Перайсці да зместу

Полацкі князь Усяслаў — беларускі нацыянальны асілак (1939)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Полацкі князь Усяслаў — беларускі нацыянальны асілак
Гістарычная праца
Аўтар: Сяргей Сахараў
1939 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Полацкі князь Усяслаў — беларускі нацыянальны асілак.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЯРГЕЙ САХАРАЎ


ПОЛАЦКІ КНЯЗЬ УСЯСЛАЎ

беларускі нацыянальны асілак



Князь Усяслаў

З абраза П. Сергіевіча

ВІЛЬНЯ

1939

СЯРГЕЙ САХАРАЎ

Полацкі князь Усяслаў — нацыянальны беларускі асілак

Усе жыхары прыгожай беларускай старонкі павінны любіць сваю родную старасьвеччыну й ею цікавіцца. Традыцыі глыбокай полацкай старасьвеччыны ў памяці ўсіх Беларусаў, у жылах каторых цячэ стараславянская кроў Крывічоў, павінны быць жаралом вечнага натхненьня.

Мінуўшчына важная йшчэ й дзеля таго, што толькі ў ейным асьвятленьні можна правільна зразумець і належна сабе ўявіць задачы сучаснага гістарычнага мамэнту й ісьці па правільнай дарозе да сьветлай будучыні свайго народу. Тым больш важным ёсьць кінуць хоць адзін-другі прамень сьвятла на тую далёкую эпоху ў гісторыі беларускага краю, калі над ім залунала зараніца сваей гаспадарственнасьці, калі на берагох Дзьвіны былі паложаны першыя каменьні асноваў беларускай культуры, калі беларуская палітычная думка стала ператварацца ў форму выразнай палітычнай цэласьці.

А гэта пачалося даўно — больш васьмісот гадоў таму назад…

У гэту далёкую пару сэрцам Беларусі быў стары сусед Віцебска — слаўны Полацак, гаспадарственная ўлада каторага была ў жалезных руках магутнага Полацкага князя-багатыра Усяслава, а імя Палачан, «грозных Палачан», як кажа аўтар «Слова аб палку Ігаравым», з славаю разнасілася рэхам народнай весьці ня толькі па многаводнаму басэйну Дзьвіны, але й далёка паза ягонымі граніцамі.

Гісторыяграфія знае ня мала важных дасьледчыкаў, што займаліся дасьледаваньнем мінуўшчыны й сучаснасьці беларускага народу. Сярод іх заслужанаю павагаю карыстаюцца імёны пра прафэсараў: Пецярбурскага — М. О. Кояловіча, Маскоўскага — І. Д. Беляева, Кіеўскага — М. Доўнар-Запольскага, Варшаўскага — Е. Ф. Карскага; глыбокіх знаўцоў беларускай старасьвеччыны — А. М. Семёнткоўскага, А. П. Сапунова, Д. І. Даўгялы й інш. Аднак самае толькі існаваньне гэтулькіх аўторытэтаў не дае йшчэ права цьвердзіць, што ўсе пытаньні ў справе княжага пэрыяду гісторыі старасьвецкага Полацку ўжо вырашаны безпаваротна й аканчальна. Не! Там ёсьць яшчэ шмат чаго навукова недасьледаванага, загадачнага й цікавага… Гэта зусім натуральна, калі прыняць пад увагу тое асаблівае, бадай выключнае палажэньне, якое Полаччына займала сярод іншых суседніх земляў, а так-жа, калі прыняць пад увагу самы характар гэтай старонкі, ведамай з летапісных жаролаў.

Полацкая зямля X—XI в. для земляў Прыдняпранскіх была далёкай акраінай, гістарычнымі падзеямі высунутай у суседзтва з літоўскімі й чудзкімі плямёнамі. Ужо ў самым зараньні легендарна-паэтыцкай дымкі, прыцярушыўшай найдаўнейшую гісторыю гэтай зямлі, адбіваецца апрычонасьць паўдзённае, украінскае Прыдняпраншчыны ад Палачан, закінутых у глухую даль, паміж дрымучых лясоў і топкіх балот Беларусі. Гэты факт апрычонасьці зямлі Крывічоў ад рэшты Русі зазначаюць усе аўторытэтныя жаролы. «Крывічы — кажа Н. Костомараў — былі раз’яднаны з Паўдзённай Русьсю й жылі асобным сьветам[1]».

Насьледкам такой раз’яднанасьці было выдзяленьне Полацкіх князёў з агульнай сям’і патомства Кіеўскага князя Уладзімера.

«Перш за ўсіх ізгоеў[2] — піша праф. Ключэўскі — у палажэньні выдзеленых князёў апынуліся, ня дзеля раньняга сіроцтва, але з прычыны асаблівых варункаў, князі Полацкія, патомкі старшага Уладзіміравага сына ад Рагнеды».[3]

Праф. Багалей прадстаўляе выдзяленьне полацкіх князёў і адасабленьне Полацкага Княства, як адно цэлае. «Адасабленьне Полацкага Княства пачалося вельмі рана — яшчэ пры Уладзімеры Сьвятым, узяўшым сабе за жонку дачку Полацкага князя Рогвалада й аддаўшым Полацкі пасад Рагнедзінаму сыну — Ізяславу.[4]

Полаччына, як кажа праф. А. Трачэўскі, была «адрэзаным акрайцам у рускай гісторыі ўдзельнае пары, падобна, як і Галіччына».[5] Вось-жа гэта «адрэзанасьць», гэта адлучанасьць Полацка ад агульнарускага караня й былі прычынаю таго, што гісторыя княжага пэрыяду Полаччыны прадстаўлена ў летапісных аглядах толькі ў форме кароткіх, фрагмэнтарычных, часам непавязаных з сабою вестак. Па загубленьні-ж сваіх мясцовых полацкіх летапісаў, гістарычная навука асталася без магучай успамогі дзеля правільнага разуменьня й магчымасьці ўсебаковага асьвятленьня гэнай важнай культурна-палітычнай эвалюцыі, якую перажылі Крывічы ў басэйне Дзьвіны ў X—XII в. А эвалюцыя гэта была вельмі характэрная: у той час, калі Ноўгарадзкія Славяне на берагох Волхава імкнуцца апрацаваць у сябе палітычную форму дэмакратычнага рэспубліканства, Полацкія Крывічы на берагох Дзьвіны, праз сваіх свабодалюбівых князёў, стараюцца сконцэнтравацца ў незалежнае Крывіцкае княства, сарганізаваць незалежную дзяржаву (гаспадарства). Гэтым і тлумачыцца жорсткая барацьба Кіева з Полацкам, закончаная нябывала трагічным эпілёгам — ссылкай полацкіх князёў у Царгорад.

