Полёнізацыя Заходняй Беларусі (1932)/Драпежнікі ў авечай скуры
| ← Подступы да гвалтоўнай полёнізацыі | Драпежнікі ў авечай скуры Публіцыстыка Аўтар: Пётр Гарбацэвіч-Клінцэвіч 1932 год |
Польскі ўрад забараняе кірыліцу → |
Драпежнікі ў авечай скуры
Апошні этап фашысцкай політыкі ў нацыянальным пытаньні і ў адносінах да беларускай мовы найбольш яскрава выявіў адзін з ідэолёгаў і верхаводаў польскага фашызму, забіты ў канцы мінулага году, Тадэуш Голувка.
Гэты разьнік паняволеных народаў, манэўруючы фразамі аб прызнаньні беларускай мовы, выступаючы нібы супроць зьдзекаў з яе, меў нахабнасьць заявіць, што, калі яшчэ „сёньня існуе беларускі народ ня толькі ў межах Польшчы, калі ён не растварыўся ў маскоўскім моры, то перш за ўсё гэта зьяўляецца заслугай Польскай Рэспублікі“.
Фашызм на гэтым этапе, як бачым, ня скідае авечай скуры. Ён і далей стараецца перад працоўнымі беларускімі масамі прадставіцца, падыйсьці да іх як адзіны збавіцель беларускай мовы, каб прыкрыць гэтым сваю гвалтоўную полёнізатарскую работу і нацкаваць працоўных супроць СССР. Але якою-б „любоўю“ ня прыкідваліся фашысты ўсёроўна аблічча драпежнага зьвера хутка дэмаскуецца.
На ўпартую барацьбу беларускіх працоўных мас за мову, за школу ў роднай мове, на дзесяткі тысяч складзеных дэклярацый на яе фашыст Голувка гіронічна заяўляе, што гэта „козьні“ комуністаў, бо„... беларускі селянін дамагаецца польскай школы, гэта значыць, навукі польскае мовы“.
І далей, гэты „цывілізатар“ дадае толькі гэткае тлумачэньне: „Але адначасна гэты самы селянін ня мае сэрца да гэтае школы (польскае — Г.), дзе настаўнік паляк — прышэлец з глыбі Польшчы, ня ведае мясцовае мовы, унушае дзецям, што яны зьяўляюцца палякамі, забараняе гаварыць па-беларуску, зьдзекуецца з іх мовы, рэлігіі і звычаяў“.
Дзеля гэтага, як заяўляе п. Голувка фашысцкі ўрад бярэ курс на разгортваньне полёнізацыі рукамі мясцовых, ужо апалячаных беларусаў, верных окупантам людзей. У польскія настаўніцкія сэмінарыі „ў Варшаву, Кракаў, Познань павінен прымацца „крэсавы“ элемэнт, каб ён там навучыўся і распазнаў усе скарбы польскай культуры“.
У зьвязку з такімі мэтодамі полёнізацыі надаецца неабмежаванае права польскай фашысцкай школе на Заходняй Беларусі, бо „бяз сумненьня, асобныя беларускія прыватныя гімназіі ў Вільні, Навагрудку і Клецку з пункту погляду польскай рацыі стану не зьяўляюцца станоўчым зьявішчам... Мы ня бачым іншага шляху, як толькі той, каб беларускі рух у Польшчы... рос і разьвіваўся на дрожджах польскай культуры“. Значыцца, беларускія гімназіі, хаця-б і пад поўным кіраўніцтвам беларускага нац.-фашызму, не здавальняюць окупантаў. І гэта зразумела, бо беларускія працоўныя масы і працоўная моладзь наперакор і ў барацьбе супроць нацыянал-фашызму даказалі, што не дазволяць гвалтам сябе апалячыць. Затым фашыская дыктатура разумее, што даваць адну голую беларускую шыльду, гэта здачыць, толькі абвастрыць чуйнасьць клясавай сьвядомасьці, паглыбляць політычную дыфэрэнцыяцыю ў самым беларускім грамадзтве і абвастраць антыокупанцкую барацьбу працоўных Заходняй Беларусі як супроць фашызму, так і супроць яго агэнтаў у беларускім грамадзтве — беларускага нацыянал-фашызму.
