Перайсці да зместу

Прамова на 146-м пасяджэнні сойма 9 ліпеня 1924 года пры абмеркаванні законапраектаў аб мовах

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прамова на 146-м пасяджэнні сойма 9 ліпеня 1924 года пры абмеркаванні законапраектаў аб мовах
Прамова
Аўтар: Браніслаў Тарашкевіч
1924 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Высокі Сойме! Колькі тыдняў паміж польскімі партыямі ў Сойме існавала праўдзівая «sielanka». А гэта ж яшчэ так нядаўна мы былі сведкамі гвалтоўных сцэн і сутычак паміж лявіцай і правіцай, як дзеля важных, так і дзеля няважных прычын. Жыва йшчэ стаяць уваччу часы, калі пасол Тугут разам з намі, нацыянальнымі меншасцямі, выбіраў першага Прэзідэнта Рэчы Паспалітай, і часы, калі гэты прэзідэнт паў, як смяротная ахвяра злачыннае фашыстоўскае агітацыі партыі пана пасла Станіслава Грабскага, мусіў жыццё сваё аддаць толькі за тое, што згадзіўся прыняць мандат з подпісамі нацыянальных меншасцяў. Мінуў год, мінае другі — і вось той самы п. Тугут і той самы п. Грабскі супольна рашаюць аб долі нацыянальных меншасцяў! У польскім нацыянальным хоры чуем аб’яднаныя галасы ўсіх «дэмакратыяў» у двукоссі і дэмакратыяў больш-менш без двукосся, а іменна нацыянал-дэмакратыі і хрысціянскае дэмакратыі, і пястова-людовавызваленскай, і урэшце, сацыялістычнай дэмакратыі. І ўсе спяваюць надзіў згодна, толькі аднатонна, бо пераважна unisono. У гэты непараўнаны хор некаторую дэтанацыю ўносіць ППС, але і яна музыцы не перашкодзіць, а толькі крыху ажывіць яе. Бо ж і як тут перашкаджаць, калі чуваць гэтае старашляхоцкае «кахаймася»! Так гуляюць паны шляхта і сяляне, што строяць сябе ў пёры шляхоцкае традыцыі. Няма толькі на гэтым банкеце ані ліры, ані жалейкі беларускае, няма ані бандуры, ані ўкраінскіх гайдукоў, няма нямецкіх штукароў, дый цябе, Янкель-цымбаліста, нямашака!

Затое здалёку далятае рокат з усходу і раздаюцца падземныя грымоты: гэта — гнеў народу!..

Вось абраз акалічнасцей і адносінаў, пры якіх вылупіліся цяпер на свет тры заканадаўчыя страхоцці пад. назовам: моўныя ўставы для нацыянальных меншасцяў.

Вы, паны, цешыцеся са зробленае работы і трубіце на ўвесь свет аб сваёй велікадушнасці ў адносінах да нас і самі сябе славіце, выхваляючы празорлівасць свайго дзяржаўнага розуму. «Слухайце, народы! Слухай, увесь свет! Вось Польшча братоў Грабскіх і хаўрузіі надае сваім нацыянальным меншасцям magnam chartam libertatum!» Так кажа бадай уся польская буржуазная прэса. Аднак мы гэтага фабрыкаванага на вываз аптымізму не раздзяляем. Мы не бачым у гэтых уставах ані забяспечання нашых правоў, ані ўважаем іх за выяўленне нейкае велікадушнасці, што раптоўна, нет ведама скуль, агарнула, змякчыла сэрцы такіх закаянных нацыяналістычных грэшнікаў, як п. Станіслаў Грабскі. Вы робіце гэта, панове, перад усім націскам вонкавых акалічнасцей! Дзеля розных прычын сёння па ўсім свеце жыва цікавяцца справай нацыянальных меншасцяў. Польшча мае гэтых меншасцяў каля 40 прац. свайго насялення. З гэтага найбольш выпадае на ўкраінцаў і беларусаў, засяляючых свае землі густой масай. Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна аружнай сілай адарваны ад сваіх матчыных рэспублік.