Недастатак мясцовых летапісных вестак аб Полацкіх здарэньнях тым больш даецца горка адчуць, што аўтары Кіеўскіх і інш. летапісаў, з каторых і даведваемся аб гэтых здарэньнях, не маглі быць да Полацка безстароннымі. Наадварот, у Кіеве імя Полацка ў старыя часы, паводле ўсяго, выгаварвалася з адценкам глыбокай упярэджанасьці, задорным тонам забабону…

Дакумэнтам гэтага зьяўляецца цікавая легенда «о предивном чюде ў Полотську», згодна з Іпацкім, а йшчэ лепш Цьвярскім летапісам «об устрашеніях и мечтах бѣсовских в Полотску при князѣ Всеславѣ». Летапісец у наіўна-дзіцячым тоне расказвае аб штуках бясоў над Палачанамі на гарадзкіх вуліцах і пляцох падчас пануючай у Полаччыне ў 1092 г. нейкай пошасьці, захапіўшай з сабой многа людзкіх ахвяраў. Сам факт вялікага пашырэньня гэткай легенды, якая сталася нават сюжэтам народнай дасьціпнасьці й запісана з многімі варыянтамі ў шматлікіх летапісных аглядах, зьяўляецца выразным доказам, як адносіліся суседнія землі да далёкай Полаччыны. Падобна таму, як Літоўская зямля доўгі час лічылася жаралом усялякіх дзіваў і чараў, гэтак краіна Полацкіх Крывічоў у XI—XII в. слыла, як старонка чараў і загадачных зьяваў, лічылася нейкім зачараваным кутком.

Незважаючы на гэткую легендарнасьць вестак аб старым Полацку, адна магутная асабістасьць з сям’і Полацкіх князёў пакінула па сабе вельмі яркі й выразны знак на фоне ўдзельна-вечавой гісторыі. І быў час, калі імя гэтай асобы шырака разнасілася ў народнай погаласцы ў самыя далёкія куткі ўдзельна-вечавой Русі; калі імя гэта было аднолькава слаўным і грозным ува ўсіх слаёх тагочаснага грамадзянства, пачынаючы ад ягоных вярхоў, у асобах прадстаўнікоў многалічнай княжай сям’і Рурыкавічаў, і канчаючы глыбокімі нізамі народу пад відам ці то неспакойных грамадаў свабодалюбівага веча на Кіеўскім рынку, ці то цёмных масаў чужаземнага насельніцтва, у родзе фінскага племя — Воді.

Гэта імя было імем Полацкага князя Усяслава. Гэты слаўны князь пракняжыў у Полацку цэлых 57 гадоў (1044—1101 г.г.). Лічба нязвычайная нават для багатай вялікімі людзьмі ўсесьветнай гісторыі.

Асоба князя Усяслава Брачыславіча цікавая так-жа й з іншага боку: падобна як і многія з вялікіх людзей, князь гэты пакінуў па сабе ў гісторыі падвойны сьвет, дваякую памяць: „Слова аб палку Ігаравым” творыць Усяславу сьветлы арэол адважнага ваякі, добрага панаўніка, справядлівага судзьдзі й народнага героя, а з другога боку — Усяслаў быў героем паэтычнай казкі й народнай фантастыкі: летапіс рысуе нам яго, як „рожденного от волхвования” і „няміласэрнага на праліцьцё людзкой крыві”, урэшце паэтыка народных пяўцоў з гістарычнага Усяслава вытварыла тып казачнага перакіншчыка, каторы „днём людзей судзіць і ўпраўляе князёўскімі гарадамі, а ўночы воўкам носіцца”.

Але прыступім да характарыстыкі нашага беларускага нацыянальнага героя — князя Усяслава Брачыславіча.

Як адпраўны пункт дзеля характарыстыкі Полацкага князя возьмем водклік аб ім летапісных жаролаў з 1044 году:

„В лето 6552, — чытаем у Лаўрэнцеўскім летапісе, — умре Брячислав, сын Изяславль, внук Володимера, отець Всеслав, и Всеслав, сын его, седе на столе его, его-же роди мати от волхвования; матери-бо родивши его, бысть ему язвено на главе его; „се язвено навяжи нань, да носит е до живота своего”, „еже носить Всеслав и до сего дне на себе; сего ради немилостив есть на кровопролитие”.

Гэткі, так сказаць, палітычны пашпарт выдадзены летапісцам Усяславу Брачыславічу ў важны для яго год пасаджэньня яго на Полацкі пасад, у важны мамэнт выступленьня яго на сцэну гісторыі.

Так ці йнакш, але ўспомненая цытата з Лаўрэнцеўскага летапісу адносіцца, бяз сумліву, у лік загадачных бачынаў летапіснага тэксту. З аднаго боку чуваць тут водгалас усім ведамай казкі аб чарадзею Волху й старасьвецкай быліны аб багатыру Волху Усяславічу, з другога боку — казачна-былінная фантастыка ўмела тут пераплеценая рэальнасьцю прастадушнай легенды аб загадачным „язвено на главе его” ад самага нараджэньня й аб насімым ім чарадзейскім талізмане. І ў гэткую вось рамку, дзіўна размалёваную паэтыкай і забабонам народных погаласак, устаўлены аканчальны пагляд аб маральным вобліку князя, як чалавека суровага й неміласэрнага на кровапраліцьце. Падобная характарыстыка асабліва падатную глебу дзеля свайго распашырэньня магла знайсьці іменна ў Кіеве, пад уладу каторага не хацеў скланіць сваей гордай галавы магучы Полацкі князь.

Але на паказаньне аб чарадзейскім нараджэньні Полацкага князя ня можна глядзець толькі, як на звычайны прадукт забабоннасьці й народнай цемры.

Нараджэньне людзей от волхвования” і наагул наднатуральнае іхняе паходжаньне былі звычайнымі, так сказаць, валацужнымі сюжэтамі старадаўніх вераваньняў у арыйскіх народаў. На здольных арганізатараў свайго цывільнага й ваеннага жыцьця арыйцы наагул глядзелі, як на асабліва ўздольненыя істоты, як на вялікіх герояў і магутных паўбагоў, якія паходзяць ня так, як усе людзі, але зьявіліся на зямлі спосабам наднатуральным (грэцкая мітолёгія — Геракл), чараўніцкім і найчасьцей прыймалі форму баснаслоўных апісаньняў аб нараджэньні іх з зямных матак, а ад бацькоў паходжаньня нечалавечага, галоўным чынам ад зьмеяў, якія ўважаліся ўцелаішчэньнем нязвычайнай мудрасьці й дэмонічнай хітрасьці.

