Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел XXII. Ахвяра вераломства

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Разьдзел XXI Прынц і жабрак
Разьдзел XXII. Ахвяра вераломства
Аўтар: Марк Твэн
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html
Разьдзел XXIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ізноў кароль Фу-Фу Першы змушаны быў валачыцца ў таварыстве бадзякаў і праступнікаў, служачы мішэньню дзеля іхніх грубых і тупых насьмешкаў; часамі, за плячыма ў атамана, даставалася яму ад злапамятных Канці і Гьюго. Апрача іх, усе палюбілі яго, усім падабалася яго дзіцячая адвага і стойкасьць. У працягу двох дзён, Гьюго, пад даглядам якога быў хлопчык, зьнянацку ўсяляк стараўся дапякаць яму; уночы, калі пачалося звычайнае п’янства, ён пацяшаў кампанію рознымі няпрыязнымі штукамі: двойчы, быццам зьнянацку наступіў каралю на нагу, але той, як і варта было яго дастойнасьці, пагардліва аднёсься да гэткага шальмоўства; а калі Гьюго паўтарыў гэта трэці раз, дык хлопчык гэтак ударыў яго палкаю, што ён паваліўся на зямлю, на вялікую радасьць усіх прысутных. Дзяцюк, палячыся ад злосьці й сораму, ўстаў, схапіў дубінку і заўзята накінуўся на свайго маленькага праціўніка. Хутка, каля байцоў злажыўся гурток, пачалі вышчараць зубы, біцца аб заклад. Але беднаму Гьюго проста такі не шанцавала. Яго сільныя і няспрытныя ўдары зводзіліся на нішто ўмелаю рукою караля, вышкаленага лепшымі фэхтавальнікамі ў Эўропе, ведаўшага ўсе прыемы і спрытнасьці. Ён стаяў напагатове ў грацыёзнай позе, адбіваючы ўдары, што сыпаліся на яго, як град, з гэткай лёгкасьцю і ўпэўненасьцю, што пярэсты натаўп гледзячоў ня мог надзівіцца; кожны раз, як яго прывычнае вока заўважала незахованае месца і Гьюго даставаўся спрытны ўдар па галаве, наступаў нястрымны гром рогату і вострых словаў. Цераз чэцьверць гадзіны, Гьюго ўвесь зьбіты, ў сінякох, пагардна ўцёк з поля бою, прасьледаваны самымі бязьлітаснымі насьмешкамі, а пераможца, цэлы і непашкоджаны, быў падхоплены на рукі вясёлаю араваю й пасаджаны на ганаровае месца, побач з атаманам; тут яго з урачыстай цэрэмоніяй, абвясьцілі «каралём баявых пятухоў.» Яго ранейшы тытул быў скасованы, і выйшаў загад, гразіўшы выгнаньнем з шайкі кожнага, хто адважыцца вымавіць гэтае паніжальнае прозьвішча.

Усе спробы зрабіць караля карысным сябром шайкі засталіся няўдачнымі. Ён упарта адмаўляўся пакарацца трэбаваньням; мала таго, заўсёды прабаваў уцякаць. У першы дзень пасьля павароту, яго скіравалі па здабычу ў нечую кухню; ён ня толькі вярнуўся з пустымі рукамі, але яшчэ падняў на ногі гаспадароў. Паслалі былі яго з меднікам — памагаць яму красьці; ён адмовіўся «працаваць», ды яшчэ замахваўся на медніка яго-ж нітавальнікам, — так што яму і Гьюго толькі і клопату было, што глядзець на ўсе вочы, каб ён ня ўцёк. Ён пушчаў пяруны на галовы ўсіх, хто сьціскаў яго волю, альбо начапляў на яго работу. Выправілі яго пад наглядам Гьюго, з абадранаю, гразнаю жанчынаю і хворым дзіцянём, жабраваць — ён ні за што не хацеў пабірацца ці наагул дзеяць разам з імі.