Насяленне гэтых зямель, далучанае да Польскае Рэспублікі, знаходзіцца ў годным жалю палажэнні. Яго нішчаць матэрыяльна, культурна і нават фізічна. У яго адбіраюць зямлю, школу, ды бяскарна здзекуюцца над ім і катуюць. Дзяржава, якая не можа запэўніць сваім грамадзянам нават найменшае асабістае бяспечнасці, вымагае ад іх празмерных падаткаў, а, магчыма, у хуткім часе зажадае і празмерных ахвяр крывёй і ўсёй маёмасцяй. Тым часам па той бок граніцы бальшавіцкі ўрад, хоць з вялікім трудом, але разам і з незвычайнай упорлівасцю, будуе новы дом беларускае дзяржаўнасці. (Голас: «Пан сам з гэтага смяешся!») Адкажу пану словамі чалавека, якога цяжка западозрыць у якім-колечы бальшавізме, словамі п. Леона Васілеўскага, які ў сваёй апошняй працы, дзе ён стараецца паменшыць рух і народ беларускі, кажа гэтак: «Як-ніяк, а сучасная сістэма, уведзеная ў Беларускай Рэспубліцы, дае беларусам магчымасць развіваць беларускую культуру ў рамках радавага ладу». У такіх абставінах украінцы і беларусы не могуць доўга маўчаць і цярпліва пераносіць немагчымае палажэнне. Стыхійны выбух гневу і нездавалення можа затрэсці самымі падставамі дзяржавы. За граніцай аб усім гэтым вельмі добра ведаюць, і безнадзейна хворай дзяржаве там няма веры і... крэдыту. Гэтымі ўставамі паны хочаце абаламуціць заграніцу, атуманіць увесь наш і ваш край (крыкі). Але будзеце мець з гэтым вялікую, трудную і цяжкую задачу, бо мы ўжо зышлі з шляху даверчывасці, мы маем за сабой пяць горкіх гадоў спроб і расчаравання. Мы бачылі адозву галоўнакамандуючага польскіх войск, Язэпа Пілсудскага, да грамадзян б. Вялікага княства Літоўскага, у якой ён урачыста суліў народу магчымасць самому вырашаць свае справы, і гэная абяцанка скончылася нягоднай пародыяй віленскага Сойма і далучэннем беларускіх зямель да Рэчы Паспалітай без найменшае згоды гэтых зямель. Дзе, хто, калі пытаўся ў беларусаў, ці яны хочуць належаць да Польскае Дзяржавы? А цяпер дык лёгка казаць, што Польшча ані кусочка зямлі не дзержыць прымусам. Мы былі, далей, сведкамі абвяшчэння «найдэмакратычнейшай» і «найяснейшай» Канстытуцыі, а адначасна былі і ёсць сведкамі грубага гвалтавання яе ў сталіцы, на правінцыі і на кожным месцы. Гвалтавання кім? Ды бюракратычным няладам, якім некалі Польшча дзяржалася, ад якога ўпала і, на жаль, дзержыцца цяпер... Мы былі сведкамі зацверджання зямельнае рэформы, былі сведкамі таго, як польскі жаўнер ішоў на ўсход, несучы гэтую рэформу на сваім штыху. І чым гэта скончылася для нашага краю? Вось тым, што зямлю ў нас пачалі адбіраць, а не даваць (шум). Мелі, далей, мы чысленыя абяцанкі прэм’ераў і міністраў; кожын з іх суліў многа, каб нічога пасля не даць. Ці то ў вялікіх, ці ў малых справах — заўсёды было таксама: усё абяцалі, нічога не далі. Дык вы самі прызнаеце за мной слушнасць, калі скажу: «Timeo Danaos et dona ferentes» — «Баюся вас і тады, калі нешта дорыце!»

Гляджу я — і першае, што мне кідаецца ў вочы ў гэтых новых моўных уставах, гэта цана, якую самі сабе вызначаеце за вашу велікадушнасць, упарта цвердзячы, што граніцы Польшчы ёсць і павінны быць непарушальнымі. Ужо цяпер — не ведаю, дзеля чаго: хіба так, на ўсялякі прыпадак...— вы паўторна заанкетавалі аж 4 паветы з беларускім насяленнем: бельскі, беластоцкі, сакольскі, аўгустоўскі. (Голас на правіцы: «А можа, варшаўскі?») Мы стаім на этнаграфічным грунце, і праца польскага прафесара Развадоўскага, якая можа мець вагу для вас, паказуе там наагул беларускі элемент, ды нават ваша статыстыка выяўляе там значную лічбу беларусаў. (Голас на правіцы: «Дык і ў Варшаве ёсць беларусы».) Так, ёсць і ў Варшаве і нават тут, на гэтай трыбуне. Вось жа дзеля гэтага пытаюся ў паноў, ці ў гэтых паветах ужо зусім адкрыта мае адбывацца гвалтаванне права, культуры і мовы беларусаў, ці там не будзе мець сілы Канстытуцыя? На гэты замах я і народ беларускі адкажам панам: рукі прэч!

