Песьні-жальбы (1910)/Мужычае жыцьцё/Мужык

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Панас гуляе Мужык
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1910 год
Пахаваньне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мужык (Я — мужычы сынок…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МУЖЫК.
Я — мужычы сынок.
Ні двара, ні кала!
Поле — жоўты пясок,
Хата ў землю вайшла.
Не жыву, а гнію,
Прападаю як мыш…
Глянь на долю маю,
Глянь на цяжкі мой крыж!
Я балоты сушу;
Надрываю жывот;
За безцэнак кашу,
Рыю землю, як крот.
Ӯсе вуглы і куты
Сваім целам я змёў.
Ссек я лес і кусты
І дарогі правёў;
Ды ня ежджу па іх, —
А хаджу пехатой
Ў рваных ботах старых,
Часьцей босай нагой.
Збудаваў я палац,
Многа фабрык, мастоў;
Сам жэ голы, як бац, —
Пары дзьве лахманоў.
Пад ваконьнем не раз
Я з мяшэчкам хадзіў,
Міласьціны у вас
Хрыстом Богам прасіў,
Вы-ж у торбу маю
Клалі чэрствы кусок;
Замест рыбы — зьмяю
З сьмехам клалі ў мяшок.
Мяне мочыць раса,
Мяне сонца пячэ,
І у песьнях маіх
Сьлеза ціха цячэ,
Я па сьвеці хадзіў
Ўсюды косьці пранёс,
Я на землю праліў
Многа сьлёз, многа сьлёз!
То ня дуб у бары
Заскрыпеў, застагнаў:
Гэта я без пары
Богу душу аддаў.
Нудна звоняць званы,
То мацней, то замруць;
Адзін дзяк ля труны, —
Гэта гроб мой нясуць…
На магілцы маей
Крыж трухлявы стаіць,
А над прахам касьцей
Вольны вецер шуміць…
Я мужычы сынок,
Я ня маю дарог.
Мая школка—шынок,
Маё жыцьце — астрог!