Гэтак прайшло некалькі дзён. Беды й цяжары бадзяцкага жыцьця, галіта, гадасьць і грубасьць паступова рабіліся несьцярпімымі дзеля нявольніка, яму прыходзіла да галавы, што ратунак ад нажа пустыньніка, ў лепшым выпадку, зьяўляецца для яго толькі адсрочкаю пагібелі. Уночы ён запамінаў пра ўсе беды і сьніў, што ён ізноў кароль, на пасадзе. Гэта, ведама што, ўмацоўвала яго пакуту, калі ён абуджаўся; з кожны днём, які ён быў у няволі, мукі яго рабіліся ўсё жахоўней і несьцярпімей.

На другое раньне пасьля спатычкі з каралём, Гьюго ўстаў поўны думак аб помсьце. Два пляны былі, галоўным чынам, выбраны ім. Адзін быў у тым, каб панізіць горды розум хлопчыка і яго ўяляную каралеўскую вартасьць; а ў выпадку няўдачы гэтага, пусьціць у ход другі спосаб: зваліць на яго якое-нібудзь праступленьне і выдаць яго ў рукі неўмалімага суда.

Дзеля прывядзеньня ў выкананьне першага пляну, ён задумаў накласьці навязку на нагу хлопчыку, саўсім правільна разважаючы, што гэткім чынам давядзе яго да адчайнасьці; а калі навязка пачне дзеяць, ён пры падмозе Канці, прымусіць яго скіравацца на вялікую дарогу жабраваць, выстаўляючы на показку хворую нагу. Раны рабіліся масьцяй альбо прыпаркаю з нягашанае вапны, мыла і жалезнае іржы; гэтая мешаніна нашмароўвалася на кавалак раменю і шчыльна прывязвалася да нагі. Спачатку павінна была зьлезьці скура і адкрыцца мяса; пасьля рана зьверху пакрывалася крывёю, якая, засохшы, прымала чорны, адпіхальны выгляд; зьверху з разьлічанаю неахайнасьцю накладалася навязка, так каб праціўную балячку было відно і каб яна выклікала спачуцьцё ў падарожных.

Гьюго заручыўся падмогаю медніка, якому кароль нядаўна прыгразіў нітавальнікам. Яны павялі хлопчыка, і як толькі згубілі з віду свой табор, пакацілі яго, пры гэтым меднік трымаў яго, Гьюго накладаў яму на нагу тугую павязку.

Кароль рваўся і мітусіўся, пагражаў навесіць абодвух, як толькі верне карону; але яны моцна трымалі яго, пацяшаючыся над яго бясплоднымі натугамі і недарэчнымі пагрозамі. Тымчасам, плястыр пачаў ужо пячы і паказаў-бы сваё дзеяньне ў самым нядоўгім часе, каб ня здарылася перашкоды. Неспадзявана зьявіўся на сцэне «раб»,— той самы, што лаяў ангельскія законы, — і палажыў канец штуцы, садраўшы навязку з масьцяю.

Вызваліўшыся, кароль хацеў ужо ўзяць палку ў свайго збавіцеля і агрэць нягоднікаў, але той ня даў яму, радзячы адлажыць расправу да вечара, калі ўся шайка будзе ў зборы і ніхто з боку ня зможа ўмяшацца альбо заступіцца. Ён павёў усіх трох у стаянку і далажыў аб здарэньні атаману. Выслухаўшы яго, атаман падумаў з мінуту і рашыў, што ня трэба прымушаць хлопчыка жабраваць, таму што ён, відочна, заслужвае лепшага назначэньня — і тут-жа даў яму падвышэньне, удастоіўшы пераводу з пабірачоў у зладзеі.

Гьюго трыумфаваў. Ён ужо прабаваў падбіць праціўніка на зладзейства, але няўдачна. А цяпер ня было ніякіх труднасьцяў: ён-жа не адважыцца не паслухаць загаду, які паходзіць ад самога начальніка. І вось у той самы дзень Гьюго злажыў плян, як падвясьці караля і выдаць яго ў рукі суда, але абставіць гэта хітра і тонка, каб усё здавалася выпадковым і незадуманым загадзя, — бо «кароль баявых пятухоў», з нядаўнага часу, карыстаўся популярнасьцю, і шайка не пацэрамонілася-б з тым, хто выкінуў-бы гэткую подлую штуку, як правакатарская выдача чалавека агульнаму ворагу — закону.

