ірэна (збірае свае кніжкі). Ну, разышлася старая! (да Агаты). Ты мяне ніколі не зразумееш, бабулька, таму нам німа аб чым і гутарыць.

Агата (махае рукой і кідае мясьці). Ну, вядома — праўды ніхто ня любіць.

Ірэна (да Агаты) Ну, сціхні, бабка. Пайду за матчыхой (уходзіць за дрэвы).

Агата (збірае ўсе Ірэніны кніжкі) Па усім садзе кніжкі ды малюнкі параскіданы. Нігдзе праходу німа за гэтай навукай…

ЗЬЯВА III.

(У гэты час Анэля і Зося паглядаюць і з за дрэў, з левага боку і раптам Анэля ідзе да бабулькі ў прыскочку і Зося так сама ідзець у бок, гдзе стаіць мальбэрт, бярэць палітру, пэндзэль і мажыць ей па малюнку разам з тым прыслухаўвецца да гутаркі Анэлі і бабулькі. Анэля і бабуля зусім не прымячаюць яе).

Анэля (да бабулі) Добры вечар, бабуля!

Агата (устрапянуўшыся у бок). Пэўна ізноў паненка якія-небудзь навіны нясець (да Анэлі ласкава) Добры вечар, паненочка (рукаюцца).

Анэля (аглядаючыся) Ці ня быў у Вас сёння наш студэнт-рэпэцітар. Яму трэба даваць лекцыі дзеткам, а ён, як выйшаў з ружжом зраньня, дык вось да вечара не дачэкацца.

Агата (махая рукой). А не, любая, ён-жа да нас не заходзіць (з цікавасьцью), А ў чым-жа справа?

Анэля (прыплюшчывая вочы). Ці ёсць-жа ў хаце Ваша Ірэна?

Агата Няма. Яна зараз пабегла на жніўье за матчыхай, якая да гэтага часу ня вярнулася з поля.

Анэля (ківая Агаце пальцам пад нос) Ці усё ты ім паверыла, бабулька? Ірэна з матчыхай у згаворы робяць за адно. Вось і зараз відаць Ірэна пабегла на спатканьне да Кастуся, а Марыня Ваша круціць хвастом і зубы скаліць на пожні з паліцэйскім Кухарэнко (прыплюшчывая вочы) Я усё дагледзяла і ўсё ведаю пра іх…

Зося (у гэты час паварачываецца у бок Анэлі і няпрыкметна махае на яе кулаком і качаець галавой, а потам узноў малюе).

Агата (хватаецца за галаву) Ай, ай, ай, якія раздуронкі! У мяне ў галове, як у млыне шуміць ад гэтакіх навін, (раптам устрапянушыся і сашчапіушы рукі) Ах ты, Божухна мой, і пра кісель забылася за гутаркай, мажліва зусім пераварыўся (бяжыць у хату) ай, ай, ай…

Анэля (убачыўшы, што Зося малюе, падбягаець да яе, вырывае палітру і бьець Зосю па руцэ) Што ты тут робіш? Увесь малюнак папсавала (бярэць мальбэрт і пераносіць яго за дрэвы і кажа да Зосі) Ірэна узноў будзець ведаць, што я тут з табой была.

Зося (трэць пабітую руку і са злосьцю да Анэлі) Ну і ніхай ведаець… Я усё роўна раскажу свайму бацке аб тым, што вы сюды бегаеце, каб плёткі рабіць на пана Кастуся і на Ірэну, якія вам нічаго благога ня робяць… Яны такія маладыя і прыгожыя, а Вы…

Анэля (падбегае да Зосі і хватае яе за вуха) Маўчы ляпэй, а то ўсе вушы табе адзяру.

Зося (вырываецца ад Анэлі і хліпаючы, бяжыць за дрэвы).

Анэля (узварушана) Трэба і мне уцякаць, пакуль ня позна, а то пападзець на гарехі ад Міколы Ігнатавіча за тое, што і дзяцей і гаспадарку усю пакінула (бяжыць за дрэвы).

ЗЬЯВА IV.

Марыля (пяець за сцэнай усё бліжэй і бліжэй падходзіць. На ей апранута беларуская вопратка і яна ідзець з сярпом і пяе):

„Ды ужо сонейка за лес каціцца
Мне да матачкі у госьці хочацца.
Дзе мяне мама будзе спатыкаці,
Чым мяне мама будзе частаваць?
Частуе мама мёдам да віном
Якава-ж табе за чужым сталом?
Ці ела, мама, рэдзьку с палыном
Такаво-ж і мне за чужым сталом…
ЗЬЯВА V.

Каліна (выбегая з хаты і убачыўшы жонку, хапаець яе за руку і круціць наўкола сябе). Што-ж гэта ты, мая маладая жоначка, узяла моду кожны дзень кудысь-та з хаты прападаць, што-ж я табе відаць ня міл ужо, можа знайшла маладзейшага? Адказывай, а не-то я табе ўсе косы павыцягаю (хватаець Марыню за валасы).

Марыля (увесь час адбіваецца і крычыць ад болі) Адчапіся ты ад мяне… Ай, ай, ай (вырываецца і бегае наўкол стала).

Каліна (адвязаўшы паяс бегае за ей з заду і хоча сьцябануць паясом).

Марыля (уцякае у хату).

Каліна (адхуківаецца). Аж замарыуся ваюючы з бабай… (выціраець рукавам пот з твару). Вядома не под сілу старому з маладой важдацца.

ЗЬЯВА VI.

(Выходзіць з хаты Агата і ставіць на стол міскі, кладзець лыжкі і ставіць некалькі шклянак і раптам да сына). Вось, сынок, зажыў маладую жонку, а цяпер і пацяшайся…

Каліна (3 сэрцам стукае кулаком аб стол). Маўчы, матка, гэта ўжо мая справа…

Агата (усё раскладае на столе) Пэўна, што твая справа, але баліць маё сэрца па табе. Распусьціў ты жонку, патрэбна ня так яе трымаць, як ты. Распушчаеш ты і дачку і ня будзе з яе нічога добрага, калі не аддасі яе хутка за пана Зарэмбу замуж. Зломіць яна сабе галаву з гэтым студэнтам.

Каліна (Задумаўшыся, чэша галаву) Я і сам аб гэтым думаю, ды гадаю, каб хутчэй запіць нам Ірэну з панам Зарэмбай, а то маладое піва да дабра не давядзе.

Агата Ну, вось і добра што там адкладываць на доўгі час. Трэба сьпяшацца…

ЗЬЯВА VII.
(Раздаецца за сцэнай сьпеў жней).
„Ці усе лугі пакошаны,
Ці усе сенажаці?
Пытаецца сын у мацері,
Ды каторую узяці…
Ці тую багатую,
Якая хораша ходзіць,
Ці тую бедную
Якая усё зробіць?

Каліна (да маткі) Нясі, матка, крупнік на стол, ды гані з хаты Марыню, каб йшла сустракаць жней.

Агата (бяжыць у хату).
Ага, ага…

Каліна (ідзець к жнеям на сустрэчу).

ЗЬЯВА VIII.

Уваходзяць на сцэну жнеі з песьняй. Усе апрануты у беларускія вопраткі з павязкамі на галаве і з сярпамі. Уперадзі ідзе адна жнея з вянком з васількоў. Убачыўшы гаспадара ўсе крычаць:

„Добры вечар, гаспадар, вітаем з дажынкамі!

Каліна кланяецца і кажа: Дзякую, дзякую.

Жнея (якая шла з вянком кажа, ці пяе гаспадару):

„А мы скончылі на полі дажон,
А нажалі мы тысячу капён
Выхадзі, гаспадар, з бутэлькай
Вынасі, гаспадыня, сыр са хлебушкай
Прамачы, гаспадар, нашы горлышкі,
Палячы, гаспадынюшка, сяродушкі“.

Каліна (ласкава і ветліва да жней:

Ды з густымі снапамі,
Ды з шчастымі капамі
Прашу у маю хатку!
У маей хатцы ўсё у парадку;
Сталы накрыты, кубкі крупніка наліты
Мае абрусы бялёвыя,
Мае кубкі залатыя
Віном-мёдам налітыя!
(Паказывае рукой на стол).

