Перайсці да зместу

Псыхоаналіза і праблемы — літаратурныя і грамадзкія

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Псыхоаналіза і праблемы — літаратурныя і грамадзкія
Публіцыстыка
Аўтар: Станіслаў Грынкевіч
1936 год
Крыніца: Калосьсе. — 1936. — Кніжка 3 (7). — С. 166—176

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Др. Ст. ГРЫНКЕВІЧ

Псыхоаналіза і праблемы — літаратурныя і грамадзкія

Псыхоаналіза зьяўляецца сяньня асобным дзеля самое сябе сьветам, як кажа адзін з аўтараў. Ды сапраўды, няма ніводнае з галінаў праяваў псыхічнага жыцьця, якая-б ня мела большага ці меншага кантакту з навукаю Фрэуда. Замінаю найбольшаю дзеля прыйма ці прадстаўленьня псыхоаналітычнае тэорыі ня будзе аднак вялікі абойм яе, а нашыя да яе адносіны. Навука Фрэуда, калі і спыніцца толькі на адной старане ейнай, а мяноўна на мэмодзе досьледаў, дык і тутка яна адрозьніваецца ад кожнае іншае тэорыі ці мэтоды, што закранае ў нас асаблівыя староны асабовасьці. Выклікае яна ў нас цэлы камплекс настрояў пачуцьцёвых, дзякуючы чаму прападае ў нас аб‘ектыўны падыход да зьявішчаў і сытуацыяў. Пачынаем ацэніваць факты абстрактныя, аб‘ектыўныя, з гледзішча моралі, рэлігіі, якасьці грамадзкае і г. д. У першую-ж чаргу тэорыя псыхоаналітычная закранае ў нас той вельмі зложаны сьцяг працэсаў, які абхопліваем аканчальна паймом жыцьця сэксуальнага. Дык дзеля таго гаварыць аб псыхоаналізе, на’т з гледзішча навуковага, гэта нешта іншае, як прыкладам гутарка аб тэорыі пазнаньня ці зноў аб вельмі заблытанай тэорыі аканамічнай.

Я вельмі добра гэта ўсенька разумею і дзеля гэтага прымаю загадзя шматлікія закіды, якія могуць мяне сустрэнуць са стараны чытача, калі ніжэй буду гаварыць аб некаторых старонах псыхоаналізы.

Навука Фрэуда гэта сяньня сыстэма, сыстэма суцэльная, якая базуецца ў першую чаргу на гэніяльным уяўленьні, сапраўднасьць каторага пацьвярджала і пацьвярджае далей жыцьцё ў сфэры патолёгіі адзінкі і грамады, найбольш ярка ў нэурозах, а далей амаль што не ва ўсіх галінах праяваў псыхічнага жыцьця агулам.

Маючы наўвеце прадставіць адносіны і ўплыў псыхоаналізы на літаратуру і на зьявішча грамадзкага жыцьця, немагчыма абмінуць, прынамся ў кароткім нарысе, гістарычнага разьвіцьця навукі Фрэуда і тых ейных найважнейшых асноваў, якія сяньня зьяўляюцца магутнаю здабычаю думкі чалавецкае. Інакш можна было-б баяцца, што апынімся бяз фундаманту, на якім, як заўсёды, стаіць кожная будыніна.

Псыхоаналіза, інакш як кажуць навука Фрэуда, або яшчэ прасьцей — фрэудызм, злучана вельмі стульна з асобаю тварца, з Фрэудам як чалавекам, з ягонаю расаю, паходжаньнем, грамадзкім становішчам і г. д. Паказываюць, як пачынальнікаў псыхоаналізы Нітшага, Шопэнгаўэра, Гэрбарта, аднак ня зусім правільна. І назоў псыхоаналізы нікаторыя хацелі-б спалучыць з прозьвішчам Жанэта, францускага псыхолёга, і Юнга. Юнг аднак быў хутчэй вучнем Фрэуда, а калі з Жанэтам мае Фрэуд некаторыя мамэнты супольныя, дык усёж-такі псыхоаналізу, як мэтоду лекаваньня а далей як асобны род псыхолёгіі ці на’т філёзофіі жыцьця, дала школа Фрэуда.

