Прамова на 181-м пасяджэнні сойма 27 лютага 1925 года пры абмеркаванні закону аб чужаземцах

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Прамова на 181-м пасяджэнні сойма 27 лютага 1925 года пры абмеркаванні закону аб чужаземцах
Прамова
Аўтар: Браніслаў Тарашкевіч
1925 год


Законапраект аб чужаземцах, несумненна, з шэрагу тых праектаў, якія апошнім часам называюць санацыйнымі ў адносінах да г. зв. «усходніх крэсаў» і ў гэтым сэнсе ён вельмі характэрны, бо паказвае, як урад мяркуе саніраваць стасункі на «ўсходніх крэсах», з якога боку прыступае да гэтай санацыі. Трэба сказаць, што ўрад нязменна трымаецца пазіцыі: «Спачатку ўціхаміранне, а потым рэформы», спачатку супакоіць, і толькі пасля гэтага могуць наступіць рэформы, г. зн. трымаецца пазіцыі, на якой стаяў Сталыпін і якая давяла царскую Расію да катастрофы.

Панове, унесены закон аб чужаземцах трактуе аб тым, хто павінен быць выкінуты за мяжу толькі на падставе вывадаў надзеленых шырокімі правамі старостаў, ваяводаў, наогул адміністрацыйных улад. І прыходзяць з гэтым законам тады, калі, па сутнасці, дакладна не вядома, хто з’яўляецца грамадзянінам Польскай Дзяржавы. Праўда, існуе закон аб польскім грамадзянстве з 20 студзеня 1920 г., але жыццё паказала, што закон гэты з’яўляецца не толькі парушэннем Версальскага трактату, як-ніяк абавязковага і для Польшчы, а і тое, што ён аніяк не вытрымлівае жыццёвай практыкі. Як выглядаюць прававыя асновы грамадзянскай прыналежнасці ў Польшчы? На ўсходніх землях да таго, як саюзныя дзяржавы прызналі ўсходнія граніцы, у нейкай меры такой асновай быў Рыжскі трактат. Паводле яго, многім жыхарам усходніх зямель можна было адмаўляць у польскім грамадзянстве таму, што трактат гэты дазваляе патрабаваць ад пэўнай катэгорыі людзей фармальнага запісу ў саслоўныя кнігі. Безумоўна, прычынялася б крыўда і шкода мясцоваму насельніцтву, якое жыло там ад дзеда-прадзеда. Але ўрэшце да моманту прызнання ўсходніх граніц можна было каменціраваць гэтую справу такім чынам, што ўрад, як бы там ні было, мае нейкую матывацыю сваёй дзейнасці. Пасля прызнання ўсходніх граніц саюзнымі дзяржавамі на ўсходніх землях павінен быў абавязваць Версальскі трактат і ніякі іншы закон не павінен быў яму супярэчыць, бо такімі былі абавязацельствы, узятыя на сябе Польшчай пры падпісанні Версальскага трактату. Дык вось. Аказалася, што польскі ўрад па-ранейшаму кіруецца Рыжскім трактатам і далёка не ўсё прызнае ў Версальскім трактаце. А не прызнае дзве асноўныя рэчы, дзве рэчы, якія на працягу стагоддзяў лічыліся свяшчэннымі ў міжнародным праве, менавіта, што на тэрыторыях, далучаных да дзяржавы ў выніку вайны, грамадзянская прыналежнасць вызначаецца перш за ўсё на падставе фактычнага пражывання і нараджэння ад бацькоў, што жывуць у дадзенай мясцовасці.

З Версальскім трактатам здарылася надзвычай цікавая і характэрная рэч. Тут польскі ўрад учыніў — не магу знайсці лепшага слова — пэўны падлог. Менавіта перакладаючы абавязковы французскі тэкст, дзе было запісана: пражываючыя — domiciliés, адзін раз перакладае як «пражываючыя», другі раз — як «пастаянна пражываючыя». Польскі ўрад стварыў новы, несанкцыяніраваны саюзнымі дзяржавамі і міжнародным правам тэрмін «пастаянна пражываючыя». Абапіраючыся на гэты самавольна створаны тэрмін, на свой адвольны пераклад, польскія ўрады нязменна адмаўлялі ў польскім грамадзянстве тым людзям, якія ў палітычных адносінах былі непажаданымі для адміністрацыі. Але, на шчасце, справа трапіла — у сувязі з грамадзянамі нямецкай нацыянальнасці — у такі кампетэнтны орган, якім з’яўляецца Гаагскі трыбунал. Гаагскі трыбунал у нямецкім пытанні недвухсэнсава растлумачыў, што азначае тое domicile, тыя domiciliés. Гэта не мае таго значэння, якое прыпісваецца ім польскім урадам. Пражываць зусім не азначае быць фармальна запісаным у якія-небудзь саслоўныя кнігі і само сабой зразумела, што заканадаўца, калі пісаў Версальскі трактат, і паняцця не меў аб падобных запісах і кнігах, ну, a domicilium (месцапрабыванне) азначае фактычнае пражыванне на пэўнай тэрыторыі. І польскі урад, праводзячы ў гэтай справе перамовы з Нямеччынай, мусіў прызнаць слушнасць пазіцыі Гаагскага трыбуналу, і сёння, у сувязі з маніпуляцыямі адміністрацыі на «крэсах», асабліва на г. зв. «усходніх», трэба сказаць, што ў пытанні аб грамадзянстве Рэчы Паспалітай Польшчы не выконвае пастаноў Версальскага пагаднення, на якім, дарэчы, хоча абгрунтаваць сваё існаванне. Словам, польскія ўрады падважаюць той фундамент, на якім хочуць будаваць свае прававыя адносіны.