Такім жа чынам пагвалчаны правы літоўскага насялення ў паветах: лідскім, браслаўскім, ашмянскім, горадзенскім і сувальска-сэйненскім. Няма сумліву, што на памянёных абшарах беларусы і літвіны маюць быць пазбаўлены ўсіх моўных правоў. А што мае быць на абшарах другіх беларускіх паветаў? Гэта ж вы, панове, нават у афіцыяльным абаснаванні ўставу гаворыце, што быццам даяцё больш, чым таго вымагае Канстытуцыя і трактаты.

Я пазволю сабе прачытаць адносныя тэксты, бо паны чытаць іх не любіце! Вось жа Канстытуцыя ў арт. 96 кажа прынцыпова: «Усе грамадзяне роўныя перад законам». Арт. 109 гавора: «Кожын грамадзянін мае права на захаванне сваёй нацыянальнасці і на развіццё сваёй мовы і нацыянальных адзнак. Асобныя дзяржаўныя ўставы забяспечаць меншасцям у Польскай Дзяржаве поўнае і свабоднае развіццё іх нацыянальных уласцівасцей» — і далей, што йшчэ цікавей: «пры помачы аўтаномных сувязей меншасцяў публічна-праўнага характару ў межах саюзаў агульнага самаўраду. Дзяржава ў адносінах да іх дзейнасці будзе мець права кантролю і папаўнення — у прыпадку патрэбы — іх фінансавых засобаў».

Далей возьмем арт. 7 Трактату аб меншасцях. У ім забяспечваецца права меншасцяў на ўжыванне сваёй мовы ў судох — у гутарцы і на пісьме. Цікавей арт. 9 таго ж Трактату аб меншасцях: «У мястох і акругох, заселеных значнай лічбай грамадзян іншае, чым польская, мовы, польскі ўрад робіць у справах публічнага навучання адпаведныя палягчэнні, каб запэўніць дзецям такіх польскіх грамадзян у пачатковых школах навуку ў іх уласнай мове». Пане прафесар Грабскі! «У іх уласнай мове»! А што да польскай мовы, дык гэты абзац таксама зусім не двузначны, бо кажа: «Гэтая пастанова не перашкаджае польскаму ўраду зрабіць у гэтых школах навуку польскае мовы абавязковай». А што творыцца ў двухмоўнай школе?!

Не кажу ўжо аб арт. 7 Рыжскага Трактату, бо лішне добра вядомы і папулярны. Але пагледзімо цяпер, у якіх адносінах знаходзяцца прапанаваныя моўныя ўставы да Канстытуцыі і трактатаў. Калі паны кажаце, што яны даюць больш, чым трактаты і Канстытуцыя, дык я заяўляю, што вы маеце лішне вялікую, але мала пахвальную адвагу, бо гэтыя ўставы з’яўляюцца гвалтам і запярэчаннем асноўных законаў Рэчы Паспалітай і трактатаў, не кажучы ўжо аб тым, што прадстаўляюць насмешку над здаровым розумам.

Вось самы нявінны ўстаў — аб моўных палягчэннях у судзе. Бяру, да прыкладу, § 3: «Старана, якая падае жалабу ў няпольскай мове, павінна перакласці яе на польскую мову, калі праціўная старана будзе таго жадаць; судовае паступанне ў такім прыпадку пачынаецца ад падачы польскага перакладу». І гэта мае быць палягчэнне?! Каб карыстацца «дабрадзействамі» гэтага ўставу, трэба хіба быць нейкім патрыятычным маньякам, а не нармальным чалавекам!