Дзяўчаты: Дзякуемо, дзякуемо (усе прыбліжаюцца к сталу).

ЗЬЯВА IX.

Марыля (у гэты момант уваходзіць з пакою з куўшынам крупніку, які ставіць на стол і ідзе да жней).

Жнея, якая шла з вянком надзявае яго на галаву Марылі і кажа:

„У нас, маладзічка, сёньня вайна была:
Мы поле зваявалі
Жыта дажалі!

Зьмялі поле мяцёлкай,
Прышлі да хаты вясёлкай!…
І узкладаем на цябе вянок зярнавой…

Усе жнеі (весяла вітаюць Марылю): Вітаем, вітаем, наша маладая гаспадыня з дажынкамі!

Марыля. Дзякую, дзякую, мае мілыя суседачкі за тое, што скончылі ў полі збожжа жаць, за тое, што вянком з каласкоў-кветак галаву маю пакрылі! А цяперака сядайце усе за стол, калі ласка.

Каліна (да жней). Сядайце і забаўляйцеся, чым Бог паслаў.

Жнеі. Дзякуемо (разсажываюцца і гудзяць).

ЗЬЯВА X.

Агата нясе з хаты міску з кісялём і ставіць яе на стол.

Жнеі (яе вітаюць). Добры вечар, бабулька, з дажынкамі Вас.

Агата. Дзякую. Ежце, любыя госьцікі!

Каліна (разьліваець крупнік па шклянкам).

Агата і Марыля (разьліваюць кісель).

Каліна (падымае шклянку). Ну, бывайце ўсе здаравенькі. Дужа дзякую Вам за Вашу цяжкую працу. Хай-жа і Вам на вашых палетках Бог ураджай дасьць сабраць, каб усе мы і сыты, і здаровы былі!..

Адна жнея (падымае шклянку). За здароўе нашага гаспадара! Памажы нам Божа, каб і на будачае лета дачакацца добрага ураджаю…

Усе (пьюць, ядуць і гаманяць паміж сябе).

ЗЬЯВА XI.

Ірэна (з-за дрэваў выходзіць).

Усе жнеі (убачыўшы яе на перабой крычаць): Паненачка Ірэначка, за твае здароўе.

Жнея, якая ішла з вянком, кажа да Ірэны: Каб нам давялося хутка паскакаць на тваім вясельлі.

Ірэна (падыходзіць к сталу і бярэць шклянку). Дзякую за пажаданьне, але доўга Вам прыдзецца яшчэ чакаць гэтага вясельля (пье крупнік).

Жнеі. Чаму-ж так?

Каліна. Ну, гэта пабачым можа і ня доўга…

Марыля. Ляпей ежце, чым аб вясельлі гутарыць.

Агата (да Марылі з сэрцам). Не твая гэта справа, а бацькіна.

(За сцэнай пяець Зарэмба).

Жнеі (раптам) Хто-ж гэта?

Каліна (прыслухоўваючыся). Гэта пэўна пан Зарэмба да нас йдзе (ідзець на сустрэчу).

ЗЬЯВА XII.

Зарэмба (пяець):

„Мне ня спіцца, не ляжыцца
І сон мяне не бярэць,
Пайшоў-бы я да дзяўчыны
Сам ня знаю, гдзе жыве“.

Ірэна (пачуўшы песьню і устрапянуўшыся бяжыць у хату).

Агата (да Ірэны). Куды-ж ты, куды-ж ты, птушачка, паляцела ад высокага госьця?

Марыля (з сэрцам). Нясе яго нялегкая на Ірэніну галаву!.. (Жнеі перашоптываюцца).

Зарэмба (уваходзе на сцэну пад руку з Калінай са славамі): „Папрасіў-бы таварыша — няхай мяне завядзе, а таварыш крашэй мяне ён дзяўчыну адаб’е“.

Марыля (жнеям). Ежце, госьцікі любыя, ня чваньцеся!

Жнеі. Дзякуем! Мы ўжо сыты.

Агата (кідаець гасьцей і з нізкім паклонам падыходзіць да Зарэмбы). Добры вечар, яснавяльможны пане (кланяецца ў пояс).

Зарэмба (працягівае важна да Агаты руку). Добры вечар, бабуля, (махае рукой дзяўчатам). Добры вечар, маладзічкі і дзяўчаткі! Вось, як тут у Вас добра.

Жнеі (крычаць): Добры вечар, пан Зарэмба!

Адна дзяўчына (крычыць). Просім у нашу кампанію!

Каліна (вядзець Зарэмбу пад руку к сталу).

Агата (сутарыцца і ня ведае куды Зарэмбу пасадзіць). пану.

Марыля (у бок). Ліханька-ж яго прынясла!

Зарэмба (да Марылі) Добры вечар, маладзіца!

Марыля (з кіслай мінай). Добры вечар!

Каліна (да жонкі). Будзь ласкавей да госьця!

Агата (да Марылі). Кланяйся яснавяльможнаму пану.

Марыля (махая рукой на Агату). Адчапіцеся Вы ад мяне.

Жнеі (пераглядаюцца і шэпчуцца).

Зарэмба (аглядаяся). А гдзе-ж, наша птушачка Ірэначка?

Каліна (да жонкі). Марыля, пакліч Ірэну сюды.

Марыля. Зараз (ідзе у хату).

Агата (падстаўляя крэсла Зарэмбе). Сядайце, яснавяльможны пане, сядайце.

Зарэмба (падыходзіць к дзьвюм дзяўчатам і хоча сесьць між імі). Вось я тут, вось я тут сяду каля прыгожанькіх дзяўчат.

Абедзве дзяўчыны (паднімаюць піск, візг і ўцякаюць за дрэвы з крыкам). Не, не сядайце з другімі… (Жнеі хахочуць).

Агата (злуецца на дзяўчат). Вось, дурныя дзеўкі, чураюцца панскай ласкі!..

Каліна (да Зарэмбы). Кінь ты іх, панове, і ляпей сядай адведаць нашага дажыначнага крупніку.

ЗЬЯВА XIII.

Ірэна і Марыля (ідуць з хаты к госьцям).

Зарэмба (убачыўшы Ірэну кідаець дзяўчат і падходзіць к ей, працягіваючы руку). Ягадзінка мая чырвоная, птушачка-зязюлечка, куды-ж ты гэта схавалася?

Жнеі (сьмяюцца, а тыя, што за дрэвамі, паказываюць Зарэмбе нос).

Агата (да Ірэны). Кланяйся пану ў пояс.

Марыля (Агаце). Не чапайце вы яе.

Агата (да Марылі). Маўчы, дурная баба!

Ірэна (да Зарэмбы). Што гэта вы пыхціце, як паравоз?

Зарэмба (бярець Ірэну пад ручку вядзець за стол). Гэта я серцам успламяніўся, убачыўшы Вас, за тое так і пыхчу.

Марыля (падыходзіць к дзяўчатам, якія за дрэвамі).

Каліна (да Зарэмбы). Сядайце, пане, абжыначны крупнік піць. Вельмі добры зварыўся.

Агата (круціцца каля стала).

Зарэмба. Што мне дажыначны. Ляпей вясельны навары.

Каліна. І гэта будзе не за гарамі, вязі толькі сватоў, панове!…

Ірэна (да жней). Што тут са старымі сядзець! Пойдзем ляпей весяліцца (бяре жнеяў за рукі).

Усе жнеі (ускаківаюць з-за стала і крычаць гаспадарам). Дзякуем за вячеру.

Агата (ім). Німа за што.

Зарэмба (да Ірэны). Куды-ж вы, птушачка ад мяне уцякаеце?

Ірэна (нічога яму не адказывае і гаворыць з дзяўчатамі).

Агата (да Зарэмбы). Не глядзіце на яе, яснавяльможны пане, (кланяецца у пояс) бо яшче маладая і сароміцца Вашай міласьці.

Зарэмба. Молада-зелена, (махае рукой) нічога прыручым салодкімі падарункамі.

Каліна. Вядома сьцерпіцца-зьлюбіцца… І маю Марыльку так сама сілай за мяне замуж выдалі, а цяпер, як шоўкавенькая…

Зарэмба(да Каліны і Агаты). Хутчэй рабіце запоіны, а то кепская будзе справа…

Каліна (зьдзіўлена). А што-ж такое?