Асяродзішча жыдоўскае Фрэуда, у якім ён радзіўся, вельмі характэрнае дзеля разьвіцьця падзеяў ягонае навукі. Ад самае раньняе моладасьці, будучы жыдом, бачыў ён сваю нейкую апрычонасьць, тую іншасьць, аб якой калі ў заходняй Эўропе і не гаворыцца, дык аднак якую ўсе ня гледзячы на ўсенька вельмі добра чуюць. Гэныя вось расавыя свомасьці, побач магчыма са свомасьцямі свайго характару, далі маладому Фрэудаві тую незалежнасьць унутраную на пагляды, настроі, валадаючыя грамадзянствамі ці навуковымі тэорыямі. Ад вельмі раньніх гадоў цікавіцца псыхолёгіяю. Будучы маладым лекарам знаёміцца ў Францыі з найбольш тады моднымі і шырока вядомымі вогнішчамі досьледаў псыхолёгічных у клініках Шаркота і Бэрнгэйма. Вярнуўшыся ў Вену наладжывае блізка супрацоўніцтва з Брэўэрам, адным з лекараў-нэўролёгаў. З гэным Брэўэрам даглядалі супольна за адною хвораю, папулярнаю ў літаратуры ў сувязі з тым, што якга гэная хворая пачала ў пэўным сэнсе эру прыхоаналізы.

Хворая мела праявы нэўрозы, вядомае пад назоваю гістэрыі. Не магла яна між іншым хадзіць, зусім абнядужаная ляжала ў ложку, не магла нічога есьці, хаця ўсе органы цела былі быццам здаровыя, значыцца нармальнае абсьледаваньне цела не магло паказаць на тое, каб нейкі з органаў быў пашкоджаны ў сваёй дзейнасьці. Вось Фрэуд з Брэўэрам спрактыкавалі на хворай новы спосаб лекаваньня, а мяноўна выклікалі ў яе гыпнозу і ў сьне гыпнотычным давалі магчымасьць рэагаваць на ўспаміны, калі асабліва ўспаміны былі афарбованыя пачуцьцёва ад’емна. І цікава, што шмат якія з праяваў хворасьці пасьля такое неабмяжованае нічым рэакцыі прападалі бяз сьледу, а знача хворая здаравела, прападала абнядужаньне, заміны пры глытаньні і г. д.

На асноведзі ўжо гэнае аднае хворае паявілася новае разуменьне нэурозаў у Фрэуда. Кожнае неадрэгаваньне зьявішча, якое было нямілым з тых ці іншых прычынаў, не прападае бязсьледна, а толькі хаваецца для нашае сьведамасьці, загнанае ў нясьведамасьць ці падсьведамасьць, залежна ад сілы ад’емнага афэкту, выкліканага ў дадзенага чалавека. І вось гэныя выціснутыя ў „падпольле“ перажываньні не сядзяць спакойна ў нясьведамасьці, а стараюцца прашмыгнуць у актуальную, значыцца сьведамую, плошчу працэсаў псыхічных пад нейкаю іншаю формаю. Дзеля гэтага яны будуць часта зусім незразумелыя.

Жыцьцё поўніцца такімі прыкладамі. Кожны з нас мог-бы часта бачыць на сабе гэткае зьявішча. Дзеля ілюстрацыі дам такое здарэньне.

Малады чалавек ідзе ў манастыр. Рупіцца ён аб сваю душу, спадзяецца ў духоўным стане знайсьці магчымасьць працаваць для свайго народу. У манастыры бачыць ён ад першых дзён вялікае разыходжаньне паміж ідэалам, аб якім лятуцеў так доўга, а сапраўднасьцю. Замест справаў боскіх, сустрэнуў ён штодзенных людзей, занятых, як усюды, штодзеннымі патрэбамі, клапотамі. Да таго разыходжаньне паміж моральлю афіцыяльнаю а сапраднасьцю. Хацеў-бы пратэставаць, крычаць, што ўсё гэта ня так, як ён сабе ўяўляў, ня тое, чаго ён спадзяваўся. Пратэст мог бы ён выказаць між іншым такім спосабам, што пакінуў-бы манастыр і вярнуўся-б да жыцьця нармальнага. Ня так зноў гэта лёгка зьдзейсьніць. Што скажуць на гэта маці, сваякі, знаёмыя, — падумаюць, што ён уцёк дзеля нейкіх мяркаваньняў няпрыгожых! Да таго-ж ён сапраўды хоча астацца манахам, бачыць тутака свой поклік жыцьцёвы. Не дапускае дзеля гэтага да свае сьведамасьці на’т і думкі аб выхадзе з манастыра.

Доўга ня ждучы, наглядаем у гэнага чалавека нейкія незразумелыя праявы, якія аканчальна даводзяць маладога манаха да лекара. Калі апыніцца ён толькі ў царкве, значыцца на месцы, дзе сьвядома хоча працаваць і дзе маніцца паводле сваіх плянаў і мяркаваньняў спагнаць усё жыцьцё, дык вось на тым месцы пачынае ў яго моцна біцца сэрца, круціцца ў галаве і кожны раз трэба яму пакінуць сьвятыню. За парогам сьвятыні ён зноў здаровы чалавек.

