Песьня (Купала — Ах, адкуль жа гэта вестка…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Песьня
(З народных матываў)

Верш
Аўтар: Янка Купала
1913
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/2673#29343


Ах, адкуль жа гэта вестка,
Што удовіна нявестка
Мужа роднага зраклася
І чужому прадалася,
      Як пайшоў муж на вайну
      У чужадальню старану?

Спадабала маладога,
Як яшчэ ў жыцьці нікога, —
У садочак зь ім хадзіла,
Зоркі ясныя сачыла.
      Не знаходзіла аднэй,
      Што сьвяціці мела ей.

А удоўка сыну піша,
Што нявестка ўжо калыша
У калысачцы малое
Не яго, але чужое…
      Прыязджай хутчэй, сынок
      Бяры жонку пад замок!..

Не бядуй, удоўка-маці, —
Ўсёй бяды не зьбедаваці —
З чужадальняе старонкі
Сын твой вернецца да жонкі,
      Будзе суд над ёй судзіць,
      Як з другімі ў сад хадзіць.

Стаў пісьмо сынок чытаці,
Што пісала ўдоўка-маці;
Каня быстрага сядлае
І дахаты пасьпяшае,
      Дзе яго чакае ўжо
      Маці, жонка і дзіцё.

Як прыехаў ён дадому,
Ня йшоў кланяцца нікому,
Толькі жонку сваю ўбачыў,
Як над дзіцем горка плача, —
      Даставаў ён востры меч,
      Галаву зьнімаў ёй з плеч.

З маткай роднаю страчаўся,
Не вітаўся, не прашчаўся,
Не маліўся Спасу-Богу,
Зноў каня сядлаў ў дарогу, —
      Зь ветрам буйным ехаў жыць,
      Галаву навек злажыць.

(1913)