Возьмем цяпер другі ўстаў — аб мове ў адміні страцыі. Трэба прызнацца, што на першы пагляд гэты ўстаў як быццам запраўды дае некаторыя моўныя палёгкі няпольскаму насяленню, але на дзеле — пры сучасных адміністрацыйных адносінах на гэтых землях — усе гэтыя палягчэнні робяцца толькі шкоднай ілюзіяй. Калі ўстаў дазваляе зварачацца да ўрадаў ніжэйшае інстанцыі па-беларуску, дык пры найчарнейшым бюракратычным тэроры, пры «панскіх», а калі хто хоча — пры хамскіх адносінах урадоўцаў да насялення, пры яўным і адкрытым вядзенні ўрадоўцамі палітыкі самага заядлага шавінізму і імсцівасці,— трэба людзей з вялікай самаахвярнасцю і ідэйнасцю, каб адважыліся дамагацца адказу ў украінскай ці беларускай мове. Цяпер ужываецца беларуская кляцьба: «Каб ты па ўрадах цягаўся!» Аб тым, што вычвараецца на гэтым польскім Сахаліне (крыкі),— а так назваў беларускія «крэсы» іменна ваш эндэцкі «Dziennik Wileński»,— чытайце ў гэтай вось вашай газеце!

Аб межах ужывання мовы ў адміністрацыі ў вялікай меры маюць вырашаць самаўрады. Гэта вельмі пекна, але, на жаль, ізноў толькі ў абстракцыі, бо па сягоння мы зусім не маем ніякіх правільных, выбраных згодна з Канстытуцыяй, самаўрадаў. Трэба аб гэтым памятаць і ведаць, і я думаю, што паны гэта знамяніта ведаеце... «Самаўрад» аснованы на тым, што староста... сам гаспадарыць! Вось вам і «самаўрад»! А далей — пададзеныя законапраекты аб «самаўрадах», з аднаго боку, годныя злітавання, а з другога — заслугуюць на найвялікшае абурэнне, бо іменна ў гэтых уставах самым цынічным спосабам гвалціцца Канстытуцыя, бо адзін паляк мае гэтулькі галасоў, як пяць беларусаў. Гэта ж скандал! І на гэтых самаўрадах вы маніцеся абаперці далейшае дзяржаўнае будаўніцтва, далей тварыць уставы? Хто ж будзе ў такім выпадку кіраваць? Ці мясцовае насяленне? Не,— ізноў староста, асаднік, шпік і правакатар. Замест самаўраду — ёсць і будзе існаваць шляхоцка-асадніцкае староста-дзяржаўе і чыноўніцкі тэрор.

Урэшце, трэці ўстаў. Два папярэднія законапраекты — гэта нявінная забаўка, раўнуючы да гэтага школьнага ўставу. Толькі яна паказвае меру паланізатарскага імпэту ейных аўтараў, а разам і меру глыбіні іх дэмакратычных прынцыпаў. Скажу па-беларуску: было ліха, дый пагоршала; было блага, будзе горай. Не буду развадзіцца аб тым, як за кароткі час польскі ўрад зачыніў 400 беларускіх школ. Зачыненне школ было выклікана кірункам агульнае палітыкі ўраду, а перадусім самастойнай палітыкай розных школьных інспектараў. Гэта — прывезеныя з далёкае Галіччыны адміністрацыйныя шулеры, якія са спрытнасцю і крывадушнасцю, годнымі лепшае справы, спынялі і спыняюць усялякія высілкі беларускага народу ў кірунку здабыцця ўласна школы. Цэлымі сотнямі ляжаць у іх пад сукном і ў кашах просьбы аб адкрыцці беларускіх школ. Было і ёсць блага, але можна было спадзявацца, што пераменіцца ўрад, пераменяцца людзі і пераменіцца палажэнне. Цяпер п. Станіслаў Грабскі,— бо ж яму ў першы чарод трэба прыпісаць чэсць аўтарства гэтага ўставу! — гэты патэнтаваны эндэцкі спецыяліст ад парцэлявання і паланізавання ўкраінцаў і беларусаў, цяпер пазбаўляе нас апошняе надзеі і пры помачы закону творыць апошнюю перашкоду развіццю беларускіх і ўкраінскіх школ. Школы беларускія будуць выняткам, затое скрозь будуць школы польскія ці ў лепшым выпадку — польска-беларускія, так званыя двухмоўныя. Устаў у сваіх асноўных пастановах, насупраць гарантыям канстытуцыі і трактатам, стаўляе польскі элемент у прывілейнае палажэнне, крывадушна прыкрываючы гэта няяснай фармуліроўкай уставу.

