Перайсці да зместу

Першыя крокі (1925)/Чоран

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дудар Чоран
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1925 год
Страшнае спатканьне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





ЧОРАН.

I.

аб ня гэты чорны бычок, то напэўна ня было-б і гэтай бяды, бо на ўсё ёсьць свая прычына.

Так ужо многа даставалася беднаму Цімошку з-за гэтага чорнага быка. Пападала яму ад чужых, пападала і ад сваіх. Але Цімох нічога ня браў пад увагу і ўсё патураў свайму каханку, чорнаму. Ад таго бык гэты і называўся Чоран, што ўвесь быў чорны, як галка. Каб яшчэ больш дагадзіць яму, Цімошка сумысьля запускаў яго ў шкоду, абы толькі людзі ня бачылі.

І вось, бывала, калі ён гнаў каровак на пашу, то Кустрэй, што жыў на другой вуліцы, крыху пры канцы, кожны раз што-небудзь скажа яму, хіба на вочы не пападзецца.

— Ты-ж глядзі, лайдак, калі яшчэ раз пусьціш быка ў мой авёс, то я з цябе юху спушчу!

Але трэба сказаць праўду: ня так балеў Кустрэю гэты авёс, як калолі яму вочы гладкія бакі і таўсматы карк Цімохава бычка.

— Бач ты, як выгладзіў яго на чужой ярыне, каб цябе палкаю пагладзілі!

Цімошка толькі ўгнецца, або зусім у другі бок паверне галаву, як-бы нічога ня чуе, і моўчкі ступае за стадкам.

Ну, іншы раз і ён агрызьнецца і скажа што-небудзь насупярэч зайздроснаму Кустрэю. Тагды Кустрэй нажаліцца Юрку, Цімохаву тату. А Цімохаў бацька вельмі ня любіў, калі чужыя людзі тыкалі яму ў вочы грубіянам сынам.

— Ты што-ж гэта, злодзей ты, зьневажаеш старэйшых?

Ціха, з прыціскам і крыху нарасьпеў прыгаворвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха.

Што казаць — пападала такі Цімоху!

Затое-ж калі забярэцца Цімошка з кароўкамі ў лес, то ўжо там чуўся ён вольна, як-бы гэта быў ня лес, а яго ўласная гаспода. Там ніхто не замінаў яму рабіць так, як сам ён лічыў найлепшым. Там ніхто не перашкаджаў выяўляць усю любасьць да яго пастуховае справы. І куды толькі не забярэцца ён са сваім стадкам! І на ягаднік пагоніць, і па бары на верасы пусьціць, і ўсё лужкі перабярэ і нават трапіць пад самае Азярко.

Але таксама знаходзіў ён і вольную часіну, каб пагаварыць, паласкаць свайго чорнага бычка. Цімох пагарджаўся ім, хваліў яго, лічыў, што такога бычка нідзе на сьвеце няма і быў гатоў біцца з тым, хто асьмельваўся зганіць Чорана. Пазаве, бывала, Цімох свайго каханка, чухае яму за вушамі ці пад сківіцамі, аганяе камароў, смачнай травы, канапелькі нарве яму і куском хлеба пачастуе яго.

У самую большую радасьць прывадзіў Цімоха рахманы Чоран тады, калі ён надумаецца сам прысьці да свайго заступніка — дабрадзея.

— Ах, ты мой гарбузік! што-ж ты хочаш сказаць мне? га? Пачухаць цябе? Дзе пачухаць? тут? Ах, ты, пястун гэтакі! Ах, ты, лайдачэўскі!…

Доўга размаўляе з ім Цімох і называе яго рознымі імёнамі.

Цімох ня любіў кампаніі і стараўся меней стыкацца з пастухамі.

А калі і бывалі спатканьні з імі, то вельмі рэдкія і то выпадковыя. Большую ўвагу да свайго пастухоўскага брата аддаваў Цімох Яхімаву Юзіку, бо то быў хлопец ва ўсім паслушны Цімоху і з ахвотаю выпаўняў усе яго загады, ніколі не рабіў і не казаў Цімоху напроціў. Юзік любіў Цімоха і чуў да яго шчырую прыхільнасьць. А Цімох, калі на яго надыдзе такая часіна, як разыдзецца іншы раз, то Юзік аж за бакі хапаецца ад сьмеху. Вельмі-ж здацен быў Цімох па часьці пераніманьня або перадражніваньня каго. Асабліва ўмеў ён паказваць Кустрэя.

— Цімошка! братка! а ну, пакажы, як Кустрэй цябе лае!

Цімох паказвае, а Юзік аж на сьпіну ад сьмеху кладзецца.