Агата (частуе крупнікам Зарэмбу).

Зарэмба (п’е крупнік). Гэты малакасос штудэнт муціць усю вясковую моладзь, а у тым разе Ірэну (б’е сябе у грудзі кулаком). Я ўсе высілкі зроблю к таму, каб яго заарэштаваць і гэта мне лёгка зрабіць, як былому прыставу. Толькі гукнуць мне і ўсе на цыпачкі стануць перад маей сілай. І вам усім кепска прыдзецца, калі ня выдасьце за мяне Ірэну. Усіх Вас у турьму зацісну разам з штудэнтам-Кастусём.

Жнеі (паказываюць на Зарэмбу пальцамі і хахочуць)…

Каліна (знервавана пацірае рукі). Дык ты-ж, пане, ня гневайся. Мы усё зробім, што магчыма. Вось вязі сватоў, дык мы хоць заутра запоіны зробім.

Агата (трасецца ўся, як у ліхарадцы). Мы-ж усё для тваей міласьці, яснавяльможны пане, (кланяецца ў пояс). Мы-ж усё зробім, толькі ня гневайся на нас.

Зарэмба (з гонарам). Ну, глядзеце, а то кепска ўсім прыдзецца — усіх зацісну ў кулак.

ЗЬЯВА XIV.

Жнеі (крычаць). Прасьпяваем што небудзь. Карагоды, давайце карагоды вадзіць (ідуць на сцэну і састаўляюць карагод)

Марыля (пяець у карагодзе, а ўсе ей падпяваюць):

„Ой доля, мая доля:
Пайшла замуж за старога,
Ой лі, ой лю-лі,
Пайшла замуж за старога.
Пайшла замуж за старога,
Захацелась пагуляці

Ой лі, ой лю-лі,
Захацелась пагуляці.
Захацелась пагуляці,
Стары кажа: сядзі ў хаце,
Ой лі, ой лю-лі,
Стары кажа сядзі ў хаце.

Ой доля, така доля,
З старым мужам жыць няволя,
Ой лі, ой лю-лі.
З старым мужам жыць няволя“
(скача).

Каліна, Зарэмба і Агата (увесь час гавораць паміж сябе ў поў голаса).

Зарэмба (услухаўшыся ў песьню, кажа). Гэта яна для нас з табой, Язэп, пяець такую песьню.

Каліна (чэша затылак).

Агата (з серцам). Дура баба, біць яе некаму (ідзець на кухню).

Каліна (да дзяўчат і маладзіц). Пасьпявайце што небудзь весялейшае і нас з панам Зарэмбам вазьмеце ў свой карагод!

Дзяўчаты і маладзіцы (падбягаюць да Зарэмбы і Каліны і цягнуць у свой карагод).

Адна маладзіца (крычыць): „Семь дзён малаціла“.

Дзяўчаты (крычаць). Ірэну ў кола.

Ірэна (выходзіць ў кола і пачынае з першага Зарэмбы усіх круціць і пяець).

Усе (ей падпяваюць):

„Семь дзён малаціла,
Шастак зарабіла
Сама сабе дзівавала,
Што так мала зарабляла“
(Плёскаюць у далоні і ўсе скачуць і пяюць).
Заслона.
ДЗЕЯ II.

Лес. Летні ясны дзень. Некалькі хвілін сцэна пустая і чутна, як нехта „аўкаець“ здалёку. Потым на палянку выходзіць з-за дрэваў Кастусь (прыгожы хлапец) з паляўнічай торбачкай і стрэльбай цераз плечы, на галаве студэнчаская шапка.

ЗЬЯВА I.

Кастусь (зьнімаець торбачку і стрэльбу, кладзець іх пад дрэвы, пасьвістываець, абглядаецца, качаець галавой і раптам глядзіць на гадзіннік, які на руце i прыкладаець яго да вуха). Што-б гэта значыла, што Ірэна да гэтай пары ня прышла?? (з парухай). Ці ня здарылася што благое? (садзіцца на пень). Муцяць яе гэтыя старыя, цёмныя людзі і губяць маладое жыцьцё! (задумаўшыся). Гэта родная для мяне душа, якая адна разумеець мяне ў хвіліны цяжкага суму і жыцьцёвай барацьбы (прыкладае руку к грудзём). Я усё аддаў-бы, каб вырваць маю каханую з гэтай дрыгвы. Ніхто яе тут ня можа зразумець, а яна уся сваей маладой душой імкнецца кудысь-то ў нявядомую даль, да чагось-то лепшага, прыгажейшага… (Бярэцца за галаву). Што рабіць, гдзе шукаць выхаду? Каб бацькі нас зразумелі-б, дык добра-б было… (Ускаківае і ходзіць па сцэне і раптам весела). Павязу Ірэну к сваім бацьком, мяжа тут сама пад бокам, а там будзь, што будзець… У кавалку хлеба нам не адмовяць, а там шырокі шлях перад намі. Галава ёсьць на плячох, рукі моцныя. (Махае весела рукой). Эх!… не прападзём!…

(У лясу раздаецца песьня:

„Ой ты, Косьцік, міленькі,
А ці любіш ты мяне?
Каб ты ведаў, як сумую
Я малода па табе“…

Кастусь успалохаўшыся, хоча надзець на сябе стрэльбу і торбочку). Ці ня гэтая старая дзева узноў сюды ідзець?

ЗЬЯВА II.

З-за дзярэў выходзіць з песьняю панна Анэля. Яна мае вельмі сьмешны воблік: на галаве завязана істужка. Спадніца апранута даўгая і на таліі завязана чырваная істужка. Увесь твар намалеван і бровы подмазаны вуглем).

Панна Анэля (ідзець карэжліва, у прыскочку і з ласкай падходзіць да Кастуся). Ці Вы тут адны, пан Кастусь? (Падкатываець вочы).

Кастусь (надзявае торбачку і незадаволена). Не, ні адзін, а з птушкамі, (глядзіць у гару) зараз пайду далей…

Анэля (падыходзіць да яго блізка і бярэ за руку). Ай не, міленькі, пачакайце хвілінку (з істомай накланяя галаву). Я так змаркатнела бяз Вас… і кветачак Вам прынясла. (Прыкалывае яму кветкі на кашулю).

Кастусь (незадаволена) Непатрэбна было, бо тут кветак і бяз Вас хапаець даволі…

Анэля (карэжліва). Дык гэта-ж ад мяне…

Кастусь (хоча ісьці і бярэцца за стрэльбу).

Анэля (хватае яго за руку). А не, не, я ня пушчу Вас: вось сядзем тут (паказываець на пень).

Кастусь (стараецца высвабадзіць ад яе руку). Я ня маю часу, панна Анэля. Зараз пайду далей птушак страляць (у бок). Ахці ліханька, прычапілася старая…

Анэля (ня адпушчая яго рукі з баламуцтвам і карэжлівасьцью папраўляе валасы). Я толькі два слоўкі Вам скажу.

Кастусь (паціская плячамі). Ну, кажыце хутчэй, бо я ня маю часу. У чым справа?

Анэля (сарамліва апушчая вочы)). Ці Вы ня бачыце пан Кастусь, як я… Вас… цябе (у бок) ня ведаю, што кажу… як я па Вас сумую міленькі…

Кастусь (устаець і паціскае плячамі). Гэта гутарка ні к чаму не прывядзе, бо вы такая прыгожая і такая пекная, што нашы шляхі разыходзяцца ў розныя бакі… А таму бывайце здаровы (уходзіць).

