Полёнізацыя Заходняй Беларусі (1932)/Ад політыкі цьвёрдалобых — да політыкі фашызму
| ← Уступ | Ад політыкі цьвёрдалобых — да політыкі фашызму Публіцыстыка Аўтар: Пётр Гарбацэвіч-Клінцэвіч 1932 год |
Подступы да гвалтоўнай полёнізацыі → |
Ад політыкі цьвёрдалобых — да політыкі фашызму
Польская буржуазія і памешчыкі праз вусны паноў Обэрті Остаў, Лядніцкіх і Студніцкіх пасьля польска-савецкай вайны 1920 г. проста заявілі: — „няма і ня можа быць якогасьці беларускага народу і беларускай мовы“! „Тутэйшы“ народ — гэта „абмаскаленыя палякі і яны павінны вярнуцца ў лона польскае“. Польская буржуазія і паны тады яшчэ ня так моцна сядзелі на окупанцкім сядле. Ня так лёгка ім было адным узмахам окупанцкага мяча зьліквідаваць да рэшты існаваўшыя і адкрытыя пры савецкай уладзе ды ў часе паходу Чырвонай арміі на Варшаву, звыш 400 беларускіх пачатковых школ, дзвёх настаўніцкіх сэмінарый і 6 гімназій.
Тады кіруючыя колы польскай буржуазіі, хаця і ня маючы пэўнай надзеі ўтрымаць беларускія землі за сабой, з прычыны ўзрастаючай рэволюцыйнай хвалі, усё-ж стараліся як мага праводзіць свае пляны дэнацыяналізацыі беларускага народу. Поплеч з узмоцненым драпежным грабяжом натуральных багацьцяў з земляў Заходняй Беларусі хіена-пястоўска-пэпээсаўскія ўрады прабавалі праводзіць апалячваньне беларусаў мэтодам лабавых атак праз поліцэйска-ваенны свой апарат. Гэтыя кіруючыя колы польскай буржуазіі і паноў разьлічвалі на посьпехі сваіх мэтодаў таму, што беларускі народ лічыўся імі нацыянальна слабым, што ён яшчэ ня змог у Заходняй Беларусі ачуняцца ад уціску і русіфікатарскай політыкі раней панаваўшага царызму і што ва ўсім руху супроць окупантаў узвышаюцца моманты соцыяльнай барацьбы, якія, на думку окупантаў, ня могуць іграць рашаючай ролі ў супраціўленьні.
Але полёнізатары ня ўлічылі іменна гэтыя апошнія моманты, гэтыя растучыя сілы супраціўленьня ў правядзеньні сваіх плянаў, памыліліся ў ацэнцы пасыўнай здачы на апалячваньне працоўных мас. Сярод беларускіх сялянскіх мас шырока ўжо пранікла да іх сьвядомасьці нацыянальнае самавызначэньне, якое цесна пераплялося з соцыяльным. Гэтаму прычынілася шмат у чым Лютаўская рэволюцыя ў Расіі 1917 году і асабліва Кастрычніцкая пролетарская рэволюцыя, якая дала ўсім прыгнечаным нацыянальнасьцям былой царскай Расіі права на самавызначэньне аж да аддзяленьня і будаваньня сваёй дзяржаўнасьці.
Абуджаныя, ускалыхнутыя Кастрычнікавай рэволюцыяй на Беларусі працоўныя масы ўздымалі хвалю за хваляй свой штурм соцыяльнага і нацыянальнага вызваленьня на польскі, яшчэ малады, імпэрыялізм. Яны мелі перад сабой ужо сапраўды дзяржаўную незалежнасьць ад эксплёататараў і драпежнікаў-полёнізатараў — гэта Савецкая Беларусь, якая зьявілася, як зьдзейсьнены фактар, як вынік рэволюцыйнай барацьбы і перамог над белапольскімі окупантамі.
Затым, трэба яшчэ адзначыць той момант, які так сама да некаторай ступені перашкаджаў полёнізатарам у іх працы, гэта тое, што яны ў правядзеньні сваіх плянаў ня мелі пад сабой і пэўнай соцыяльнай апоры сярод мясцовага насельніцтва, ня мелі за што зачапіцца. Супроць цьвёрдалобай нацыянальнай політыкі Хіена-Пяста ў той час нават опозыцыйна была настроена і частка беларускіх заможных пластоў вёскі і іх інтэлігенцыя. Іх опозыцыйнасьць выцякала з таго, што яны ня мелі доступу да окупанцкага карыта і хацелі-б праводзіць непадзельную эксплёатацыю і ўціск Заходняй Беларусі.
Усё гэта разам стварала вялізарнейшыя перашкоды для польскага імпэрыялізму ў правядзеньні лабавой полёнізацыі і яе размаху.
