Перайсці да зместу

Полёнізацыя Заходняй Беларусі (1932)/Сапраўднае аблічча натхніцеля полёнізацыі і фашызацыі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларускі нацыянал-фашызм на полёнізатарскай службе Сапраўднае аблічча натхніцеля полёнізацыі і фашызацыі
Публіцыстыка
Аўтар: Пётр Гарбацэвіч-Клінцэвіч
1932 год
Беларуская буржуазія, ксяндзы і паны — хаўрусьнікі гвалту і зьдзекаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сапраўднае аблічча натхніцеля полёнізацыі і фашызацыі

Найбольш-жа спрытны махэр і прайдоха — гэта правадыр беларускіх нацыянал-фашыстаў — Луцкевіч, які найбольш умела скрывае сваё аблічча дапаможніка окупантам у полёнізацыі. Ён нават нібы накідваецца на Янку Станкевіча, які хоча „вярнуць нашу сучасную мову назад — за трыста гадоў...“ „беларуская мова... перажыла глыбокую рэволюцыю... знайшла для сябе свой асаблівы індывідуальны шлях разьвіцьця... трэба даказваць... асаблівасьці“ („Беларускі Звон“, № 9 (34).

Пан Луцкевіч прымушаны перад масамі віляць хвастом і абвінавачваць Янку Станкевіча, бо ўжо за вельмі рэзка б‘юць у вушы яго полёнізатарскія новаўвядзеньні ў беларускую мову. Ён абвінавачвае Янку ў „анархічна-рэформістычнай дзеяльнасьці“, ва ўжываньні „замест у беларускіх формах ступеняў прыраўнаньня „вышэйшы“, „ніжэйшы“, „глыбейшы“, — польскія формы „вышшы“, „нішшы“, „глыбшы“ („wyzszy“, „nizszy“, „głębszy“)“ і. г. д.

„Усе гэтыя „дзівосы“ і „сьмяхоты“ — як называе Луцкевіч — проста перашкаджаюць чытаць зьмешчаныя ў „Нёмане“ стацьці“.

Трэба зрабіць так ...каб рэд. „Нэмана“ не дала магчымасьці рабіць у часопісі свае няўдалыя і сьмешныя экспэрымэнты... Інакш „Нёман“ страціць усе сымпатыі грамадзянства“... („Беларускі Звон“, № 1 (26), 1932 г.).

Толькі ня страціць „сымпатыі грамадзянства“ — вось чаго баіцца пан Луцкевіч. А так рабіць можна ўсё.

Сапраўды, такія адкрытыя заявы аб мэтах фашызму, як пана Голувкі, найстарэйшага асабістага прыяцеля Луцкевіча, аб чым сам Луцкевіч расказвае ў сваёй кніжцы „За 25 год“, дэмаскаваньне сябе самім Станкевічам не маглі ня выклікаць шуміхі сярод вядучай групы беларускіх нацыянал-фашыстаў. Яны павінны былі дэклярацыйна заявіць перад масамі, што яны „абараняюць“ беларускі народ „ад наскокаў польскіх і маскоўскіх“. Але і да сёнешняга дня, перад абліччам адкрытага гвалтоўнага паходу полёнізатараў, беларускія нацыянал-фашысты стараюцца ўсё больш ужываць фразы нібы сваёй барацьбы з полёнізатарамі, прыкрываць сваю дапамогу, каб захапіць пад свой уплыў усю нянавісьць беларускіх працоўных мас да полёнізатараў і спусьціць на тармазох у фашыскае рэчышча.

Бо чым-жа іншым, як не прадажніцтвам, зьяўляецца такі факт, што калі ў часе агульнага перапісу насельніцтва ў канцы 1931 году окупанты ўжывалі найгрубейшыя полёнізатарскія факты, дык Луцкевіч у „Беларускім Звоне“ напісаў: „Прыткія не па розуму паны „камісары“, прынікнуўшыся эндэцкім „ура-патрыятызмам“, ізноў масава натварылі на нашых крэсах гэтых, ужо здабыўшых анэкдотычную славу на ўсю Эўропу, праваслаўных палякаў“, пазбавіўшы і на гэты раз паважнага навуковага значэньня вялізарнай дзяржаўнай важнасьці і акт агульнае перапісі насяленьня?!“ і заклікаюць, каб урад знайшоў, як пакараць рабіўшых гэтыя надужыцьці паноў камісараў...“

Ня заклік да барацьбы з полёнізатарамі, а рада фашызму не рабіць „анэкдотычную славу“ „аб праваслауных паляках“, не разгалашаць, быць цішэй. Замест таго, каб выкрыць перад масамі полёнізатарскія гвалты, „Беларускі Звон“ прыкрывае фальшы окупантаў пры перапісе заяваю аб „пазбаўлёньні“ гэтага перапісу „навуковага значэньня“. Замест таго, каб паказаць масам на адзінага віноўніка полёнізацыі, на ўсю фашысцкую сыстэму нацыянальнага ўцісцу, віноўніка фашысцкага ўраду, Луцкевіч знаходзіць толькі „прыткіх не па розуму“ застаўшыхся эндэцкіх камісараў.

Калі паглядзімо, як Луцкевічы аднесьліся да ліквідацыі настаўніцкай беларускай сэмінарыі імя Багушэвіча месяц таму назад, затым да закрыцьця Клецкай гімназіі і г. д., дык убачым агульны ланцуг здрады беларускаму народу.