Анэля (бяжыць за ім і пяець: „Ты яшчэ ня умееш кахаць, а я кохам цябе так шалёна“… (прыкладаець руку да сэрца і вяртаецца на сцену незадаволенная). Не зразумеў мяне дурны хлопец (уздыхаець), а я так чахну, вяну па ім… Сёньня і гаспадарку ўсю кінула і пабегла за ім у дагонку ў лес, а гаспадару Міколе Ігнатавічу сказала, што у касьцёл пайду. Думала, што астаўшыся з ім адна адкрыю яму ўсю сваю душу… а ён і тут ад мяне ўцёк (ківаець галавой). Усё ён бегаець за гэтай Ірэнай ды цэлые дні займаецца з Міколы Ігнатавіча дзяцьмі, а на мяне і не глядзіць, (каражліва) бо німа часу… (сумна ківаець галавой і плачыць). Няўжош мяне ніхто не палюбіць на сьвеце? (пауза).
Хоць-бы пузаты Зарэмба пасватаўся да мяне. Ён-жа так часта заходзіць да Міколы Ігнатавіча. Чым-жа я яму ні пара? (задумываецца і качаець галавой). Ды хоць-бы сам гаспадар Макарэнка на мне ажаніўся… Ён-жа ўдавец і гаспадарства я яго вяду і дзяцей гадую. А мне ўсе роўна за каго запаўсьці замуж, каб толькі старой дзевай ні застацца. (Уздыхаець і потым з жарам). Не, не, усе яны старыя хрычы і ляпей за Кастуся нікога німа. Ён самы маладзейшы і самы прыгажэйшы… (з жарам). Запяю яму песьню, а можа ён пачуець і прыдзе (пяець): „Ты яшчэ ня умеешь кахаць, а я кохам цябе так шалёна“… (Прыціскаець рукі да сэрца).

ЗЬЯВА III.

(У апошнія хвіліны, калі пяець Анэля, у лес уваходзіць Зарэмба і на хвіліну прытуляецца і прыслухіваецца, а потам пачынаець хахатаць).

Зарэмба (выцірае пот з твару, выходзіць з-за дрэва і хахоча): Ха, ха, ха (ня можа стрымацца ад сьмеху).

Анэля (устрапянуўшыся, карэжліва). Ай, гэта вы, пан Зарэмба! (саромліва). Як вы мяне перапалохалі.

Зарэмба (падыходзіць да яе). Ага я, я… Ха, ха, ха, ха…

Анэля (зьдзіулена і карэжліва). Не разумею, чаго пану Зарэмбе так сьмешна (падкатываець вочы і ходзіць у прыскочку, папраўляючы валасы).

Зарэмба (ходзіць за ей ззаду). Як-жа ня сьмешна. Ха, ха, ха… Гэта вы так у касьцёле Богу моліцеся? У касьцёл пайшла, гаспадарства усё кінула, а сама тут фігелэ-мігелэ разводзіць з гэтым малакасосам-штудэнтам. Ха, ха, ха… Добра, добра скажу Міколе Ігнатавічу.

Анэля (устрапянуўшыся хватаець яго за руку). Ай, не, не, ні кажыце, я-ж нічога… я зараз іду да касьцёлу (ідзець ад яго у бок).

Зарэмба. Ня у той-жа бок, панна Анэля. Ха, ха, ха… Ды у касьцёле ўжо і шапкі разабралі, пакуль Вы тут расьпявалі: „Ты яшчэ ня умееш кахаць“…

Анэля (спахапілася і варочаецца назад да Зарэмбы). Я і Вам пасьпяваю гэту прыгожую песьню.

Зарэмба (садзіцца на пень і закурывае люльку). Валяйце, паслухаем.

Анэля (падбіраючы сукню, садзіцца каля Зарэмбы на траву і, падкаціўшы вочы ў гару, пачынаець з запалам пяяць): „Ты яшчэ ня умеешь кахаць, а я кохам цябе так шалёна“… (прыкладаець руку на сэрца нахіляецца да Зарэмбы).

Зарэмба (хлопаець яе па плячу). Вось цяпер мне будзець клясьціся ў каханьні…

Анэля (кладзець яму галаву на аплечак и падкатывае вочы). У мяне душа такая паэтычная і ў сэрцы так многа жару, але німа такога чалавека які-б мяне зразумеў… (апушчаець галаву і сашчэпліваець рукі).

Зарэмба (ухмыляючыся). Шкада, шкада, што я кахаю другую, а так-бы Вас пакахаў (сьмяецца).

Анэля (паварачываючыся да яго і кладучы яму руку на каленкі гаворыць з раздражлівасьцю). Я ведаю каго Вы кахаеце (ківаець галавой), гэту ветраную галаву Ірэну, а ці яна-ж Вас стоіць, ці яна-ж Вам пара?

Зарэмба (незадаволенны устаець). Ну, пара, ці ні пара гэта мне ляпей ведаць (падаждаўшы). А вось заўтра мае заручаны будуць.

Анэля (устрапянуўшыся бярэцца за галаву). Што Вы кажаце? (падбягае да Зарэмбы і хватае яго за руку). Апамятайцеся, пан Зарэмба, пакуль ня позна.

Зарэмба (зьдзіўленна). Не разумею, у чым справа?

Анэля (падходзіць да Зарэмбы зусім блізка і гледзячы ў вочы з баламуцтствам і карэжлівасьцю). Я Вас, пан Зарэмба, так… так… (апушчае вочы).

Зарэмба. Што так?

Анэля (апусьціўшы вочы). Так шалёна кахаю (прыхіляючыся к яму блізка), а Вы ўсе надзеі мае разьбілі… што…

Зарэмба (расшырае рукі і паціскае плячамі). Вось што…

Анэля (сумная адходзіць ад яго). Вам сьмешна? (з дакорам). Усе Вы такія мужчыны. Ніхто мяне не разумее… (пачынае хліпаць). На што-ж я такая няшчасная на белы сьвет урадзілася, калі мяне ніхто ня пакахаець (хліпаець).

Зарэмба (сьмяецца у бок і падходзіць к Анэлі як-бы з ласкавасьцю і гладзіць яе па сьпіне). Ня плачце, панна Анэля, а то ўсе румянцы зьлезуць з твару (сьмяецца) і застанецеся тады няпрыгожай…

Анэля (устрапянуўшыся кідаець хліпаць і задаволенная глядзіць на Зарэмбу, а потам выцягваець люстерку, глядзіцца ў яго і карэжліва падправляець свой твар).

Зарэмба (круціцца за ей з-заду як верацяно і робіць розныя міны).

Анэля. Ай, як нос пачырвонеў (вынімаець з панчохі пудру i перед люстэркам пачынаець пудрыць нос).

Зарэмба сьмяючыся, прытопываець нагамі і пяець:

„У месяцы верасьні
Выпала пароша,
Дзед бабу палюбіў,
Што баба хароша
(размахіваець рукамі ў бок Анэлі)
I крывая, і сьляпая
Яшчэ к таму злая
І крычыць і вурчыць
Проці дзеда не змаўчыць.
Убярыся бабка у новае бельле
Я-ж цябе павяду з сабой на вясельле…
(прыскакивае і пстрыкае пальцамі).

Анэля (пачуўшы словы: „я-ж цябе павяду з сабой на вясельле“ кідаець мазацца, пачынаець прыскаківаць і Зарэмбе падпяваць:

„Я-ж цябе павяду з сабой на вясельле“.

Зарэмба (убачыўшы яе твар хахочыць і кажа): Натта перасыпалі мукі на свой нос.

Анэля (спахапіўшыся і хватаючыся за нос). Ай, што Вы кажаце? (выціраець рукой з носа пудру).

Зарэмба (да Анелі). Пойдзем ляпей да Міколы Ігнатавіча, а то ў жываце ўжо арганы граюць (б’е сябе па жывату і раптам): Я Вас сёнека буду сватаць за Міколу Ігнатавіча. Вось будзе добрая пара (сьмяецца).

Анэля (устрапянуўшыся з баламуцтвам і падкаціўшы вочы): Я ўжо падсватывалася да яго, ды нічога ня выйшла.

Зарэмба (з пачуцьцём): Чаму-ж так?

Анэля (апушчаючы вочы). Не бярэ. (Устрапянуўшыся бярэ Зарэмбу за руку). А можа Вас ён і паслухаець (задумаўшыся). Хоць ён стары для мяне (махае рукой), але нічога, толькі-б замуж запаўзьці…

Зарэмба. Які там стары, паглядзеце на сябе (бярэ Анэлю пад ручку і вядзець яе па дарозе к дому).

Анэля (у бок). Няўжош я выглядаю такой старой? (Абое хаваюцца за дрэвамі).

ЗЬЯВА IV.

Чутна здалёк „А-у, ау, а потым сьпеў: „О не кукуй, зязюленька, рана, ды не кажы, што ночанька мала. Я молада ужо ночаньку ня спала. Усё мілага з дарожанькі чакала“.

