Прамова на 51-м пасяджэнні сойма 26 чэрвеня 1923 года пры абмеркаванні закону аб амністыі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Прамова на 51-м пасяджэнні сойма 26 чэрвеня 1923 года пры абмеркаванні закону аб амністыі
Прамова
Аўтар: Браніслаў Тарашкевіч
1923 год


Высокая Палата! Край наш, літоўская і беларуская зямля, на працягу апошніх 8—9 гадоў быў сведкам вялікіх гістарычных падзей: падзення царызму, хвалі нямецкай навалы, часовых урадаў на Віленшчыне, прыходу бальшавікоў адзін раз, прыходу бальшавікоў другі раз. Мы былі відавочцамі розных польскіх урадаў — Часовай Управы Усходніх зямель, затым г. зв. Сярэдняй Літвы, а цяпер знаходзімся ў Польскай Дзяржаве — Рэчы Паспалітай Польскай. Насельніцтва, якое, як ніякае іншае пакаленне, бачыла столькі палітычных змен, столькі важных гістарычных падзей, пачало думаць палітычна, а пачуўшы заклікі да самавызначэння народаў, заклікі, кінутыя не якімісьці там, як вы іх называеце, бальшавіцкімі дэмагогамі, але тымі сіламі, што прычыніліся да ўзнікнення і вызвалення Польшчы, г. зн. Вільсанам і вялікімі дзяржавамі, насельніцтва гэтае пачало самавызначацца, пачало праяўляць свае імкненні ў гэтым напрамку. Зразумела, што ў такой сітуацыі ўзнікалі шматлікія канфлікты паміж народамі, што пражываюць на гэтых землях. Гэтым канфліктам паміж польскім народам, не скажу народам, паміж польскім урадам і беларускім рухам і літоўскім дзяржаўным рухам спрыяў у пэўнай ступені, а магчыма, і ў значнай меры, той узнёслы, высакародны лозунг, які несла польскае войска, а менавіта: «Вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі!» Гэты дэвіз быў нічым іншым, як толькі заклікам да самаакрэслення народаў. Тое самае абвяшчаў і вядомы зварот галоўнакамандуючага Пілсудскага. Аднак жыццё выявіла ілжывасць усіх гэтых заклікаў. З аднаго боку, яно выявіла ілжывасць дэкларацыі Вільсана, даказаўшы, што толькі са зброяй у руках і сілай аружжа можна здабыць права на самавызначэнне, што словы, фразёрства нічога яшчэ не азначаюць. З другога боку, жыццё паказала, з болем сцвярджаю, усю ілюзорнасць польскага закліку «Вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі!», бо мы ўбачылі не здзяйсненне гэтых лозунгаў, а зусім што іншае: магчыма, бяспланавую, быць можа, стыхійную акцыю сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. На гэтым фоне ўзнікае мноства канфліктаў, на гэтым фоне ўзнік парыў, стыхійны ўздым патрыятычнай барацьбы за незалежнасць. Безумоўна, у большасці выпадкаў, а што да беларускага руху, то, быць можа, і ўвогуле, такая дзейнасць не знаходзіла адпаведнага грунту. Таму беларускі народ падзялілі чужыя дзяржавы, чужыя народы.

Але, як бы там ні было, прыходзіцца лічыцца з тым, што ў час самавызначэння народаў, у тую часіну, калі вызначаліся высокія ідэалы, беларускі народ таксама стварыў свой ідэал дзяржавы, і ў яго з’явіліся тэндэнцыі да самастойнага жыцця.