Сытуацыя такая вельмі цяжкая псыхічна і на пагляд незразумелая. Сам хворы не разумее нічога, што з ім робіцца. Ведаючы ўсё тое, аб чым было гаворана вышэй, ды помнячы аб існаваньні нясьведамасьці з яе праявамі і незалежным ладам, лёгка можам усё сабе паясьніць. Чалавек гэны дзякуючы сваёй хваробе зьдзейсьняе тое, чаго зрабіць ня мог, зьвязаны сваімі плянамі жыцьцёвымі, мяркаваньнямі нацыянальнымі, сямейнымі і г. д. Кандыдат у манахі, разачараваўшыся ў сваім покліку, рэалізуе ў сваёй хваробе тое, чаго ня мог зрабіць сьведама. Ягоная-ж хвароба робіць абсалютна немагчымым далей аставацца ў манастыры!..

Крыху даўжэй я спыніўся над прыкладам дзеля ягонае прасьціні і адначасна паўніні мэханізмаў вельмі характэрных дзеля зразуменьня псыхоаналізы. Бачым на ім, як ня трэба лепш, аснаўны факт у псыхоаналізе, а мяноўна прысутнасьць у нас нясьведамасьці і амаль што непераможны ейны ўплыў на ўсё жыцьцё. Бязумоўна, шмат якіх са здабычаў Фрэуда сяньня ня выклікаюць у нікога сумліваў, дык і пацьвярджэньне існаваньня ў нас нясьведамасьці ня толькі нас ня дзівіць, а гэта нешта зусім дзеля ўсіх зразумелае. Сорак гадоў таму назад гэта была рэвэляцыя і не малая рэвалюцыя ў псыхолёгіі.

Фрэуд паставіў пытаньне, чаму гэта шмат якіх перажываньняў вельмі цяжка прыпомніць. Паясьняе ён, як лёгка з вышэйпададзенага прыкладу зразумець, што прыпомніць цяжка тыя факты, якія дзеля тых ці іншых прычынаў маюць нямілую дзеля нас ахварбоўку. Найчасьцей гэныя перажываньні далёкія і хаваюцца ў дзіцячых гадох. Хаця мо’ крыху і дзіўна чуючы такі сказ, аднак гэта факт.

Новым этапам у разбудове тэорыі псыхоаналітычнае была спасьцярога, што большасьць выціснутых у нясьведамасьць перажываньняў мае характар сэксуальны. Зразумела, што такая пастаноўка справы выклікала вельмі гарачы пратэст, у першую чаргу, у сфэрах лекарскіх, з якімі Фрэуд падзяліўся сваімі спасьцярогамі. Як сам Фрэуд расказывае ў сваіх успамінах пасьля першае лекцыі на гэную тэму пачуў ён амаль што не ў даслоўным сэнсе, як паміж ім і слухачамі вырасла пропасьць, усе адхінуліся ад яго, ніхто не хацеў з ім гаварыць, ніхто аб нішто ня пытаў. Глядзелі ўсе на яго быццам на каналію…

Трэба сказаць, што такія адносіны да псыхоаналізы можам сустрэнуць часта і сяньня. Фрэуд аднак ведаў такую атмосфэру ўжо раней, калі чалавек пакрыўджаны несправядліва абсьмейваецца сваімі ворагамі, — дык цяпер ён не паддаўся прыгнечанасьці. Бадзёра працуе далей. Пакрысе знаходзіць прыхільнікаў. Далучаюцца да яго людзі старэйшыя, людзі з вялікаю практыкаю жыцьцёваю і ведаю клінічнаю, якім новае насьвятленьне зьявішчаў у псыхіцы чалавека рабіла зразумелымі шматлікія праявы ў галіне хворасьці. Далучаюцца да яго швайцарскія псыхіятры Блейлер і Юнг. Вучні ягоныя наладжываюць саюз, выдавецтва псыхоаналітычнае, якое мае наўвеце распаўсюджываньне здабычаў новае навукі. У далейшых гадах наглядаем паміж вучнямі разыходжаньні, разломы (Адлер, Юнг), аднак тэорыя з Вены разыходзіцца па сьвеце і псыхоаналіза мае спагаднікаў на міжнародным грунце на некалькі ўжо гадоў перад вайною. З пачатнае мэтоды лекаваньня вырастае навука, абхопліваючая ўсе праявы культурнага жыцьця. Трэба сказаць, што на’т сымпатыкі і прыхільнікі фрэудызму бачаць заняпад навукі Фрэуда ў апошніх некалькінаццаці гадах ягонае дзейнасьці. Кажуць, што сыстэма заялавела, зрабілася вельмі аўторытатыўнаю, што з тэорыі навуковае вырасла нешта быццам сэкта рэлігійная і г. д. Не ўваходзячы бліжэй у ацэнку апошніх мамэнтаў, трэба сказаць, што бязумоўна цэлы сьцяг фактаў падчыркнутых Фрэудам зьяўляецца аснаўною здабычаю сучаснае культуры.