Ірэна (усё прыбліжаючыся пяе і ўсходзіць на сцэну). Ах, як тут прыгожа (ставіць лукошак пад дрэва). Колькі тут кветачак і ягадак (ірве ягады і есьць іх). Чутна ў далі „А-у, а-у…

Ірэна (прыкладаець руку к вуснам і адгуківаецца) А-у, а-у (раптам). Пэўна Кастусь сюды ідзе. Схаваюся за древы і спалохаю яго (хаваецца).

ЗЬЯВА V.

Кастусь (пяець у далі і ўсё прыбліжаецца):

„А як урадзілася шмат
ягод у бары,
А як заблудзіла чырвона
дзяўчына у лясу…
А як я кахаю тую
дзяўчыну ўсёй душой…
А як я чакаю сваю
Ірэнку да сябе…
ЗЬЯВА VI.

Ірэна (у гэту хвіліну падкрадаецца з-за дрэў к Кастусю і закрываець яму вочы рукамі).

Кастусь (успалоханна і раптам абхаплівае яе). Ах, як ты мяне пераполохала, мая жартаўніца, (цалуець яе ў лоб). Я ўжо быў згубіўшы надзею, што ўбачу цябе сёньня.

Ірэна (прыхінуўшыся да яго). А я ледзь вырвалася, мой міленькі, да цябе і прыйшла сюды зусім сумная з нядобрымі весткамі, а як пачула тваю песьню каханую (абнімаець яго за шыю і глядзіць у вочы): заіграла маё сэрца радасьцю і ўбачыла я, як кахаешь ты мяне. А да гэтага часу я усё ня верыла гэтаму…

Кастусь (абымае Ірэну). Што ты Ірэна? Няужош ты ў ва мне сумнявалася? (з трывогай). Ну, кажы хутчэй, якія ты прынясла нядобрыя весткі.

Ірэна (паказывая на пень). Вось сядзем тут і усё табе папарадку раскажу (садзяцца).

Кастусь. Кажы, кажы, а то ты пачынаешь мяне палохаць.

Ірэна (гладзіць яго па галаве). Разлучыць нас хочуць з табой, мой родненькі!

Кастусь (устрапянуўшыся). Што ты кажаш? Ці можа гэта быць праўда?

Ірэна (качаючы галавой). Так, так, Кастусь. Ужо заутра ўвечары сваты прыедуць запіваць мяне за хрыча старога Зарэмбу.

Кастусь (ускочыўшы з трывогай). І ты згадзілася?

Ірэна. А ці-ж мяне запытываюць. Толькі матчыха адна падзяляе мае думкі.

Кастусь (знэрвавана бегаець па сцэне і бярэцца за галаву). Вось як, вось як! Што рабіць?

Ірэна. А бацьку з бабкай, дык тым і слова не пярэч. Ці яны разумеюць імкненьні маей маладой душы. Ім толькі-б сьпіхнуць з рук такі тавар, як я, хоць у пятлю галавой (задумываецца і з жалем). Зачым яны завязалі маю галованьку? (бярэцца за галаву рукамі). Ляпей-бы ня вучылі мяне зусім і сядзела-б я дурай вясковай, нічога не разумеючы, ды сьвіньням мяшала-б.

Кастусь (астанаўліваецца каля дрэва i слухаець Ірэну, задумаўшыся і качаючы галавой. Раптам падходзіць да Ірэны і гладзіць яе па галаве). Не бядуй, мая красачка. Ня дам я цябе ястрабу ў капцюры. У мяне ёсць добры плян і усё зробіцца к лепшаму.

Ірэна (качаець галавой). Што-ж ты можеш зрабіць, мой міленькі? Кажы хутчэй. Я жадаю далей вучыцца, жадаю шырокага прастору, а мяне ўціскаюць і жадаюць, каб я задыхнулася з гэтым старым Зарэмбай.

Кастусь (устрахіваючы галавой і з гонарам). Ня бываць гэтаму, ня бываць… (ходзіць па сцэне).

Ірэна (як-бы ня чуючы яго). Бацька думаець, што калі я сыта, апранута і сяджу ў цёплай хаце, дык мне больш нічога і не патрэбна (сашчепліваець рукі і з жалем). Ці я магу з гэтым памірыцца? Ляпэй ня жыць зусім, чым зажыва сябе хаваць (задумываецца, а потам раптам з жарам). Няхай лупцуюць мяне рамянямі, мне к гэтаму не прывыкаць, але я гэтых дурацкіх запоін ня выцярплю і зьбягу куды вочы глядзяць, (бярецца за галаву і бегаець па сцэне).

Кастусь (застанавліваець яе, абымаець і кажа). Нельга зьнясьці гэтага цяжару і гэтага зьдзекаваньня. Мы павінны што небудзь разам рабіць.

Ірэна (задумаўшыся). Што-ж, што?

Кастусь (раптам). А вось што… У мяне ёсць абмяркованы і добры плян. Заўтра, адбыўшы заручаны, як усё угаманіцца ў хаце, ты павінна будзеш уцячы. Я цябе спаткаю і мы разам перабяжым мяжу каля саду Міколы Ігнатавіча і гайда да маіх бацькоў, якія ўжо дапамогуць нам выйсьці з цяжкай нядолі.

Ірэна (устрапянуўшыся). Нас-жа, Кастусь, арыштуюць абаіх на мяжы.

Кастусь. Не палохайся. Я ўжо ўсё зроблю, толькі пашпарт свой трымай пры сабе. У мяне ёсць добры знаёмы на мяжы, які ведаець, што я ні шпіён і цябе ведаець і мы добра пройдзем.

Ірэна (задумаўшыся і бяручы Кастуся за руку). А, як-жа гэта, міленькі, я сяду на шыю тваіх бацькоў?

Кастусь (прыхінае яе да сябе). Аб гэтым нечага бедаваць… Мы маладыя, поўныя сілы будзем разам каваць сваю долю, сваё шчасьце і будзем працаваць ня толькі на сабе, але і на карысьць свайго гаротнаго народу… А таму, Ірэна, па рукам і ай-да адсюль… (цісьне ей руку).

Ірэна (з жарам і прыхінаючыся да Кастуся). З табой, мой любы, хоць на край сьвету.

Ірэна і Кастусь (стаяць абняўшыся і пяюць разам):

Паклаўшы надзею на Бога
Чаго-ж нам, чаго гараваць
Прысяглі любіць мы да гроба,
Дык будзем-жа, будзем чакаць.

Так хоча няшчасная доля,
Жыцьцё нам разьбіць — разлучыць,
Бог скажа: „мая гэта воля
Вам трэба з сабою век жыць…

Заслона.
ДЗЕЯ III.

Пакой у вясковай хаце Каліны. Усё добра і чыста прыбрана. На куце вісіць вобраз пакрыты вышытым ручніком і на куце стаіць вялікі стол, закрыты чыстым абрусом, На стале — хлеб-соль для багословеньня. Недалёка ад стата стаіць скрыня з бялізнай. На сьцяне ручнік і шмат малюнкаў і вісіць люстэрка.

ЗЬЯВА I.

Ірэна (прыбіраецца каля люстра. На ёй апранут беларускі касьцюм. Раптам прыглажывая валасы). Вось я сёньня зьбіраюся, як на вясельле, але ні на тое, якога ўсе чакаюць і к якому рыхтуюцца. (Садзіцца на крэсла і задумываецца). Што-б гэта значала: неяк на сэрцы сумна? Хоць кідаючы гэты родны кут я нічога не шкадую (уздыхаець). Цяжка толькі растацца з матулькінай магілкай, к якой я сёньня бегала разьвітацца (падаждаўшы і ківаючы галавой). Каб ня родная матулька, дык сядзела-б я на вёсцы цёмная, нявучоная, а яна першая мне вочы працёрла і сьвет паказала к навуцы. Сама затое ня бачыла нічога добрага і без пары пакінула нас. Бацька мала яе шанаваў і пасьля сьмерці так скора забыў, што цераз паўгода ўжо ажаніўся і цяпер заядаюць яны з бабулькай маладую маю матчыху. (Раптам устрапянуўшыся і падыходзючы к вакну). Але, што-ж гэта матчыха так доўга ня ідзе? Зараз і бабуля з бацькай павінны з места прыехаць, а яе ўсё німа ад Кастуся (падходзіць к скрыне). Патрэбна хутчэй сабраць сваю бялізну, пакуль нікога німа (адчыняець скрыню і нешта перабіраець у ёй).

