Песьні-жальбы (1910)/Мужычае жыцьцё/Першы зарабатак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьня над калыскай Першы зарабатак
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1910 год
У школу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Першы заработак.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРШЫ ЗАРАБОТАК.

1 Дома.

— „Ну, Алесь, брат,“—за обедам
Кажэ бацька сыну:—
„Годзі бегаць дармаедам,
Красьці садавіну,
Таптаць сьцежкі ў агароды,
Рэзацца па хаце…
Ты ўжо ўходзіш, браце ў годы —
Колькі яму, маці?“ —
Роднай матцы сэрцэ, ў грудзі
Злёгка затраслося:
„Ці ня хочэ аддаць ў людзі?“
У думках праняслося.
Сам Алесь васьмігадовы
Як ліст скалануўся,
Бо у бацькавай прамові
Страх яму пачуўся.
Апусьціў ён нізка вочкі,
Глыбей ў кут падаўся.
—„Штож ты сціхнуў, як у прочкі
Ты ад нас сабраўся?“—
—„Дай хоць з’есьці, адчапіся!
Вось прыстаў к дзіцяці?
Еш, Алеська, не журыся“ —
Не ўцярпела маці: —
„Пойме гутарку якую,
Абы за хлеб ўзяўся… —
—„Нехай есць, ціж я шкадую?“ —
Бацька адазваўся,—
„Еш, Алесь, чаго надзьмуўся
Ты, як мыш на крупы?
Ці ад ночы не ачнуўся?
Расплюшч свае лупы!
Глядзі ў вочы мне! сьмялее!
Во, так! малайчына!
Еш, бо крупнік адубее“ —
Кажэ ён да сына.
Паабедалі з бядою,
Спаражнілі місы;
Абцёр бацька вус рукою,
Твар і лоб свой лысы.
—„Ну, дык вось што,—чуеш, хлопчэ?
Годзі так бадзяцца —
Нехай качка цябе стопчэ —
Трэба чым заняцца!
Згоджэн пасьвіць ты на лета
Ў Курганы каровы;
Шэсць рублёў дадуць за гэта
І халацік новы.“—
—„Ой, нехай бы пабыў дома!“—
Заступілась матка:
„Ну, куды ён! мал, вядома,—
Рана пасьвіць стадка.
Толькі высахне у лыка,
Нябось, пасьвіць — мука!“—
—„Эт! патрапіць: невяліка
Пастуха навука!
Будзеш пасьвіць?“—Тут у сына
Бацька запытаўся.
—„Ото дзіво!“—„Малайчына!
Я не ашукаўся:
Ты ў мяне хлапец рахманы,
Вот люблю за гэта!
Працаваць вучыся зрана,
Ў маладые лета.“—

2. Перэд выпраўкай.

У Алеся думак многа,
Ды ўсё думкі новы;
Твар сур’ёзны, як старога,
Нахмурылісь бровы.
Кінуў ён гульню с сябрамі,—
Трэба дбаць на хату.
Памагаць ён будзе мамі,
Бацьцы, сёстрам, брату.
Цяпер бацька адзін б’ецца
З ранку аж да ночы,
Так працуе, што пот льецца,
Лезуць на лоб вочы.
Гэтак сама адна маці —
Праўда, што сьціпная, —
Робіць ў полі і у хаце
Корміць, абмывае.
Мала з дзевак запамога —
Дробеза ўсё, дзеці!
Сам ён толькі, дзякуй Богу,
Зможэ пражыць ў сьвеце
Без падмогі, сам сабою,—
Ён—дзяцюк, хлапчына:
Носіць ён вядро з вадою,
Як стары мужчына!
Потым думкі непрыкметна
Далей залетаюць,
Чужаніцы непрыветна
С курганоў мігаюць.
Матка страхоў наказала
Пра жыцьцё с чужымі
І Алеся навучала,
Як ужыцца з імі:
— „Трэба змоўкнуць, хоць часамі
Скрыўдзяць цябе, ўсчуюць,
Хоць нядобрымі славамі
Злосна пажартуюць.
Будзь паслушны і цярплівы,
Не лазь ў агароды,
Не марнуй ты людзям нівы,
Не рабі ім шкоды…“
Адным словам, страх нагнала
На Алеся матка.
І так міла яму стала
Родная іх хатка!
Ды нічога не парадзіш,
Калі служба трэба,
Калі беднасць, як паглядзіш,
Сама просіць хлеба.
Дый Курганы не за морэм —
Восем вёрст ад дома,
Над рэкою, за тым борам,—
Мейсцэ ўсё знаёма.
Так хлапчынка разважае,
З думкамі гамоніць,
То надзеей дух ўздымае,
То трывогу гоніць…
У вузельчык, вось, увязан
Скарб яго убогі;
Станік тонкі падпярэзан, —
Жджэ Алесь дарогі.
Моцна сэрцэ забалело
Як ён выйшоў с хаты,
Але плакаць не пасьмело,
Бо йшоў з боку тата.

3. У чужых.

