Пра коласаўскую «Новую зямлю»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пра коласаўскую «Новую зямлю»
Артыкул
Аўтар: Адам Бабарэка
1929
Крыніца: Узвышша, 1929, №3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Умовы, у якіх стваралася „Новая Зямля“, вымагалі ад мастацтва паказу сялянскага жыцьця і яго „няпрыкметных“ гэрояў. Гэтыя ўмовы вымагалі ад літаратурнага мастацтва адказу на пытаньне, што–ж такое беларус, што такое той, хто дамагаецца права быць чалавекам у грамадзе (разумеючы гэта ў нацыянальным сэнсе). Адказам на яго і мусіла быць „Новая Зямля“.

Але ёй не ўдалося быць закончанаю ў той час, калі гэтыя вымогі стаялі востра перад беларускаю літаратураю. „Новая Зямля“ вышла ў сьвет ужо ў рэвалюцыйны час. І гэта не магло не адбіцца на характары тых уражаньняў, якія яна зрабіла.

______________

Тое пакаленьне, што было равесьнікам аўтара, што разам з ім дамагалася для беларусаў права „людзьмі звацца“, сустрэла „Новую Зямлю“ з надзвычайным захапленьнем. Яе аўтара яно называла нават сваім геніем.

Гэтаму ўражаньню ўтуравала і тое, якое зрабіў гэты твор на некаторых прадстаўнікоў расійскай народнасьці на Беларусі. Яны паставілі яе высока як матар’ял для дэтальнага азнаямленьня з Беларусьсю як этнаграфічнай самабытнай адзінкай.

Зусім іначай паставілася да „Новай Зямлі“ моладзь. Яна прыняла яе з некаторым халадком. Актуальнасьць паказу на тэму „што такое беларус“ для яе мінулая. Яна, усьвядомленая і нацыянальна, і сацыяльна, ставіла перад літаратурай новыя задачы, на якія ў „Новай Зямлі“ не знаходзіла адказу, і таму называла яе старою.

Цікава, што тая плынь сярод моладзі, якая шчыльна была зьвязана з адраджанісцкім кірункам, таксама, відаць, ня зусім ёмка адчувалася за „Новую Зямлю“ перад сучаснасьцю, бо ўзялася была перадусім апраўдваць Коласаў твор у вачох гэтай сучаснасьці, фактычна ў вачох маладога яе крыла. Яна, відаць, не магла не адчуваць некаторай дысгармоніі між патрабаваньнямі прадвесьнікаў новай эпохі і тым кірункам, які прадстаўляла сабою „Новая Зямля“.

_____________

Аднак, якое–б рознастайнае ўражаньне ні рабіла яна на розныя групы і групоўкі ў непасрэдным (чытацкім) да яе дачыненьні, „Новая Зямля“ ёсьць факт вялікай важнасьці ў гісторыі беларускай літаратуры. Гэта важнасьць вымяраецца яе дачыненьнем да папярэдніх твораў беларускай літаратуры. Гэтае–ж дачыненьне дае „Новай Зямлі“ пэўнае месца ў сыстэме паняцьцяў аб беларускай літаратуры.

Да „Новай Зямлі“ ў беларускай літаратуры пераважалі т. зв. малыя жанры, якія давалі мастацкія малюнкі жыцьця ў яго эпізодах. „Новая Зямля“ ў гэтым разрэзе твор монумэнтальны. Яна ахоплівае ўжо не адзін які эпізод, а дае цэлую карціну жыцьця. Да таго–ж у беларускай літаратуры да „Новай Зямлі“, як і ў творчасьці самога Я. Коласа, пераважала лірычнае ўцелаўленьне вакольнага сьвету. „Новая Зямля“ дае спробу апавядальнага жанру вершам, дзе за гэроя выступае не „я“ поэты, а цэлая сям’я (у часе: ад маленства і да сьмерці). Гэта спроба ўносіць свае корэктывы ў паняцьце „поэмы“, якое было выснавана на ўзорах клясычных ці то рамантычных. „Новая Зямля“ прадставіла сабою поэму, т. ск., сямейную, падобна да таго, як Янкі Купалы „Раскіданае Гняздо“ зьяўляе драму сям’і. У гэтым разрэзе яны адна да другой падобны. „Новая Зямля“ хутчэй аўтабіографічны вершаваны раман сялянскай сям’і ці, праўдзівей, і не раман, а сямейная, альбо фамільная, хроніка.

