Песьня (Купала — Як крыніца, льецца, рвецца…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Песьня
Верш
Аўтар: Янка Купала
1918
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/34573


Як крыніца, льецца, рвецца
З сэрца песьня ў сьвет, за сьветы;
Сьветла йскрыцца, рэхам прэцца,
Тутка, тамка, дзе я, дзе ты…

Скрозь гамоніць, звоніць звонка,
З сэрца ў сэрца б’е, ірдзіцца,
То ўжо ў хаце, то ўжо вонках
Маладзіцца маладзіцай.

Скочыць к сонейку, ўсхахоча,
Пацалуецца лісьліва;
Ясну месячыку ў вочы
Зіркане тугой тужлівай.

Стрэціць зорку-зараніцу,
Прасьлязіцца зь ёй сьлязою
І сплыве ўплаў на зямліцу,
Разаўецца дзермязою.

Ў полі здольна зь ветрам разам
Зажартуе, ў танок сходзе,
Згодна з борам важным сказам
Завурчыць аб непагодзе.

Ў лесе лісьцем зашалесьце,
З птушкай птушкай зашчабеча,
Па пуціне кіне весьці
Суму, шчасьця хаце нейчай.

І лунае, так лунае
Гэта песьня па ўсім сьвеце,
Плоту, путаў ані знае
Ад сталецьця да сталецьця!

(1918)