Песьні-жальбы (1910)/Родные абразы/Мужычая ніва

З пляцоўкі Вікікрыніцы
* * * (Вось старая хацінка…) Мужычая ніва
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1910 год
Хлебароб
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мужычая ніва (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МУЖЫЧАЯ НІВА.
На мужычым полі
Цягнецца палоска…
Зельле яе глушыць,
Абвіла бярозка,
Ветрам паламала,
Дожджыкам прыбіла;
Навальніца з градам
Каласы скруціла.
Сіняя валошка,
Травы разрасьліся,
Палыны на межах
Густа упляліся.
Ой, мужыча ніва!
Ты — сіротка ў полі:
Німа табе шчасьця,
Німа табе долі!
Ой, ты, ніва наша!
Ці-ж ты не арана?
Ці-ж мужычым потам
Ты не палівана?
Ці то кепска сонцэ
Сьвеціць над табою,
Што зрасла ты густа
Дзікаю травою?
Заплылі вадою
Ӯсе твае разоры,
Пакапалі мышы
Па загонах норы.
Птушкі ў Божым небі
Плачуць над табою,
Што зрасла ты, ніва,
Палыном, травою…
На мужычай ніве
Каласы пустые…
Ці ня шкодны полю
Сьлёзы вы людзкіе?!