Полёнізацыя Заходняй Беларусі (1932)/«Няма бел. мовы, а ёсьць «гвара»
| ← Польскі ўрад забараняе кірыліцу | „Няма бел. мовы, а ёсьць „гвара“ Публіцыстыка Аўтар: Пётр Гарбацэвіч-Клінцэвіч 1932 год |
„Беларусы… могуць зьліцца і растварыцца ў польскай нацыі“ → |
„Няма беларускай мовы, а ёсьць „гвара“
Справа полёнізацыі беларускіх працоўных мас стаіць у цэнтры ўвагі польска-фашысцкіх окупантаў на Заходняй Беларусі і ёй прыдаецца аграмаднейшае значэньне ва ўсёй іх нацыянальнай політыцы — політыцы ўціску, фашызацыі, тэрору і вайны.
Ужо даўно пры польскім урадзе працуе спэцыяльна ўтвораная камісія для замены беларускіх назваў на польскія (напрыклад, назва беларускай вёскі „Сінкіняты“ пераводзіцца на „Сінкінента“ і г. д.).
Польскія фашысцкія лінгвісты па загаду зьверху ўзяліся за вывучэньне процэсу полёнізацыі беларускай мовы для наданьня гэтай справе шпарчэйшых тэмпаў. З Кракава на днях пераведзены ў Вільню найлепшыя знатакі полёністыкі: профэсары Хшаноўскі, Пігон (раней былы Віленскі школьны куратар), Лег-Сплавіньскі і інш.
Мы прывядзем некаторыя моманты апісаньняў дасьледчыкаў лінгвістаў-полёнізатараў з Віленшчыны, якія найбольш ярка малююць, як і што хочуць рабіць з беларускай мовай окупанты.
Паводле іх, у Віленшчыне поўнасьцю гавораць толькі на польскай мове, хаця гэтая мова шмат у чым розьніца ад варшаўскай.
„Польская мова ў розных ваколіцах Польшчы мае шмат дыялектычных адмен. Дыялект Віленшчыны — заяўляюць лінгвісты — мае зусім адасобленую ад іншых мясцовасьцяў Польшчы постаць... акцэнт, выгавор, складаньне слова, творчыя звычаі і слоўнік... Гэта асабліва выяўляецца ў мове ня маючых адукацыю мас“.
А зараз спынімся на тым, што гэта за польская мова і паглядзімо на арытмэтыку окупантаў-полёнізатараў.
У Віленшчыне па іхняму няправільны націск:
|
Напрыклад, гавораць |
Трэба зьмяніць па-польску |
|
Худзенькі |
Худзенькі (chudzieńki) |
|
Зробіце |
Зробіце (zrobicie) |
У некаторых словах прыходзіцца рабіць націск на апошнім складзе, што не адпавядае польскай азбуцы (А няхай яго!).
Найчасьцей тут выступае замена польскага ó на o:
|
Гавораць: |
А па-польску трэба: |
|
Спозьніліся да школкі |
Spóźniła się do szkółki |
Амаль усюды сустракаецца замена О на А (аканьне).
|
Пахмурны |
замест |
pochmurny |
|
Кабыла |
„ |
kobyła |
|
Халера |
„ |
cholera |
|
Паслуга |
„ |
posługa |
Затым прыводзяцца супастаўленьні слоўніка Віленшчыны са слоўнікам польскім.
|
Па-польску: |
Па-беларуску: |
|
Nosówka |
chustka (хустка). |
|
Lufcik |
fortka (фортка). |
|
Sznur |
wiarowka (вяроўка). |
|
Piłować |
pilić (піліць). |
Такіх слоў „віленскага гвару“, як называюць акцэнт Віленшчыны — гэтыя эмісары полёнізацыі налічваюць некалькі сот.
Як бачым, неадпаведны з польскім націск (акцэнт) і адваротны націск, няўжываньне ó (у), паўсямеснае аканьне і, урэшце, несупадальны з польскім слоўнік — усё гэта не застанаўлівае полёнізатараў прызнаць, што гэта „польская мова“, дзеля гэтага, на іх думку, толькі трэба яе зблізіць з „маткай“ і ўсё будзе добра. Гэтыя полёнізатары хочуць навукова даказаць сьвету, што полёнізатарскія гвалты на Заходняй Беларусі зусім абаснаваныя.
А зараз паглядзім, што яны кажуць аб тых, хто з беларусаў ужо ў процэсе полёнізацыі. Тут яны прымушаны констатаваць, што людзі, якія паддаліся полёнізацыі, усё-ж такі застаюцца недавукамі ў грамаце.
