Праз гады (1936)/Прадмова
| Прадмова Раман Аўтар: Платон Галавач 1936 год |
I → |
Раніцою дзевятага мая 1913 года ў аўдыторыях Санкт-Пецербургскага універсітэта на Васільеўскім востраве дазналіся пра самагубства студэнта Кулікоўскага. І гэтай-жа парой на пляцы, каля Ісакіеўскага сабора, юнак год дзевятнаццаці-дваццаці, апрануты ў студэнцкае паліто, перадаў хлапчуку-газетчыку запіску для сваёй знаёмай, якая жыла на „Галадаі“.
Было блізка ля дзесяці гадзін, калі студэнт прыйшоў на пляц. Халаднаваты паўночна-заходні вецер і дробны, непрыкметны, і таму асабліва дакучлівы дождж, загналі студэнта пад масіўныя дахі каланады сабора, дзе ён і стаяў, аж пакуль не змеціў газетчыка. Тады спяшаючыся збег уніз, прывітаўся з хлапчуком, кіўнуўшы яму галавою, і перадаў у ягоныя рукі запіску. Хлапчук узяў запіску, патрымаў яе перад вачыма, чытаючы адрас, і асцярожна паклаў сабе ў кішэню. А яшчэ цераз пяць хвілін хлапчук крочыў у напрамку да маста, які злучае горад з Васільеўскім востравам, а студэнт ішоў Неўскім праспектам у публічную бібліятэку, што на рагу Садовай. Акурат у гэтую пару ў калідорах універсітэта пачыналіся гарачыя спрэчкі аб прычынах, якія штурханулі Кулікоўскага на самагубства, але наш студэнт пра смерць Кулікоўскага яшчэ не ведаў і, нават больш таго, спадзяваўся абавязкова сустрэць яго ў бібліятэцы.
„Хвароба душ“, як назваў эпідэмію самагубстваў адзін з вядомых тагачаснікаў журналістаў, была ў Расіі як ніколі яшчэ пашырана. Кожын дзень газеты нямымі і цмянымі радкамі петыта паведамлялі аб знойдзеных трупах. Смерць спраўляла свой урачысты парад. З жыцця ішлі разам: і маці, у якой галадавалі дзеці; і безработны, якім авалодвала роспач; і інтэлігент, упэўненасць якога была пахіснута, каму засталіся разбітыя ілюзіі і дарэмныя блуканні ў пошуках агульна-чалавечае справядлівасці і шчасця. Ледзь прыкметнымі зданямі адыходзілі яны, разгубленыя і пакалечаныя. У гэтым струмені дачасна перарваных жыццяў смерць студэнта Кулікоўскага прайшла-б непрыкметнай, калі-б яна не мела сувязі з іншымі, яшчэ ранейшымі падзеямі, што адбыліся ў універсітэце, і з лёсам людзей, пра якіх я і маю намер расказваць.