Перайсці да зместу

Проста, даходліва пра свой працоўны народ (Грамыка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Проста, даходліва пра свой працоўны народ... (Пра Якуба Коласа, якога я ведаў з 1921 па 1930 год)
Артыкул
Аўтар: Міхайла Грамыка
1962
Крыніца: Грамыка, М. Родная пушча: П'есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты / Уклад. С.П. Шушкевіч; аўтар прадм. С.С. Лаўшук. - Мн.: Маст. літ., 1987. - с. 368

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Увосень 1921 г. група беларусаў, большасць настаўнікаў, пераехала з Адэсы ў Мінск. Частка з іх былі бежанцы. Яны да першай вайны з немцамі жылі і працавалі на Беларусі. Але былі і такія, што ўжо даўно абаснаваліся ў Адэсе. Я, напрыклад, пасля Маскоўскага універсітэта ў 1911 годзе адразу пачаў працаваць у Адэсе. Падняліся мы з Адэсы па закліку ВЦВК Бел. ССР, якая за год да таго была вызвалена ад белапалякаў. Сталіца Савецкай Беларусі, калі мы ўехалі ў яе, насіла яўныя сляды нядаўніх боек. Але закіпала ўжо новае жыццё. Недаруйнаваныя будынкі хутка прыстасоўваліся да новых савецкіх устаноў. У былым архірэйскім доме, напрыклад, размясціўся Нарком асветы (Наркомпрос) і Інбелкульт. У гэтым будынку я ўпершыню ўбачыў і пазнаёміўся з абодвума слаўнымі пісьменнікамі нашымі.

Якуб Колас прыехаў пазней за нас адкулься з Пермшчыны ці з Валагодчыны, дзе ён настаўнічаў. Мімавольна раўнаеш, супастаўляеш гэтых двух «перш-настаўнікаў» нашай мовы і літаратуры.

Вось першае ўражанне. Янка Купала. Добра скроеная піджачная пара, дагледжаныя батфорты. Не ведаючы, можна было прыняць за маладога ляснічага, агранома, раённага партработніка, які вось толькі-толькі злез з сядла.

Якуб Колас. З першага зроку «асядаў» у памяці, як тыповы, «праконаны» народны настаўнік. Гэта невялічкая бародка, вусы, пад якімі магла хавацца нязлобная ўсмешка, шырокі лоб і погляд, які быццам углядаецца, быццам пытае цябе: што ты, маўляў, за чалавек, якія твае «познания» ў навуках і што ты ёсць наогул. А далей, у жыцці, у грамадзе — лёгкая іронія, пастаянны, але не рэзкі, тонкі гумар. І разам з тым—свядомасць аб сваім значэнні, тая рыска гонару, якая характарызавала «салідных» прадстаўнікоў зямельна-лясных насельнікаў.

Стаўлю паралелі далей. На вечарынках у каго-небудзь або часцей у тым ці іншым доме Янка Купала выглядаў «свецкім» кавалерам: танцаваў, быў «цэнтрам» жаночага кола. Якуба Коласа я не бачыў у танцах. Хутчэй яго можна было паслухаць, калі ён забаўляў дзяцей сваімі кароценькімі здарэннямі-анекдотамі. Найбольшай папулярнасцю карысталіся: «У лесе нешта свісціць» і «А той, хто над намі». Не ведаю, ці выдадзены коласаўскі зборнік «смешных» баек-анекдотаў. А варта было б. «Костусь», як звычайна называў Коласа яго дзядзька, быў умелым пераказчыкам, асноўнай «манерай» якога павінна быць абсалютная сур’ёзнасць у перадачы самых смешных момантаў.

Якуб Колас прывёз з сабой у Мінск салідную сям’ю. Сям’я і заставалася той пачатковай ячэйкай, у якой знаходзіў і адпачынак, і ціхамірнае натхненне наш пісьменнік. Прыхільнасць да сям’і выразна выявілася ў стылі яго «двара», яго жылля. Трэба адзначыць, што ў той час Мінск адбудоўваўся вельмі павольна. Не кожны адказны работнік сяліўся ў дзяржаўнай кватэры. Хто меў хоць малую магчымасць, прымушаны быў абзаводзіцца «ўласным» домам. Янка Купала, геолаг прафесар Мікалай Бліадухо і іншыя будаваліся або куплялі гатовыя кватэры з невялікім садам пры доме. Я. Колас дом сабе пабудаваў па свайму плану, па свайму густу. Так і пахла хвояй ад падабраных адзін у адзін ствалоў двухпавярховага будынка! Знадворку дом не быў ні ашалёваны, ні афарбаваны. Таксама свежымі былі і сцены ўсіх пакояў. Як мог сын лесніка «заклеіць» дарагія сэрцу па дзіцячых успамінах жоўценькія бярвенні!