Дзеля гэтага, ня трудна прадставіць, пры якіх варунках сярэднявечная й агульнаарыйская традыцыя маглі злучыцца з героічнаю асобаю Полацкага князя. Чалавек, які задзівіў народныя масы свае пары львінаю адвагай, жалезным характарам, нясчэрпанай энэргіяй і рашучай быстрынёй нанасімых удараў; князь, які патрапляў нязвычайна ўдачна вырывацца з самых цяжкіх абцугоў, блізу безнадзейных палажэньняў, у паняцьці народу ня мог зьявіцца парадкам натуральным. Не, ён павінен быў радзіцца па чарадзейску — „От волхвования”.

Пры выясьненьні прычын, дзеля якіх асоба Усяслава Брачыславіча асталася ў агульна народнай памяці з тыпічным арэолам чарадзейнага нараджэньня, трэба так-жа канечна прыпадняць занавесу над яшчэ больш цікавым кутком у псыхолёгіі самай крывіцкай паэтыкі.

У дагістарычную эпоху, калі йшчэ ня было раздрабленьня Крывічоў на паўночных і паўдзённых, на пскоўскіх і полацка-смаленскіх, вуснае паэтыцкае творства гэтага племяні, натуральна, цякло адным супольным руслом. Але, у меру адасабленьня аднаго ад другога паасобных галін племяні, выражэньне паэтыцкага творства іх у казках і былінах стала разрозьнівацца. Аднак, першая супольнасьць паэтыцкіх традыцыяў, мотываў, сюжэтаў, нават мясцовага колёрыту, у творчасьці счэзнуць не магла. Гэта выразілася ў цікавым працэсе вытварэньня з гістарычнага Усяслава легендарнага перакіншчыка й чарадзея. Мы хочам гэтым сказаць, што на гістарычную асобу Полацкага князя крывіцкая творчая думка пакінула паэтыцкую вопратку быліннага багатыра Вольха Усяславіча, а гэты апошні ў сваю чаргу апранены быў ею ў фантастычную вопратку чарадзея Волха, героя з казачнага эпасу.

Гэта ўнутраная пасваячанасьць двух тыпаў — казачна-песеннага й легендарна-гістарычнага — станецца йшчэ больш канкрэтнай пры падрабязным супастаўленьні рысаў Усяслава Брачыславіча, як ён нарысаваны ў летапіснай казцы й у прыпеўцы вешчага Баяна, з рысамі Вольха Усяславіча — паводле дзьвюх захаваных аб ім былінаў.

Летапіс кажа: „сего Всеслава мати роди от волхвования”. Гэты сухі й ляконічны фрагмэнт сачыстымі фарбамі быліны, запісанай у зборніку А. Данілава, размалёваны ў наступны жанравы абраз:

„По саду, саду зелёному, ходила, гуляла
Молода княжна Марѳа Всеславьевна,
Она к камени скочила на лютого, на змея.
Обвивается лютой змей около чебота зелен-сафьян
Около чулочика шелкова, хоботом бьёт по белу стегну
А в то поры княгиня понос понесла,
А понос понесла и дитя родила“.

(быліна VI, бач. 38)

Як істота надпрыродная, ад самага ўжо свайго нараджэньня, як сын зьмея-перакіншчыка, багатыр Волх Усяславіч мае прароцкую прыроду. Згэтуль становіцца зразумелым, чаму падарожныя калекі ў павучальнай прамове Ільі Мурамцу адзначаюць у Волха іменна „хітрасьць-мудрасьць”.

„Не ходи на Вольгу Сеславьевича
Он не силою возьмет,
Так хитростью-мудростью“.

У прыпеўцы вешчага Баяна, запісанай у „Слове аб Палку Ігараве”, Полацкі чарадзей таксама названы „хитрым, гораздым и человеком вещей души”.

Як ведама, перакіншчыцтва было спадкаемнай рысай Волха й былінная фантастыка справядліва прадстаўляе гэта перакіншчыцтва, як нутраную канечнасьць, як арганічны поклік багатыра з самага ягонага дзяцінства.

„Стал Вольга растеть-матереть
Похителя Вольге много мудрости
Щукой-рыбой ходить ему в глубоких морях,
Птицей-соколом летать под оболока
Серым волком рыскать во чистых полях,

На князя Усяслава народная фантастыка глядзіць таксама, як на перакіншчыка-ваўкалака. У мірным часе:

„Всеслав князь людем судяше, князем грады радяше, а сам в ноч волком рыскаше”.

У ваенным-жа часе Усяслаў адзначаецца хуткасьцю сваіх рухаў у прасторы:

„Скочи лютым зьверем в полночи из Белграда, скочи волком до Немиги с Дудуток”; „из Киева дорыскаше до Тьмутораканя” і інш.[6]

Гэтак сама быстры багатырскі скок у Волха Ўсяславіча:

„Побежал Волх к царству Индейскому,
Он первый скок за целу версту скочил,
А другой скок не могли найти“.

Рысы вядзьмарства й чарадзейства праяўляюцца ў Усяслава надпрыродным чуцьцём гукаў з далёкай адлежнасьці:

„Тому в Полотьске позвониша заутреню рано у святыя Софии в колоколы, а он в Киеве звон слыша“.

Волх Усяславіч таксама абдараны падобнаю казачнаю здольнасьцю:

„Ясным соколом он мчится к царству Индейскому, садится на косяіцатом окошке палат белокаменных и слышит тайнственный разговор царя Салтыка з царицей Азвяковной”.

Паводле летапіснай казкі, князь Усяслаў «немилостив был на кровопролитие». А ў Волха лютасьць была быццам спадкаемнай рысаю, ад чаго й атрымаліся гэтак суровыя наказаньні:

„Гой еси вы, дружина хоробрая,
Ходите по царству индейскому
Рубите старого, малого,
Не оставьте в царстве на семена“.

Такім чынам, для нас яснай становіцца гэна лябораторыя, у каторай паэтыцкая творчасьць Крывічоў з паганскай веры ў чары, з рэлігійнай фантастыкі твора чарадзейную казку аб багатыру-чарадзею Волху, а праз яго ў мастацкай пераапрацоўцы прафэсыянальных пераказчыкаў прыгатаўляецца прыгожы сюжэт для разбудоўкі чароўнай апотэозы свайму нацыянальнаму герою — князю Усяславу, каб паказаць ягоную адчайную схватку з Кіевам і Яраславічамі, каб прадставіць ягоныя сьмелыя паходы супроць Ноўгарада й Пскова.