Жыцьцё ў насьвятленьні псыхоаналізы мае асаблівы зьмест. Жыцьцё будзе ігрою імпульсаў і ў першую чаргу імпульсаў сэксуальных. Імпульсы гэныя паводле Фрэуда маюць дзеці ўжо ад найменшых гадоў свайго жыцьця. Першы пэрыяд гэных імпульсаў праяўляецца ў аўтоэротызьме, хутка аднак яны пераходзяць на людзей з найбліжэйшага асяродзішча, значыцца на бацькоў, і выклікаюць даволі хутка камплекс Эдыпа. Паймо камплексу Эдыпа вельмі важнае дзеля далейшага разьвіцьця тэорыі псыхоаналітычнае і зьяўляецца свомасьцю дзеля яе вельмі характэрнаю. Прыняць за аснаўны закон існаваньне камплексу Эдыпа на нармальным шляху разьвіцьця адзінкі было вялізарнаю рэвалюцыяю ў тагочасным ды на’т і сяньняшнім нашым сьветапаглядзе. Нешта, што было даўней ненармальным, праява хворасьці, сяньня пачынае быць неабходным этапам. Камплекс Эдыпа азначае ня больш ня менш, як сэксуальныя спробы (хутчэй у сымбалічным чымся даслоўным сэнсе слова) ў адносінах да бацькоў, у сына да роднае маткі, у дачкі да бацькі. У пару дасьпяваньня частковыя імпульсы сэксуальныя накіроўваюцца на падтрыманьне роду. Вельмі важны пераход з пары поліморфічна-пэрвэрсыйнага сэксуалізму да імпульсаў частковых сэксуальных (інакш можна казаць да нармальнага плоцьнага жыцьця дарослага чалавека). Калі пераход гэны насустрэне на сваім шляху нейкія заміны, у далейшым жыцьці праявяцца яны ў шматлікіх нэурозах ці на’т хваробах псыхічных. Першая пара жыцьця сэксуальнага (ў дзіцячых гадох) не пакідае быццам па сабе ніякіх сьледамкаў, так што ня можам аніяк уявіць іх пазьней. Супакой гэны толькі спадумны аднак, а паказальнікам таго і будуць праявы хваробаў рознаякіх, з якімі часта сустракаецца лекар.

Ці сапраўды жыцьцё — гэта выключна ігра сэксуальнага інстынкту? Фрэуд не пярэчыць прысутнасьці і вялікага значэньня іншых імпульсаў. Процілежным да імпульсу сэксуальнага ў чалавека будзе тое, што Фрэуд называе Ichtriebe. Калі імпульсы сэксуальныя былі імкненьнем да роскашы, гэнага аснаўнога мотару жыцьцёвага, дык у процілежнасьць да гэтага прынцыпу роскашы жыцьцё накідае сапраўднасьць з ейнымі вымогамі. Бязумоўна, што і ў Ichtriebe імкнемся да роскашы, толькі тае іншае, пабудаванае на досьледзе, што не заўсёды найкарацейшая дарога найлепшая, што вельмі часта трэба зрачыся, прынамся часова, з прынцыпу роскашы, каб дастаць эквівалент мо’ на’т большы ў будучыне.

Як была ўжо гутарка, аснаўным мамэнтам дла Фрэуда будзе той націск, які ён робіць на значэньне нясьведамых працэсаў псыхічных. Імкненьне да роскашы незаўсёды будзе згоднае з вымогамі моралі, апініі грамадзкае, узгадаваньнем, традыцыямі. Імкненьні нязгодныя з тымі ці іншымі вымогамі сустракаюць цэнзуру, якая не дапускае іх да сьведамасьці, выціскае іх, выпірае. Фрэуд вельмі абразна паказывае на розьніцу паміж сьведамасьцю і нясьведамасьцю. Сьведамасьць — гэта быццам салён, а нясьведамасьць — уваход да будыніны нашае душы. Паміж уваходам і салёнам, на нейкім быццам карыдоры паміж імі, сядзіць стораж (цэнзура), які не дапускае ўсяго, што будзе нязгоднае з традыцыямі ці абычаямі салёну. Няпрошанае імкненьне, як той назойлівы госьць, хоча пралезьці ў салён перамяніўшы вонкавы выгляд. Калі і ня здолее пралезьці, дык усё-такі наробіць гоману ў карыдоры і выкліча непарадак, не даючы спакойна жыць. Той гоман, непарадак практычна праяўляецца ў жыцьці ў розных нэурозах, хваробах. Усе мы аб’ектамі памянёных падзеяў. Ня ўсе мы хварэем, прынамся ня ўсе мы бачым у сябе хворасьць. Жыцьцё само праводзіць ліквідацыю цяжкіх сытуацыяў. Даволі бывае шчырае гутаркі з сымпатычным нам чалавекам, каб канфлікт ня лішне цяжкі быў зьліквідаваны. Споведзь шырока практыкаваная ў каталіцкім касьцеле — адзін з доказаў, як лёгка можна зьліквідаваць даволі цяжкія канфлікты дзякуючы аднэй шчырай гутарцы з духоўнікам, да якога ідзём з даверрам.