Хіена-пястоўска-пэпээсаўскія ўрады за час свайго існаваньня адзначыліся асаблівай жорсткасьцю ў ліквідацыі беларускага школьніцтва. З існаваўшых у 1920-21 годзе каля 400 беларускіх пачатковых школ — у 1922 г. засталося толькі 40. Таксама былі ліквідаваны і настаўніцкія сэмінарыі ў Сьвіслачы і Барунах і гімназіі — у Гарадку (каля Маладэчна), Буцлаве, Горадні і Несьвіжы. Гэтыя гімназіі здолелі праіснаваць толькі 1—3 гады. У 1924 г. засталіся толькі лічаныя пачатковыя беларускія школы, а іменна: у Вільні замест раней існаваўшых 7 — 2, у Горадзеншчыне — 4, а ў Наваградзкім і Палескім ваяводзтвах ніводнай.
Вось якімі тэмпамі пры хіена-пястоўска-пэпээсаўскіх урадах зьнішчалася беларускае школьніцтва на Заходняй Беларусі.
Ня гледзячы на гвалтоўнае зьнішчэньне беларускага школьніцтва, усё-ж окупантам не ўдалося правесьці свае пляны полёнізацыі працоўных. Адпор полёнізатарам станавіўся ўсё больш магутнейшым, барацьба за школу ў роднай мове ўсё шырылася. Польская буржуазія прымушана была прызадумацца аб новых шляхох і мэтодах апалячваньня.
Сярод пануючых клясаў, а таксама і сярод соцыял-дэмократыі (ППС) яшчэ далёка да фашысцкага перавароту 1926 году на грунце вышэйпаказаных цяжкасьцяў выявіліся наконт гэтага сямейныя супярэчнасьці аб шляхох і мэтодах хутчэйшай асыміляцыі і апалячваньня беларускага народу. Віленская група пілсудчыкаў, так званых „дэмократаў“ на чале з „Кур‘ерам Віленскім“, запрапанавала больш пружыністыя і больш шпарчэйшыя мэтоды апалячваньня беларусаў — гэта шлях нібы прызнаньня беларускага народу, як славянскага (польскага) адшчэпку. Апранаючы авечую скуру прыяцеляў беларускага народу, абяцаючы беларускай буржуазіі і кулацтву некаторыя палёгкі ў нацыянальнай і соцыяльнай галінах, яны імкнуліся ўключыць беларускую буржуазію і кулацтва ў імпэрыялістычную орбіту польскай буржуазіі. „Дэмократы“, выстаўляючы гэтыя ідэі, мелі на ўвазе адно, — гэта ўзмацненьне соцыяльнай сваёй базы на окупаваных землях і праз яе бліжэй падыйсьці да працоўных беларускіх мас дзеля прысьпешаньня полёнізатарскай мэты.
Гэтыя мэтоды віленскіх „дэмократаў“ — вярней сказаць, фашыстаў, сапраўды прывабілі да сябе беларускую буржуазію і кулацтва і іх інтэлігенцыю, гэтыя ідэі сталі выхваляцца панамі Луцкевічамі і К-о.
Гэтыя ідэі і мэтоды перамаглі сярод польскай буржуазіі і памешчыкаў у фашысцкім перавароце Пілсудзкага ў маі 1926 г.
Фашысцкі пераварот у Польшчы зьявіўся стымулем для беларускіх буржуазных нацыяналістычных груповак на шляху дагавораў і супрацоўніцтва з окупантамі супроць нацыянальна-вызваленчага руху.
Беларуская буржуазія і кулацтва і іх ідэолёгі зусім натуральна ішлі ў абоймы да польскага фашызму, іменна таму, што да гэтага часу яшчэ больш паглыбілася клясавае распластаваньне ў бел. грамадзтве, абвастрылася і ўзрасла рэволюцыйная барацьба, ствараючы няўпэўненасьць і для яе існаваньня, а затым разьвіцьцё соцыялізму ў БССР на аснове разгорнутага наступленьня і ліквідацыі рэшткаў капіталізму, зьнішчалі ўсякія надзеі ў беларускіх нацыяналістычных груповак аб буржуазным перараджэньні Савецкай Беларусі.
Гэтыя асноўныя штурхаючыя моманты павароту да зрастаньня з польскім імпэрыялізмам для беларускай буржуазіі і кулацтва фашызмам былі падмацаваны яшчэ абяцанкамі і паддачкамі, як у нацыянальнай галіне (у школьнай справе, допуск да самаўраду), гэтак і ў соцыяльнай (у правядзеньні камасацыі, дапушчэньні да парцэляцыі і г. д).
У чым-жа выявіліся новыя мэтоды і ідэі ў адносінах да беларускай мовы?
У фашысцкай політыцы ў адносінах да беларускай мовы было два этапы: першы этап — гэта поплеч з самым жорсткім здушэньнем рэволюцыйнага нац.-вызваленчага руху, прадастаўленьне некаторых абяцанак і крохатных падачак і другі этап — гэта разгорнутая гвалтоўная полёнізацыя, калі фашызм ужо скарачае свае падачкі. У гэтым апошнім этапе польскі ўрад забараняе беларускую мову, дашчэнту стараецца зьнішчыць яшчэ не разгромленыя і ізноў паўстаўшыя ў барацьбе з ім беларускія радыкальныя організацыі, якія супроцьстаўляюцца полёнізацыі і фашызацыі. На другім этапе манэўраныя магчымасьці ў фашызма ўсё больш звужаюцца.