Цяпер зьяўляецца пытаньне, кім-жа ўласьціва быў магутны Крывіцкі князь, як гістарычны тып, грамадзкі дзеяч і як маральны характар; ці справядлівы быў пагляд летапісца на суровасьць князя («сего ради немилостив был на кровопролитие»)?

Каб устанавіць правільны й об’ектыўны пагляд на асобу Полацкага князя Усяслава, канечна трэба сабраць у адзін цэлы абраз увесь матарыял з гісторыі ўзаемаадносінаў Усяслава, як Полацкага князя, да сучасных яму князёў і суседніх краёў, а так-жа выясьніць барацьбу Усяслава з сваімі ворагамі за самастойнасьць і незалежнасьць Полаччыны з пункту гледжаньня тых культурных варункаў, якія існавалі ў другой палавіне XI стагодзьдзя ў удзельнай Русі. Тады з туманнай далячыні сівой старасьвеччыны прад намі пакажыцца не фантастычная, але рэальная фігура; зьявіцца не пахмурны герой паэтыцкай, летапіснай легенды, але сапраўдны гістарычны дзеяч свае пары.

У летапісных жаролах ёсьць шмат матарыялаў дзеля характарыстыкі ваенных парываў Усяслава Брачыславіча. Летапісныя агляды пры гэтым ня рэдка стараюцца прыпісаць ініцыятыву сварак іменна Полацкаму князю. Звычайна ў такіх выпадках аўтары летапісных аглядаў ужываюць сумысных тэхнічных выражэньняў, напр. «поча Всеслав рать держати», «князь Всеслав приисед ратию», «Всеслав седе рать почал» і г. п.

1. Першым у хронолёгічным парадку здабыўніцкім паходам Полацкага князя быў ягоны набег на м. Пскоў у 1065 г. Другі Пскоўскі летапіс прадстаўляе гэта здарэньне так:

„В лето 6573 князь Полоцкий Всеслав събрав силы своя многия, приде ко Пскову, и много труждався отъиде, ничтоже успев”.

2. Больш шчасьлівым і ўдачным быў раптоўны напад Усяслава на Ноўгарад Вялікі ў 1066 г.

„В лето 6574 приде Всеслав и възя Новгород с жёнами и детми и колоколы съима у святыя Софии.[7] О, велика бяше бѣда в час тый и понекодила съима” (1-шы Ноўгарадзкі летапіс).

3. Трэцім па парадку здарэньнем, у якім відавочна знайшла для сябе апраўданьне летапісная характарыстыка бязлітаснага характару Полацкага чарадзея, быў ведамы з свае крывавасьці бой яго з трыма Яраславічамі ў сакавіку м-цы 1067 г. на берагох ракі Нямігі. Гэта бітва адбылася зараз-жа пасьля таго, як саюзнае войска князёў паўдзённай Русі, разграміўшы верны Усяславу Брачыславічу Менск, выбіўшы ў ім мужчынаў і забраўшы ў палон жанчын і дзяцей, урвалася ў паўдзённа-ўсходнюю часьць уласьцівай Полаччыны. Усяслаў сьмела загарадзіў тут дарогу сваім лютым ворагам і пагеройску ўступіў з імі ў бітву.

Крывавая схватка Палачан з паўдзённа-русамі на берагох Нямігі[8] паслужыла паэтыцкім сюжэтам для вусна-народнага песеннага эпасу. Адгалоскам яго якраз і быў абраз бітвы, прадстаўлены аўтарам «Слова аб палку Ігаравым» ў земляробскіх нарысах малацьбы й веяньня:

„На Немизе снопы стелють головами, молотать чепи харалужными; на плоце живот кладуть, веють душю от тела. Немизе кровави брезе не болохом бягуть посеяни, посеяни костьми русских сынов”.

Акрамя адзначаных выступленьняў Усяслава Брачыславіча, трэба адзначыць ягоную абарону Полацкага пасаду ў 1070 г. ад сілком накіненага Палачанам князя Сьвятаполка Ізяславіча, ягоны трэці напад на Ноўгарад у 1077 г. і заваладаньне Смаленскам у 1078 г. Але за апошняе ён сьцягнуў на сябе гнеў Уладзімера Манамаха, каторы разам з князем Сьвятаполкам і гордамі дзікіх полаўцаў асадзіў Полацак і ў выніку прадмесьці яго былі спалены, але самая крэпасьць устаяла… Словам, ніякія жорсткасьці саюзьнікаў, ні іхнія грабяжы Полацкай зямлі, нават азьвярэласьць і барбарства полаўцаў, ня змусілі аднак Полацкага князя адказацца ад абароны незалежнасьці свае бацькаўшчыны й ад сапраўдных задачаў ягонай эканамічнай палітыкі, заветная мэта якой была: валадаць гандлёвымі шляхамі ў басэйнах Дзьвіны й Дняпра.

Дзеля правільнай ацэнкі маральнага аблічча Усяслава, ня можна забывацца й аб тым, што ў барацьбе з Кіевам князь гэты прадстаўляецца ня гэтулькі ў фарбах урачыстых перамогаў над бязлікімі сваімі ворагамі, колькі ў церпячай ролі рашучага праціўніка, бойка баронячага жыцьцё, маемасьць і зямлю сваіх людзей (грамадзян) ад барбарскага вынішчэньня іх паўдзённа-русамі і полаўцамі. Ён пераносіць беды й цярпеньні ад другіх людзей значна больш, чым сам іх прычыняе.

Вось чаму й «Слова аб палку Ігаравым» ў асобе Усяслава бача недасяжны прыклад і высокі ідэал для ўсіх ягоных патомкаў, тым больш, што апошнія паказаліся недастойнымі свайго вялікага дзеда, «выскочили из его славы», маладушна скланіўшы прад ворагамі свае сьцягі і злажыўшы ў похвы свае вышчэрбленыя мечы.

Такім чынам, калі водклік аўтара «Слова» аб Усяславе параўнаць з усей характарыстыкай гэтага-ж князя, дык абраз яго, як князя бязлітаснага, павінен зьнікнуць.