— А-а-а ты, псялыжнік, зноў будзеш мне патраву рабіць? Вось як прыпільную, дык я на тваёй галаве патраву зраблю, — дражніць Цімох Кустрэя, прыймаючы яго міну і становячыся так, як стаяў Кустрэй: — выгладзіў свайго быка на чужой ярыне, каб цябе палкаю гладзілі! Пілат ты падпонскі, капшук занямонскі! Ня пойдзе табе на карысьць дабро чужое, шчанё ты малое!

II.

Ужо пад самую восень забалела ў Цімошкі нага. Ці наверадзіў яе, за кароўкамі па лесе ходзячы, ці намуляў яе аборкамі, ці якая прычына, але нага забалела так, што Цімошку прышлося астацца дома і легчы ў пасьцельку. Цяжкія і нудныя прышлі для Цімоха дзянькі. Ляжыць увесь дзень адзін каля печы. Праўда, матка сягды-тагды падыдзе да яго і прамовіць з ім слоўка. Але Цімоху здавалася, што яго закінулі, што ім ня цікавяцца і не шкадуюць яго. І такі жаль агарне Цімоха, што не адзін раз на яго вочкі набягуць сьлёзкі. Усе паразыходзяцца з хаты, астануцца адны малыя дзеці. Але што дзеці? Ці яны яму раўня? Ці з імі можна пагаварыць аб чым? Толькі-што круцяцца, плачуць, б‘юцца і дакучаюць. На кароткі час вечарамі забягаў да Цімоха Юзік. Гэта былі самыя сьветлыя моманты для Цімоха ў гэтыя дні.

У іх зачынаецца свая гутарка і ні на мінуту не змаўкае. Юзік не выстарчаў даваць адказы на Цімохавы пытаньні. Яго цікавіла, галоўным чынам, усё, што датыкалася лесу і пастуховае справы: ці ёсьць яшчэ трава, ці скасілі ўжо ў Лядзінах атаву, як наядаюцца кароўкі, хто пасе ў якім месьце. Пры гэтым, разумеецца, многа было размовы і аб чорным бычку.

Прыходзіць раз да Цімоха Юзік.

Зірнуўшы на Юзіка, Цімох дагадаўся, што зрабілася нешта вельмі важнае ў гэты дзень. Юзік прысеў каля Цімоха і маўчаў. Твар яго выцягнуўся, вочы былі спушчаны ўніз.

— Што-ж ты нічога не гаворыш? — запытаўся Цімох. Юзік яшчэ ніжэй апусьціў галаву і перабіраў пальцамі Цімохаў сяньнічок. Нейкая думка вельмі засмучала яго, гнула і не давала спакою, але вымавіць яе ён не адважваўся.

— Ведаеш, Цімох… Чоран сёньня біўся з Завозерскага Лысым.

— Ну?! — жахнуўся Цімох і падняўся на локцях.

— Зьбіў Чорана!… — апаўшым голасам сказаў Юзік.

— Завозерскага Лысы… зьбіў Чорана… — марматаў Цімох.

Аж у вачох пацямнела ў беднага Цімоха, і хата з вокнамі закружылася.

Самае цяжкае і няпрыемнае было вымаўлена; Юзік пачаў гаварыць крыху вальней.

— Але ведаеш, Цімошка: Завозерскага Антось і Схопаў Андрэй памагалі Лысаму; каб не памагалі, то Чоран зьмясіў-бы яго ў два заходы. І так Чоран два разы карк заламаў яму. Ніколі ня зьбіў-бы яго Лысы!

— І яны білі яго пугамі?! — спытаў Цімох, бліснуўшы вачыма.

— Вядома, білі!

Цімох колькі хвілін ня мог вымавіць слова. Ён чуў, што калі пачне гаварыць, то заплача ад крыўды, злосьці і жалю. Але ў момант вока ў яго галаве злажыўся нейкі плян, і Цімох досыць спакойна прамовіў:

— Ты-ж гані заўтра зноў туды: і я там буду.

