Перайсці да зместу

Песня дзесятых угодкаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песня дзесятых угодкаў
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1927
Крыніца: http://library.by/portalus/modules/belpoetry/readme.php?subaction=showfull&id=1096123292&archive=&start_from=&ucat=13&

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Спявайце, браты мае, нашае Ўчора:
У ім Рэвалюцыі полымя, ў ім мы
Спалілі азырклае, чорнае гора,
У працы свабоднай прапелі мы гімны.
Ніколі тых дзён не забыцца вялікіх,
І помнім: на зломе крывавым стагоддзяў
Як вецер туліў нас прарэзліва-дзікі,
Як золь рагатала: «Аслеплыя, годзе!
Куды вы?» І скаліўся голад пагана:
«Паноў ім не трэба, дык буду іх панам!»
А нас не стрымаў ані штык, ані холад,
Ішлі мы напорна і кожны быў волат.
Ўзняліся магутна ў віхрах непрыветных,
Каб скінуць вяковыя рабскія ёрмы.
Нянавісцю горкай, каханнем сусветным,
Запалам мяцежным сягалі да зор мы
І ў бойках дужэлі, хмялелі без хмелю
І гэткім агнём непаўторным гарэлі.
Спявайце, браты мае, нашае Сёння:
Ў ім творчыя высілкі, творчыя будні,
Вялікае спее ў ягоным узлонні!
Хоць крок наш павольней, хоць крок і марудней,
Ды пэўны і сталы, і поўны надзеі -
Хто змог руйнаваць — будавацца умее.
Будуем няўпынна і працу вялічым,
І ўсе мы і кожны — тварэц-будаўнічы.
Спявайце, браты мае, годы паўстання,
І працы пчалінай, плановай вітанне!
Радзіма нам — буры ўчарайшай паводка,
І сённяшнім трудным мы поўны да краю.
Але гэта песня дзесятых угодкаў
Няхай будучыні красу прывітае,
Няхай наша Заўтра вітае ўрачыста,
Дзе ззяе маяк перамогі агністай.
Бо веру ўсёй шчырасцю словаў паэты,
Ўсёй вольнасцю думкі пяснярскае веру:
За труднымі днямі — канцовая мэта
І бераг абецаны, родны наш бераг.
І там справядлівасцю сэрцы напоўнім,
Там сонца і кветы Камуны працоўных.

(1927)