Перайсці да зместу

Першыя крокі (1925)/Страшнае спатканьне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чоран Страшнае спатканьне
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1925 год
«Дзеравеншчына»

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





СТРАШНАЕ СПАТКАНЬНЕ.

(З дзіцячых успамінаў).

ось што, Тараска: годзі ўжо табе каля рэчкі бегаць, а лепш занёс-бы ты дзядзьку полудзень на Высокі Бераг. Не палянуйся, сынок, — сказала мне матка.

Я быў хлопец паслушны і любіў, калі мяне за гэта хвалілі. Мяне таксама цікавіў і рум на Высокім Беразе. Вы напэўна ня ведаеце, што гэта за штука такая „рум“. Румам у нас называюць тое месца, куды вывозяць зімою калоды з лесу, каб вясною зьбіць іх у плыты і сплаўляць па рэчцы.

Усю зіму возяць туды калоды і навязуць іх, бывала, столькі, што загрузяць імі ўвесь бераг. А калоды ўсё такія тоўстыя, такія гладкія, роўныя, — паглядзець, і то было люба. А колькі там было народу, колькі гоману, крыку й сьмеху! Проста, як на кірмашы.

Разумеецца, я з вялікаю ахвотаю згадзіўся занесьці дзядзьку полудзень.

Яшчэ зранку, на досьвеце, пайшоў наш дзядзька на рум біць калоды. У маім выабражэньні яшчэ й цяпер жыва ўяўляецца гэты Высокі Бераг над Нёманам, дзе так страшна бушуе веснавая вада. Яна ня тоўпіцца ў берагох, імкнёцца напрасткі, на ачосы, выліваецца з берагоў і шырокаю стужкаю, хвалюючыся, бяжыць па нізкіх лагчынах, як-бы хоча баржджэй дабегчы ў нейкі далёкі-далёкі край, каб першаю прынесьці туды якуюсь вельмі важную вестку адгэтуль. А самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага ярусу дрэваў кацілі ў Нёман калоды. Высока над вадою ляжаць гэтыя ярусы. Ад гэтых ярусаў да самай вады падложаны тонкія, доўгія бярвеньні, каб калоды каціліся латвей і шпарчэй. На ярусах, як мухі, стаяць маладыя хлопцы і сталыя мужчыны з бомамі ў руках.

— Р-р-разам! р-р-разам!

Пагукваюць хлопцы і падважваюць бервяно. Узьнялі, зрушылі. Бервяно коціцца што-раз шпарчэй.

На момант усё заціхае.

З нястрыманаю сілаю імкненьня і з громам бервяно падае ў ваду.

— Гу-у-у-у! — бухаецца яно ў Нёман, на момант зьнікае ў вадзе, і толькі цэлая сьцяна срэбных пырскаў узьнімаецца ў гэтым месцы.

Я жыва сабраўся, дастаў з пячуры сваю дубінку, бо ў лесе мог надлучыцца воўк, а, седзячы ў хаце, я ўжо колькі разоў лупсаваў у сваіх думках гэтаю дубінаю воўка; узяў дзядзькаў полудзень і вышаў з хаты. На дварэ каля хлява, на сухой кастрыцы ляжаў Галас, з якім я быў у вялікай дружбе. Убачыўшы мяне, Галас завіляў хвастом у знак прывітаньня.

Я сьвіснуў.

Галас падняўся, пацягнуўся і пазяхнуў. Але, як відаць, ён ня выспаўся або так штось заленаваўся, бо ня кінуўся адразу да мяне, як рабіў гэта звычайна. Ён прысеў на кастрыцы і задняю нагою стаў чухаць каля вуха.

— Галаска, цюцік! На, цю, на! На, цю, на! — пазваў я яго.

Галас, схіліўшы на бок галаву, падышоў да мяне бачком, панюхаў дзядзькаў полудзень і зірнуў мне ў вочы. Я заўважыў, што ён быў не галодны. Гэтым і тлумачылася яго гультайства.

— Шукай зайца! шукай зайца! — крыкнуў я і пабег, каб гэтым самым уцягнуць і дадаць руху гультаю-Галасу.

Галас неахвотна пабег за мною, правёў мяне за кладку; але як толькі вайшоў я ў лес, мой Галас пачаў адставаць: сядзе на дарозе і сядзіць. А калі я аглядаўся, ён махаў хвастом, як-бы хацеў сказаць, што ў яго няма ніякай ахвоты ісьці са мною.

Галас зрабіў мне яшчэ адну ці дзьве ўступкі і сяк-так дайшоў да лесу. Але тут ён спыніўся каля першых хвояў, доўга нюхаў зямлю і ўжо не падымаў на мяне галавы, як яго ні клікаў, і не зварачаў на мяне ўвагі. Панюхаўшы, Галас азірнуўся вакол, штось разважаючы, і трушком пабег краем лесу і зьнік.