Так выглядае прававое становішча на сённяшні дзень. Праўда, у часы Міністра Унутраных Спраў п. Губнэра і Віцэ-міністра п. Дуткевіча быў такі момант, калі менавіта п. Дуткевіч хацеў праявіць лібералізм, зрабіць пэўныя ўступкі проста ў імя жыцця. Меліся на ўвазе пэўныя палёгкі для тых «несапраўдных» жыхароў, а па сутнасці польскіх грамадзян, пры атрыманні імі таго польскага грамадзянства. Але гэтыя вельмі скромныя пачынанні мала што дапамаглі, і фактычны стан рэчаў застаецца такім, якім і быў. Менавіта: многія людзі пазбаўлены грамадзянства і выкінуты за бальшавіцкую мяжу. У гэтым годзе я жыў на граніцы і бачыў тое сапраўднае пекла, якое там адбывалася. Амаль кожны божы дзень паліцыя адпраўляла кагосьці ноччу на граніцу і выкідала на той бок. Бальшавікі не прымалі, бо не было падстаў прымаць, і адсылалі няшчаснага зноў на польскі бок. Тут ізноў выкідалі, і так па некалькі разоў. Урэшце гэтых людзей або нехта падстрэльваў з польскай паліцыі ці бальшавіцкай — я знаю шмат такіх выпадкаў пры пераходзе граніцы,— або пасля доўгай адсідкі ў адміністрацыйным арышце яны зноў вярталіся да сябе.

Пазбаўлена грамадзянскіх правоў таксама і духавенства. Многія праваслаўныя свяшчэннікі — не ўсе, але вельмі многія, магчыма, нават большасць — паходзяць з мясцовага люду і пражываюць тут з дзеда-прадзеда. У гэтых адносінах усё іх няшчасце ў тым, што яны, як сцвярджае ўрад, не запісаны ў ніякія кнігі. Людзі пацвярджаюць дакументальна, што дзед тут нарадзіўся, што бацька тут нарадзіўся, што самі тут нарадзіліся і вучыліся — нічога не памагае. (Пас. Пятроўскі: «А дакументы сапраўдныя?»)

Другая катэгорыя людзей — гэта тыя, хто меў няшчасце закончыць навучальную ўстанову, ці то сярэднюю, ці вышэйшую, ці нават настаўніцкую семінарыю, асабліва гэтыя апошнія, што закончылі вучыцельскія семінарыі, бяруцца на прыцэл як страшэнныя ворагі польскай дзяржаўнасці — іх з лёгкай душой выкідаюць і з вялікімі цяжкасцямі даюць ім грамадзянства. Бывалі такія выпадкі, калі бацька, сястра, брат усе запісаны ў саслоўныя кнігі, а ў грамадзянстве адмаўляюць якраз таму, што закончыў навучальную ўстанову. Урад тлумачыць гэта так: «Пан закончыў сярэднюю ці вышэйшую школу, выходзіць, меў пан права выпісацца з кніг пастаяннага жыхарства, а калі меў пан права, значыць, пан выпісаўся і мы пана выкідаем». Адміністрацыйная практыка даходзіць да абсурду. Я ўжо неяк упамінаў, што паслы Беларускага і Украінскага клубаў звярнуліся да старостаў з хадайніцтвам аб выдачы ім як польскім грамадзянам пашпартоў, пасведчанняў асобы, а старосты адказалі: «Прабачце, панове, але вы павінны даказаць, што запісаны ў кнігах». Дастаюць пасольскія пасведчанні, паказваюць, нічога не памагае. Бо староста кажа: «Тое, што пан з’яўляецца паслом, не мае значэння, пан павінен даказаць, што пан сапраўды з’яўляецца грамадзянінам Польскай Дзяржавы».

Панове, каб пераканаць вас, дабаўлю, што для таго, каб праверыць усё гэта, я сам звярнуўся ў віленскае староства. Намеснік старосты сказаў мне: «Пан з’яўляецца паслом, але я не магу пану выдаць пашпарт. Пан павінен даказаць, што пан з’яўляецца грамадзянінам». І толькі калі я ўчыніў скандал у старостве (голас: «Навошта рабіў пан скандал?») і спаслаўся на параграф Канстытуцыі аб тым, што толькі польскі грамадзянін можа быць паслом Сойма, староста звярнуўся да падручніка па логіцы, пабудаваў сілагізм, прычым мне прыйшлося памагаць яму ў пабудове гэтага сілагізма, і толькі пасля гэтага ён адказаў так: «Пан сапраўды з’яўляецца грамадзянінам Польскай Дзяржавы». (Голас: «Маеш, пан, галаву!») Дык вось, калі няма законаў аб грамадзянстве, то на якой тады падставе паны міністры прыходзяць з новым дысцыплінарным законам?

Віцэ-маршалак Марачэўскі: Пане пасол, прашу канчаць.

Тарашкевіч: Цяперашні стан з’яўляецца парушэннем трактатаў, а ўнясенне законаў аб чужаземцах супярэчыць наогул усякаму цвярозаму розуму, з якім паны міністры хацелі б — так, прынамсі, яны сцвярджаюць — прыступіць да аздараўлення «крэсаў».

Уношу наступныя прапановы:

1. Сойм пераходзіць да парадку дня па закону аб чужаземцах. (Голас: «Па пану».)

2. Заклікаць урад на працягу аднаго месяца падрыхтаваць новы закон аб грамадзянстве згодна з Версальскім трактатам.