—„Добрыдзень, вам, ягомосьці!“ —
—„Добрыдзень! Седайце.“
—„Ну, вось я прывёў вам госьця;
Мал ён, — выбачайце!“ —
—„Э, нічога! акрыяе,
Дый ён хлопец слушны:
Гадкоў з восем „мусіць, мае?,
—„Восем ў Дзень Задушны“.
У куточку пріхіліўся
Ціха каля лавы
І на ўсё Алесь дзівіўся,
Пазіраў цікава,
Глянуў ў Покуць ён украдкам
На таго сьвятога,
Што напісан быў з ягняткам
І глядзеў так строга.
Ён зірнуў на Мікалая,
І на Юр’я з зьмеем,
На сьвятых, што і ня знае
І назваць ня ўмее
За сталом былі мужчыны
І стары меж імі,
У катораго маршчыны
Збеглісь пад вачыма;
Чэрэп гладкі, безвалосы,
Голы, як калена;
Вусы бытцам шлі із носа,
Белые, як пена.
Страшным дзед той паказаўся,—
Як бы чорт з балота.
„Мусіць, с чортам ён спазнаўся,“—
Думае блазнота.
Пазіралі дзеці скрыва
С печы і с прымурка
На Алеся, як на дзіва,
Ці якога турка.
А тымчасам стол убралі
Бутля і дзьве чаркі;
Ӯ печы весела пішчалі
Ӯ скавародцы скваркі.
Селі піць барыш мушчыны,
Дзед, падняўшы чарку,
Кажэ: „Дай Бог толк хлапчыны
Нам у гаспадарку.
Ходзь, Алеська, сюды, брацік!
Бліжэй бліжэй, браце!
Распраніся, скінь халацік,
Будзь, як свой, у хаце!“ —
Падыйшла і гаспадыня,
Жвавая кабетка:
—„Павесь шапачку, мой сыне;
З’еш от скварку, дзетка.
Будзеш дужшы, небажатко,
Пасілкуйся крышку!“ —
І падносіць хлапчэнятку
Гарэлкі ў келішку.
Алесь круціць галавою —
Піць ён не бярэцца;
Згробшы скварку пяцернёю,
Есць—нос ў дугу гнецца…
—„Ну, сынок, служы здаровы,
Даглядай скацінку.
Будзеш дома на Пакровы,
Не нудзіся, сынку!“ —
Развітаўся бацька з імі
І пайшоў да дому.
Сумна стала меж чужымі
Хлопчыку малому.

4. Ня вытрымаў.

Моцна хлопец занудзіўся
Па брату, па мамі,
Як-бы сьвет тут зачыніўся
Ў гэтай нуднай ямі.
Ўсё тут дзіка, нецікава,
Як ў яловым лесе;
Кожны вугал неласкава
Глянуў на Алеся.
Ўсё ня гэтак, як там, дома:
Лава, печ старая,
Кожна рэч тут незнаёма,
Для яго чужая.
Ўсё: качэргі і ваконцы—
На нуду наводзіць.
І тут нават не так сонцэ,
Як там, дома, ўсходзіць,
Дый і людзі не такіе —
Накшая гаворка,
І алешнікі ня тые,
Луг, паля, прыгоркі…
Выйшоў с хаты, прытуліўся
Ён пад грушэй ў полі
І так моцна засмуціўся,
Бытцам у няволі.
На дарожку пазірае,
Што вядзе да хаты,
Што, як стужка, агібае
Цёмны лес кашлаты.
І так мілы яму сталі
Родные палеткі,
Лес, што нікне ў сіней далі,
Ӯзгоркі, межы, кветкі,
Хаты, гумны, варывенькі,
Цэрква на грудочку…
Эх, як міло, весяленько
Ӯ родным вуголочку!
А тут—хата, як адрына,
Як хлеў,—сьвету мала.
І надумаўся хлапчына,
Даць ад гэтуль драла.
Многа думаў так і гэтак:
Не бярэ нічога!
А с палетка на палетак
Скачэ, йдзе дарога!..
Ӯстаўна заўтра ён ранютка
Да усходу сонца,
Чуць што глянуў сьвет ціхутка
Ӯ хату праз ваконцэ.
Баязьліва азірнуўся,
Глянуў на палаці,
Гдзе дзед страшны развярнуўся,—
Але ціха ў хаце.
Згроб свой клунак ён пад паху—
Загадзя сабраўся—
Асьцерожна, поўны страху,
Да дзьвярэй падкраўся.
Дзьверцы ціха атчынілісь,
Выйшоў ён у сені;
Сэрца моцна калацілась
І трасьлісь калені.
Потым думкі непрыкметна
Далей залетаюць,
Тут кулём ён як ліс ў норы,
За хлевы, ў задворкі
Уплыў месяц ўжо за горы,
Чуць мігалі зоркі.
Вось, Алесь прычхаў да дому,
Стаў на прыгуменьні.
Страшна ў хату йці малому,
Многа ў ім сумленьня!
Што рабіць тут? не згадае.
Мо’ назад вярнуцца?
Плачэ хлопец, уздыхае,
Сьлёзы так і льюцца.
Зыйшла матка, плач пачула,
Бачыць—іх служака!
Матку жаласць агарнула —
Шкода, небарака!
—„Што-ж ты плачэш? хадзі ў хату;
Не плач, успакойся!“
—„Калі ж, мамка, баюсь таты“…
—„Ня з’есць ён, ня бойся!“ —
Бацька ўстаў і абуваўся;—
Глядзь—Алесь у хаце!
Бацька скрыва засьмеяўся:
—„Ты ўжо дома, браце?“—
А Алесь дрыжыць ўсім целам,
Як грэшнік той страшны,
Думаў ён, што ў сьвеце цэлым
Самы ён несчасны.
Апусьціў сваю галоўку,
Клуначэк трымае
Кулачком у ціхамоўку
Вочкі уцірае.
—„І што гэта за работа?
Адурэў ты, Грышка:
Ён—зусім дзіця, блазнота,
Зелен, як пурышка,
Гдзе яму служыць, дзіцяці?
Куды ён? націна!“—
Стала бацьку чысьціць маці
І крычаць за сына.
—„Мне-б тут трэба раскрычацца,
Розум твой жаночы!
Брыдка будзе паказацца,
Тым людзям у вочы…—
Ах, лайдак, пястун пракляты,
Лезь на ручку к мамі!“—
Плюнуў бацька, выйшоў с хаты,
Стукнуўшы дзьверамі.