Перайсці да зместу

Пратэст Беларускай арганізацыі «Прасьвета» (1926)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пратэст Беларускай арганізацыі «Прасьвета»
Дакумант

1926 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі Голас», № 25, 30 верасьня 1926 г., б. 1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пратэст Беларускай арганізацыі „Прасьвета“.

Агульна ведамым фактам зьяўляецца жабрачае істнаваньне беларускай сярэдняй школы, 4 істнуючыя беларускія гімназіі, ўтрымоўваюцца са складок і ахвяр беларускай інтэлігенцыі і сялянства. Як першая так і другое паміж сябе ня маюць багачоў. А сярод заможнай клясы—мяшчанства — нацыянальна сьвядомага элемэнту мала. І вось у сэнсе матар‘яльным гэныя гімназіі стаяць так дрэнна, што па просту дзіўным зьяўляецца тое, што яны працуюць. Але паміма гэтых нязвычайна цяжкіх матар‘яльных абставінаў, аграмадную ролю іграюць труднасьці фармальнага характару, якія ўсьцяж ставяцца ўладамі, так школьнымі як і агульна-адміністрацыйнымі. Пры такіх абставінах асьветная праца ў гэтых інстытуцыях адбываецца ў атмасфэры, якую могуць сьцярпець толькі працаўнікі, здольныя на геройскую ідэёвую ахвярнасьць і безкарыснасьць. Маючы гэта на ўвазе Беларускі Зьезд, які адбыўся ў Вільні 27-28 чэрвеня с. году пастанавіў прасіць улады аб выдаваньні памянёным навуковым установам сталых субсыдыяў. Здавалася-б, што ў часе агульнае санацыі дзяржаўнага жыцьця не павінны б ужо мець месца дасюль практыкаваныя ў адносінах да беларускіх гімназіяў фармалістычныя перасьледаваньні і тамаваньне жабрачага жыцьця гэтых 4-х, з гэткім высілкам ўтрымоўванных праз грамадзянства навуковых устаноў. Ня час і на тасаваньне самауладзтва цяпер, калі на чале дзяржаўнага ўраду стаіць польская дэмакратыя з вялікім лёзунгам роўнасьці і волі для ўсіх на сваім сьцягу.

Нажаль, відавочна хваля агульнае санацыі яшчэ не дакацілася да нашых нешчасьлівых „Крэсаў“. Бо вось надовячы куратар брэскай школьнай вакругі п. Бобка пачаў школьны год з таго, што адмовіў аднаўленьня канцэсіі на вядзеньне Клецкай Беларускай гімназіі канцэсыёнэру — старшыні Т-ва „Прасьвета“ А. Якімовічу, выстауляючы старыя вымаганьні характару неістотнага, а чыста фармальнага, пры тым такія, якія некалі, нат урады п. Ст. Грабскага, прызналі за такія, якія можна часова прызнаць неканешнымі да выпаўненьня. Гэты паступак п. Куратара пагражае ліквідацыяй аднэй з 4-х культурных устаноў, абелугоўваючай некалькі паветаў Наваградчыны і Піншчыны і стварае небясьпеку вядзеньня культурна-асьветнай працы ў гэткім вялікім раёне.

У гэтай справе Беларускае Таварыства „Прасьвета“ злажыла мэмарыял да п. Міністра Асьветы яшчэ ў пачатку г. месяцу і зьмясьціла пратэст у найбольш паважных часопісях польскай дэмакратыі, як „Kurjer Wileński“, „Nowy Kurjer Pilski“ і „Głos Prawdy“. Аднак-жа да гэтага часу ані на апінію дэмакратычных органаў польскай прэсы, ані на мэморыял „Прасьветы“, відаць, Міністэрства Асьветы ўвагі не зварачвае, бо в. аб куратара п. Бобка ў далейшым працягу робіць перашкоды і нават адмаўляе ў канцэсіі для гімназіі. З гэтых прычынаў Беларуская Нацыянальная Рада солідарна з Беларускім Таварыствам „Прасьвета“ зноў рашуча пратэстуе проціў паходу на Клецкую Беларускую Гімназію і зварачвае гэты свой пратэст да шырокіх кругоў Польскай Дэмакратыі.

А. Паўлюкевіч

Старшыня Беларускай Нацыянальнай Рады.

А. Якімовіч

Старшыня Ураду „Прасьветы“.

Б. Друцкі-Падбэрэскі

Старшыня Нагляднай Рады „Прасьветы“