Полёнізацыя Заходняй Беларусі (1932)/Беларускі нацыянал-фашызм на полёнізатарскай службе
| ← „Беларусы… могуць зьліцца і растварыцца ў польскай нацыі“ | Беларускі нацыянал-фашызм на полёнізатарскай службе Публіцыстыка Аўтар: Пётр Гарбацэвіч-Клінцэвіч 1932 год |
Сапраўднае аблічча натхніцеля полёнізацыі і фашызацыі → |
Беларускі нацыянал-фашызм на полёнізатарскай службе
Усе групоўкі і організацыі беларускага нацыянал-фашызму — гэтыя прадстаўнікі беларускай буржуазіі і кулацтва — сьцісла супрацоўнічаюць з окупанцкімі ўладамі пад лёзунгам „агульна-нацыянальных беларускіх інтарэсаў”. Яны добрасумленна праводзяць полёнізатарскую і фашызатарскую політыку польска-фашысцкіх окупантаў.
Адным з найбольш яўных праваднікоў апалячваньня беларускай мовы зьяўляецца „вучоны філёлёг“ — з буржуазнага Праскага ўнівэрсытэту — Янка Станкевіч. Яго, як аднаго з ідэолёгаў беларускай буржуазіі і кулацтва, у якіх процэс полёнізацыі і зрастаньня з польскімі памешчыкамі і асаднікамі зайшоў ужо далёка, окупанты ставяць даверанай сваёй асобай па выкладаньню беларускай мовы для польскіх студэнтаў Варшаўскага і Віленскага ўнівэрсытэтаў, а таксама і ў Віленскай духоўнай сэмінарыі. Гэты „вучоны спадар“, як называюць Я. Станкевіча, пачынаючы ад 1930 году, за фашысцкія грошы міністэрства асьветы, выдае спэцыяльны часопіс „Родная мова“, дзе праводзіць курс полёнізацыі беларускай мовы. Гэты агэнт полёнізатараў прызнае сам, што ён рэвізуе граматыку Б. Тарашкевіча, бо „...граматыка Тарашкевіча не абыймае ўсіх асаблівасьцяў беларускае мовы“ („Нёман“). І апрача таго, сваё лёкайскае полёнізатарства стараецца прыкрываць Беларускай Акадэміяй Навук, бо „...што да апробаты граматыкі Тарашкевічвае Бел. Акадэмія Навукаў у Менску, дык гэтая апробата ня ё такой поўнай“. Пэўная рэч, што тут беларускі нацыянал-фашыст хоча замяніць БАН „навуковымі дасьледваньнямі“ нацдэмаў, лёсікаўскае процістаўленьне граматыцы Тарашкевіча ў асноўным, якое ішло па лініі прынцыпу — бліжэй да заходняй (буржуазнай) культуры, да полёнізацыі“.
Для польскага імпэрыялізму беларуская граматыка тав. Тарашкевіча зьявілася косткай у горле ў справе асваеньня, апалячваньня беларускіх мас, для нясеньня сваёй „цывілізатарскай місіі на Усход“. Таму так яра нацкоўваюць окупанты сваіх прыхлебнікаў — беларускіх нацыянал-фашыстаў на граматыку т. Тарашкевіча.
Янка Станкевіч пад прыкрыцьцем „навуковага доказу“ „чыстаты беларускай мовы“ ўпрост выконвае спэцыяльны полёнізатарскі заказ окупантаў. Ён робіць „адкрыцьці белар. мовы з часоў уніі і спалучае гэта з увядзеньнем у яе полёнізму, фактычна зводзячы да такіх доказаў, якімі карыстаюцца і самі фашысты ўсіх адценьняў, — што беларускай мовы яшчэ няма „конструіраванай“, дык ён яе „конструіруе“.
Сваёй „вучонай“ працай у беларускай мове ён хоча таго, як сам гэта кажа, „каб наш край захаваў свой собскі выгляд“ — гэта значыць, каб захаваць прыгнечаную, цёмную прадзедаўшчыну ў старым стылі польска-літоўскай уніі і супроцьставіцца ўсяму новаму, што прынёс новы пэрыод клясавай барацьбы, што прынёс працоўным масам Кастрычнік на Беларусі, што прынесьлі дасягненьні БССР на нац.-культурным фронце. Такая лінія „навукі“ Янкі ня толькі не пярэчыць агульнаму імкненьню польскай полёнізатарскай і колёніяльнай політыкі на Заходняй Беларусі, якая праводзіцца бязупынна і ўсё гвалтоўней окупантамі, але, наадварот, садзейнічае гэтаму. Я. Станкевіч услужліва стараецца прыпаднесьці польскай буржуазіі, памешчыкам беларускія працоўныя масы, як угнаеньне для „польскай цывілізатарскай місіі“ (Голувка). І невыпадкова адзін з окупанцкіх экспэдытараў, беларускі нацыянал-фашыст пад імем Ф. Цяцерскі, з свайго падарожжа па Палесьсі кажа, што „чуюся тут, як белы сярод нэграў“. („Шлях Моладзі“, № 1 (36), 1932 г.).
Вось да чаго прыводзіць служба буржуазна-беларускіх інтэлігентаў у фашысцкага окупанта.