Полымя (часопіс)/1922/1/Нашы заданьні
Нашы заданьні Публіцыстыка Сьнежань 1922 году |
Па дарозе да будучыны → |
Нашы заданьні.
„Полымя“ — часопісь, пасьведчаная пытаньням культурнага будаўніцтва Беларусі, пачынае выходзіць у сьвет толькі на шостым годзе жыцьця Савецкае ўлады наогул і чатырох гадоў яе істнаваньня ў Беларусі; толькі пасьля пяці гадоў цяжарнага і ўпартага змаганьня працоўнікаў Савецкай Фэдэрацыі з многілікімі іх ворагамі.
І гэта не выпадкова. У часы абгастранай грамадзянскай барацьбы, калі парашалася пытаньне, ці быць Расеі Савецкай ці панскай, працоўным грамадам — усёй Савецкай Фэдэрацыі, а ў тым ліку й Беларусі, даводзілася меней усяго клапаціцца аб культурнай працы, а болей аб змаганьні, аб замацненьні верхаводзтва рабочага стану.
Толькі тады, калі кончылася грамадзянская вайна, пытаньні культуры пачынаюць высоўвацца на належнае дзеля іх месца, толькі з канцом грамадзянскае вайны перад працоўнымі грамадамі асабліва гостра вытыркаюць пытаньні аб культурнай працы, аб патрабаваньні ўздыму культурнага ўзроўню шырокіх працоўных гушчаў, каб праз гэта самае стварыць мажлівасьць для іх удзелу ў чыннай дзяржаўнай гаспадарчай працы.
Новая эканамічная палітыка яшчэ больш абгострыла гэта пытаньне. Пытаньне культуры стала куды больш, чым раней, пытаньнем, палітыкі. Новая буржуазыя, якую выклікае да жыцьця Нэп, сумесна астаткамі старое, пакладае ўсе патугі на замацаваньне свайго ўплыву ў ідэолёгічным кірунку.
У гэткіх варунках пытаньні нацыянальнге культуры патрабуюць асабліва асьцярожнага падыходу. У Беларусі культурная праца зьяўляецца выключна палітычнаю працаю; тут пытаньні палітыкі куды выпуклей вытыркаюць у кожным культурным акце, які-б бязьвінны характар гэткі акт у сабе ня меў.
Наш журнал зьяўляецца чабопісьсю беларускай рэвалюцыйна-марксыцкай думкі. Ён — журнал непартыйны, і мы дапускаем пэўную свабоду думак, але ў пэўных межах.
Гэтыя межы раней усяго абведзеньы агульным разуменьнем нацыянальнага пытаньня і прынцыповымі адносінамі да істнуючай формы ўлады ў Савецкай Беларусі.
Для нас, рэвалюцыйных марксыстаў, нацыянальнае адраджэньне ня ёсьць самамэта — яно толькі сродак прылучэньня шырокіх працоўных гушчаў да рэвалюцыйнай творчасьці, да чыннага будаўніцтва Савецкае Беларусі.
Для нас нацыянальнае пытаньне ёсьць пытаньне культуры. Наша праца ў галіне нацыянальнага адраджэньня поўнасьцю зьмяшчаецца ў рамкі культурнага будаўніцтва.
Вырашэньне пытаньняў дзяржаўных мы не разумеем сабе ў асобку ад працоўнікаў усёй Расеі. Інтарэсы Беларусі, інтарэсы працоўных гушчаў Беларусі — гэта толькі часьціна інтарэсаў працоўнікаў усёй Расеі. Загэтым для нас няма і ня можа быць асаблівай праграмы адмяжованага дзяржаўнага будаўніцтва. Загэтым мы й вітаем кожны крок, яшчэ цясьней зьбліжаючы працоўнікаў Беларусі з працоўнікамі ўсёй Савецкай Фэдэрацыі.
Наша часопісь ня можа дапусьціць спрэчак па пытаньню аб сыстэме ўлады. Для нас ёсьць непарушным, што ў Беларусі няма і ня можа быць іншае улады, апроч верхаводзтва рабочага стану, якое падтрымліваюць шырокія сялянскія гушчы. Альбо Савецкая Беларусь, альбо Беларусі, як дзяржаўнага цела, ня будзе — гэтакі шлях гісторыі.
Толькі тыя, якія прымаюць нашу ацэнку нацыянальнага пытаньня й прынцыпова прызнаюць Савецкую ўладу — толькі гэтыя працоўнікі магчымуць знайсьці месца на бакох нашага журналу.
Наш журнал ёсьць і часопісьсю зьбіраньня й часопісьсю расколу. Мы ворагі яднаньня ў імя яднаньня. Мы хочам яднаньня вакол праграмы.
