Полёнізацыя Заходняй Беларусі (1932)/«Беларусы… могуць зьліцца і растварыцца ў польскай нацыі»
| ← „Няма бел. мовы, а ёсьць „гвара“ | „Беларусы… могуць зьліцца і растварыцца ў польскай нацыі“ Публіцыстыка Аўтар: Пётр Гарбацэвіч-Клінцэвіч 1932 год |
Беларускі нацыянал-фашызм на полёнізатарскай службе → |
„Беларусы… могуць зьліцца і растварыцца ў польскай нацыі“
Такія формы сполёнізаванай беларускай мовы—„гвару“ — зараз асабліва ўпарта стараюцца праводзіць сярод беларускіх працоўных мас усе окупанцкія фашысцкія організацыі пад кіраўніцтвам ББ (г. зн. беспартыйны блёк супрацоўніцтва з урадам, у які ўваходзяць усе дэпутаты пілсудчыкі). Гэтым „гварам“ стараюцца чытаць даклады, гаварыць па радыё і г. д. Ужываньне „гвару“ не зьяўляецца самамэтай окупантаў, а сродкам для сваёй контррэволюцыйнай работы па ўзмацненьню окупацыі ЗБ і разьвіцьцю тэмпаў полёнізацыі беларускай мовы. ББ закладвае г. зв. рэгіянальныя камітэты (рэгіяналізм) па гарадох, мястэчках і вёсках Заходняй Беларусі. У гэтыя камітэты для асымілятарскай работы стараюцца пры апоры на асаднікаў і беларускіх кулакоў ўцягваць сераднякоў і нават беднякоў.
Пад націскам працоўных мас, у вачох якіх усё больш здэмаскоўваецца полёнізатарская і фашызатарская роля польскай школы, окупанты прабуюць паправіць аўторытэт гэтай школы ўвядзеньнем у ёй „гвару“, або як інакш фашысты называюць—„рэгіянальнай мовы“.
Але „спроба ўвядзеньня „рэгіянальнай мовы“ для заняткаў школьнай моладзі, якая нядаўна зроблена ў аднэй віленскай гімназіі, поўнасьцю не ўдалася“. Так прымушаны прызнаць фашысцкія пісакі. „Інакш і не магло быць. Бо віленскі дыялект не зьяўляецца яшчэ як належыць быць навукова-апрацаваным; настаўніцтва ў 99 выпадках на 100 ня ведае яго зусім; моладзь-жа (і ня толькі моладзь!) ня можа праводзіць пэўнай мяжы паміж беларускай мовай і польскім віленскім дыялектам і віленскім гарадзкім жаргонам“ („Слова“, 14/V-1932 г.).
Як бачым некаторыя з окупанцкіх кіраўнікоў нават і баяцца, каб уведзены гэты „гвар“ не зьявіўся-б зваротнай зброяй па полёнізатарскіх замыслах уладароў.
Пакуль што окупанты ня спыняюцца яго праводзіць, але стараюцца гэта рабіць усё больш асьцярожна. Бяз „гвару“ окупантам нельга абыйсьціся, бо ўсюды дастаюць адпор працоўных мас на прамыя полёнізатарскія мэтоды.
У „Кур‘еры Віленскім“ Гэлена Ромер нядаўна зьмясьціла артыкул пад назваю „Выхад з тэорыі“, у якім ясна аб гэтым кажа.
Паводле заяваў народных настаўнікаў — кажа Ромэр „програмы народных школ (польскіх — Г.) зусім не датарнаваны да нашых варункаў, да ўмысловасьці тубыльцаў, да клімату і звычаяў, да мовы і паняцьцяў. Папросту, для тутэйшых дзяцей школьная програма была нечым эгзотычным, мала зразумелым, чужым абычаем і стылем... заўважаны сумныя вынікі: паўторная няграматнасьць...“
Дзеля гэтага, як заяўляе віленскае „Слова“, „рэгіяналізм“ для школьнай моладзі трэба праводзіць у выглядзе гісторыі і прыроды, бо „моладзь на ўсе факты і весткі рэагуе асабліва чуцьцём; чуцьцё-ж зьяўляецца тым сільнейшым, чым бліжэйшым ёсьць той факт, які выкладае яго“ („рэгіяналізм у школе“).
Для гэтага рэкомэндуецца не апісаньне Кракава ці Плоцку, але ў першую чаргу, каб прыцягнуць і зацікавіць „цывілізатарскай культурай“, апалячыць, трэба даваць дзецям, па прыкладу Браслаўшчыны, такія рэчы, як „монографія Браслаўскага павету п. Отпона Гэдэманна...“, вялікія факты і вялікія постаці, якія былі прычынай розных помнікаў, ня толькі мармура, бронзы або граніту, але ў форме лягенд, песьняў, баек... мінулага польскага на гэтых землях“ (тамсама).