На гэтым спыніўся я ў абгаворываньні тэорыі псыхоаналізы. Нажаль не магу абгаварыць шырэй дзеля нястачы месца цэлага сьцягу мэханізмаў, якія лягчэй памагаюць зразумець навуку Фрэуда. Між іншым нічога я не казаў аб псыхопаталогіі штодзеннага жыцьця, аб тэорыі сну і г. д. Агульна трэба сказаць, што няма нічога ў жыцьці, што ня мела-б свайго сэнсу. Кожная памылка, кожная падзея, кожны на’т сон, на які мы прывыклі заглядацца быццам на нейкую брэднюшку, усё гэта мае свой сэнс, сваю прычыну.

Ясна, што зьявішчы літаратурныя, праблемы ўзгадаваньня, праблемы рэлігійныя, праблемы моралі, агулам цэласьць працэсаў грамадзкага жыцьця паясьняецца псыхоаналізаю часта зусім інакш, чымся мы да гэтага прывыклі ў нашым жыцьці. Як ужо некалькі разоў я казаў, прынцыповае значэньне мае тутака камплекс Эдыпа, ці лепш казаць той спосаб, якім камплекс гэны быў зьліквідаваны. З гэнага камплексу вырастае, можна сказаць, уся нашая культура на шляху сублімацыі, перамены і абмену прымітыўных імпульсаў сэксуальных. Абнова гэная рэалізуецца ў нас нясьведама.

Вартасьць літаратуры, падыходзячы да яе найбольш глыбока, хаваецца ў тым, што аўтар у сувязі з канкрэтным прыкладам ці шматлікімі прыкладамі, пасьля аналізы прыведзеных фактаў дае нейкае абагульненьне. У сувязі з такім паймом літаратуры стульна злучана праца, творчы працэс. Пераказываньне толькі фактаў з вельмі цікаваю на’т фабулаю яшчэ ня будзе літаратураю, будзе гэта хроніка, можа быць адчасьці гісторыя. Бязумоўна, я ня думаю тутака зусім аб ніякай канкрэтнай форме літаратуры. Форма ня мае пры нашым падыходзе да літаратуры нейкага асаблівага значэньня. Пры такім падыходзе да пісьменства трэба сказаць, што сапраўднаю літаратураю ня будзе літаратура факту, нараджэньне якое мы наглядалі пасьля вайны, а сяньня бачым, можна сказаць, поўны яе заняпад. Прыклад канкрэтны гэнае кароткае гісторыі літаратуры факту бачым у пісьменстве савецкім.

Літаратура належыць да праяваў інтэлекту. Аднак межы, якія яна абхоплівае, шмат шырэйшыя, чымся сам інтэлект. У гэным творчым працэсе, як у кожным іншым, трэба зачапіць аб старану, якая ў першую чаргу рашае аб вартасьці і характары адзінкі, значыцца сфэру пачуцьцёвую. Мусіць яна закрануць інстынкты, мусіць абхапіць нясьведамасьць. Бязумоўна, што літаратура спаўняла гэныя задачы шмат раней, чымся Фрэуд апрацаваў свае тэзы, чымся ўкупіў у законы факты, абгаворываныя і паясьняныя ў літаратуры.

Калі мы гаворым аб суадносінах паміж псыхоаналізаю і літаратураю, дык да гэтае тэмы можна падыходзіць з дзьвёх старон. Маглі-б мы прадусім прабаваць паясьніць літаратурныя зьявішчы з гледзішча псыхоаналітычнага а далей спыніцца над уплывам фрэудызму на актуальную творчасьць у літаратуры. Мы спынімся толькі над першаю з памянёных старон.

Нельга не прамаўчаць таго, колькі месца ў літаратуры займае каханьне. Доўга раман быў амаль што не адзінаю прызнанаю формаю творства літаратурнага. Кажу аб той пары культуры чалавецкае, калі пісьменства пачынае іграць незалежную ролю ў „сьвецкім“ грамадзянстве. Праблемы каханьня амаль што ня ў 100 проц. бачым у паэзіі і творстве народным. Ці-ж ня будзе тутака поўнае згоды з Фрэудам, калі той нам кажа, што найважнейшым мотарам жыцьцёвым будуць інстынкты, і то якга інстынкты сэксуальныя?!