— Ну, я-ж табе пакажу! — патрос я дубінкаю ў бок Галаса і пайшоў далей.

Гэта здарэньне з Галасам крыху парушыла той добры настрой, у якім быў я, выходзячы з дому.

Перш-на-перш мне было крыўдна: тая асоба, якую лічыў я сваім прыхільным сябром, якую ня раз частаваў я вялікімі кавалкамі аладак і хлеба, за што мне часта пападала ад старшых у доме, аказалася зусім не такою, як гэта я думаў. Але гэта пачуцьцё крыўды скора прайшло, бо я меў натуру незлапомную, і яно зьмянілася другім пытаньнем: чаму Галас не пабег за мною? У сваю чаргу гэта пытаньне выклікала цэлы рад другіх пытаньняў і дагадак: ці ня думае толькі Галас, што я яшчэ настолькі вузел і карантыш, з якім яму, Галасу, сабаку сталаму і даросламу, быць за панібрата і станавіцца на адну дошку не фасуе? І далей, ці ня лічыць ён мяне такім нікчэмным, што ісьці са мною праз лес па глухой дарозе ён проста не адважваецца па тэй прычыне, што я не магу даць ніякай забясьпекі, а свая кашуля, кажуць, бліжэй да цела? Гэтыя пытаньні ўжо датыкаліся майго гонару, і я, прызнацца вам, крыху ўскіпеў. Я сьмела кінуў вачыма на лес, мацней сьціснуў у руцэ сваю дубінку і яшчэ шпарчэй стаў перабіраць нагамі, падымаўся і стукаў шмат болей тэй меры, якая вымагалася ўмовамі хады. Затое-ж я чуўся сьмялей і гэтым дадаваў сабе тэй храбрасьці, якой, на жаль, у мяне бракавала.

А лес быў стары і глухі. Па адзін бок дарогі стаялі больш ёлкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу. То там, то сям, паміж зялёных, сакавітых галінак, доўгімі кудламі зьвісалі пасмы сівага моху, якраз як тая барада жабрака Яноля, які заўсюды зражаў мяне сваёю сіваю барадою і наогул здаваўся мне страшным. І ці не Яноль толькі выглядае гэта вунь там з-за ёлкі? „Э, глупства!“ сказаў я сам сабе і адвёў свае вачы з Гэтай яліны, але ў мяне засталася нейкая няпрыемнасьць.

Чым далей падаваўся я ў гэты лёс, тым усё болей глушэла. І галасы пташак, што так звонка нясьліся з акраіны лёсу, цяпер змоўклі. Або іх тут ня было, або яны проста не адважваліся падаваць голасу? Скарэй усяго баяліся, бо птушкі наогул тут пападаліся. А самы лес рабіўся больш і больш няпрыхільным, чужым, незнаёмым і, што горш усяго, воражым. Калі я пазіраў у бок лугу, які і прасьвечваўся скрозь галіны лесу, мне было крыху весялей. Але як толькі я кідаў вочы ў процілежны бок, асабліва на гэта Паляшукова балота, я чуўся не па сабе. Там цягнуўся вялікі лес, лес густы і стары. І пазіраў ён на мяне зусім неласкава. Ён быў пахмурны і, як мне здавалася, ня любіў, калі ў яго ўладарства асьмельваўся заходзіць такі вузел, як я. Яго погляд ясна казаў мне:

— Ось пачакай — пакажу я табе, як аднаму хадзіць праз лес!

— А што ты мне пакажаш? — храбрыўся я: — я цябе не баюся!

І тут-жа ў думках, зазначыў сам сабе, што я сказаў нядобра: ня трэба быць такім грубіянам, бо ўсё-ж такі гэты лес — мне не раўня, і ён гатоў яшчэ больш усярдавацца і ўгневацца. І што яму абходзіць узяць і сапраўды пакараць мяне, кіўнуўшы якому-небудзь страху? Хіба мала ў яго гэтых служак? І толькі падумаў я так, мае вочы самі, як-бы іх што прыцягнула, зірнулі ў падножжа старога лесу і затрымаліся на лясным страшылішчы — вывараце. Гэта была ўжо старая хвоя, вывернутая бураю. Яе доўгія жоўтыя карэньні, як вусы і лапы цёмнага страху, высока ўзьнімаліся над зялёным мохам. Гэтыя лапы і вусы і жоўтая зямля між імі мелі вельмі страшны выраз і свой яркі і пэўны вобраз. Гэтаму-ж вобразу маё ўяўленьне дадавала розныя формы й зьмест, варта было толькі затрымацца на іх крыху даўжэй. Я добра ведаў, што гэта — выварат, звычайная зьява ў лесе. Мне прыходзілася сустракаць іх вельмі часта і разглядаць іх зблізку, унікаць ува ўсе іх схованыя каморкі, закарвашкі, і тым ня меней я ня мог вызваліцца ад пачуцьця нейкага страху, якім пагражалі мне гэтыя вывараты. Мне здавалася, што пад вываратам ці ў самым вывараце штось таіцца і адразу можа выявіцца, але з таго боку і ў тым вобразе, якіх мне не адгадаць.