Перш чым судзіць тых ці іншых беларускіх дзеячоў, тыя ці іншыя палітычныя плыні, тых ці іншых людзей, трэба, панове, добра сабе ўсвядоміць тыя гістарычныя ўмовы, тыя грамадскія ўмовы, тыя абставіны, выкліканыя барацьбой суседніх народаў, сярод каторых развіваліся гэтыя беларускія плыні і на арэне якіх выступалі паасобныя дзеячы. Тады паны пераканаюцца, што ўсе гэтыя людзі, якім прыпісваюць дзяржаўную здраду, якіх, магчыма, абвінавачваюць у шпіянажы і іншых рэчах, што яны ў сваёй дзейнасці кіраваліся патрыятычнымі матывамі, г. зн. тымі самымі матывамі, з якіх зыходзілі і ўсе тыя героі барацьбы за незалежнасць Польшчы, якія, абапіраючыся часова на Аўстрыйскую дзяржаву, стваралі польскія легіёны — аснову будучай польскай арміі, якая вызваліла Польшчу і прычынілася да яе ўмацавання і ўтрымання.

Беларусь, беларускія землі падзялілі, надзеі беларускіх дзеячоў да гэтага часу не здзейсніліся. Але, панове, хіба можна асуджаць усіх ідэйных людзей, якія імкнуліся да незалежнасці? Ваша сумленне, ваша гісторыя павінны сказаць: «Не!» І вельмі правільна тое, што ў сувязі з прызнаннем усходніх граніц ўрад выступіў з праектам амністыі. Амністыя, слова, якое азначае «забыццё», гэта азначае аддаць забыццю ўсё тое, усе палітычныя змаганні, звязаныя з устанаўленнем гэтых граніц. На жаль, аднак, гэтая амністыя не стала забыццём, не стала амністыяй, бадай гэта будзе, адкінуўшы літару «а» — «мністыя», ліхая «памяць» пра ўсе злачынствы, якія мелі месца падчас барацьбы Польшчы за ўсходнія граніцы.

У 3 арт. пад літарай «а» чытаем: «Не падлягаюць амністыі шпіянаж і іншыя каральныя дзеянні на шкоду Польскай і карысць чужой дзяржавы або ў змове з асобай, якая дзейнічае на карысць чужой дзяржавы». Не ведаю, ці задавалі паны сабе такое пытанне, але я запытаюся, прашу толькі смела сказаць мне, які палітычны рух, накіраваны на ўтварэнне ўласнай дзяржавы, на адрыў тэрыторыі, не быў звязаны, не абапіраўся на іншую дзяржаву. Пан усміхаецца, дык я скажу: А легіёны, хіба не абапіраліся яны на мілітарную сілу цэнтральных дзяржаў, асабліва на сілу Аўстрыі? А хіба ў Расіі, ствараючы розныя камітэты, вы не абапіраліся на Расію?

Ходзіць многа непрыемных пагалосак пра асобу Міністра Замежных Спраў, не хачу іх паўтараць, не мая гэта справа, але, як бы там ні было, мы маглі б назваць шэраг фактаў, калі група, якая дзейнічала ў пагадненні з Антантай, дзейнічала таксама і на карысць Антанты. І ніякага злачынства ў гэтым не бачылі. Таму прымяненне арт. 3 п. «а» ў дачыненні да перадавых дзеячоў, можа, толькі за невялікім выключэннем спраў другарадных, звядзе на нішто ўвесь праект аб амністыі, і калі ён будзе прыняты, будзем ведаць, што для беларусаў няма ніякай амністыі. Дык каму гэта прынясе карысць? Мяркую, што аддаць забыццю барацьбу — не скажу віну беларусаў, бо гаворка тут не аб памілаванні, хто вінаваты, не ведаю, гісторыя рассудзіць,— мяркую, што забыццё і ў інтарэсах дзяржавы, і ў інтарэсах беларусаў, якія хацелі б засыпаць прорву, што пралажыла гісторыя паміж польскім і беларускім народамі, а да паглыблення якое прычыніўся царскі ўрад.

З увагі на гэта яшчэ раз падкрэсліваю, што беларускі рух, беларускія дзеячы не просяць ласкі ў Заканадаўчай Палаты, а забыццё канфліктаў ляжыць у інтарэсах абодвух бакоў. І на гэтай падставе будзем галасаваць за папраўку, унесеную пас. Лібэрманам, якая належным чынам адлюстроўвае нашы імкненні ў гэтым напрамку.