Прамова на 166-м пасяджэнні сойма 4 снежня 1924 года пры абмеркаванні бюджэту міністэрства зямельных рэформаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Прамова на 166-м пасяджэнні сойма 4 снежня 1924 года пры абмеркаванні бюджэту міністэрства зямельных рэформаў
Прамова
Аўтар: Браніслаў Тарашкевіч
1924 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Аграрная рэформа — колькі разоў мы чулі гэтыя прыгожыя словы! Пачынаючы з 1919 г., беларускаму народу пратрубілі вушы аграрнай рэформай, скланяючы гэтыя словы на ўсе лады. Польскі Заканадаўчы Сойм ухваліў нават закон аб аграрнай рэформе, і калі польскае войска ішло наперад з ідэяй польскай дзяржаўнасці, паўсюдна гаварылася, што на сваіх штыках яно нясе не толькі свабоду прыгнечаным народам, але і зямельную рэформу. І вось цяпер, праз некалькі год, мы бачым, колькі праўды было ў гэтых словах. (Голас: «Святая».)

Замест аграрнай рэформы нам прынеслі толькі асадніцтва, а закон аб аграрнай рэформе прыслужыўся не сялянам, а абшарнікам, бо калі б гэтага закону не было, у рукі дробных уласнікаў шляхам свабоднага абароту перайшло б значна больш зямлі, чым пасля яго прыняцця. Закон аб аграрнай рэформе — смею сцвярджаць, што наш народ іменна так гэта разумее,— быў і ёсць тормазам аграрнай рэформы. Ён скаваў і затрымаў пераход зямлі ў рукі дробнай уласнасці.

Мне часта здаецца, што большасць партый гэтай Палаты мае нейкі спецыяльны інтарэс у тым, каб аграрная рэформа не дала вынікаў. Кожная партыя трымае за пазухай «зямельную рэформу», ідучы да сваіх выбаршчыкаў, паказвае яе і гаворыць: «Я правяду вам зямельную рэформу. Але калі б рэформа была праведзена па-сапраўднаму і радыкальна, то аказалася б, што многім партыям тут у гэтай Палаце няма чаго рабіць». (Голас: «Праўда».) Зямельнай рэформы не было і няма, і вы, панове, гэтай рэформы не зробіце, бо не хочаце яе зрабіць. Народ, бадай, сам зробіць рэформу, калі сам возьмецца дзяліць зямлю. (Галасы: «Які народ? Якім чынам?») Любы народ, не толькі беларускі і ўкраінскі, але і польскі, дачакаецеся, панове, і гэтага.

Такім чынам, замест зямельнай рэформы маем асадніцтва і Міністэрства Зямельных Рэформ ёсць не што іншае, як Міністэрства Каланізацыі і Асадніцтва, а фонды, якімі яно распараджаецца, гэта пераважна фонды на асадніцтва і толькі асадніцтвам займаецца і апякуецца гэтае міністэрства. (Голас: «Вельмі мала».)

Панове, мы ўжо дасканала зразумелі намеры не толькі правага крыла Палаты, але і некаторых левых партый, ведаем, што паводле іх паняццяў зямельная рэформа — гэта перш за ўсё асадніцтва, перасяленне польскага сялянства на беларускія і ўкраінскія тэрыторыі, дзе, маўляў, вельмі многа зямлі. Дык вось сцвярджаю, што няма там той зямлі. Той, хто выношвае такія планы і так разумее правядзенне рэформы, з’яўляецца правакатарам барацьбы і сутычак паміж народамі. Ні беларускі народ, ні ўкраінскі народ далей гэтага не пацерпяць.

Вы, панове, ужо бачылі, што народ мімавольна, стыхійна пачынае змагацца, калі бачыць... (Пас. Янікоўскі: «Бо вы падбухторваеце».) Гэта не падбухторванне, гэта не інспірацыя з-за мяжы, гэта рэфлекс барацьбы народа за свае правы. Калі г. зв. зямельная рэформа і далей пойдзе ў дагэтуль запланаваным напрамку, дык дачакаецеся, панове, як я ўжо некалі з гэтай трыбуны казаў, што пасяленні каланізатараў пойдуць з дымам пажараў. (Страшэнны гоман. Галасы: «Пазбавіць слова. У астрог яго!»)

Віцэ-маршалак Марачэўскі: У сувязі з вялікім шумам у Палаце я абсалютна нічога не чую з таго, што гаворыць прамоўца. (Голас: «Пагражаў падпалам».) Толькі па стэнаграме я змагу cканстатаваць гэта.

Пас. Тарашкевіч: Я не пагражаю падпалам. Канстатую толькі тое, што ёсць. І сёння беларускі і ўкраінскі народ не дасць сябе абдурыць ні такой пастаноўкай справы, ні такім, якім яно ёсць, Міністэрствам Зямельных Рэформ. Нашы адносіны да гэтага міністэрства выразныя і адназначныя — лічым яго не Міністэрствам Зямельных Рэформ, а Міністэрствам Каланізацыі, Асадніцтва.