Дык вось, выбраўшы момэнт, Гьюго павёў сваю ахвяру ў найбліжэйшую вёску; доўга поўзалі яны па вуліцах — адзін усё выглядаў выгаднае здарэньне дзеля зьдзейсьненьня свайго праступнага замеру, а другі чакаў мамэнту, каб смаргануць і ўцячы назаўсёды з цяжкае няволі.

Абодва сумысьля ўпусьцілі некалькі прынадных выпадкаў, таму што таямніча кожны пастанавіў дзеяць напэўна, ня ставячы на карту найзахованьнейшых сваіх жаданьняў.

Гьюго першаму выпала чарга. Ён заўважыў жанчыну, нёсшую вялікі скрутак у кошыку, вочы яго бліснулі ліхою радасьцю:

«Чорт пабяры, каб мне толькі зваліць гэтую штуку на цябе, тады трымайся, пятушыны кароль!» — падумаў ён. 3 выгляду саўсім спакойна, але з моцнаю трывогаю душы чакаў ён, пакуль жанчына прайшла.

— Пачакай тутака, я зараз вярнуся! — шапянуў ён і пусьціўся, хаваючыся, за сваёю здабычаю.

Сэрца караля застукацела з радасьці; цяпер яму ўдасца ўцячы, — абы толькі Гьюго адыйшоў крыху далей. Але ня суджана было зьдзейсьніцца яго чаканьням. Гьюго хаваючыся падыйшоў да жанчыны, выцягнуў скрутак і, завінуўшы яго ў кавалак старое коўдры, які насіў з сабою, пачаў уцякаць. У тую-ж мінуту жанчына падняла крык і гвалт; яна і не заўважыла, як выкралі яе ношу, але хутка схамянулася, пачуўшы, што кошык зрабіўся лягчэйшым. Гьюго ўсунуў скрутак у рукі каралю, ня спыняючыся.

— Хутчэй бяжы за мною, — сказаў ён, — і крычы: «Лаві злодзея!» ды пастарайся зьбіць іх з толку.

Зараз-жа пасьля гэтага Гьюго скіраваўся за вугол, шмыгануў у крывы завулак; цераз мінуту ён ізноў паказаўся, з самым роўнадушным і невінаватым выглядам спыніўся каля стаўпа, з цікавасьцю чакаючы, што будзе далей.

Кароль са злосьцю кінуў скрутак на зямлю; пры гэтым коўдра расхінулася. Якраз у гэту мінуту прыбегла жанчына, з натаўпам народу за ёю. Схапіўшы аднэю рукою хлопчыка, другою трымаючы скрутак, яна пачала адчытваць няшчаснага, дарэмна прабаваўшага вырвацца.

Гьюго ўбачыўшы, што яго вораг схоплены і, дзеля гэтага, не ўцячэ ад суда, скіраваўся трыумфуючы й задаволены, у табар, па дарозе прыдумваючы падобную да праўды гісторыю, дзеля данясеньня атаману.

Кароль далей трапястаўся ў чэпкіх руках жанчыны, сярдзіта крычучы:

— Пусьці мяне, дурная баба! Ня я ўкраў твой гадкі скрутак!

Натаўп абступіў іх, пагражаючы каралю, абсыпаючы яго лаянкамі. Нейкі каваль, увесь у сажы, з раменным хвартухом, закасаўшы рукавы, праціснуўся наперад, дзеля таго, каб як мае быць правучыць яго; але раптам у паветры бліснуў меч і адбыўся ўдар плоскім бокам па выцягненай руцэ.

— Ціха, добрыя людзі, няма чаго злаваць і лаяцца. Закон разьбярэ справу, а вам няварта соўвацца. Каваль абвёў вокам паважную фігуру ваякі і адступіў на пятках назад, мармычучы і пачэсваючы сабе руку. Жанчына неахвотна выпусьціла каралёву руку. Натаўп няпрыязна пазіраў на незнаёмца, але разумна маўчаў. Кароль кінуўся да свайго збавіцеля, пачырванеўшы, са зьзяўшым выглядам:

— Доўга-ж ты прападаў, сэр Майльс, але зьявіўся якраз упару. Паразганяй-жа гэты натаўп.