Калі ў пару дасьпяваньня наглядаем амаль што не агульны поклік да званьня паэты, дык зноў дзеля таго, што дзякуючы паэтычнай форме можам выказаць усё недасказанае i cxaванае ў нясьведамасьці. Творства паэтыцкае, як бліжэй здаецца і немагчыма, працуе аднолькаваю мэтодаю з псыхоаналізаю (ня будзем спрачацца, калі нехта скажа наадварот, што псыхоаналіза карыстаецца мэтодаю паэтыцкаю). Гэткае разуменьне мае сваю вартасьць агулам для паэзіі. У пару дасьпяваньня некаторыя мамэнты псыхолёгічныя творства бачым у больш яркім насьвятленьні. Пара дасьпяваньня мае столькі сумляваньняў, загадак, канфліктаў, а што яшчэ горш, канфліктаў няўяўленых, недагавораных. У сьведамасьці ня бачым прычын, цяжка паясьніць тыя сытуацыі, якія выклікаюць няясныя, унутраныя зрухі, тугу па нечым, да нечага. І вось у творстве адкідаем спадумнага гаспадара адзінкі — інтэлект — і кідаемся на хвалі фантазіі. Карысьць суб’ектыўная з такое паэзіі бязсумліўная. Вартасьць больш шырокая, агульная будзе большая ці меншая, залежна ад таго, што прадстаўляе з сябе гэтая адзінка, які ейны талент і г. д. Часта ніколі ня вернецца да пяра. Бываюць іншыя, больш шчасьлівыя, ці мо’ зусім наадварот, якія назаўсёды астануцца ў палоне пяра і пры кожнай нагодзе канфлікту ці патрэбы сказаць нешта шчыра, гарача, ад сэрца, могуць толькі ў паэтыцкай форме выказаць усё, што накіпела і набалела ў душы. Дык гэнае творства зьяўляецца патрэбаю ўнутранаю, гэта будзе да пэўнае меры акт самалячэньня.

Ці хачу гэтым сказаць, што сапраўдныя паэты людзі хворыя?

І так і не. Што гэта патрэба натуральная — паказвае найлепш народная паэзія, дзе няма іншых імпульсаў да творства, як толькі імкненьне да ліквідацыі ўнутраных канфліктаў. Ясна, што ўмовы шырэйшага грамадзкага жыцьця выклікаюць новыя аспэкты ў творстве, робяць да пэўнае меры адумыслоўцаў з паэтаў. Калі аднак гутарка аб сутнасьці справы, дык прадстаўляецца яна так, як я кажу.

Усё, што было гаворана аб паэзіі, цалком тарнуецца да іншых формаў літаратуры. Усюды бачым імпровізацыю, калі зьяўляецца пытаньне дакапацца да глыбейшых слаёў душы. Імпровізацыя і будзе актам, у якім найбольш патайныя думкі паказываюцца ў гатовай ужо форме, быццам неспадзеўкі. І форма і зьмест часта вельмі далёкія ад вартасьці чалавека тварца, якога мы ведаем на штодзень. У імпровізацыі чалавек прадстаўляецца нам няпоўны, няма тутака інтэлекту, прынамся таго інтэлекту, што да ўсяго крытычна прыглядаецца. Незалежна ад гэнае аднабокасьці такога акту, імпровізацыя мае значэньне ня толькі суб’ектыўнае для адзінкі. Гэная апошняя ў такіх нагодах у спосаб, хаця яно на здаровы розум можа і незразумела, будзе ўцелаішчэньнем дадзенае групы, грамады, народу. У такіх імправізаваных актах зьмест пачатна бывае незразумелы, ня бачым у ім лёгікі і толькі далейшае жыцьцё паказывае, што сапраўды тварэц быў вяшчуном. Паэзія і творства кожнага народу дае ў розных галінах прыкладаў бяз ліку. Нашая беларуская літаратура ня розьніцца ад іншых. Дык мерыць тварца ня можна ягонаю вопраткаю, формамі хатняга жыцьця, на’т стойкасьцю ягоных паглядаў нацыянальных ці іншых. Вартасьць ягоных імпровізацыяў ляжыць зусім у іншых плошчах!..

Аб гэтым усім ведама было і да эры Фрэуда. Дзякуючы аднак яму, мы навучыліся разумець і ацэніваць, чаму імпровізацыі маюць гэткае значэньне грамадзкае і індывідуальнае. Тутака, як ня трэба лепш, наглядаем, што якга пры ацэне кожнага зьявішча найтрудней бывае знайсьці цэнтральны пункт, а знайшоўшы яго — усё ўжо робіцца ясным.