Наша праграма выразна. Яна далёка і ад нацыяналізму і ад прымітыўнага інтэрнацыяналізму. Працуючы, мы кіруемся фактамі істнуючымі і пакідаем убаку ўсякія высокія мудраваньні.
Тыя, хто нашу праграму прымуць, пойдуць за намі. Усе-ж, хто ня знойдзе сьмеласьці яе прыняць пойдуць супраціў нас. Сярэдзіны мы не прызнаём, ды яе й быць ня можа.
Мы будзем адкрыта змагацца супроціў усіх незалежнікаў, супроціў тых, дзеля каго пытаньне нацыянальнага адраджэньня ёсьць пытаньне дзяржаўнага абасобку, супроціў таго, хто лічыць савецкую сыстэму часовым злом, якое трэба перажыць.
Мы будзем злучаць вакол нашага сьцягу ўсіх тых, хто сумленна й шчыра хоча пасабіць Савецкай Беларусі ў цесным зьяднаньні з Савецкаю Расеяй адрадзіць сваё гаспадарства.
Зразумела, што мы не выяўляем перад сабою беларускае культурнае працы адколатаю ад культурнае працы іншых жывучых у Беларусі нацыяў. Культурная работа працоўных грамадаў аднэй нацыянальнасьці зяўсюды злыгана з культурным жыцьцём і работаю працоўнікаў другое нацыянальнасьці. Бяз узаемнага ўплыву і супрацоўніцтва ня можа быць правідловага культурнага разьвіцьця.
Наш журнал зьяўляецца першым беларускім марксыцкім журналам. Ён яшчэ ня мае традыцыяў, у ім вельмі мала працоўнікаў. Рэвалюцыйных марксыстаў сярод беларускай інтэлігэнцыі да апошняга часу наогул было нямнога. Заэтым мы ні на хвілю не хаваем ад сябе таго цяжару, які нам прыдзецца перамагчы ў нашай працы. Калі не адкрытую, то прыхаваную супярэчную чыннасьць з боку незалежнікаў ды народнікаў мы будзем сустрачаць на кожным кроку. Але нас гэта ні на хвілю ня супыніць. Мы ведаем, што мы ўстаімо на правільным шляху, што абапіраючыся на рабочыя гушчы й пралятарскія слаі вёскі, мы магчымем выпаўніць тую працу, за якую мы ўзяліся.
Наша часопісь кіруючая. Яна мае мэтаю аформіць сьветапагляд беларускіх культурных працоўнікаў, прыцягнуць да беларускага культурнага будаўніцтва найболей сьвядомыя і разьвітныя элемэнты з радоў беларускага пралетарыяту і бяднейшага сялянства.
Наша часопісь мае мэтай даць шырокую дарогу для выяўленьня к жыцьцю тым беларускім пісьменьнікам і паэтам, якія кінулі старыя матывы, матывы нудлівага сантымэнталізму й самаістага кулацкага народніцтва, якія не знаходзяць натхненьня ў ідэях незалежніцтва ды ў нейкай „вялікасьці беларускай старадаўшчыны“, а каторым навявае мэлёдыі муза вызваленьня працоўных грамадаў, муза колектыўнае творчасьці іх. Наша часопісь злучае ўсё жывое для перамогі над жыцьцёвымі нягодамі, для ўрачыстага панаваньня ў жыцьці.
Таксама наша часопісь будзе злучаючым асяродкам беларускай рэвалюцыйной думкі за рубяжом. Яе палавінкі гасьцінна адчыняцца дзеля рэвалюцыянэраў, якія змагаюцца супроціў польскага і літоўскага панскага прыгону за ўладу працоўнікаў.
Якраз праца за рубяжом многалікімі прыкладамі падмацоўвае правільнасьць нашага кірунку, засьвядчае абсолютную немагчымасьць знайсьці якую небудзь іншую, апроч верхаводзтва рабочага стану, форму арганізацыі ўлады, каб яна здавальняла шырокія працоўныя грамады.
Змаганьне за беларускую культуру за рубяжом ёсьць па сваёй сутнасьці змаганьнем за уладу працоўнікаў. Гэта паказалі і апошнія выбары ў польскі Сойм, калі саюз ў пралетарыяту гораду й вёскі атрымаў на крэсах значную колькасьць галасоў.
„Полымя“ — гэта часопісь барацьбы, а не часопісь акадэмікаў. Мы, рэвалюцыйныя марксысты, навуку нашага змаганьня і нашых дасяганьняў будзем заносіць на старонкі нашае часопісі. Усе тыя, хто хоча разам з намі працягаць далей змаганьне пад рэвалюцыйным сьцягам, няхай ідуць да нас, у нашы рады, няхай пасобяць нам вызваліць беларускую культурную работу ад станкоў народніцтва й нацыяналістычнай рэакцыі.
„Полымя“ чакае іх дапамогі і, мы пераконаны, яе атрымае.
Рэдакцыя.