Атрымліваецца зьмяшэньне і блытаніна польскай мовы, напрыклад, у замене насавога гуку ę на ą і наадварот:
porębał gałęź, wziełem to bez pieniąndzy
замест — porąbał gałęź, wziełem to bez pienięndzy.
Найчасьцей замест ę і ą з націскам вымаўляецца эн, он ці нават ан:
nie rucha renkon ani nogon
замест — nie rusza ni ręką ani nogą.
urzandzam, wykrancam
замест — urządzam, wykręcam.
Зьмякчэньне і цьвёрдае вымаўленьне с (ц), s (с), z (з) і n (н) усё ў процівагу польскаму акцэнту ў гаворцы.
kośćium, swiergot, zmiana, słonce, łancuch.
А нават даходзіць да сьмехатворства — як заяўляюць фашысцкія дасьледчыкі мовы, напрыклад:
słuźońca
gorońco
У склоне адбываецца зьмена мужчынскага і аніякага роду на жаночы:
ta masła — tej masły
ta cacka — tej cacki і г. д.
а ў множным ліку:
te càcki, okny і г. д.
або зусім не праводзіцца ніякай розьніцы:
pokaż śwoja renka і г. д.
Таксама і з апошнімі складамі:
adwokatu — adkwakatowi
koniu — koniowi.
temu kolegowi замест — temu koledze.
Або maszynista — tego maszynistegoі далей — zabrakło desków.
Або замест mi — dla mnie.
Ды часта ўводзіцца падвойнае by
jakby nie byłoby.
Вось усе гэтыя формы мовы і ўсю постаць яе ў тым выглядзе фашысцкія окупанты называюць „гварам“ (gwar), гэта значыць складанай часткай польскай мовы.
Гэтым, так званым „гварам“, у асноўным зьяўляецца беларуская скажоная мова, а не наогул беларуская мова, на якой гаворыць амаль усё беларускае насельніцтва. Гэты т. зв. „гвар“ фашысты хочуць узаконіць як пераходную мову ад беларускай да польскай і якую польскія пануючыя клясы скарыстоўваюць, як грамаадвод ад сапраўды беларускай мовы, каб праз гэты „гвар“ праводзіць полёнізацыю.
З другога боку, што датычыць гарадоў Заходняй Беларусі як Вільня, Беласток, дык трэба прызнаць, што гэтым самым „гварам“ у нязначным ліку, праўда, але гаворыць і тая частка польскіх рабочых, якія прыехалі з Польшчы і аселі ў гэтых гарадох. Гэтыя рабочыя, будучы ў акаляючым асяродзьдзі беларусаў, сказілі сваю польскую мову.
Мы са ўсёй рашучасьцю адмяжоўваемся ад беларускай буржуазнай культуры, якую беларускія нацыяналісты ўзвышаюць над іншымі.
Але калі мы маем поўнае фальшаваньне беларускай мовы і культуры, падтасоўку са зьдзекамі, уціскам і гвалтамі, калі прымушаюць беларуса зрабіцца палякам, палякам лёяльным да фашызму, дык мы супроць такіх польска-фашысцкіх, „цывілізатарскіх“ зьдзекаў і прымусаў. Мы супроць нацыянальнага ўціску і наогул супроць зьнішчэньня беларускага народу.
Польская пролетарская культура на сваім шляху не прыгнятала і ня можа прыгнятаць іншай нацыянальнай культуры, як гэта робяць зараз над беларускім народам фашысцка-польскія окупанты. Яна падтрымлівае барацьбу беларускіх працоўных мас супроць уласных драпежнікаў— буржуазіі і паноў. Яна за братэрскае, вольнае сужыцьцё польскіх і беларускіх рабочых і сялян.
Фашысцкая-ж дыктатура за нацыянальныя пагромы, за нацкоўваньне аднэй нацыі на другую, за гвалтоўнае растварэньне беларускай нацыі ў польскай. Вышэй паказаныя факты „дасьледваньняў“ лінгвістаў красамоўна аб гэтым гавораць. Сваімі фактамі яны паказваюць, што гэта ня польская мова, а толькі хочуць з яе зрабіць польскую. 1 сапраўды, так гаворыць па-польску на Заходняй Беларусі ня толькі беларус, але яўрэй і літвін з чыноўнікам-прышэльцам і то толькі тыя, якія прымушаны мець з імі пастаянную датыкальнасьць. Дома-ж яны гутараць на зусім зразумелай сабе роднай мове.
Гэту ісьціну фашысцкія лінгвісты фальшуюць.