Людзі бачылі, як кажу, даўно, што сам інтэлект, які ўсеўладна валадае быццам намі, не вырашае ўсяго, не паясьняе нам усіх тайніцаў і зьявішчаў на’т і штодзенных. Бачым аднак ужо ў даваеенай повесьці (Буржэт) пагляды даволі блізкія, да якіх і мы даходзім. Апошні аўтар даслоўна гаворыць: „душа нашая — гэта быццам зямля або цэлы сьцяг востраваў, вярхі якіх вока бачыць над вадою. Вярхі гэныя гавораць аб існаваньні таго фундаманту, з якога вярхі вырастаюць. Фундаманты тыя толькі могуць паясьніць характар скалаў, што паказываюцца над вадою. Усе нашыя клопаты, нашыя сумляваньні вырастаюць з фундаманту псыхічнага, які аднак зусім незразумелы ані нам ані нашым блізкім“. У гэтым сказе бачым прыймо становішча Фрэуда аб існаваньні нясьведамасьці і магутнай ролі гэнае часьці нашае душы ўва ўсім жыцьці. Прыглядаючыся бліжэй да падзеяў роду чалавецкага, убачым усюды, як тэза нясьведамасьці і ўсіх консэквэнцый, выплываючых з гэткага становішча, уецца чырвонаю істужкаю. Інакш ня можна разумець дабра і зла, праблемы аснаўное кожнае з рэлігіяў. „Зло“ і будзе прызнаньнем у плошчы рэлігіі факту існаваньня нясьведамасьці. „Мы ахвяры — кажа Гэйсманс — тых помірсных думак і нахілаў, якія дрэмлюць у кожным, на’т найлепшым з нас. Яны (гэныя думкі) крыніцаю таго, што найлепшы сын лятуціць, не ўяўляючы нічога благога, аб сьмерці бацькоў“. Дзеля паясьненьня дадам толькі, што гэны калісь вельмі популярны аўтар ня быў ані камуністым ані анархістым, а шырока вядомым канвэртытам каталіцкім. Буржэт-жа зноў — гэта прадстаўнік кансэрватыўнае з нахілам рэлігійным групы францускага грамадзянства.

Артыст нездаволены з сапраўднасьці, адчувае ў сабе ўнутраны непакой, шукае палёгкі ў іншай плошчы. Ён, паводле Фрэуда, адварочываецца ад рэчаіснасьці, сусярэджывае свае зацікаўленьні на libido, на лятуценьнях. Гэны адхіл ад сапраўднасьці, гэны аўтызм, як кажуць псыхіятры, можа давясьці да хваробы. Прысутнасьць аднак таленту дае пэрлы літаратурныя, як і агулам мастацкія. Толькі ў насьвятленьні псыхоаналітычнае тэорыі можам уявіць творства ў ягоных асновах і адначасна розныя праявы творства розных народаў, расаў. Разумеем, чаму Дантэ і Боккачыо тварылі над цёплым паўдзённым небам, чаму нашая паэзія нашаніўская была іншаю, чымся паэзія пролетарская сучасных савецкіх пісьменьнікаў, ці на’т і нашых тутака маладых паэтаў. Розная асноведзь жыцьця імпульсыўнага дае нам адказ паясьняючы ў сумлівах з плошчы літаратурнае.

Фрэудызм заўсёды стаяў блізка практыкі жыцьцёвае. Не прайшоў ён моўчкі і над праблемамі грамадзкімі. Формы жыцьця грамадзкага, разьвіцьцё гэных формаў мо’ лепш, як пры ўсіх іншых паясьненьнях, робяцца зразумелымі ў Фрэуда. Існуе вельмі блізкая аналёгія паміж суадносінамі сяброў і розных грамадаў у грамадзянствах з найдаўнейшых эпохаў, а тым, што бачым у снах, у хворых псыхічна і ў дзяцей. І хаця сказ гэны гучыць быццам фалшыва для вуха — практыка жыцьцёвая, досьледы над аналізаю сонных мрыяў, практыка са штодзеннага нагляданьня за хворымі і дзяцьмі дае нам магчымасьць уявіць тыя шляхі, прынамся ў аснаўных нарысах, якімі йшло чалавецтва ў сваіх дасюлешніх падзеях.

Дзеля ілюстрацыі пакажу хаця-б на такі мамэнт, як адмова ад прынцыпу роскашы і ўмеласьць адмовіцца ад роскашы мамэнтальнае на карысьць тае-ж роскашы собскае, толькі зьдзейсьненае ў пазьнейшую пару, адным словам тое, што завецца ў Фрэуда змаганьнем паміж Lustprinzip і Realitätsprinzip. Колькі трагедыяў, колькі няшчасьцяў можам наглядаць якга ў гэную пару, найчасьцей у пару дасьпяваньня псыхічнага і фізычнага адзінак! Вузкія, эгоістычныя адносіны маладое адзінкі да ясяродзішча, ня гледзячы на спадумны ідэалізм гэнае пары ў жыцьці даводзяць да пратэстаў, рэвалюцыяў, вострых канфліктаў у адносінах да бацькоў, хаты, сяброў, грамадзянства. Яшчэ больш трагічна прадстаўляецца гэнае разьвязаньне ўзаемаадносінаў абодвых прынцыпаў у плошчы сужыцьця грамадаў, пляменьняў, народаў. Сяньняшняя заблытанасьць палітычных адносінаў у міжнародным маштабе, права „малых“ і „вялікіх“, як ня трэ’ лепш паказвае, як вельмі цяжка знайсьці тую залатую сярэдзіну, дзе добра было-б і мне і майму суседу.

