Перайсці да зместу

Праз гады (1936)/Эпілог

З пляцоўкі Вікікрыніцы
III Эпілог
Раман
Аўтар: Платон Галавач
1936 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мінула яшчэ чатыры гады.

Падабраўшы апошнія пакосы канюшыны, шчыльна ўтаптаўшы канюшыну ў высокія драбінкі калёс, Тарэнта Шкробат ад’язджае з поля апошнім.

Канюшына маладая і сакавітая. Пакуль падбіраў Тарэнта канюшыну і клаў яе ў драбінкі калёс, а пасля пакуль чакаў яшчэ Марылю з сынам, коні елі канюшыну і цяпер ахвотна ідуць па дарозе, падымаючы капытамі пыл.

Вечарэе. На зямлю паспела легчы раса, і пыл, невысока ўзняўшыся, ападае.

Абапал дарогі калгасная ярына. У самай сіле авёс і ў самым цвяту лён.

Тарэнта ідзе побач з коньмі. Ён ідзе шырокімі, цяжкімі крокамі, трымаючы руку на конскай шыі. Слухае, як тарахцяць на жалезных восях лёгкія калёсныя каткі.

На калёсах, на канюшыне, звесіўшы на левы бок ногі, сядзіць тарэнтава дачка Марыля. Яна сядзіць, нахінуўшыся на правы бок, абапёршыся рукой на шчыльна ўтаптаную канюшыну, Пад яе рукой, жыватом на канюшыне, падпёршы прыўзнятую ўгору галаву абодвума рукамі, ляжыць яе сын. У сына чорныя сукрыстыя валасы. Сын пазірае ў прастору перад сабою, адкуль даўгім радам цмяных агнёў мігае поезд. За поездам сцелецца густы грукат жалеза і ў ім глухнуць працяжныя паравозныя ўскрыкі.

Калі поезд адыходзіць, марылін сын пазірае на асветленыя вокны электрастанцыі і заводаў. Плямкамі цмянага святла свецяцца вокны і хлапчук спрабуе пералічыць колькі іх. Ён рытмічна гушкае над сабою ўзнятыя ўгору босыя ногі. Далёкія цмяныя плямкі вокан ён лічыць, выставіўшы наперад руку з працягнутым у прастору ўпартым пальцам, і з тым, як ён лічыць, будынкі заводаў і электрастанцыі шчыльней абгортваюцца змрокамі і плямкі вокан святлеюць, вырастаючы ў памерах.

Над лагчынамі ў полі ўстае туман. Туман насцілаецца на ўсё большы прастор і ўсё гусцей з тым, як выходзіць з-за лесу, за возерам, месяцаў круг. Туман засцілае далячынь і ў тумане разам успыхваюць цэлай паскай ліхтары на дарозе, якая вядзе ад заводаў да Яснаўскага калгаса і далей, абмінаючы яго, да тарфяной станцыі і торфзавода. Паска светлых зыркіх кропак перарываецца сцяной густой тапалёвай прысады, якая ідзе ад гасцінцу да былога панокага двара, а потым цягнецца далей аж за рэчку, адкуль мігаюць агнямі вокан дамы рабочых камбіната. Там рабочы гарадок. Ён на тым баку рэчкі, а бліжэй паміж рэчкай і тапалёвай прысадай поле, ахутанае туманам і густымі змрокамі.

— Там жыў твой дзед, гаворыць Марыля да сына, паказваючы рукою ў поле паміж рэчкай і тапалёвай прысадай, і хлапчук, і сам Тарэнта павяртаюць гадовы ўлева.

— Там? — пытае здзіўлена хлапчук.

— Ага, там.

Хлапчук маўчыць нейкі час, пазіраючы ў цёмную глухую далячынь, а пасля кажа:

— Там страшна. Я там адзін ніколі не жыў-бы. А ты, дзед, не баяўся жыць там?

— Я? — Тарэнта здымае з конскай шыі руку і прыцішае крокі, каб ісці побач з калёсамі. Калі калёсы наганяюць яго, хлапчук бачыць, як прыўзнімаецца правы тарэнтаў вус, нараджаючы хітраватую ўсмешку. — Я ці баяўся? — перапытвае ён. — Гэта, як сказаць. Можа і баяўся… А ці хутка Ёська прыедзе? — пытае ён, звяртаючыся да дачкі, — хоць-бы зірнуў, што ў нас тут робіцца, Нябось і не пазнае, падумае, што не туды патрапіў.

За гэтым наганяе конёй і, адвязаўшы ад дышла лейцы, ускаквае на воз. На возе стаіць каленкамі на канюшыне за плячыма ў Марылі. Раз-по-раз злёгку шморгае лейцамі і кідае хутчэй у прастору, чым коням, сваё працяглае «но-о». Коні бягуць дружнай рыссю. Насустрач, у твар Тарэнту дуе з поля мяккі, насычаны росамі, вецер. І насустрач з-за ветру і з-за туману, з лагчыны, што за вялікай дарогай і за заводамі, густым россыпам зыркіх зор выступаюць агні, ад якіх адыходзіць палахлівымі зданямі шызы балотны туман.

Менск — Галіцына,
1933—1984 г.