Яшчэ больш няправільнай пакажыцца летапісная характарыстыка Усяслава, калі прыняць пад увагу дакладныя цыфровыя дадзеныя з хронолёгіі ягонага княжэньня. Вышэй паказаны крывавы рад гадоў (1065—1070, 1077—1078 г.г.) барацьбы Усяслава з Яраславічамі не прадстаўляе нават пятай часьці ўсяго ягонага княжэньня, якое абыймае больш, як поўвекавы пэрыяд часу (1044—1101). На працягу 10-цёх гадоў княжэньня Яраслава Мудрага (1044—1054) і ў першае дзесяцігодзьдзе панаваньня ягонага сына Ізяслава (1055—1065) Полацкі князь жыў у поўнай згодзе з Кіевам. Пад 1060 годам успомнены ў летапісе нават супольны паход трох Яраславічаў з Усяславам проціў Тюркаў (народ тюрка — татарскага паходжаньня), які давёў гэтых качаўнікоў блізу да поўнай гібелі. Гэткае ўчасьце Ўсяслава ў агульна-народнай абароне рускай зямлі й яшчэ маладой ейнай культуры ад націску дзікіх сьцяповых грабежнікаў у той час, калі сама Полаччына ўжо пачынала цярпець ад нападаў Літвы, загадвае сумлівацца, як мог Усяслаў парваць доўгалетні (1044—1064) саюз з Кіевам без паважных дагэтага прычын, а толькі пад уплывам краважаднага інстынкту заваяваньня або з прычыны нездаволенага пачуцьця гонару.

Летапісная хронолёгія паказвае, што цэлыя сорак гадоў княжэньня Усяслава прайшлі спакойна, бяз крывавых сутычак з паўдзённа-рускімі князямі, — знача княжэньне было пасьвячана культурнай рабоце. Магутным адгалоскам народнай памяці аб гэтай нутранай канструктыўнай дзеяльнасьці Усяслава зьяўляецца сказ у «Слове»:

„Всеслав князь людям судяше, князем грады радяше”.

Гэтым сказам, па першае, падчырківаецца дзейнае ўчасьце Усяслава ці то асабістае, ці праз намесьнікаў, і цівуноў, пры разборы ўсялякага роду справаў і жалабаў, узьнікаўшых сярод народу, сярод гарадзкіх і сельскіх жыхароў Полацкага княства, а, па другое — словамі «князем грады рядяше», — падчырківаецца кіруючая гаспадарственная дзейнасьць Усяслава, якая праяўлялася ў разьмяшчэньні па ўдзелах Полацкага княства многалічных з ягонай сям’і сыноў, унукаў і праўнукаў на падставе «рядов»[9] ці дагавораў, на што патрэбна было глыбокае знаёмства індывідуальных свомасьцяў князёў, дакладнае знаёмства мясцовых патрэбаў, жыцьцёвы досьлед, гаспадарственная тактоўнасьць, што й азначаецца, як характэрная рыса Усяслава.

Тая самая летапісная крыніца дае цьвёрдыя падставы лічыць князя Усяслава, як першага будаўнічага аднаго з найстарэйшых і найцаньнейшых царкоўных памяткаў Беларусі, пайменна — саборнага храма сьв. Софіі ў Полацку.

„Тому в Полотське, — кажа „Слово”, — позвониша заутреню рана у Сьв. Софіі в колоколы, аон в Кыеве звон слыша”.

Каб ясна зразумець гэта месца «Слова», трэба мець на воку, што Усяслаў ад м-ца ліпня 1067 г. аж да красавіка 1069 г. знаходзіўся ў Кіеве, спачатку, як ваенна-палонны, у цёмным падвале, а пасьля, — як вялікі князь (у 1068 г. Кіеўляне паўсталі проціў вял. князя Ізяслава й прагналі яго, а на вялікакняскі пасад узьвялі Усяслава Полацкага, прад тым пасаджанага старшымі князямі ў вязьніцу).

І тут якраз Усяслава, як гарачага патрыёта, відавочна мучыла туга за бацькаўшчынай, за Полацкай Софіяй, якая асабліва дарагая была ягонаму сэрцу, як ейнаму будаўнічаму, што нават гук Софійскіх званоў быў добра знаёмы княжаму слуху, бо-ж Ўсяслаў быў і фундатарам гэтых-жа званоў.

«Слова аб Палку Ігаравым» паэтычна паказала гэту «тугу за бацькаўшчынай» Полацкага князя ў пекным мастацкім сымболю чараўніцкага чуцьця князем здалёку знаёмага перазвону Софійскіх званоў. Гэта напамінаньне аб Полацкай Софіі адносна часу аказваецца самым старадаўным дакумэнтам, з якога адкрываецца, наколькі Софійскі храм блізкі быў сэрцу Усяслава Брачыславіча.

Адпадае так-жа ўсякая тэндэнцыя прадставіць князя Усяслава «немилостивым на кровопролитие», жорсткім, бо паводле дакладнага хронолёгічнага аблічэньня, як вышэй ужо было ўспомнена, нават пятая часьць ягонага княжэньня ня была праведзена на войнах.

Калі мы бліжэй і глыбей удумаемся ў глыбейшыя мотывы сутычкі Усяслава з Яраславічамі, дык пабачым, што ў крыві Усяслава, як аднаго з Рогваладавічаў, жыла пастаянная, прыродная, стыхійная ненавісьць да Яраславічаў. Ягоная душа жадала крывавай радовай помсты за зьняважаную чэсьць Рагнеды, насільна аддадзенай замуж за Кіеўскага князя Уладзімера, і за забойства ваяводам Дабрынёю ейнага бацькі, маткі і двух братоў. Усяслаў вельмі добра разумеў, што пагалоўнае вынішчэньне мужчынскага пакаленьня Рогвалада ня было выпадковым рэзультатам жорсткай мсьцівасьці Дабрыні ці звычайнай праявай фізычнай сілы заваяваньня з боку Кіева: даводзячы да ваенна-тэрыторыяльнага захапленьня Рогваладавых земляў, яно ў сапраўднасьці азначала палітычную сьмерць Полацкага княства, як самастойнага гаспадарства. Вот чаму ў часе княжэньня Усяслава трагічная барацьба Кіева з Полацкім княствам дасягае крайняга напружаньня.

І пакуль на чале Полацка стаяў Усяслаў, датуль, натуральна, ягоная нясчэрпаная энэргія, нязломная воля й львіная адвага, апёртыя пры гэтым на магутнае падтрыманьне Полацкай краёвай сілы, служылі надзейнай запорай, састаўлялі моцнае апірышча проціў захопніцкіх плянаў Кіева.