Доўга ня мог заснуць Цімох у гэты вечар. Ён усё думаў пра свайго каханка Чорана, як ён, бедны, біўся з Лысым. Так і стаяў у яго ваччу гэты малюнак бойкі. Вось ідзе Чоран, грозна ўхмыліўшы свой крэпкі карк. Насустрэч яму наступае і Лысы, таксама нахмыліўшыся. Вось яны сышліся галовамі, шчапіліся рагамі! Ні той ні другі не паддаецца. Ногі іх у зямлю лезуць, цела прыгінаецца да долу, самі злыя, языкі высунулі, гатовы адзін аднаго на сьмерць забіць. Вось Чоран зрушыў Лысага, папхнуў, папёр, адкідае яго крэпкімі штурханамі рагатае галавы. Лысы стараецца затрымацца, упіраецца, не даецца, напруджвае сілы. Нічога не памагае: сіла і спрытнасьць на старане Чорана, і ён крэпкім ускідам галавы заламаў Лысаму карк. Лысы робіць апошняе натужаньне і зноў стыкае галаву з галавою. Чоран паддаецца крыху назад, але гэта толькі хітрасьць з яго боку: у момант вока таскануў ён Лысага правым рогам ды зноў узяў яго пад карк. Вось-вось гатоў ён зьбіць Лысага і расьпісаць яму бок каля пярэдняй лапаткі. Але падбягаюць Антось і Андрэй, б‘юць Чорана пугамі. Бедны Чоран! некаму было за цябе заступіцца!…

Чоран бяжыць, Чоран уцякае, а Лысы гоніць яго, сьвяткуе свой непраўдзівы верх. Цімоху здаецца, што вялікая крыўда моцна засмучае Чорана, што нават і цяпер адчувае ён гэту вялікую несправядлівасьць. Цімох ляжаў, скрыгітаў зубамі, згортваў кулакі.

— Пачакайце-ж вы, сьвераноўскія заткалы: пагуляе мая пуга па вашых вушох! — пагражаў Цімох Антосю Завозерскага і Схопаву Андрэю. Гэтыя хлопцы былі з другое вёскі, Сьверынава.

III.

Назаўтра Цімох абудзіўся рана. Ён ня чуў цяпер болі ў сваёй назе: ён гатаваўся выпаўніць свой плян. Вось як паразыходзяцца з хаты, то ён устане, адзенецца і пойдзе на Просьцінку, дзе ўчора адбылася бойка Чорана з Лысым. Там, напэўна, застане ён сьвераноўцаў. Ну, тагды вы трымайцеся!

Юзік ужо даўно пагнаў стадка. Вось і сьняданьне адбылося, і хата апусьцела — усе парасхадзіліся.

Цімох сабраўся цішком, нікому нічога не сказаўшы. Ён вышаў з двара проста на поле і сьценкаю, прыкульгваючы, пашыбаваўся ў Крыніцы на Залесьсе. Вось і лес і стажок сена каля лесу. Гэта іх стажок, іх гордасьць і надзея.

Нават сам Цімох парадаваўся, гледзячы на гэты стажок. Вунь там, каля тых дубоў, і Просьцінка. Цімох накіраваўся туды.

Юзік ужо быў там і чакаў Цімошку.

— Няма, — адказаў Юзік панура, таксама набраўшыся злосьці на сьвераноўцаў.

— Чакай-жа, — сказаў Цімох: — заварачай стадка, пагонім у Чартавіцу: дзе-небудзь напаткаем іх, паганцаў!

Юзік паслушна завярнуў стадка. Кароўкі ў парадку адна за другою пацягнуліся ў лес. У сярэдзіне, збоку, важна ступаў Чоран, як-бы тэй бойкі і зусім ня было. Хлопцы моўчкі йшлі ззаду з помстаю ў сэрцы.

Сьвераноўцаў нідзе не знайшлі.

Дзень ішоў к вечару.

Было хмурна, дзьмуў халодны вецер.

Цімохава абурэньне крыху ўляглося. Было холадна. Хацелася есьці. Таксама давала сябе чуваць і нага.

— Пагонім, брат Юзік, на Залесьсе.

— Пагонім, — згадзіўся Юзік і нават павесялеў, бо спатканьне з сьвераноўцамі яго ня вельмі прыцягала.

На Залесьсі, каля Цімохава стажка, хлопцы прыпынілі стадка. Гнаць дадому было яшчэ рана.

— А ведаеш што, Юзік: давай разложым агоньчык і пагрэемся.

— Давай!

Юзік кінуўся зьбіраць палачкі і сухія трэсачкі, каб шпарчэй разгарэўся агонь.

— Давай запалкі!

Юзік палез за пазуху і вынуў запалкі.

Цімошка прысеў, каб лацьвей запаліць падпалак, а Юзік абгарнуў яго халацікам, закрываючы ад ветру.

Сухія голькі хвоі затрашчэлі, шуганула полымя, і Цімох зьнячэўку апёк сабе руку. Раптам кінуў ён падпал. Набег вецер, падхапіў камячок сухой травы з агнём і панёс яго просьценька ў стог. І ня ўсьпелі хлопцы апамятавацца, як насохшае сена палыхнула агнём, і стажок абвіўся жаўтавата-сінім дымам.