_______________

Яна і пабудована на ўзор хранікальнага апавяданьня пра жыцьцё–быцьцё аднае сям’і, як яно ішло ў звычайным парадку. Узорам будовы „Новае Зямлі“ ёсьць гісторыяграфія з навочнымі малюнкамі і ілюстрацыямі, з яе казачным спакоем і ціхаю плаўнасьцю ў апавяданьні.

_______________

Гэта вызначае ўжо і тую поэтычную культуру, якая прадстаўлена „Новаю Зямлёю“. Апроч зазначанай статычнасьці, для „Н. З.“ характэрна аднатоннасьць і павольнасьць у рытме. Яшчэ што характэрна для гэтай культуры, дык гэта натураграфічнасьць апавяданьня пра здарэньні вакольнага быцьця, выстаўленьне іх напаказ ці то як зьяў адмоўнага парадку (як у творчасьці Я. Купалы), ці то як праяў станоўчых (як гэта ёсьць у Я. Коласа).

І ў гэтым дачыненьні „Н. З.“ зьяўляе сабою як–бы паўтарэньне поэтычнай культуры суседніх народаў часоў іхняй клясычнасьці. Нядарма „Н. З.“ крытыка прыраўновае да „Евгения Онегина“ Пушкіна ці да „Пана Тадэуша“ А. Міцкевіча.

Апісальны момант у „Н. З.“ домінуе і падпарадкуе сабе рэшту апавядальных элемэнтаў. Дыялёг або рэпліка або аўтаравае лірычнае выказваньне найчасьцей толькі ілюстрацыя да апісальных палажэньняў. Гэта ўласьціва для культуры поэтычнай статыкі, якая мае за канчатковы ідэал паказ рознастайнасьці і шматвобразнасьці перажытага як жывое і дзейнае ўяўленьне. Нядарма аўтар „Новай Зямлі“ ў сваім творы часта зварочваецца з сваімі лірычнымі выказваньнямі да ўяўнага, як да жывое істоты.

_______________

Такая культура вымагае адпаведнага і таленту. І тая постаць, што прадстаўлена „Новаю Зямлёю“, — сапраўды сваеадменны і цікавы талент з тых, што ўзрасьлі на „Нашай Ніве“. Праўда, ён мае свайго папярэдніка ў асобе Янкі Лучыны (Івана Няслухоўскага), але гэта ніколькі не зьмяншае яго самабытнасьці, тым больш што яго папярэднік выявіўся толькі, т. ск., у эмбрыёнальным выглядзе.

Талент, прадстаўлены „Новаю Зямлёю“, ёсьць талент надзвычайна вострага і сьвежага аднаўленьня мастацкім словам усяго таго, што калі наглядалася ці перажывалася ім. Прычым аднаўляе гэты талент звычайна ў 3–й асобе, што становіць гэтае аднаўленьне эпічным. Таленты, якіх прадстаўляе „Новая Зямля“, мацней перажываюць сьвет ва ўяўленьнях, чым у непасрэдным да яго дачыненьні, а гэта кладзе пэўны адбітак і на іх творах.

_______________

Таму характару, які мае „Новая Зямля“, канечне, спрыяла яшчэ і тая ідэялёгія, якая знайшла ў творы сваё ўцелаўленьне. Існасьць яе, калі казаць каротка, у наступным.

