Песьні-жальбы (1910)/Думкі/Рана засмуцілісь…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Думкі * * * (Рана засмуцілісь…)
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1910 год
Весна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Рана вам журыцца…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗               ∗

Рана засмуцілісь
Думкі, сэрца дзеткі,
Рана вы завялі,
Веснавые кветкі!

Ці мароз знячэўку
Вас прыбіў вясною,
Як на сьцежку жыцьця
С простаю душою

Стаў я, поўны веры,
Радасьці і сілы.
Што-ж на вас дыхнуло
Холадам магілы?

Што-ж вы не спакойна
Кружыцесь, як пчолы?
Думкі мае думкі!
Што вы не вясёлы?

Ці краіны роднай
Балоты гнілые
Смуткам вас акрылі,
Думкі маладые?
Ці вас песьня—жальба,
Думкі, ўзгадавала?
Ці людзкое горэ
Ӯ лесі вас спаткало?

Ці маё так жыцьцё
З дзён малых злажылось,
Што мая дарога
Смагаю закрылась?

Рана засмуцілісь
Думкі маладые,
Рана вы завялі,
Кветкі веснавые!