Па сьмерці Усяслава ў гісторыі ўзаемаадносінаў Палачанаў і Паўдзённа-Русаў азначаецца пералом. Ужо ў другой палавіне княжэньня Усяслава, калі на паўдзённым кругазоры Русі праціўнікам Полацкага князя Усяслава зьяўляецца Уладзімер Манамах, ваенныя сутычкі Полацка з Кіевам замест дагэтуляшняга зачэпніцкага набываюць характар абаронны. Бязспрэчная перавага паўдзённай коаліцыі над Усяславам у другой палавіне княжэньня, асабліва ад 1077 г., калі ваенныя й матарыяльныя сілы Полацкага княства ў напружанай барацьбе былі даволі вычэрпаны, паказалася ў жорсткім спусташэньні Полаччыны войскамі коаліцыі й у разгроме цэлага раду гарадоў — Менска, Друцка, Полацка і інш.

Паходы сына Ўладзімера Манамаха — Мсьціслава — на Крывічоў у 1127 і 1199 гг. былі сумнай разьвязкай трагічнай векавой барацьбы Рогвалодавічаў з Яраславічамі.

Калі ў 1129 г. на наказ Кіева прыняць учасьце ў паходзе на полаўцаў, Усяславічы адказалі адмоўна, засланяючыся мноствам сваіх хатніх неадкладных спраў у Полацкім княстве, тады вялікі князь паддаў іх бязпрыкладнай жорсткай кары. Блізу ўвесь род Усяславічаў ў асобах галоўных ягоных прадстаўнікоў, разам з іхнімі жонкамі і дзяцьмі, быў на прыказ разгневанага князя схоплены й высланы з Краю аж у Царгорад, а Полаччына, як звычайны удзел Манамахавічаў, была аддадзена пад уладу вялікакняскіх намесьнікаў, на чале з Ізяславам, сынам вялікага князя. Гэта згнаньне і было эпілёгам крывавай барацьбы Рогвалодавых унукаў з унукамі Яраслававымі ў XI—XII в.в.

Пачаўшы ад пагалоўнага вынішчэньня Дабрынёю мужчынскага караня Рогваладавага патомства, г. зн. ад фізычнай, так сказаць, сьмерці Полацкай княскай дынастыі, гэта барацьба заканчываецца так-жа пагалоўнай высылкай з роднага краю ўзноўленага, ужо па жаноцкай лініі, таго самага патомства, г. зн. цывільнаю сьмерцю дынастыі. Гісторыя аднак даказала, што, незважаючы на нязвычайнасьць гэтак выняткавых мерапрыемстваў, Мсьціслаў, падобна як і Дабрыня, зусім непатрапіў дасягнуць намечанай мэты… Вынішчанае Дабрынёю мужчынскае пакаленьне князя Рогвалада, як ведама, узноў аджыло па жаноцкай лініі, узноў ускрэсла ў асобах многалічных прадстаўнікоў Рагнедзічаў, каторыя й аселі ў удзелах Полаччыны, абноўленай самым-жа Уладзімерам. Таксама й сасланы ў Грэцыю род Рогваладовічаў хутка па сьмерці Мсьціслава (15.IV.1132 г.) узноў зьявіўся ў родным горадзе й вярнуў сабе правы на Полацкі пасад пры маўклівай згодзе вялікага князя. Як у 1070 г. князь Усяслаў, у той час бедны бяздомнік і палітычны згнаньнік, прагнаў з Полацкага пасаду накіненага Крывічом Сьвятаполка Ізяславіча, так у 1133 г. выгнаны быў з Полацка другі Сьвятаполк, сын Мсьціслава, заменены ўнукам Ўсяслава — Васільком.

Такім чынам, прасьледзіўшы коратка аснаўны ход барацьбы ўнукаў Рогвалада з унукамі Яраслава, мы можам зрабіць безпамылковы вывад, што гэты векавы працэс трэба разглядаць не як прадукт асабістых узаемаадносінаў двух княскіх родаў, не як рэзультат самай толькі ініцыятывы й жалезнага характару Усяслава, але як цьвёрдая і няўклонная абарона Крывічамі сваей самабытнасьці, сваей свабоды, свайго палітычнага й соцыяльнага ладу. У гэтай барацьбе асабліва выразна паказалася лучнасьць князя з народам.

Ацэньваючы роль самага Усяслава ў гэтых падзеях, можна сказаць, што ў ягонай асобе на гістарычную арэну выступіла фігура выразнай сілы й хараства, асоба моцная сваім розумам, энэргіяй і творствам… З рэдкай уніклівасьцю князь гэты згадываў схаваныя замыслы Яраславічаў аб Полаччыне і разам з тым выразна прадстаўляў сабе ейныя вялізарныя беды, жыва адчуваў ейныя рэальныя патрэбы, зорка прыглядаўся ў неадкладныя задачы будучага ейнага існаваньня й разьвіцьця.

Падобна ўсім наагул гістарычным тыпам, Усяслаў Брачыславіч ня толькі патрапіў павязаць, аформіць і надаць кірунак асобным здарэньням роднай гісторыі, але пасьпеў прысьпяшыць самы іхні ход. Быстра апанаваўшы думку й настроі народных масаў, ён зварухнуў сучасныя сабе грамадзкія сілы й знайшоў натуральны выхад для іхняй багатай і ўтоенай энэргіі. Увесь глыбокі свой розум, усю вытрываласьць волі, кіпучую гарачасьць тэмпэрамэнту Усяслаў аддаў на служэньне дабрабыту Полацкага княства, цалком пасьвяціўшы сябе абароне свабоды Полацка, геройскай абароне яе ад прэтэнсыяў Кіева.

Дзеля гэтага безстаронны дасьледчык ніколі ня можа, насупроць летапіснаму паведамленьню, назваць Усяслава ініцыятарам і вінавайцам крывавых спрэчак паміж Полацкам і Кіевам; гэта барацьба з Кіевам асталася Усяславу ў спадчыне з часаў ранейшых і прычыны ейныя закарэнены выключна ў імкненьні Кіеўскіх князёў падпарадкаваць сваім уплывам аграмадныя прасторы Полацкага княства з ягонымі удзеламі.