Тыя, каго пануючая кляса ня лічыць за людзей і не вызнае за імі права быць гэткімі, для сябе людзі, і людзі пэўнай культуры. Гэтыя людзі ня толькі існуюць, яны ня толькі быдла ў вачох паноў, яны і жывуць, а жывучы, і мысьляць, і дзейнічаюць як умеюць, абы вызваліцца адзалежнасьці пануючага стану. Праўда, усё жыцьцё іх ідзе на гэтае змаганьне за вызваленьне і без жаданых скуткаў: ім не даводзіцца бачыць сьветлай тэй часіны, аб якой яны мараць; вольнага жыцьця яны так і ня бачаць. Яны ўсё сваё жыцьцё ў дарозе па гэтае шчасьце, і ў гэтым падарожжы лёс ім ручыць толькі зьмену форм залежнасьці (пана–князя на гаспадзіна–банка). „Новая Зямля“ — гэта нішто іншае, як новая форма залежнасьці на жыцьцёвым шляху. А яны так любяць жыцьцё, зямлю, працу, любяць свае звычаі, абрады і песьні. Адным словам, яны надзвычай сымпатычныя людзі, высокай духовай культуры. Яны адным сваім унутраным зьместам заслугоўваюць таго, каб мець сваё пэўнае месца на гэтай любай ім зямлі і жыць людзьмі–гаспадарамі, а не вандроўнікамі–паслугачамі. Вось у сьціслым выглядзе той сьветагляд, які выражае сабою „Новая Зямля“. Яна паказвае, што такое Беларусь у яе сялянскім стане ва ўмовах капіталістычных форм гаспадараньня на зямлі, і гэтым адказвае на пытаньне, якое ставілася яе эпохаю.

_______________

Гэта падказвае ўжо і сацыяльнага аўтара „Новае Зямлі“. Ён, канечне, тая сацыяльная група, што выйшла ў сьвет з сялянства і стала прадстаўляць яго ўжо ў іншым — ад таго, з якога выйшла, — асяродзьдзі ды паказваць зьмест сялянскіх „сьвежых крыніц“ гэтаму сьвету. Гэта тая група, што ходам гісторыі вымушана была ўзяць на сябе ролю, т. ск., „сялянскага хадатая“ перад моцнымі сьвету, абараняць яго як носьбіта адменнай нацыянальнасьці ды дамагацца яму чалавечых правоў. Такою групаю была група нашаніўскіх адраджаністых у іх сялянскай паўпралетарскай адмене (бо былі і шляхоцкія, і рамесьніцкія, і рабочыя). Для гэтай плыні сацыяльнае стаяла, бадай, вышэй за нацыянальнае, прынамсі, другое вызначалася першым і ставілася ня так востра, як у тэй групе, што йшла ад шляхты. Яна будавала сваю так літаратурна–мастацкую, як і сацыяльна–палітычную праграму на грунце вывучэньня і пазнаньня станоўчых пачаткаў і ўнутраных магчымасьцяй сялянства як сацыяльнай катэгорыі. Вынікам такога дасьведчаньня зьявілася „Новая Зямля“.

______________

Чытацка–ж „Новая Зямля“ настроена, як твор школьна–інтымнага чытаньня. Яна мацней дзейнічае ў абстаноўцы інтымнага чытаньня. Тады яна робіць уражаньне, быццам сам аўтар з табою гаворыць і апавядае табе самае замілаванае і любае для яго ды апавядае так, як–бы апавядаў настаўнік або наогул старэйшы хто ў сям’і малодшым з адзіным жаданьнем выклікаць замілаваньне больш да таго, пра што апавядаецца, ніж да самога апавяданьня.

______________

Крытыка перад „Новай Зямлёй“ ня выканала яшчэ тых абавязкаў, якія ўскладзены на яе гэтым творам. Яна яшчэ дакладна не ўстанавіла, у якім дачыненьні знаходзіцца „Новая Зямля“ да твораў, што прадстаўляюць клясычную пару ў разьвіцьці літаратур суседніх народаў і ў першую чаргу літаратуры расійскай, а таксама не дасьледавала, якую ролю адыгрывае „Новая Зямля“ цяпер у розных чытацкіх групах. Будзем спадзявацца, што з дапамогаю чытача яна разьвяжа задачы, якія перад ёю ставіць „Новая Зямля“.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.