Бэнзыну гаручага пах…
Тр-р-р-а — та-та-тах!
Машына запела.
Па зямлі прабеглі калёсы…
Завярцеўся віхрам пропэлер —
Панёсься!
Панёсься!..
Панёсься!..
Я — селянін,
Лётчык — рабочы…
Крычыць мне: „ня бойся!..“
На аэропляне
Вышай!..
Вышай!..
Вышай!..
— Таварыш лётчык, я не саскочу, —
На зямлю толькі гляну
І можа —
Навекі пакіну.
Ляцець я хачу ў падарожжа,
Каб выведаць шчасьця краіну,
Што бачыў я ў марах…
А чорнае царства — ў пажары
Няхай апранецца,
Дзе высі нябеснай плывун,
Чырвонакрылы вяшчун
Пранясецца!..
Матора вяшчунныя песьні
Хай счуюць, дзе дні ліхалецьця…
Таварыш! Хачу паляцець я
Туды — ў паднябесьсе!
Высока!..
Высока!..
Высока!..
Мы закружыліся
Птушкай чырвонай
Над Беларусьсю Разбуджанай…
Крыльлі срэбным імгляць
Пералівам!
А над соннай, Перапуджанай
Закрычу я ў блакітную гладзь:
— 3 зямлі хто ўзьняўся:
Шчасьлівы!
Шчасьлівы!..
2
Крыльлямі хмары
У высі мы рэжам…
Там не адзначаны межы…
Там воля — ня мара.
Ня хочу быць сокалам…
— Гэй, машыністы!
Ня трэба ўздымацца высока, —
Хачу разглядзець усё
чыста
На пакінутай намі зямлі…
Чырвоным туманам —
Глядзі, абляглі
Лясы, балоты і поле…
Бураю плача прастор…
Туды паляцім — заглянем
На край, дзе няволя,
Дзе рэкі напоўнены потам…
А потым —
Зьлятаем да Сонца і зор.
3
Паплылі! Паплылі! Паплылі!..
Адарваная частка зямлі — Беларусь…
Не зямлі я шкадую —
Працоўнага люду…
Я над імі нясуся, нясуся…
І чую
Усюды,
Як шуміць паднявольны лес-бор…
Здаецца,
Ён, магутны,
Вось-вось зварухнецца…
Хвалі Нёмну затопяць прастор…
У чырвані ўсё захліпнецца…
Песьні помсты будуць чутны.
Тады вольная краіна
Будзе рада госьцю-сыну, —
І ад маткі, ад бяздольнай
Дар багаты
З новай хаты
Прыме Нёман,
Нёман вольны!
А пакуль — песьні жалю ня змоўклі.
Пазіраю ў бінокль…
Кружуся раз пяты
Над долам-балотам…
Туман белай коўдрай расьпяты
Начуе.
Хачу я,
Каб загароду калючага дроту
Рука з мазалямі парвала,
Каб згінула зьдзеку навала…
Я веру іх сіле!
Кружыся, лётчык-рабочы!
Хай чырвоныя крыльлі
Дзень новы прарочаць!
4
Рук мільёны узьняты угору —
Крычаць прывітаньне!
Зямля у чырвоным убраньні…
Крывёю заліты разоры…
— Больш не падзелены!
Чуваць на зямлі страляніна…
— Лётчык, ці спраўна машына?
Мы не падстрэлены,
А дух паднявольных узьнялі, —
Ўсё скончыцца слаўна!
— Машына спраўна,
Можна ляцець цяпер далей!
Замільгаліся крыльлі у высі…
Лётчык гукае: „Дзяржыся!“
Паляцелі!..
На захад! За сонцам!
Зямлі апяразваем цела
Голае
Вогненным колам…
За намі ніхто ня угоніцца.
Мы на кані паветранай коньніцы
Ляцім за сонцам!
5
Над абшарамі Польшчы
Арол белы ў паветры палошча
Крывавыя когці…
Уніз пазірае ён ласа,
А там сьвежае, цёплае мяса…
Меры няма яго злосьці,
Як пабачыў чырвоныя крыльлі…
— Эх, арол, тваё бясьсільле
Асароміць дзень астатні
Твайго жыцьця!
Што? У бойку хочаш выйсьці
З нашай птушкаю крылатай?
Лепш ня кратай
Ты арла чырвонай масьці, —
Ад яго табе прапасьці…
Прэч са шляху!
І адным магутным махам —
Галавы яго ня стала…
На ўвесь край засакатала…
І арол забіты — белы
Камянём зьляцеў ў бяздоньне. На зямлі крычаць „Пабеда“
— Лётчык! Сьмела!