Усё гэта крок за крокам ідзе па лініі дасягненьня мэты, што „Беларусы, якія жывуць у Польшчы, пры ўмелай політыцы, могуць зьліцца і растварыцца ў польскай нацыі“ (заява Голувка на паседжаньні клюбу ББ у Львове ў 1931 годзе, 9 чэрвеня).
А ва „ўмелую“ політыку фашысты паміж іншым уключаюць мэтод пасылкі беларусаў, адданых окупантам, на настаўніцкія курсы ў Варшаву, Кракаў, Познань, каб потым іхнымі рукамі на Заходняй Беларусі праводзіць полёнізацыю і фашызацыю і несьці там „цывілізацыйную польскую місію“.
Беларускія нацыянал-фашысты поўнасьцю стаяць за гэтыя фашысцкія мэтоды апалячваньня, бо яны ў адно прызнаюць, што „цывілізацыю“ можна „ўводзіць найлепш мясцовымі беларускімі элемэнтамі, якімі „найлягчэй можна аказаць адпаведны ўплыў і на ператварэньне вясковага быту на падставах і ў духу сучаснае цывілізацыі“ (падкрэсьлена мною — Г.) („Беларускі Звон № 13).
Вось як выглядае нічым няпрыкрытая драпежніцкая програма фашызму і твар яго дапаможнікаў. Амаль ніякай розьніцы няма паміж гэтай заявай п. Голувка ад заявы Карскага, прадстаўніка русыфікацыйнай політыкі царскага расійскага ўраду. Карскі ў свой час таксама заявіў, што беларускага народу і мовы няма, а зьяўляецца яна толькі адшчэпкам маскоўскай. Маскоўскі царызм, паводле Карскага, „сьцярог“ гэтых беларусаў, каб яны не растварыліся ў польскім моры, а зараз, як бачым, польскі фашызм, наадварот, заяўляе, што ён „сьцеражэ“ беларусаў ад „маскоўскага“.
Такое супаданьне былой царскай політыкі з польскай політыкай у адносінах да беларускага народу з усёй яснасьцю паказвае на іх драпежніцтва, на сапраўдны шлях гвалтаў польскай буржуазіі, якая задалася мэтай агнём і мячом прымусіць беларусаў „зьліцца і растварыцца ў польскай нацыі“.
Лёзунг фашыстаў у нацыянальным пытаньні — „Wyrobienia w poięciach i duchu obywatelskim i państwowym“ — азначае ня толькі поўную лёяльнасьць да фашысцкіх окупантаў, якая вымагаецца на кожным кроку, але ўспрыняцьце польскай мовы, растварыцца ў польскай нацыі і імпэрыялістычна, па-фашысцку, мысьліць „ад мора і да мора“.
Гэта значыць, адказацца ад беларускай мозы, якая „вее духам усходу“, адказацца ад зразумелай для сябе мовы, у якой можна лягчэй або хутчэй набрацца сьвядомасьці клясавай барацьбы за вызваленьне з ланцугоў капіталу,
Такім чынам, нібы „новы паварот у нацыянальным пытаньні“, які абвясьціў фашызм, прышоўшы да ўлады, які бачым, азначае поўнае правядзеньне эндэцкай нацыянальнай політыкі, але іншымі спосабамі і сродкамі.
Цьвёрдалобыя эндэкі ніколі і ня сьнілі такіх фашысцкіх спосабаў пілсудчыкаў, каб манэўрамі старацца адцягваць ад сябе ўдары мас, як, напрыклад, такога роду манэўр: на 1931/32 год міністэрства асьветы і рэлігіі выдала загад школьным куратарам аб абавязковым ужываньні ў польскіх школах у мэтах фашызацыі і полёнізацыі моладзі няпольскіх нацыянальнасьцяў некаторых сьпеваў і дэкламацыі ў іх перакручанай роднай мове.
Полёнізацыя і фашызацыя працоўных мас Заходняй Беларусі — гэта непарыўная, складаная частка фашысцкай окупанцкай політыкі і эксплёатацыі, уціску, тэрору і вайны. Ні ў якім разе нельга і немагчыма зараз адлучыць полёнізацыю ад фашызацыі, ці наадварот, бо адно дапаўняе адно і адно з адным, цесна пераплятаецца.
Полёнізацыя і фашызацыя — гэта адзін з важнейшых сродкаў пануючай клясы і польскага імпэрыялізму, праз які яны імкнуцца падпарадкаваць працоўныя масы сваім клясавым інтарэсам і імпэрыялістычным захопніцкім мэтам.
Польскі фашысцкі окупант імкнецца да сваёй мэты „растварэньня беларусаў у польскай нацыі“ ўсімі магчымымі сродкамі, манэўрамі і лініямі, прычым усё больш удасканальваючы мэтоды самых грубых гвалтаў і крывавага тэрору.