Камплекс Эдыпа, які ў культурных грамадзянствах лёгка ліквідуецца і пры належных умовах робіцца магутным жаралом потэнцыяльных магчымасьцяў адзінкі, гэны камплекс у больш прымітыўных формах суадносінаў быў прычынаю забойстваў, сьмерці бацькоў, старшых родаў, начальнікаў пляменьняў. Гэны-ж камплекс на’т на вышэйшым роўні разьвіцьця праходзячы цераз пэрыяд Totem i Tabu грамадзянстваў прымітыўных будзе крыніцаю нашае моралі, этыкі.


Псыхоаналіза ня толькі ў адносінах да гісторыі цывілізацыі паясьняе пяройдзеныя ўжо шляхі. Можам у ёй знайсьці паясьненьні адносна падзеяў гістарычных, ці на’т тых, якія наглядаем сваімі собскімі вачыма. У насьвятленьні псыхоаналізы штораз меншая колькасьць таёмных загадак, зьявішчаў, непавязаных у адну цэласьць. Бязумоўна, што падзеі чалавецкія не прызнаюць ніякіх пераскокаў. Усё тутака аднолькава з жыцьцём паасобнае адзінкі ляжыць у рамах лёгікі. Магчыма, што мы толькі ў дадзены мамэнт ня бачым законаў гэнае лёгікі. У гэнай плошчы ўплыў продкаў дзеіць на нас, быццам сьвятло тых зорак, якія даўно ўжо пагасьлі, хаця сьвятло іх і сяньня мы бачым. Чым паясьняецца факт, што бачу лепшае, а раблю горшае (video meliora, deteriora sequor). Дзе прычына, што павадыры грамадзянстваў паказываюць на мэты прыгожыя, адначасна паказываючы і на шляхі, якія да іх вядуць, з другое стараны і некаторыя слаі грамадзянства выказываюць шчырую ахвоту да зьдзейсьненьня паказаных мэтаў, а ня гледзячы на гэныя ўсе ўмовы самое зьдзейсьненьне астаецца пустым гукам?!

І толькі помнячы, што ў абедзьвюх сытуацыях побач з мэтамі сьвядомымі рэалізуем адначасна і тыя, над якімі няма ніякае кантролі, якіх на’т прысутнасьці не падазраваем, дзеля таго, што разыгрываецца ўсё змаганьне ў плошчы нясьведамасьці, лёгка зразумеем разыходжаньні паміж ідэалам і сапраўднасьцю. Часта рэалізуем ня тое, што хочам, а тое, што можна, ці йнакш кажучы тое, на што пазволіла цэнзура.

У гэтым бачым аграмаднае значэньне ролі інстынктаў, калі інстынктам назавём свомасьць выконываньня мэтных актаў без таго, каб мы бачылі самую мэту ды адначасна бяз ніякага напрактыкаваньня ў выконываньні. Разважаючы вышэй сказанае, прыйдзём ла вываду, што інстынкт — гэта аснаўная пружына поступу. Розум — гэта толькі завяршэньне, найвышэйшы пункт працы сьвядомае над сабою адзінкі. Інтэлект сам астанецца сухім і бяздзейным, калі ня меціме падтрыманьня ў інстынктах.

Гэткім чынам мы дайшлі да вельмі важнае, магчыма найважнейшае стараны практычнае псыхоаналітычнага падыходу да жыцьця. Маю наўвеце ўзгадаваньне маладога пакаленьня. Сяньня валадае прынцып, да якога мо’ лішне позна прыйшлі ўзгадаваўцы, што ня толькі трэба вучыць, а трэба ўзгадоўваць характар чалавека. У імкненьні да ўзгадаваньня нельга абмінуць інстынктаў. Хочучы дзеяць на інстынкты, трэба іх добра ведаць. Трэба адкінуць той вялізарны баляст ілжы, што ляжыць на кожным з нас, калі хочам закрануць самастойна якую колечы з галінаў жыцьця. Афіцыяльная мораль прымушае нас да пашаны кожнага аўтарытэту, незалежна, ці аўтарытэт гэны абаснаваны ці не. А такая мораль, як слушна кажа францускі псыхолёг Марі, хаця зьяўляецца вялікім волатам, аднак гэны волат вельмі небясьпечны, — дзякуючы гэткай моралі мы сьведкамі трагэдыяў грамадзкіх ды індывідуальных.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.