Перайсці да зместу

Полёнізацыя Заходняй Беларусі (1932)/Польскі ўрад забараняе кірыліцу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Драпежнікі ў авечай скуры Польскі ўрад забараняе кірыліцу
Публіцыстыка
Аўтар: Пётр Гарбацэвіч-Клінцэвіч
1932 год
„Няма бел. мовы, а ёсьць „гвара“

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Польскі ўрад забараняе кірыліцу („гражданку“)

Фашызм мобілізаваў усе магчымыя свае сілы, увесь дзяржаўны апарат, польска-окупанцкія культурна-грамадзкія організацыі, клер і організацыі беларускіх нацыянал-фашыстаў для полёнізацыі.

У гэтых мэтах урад скарыстоўвае ня толькі польска-беларускія (дзьвюхмоўныя) школы, дзе настаўнікі палякі, але і яшчэ існуючыя беларускія, выбіраючы для гэтага шлях прымусовага ўвядзеньня лацінскага шрыфту.

Па загаду міністэрства фашысцкай асьветы ў 1929/30 годзе ў беларускіх і польска-беларускіх школах, якіх окупанты не змаглі яшчэ разграміць, было часова дазволена навучаньне беларускай мове толькі лацінкай. Дзеля гэтага быў выпушчаны лаціна-польскі лемантар Ст. Любіч-Маеўскага. Забаронена ўжываць іншыя падручнікі, г. зн. фактычная ліквідацыя ўсіх існуючых беларускіх падручнікаў, друкаваных кірыліцай.

Окупанты-полёнізатары добра бачылі, што на ЗБ усе існуючыя яшчэ беларускія школы, культурна-асьветныя організацыі карысталіся амаль выключна кірыліцай і таму такое мерапрыемства балюча ўдарыць па беларускай мове і расчысьціць шырэйшы шлях да апалячваньня.

А што прадстаўляе сабой лемантар Любіч-Маеўскага?

Гэты „лемантар“ напісаны ня простай лацінкай, а польскімі літарамі. Напрыклад, замест лацінскага č ужываецца cz, š — sz і г. д.

Самы зьмест ва ўяўленьнях, вобразах і малюнках прасякнуты польска-фашысцкім „духам“ „замілаваньня“ да Польшчы. З самой беларускай мовы праводзіцца зьдзек і насьмешка.

Полёнізатары, выпускаючы гэты польска-лацінскі лемантар, мелі на мэце скасаваць усё навуковае і кніжнае багацьце, якое маецца на кірыліцы, адвучыць беларусаў чытаць кірыліцай, а гэтым самым пазбавіць магчымасьці хутчэйшага клясавага ўсьведамленьня адсталых пластоў працоўных мас, бо амаль уся нацыянальна-вызваленчая прэса, рэволюцыйныя кніжкі друкаваліся кірыліцай. Затым фашызм меў на ўвазе адарваць працоўных Заходняй Беларусі ад братэрскай сувязі рабочых і сялян Савецкай Беларусі, ад рэволюцыянізуючага фактару пераможнага соцыялістычнага будаўніцтва, нацыянальнага і культурнага росквіту ў БССР.

І калі віленскі куратар склікаў беларускіх нацыянал-фашыстаў і запрапанаваў ім згадзіцца з увядзеньнем лацінкі замест кірыліцы, дык яны не адважыліся адкрыта згадзіцца, каб не папасьці перад масамі ў нялоўкае становішча. Яны не згаджаліся не таму, што гэта акт полёнізацыі, які адрывае ад братэрскай сувязі з Савецкай Беларусьсю, а толькі таргаваліся, кажучы, што сам зьмест лемантару Любіч-Маеўскага заключаў у сабе польскі-шляхецкі „дух“ а ня „дух“ беларускі (вядома буржуазны).

Вось толькі на чым уперліся паны Луцкевічы, прама заявіўшы тады, што яны ня супроць „эўропеізацыі“, г. зн. полёнізацыі.

Фактычная забарона „кірыліцы“ адкрывае новае поле дзейнасьці для беларускіх нацыянал-фашыстаў у выкананьні загадаў окупантаў.

За апошні пэрыод гэтыя дапаможнікі полёнізатараў за грошы окупантаў ужо на 70-80 проц. запаўняюць продукцыю легальнага беларускага друкаванага слова Заходняй Беларусі лацінкаю.

Для характарыстыкі, чаму беларускія нацыянал-фашысты пераходзяць на лацінку і чым яны прыкрываюцца перад масамі, прывядзем адну з іх уласных заяў:

„Тры гады таму назад мы зусім задавальнялі патрэбы сваіх чытачоў, друкуючы нашу часопісь выключна толькі гражданкай (г. зн. „рускімі“ літарамі). Час, аднак, ішоў і сваё рабіў: беларускіх школ у Заходняй Беларусі так, як і няма, моладзь, — а наша часопісь прызначана для моладзі, — ня мае дзе навучыцца свае нацыянальнае азбукі і што за гэтым ідзе — ня можа пасьля свабодна карыстацца з свае роднае часопісі і кніжак, друкаваных гэтай-жа азбукай, г. зн. гражданкай...

...Кіруючыся меркаваньнямі агульна нацыянальнымі, Рэдколегія „Шлях Моладзі“ пастанавіла друкаваць сваю часопісь адначасна і гражданкаю і лацінкаю“... як „спробай“ дапаўпаўненьня агульнай асьветы шляхам самаадукацыі.“ „Божа, дай, каб гэта сталася, як мага хутчэй!“ („Шлях Моладзі“ № 1(36), 1932 г.).

Вось і ўсе ўвільваньні і „тлумачэньні“ Луцкевічаў і К° на окупанцкім шляху, чаму яны адказваюцца ад нацыянальнае азбукі.

Калі ішло пытаньне процівагі ў барацьбе з нацыянальна-вызваленчым друкам, які яшчэ ня быў поўнасьцю прыдушаны окупантам, два-тры гады таму назад Луцкевічы і К° прымушаны былі не адступаць ад кірыліцы. Але зараз, калі ўся нацыянал-вызваленчая легальная прэса поўнасьцю прыдушана, калі окупанты патрабуюць тэмпаў полёнізацыі, дык Луцкевічы, як верныя агэнты окупантаў, пераключаюцца на лацінку, адмаўляюцца ад нацыянальнае азбукі, якая ва ўмовах Заходняй Беларусі мае рэволюцыянізуючае значэньне і якая перашкаджае ўплыву польска-фашысцкай імпэрыялістычнай пропаганды і агітацыі сярод беларускіх працоўных мас.