Сьмела!
Сьмела!
На чырвоных крыльлях еду!
6
Ад меж Пазнані
Да нізін Рура
Рабочыя ходзяць панура…
Мы сталі кружыцца…
Чырвоную птушку спазналі…
І там — Ур-р-р-р-а-а-а!
Народ весяліцца.
Штандар волі мільгацее,
Змоўклі лаянкі зладзеяў.
— На вуліцу!
— На вуліцу!
Чуваць пад хмарамі,
І дым па Нямеччыне
Курыцца.
Запахла пажарамі…
Чалавечынай…
Гарматы гручэлі бясконца…
Барабаны бомкалі…
Раптам усё змоўкла.
Збор зазванілі,
І над вызваленай
Сьвяціла Чырвонае Сонца.
7
Пропелер жалабна сьпявае…
Пад намі Францыя.
— Лётчык! тут загукаць каму мне? —
Ты знаеш: у гэтай краіне
Магілы насыпаны першай Комуне,
А цяпер —
Свабода захована ў ранцы.
Справа пачатая гіне…
Лётчык гаворыць:
— Цела зьнішчылі,
А дух іх магутны вітае…
Пропэлер віхураю сьвішча…
Навальніца…
Чырвонае мора
Абшары наўкол залівае.
Маланка іскрыцца!..
З магіл паўстаюць комунары,
Сыплюць іскры ўлева, ўправа!
Слава паўстаўшым! Слава!
— Помста! Помста! Вяшчуну чырвонакрыламу! —
Чуваць пагрозы, злыя крыкі.
Чырвоным памостам —
Пажарам вялікім
Свой шлях услалі!
— Лётчык! На поўдзень пахілім,
Дзе нас не чакалі…
У новую часьціну
Сьвету —
У чарнакожых краіну,
Дзе вечнае лета.
8
Над краем
Чарнакожых
Лятаем.
Яны таксама людзі няволі.
Гэтакай птушкі,
Нават пахожай,
Ня бачылі, пэўне, ніколі…
І чырвонай істужкай
Сьцелем мы шлях…
Чарнакожым ня страх!
Іскра ляціць на Алжыр…
Гарыць чарнакожых пустыр…
Замест плачу — песьні, скокі
Разьлягаюцца далёка:
— Нам ня жаль!
Нам ня жаль!
Хай агонь затопіць даль…
Ад Алжыру да Дамары
Хай прастор схаваюць хмары,
Хай там скачуць готэнтоты…
— Птушка, хто ты?
— Птушка, хто ты?!
А нехта крычыць з Трыполі:
— То вяшчун ўсясьветнай волі.
9
А цяпер над акіянам
Чырвонакрылым баянам
Пранясёмся над выспай
Сьвятой Алёны,
Над магілай Наполеона,
Што век цэлы выспаў…
Можа пачуе ён…
Гэй, Наполеон!
Вось якім пажарам
Асьвечаны чорныя царствы…
Патугі твае былі дарам
Здабыць над зямлёй уладарства!
Не ўладаеш і выспаю гэтай!
Каб быць пакарыцелем сьвету,
Ня толькі зямлёю трэба ўладаць,
А трэба узьняцца
На сінюю гладзь —
І неба павінна табе пакарацца!
На гэтай чырвонакрылай
Машыне
Тваю мы спалілі
Айчыну! Зашумелі матора калёсы…
Няма адгалосу…
Хвалі стагналі глуха…
— Лётчык, слухай!
Ці блізка Калюмбія?
Відаць горы Анды…
Люблю я
Сіні край Атланты,
Бушуючы яго прастор…
Там вечна бойка хваляў-гор…
У ім неба бачу я адбітак…
Узоры вытканыя з зор.
Нібы са злота-срэбных нітак.
Але відаць ужо Чылі…
Над выспай Вогненнай Зямлі…
Матор сакоча…
Сонца паўдзённага бліск
Сьлепіць вочы…
Але ад ветру
Ў паветры
Ня горача…
Мы над зямлёю нізка…
— Лётчык, стрымай машыну,
Хачу запаліць Аргенціну…
10
Калюмбія — край капіталу…
Фабрыкі і заводы Форда
Гудкамі рагочуць, —
Долараў мала…
А рабочы
І неба чарнее ад дыму…
Ніхто ня ўздыме
Мураваныя гмахі…
Капіталу сьцяна
Вадою абнесена —
Няма страху…
Але вось вяшчуна
Чырвонакрылага песьні
Зьверху нясуцца…
І больш ня куюцца
Стопудовым молатам
Аружжа, машыны,
Чужымі рукамі, за чужое золата…
Згіне нявольніцтва, згіне!