Ня можна, бяз сумніву, не згадзіцца, што выдатная роль Усяслава ў гісторыі Беларусі ў значнай меры стварылася шчасьлівым і трафным спалучэньнем ягонага аблічча духовага, ягоных палітычных і эканамічных ідэалаў з аднаго боку, і племянных і гаспадарскіх імкненьняў Палачан — з другога. Гэтым рэдка трафным спалучэньнем і аб‘ясьняецца чынная падтрымка й самаахвярная вернасьць Палачан для роду Рагнедзічаў, іхны патрыятычны настрой, гарачая любоў да родных ніваў, вернасьць сямейным асяродкам і геройская рашучасьць перамагчы або памерці, баронячы сваю грамадзкую й палітычную незалежнасьць. Гэтыя самыя абставіны ператвараюць Усяслава ў магутнага арганізатара мясцовых краёвых сілаў, зрабілі з яго носьбіта й выразіцеля народнай волі й вытварылі яму разам з тым славу народнага любімца, непераможнага павадыра, магутнага чарадзея.

Гэту праяву прыгожай гармоніі між кіруючымі кругамі й грамадзянствам усей Полаччыны характарызуе дальшы ход Полацкай гісторыі (XI—XIII в.в.). Ужо даўна заўважылі гэта расейскія вучоныя дасьледчыкі, напр. В. Е. Данілевіч і Пассек. Аднак моцная й дружная падтрымка Полацкімі краёвымі сіламі Рогвалодавічаў у іхняй барацьбе з Яраславічамі зусім не абязцэньвае вялікага ўкладу ў гэту справу князя Усяслава Брачыславіча.

Князь Усяслаў быў ня толькі сынам свайго народу, але сынам вельмі здольным, аказаўшым свайму народу вялізарную й неацанімую ўслугу; ён ня толькі быў носьбітам грамадзкай думкі і выразіцелям народных патрэбаў, але й домінуючым, незалежным характарам, які мог пацягнуць грамаду сілай сваей творчай ініцыявывы, цьвёрдай воляй і жалезнай энэргіяй. Усяслаў Брачыславіч астаўся да канца верным гэнай палітычнай ідэі — ідэі незалежнасьці й самабытнасьці свайго княства, пад знакам каторай прайшло больш чым поўвяковае ягонае служэньне Полаччыне.

Дзеля гэтага няма дзіва, што князь Усяслаў нарысаваны ў дасьціпнай сазе[10] і апяяны народнай песьняй іменна, як адважны змагар за крывіцкае племя і як гарачы абаронца бацькаўшчыны Рагнеды” ад прэтэнсіяў і крыўдаў князёў кіеўскіх.

Усяслаў высака падыймаецца на гістарычнай сцэне і сходзіць згэтуль стройнай і самапэўнай фігурай, дакладна вытрыманым і верны свайму характару.

У глыбокай старасьці, акружаны многалічнай сям'ёй сваіх сыноў і ўнукаў, Усяслаў быццам адходзіць ад кіпучага палітычнага жыцьця {{|удзельна-вечавой|ўдзельна-вечавой}} пары (пэрыяду), але затое ўсёцэла аддаецца дамовым справам свайго княства. Ня трывожаны ворагамі ў часы княжэньня баязьлівага кіеўскага Сьвятаполка II (ад 1093 г.), накідаючы ім страх і пашану, Полацкі Чарадзей мірна дажывае рэшту сваіх дзён, як няўтомны стораж і верны абаронца бацькаўшчыны Рагнеды.

Так, Полаччына, не зважаючы на адвагу й храбрасьць, як Усяслава Брачыславіча, так і другіх сваіх князёў, не ўстаяла проціў націску паўдзённа-рускай коаліцыі. Але гэта ня была віна Усяслава Брачыславіча! Полаччына, пасьля таго, як обласьці Ноўгародзкая і Пскоўская падпалі пад уплыў кіеўскіх Яраславічаў, апынулася ў небясьпечным палажэньні: яна сталася географічнай церазпалосіцай паміж паўночнымі й паўдзённымі землямі кіеўскага князя. А ведама, што церазпалосіца заўсёды служа яблыкам нязгоды, робіцца арэнай крывавых спатычак плямёнаў і іхніх павадыроў, прычым жыхары такой церазпалосіцы нярэдка ня толькі трацяць вонкавую палітычную свабоду, але нарушаецца і ейны ўнутраны самабытны ўклад грамадзкага жыцьця. Гэткім ёсьць закон гістарычнай канечнасьці, каторы няўклонна прасьледуе беларускі народ і па сягоньняшні час.

Незалежнае Полацкае княства было сапраўды географічнай запорай для зьбірацельскіх палітычных задач Яраславічаў, якія ўпарта імкнуліся да аб‘еднаньня ў адно цэлае гаспадарства (дзяржаву) цэлага раду вагромных абшараў уздоўж рэк і вазёраў вялікага воднага шляху.“

Упартае процідзеяньне зьбірацельскай сіле Кіева — гэта палітычная істота старадаўнага княжага Полацка з часоў X—XII в.в. Тут дзеля таго трэба шукаць глыбокіх каранёў трагічных сутычак і ваенных парываў Усяслава Брачыславіча, для вытлумачэньня якіх перапужаныя Ноўгарадчане пасьпелі злажыць сваю слаўную казку аб прыроднай, выйшаўшай з чарадзейскага нараджэньня, няміласэрнасьці князя Усяслава на праліцьцё крыві.

Трэба адзначыць, што пагляд на векавую, бязпрыкладна жорсткую спрэчку паміж унукамі Рогвалада і Яраслава іменна, як на барацьбу полацкіх князёў і Крывічоў за сваю незалежнасьць ад Кіева, — мае ў расейскай гістарычнай навуцы вельмі моцную і даўную традыцыю. Цікава, што гісторыкі самых розных кірункаў сходзяцца ў такім азначэньні аднае з істотных свомасьцяў дасьледжванага намі гістарычнага зьявішча. Гэтак, гісторык Н. М. Карамзін кажа:

«Полацкія князі здаўна аддзяліліся, так сказаць, ад Расеі, хочачы быць ўладарамі незалежнымі»[11].

Н. Устрялов разьвівае такую думку:

«Усяславічы, раней чым другія патомкі Уладзімера Сьвятога, хацелі быць незалежнымі і, не прызнаючы пяршынства вялікага князя кіеўскага, бязупынна працівіліся дому Яраслава Мудрага»[12]. Гэты самы пункт гледжаньня падзяляе і праф. В. Б. Антановіч, кажучы:

«Раней іншых рускіх земляў выдзялілася ў родзе Ізяслава Ўладзіміравіча вобласьць Полацкая».[13]

Тыя самыя думкі выказваюць: О. Турчинович,[14] И. Зеленскій, Д. Я. Самоквасов і інш.