Пісьменнік не рысаваў сам сябе «бабылём». Жыллё сваё ён спланаваў на значны перыяд сумеснага жыцця з сваімі сынамі, з усёй сям’ёй. У доме Коласа я не памятаю ані «гасцінай», ані кабінета. Затое вельмі ясна ўздымаецца ў памяці светлая сталовая на другім паверсе. Вельмі даўгая, на ўсю шырыню дома, яна прызначалася прымаць за сваім сталом не толькі ўсё сямейства, але і значную колькасць гасцей. Гэты асноўны пакой быў месцам і працы, і харчавання. Тут, за ўмесным доўгім сталом, Колас прымаў прыяцеляў, моладзь, пісьменнікаў; тут можна было наглядаць абодвух нашых літаратурных старшынь за шахматным полем. І яшчэ адзін пакойчык памятны. Падымаючыся па свежых, нефарбаваных прыступках унутранай лесвіцы, можна было бачыць, калі дзверы не прычынены, невялікі, але светлы пакойчык — першага сына, Данілы, у той час яшчэ невялічкага хлопчыка. «Двор» Я. Коласа займаў не малы ўчастак у верхнім нагорным кутку Гарадскога парку. Фруктовыя дрэвы цяснілі амаль увесь пляц і былі пасаджаны да Коласа. Але і новы гаспадар прыклаў значную долю энергіі, каб прыдаць саду належны выгляд.

Апрача самога двухпавярховага дома, непаўторнай асаблівасцю коласаўскага «двара» была салідна складзеная бярвенчатая лазня-пральня, свайго роду «унікум». Яна сведчыла аб тым, што дастаслаўны пісьменнік не забыўся ў сваіх гаспадарчых планах аб клапатлівай сямейнай адказнасці сваёй вернай спадарожніцы Марыі Дзмітраўны. Лазня-пральня стаяла ў дальнім куту саду. Мылася ў ёй уся сям’я, а часам і «госць», якому не жадалася ісці ў гарадскую лазню, у той час вельмі слаба прыстасаваную.

Вось у такой абстаноўцы шырокай гасціннасці і сямейнага ўкладу, якія меркаваліся пісьменнікам на доўгія гады, выходзілі першыя манументальныя творы Якуба Коласа, паэмы «Сымон-музыка» і «Новая зямля».

Беларуская грамадскасць чакала гэтыя творы, чытала іх з вялікім інтарэсам. І досыць дзіўна было, што з-пад пяра такога знадворку прытульнага, захаванага «народнага настаўніка» з’яўляліся ў свет вольныя рыфмаваныя ў народным гусце пералівы або празаічныя старонкі, ад якіх так ішоў пах лесу і поля. Былі, праўда, і крытычныя заўвагі. Аўтар гэтых радкоў, які ў той жа, прыкладна, час заканчваў свае паэмы — «Крылан» і «Леснічанка», выказваў свой погляд на «Сымона-музыку» непасрэдна самому «дзядзьку Костусю». Крытык бачыў асноўны літаратурны недахоп у залішняй расплыўнасці паэмы, у паўторнасці малюнкаў прыроды і ўражанняў хлопчыка-героя. Якуб Колас не спрачаўся, не бараніў сваё творчае «дзіця», у вобраз якога было ўкладзена столькі душэўных эмоцый! Колас мог бы «асадзіць» крытыка, накіраваўшы яго ўвагу на ўласныя паэмы, з якіх «Крылан» мела значныя недахопы. Бясспрэчна, такая пагардлівасць з майго боку не магла не выклікаць пэўны «халадок» у нашых узаемаадносінах. Але Колас ніколі не крытыкаваў маіх твораў ані ў друку, ані вусна. Ён шанаваў «маладога» пісьменніка (па нараджэнню я ўсяго на тры гады маладзейшы за Якуба Коласа) і заставаўся верным надпісу на сваім фотаздымку ад 15/V-1922 г.: «На добрую памяць дарагому брату-беларусу ад Якуба Коласа».

У 30-м годзе мы назаўсёды разышліся, і я не меў ужо магчымасці блізка наглядаць жыццё і творчасць дастаслаўнага земляка.

1962 г.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.