Вось пробкі «дэмакратызму» і «справядлівасці». Калі ў абводзе школы будзе 39 няпольскіх дзяцей, дык школа мае быць польская, хоць бы не было ніводнага польскага дзіцяці! Калі ж у абводзе ёсць 25 польскіх дзяцей, дык школа будзе двухмоўная, хоць бы няпольскіх дзяцей было 100, 200, 500, 1000 — без агранічэння лічбы! Даволі 25 польскіх дзяцей, каб беларускае школы не было... Можаце, паны, сабе прадставіць, якая гэта будзе дасціпная «выкрэсьльная геаметрыя» школьных акругаў, якую спрытныя інспектары будуць безсумліўна пускаць у ход. Паны міністры зара сарганізуюць дзеля гэтага адумысныя інструктарскія курсы і пачэснае кіраўніцтва гэтымі курсамі трэ было б аддаць п. Станіславу Грабскаму...

Што ж прадстаўляе двухмоўная школа сама па сабе? Гэта школа ў двух пастацях, утраквістычная: ультрагумарыстычная і ультрадраматычная. (Вясёласць, воплескі на беларускіх і ўкраінскіх лавах.) Гэта — школа, у якой навука абернецца ў жарт, а ва ўражлівай дзіцячай душы будзе пасеяна жыццёвая драма. У гэтай школе беларускае дзіця будзе бачыць паняверку ўсяго, што яму дорага, беспасярэдне блізкае, стыхійнае: сваёй мовы, звычаяў, акружаючых. Калі можна ўсяляк судзіць аб вартасці двухмоўных школ у Швейцарыі і Бельгіі, калі там яны могуць нам здавацца свайго роду педагагічным дзіватворам, дык у нашых абставінах гэта будзе не дзіватвор, а педагагічнае страшэнства. Дый не трэба адгадваць, што будзе, бо і сягоння мы маем польска-беларускія школы. Беларускаму дзіцяці, якое не мае паняцця аб польшчыне, даюць у рукі польскі лемантар. Навучанне адбываецца ў польскай мове, а беларускія гадзіны — гэта гімнастыка, маляванне, рухомыя гульні і г. д. Дзеля паважных двухмоўных спроб патрэбны ідэальныя настаўнікі, ідэальныя адміністратары і спакойнае сужыццё грамадзянстваў. Усяго гэтага ў сучасных абставінах няма нават у найменшай меры, і дзеля гэтага сужыццё ў польска-беларускай школе падобна да дружбы ваўка ў авечай скуры з ягняткам, з’яўляецца папросту ганебнай правакацыяй. (П. Карфанты: «Гэтае ягнятка — хто гэта?») А гэны воўк у авечай скуры — то пан!

Такі характар нашых дасюлешніх адносінаў — зусім выразны, і няма сумліву, што гэты ўстаў пойдзе ў кірунку мэтаў, якія п. Станіслаў Грабскі стаўляе ў сваім творы пад загалоўкам: «Uwagi z chwili bieżącej». І на тым вялікшае абурэнне і асуджэнне панове заслугуеце, калі ў артыкуле 2 школьнага ўставу крывадушна прыкрываецеся высокім прынцыпам «згоднага сужыцця насялення мешаных зямель». Гэта вы будзеце ўзгадоўваць дзяцей польскай і беларускай нацыянальнасці ва ўзаемнай пашане іх нацыянальных уласцівасцей?! Ад якога гэта часу гвалты, прымус і законнае таптанне прынцыпаў роўнасці вядзе да ўзаемнае пашаны і згоднага сужыцця? — Непапраўныя рамантыкі! Гэтую атруту для нашых дзетак беларускіх вы не забыліся прыхарошыць аздобамі рамантычнае крывадушнасці!..