Закрываюць і разграмляюць беларускія школы, ператвараюць іх у польскія. Ператвараюць у польскія і дзьвюхмоўныя (польска-беларускія) школы, якія адкрыты ў выніку рэволюцыйнага дамаганьня працоўных беларускае школы. Дэкрэтам, фашысцкага прэзыдэнта забаронена наогул адкрыцьце беларускіх школ на працягу 7 год, а новы школьны закон прадугледжвае толькі адзінае польскае школьніцтва. Беларускіх дзяцей гвалтам, штрафамі, пагрозай турмы для бацькоў гоняць на полёнізацыю і фашызацыю ў польскія школы. Духавенства пад „страхам божым“ і крыжом таксама робіць гвалты і зьдзек над беларускай мовай. Насланыя палякі-настаўнікі з карэннай Польшчы, Галіцыі і Пазнаньні ня толькі зьдзекуюцца з беларускай мовы, але гвалтоўна ліквідуюць яе, гвалтам прышчапляючы польскую, „калечачы“ дзяцей. Духавенства і настаўнікі гвалтам ганяюць іх на окупанцкія ўрачыстасьці, прымушаюць сьпяваць патрыятычныя польскія гімны і забараняюць усё беларускае. Окупанты прымушаюць і ТБШ служыць іх фашызатарскім і полёнізатарскім мэтам. Напрыклад:
„Беластоцкая акружная ўправа паведамляе, што ў Гарадоцкім гуртку Беластоцкага павету 28/V г. г. адбылася гэткая конфэрэнцыя. Павятовы Стараста і ваяводзкі прадстаўнік бесьпячэнства, прыехаўшы ў Гарадок, заклікалі сяброў гуртка на нараду, на якой дамагаліся, каб Т-ва супрацоўнічала са „стрэльцамі“ і „коламі млодзежы польскай“, а драматычная сэкцыя гуртка павінна пайсьці пад кіраўніцтва польскіх вучыцялёў, бо ў праціўным выпадку Т-ва будзе ліквідавана“. (Інформацыйны бюлетэнь ТБШ).
Вось якія мэтоды прымяняе ўрад у адносінах да не разгромленых гурткоў ТБШ.
Беларускія нацыянал-фашысты — Луцкевічы, Астроўскія, Ціханоўскімі і Якубёнкі, якія часта ходзяць на банкеты да окупантаў, са ўсёй жорсткасьцю праводзяць фашызацыю і полёнізацыю беларускай моладзі ў яшчэ застаўшыхся беларускіх гімназіях, а непакорлівых выкідваюць або катуюць і кідаюць у вастрогі. У апошні час зноў выкінута з Навагрудзкай беларускай гімназіі 13 вучняў.
Школьныя інспэктары і старасты, войты і поліцыя чыняць гвалты і зьдзекі, шальмуюць беларускую мову, а адважнейшых барацьбітоў, якія гавораць на сваёй роднай мове і адстайваюць яе, катуюць да сьмерці або кідаюць у вастрогі. У гміне, судзе і іншых установах забаронена карыстацца працоўнаму селяніну сваёй роднай мовай.
Для ілюстрацыі пададзім адзін прыклад, што апісваюць самі беларускія нацыянал-фашысты:
„У в. Барадзенічы, Браслаўскага павету, 16 мая г. г. моладзь вёскі Цяцеркі наладзіла беларускае прадстаўленьне. Падчас прадстаўленьня ў гэтым-жа месцы адбылася дэфіляда з музыкай і сьпевам па-польску. Падчас гэтай дэфіляды „дэфілядчыкі“ ў адзін голас крычалі — „не тшэба бялорускего пшэдставеня, нех бэндзе польске“. Апрача гэткіх крыкаў і сьпеву, былі яны ў барабаны і стукалі палкамі. Прысутная поліцыя, замест супакоіць дзікі крык „культурных“ змагароў з беларускасьцяй, загадала спыніць недакончанае прадстаўленьне“ („Беларуская крыніца“ № 28).
Усё гэта толькі агульныя рысы таго прыгнятаючага і жудаснага малюнку, які прадстаўляе зараз Заходняя Беларусь пад польска-фашысцкай окупацыяй.
Пагромамі нацыянальна-вызвалевчага руху, беларускіх культурна-асьветных організацый, як ТБШ і школ, полёнізацыяй і з ёю зьвязанай фашызацыяй, насаджэньнем розных польскіх фашысцкіх організацый, 10-тысячнай арміяй вайсковага польскага асадніцтва, хмарай польскіх чыноўнікаў, духавенства, шпікаў і поліцыяй, войскам, турмамі і шыбеніцамі фашысцкая дыктатура ўзьмацняе окупацыю, расчышчае пляцдарм, каб ратавацца ад пагібелі, шукаючы выхаду ў збройным нападзе на БССР і СССР.