Фашызм зараз ня можа ісьці на падачкі, бо даная адна беларуская школа, як паказалі нам факты з жыцьця, яшчэ больш разгортвае нацыянальна-вызваленчы фронт барацьбы з окупантамі супроць полёнізацыі за большы лік школ і выклікае паўсямесны штурм працоўных за ўвядзеньне беларускай мовы. Гэтаму найлепш можа служыць прыклад з часоў 1926-27 гадоў, калі на нязначныя падачкі фашызму працоўныя масы разгарнулі барацьбу і склалі дэклярацыяў звыш як на 500 комплектаў беларускіх школ.
Адштурхоўваючы ў пэўныя моманты беларускіх нацыянал-фашыстаў ад сябе, ліквідуючы раней даныя ім падачкі,— фашызм, на фоне клясавых супярэчнасьцяў, якія ўсё больш абвастраюцца, штурхае беларускіх нацыянал-фашыстаў выступаць з больш опозіцыйнымі і „левымі“ фразамі і становіцца на чале актыўнай пропаганды „адзінага беларускага нацыянальнага фронту“.
Гэтым самым фашызм і нацыянал-фашызм імкнецца ўтрымаць працоўныя масы ад рэволюцыйнага шляху і трымаць іх у сваім паслухмянстве. З другога боку, фашызм жадае бачыць адзінае польскае школьніцтва, монопольнае яго права выхаваньня беларускіх дзяцей у духу поўнай пакоры да белага арла, фашысцкай дзяржавы і злобнай нянавісьці да БССР.
Фашысцкія пісакі са „Слова“ ўжо адкрыта кажуць гэта, выконваючы заветы пана Голувка.
„Што датычыцца да беларусаў, дык з чыстым сумленьнем і поўнай праўдай можам сьцьвердзіць, што беларускія масы ня маюць патрэбы ў беларускім школьніцтве, а асабліва ў сярэднім“ („Слова“ 1 ліпня 1932 г.).
Ня даць аніводнай беларускай школы! — так, заяўляюць гэтыя фашысцкія кіраўнікі на Заходняй Беларусі, бо ў праціўным выпадку „Цывілізацыйны ўзровень краю зьнізіўся-б і адпорнасьць яго на расійскія ўплывы аслабла-б... Рэч натуральна, што беларусінізм на нашых Усходніх землях лёгка становіцца памостам да бальшавізму“.
Вось вывады і апраўданьне тэмпаў полёнізацыі. Яны вітаюць разгром беларускага школьніцтва, вітаюць новы паход адкрытай полёнізацыі. „Ліквідацыю настаўніцкай беларускай сэмінарыі ўважаем за дадатняе зьявішча“, а „проект прылучэньня беларускай гімназіі ў Вільні да аднэй э найлепшых польскіх Віленскіх гімназій трэба павітаць з вялікай радасьцю“.
Затым, яны патрабуюць, вярней сказаць, пацьвярджаюць тое, што ўжо праводзіцца дэкрэтам прэзыдэнта, каб з боку нацыянальных меншасьцяў у вышэйшыя школы маглі-б толькі пападаць (як гэта робіцца ў Швэйцарыі...) „сыны настаўнікаў, чыноўнікаў і заможнейшай буржуазіі“ (арт. Студніцкага, „Слова“ 1/VII-1932 г.), а іншым пластам і клясам туды доступ закрыць.
Вось чаму мы зьяўляемся зараз сьведкамі новага полёнізатарскага паходу польскага фашызму на ўсё тое, што здабылі сваёй рэволюцыйнай барацьбой працоўныя ЗБ: ліквідацыя апошніх прыватных беларускіх гімназій, разгром беларускага школьніцтва і культурна-асьветнай організацыі — ТШБ, якое бескомпромісна змагалася супроць полёнізацыі, за мову і беларускую школу.