ЗЬЯВА II.

Марыля (убягаець запыхаўшыся і кажа да Ірэны ўзнэрвавана). Хутчэй зьбірайся, дачушка, а то не ціхата…

Ірэна (устрапянуўшыся). А, што, матулька, кажы, кажы?

Марыля (ціха і прыкладаючы палец к вуснам). А, што нікога німа? (абглядацеца).

Ірэна (з нецярплівасьцю). Німа, німа.

Марыля (бяре Ірэну за руку). Ну, дык вось што. Зараз я бачыла свайго паліцейскага — Сьцяпана Кухарэнку і ён мне сказаў, што Зарэмба данёс на твайго Кастуся, як на замежнага шпіёна і прасіў яго сёньня арыштаваць.

Ірэна (хватаяся за галаву). Ай, ай, што-ж будзем рабіць?

Марыля (бярэ Ірэну за руку і садзіць яе на лаўку, сама з ей садзіцца). Ні тужы, я ужо ўсё зрабіла і упрасіла Сьцяцана сёньня не рабіць арышту і ён мне абяцаў гэта споўніць, бо ён сам добра ведаець, што Кастусь ні у чым не павінен, а гэта ўсё Зарэмба так падстроіў, каб Кастуся загубіць.

Ірэна (з абураньнем). Вось стары хрыч, узнаець ён у мяне (раптам). А, як-жа Кастуся паведаміць аб гэтым?

Марыля (гладзіць Ірэну га галаве). Я ужо і Кастуся бачыла.

Ірэна (устрапянуўшыся). Што ты кажаш, матулька?

Марыля. Мы з ім угаварыліся, каб табе ні пазней 9 гадзін сёньня ў вечары выйсьці са сваймі рэчамі к Міколы Ігнатавіча саду і ён цябе там сустрэне і вы разам цераз мяжу ла-та-та.

Ірэна. А як нас там абоіх зловяць ды заарыштуюць.

Марыля (гладзіць яе па галаве). Ня пужайся, Кастусь ужо ўсё зрабіў. У яго там ёсць добрыя знаёмыя, якія пасобяць. І чаго добраму чалавеку не памагчы. Толькі ты зьбірайся хутчэй, дачушка, (устаець) пакуль нікога німа ды пашпарт захапі.

Ірэна (ускаківаець і абхапліваець Марылю). Maмулька-Марылечка, якая ты да мяне добранькая (цалуюцца). Я цябе ніколі не запамятую.

Марыля (выцірае сьлёзы). Ды пэўна і я тут доўга не затрымаюся, бо тошненька мне тут будзець без цябе з старымі… (перестаець плакаць) Ну, але зьбірайся хутчэй.

Ірэна (бяжыць к скрыне і вынімаець адтуль пашпарт, а потым бялізну. Пашпарт разглядаець і хавае у кішень). Ну, вось пашпарт са мной, а бялізны многа не вазьму.

Марыля. А не, любая, бяры усё, што мамка табе пакінула (падходзіць к скрыне і накланяецца да Ірэны). Усё табе згадзіцца. Я зараз прынясу невялічкую кашолку і мы ўсё зложым туды і вынясем у пуню, а потым, як усе зьбяруцца і пачнуць весяліцца, ты выйдзі няпрыметна на кухню і адтуль гайда. А я ўжо тут зубы загавару.

Ірэна (падымая галаву ад скрыні). Ай і пападзець-жа табе, матулька, на гарехі за мяне.

Марыля (махае рукой). Нічога, знойдзецца добры чалавек, які і мяне забароніць (выходзіць на кухню за кашолкай).

Ірэна (ей у след). Вось добрая душа. Сама бачыла гора, дык і другім спагадае.

ЗЬЯВА III.

Марыля (прыносіць кашолку і ставіць яе перад скрыняй, а потам да Ірэны). Вось сюды складай усю бялізну, а вось тут табе грошы на дарогу (суець Ірэне у руку грошы).

Ірэна (зьдзіўлённа і адпіхівая яе руку). Што ты, што ты, матулька, я не вазьму.

Марыля. Вазьмі, дзіцятка, згодзяцца. Гэта ад мяне і мне яны не патрэбны (ціскаець Ірэне ў руку грошы).

Ірэна (кідаецца к Марылі на шыю і ободвы плачуць). Чым-жа я табе адплачу за гэта?

Марыля. Нічым не патрэбна (выціраець сьлёзы). Толькі будзь шчасьліва ў жыцьці і пасабляй другім гаротным (раптам). Ну, складывайся, а я ў вакно буду глядзець, каб хто не награнуў (падходзіць к вакну і глядзіць).

Ірэна (кладзець разам з пашпартам грошы і хутка зьбіраець свае рэчы. Падаждаўшы жаласьліва пяець:

„Салавейку маленькі,
твой галасок тоненькі.
Не шчабячы на заре,
не задавай жалю мне…

Марыля (устрапянуўшыся). Ай, дачушка, хутчэй зьбірайся, а то нашы ўжо к парому пад’ехалі.

Ірэна. Ай, ай (зачыняець скрыню і апошнія рэчы кладзець у кашолку).

Марыля (бяжыць у кухню за вяроўкай).

ЗЬЯВА IV.

Марыля (бяжыць з кухні з вяроўкай, якой хутка перавязываюць кашолку і бярэць на плечы, каб вынясьці з хаты). Вось так, вось так…

Ірэна (падбягаець, каб пасабіць). Дай, табе цяжка.

Марыля. Не патрэбна, яна зусім лёгкая. (Марыля і Ірэна выходзяць з пакою і хвіліну сцэна пустая).

ЗЬЯВА V.

(У кухні чуваць стукатаньне і голас): Вось тут складай рэчы, а сюды стаў бутэлькі, каб ніхто не зачапіў ідучы.

Агата. (У пакой уваходзіць Агата з пакункамі ў руках. Яна апранута па сьвятачнаму і шаўковая хустка на галаве. Кладзець пакункі на стол і кажа). Вось добра і гаспадынь у хаце німа, ідзі, хто хочаш.

ЗЬЯВА VI.

Каліна (уваходзіць у пакой і кладзець пакункі з пяченьнем на стол).

ЗЬЯВА VII.

(З другіх дзьвярэй ідуць Марыля і Ірэна, як-бы прывініўшыяся).

Каліна (да Ірэны і Марылі). Гдзе-ж гэта вы прападалі, што і ў хаце нікога німа?

Марыля (да Ірэны). Будзь ласкава з усімі і віду ніякога не падавай ні на што…

Ірэна (выказывае сябе вясёлай). Мы тут сама былі, татачку! А што вы тут купілі з бабулькай? (разглядаець пакункі).

Марыля (топчацца і усё прыбірае).

Агата (сьцірае са стала крошкі).

Каліна (да дачкі). Усё купілі патрэбнае, дачушка! (разглажываець сваю бараду каля люстэрка).

Агата (да Ірэны). Бацька нічога для цябе не шкадуець, толькі ты будзь разумніцай. (Увесь час прыбіраець у хаце, расстаўляець крэслы, выціраець зедлікі і г. д.).

Ірэна і Марыля (развязываюць пакункі, высыпаюць цукеркі і шэпчуцца паміж сябе).

Каліна (глядзіць у вакно і раптам). Вось і госьці едуць дарагія. Прыбірайце ўсё хутчэй, а я пабягу сустракаць гасьцей (выходзіць на кухню).

Агата. Ай, ай хутчэй усё прыбірайце (сутарыцца па хаце, усё прыбірая).

Ірэна (у бок). Дачакаліся радасьці.

Марыля. Нясе нялёгкая гэтых сватоў.

Агата (да Марылі). Маучы, дурная баба!

ЗЬЯВА VIII.

Уваходзяць у хату пан Макарэнко і за ім Зарэмба, апрануты ў сурдут і белы стужак. За імі ідзець Каліна.

Макарэнка (ідзець з песьняй):

„Добры вечар вам, вам.
Ці вы рады нам, нам!
Ці вы рады, ці ні рады
Добры вечар вам, вам“…

Зарэмба (яму падпяваець): Добры вечар і г. д. (даюць руку гаспадыням).

