Полёнізацыя Заходняй Беларусі (1932)/Подступы да гвалтоўнай полёнізацыі
| ← Ад політыкі цьвёрдалобых — да політыкі фашызму | Подступы да гвалтоўнай полёнізацыі Публіцыстыка Аўтар: Пётр Гарбацэвіч-Клінцэвіч 1932 год |
Драпежнікі ў авечай скуры → |
Подступы да гвалтоўнай полёнізацыі
На першым сваім этапе фашызм прыкінуўся да беларускай мовы нібы з „вялікім замілаваньнем“. Пад напорам нацыянальна-вызваленчай барацьбы ён нават быў прымушаны выдаць куцыя загады, каб у самаўрадах, у судзе і поліцыі прызнавалі па-беларуску ўсе тлумачэньні беларускага насельніцтва. Абяцаў часткова адкрыць закрытыя беларускія школы. Усімі гэтымі абяцанкамі фашызм імкнуўся: па-першае, — паслабіць рэволюцыйную чуйнасьць працоўных мас у нацыянальна-вызваленчай барацьбе з нацыянальным уціскам і полёнізацыяй; па-другое, — пасеяць ілюзіі сярод працоўных мас аб магчымасьцях нацыянальна-культурнага разьвіцьця і пад польскай фашысцкай окупацыяй; і па-трэцяе,—паслабіць кіруючую ролю комуністычнай партыі і прыкрыць крывавы разгром нацыянальна-вызваленчых масавых організацый (разгром Беларускай Сялянска Работніцкай Грамады і прыдушэньне ТБШ)[1].
Гэтыя думкі і дзеяньні фашызму ў подступах да гвалтоўнай полёнізацыі ня зусім удаліся сярод працоўных мас.
Праўда, яму ўдалося жорсткім тэрорам разграміць БС-РГрамаду, як легальную організацыю нацыянальна-вызваленчага руху, але самы рух не ўдалася. Таксама сярод некаторай часткі беларускага насельніцтва, пераважна каталіцкага і серадняцтва, яму ўдалося часова пасеяць ілюзіі аб будучай зьмене нацыянальнай політыкі новага ўраду. Сярод асноўнай-жа масы насельніцтва, фашызму не ўдалося пранікнуць і пасеяць да сябе прыхільнасьць. Галоўнай перашкодай зьявіўся рост зацятай клясавай барацьбы пролетарыяту, батрацтва і працоўнага сялянства пад кіраўніцтвам КПЗБ супроць фашысцкай дыктатуры і окупацыі.
Затое зусім іншыя посьпехі польскі фашызм меў сярод беларускай буржуазіі і кулацтва.
Польскаму ўраду політыкай „гаспадарчай актывізацыі ўсходных зямель“, г. зн. камасацыяй, ліквідацыяй сэрвітутаў, крэдытнымі „касамі Стэфчыка“ і г. д. — удалося за кошт руйнаваньня працоўнага сялянства і ўзмацненьня яго эксплёатацыі ўзмацніць сабе соцыяльную базу сярод беларускай буржуазіі і кулацтва і наблізіць да сябе іх ідэолёгаў — беларускіх нацыянал-фашыстаў. Для окупантаў гэта зьявілася адным са стымуляў да ўзмацненьня сваіх полёнізатарскіх гвалтаў і ў хутчэйшай падрыхтоўцы сабе пляцдарму вайны супроць Савецкага саюзу і Савецкай Беларусі.
- ↑ Таварыства Беларускае Школы.