Узьняўся агонь Ад Патагоніі
Да самай Аляскі…
— Гэй, магутнейшы Форд!
Зубамі са злосьці паляскай…
Ня будзеш ты ўласьнікам
Ні фабрык, заводаў, ні гораду…
Даволі ў аўтамабілі
Па зямлі поўзаць!
Мы панясёмся ў іх горда!
Мы пабядзілі!
Людзей ня купіў усіх — позна!
Свайго ня выпрашваем —
Мы пабядзілі!
Наша ўсё! Наша!
Заводы, аўтамабілі,
Гарадоў небаскробы…
Магутней няма — нашай сілы…
За намі узьняцца папробуй?!
11
— Лётчык, завінчывай!
Мы над Вялікім…
Ляцім праз Сандвічавы…
Ад неба акіян сінее.
Выспы, выспы бяз ліку,
Новая Гвінея…
Аўстралія…
Перапуджаны колёністы…
Крыльлі пропэлера перасталі
Вярцецца.
Чуць-чуць ніжэй…
Дзікіх нявольнікаў сьвісты…
Спаткалі скокамі.
Іскры мяцеліцай, —
Агонь колёніі ліжа…
Зноў высока мы —
Над Явай, над Суматрай…
— Лётчык, варта
Праляцець над жоўтакожымі:
І тут паможам мы
Узьняць паўстаньне…
Загулі над Кітаем… А вось і краіна тая,
Што выспай чырвонай
У акіяне
Бачу адбітай. Японія…
Край усходзячага сонца,
Пад пропэлера перазвоны
Быў асьвечан Фузі-Ямай.
Помню я:
Гарады заліты
Выбухам з вогненнай ямы
Гаручага чырвонца…
Край усходзячага сонца —
Сілы падземнай ахвяры…
— Лётчык, зямля ўся ў пажары:
Стары сьвет і новы…
Ляцець трэба зноў,
Скуль падняўся вяшчун —
К блакітнай высі…
Загуло нібы тысяча струн…
— Таварыш, дзяржыся! —
Крыкнуў лётчык-рабочы, —
Апускацца вось тут на зямлю
Няма як!..
Вачамі даль маўклівую лаўлю
І ў ясны дзень і ў цемру ночы…
— Лётчык! Лётчык!
Бачу чырвоны маяк… А вось знаёмыя нізіны, —
Крывёю рэкі ўжо ня льюцца,
Лётчык, завярці машыну —
Хутчэй свабоду прывітаем…
Мы ляцім над родным краем —
Першай Вялікай Рэволюцыі…
12
О, як прыгожа з вышыні
Акінуць вокам лес і поле…
Дзе сэрца слодыч вып‘е болей,
Як ні ў бязьмернай вышыні.
А колькі сілы і адвагі
Ты чуеш там — у вышыні…
Няма жыцьця прагненьня — смагі…
Ты — няўміручы ў вышыні.
Плыве, плыве вяшчун крылаты…
Блакітну даль, прастору ніжа.
Разьдзьмухівае хмары ветрам.
На тысячы узьняўся мэтраў…
Плыве, плыве вяшчун крылаты
і раптам —
Ніжай!
Ніжай!
Ніжай!
Замоўк гучлівы сьпеў матора.
Здаецца, рэчкі, поле, хаты,
Увесь абшар — нізіны, горы, —
Плыве ўсё ўвысь, адкуль мы едзем… Нясуся!
Нясуся!
Нясуся!
— Лётчык! Нагледзім,
Каб там апусьціцца,
Скуль быў узьлёт.
Мы пачалі кружыцца
Над Беларусьсю Вольнай і Злучанай.
Вяшчун-самалёт,
Ахварбованы
Вечарам рыжым,
Сьпявае гучна,
Лятае чаруючай птушкай…
Ніжай!
Ніжай!
Ніжай!..
Лётчык кіруе на дым,
Што сьцелецца чорнай
Істужкай…
Шугнула полымем Салома
Дзе быў уздым!..
— Над полем мы —
Аэродромам…
Прыемны ахапляе страх…
Матор галосіць… Нізка!
Нізка!
Гаручы бэнзын бліскае!
Тр-р-ра-та—та—тах!..
Зямлю цалавалі калёсы…
— Таварыш лётчык! Як прыгожа
Ляцець было ў блакітнай высі,
Калі вяшчун за хмарай віўся
І шлях шукаў для падарожжа!
Што тут мяне уцешыць зможа?
Вайна, пажар? Зямля і людзі?..
Увысь імкнуцца вечна будзе,
Хто быў у гэткім падарожжы!