Урэшце наагул трэба сказаць, што на княжэньне Усяслава Брачыславіча (1044—14.IV.1101) трэба глядзець, як на пэрыяд прабуджэньня ў Полаччыне дрэмлючых сілаў палітычнай цэнтралізацыі. Сьмелы, храбры й рашучы Усяслаў быў дастойным выразіцелям цэнтрагонных грамадзкіх і палітычных плыняў у Полацку. Гэтак сама характарызуюць Усяслава і вучоныя гісторыкі. Так, праф. И. Д. Беляеў кажа:

„Усяслаў быў самым ваяўнічым, няўтомным і знаходчывым з усіх сучасных яму князёў рускіх; ягоныя ваенныя перамогі, ягоная ўмеласьць выходзіць з небясьпекі і пасьля няўдачы ня траціць надзеі, а рабіцца йшчэ сільнейшым, аславілі яго, як чараўніка, каторага жалеза не бярэ і каторы абяртаецца ў шэрага ваўка, носіцца па палёх і лясох нябачаным там, дзе яго не чакалі і чакаць не маглі[15]. Праф. Доўнар-Запольскі гэтак адзываецца аб князю Усяславе:

«Сваім розумам, сваім няўтомным, прадпрыемчывым характарам гэты князь астаўся на доўга ў памяці народу; аб ім пачалі ўжо хадзіць легенды, як аб чарадзею; апавяданьні гэтыя, перадаваныя ў народзе, папалі ў памятнікі пісьменства — летапісы і «Слова аб палку Ігаравым»[16]. У такім-жа родзе дае характарыстыку Усяслава Полацкага В. Е. Данілевіч:

„Наагул Усяслаў зьяўляецца адной з найбольш сьветлых асабістасьцяў свайго часу, і няма дзіва, што ўваччу сучасьнікаў ён зьяўляецца нейкай істотай надпрыроднай, чарадзеем і перакіншчыкам[17].

Наступнікі князя Усяслава не змаглі, як ужо вышэй было зазначана, і з прычын ад іх незалежных, даць адпор жорсткаму націску паўдзённа-рускага цэнтралізму. Аднак, згуба самастойнасьці аказалася кароткачасовым зьявішчам у Полацкай гісторыі. У хуткім часе яна ўзноў атрымоўвае законамерны ход. Асвабадзіўшыся ад Кіеўскай апекі, Полаччына распадаецца на ўдзелы, а ў пачатку ХІІІ ст. разам з ваяўнічымі літоўскімі плямёнамі творыць магутнае Літоўска-Беларускае Гаспадарства.






Wyd. „KALOSSIE


Białoruska Drukarnia im. Fr. Skoryny Wilno, Zawalna 1


  1. Н. Костомаров: Истор. монографіи І изслѣдованія, том I, Пецярбург 1872, бач. 12.
  2. Ізгоямі наз. князі, выключаныя з радовага старшынства й адлучаныя ад учасьця ў агульным валаданьні зямлёй.
  3. В. Ключевскій Курс Русской Исторіи, ч. I, выд. 2, Масква, 1906 г., бач. 222.
  4. Д. И. Багалѣй: Русская Исторія. Харкаў 1909 г. бач. 173.
  5. 5) Н. Трачевскій: Русская Исторія, ч. I, Пецярбург 1895, бач. 70—71.
  6. „Слова аб Палну Ігаравым”.
  7. Гэтыя званы (колоколы) Усяслаў перадаў Полацкай Царкве сьв. Софіі.
  8. Няміга — адны гісторыкі кажуць, што гэта р. Нёман, а другія лічаць Нямігай тую рэчку, ад каторай каля Менску астаўся ручаёк Няміга, які ўліваецца ў раку Сьвіслач.
  9. Слова „рядить” у стараславянскіх памятніках абазначае — кіраваць, упраўляць, распараджацца.
  10. Сага — казка гістарычная.
  11. „Исторія Государства Россійского,” бач. 173.
  12. „Русская Исторія, ч. I, выд. 1855, бач. 95.
  13. „Монографіи по исторіи Западной и Юго-Западной Россіи,” т. I, Кіеў 1885 г. бач. 18.
  14. „Обозрѣніе исторіи Бѣлоруссіи с древнѣйшых времён, 1857 г. бач. 38.
  15. „Очерк исторіи Сѣверо-Западнаго Края Россіи,“ Вільня 1867, бач. 20—21).
  16. „Очерк исторіи Кривичской и Дреговичской Земель до конца XII ст.“, Кіеў, 1891, 6aч. 77.
  17. „Очерк исторіи Полоцкой земли до конца ХІV ст.,“ Кіеў, 1896, бач. 63—64.

АД АЎТАРА

Асновай артыкулу „Полацкі князь Усяслаў — нацыянальны беларускі асілак,“ з некаторымі дадаткамі і зьменамі, зьяўляецца гісторыка-навуковы досьлед Дзьмітрыя Сяргеевіча Леанардава „Полоцкій князь Всеславъ и его время,“ зьмешчаны ў часапісе Віцебскай Навуковай Архіўнай Камісіі „Полоцко-Витебская Старина,“ кн. II — 1912 г. і кн. III — 1916 г.

За адзін гэты артыкул імя Д. С. Леанардава павінна займаць ганаровае мейсца сярод дасьледчыкаў беларускай старадаўнасьці. Д. С. Леанардаў, хоць быў родам з Тульскай губ., але ў працягу сваей 15-ці гадовай службы ў сярэдніх школах г. г. Полацку і Віцебску (1900—1915 г. г.) і пад уплывам мясцовых гісторыкаў — А. П. Сапунова, Д. І. Даўгялло і інш., моцна захапіўся багатай Полацка-Віцебскай старасьвеччынай. Шмат ён працаваў у мясцовых архівах, быў адным з самых актыўных супрацоўнікаў Віцебскай Навуковай Архіўнай Камісіі, падчас летніх вакацыяў езьдзіў у Петраград і Маскву дзеля адшуканьня ў бібліятэках і архівах матарыялаў з гісторыі Полацка-Віцебскай Беларусі.

У выніку такой сумленнай працы і зьявілася каштоўная і салідная навуковая праца Д. С. Леанардава аб Полацкім князю Усяславу.


Папраўка. На бач. 4 пасьля слоў: „матери-бо родивши его, бысть ему язвено на главе его,“ трэба дабавіць: рекоша бо волсви матери его.“

Адбітка з „Калосься“.


Бел. Друк. ім. Фр. Скарыны Вільня, Завальная 1.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.