Цімох з пярэпалаху кінуўся наўцекі. За ім пабег і Юзік. Вецер разьдзімаў агонь, гуляў перагарэўшымі сьцябламі травы, і яны то чарнелі, то чырванелі, як-бы выскаляўся вецер з бедных хлопцаў.

Крыху апамятаваўшыся, хлопцы борзда пагналі стадка далей ад гэтага месца, дзе яшчэ колькі мінут таму назад стаяў Цімохаў стажок,

— Ты-к, Юзік, глядзі: калі скажаш каму пра гэта, то я цябе заб‘ю. Заб‘ю на сьмерць! Кажы, калі будуць пытацца, што каля стажка і блізка ня былі! Цяпер я пайду дадому, а ты гані адзін. Кажы, што я каля цябе зусім ня быў.

Пасьля гэтага Цімошка, прыгнуты гэтым няшчасьцем, пасунуўся дамоў. Дома ён ціханька лёг на сваё месца, ляжаў і думаў пра гэту бяду.

„Што-ж я нарабіў?“

— Дзе-ж гэта ты, сынок, цягаўся? — спытала матка.

— Так, хадзіў па дварэ, — лгаў Цімошка.

„А можа сказаць маме?“ думаў ён.

„Не, ня трэба. Усё роўна стажка ня вернеш“.

І ён ляжаў моўчкі, а думкі аб стажку ня йшлі з галавы.

„А калі даведаюцца, што гэта — яго работа? Што тагды? Ну, што-ж? няхай б‘юць. Нават і добра было-б, каб набілі: на душы лягчэй стала-б… Але дзе яны возьмуць сена?..

Да самага вечару ляжаў Цімошка і ўсё думаў. Цяпер ён стаў чакаць, як забядуюць і заплачуць жанкі, як засмуціцца яго бацька і брат Пятрусь, які складаў гэты стажок і так многа пакладаў на яго надзей. Вось толькі пытаньне: калі аб гэтым даведаюцца?

— Ты-б можа зьеў чаго, сынок? — запытала Цімошку матка.

— Не, не хачу. Нага стала горш балець, — пажаліўся Цімошка на сваю нагу, хоць яна і ня так ужо балела яму.

— Чаго-к бо ты цягаўся па надворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці і пайшла пыніць сваю работу.

Цімошка пільна і з трывогаю пазіраў на кожную новую асобу, якая паказвалася ў хаце.

„Вось зараз скажуць, што стажок іх згарэў”.

Ужо вечарам, калі разлажылі на лучніку агонь, стала вядома, што згарэў стажок. Убег бацька.

„Ах, божа-ж ты, божа, спалілі наш стог на Залесьсі!“

У хаце на адзін момант усе занямелі, а потым сталі бедаваць-гараваць.

Цімошка ляжаў ні жывы ні мёртвы, як-бы на яго наваліўся цяжар і здушыў яму нутры.

— І хто-ж бы мог запаліць яго? Пастушкі, ня іначай.

— А можа хто па злосьці якой падпаліў?..

Цімошка то чуў, што ўжо напалі на верны троп, то праконваўся, што ніхто ня ведае, як згарэў стог, і маўчаў зацята. Аб ім цяпер усе забыліся і не зварачалі на яго ніякае ўвагі.

Гора ўляглося. Пра стажок ужо меней гаварылі, з горам-бядою пагадзіліся ў хаце. І сам Цімошка крыху заспакоіўся.

Але на пяты ці на чацьверты дзень зайшоў да Юркі лясьнік Варывода.

— Што-ж, брат Юрка, згарэў твой стажок? — сказаў Варывода.

— Згарэў, — прамовіў Юрка і ўздыхнуў.

— А ведаеш, як і з чаго ён згарэў?

Юрка падняў на Варыводу вочы і чакаў адказу.

Варывода зірнуў на Цімошку.

Цімошка затрымаў дух, як-бы над ім узьнялі булаву, каб забіць яго адным махам.

— Цімошка спаліў табе стажок! — і так дакладна ўсё давёў, што ня было ніякага сумляваньня.

— Ты-ж, гіцлю, чаму ня прызнаўся? — спытаў Цімошку бацька: — а я мусіў грашыць, думаючы благое пра людзей!

А Варывода праконана сказаў:

— Не, брат, Цімох як ня хітры, а праўды не схаваеш.

— Я няўмысьля, татачка, спаліў стажок! — сказаў Цімошка і горка заплакаў.


На Пакровы брат Пятрусь павёў у Клецак прадаваць Чорана, бо ня было чым карміць.