Ірэна і Марыля (ім адказываюць): Добры вечар (рукаюцца з гасьцямі).

Агата (кланяецца гасьцям у пояс і штурхаець у бок то Марылю, то Ірэну і кажа ім): Кланяйцеся у пояс паном, дурныя!

Марыля і Ірэна (сьмяюцца).

Каліна. Сядайце, госьцікі!

Макарэнка (ходзіць па пакою задраушы галаву і разглядаець малюнкі).

Марыля (выходзіць з пакою на кухню).

Зарэмба (дастае з кішені пакунак і падае яго Ірэне). Гэта Вам, пташачка-канарэйка!

Ірэна. Не патрэбна (бярэ пакунак, разварачываець і убачыўшы гадзіннік, хоча яго надзець на руку).

Агата і Каліна (убачыўшы падарунак абое кажуць разам Ірэне): Прынясі падзяку і пакланіся (выцягіваюць галовы, каб разглядзець гадзіньнік).

Зарэмба (надзяваець Ірэне на руку гадзіннік). Гэта першы падарунак нявесьніцы ад жаніха.

Ірэна (да Зарэмбы). Вельмі дзякую. Завядзеце, калі ласка, і пастаўце яго правідлова.

Зарэмба (глядзіць на свой гадзіньнік і кажа). Зараз 1/28 (ставіць гадзіньнік і адзяваець яго на руку.

Каліна (кланяючыся Зарэмбе нізка). Зачым-жа гэта, панове?

Агата (да Ірэны). Хоць-бы пакланілася ў пояс яснавяльможнаму пану.

Макарэнка (качае галавой). Хто-ж гэта так малюе?

Агата (падбягае к Макарэнкі і кланяючыся у пояс). Гэта наша Ірэнухна так малюе…

Ірэна (выходзіць з пакою на кухню).

Макарэнка (гледзячы на малюнкі). Добра, добра!

Каліна (да гасьцей). Ну, сядайце, даражэнкія госьці!

Макарэнка, Зарэмба і Каліна сядаюць за стол.

Зарэмба (абглядаючыся) А гдзе-ж нашы гаспадыні?

Агата (сутарліва). А яны на кухні гарбату гатуюць, я зараз пабягу за імі (бяжыць на кухню).

Макарэнка (убачыўшы хлеб-соль на стале). Во ўжо і хлеб-соль на стале. Калі-ж зьбярэцца моладзь, няхяй пасьпяваюць нам?

Каліна. Зараз усе прыдуць (крычыць). Гаспадыні, хутчэй гарбату гатуйце.

Марыля (адклікаецца з кухні). Зараз, зараз.

Зарэмба (ухмыляючыся). Сёньня ў мяне падвойнае сьвята.

Макарэнка. Якое-ж гэта?

Зарэмба (з умілкай). Першае гэта тое, што мяне заручаюць з любай птушачкай Ірэнай, а другое гэта тое, што я свайго злога ворага — малакасоса штудэнта ў турму зацісну. Хопіць яму сьвет муціць.

Макарэнка (зьдзіулена). Што ты такое кажаш, не разумею?

Каліна (пажымае плячамі). А, што-ж ён такое зрабіў благое?

Зарэмба (з усьмешкай). Хай не баламуціць нікога.

Макарэнка. Ён-жа такі ціхі, здольны хлапец — мой студэнт Кастусь, што і вады не замуціць нікому. Добра ён вучыць маіх дзетак і нікога не чапаець і табе нечага яго губіць і ў мяне адбіраць добрага рэпэцітара.

Каліна (чэша галаву). Я так сама нічога ня чуў пра яго кепскага. А вось, што ён Ірэну маю баламуціць, дык за гэта стоіць яму даць перцу.

Зарэмба (задаволена) Калі штудэнт, дык ужо вядома — муціла. Колькі я іх пералавіў такіх галубчыкаў, калі быў прыставам. Усё зло і усе бунты з іх.

Макарэнка. Ну, мала што бываець сярод людзей, але Кастусь тут ні пры чым і ты яго не чапай. Бедны, ганарлівы ён хлапец, працуець за грошы, каб на гэтыя грошы вучыцца і пракласьці сабе дарогу ўперад.

Зарэмба (паўтарае словы Макарэнка). Уперад, уперад. Усе яны лезуць уперад, пакуль не атрымаюць цёплую пасаду. У мяне ёсьць родны плямяш — следчык, які ў час свайго студэнства два разы ў турме пабываў (устае і з жарам). Усё бывала з трыбуны крычыць: „таварышы, закінем пыльныя падручнікі і ідзем ў народ рабіць рэвалюцыю. Усе за ім валам валілі, а як скончыў навуку, дык і пра народ свой забыўся і сядзіць цяпер панам, ды жывоцік гадуець (хлопаець рукой па жывату і хахоча) ха, ха ха…

Каліна (качае галавой). А вось гэта пэўна, што усе яны такія абаронцы для нас.

ЗЬЯВА IX.

Агата (ідзець з кухні з самаварам і за ей скора ідуць Ірэна і Марыля з цукрам, талеркамі і шклянкамі. Яны усё раставляюць на столе).

Макарэнка (да Зарэмбы). Усіх на адну мерку ня можна мерыць.

Зарэмба (убачыўшы Ірэну). Сядайце з намі, птушачка, (паказываець крэсла каля сябе).

Ірэна. Дзякую, зараз (сядае).

Каліна (да жонкі). Гаспадыня, частуй гасьцей.

Марыля (разьліваець усім гарбату).

Агата (кланяецца усім у пояс і просіць). Ежьце, дарагія госьцікі!

Зарэмба (пасадзіўшы каля сябе Ірэну, абхапліваець яе за стан).

Ірэна (адварачываецца ад яго ў другі бок).

Макарэнка (убачыўшы гэта ухмыляецца і кажа). Яшчэ не далі згоды, а ўжо так блізка падсядаець да нявесты.

Агата (убачыўшы, што Ірэна адварачываецца ад Зарэмбы кажа ей). Паглядзіш на яснавяльможнага пана ласкавей.

Марыля (да Агаты з сэрцам). Не чапайце вы яе.

Агата (Марылі у бок). Маўчы ты, дурная баба!

Каліна (да гасьцей). Пейце, госьцікі, гарбату, пакуль зьбярэцца ўся моладзь і тады пачнем запоіны.

Зарэмба (да Каліны). Хутчэй, хутчэй пачынай запоіны.

Усе (пьюць гарбату і гаспадыні топчацца каля стала).

Ірэна (глядзіць на гадзіньнік і ў паўголаса нешта кажа Марылі).

Марыля (ей у бок) Яшчэ рана.

ЗЬЯВА X.

За сцэнай раздаецца сьпеў:

„Паехаў пан Ян сватацца
Цётка Хвядора сварыцца“.

Марыля і Ірэна бягуць ў дзьверы на сустрэчу.

Агата (ставіць лаўку для моладзі). У хату ўваходзіць шмат дзяўчат і хлапцоў. Усе яны крычаць: „Добры вечар“.

Госьці і Гаспадары (ім адклікаюцца) „Добры вечар, госьцікі, просім да нас“.

Моладзь (адказываець). Дзякуемо, дзякуемо!

Марыля і Ірэна (разам да гасьцей). Сядайце, калі ласка.

Дзяўчаты і хлапцы (адны садзяцца, а другія стаяць і пяюць:

„Прыехаў пан Ян сватацца,
Цётка Хвядора сварыцца.
Валіцеся шапачкі с паліцы,
Вяртайцеся госьцікі да дому.
Вяртайцеся госьцікі да дому,
Паелі конікі салому“.

Каліна (паслухаўшы песьню). Чаго-ж гасьцям вяртацца да хаты? Няхай пагасьцяць, яшчэ запоіны зараз зробім.

Хлапцы (іграюць на балалайках).

Моладзь (весела гутарыць і сьмяецца).

Марыля і Ірэна (узяўшы са стала цукеркі частуюць імі гасьцей).

Агата (сутарыцца і ўсіх упрашываець). Забаўляйцеся, забаўляйцеся.

Макарэнка. Прасьпявайце што небудзь вясялейшае для свата.