Вы пазываецеся на традыцыі сваей культуры на нашых землях і на сваю цывілізацыйную місію. Вельмі гэта пекна, але ваша шляхоцкая традыцыя для нас з’яўляецца традыцыяй вызыску, гвалту і крывавае працы. Іменна на гэтай крывавай працы нашых дзядоў і прадзедаў вырасла ваша традыцыя і вырасла ваша вялікая літаратура,— літаратура, якая ў часох няволі была пажывай для душ вашых. Але папытайцеся такжа, панове, што ваша вялікая літаратура і ваша вялікая культура дала нам? Надта не шмат, бо што ж? Шляхціцу ніколі не йшло, здаецца, аб нейкую цывілізацыйную місію. Ён сабе вялікай місіі не браў, ён вышэй за місію стаўляў поўную місу, дый меў шляхціц гэтую поўную місу з нашае працы і з нашых неабдымных бароў і лясоў. Але што польскі шляхціц, прыблуда ці спольшчаны тутэйшы, меў у працягу некалькіх вякоў поўную місу з працы беларускага ці ўкраінскага мужыка, дык з гэтага, мае паны, для Польшчы йшчэ зусім не вынікае нейкі тытул уласнасці ані на нашу зямлю, ані на нашыя душы,— запамятайце гэтае! Усе вашы наскокі на нас кшталтам сягонняшніх моўных законапраектаў мы з абурэннем адкідаем!

Беларускі народ збудзіўся з векавога сну, да ўсяго пільна і крытычна прыглядаецца і ведае, чаго хоча! Хто мае вушы, каб чуць — няхай прынікае да зямлі — і пачуе голас працуючага на ёй народу. «Ніякімі круцельскімі ўставамі вы мяне не абдурыце!» — кажа ён: «Я верыў у Канстытуцыю, але гвалты і здзекі выбілі мне яе з галавы. І цяпер — кажа — ведаю, што рабіць: выкінуць вон усю барбарскую паліцыю, адміністрацыю, ды разам з імі асаднікаў і абшарнікаў,— і стварыць свой уласны работніцка-сялянскі ўрад, уласную адміністрацыю, школы і войска, адбудаваць непадзельную і незалежную Беларусь (воплескі на беларускіх лавах; вялікі шум), у якой самі сяляне будуць гаспадарамі сваёй зямлі!»

Так кажа народ, і не ашуквайце сябе, паны, быццам усходнія граніцы, якія мае сёння Польшча, стаяць на лішне цвёрдым грунце,— бо што ж такое ўсходнія граніцы Польшчы? Усходнія граніцы Польшчы — гэта прыпадак: для адных ён прыкры, а для другіх — клапатлівы, але заўсёды і аб’ектыўна — гэта прыпадак, і больш нічога! Бо ж гляньце, паны! — увесь свет перастройваецца паводле нацыянальных граніц. Не кажучы ўжо аб дзяржавах, якія стварыліся з прычыны вялікае вайны і Версальскага трактату,— вось Ірландыя, Егіпет здабываюць незалежнасць, Індыя, Шатландыя йдуць у тым жа кірунку. Наогул, на ўсенькім свеце нацыянальныя рухі імкнуцца да стварэння ўласнае дзяржаўнасці. Не кажу ўжо аб Украіне і Радавай Беларусі, дзе даволі шырока закроеныя дзяржаўныя схемы памалу, але няўстанна запаўняюцца сацыяльна-нацыянальным зместам. Паміма таго нават напалавіну дзікія пляменні цэнтральнае Расеі атрымліваюць ад радавае ўлады пачатыя падставы асобнае дзяржаўнасці. Польшча, хоч не хоч, мусіць прыняць учасце ў гэтым агульным паходзе,— і няма выхаду, няма іншае дарогі.

Высокі Сойме! Калі ж нашыя — беларускія і ўкраінскія — імкненні да ўласнае дзяржаўнасці вы прымаеце з абурэннем, дык дарма толькі псуяцё сабе гэтым нервы, бо нішто не можа запыніць гэтыя імкненні! Паліцэйскія спосабы нічога вам не памогуць: чым болей будзеце пісаць уставаў, падобных да сягонняшняга, чым болей будзеце нас уціскаць і пераследаваць, тым больш выразным і яркім будзе нашае імкненне да поўнае непадзельнасці і незалежнасці! (Воплескі на беларускіх лавах; шум на правіцы.)