Перайсці да зместу

Полымя (часопіс)/1922/1/Сельскі мітынг

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Па дарозе да будучыны Сельскі мітынг
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
Сьнежань 1922 году
Зімою
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сельскі мітынг (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сельскі мітынг.

Запоўнены стадол, як яблыку упасьці —
Грамада прагная варушыцца, шуміць;
Пытаньне носіцца вакола, а што ўдасца…
Што будуць тут прамоўцы гаварыць?

Ці ўловіць што настроенае пільна вуха
Ў прамовах тых, што мусяць скора пачынаць?
Што скажуць скліканым аб сконе галадухі,
Аб прадналогу, аб рэвалюцыйным руху
За межамі, аб тым, як землю падзяляць?

Мо‘ новых йшчэ навін паслухаці пазвалі —
Пара-ж бурлівая і віхрам ходзіць сьвет,
Авось цару якому голаў абламалі,
А ўладу краем пераняў сабе савет?

Мо‘ трэба ружжа браць і йсьці сваю краіну
Ад новых воражных нападаў бараніць…
Напэўна будзе, нейкая асобная навіна…
Ня здарма-ж сход, як мора бурная кіпіць…

Ня здарма гушча прагная жаданьнем палкім пыша
І сотні йграючых маланкаю вачоў
Кідаюць бліскамі прагнучымі туды, к узвышшу,
Адкуль пасыпне зараз дождж завучых слоў.

„Пашоў, вунь-вунь, як быццам ён!“ — прайшло стадолай,
І потым раптам зьнік той зычны медны гуд…
Й сьціша глыбокая, нярушная вакола
Скавала жданьнем гострым мітынгавы люд.

«Браты-таварышы! Сюды вас ўлада пасклікала» —
Прамоўца голасна людзям пачаў казаць.
«Краіну вольную, што панства разбурала,
Павінны мы сумесна, разам аднаўляць».

І стройна з вуст прамоўцы словы палкія прызыву,
Бы іскры зыркія, разносяцца наўкруг,
І зноў стадол, прыўцішаны, прытоены, маўчлівы
Ўшчынае гуць пад рупны, выбухнуўшы рух…

І ў гудзе тым клякоча помста тысячнай грамады
Для тых, каму ўспадзе на думку йшчэ калі
Падняць руку узбройную сваю, ці мець панаду
Зрушаць аднову роднай вольнай іх зямлі.

29/X, Менск.

Цішка Гартны.