Крывіч (часопіс)/1923/1/Прыповесьць аб старым мужу і гожай дзеве

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прыповесьць аб старым мужу і гожай дзеве
Аўтарская казка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1, чэрвень 1923 г., б. 6-7
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прыпавесьць аб старым мужу і гожай дзеве.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРЫПОВЕСЬЦЬ АБ СТАРЫМ МУЖУ І ГОЖАЙ ДЗЕВЕ.

Быў муж яры, векам стары,, барадой сівы, косьцю харобр, сэрцам горач. І была дзева малада, гожа, як у садзе рожа. Стаў стары муж сватацца да гожай, маладой дзевы кажучы:

„Пайдзі за мяне, дзевухна, замуж, — будзеш мець слуг і служак многа і коней“і адзеньня дарагога; будзеў у саетах хадзіць і піць і есьць і весяліцца.

І сказала дзева старому мужу:

„О, неразумны стары дзеду, сівабароды. Калі мяне, маладу дзеву возьмеш замуж за сябе, жывату майму будзеш няўцеха; сэрца тваё амягне, вочы памеркнуць, сьцягны аслабеюць, косьці ссохнуць, сівізна пажаўцее і нягодзен станеш ты моладасьці маей. Пры табе старым я сама зашчырэю, а сэрцам разгарэю і, ад распаленьня натуры, шукаць іму сабе ўцехі любіцельнай: маладога юнака, добрага малойца і ташнату маю развадзіць стану з ім, а не з табой старым смэрдам“.

І адказаў стары муж дзеве:

„На што, дзевухна, жорсткімі словамі мяне, як дрэва лістам укрыла? У дому ў мяне паняй станеш, — усяку роскаш і выгоду мець будзеш. Сядзеш, мая міла, ў мураваным палацы на многацэнных кілімах, прыбяру цябе, як чысту краску ў полі, як паву птаху дзіўную, як рэку Бярозу пры дуброве, між горкамі. Спачываць у мяне будзеш на пярынах двойчатых, пад чырвонымі кітайкамі. Піуь і есьць са мной будзеш многаякія асалодлівы стравы. А схочаш весяліцца — ўстрою банкет і зьвялю ўсяку пацеху іграці і гусельнікам, і трубнікам, і гожым ладам дзеўчатам прад табой тан вясьці хараводлівы, і пачну цябе цешыць і не дам жывату твайму ташніцца па ўсе дні. А ня схочаш воляй пайсьці за мяне, — бацьку твайго, і маці тваю, абдарую дарамі многацэннымі і яны цябе прыняволяць тады“.

І сказала яму дзева:

„А калі адалееш айца майго і маці маю многацэннымі дарамі і выдадуць мяне прымусам, я тады буду ўсё чыніць не па твайму хаценьню, а супроць тваей волі. Слоў тваіх не паслухаю і вяленьня твайго ня споўню: калі скажаш рабіць кісла — зраблю прэсна, а мяккога табе хлеба ў мяне не пытаць, будзеш, стары сьмэрдзе, скарынкі глыдаць. Затое добраму малойцу, свайму парадніку, мяккія, крупчатыя пірагі пастаўлю, ды дулі на талерку, ды віно ў кубку, а зьверх таго яму лебяжа пярынка пад бок, чыжовая падушка пад голаў, саболяе акрывала паверх, ды я, сама малада, поплеч. А табе, старому смэрду, спаць у мяне на памосьце ў кутніку. Стаяць я буду прад мілым малойцам з трывогай ды з боязьню, каб мяне мілы любіў. Мамкі і нянькі будуць мілага на руках насіць, а табе, старому смэрду, ванючаму духу, пабярэшчанай хары, татарскай патыліцы, вісільніцкай шыі, сомавай губе, ракавым вачам, апухлым пятам, сіняму бруху, зрэбнай барадзе, жоўтай сівізьне, гнілой сьмтане, сядзець на печы; — каб у цябе, смэрда, ў шыі скрыпела, ў горлі хрыпела! Каб жыў ты, што дук убалоце, што жаўна ў дзюпле, што чарвяк за карой, што сьвяршчок за печчу“.

І кажа стары муж:

„Калі ты, дзевухна, за мной будзеш, — ты такой ня будзеш“.

Ды пачаў стары муж сватацца; палавіну маетнасьці прасьвістаў пакуль за сябе маладу дзеву ўзяў.

І сталася малада, гожа жонка старому — дзеянная і ночная турбота ды косьцям сухота. Ад людзей стары муж уцякае, што маладу жонку мае, у бясёдзе не сядзе, да людзей не прыстане, на кождага маладога крыва гляне, як ліхі сабака з-пад лаўкі; не гаворыць, дзьмецца… Сам сабе абрыд стары смэрд і, на трэці год, павесіўся.

А малада дзева вышла замуж за добрага малойца, праклінаючы старога, мілуючы любогаю

Старыя мужы! да вас мова: ў спакоі век жывіце, маладых жонак не бярце.

Гэтай прыповесьці канец; дзевам гожым чэсьць і слава, а мне каравай і сала.

ВЛАСТ

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.