Песьні-жальбы (1910)/С турмы/Катаржнікі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Турэмная камэра Катаржнікі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1910 год
У вастрозе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Катаржнікі (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАТАРЖНІКІ.
Цесны дворык, непрыгожа!
Дзьверы пад замкамі;
У тры сажні агарожа, —
Глуха, як у ямі.
Толькі бразгаюць кайданы
Дзікім бразгатаньнем;
Звон пакутны, звон паганы
Аддае стагнаньнем.
Будзіць звон той боль у сэрцы,
Смутак наганяе.
Цяжка людзям ў паняверцы,
Доля іх ліхая!
............
Сьвеціць сонцэ, жарам пышэ,
У небі ні хмурынкі,
Лёгкі ветрык сад калышэ,
Гойдае галінкі
Ды жартліва ў двор ўлетае,
Накурыць, напыліць;
Пух у гору падымае,
Кветачку пахіліць.
Прабяжыць і ціха стане.
Звякаюць кайданы.
Збілісь ў кучу катаржане,
Від іх змардаваны.
Вось на лаўку яны селі,
Голавы спусьцілі.
Думкі моцна іх здалелі,
Сэрцэ засмуцілі.
Не згадаць іх дум маўчлівых,
Гдзе яны іх носяць:
Мо’ гуляюць там, на нівах,
А мо волі просяць…
Катаржане-хлебаробы,
Дзеці вёскі, поля.
Таго бойка з-за худобы
Прывела ў няволю;
Той c суседам пасварыўся,
Ў таго зяць паганы;
Іншы, з братам як дзяліўся,
Зарабіў кайданы;
Той за нороў свой сярдзіты,
Ці за лішэк жара…
Гэта—цёмны люд, забіты,
Беднаты ахвяра.
...........
Што за думкі? не згадаю;
Цёмна іх гаворка;
Адно толькі до́бра знаю:
Горка людзям, горка!