Полёнізацыя Заходняй Беларусі (1932)/Беларуская буржуазія, ксяндзы і паны — хаўрусьнікі гвалту і зьдзекаў
| ← Сапраўднае аблічча натхніцеля полёнізацыі і фашызацыі | Беларуская буржуазія, ксяндзы і паны — хаўрусьнікі гвалту і зьдзекаў Публіцыстыка Аўтар: Пётр Гарбацэвіч-Клінцэвіч 1932 год |
Барацьба з полёнізацыяй → |
Беларуская буржуазія, ксяндзы і паны — хаўрусьнікі гвалту і зьдзекаў
Луцкевіч не абвяргае, што ў яго нацыянал-фашысцкім лягеры чынная частка ксяндзоў-беларусаў ужо... „зьнеахвоціўшыся да беларускае працы... зусім выраклася ўсялякае беларускае работы і гадуе бруха“...
„... І вось, гледзячы на іх і людзі „маленькія“, згаладалыя і зьняверыўшыся ва ўсім, што раней лічылі важным і нават сьвятым, пакідаюць слаўны шлях змаганьня за сваю нацыянальную душу, за родную мову, родную школу і — ідуць да чужых, спадзяючыся, што такім чынам у гэткі цяжкі для ўсіх час прыдбаюць сабе нейкую матар‘яльную карысьць...“ („ Беларускі Звон“).
Пры такіх умовах зусім натуральна і няўхільна выступае ўся здрада беларускай буржуазіі, ксяндзоў і папоў і іх ідэолёгаў справе беларускага народу і робіць тое, што яны зьяўляюцца окупанцкай зброяй полёнізацыі.
Ды інакш у прадстаўнікоў і ідэолёгаў беларускай буржуазіі, памешчыкаў і кулацтва на даным этапе клясавай барацьбы ва ўмовах польскай окупацыі Заходняй Беларусі і ня можа быць, а тым больш у тых, якія найбольш зжыліся з клясай пануючай нацыі і бачаць адзіны ратунак ад сваёй пагібелі толькі ў цесным саюзе з окупантамі.