Перайсці да зместу

Полымя (часопіс)/1922/1/Плывём к прыгожа-сьветлай далі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зімою Плывём к прыгожа-сьветлай далі
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
Сьнежань 1922 году
У жыцьцёвай кузьні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Плывём к прыгожа-сьветлай далі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Плывём к прыгожа-сьветлай далі.

Плывём к прыгожа-сьветлай далі
На хвалях вогненага мора…
А полымя ўсё плавіць, плавіць. —
Палёў абшары, лес і горы…
Плывём к прыгожа-сьветлай далі…

На хвалях вогненага мора
Плыве наш човен… бура стогне…
Дзе мы змагаліся ўчора,
Жыцьцё спакойна там сягоньня.
На хвалях вогненнага мора.

Плыве наш човен… бура стогне…
Відаць маяк-агонь дзяньніцы,
І золак дня туман разгоніць…
У новую жыцьця сьвятліцу
Плыве наш човен… бура стогне…

Відаць маяк — агонь дзяньніцы…
Плывём к прыгожа-сьветлай далі;
Дзень хутка новы заіскрыцца,
Зямлю ўсю полымя расплавіць…
Відаць маяк-агонь дзяньніцы:

Плывём к прыгожа-сьветлай далі
У полымі, — бяз ветру й вёслаў…
На прыстані мы пагуляем,
Сусьветная як прыйдзе восень…
Цяпер — к прыгожа-сьветлай далі!

М. Чарот.

25/XI — 22 г.