Зарэмба (весяла). Свату, свату песьню. Цягнеце яго к сабе. (Выпіхівае Макарэнку за стала).

Макарэнка (выходзіць на сяродку хаты ухмыляючыся і паглажываючы сваё брушка).

Адна дзяучына (зьнімаець з цьвяка ручнік і падышоўшы да Макарэнкі навязываець яго крыжом).

Моладзь пяе: „Пайшоў на вясельле наш сваток, навязаўшы крыжам ручнічок. Ды казалі сват наш вельмі харош, а ў свата доўгі буслаў нос. Ды у свата лыса галава і казліна рыжа барада і г. д.

Макарэнка (пад сьпеў прытопываець нагамі і прыскаківаець).

Зарэмба (падыходзіць да Ірэны, бярець яе за руку, садзіць побач з сабой).

Каліна, Агата, Зарэмба і Ірэна (хлопаюць пад сьпеў ў далоні).

Дзяўчаты (пры словах: „рыжа барада і лыса галава“ спакіўкамі паказываюць на сваю галаву і на бараду і высьмеіваюць Макарэнку).

Каліна (убачыўшы гэта махаець да моладзі рукой і кажа). Ня добра, ня добра так ганіць свата.

Агата (да моладзі). Ляпей другое што пасьпявайце.

Марыля (якая увесь час пела з дзяўчатамі сьмяецца і кажа): Дык гэта-ж толькі для сьмеху так пяецца.

Зарэмба (нешта нашоптываець Ірэне на вуха і сьмяецца абнімаючы яе).

Ірэна (прымушае сябе і нешта адказываець яму ў поў-голаса.

Макарэнка (да моладзі). Нічога, нічога, валяйце далей. Свату заўсёды бываеця ці першая чарка, ці першая палка.

Моладзь (сьмяецца i пачынаець пець новую песьню):

„У гародзе рута мята засаджоная
Маладая дзяўчыначка заручоная.
Часалася, умывалася, на рынак пайшла,
Як сустрэла дзяўчыначка ды трох малайцоў,
Адзін вядзе за ручонку, другі за рукаў,
Трэці стаіць, сэрца баліць, любіў ды ня ўзяў…
Шкада, шкада маіх ручак, што я абымаў,
Шкада, шкада маіх губак, што я цалаваў,
Шкада, шкада майго сэрца, што я так любіў,
Шкада, шкада маіх ножак, што я к ей хадзіў…

Макарэнка (падыходзіць к моладзі бліжэй і падпяваець).

Каліна і Зарэмба (плёскаюць ў далоні).

Агата (прытопываець нагамі).

Каліна (як толькі канчаюць сьпеў, як-бы спахваціўшыся кажа да Агаты і Марылі). Гаспадыні, нясеце сюды на стол ежу, ды зьбірайце чаркі! Зараз зап’ем нашых маладых, а я пайду паклапаціцца, каб за каўнер троху заліць (ідзець на кухню).

Макарэнка (да Каліны ўсьлед). Хутчэй, гаспадар, вяртайся!

Агата і Марыля (бягуць на кухню зьбіраць пасуду і прыгатаваць ежу).

Ірэна (глядзіць на гадзіньнік і раптам ускаківаець і весала да моладзі). Пакуль пачнуць запоіны, давайце, дзяўчаты і хлапцы, паскачам лявоніху. Станавецеся у пары і я зараз прыду. (Бяжыць з хаты на кухню).

Зарэмба (кідаючыся за ей). Куды-ж вы, птушачка, уцякаеце?

Ірэна (у дзьвярох яму). Я зараз, толькі бацьку паклічу.

Моладзь (сутарыцца, састаўляючы пары і пачынаець скакаць лявоніху у тры пары, а рэшта застаюцца сядзець на лаўцы).

Два хлапцы (іграюць лявоніху на балалайцы і гітары).

Зарэмба і Макарэнка (ім хлопаюць і прытопываюць нагамі).

ЗЬЯВА XI.

Каліна і Агата (ідуць з кухні і нясуць: Агата талеркі і чаркі, а Каліна бутэлькі, якія ставіць на стол).

Каліна (як толькі канчаець моладзь скакаць): Ну, зараз пачнём наша сьвята.

Моладзь (садзіцца на лаўку, адхуківаецца і паміж сябе гутарыць ў паўголаса).

Агата (якая ўвесь час сутарыцца каля стала, пачынаець частаваць моладзь цукеркамі).

Зарэмба (абглядаючыся і сутарліва). А дзе-ж наша Ірэначка?.

Каліна. А ці яе тут німа (шукае вачамі Ірэну). Відаць каля вячэры сутарыцца. Я зараз яе бачыў на кухні. Зараз паклічам (да Агаты). Пакліч, матулька, сюды Ірэну з кухні.

Агата (падходзячы к сталу). Гэта яна пэўна засаромілася, што зараз запіваць яе будуць (выходзіць на кухню. Чутна як на двары Агата кліча Ірэну: „Ірэна, Ірэна, дзе ты дзетухна…“)

Марыля (ідзець з кухні з талеркай хлеба у руце, якую ставіць на стол. Яна прыкметна узварушана).

Каліна (да Марылі). Дзе Ірэна? Пакліч яе сюды.

Марыля. Бабулька яе ўжо клічыць (падыходзіць да моладзі і дзяўчат і гутарыць з імі нешта).

Зарэмба (падходзіць к вакну і глядзіць ў яго).

ЗЬЯВА XIII.

Агата (убягаець з кухні ў пакой і з трывогай). Кіньце вясяліцца… Ірэны нігдзе няма! (топчыцца на месце, ўзяўшыся за галаву). Ай, ай, ай…

Усе госьці (палохаюцца і чутны галасы). А дзе-ж яна?

Каліна (схваціўшыся за галаву бяжыць на кухню). Ай, ай, ай…

Агата (за ім бяжыць так сама на кухню).

Зарэмба (бегаець то пад вакно, то к дзьвярам і паціраючы рукі бяжыць на кухню).

Макарэнка (сутарыцца, глядзіць ў вакно і паціскае плячамі).

Моладзь (між сабой перашоптываецца і акружае Марылю).

Адна дзяўчына. Кудыж-ж гэта яна падзелася?

Марыля (ламае рукі). Прыдзе, ні гдзе не падзенецца.

(За сценай чутны галасы): „Ірэна, Ірэна, Ірэна!“

Зарэмба, Каліна і Агата. (Усе крычаць у пераклічку).

Моладзь (сутарыцца).

ЗЬЯВА XIV.

Раптам у пакой уваліваюцца адзін за другім Каліна, Зарэмба і Агата.

Каліна (узяўшыся за галаву). Німа, нігдзе німа…

Зарэмба (расшырыўшы вочы і размахівая рукамі да моладзі): Патрэбна ўсім пайсьці па розным куткам яе шукаць.

Агата (ламае рукі). Ці не ўтапілася, яна, крый Божа! Ай, ай, ай…

Марыля (зьнервавана і выціраець слёзы).

Макарэнка (разводзіць рукамі). Вось табе навіна…

Між хлопцамі (чутны галасы). Куды-ж ісці, гдзе шукаць…

Дзяўчаты шэпчуцца паказываючы на Зарэмбу.

ЗЬЯВА XV.

У гэты час у пакой убягаець Анэля з вытарашчанымі вочамі).

Анэля (крычыць). Ратуйце, ратуйце… (хапаючыся за галаву і захлёбываючыся зварачываецца да Каліны). Зараз пан Кастусь з вашай Ірэнай перабеглі мяжу за нашым садам (паказываець рукой у бок, гдзе знаходзіца сад).

Марыля (уся трасецца).

Усе стаяць анямеўшы: хто раскрыўшы рот, хто расшырыўшы рукі, хто вытаращыўшы вочы і чуть чутна: „Ай, ай, ай…

Зарэмба (хапаецца за галаву і валіцца на стол з славамі). Вось табе… выпусьцілі птушку, выпусьцілі птушку на волю!.. (хліпаець).

Нямая сцэна.
ЗАСЛОНА.


г.

м. Дзьвінск.

О. САХАРАВА.


321. Дзьвінская мястовая друкарня, Дзьвінск, Зялёная вуліца № 8.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.