У той час, калі фашысцкія ўлады адкрыта заявілі аб ліквідацыі белшкольніцтва, 3 мая 1932 г. Астроўскі ў „Кур‘еры Віленскім“ піша:

„Віленскія школьныя ўлады ня толькі ня імкнуцца да ліквідацыі нашых гімназіяў, але наадварот — п. Куратар неаднакроць выказваў думку аб неабходнасьці ўнормаваньня матар‘яльных адносін у нашай гімназіі, кідаючы думку аб магчымасьці поўнага забесьпячэньня гімназіі праз Дзяржаўны скарб“.

Затым „Беларускі Звон“ ня двузначна заяўляе, што беларускія нацыянал-фашысты працуюць на сродкі польскага ўраду:

„Мы зьяўляемся экономічна слабымі, што змушае нас зьвяртацца да Дзяржаўнага скарбу за фінансавым падтрыманьнем“ („Беларускі Звон“). Па гэтаму шляху ідуць ня толькі Луцкевічы і Астроўскія, але і Беларуская Хадэцыя.

„Беларуская Крыніца“ 22 мая г. г. кажа:

„Кожная ўгода (з окупантамі — Г.) можа быць толькі тады справядліва апраўданай, калі яна сапраўды ёсьць карыснай для народу“.

З усіх гэтых прызнаньняў самых нац.-фашыстаў яскрава відаць што яны за ўгоду з окупантамі і фінансуюцца апошнімі.

Ужо „Беларускі Звон“ у № 12 просіць „власть имущих“ толькі „даць магчымасьць давесьці навуку вучняў“ закрытай беларускай сэмінарыі да канца ў польскіх школах.

Ён ня кліча змагацца з окупантамі за школу ў роднай мове на дзяржаўны кошт, а „каб быць карысным для грамадзтва, заклікае моладзь і старэйшых заняцца толькі самаадукацыяй“.

Само прызнаньне Луцкевіча аб тым, што Янка Станкевіч „...зьніштажаючы крытыкуе „самаго“ Б. Тарашкевіча“ („Беларускі Звон“ № 10 (35) фактычна толькі служыць подступам для дапамогі Станкевічу для больш політычнага абаснаваньня неабходнасьці полёнізацыі беларускіх мас.

Луцкевічаўская свора ў сваім органе „Беларускі Звон“ у № 12 (37), разьбіраючы полёнізатарскую работу „вучонага“ Янкі, фактычна становіцца на яго шлях. Бо чым іншым, як не падтрыманьнем Станкевіча, зьяўляецца абвяшчэньне аб яго працы ў „Беларускім Звоне“, што там „часта... трапляецца трафная заўвага, добрая думка, шчасьлівая прапазыка“. І далей выстаўляецца іх буржуазнае „крэдо“, якое кажа, што мова „павінна захавацца нязьменна ў тэй форме, якую дала... асьвячоная царквой традыцыя і рытуальная мова“.

Абаснаваньне полёнізатарскай работы групы Луцкевіча і Астроўскага ідзе, галоўным чынам, па лініі ўжываньня чужаземных слоў. Усе новыя словы, якія прынесла Кастрычнікаўская рэволюцыя на Беларусі ў беларускую мову, а затым пэрыод соцыялістычнага будаўніцтва Савецкай Беларусі, Луцкевіч, як і Станкевіч адкідае гэту „паганасьць“ мовы і „бальшавіцкую заразу“, хаця часамі ў сваёй нацыянал-фашысцкай контррэволюцыйнай агітацыі для падыходу да працоўных мас і ня грэбуе карыстацца імі.

„Беларускі Звон“ у № 11 (36) кажа, што „цяпер наплыў чужаземных слоў у мову ідзе блізу выключна праз культурны, асьвечаны, узгадаваны слой народу — яго інтэлігенцыю“, і што літаратурная беларуская мова ...можа быць мовай толькі гэтага вышэйшага асьветай і культурай слою народу[1]. Ведамае правіла „добрага стылю“ кажа: гавары так, як пішуць найлепшыя пісьменьнікі, а пішы так, як гавораць узгадаваныя людзі“.

Гэта фактычна і зьяўляецца заклікам падпарадкавацца такім-жа паном полёнізатарам Станкевічам, на яго падобным інтэлігентам — „пупу зямлі беларускай“.

Зусім іншае гаварыў гэты пан Луцкевіч 10 год таму назад, калі быў высокі рэволюцыйны ўздым вызваленчага руху.

Тады, разьбіраючы здраду беларускаму народу часткі беларускай буржуазіі і яе інтэлігенцыі, што перайшла да польскага шляхетнага стану ў часы Уніі, Луцкевіч казаў, што „беларускае адраджэньне пачынаецца ад разьвіцьця народнай мовы... Царкоўна-славянскія рамкі, кніжная мова, дзе толькі элемэнты роднае мовы, мова інтэлігенцыі, царкоўнікаў і шляхты зрабілася чужой народнай мове, масам“... І далей паказвае, што „бунт мас“ прымусіў беларускую шляхту шукаць падыходу да гэтых мас, каб імі аўладаць, гутарыць з масамі на зразумелай ім мове.

Гэтыя характэрныя выказваньні пана Луцкевіча і зараз, у момант уздыму рэволюцыйнага руху, паўтараюцца па новаму, для новых манёўраў, падобных да папярэдніх.

Баючыся бунту мас, Луцкевіч, як правадыр нацыянал-фашыстаў прымушаны манэўраваць перад масамі, каб уцерціся ў іх рады для здрады, для барацьбы з магутным рэволюцыйным нацыянальна-вызваленчым рухам.


  1. Падкрэсьлена „Беларускім Звонам“.