Цяпер я пачуў, што гэта дарога ня так проста й лёгка, якою здавалася яна мне дома. І мне зноў успомніўся Галас. Цяпер я даваў больш пэўнае тлумачэньне яго паступку, калі ён не згадзіўся йсьці са мною праз лес. Цяпер я зразумеў, што Галас напэўна счуў воўчыя сьляды, калі ён так доўга затрымаўся каля першых хвояў, адкуль і вярнуўся да дому. Мне стала маркотна і сьцішна. А гэтая дубінка, з якою я так казырыўся на печы, паказалася мне проста сьмяхотнаю.

А на палавіне мае дарогі, як сумыслу, стаяў самы цёмны лес. Тут было найбольш страшнае месца дарогі, бо з гэтым лесам было зьвязана ў мяне многа розных апавяданьняў аб страхах і розных выпадках, якія налучаліся тут з людзьмі. І гэта месца было ўжо блізка.

Самае важнае — мінуць лінію. Прайшоўшы яе, можна лічыць, што палавіну дарогі я зрабіў, бо ўжо далей пойдзе вясёлая палянка. Яна заўсёды сустракала мяне прыветна, як-бы яна мне спагадала. Там пачнецца яшчэ адна цёмная лагчына, праўда, невялікая; а там Доўгі лужок, Бервянец, а за імі Высокі Бераг.

Мне страшна, але йду.

Ну, вось і лінія.

Якая яна роўненькая!

Яна перасякае мне дарогу. Адзін канец яе бяжыць кудысь далёка праз узгорак у глыб лесу, а другі йдзе праз цёмны-цёмны ельнік і выходзіць на луг. Але цяпер луг аддаліўся, і я ўжо ня бачу яго.

Я прайшоў яшчэ крокаў сто. Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамежку з маладымі хвоямі, а з левага боку пачынаўся бярэзьнік. Гэта той самы бярэзьнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбох, напаў на „неруш“ і набраў цэлую сявеньку адлічных баравікоў-бярозавікаў. Тут пачыналася дарога на Млыновішча.

І толькі зірнуў я ў кут між гэтых дарог, я адразу спыніўся і аслупянеў. Валасы на галаве сталі падымацца й расьці, шапка насунулася на вочы, а ногі страцілі спасобнасьць пасуваньня. Скура на мне шорхнула, сэрца замлела, а па ўсяму майму нутру пракацілася нейкая гарачая хваля. Сярод старых бярэзін, нагнутых тоўстымі камлямі над зямлёю і абросшых сівым мохам, стаяў зьвер! Зьвер гэты быў нязвычайнае велічы. Асабліва вяліка была яго галава і наогул увесь перад. Масьці ён быў шэрай, шэрсьць меў кудлатую і доўгую.

Першы момант аняменьня і адзервяненьня прайшоў, і мысьлі мае пачалі крыху варушыцца і выяўляць сваю работу. Я нават перастаў адчуваць уплыў страху і ціханька, зусім бяз слоў, засьпяваў сам сабе песьню:

„Ходзіць сьвёкар па двару,
Расчасаўшы бараду“.

Гэтаю песьняю мяне часта дражнілі дома, бо калісь я яе сьпяваў, неміласэрна гаркаючы — я ня мог тагды вымавіць чыста „р“, а казаў „рл“, гэта і паслужыла прычынаю таго сьмеху, ад якого я часта аж на сьцяну лез.

Чаму яна, гэта песьня, прышла цяпер мне на памяць, я не магу растлумачыць.

А зьвер стаяў на адным месцы, загарадзіўшы мне дарогу. Ён стаяў нярухліва, толькі зрэдка, і то чуць-чуць заметна, варушылася яго страшная галава й вялізарныя вушы. Думкі аб тым, як разьмінуцца з гэтым зьверам і як занясьці дзядзьку полудзень, у мяне ня было, бо я быў цьвёрда пэвен у тым, што далей таго месца, дзе я стаю цяпер, я ня зрушуся ні на адзін крок. Разгледзеўшы зьвера, я праканаўся, што гэта быў воўк. Я колькі разоў бачыў ваўка, але такога вялікага і страшнага мне ня прыходзілася бачыць ніколі.

„Чаго-ж ён так узіраецца на мяне? Чаму ён ня кідаецца і не хапае?.. Эх Галас, Галас! Чаму ты не пабег са мною?“ Мяне ахапіў нейкі жаль, і я гатоў быў заплакаць. Мне так шкода стала свайго дому, мамы і таты, братоў і сясьцёр! „Эх, мілы мой братка Алесь! І за што толькі дражніўся і біўся я з табою! Ох, гад-жа я, гад печаны! Як толькі хапала ў мяне дзёрзасьці сказаць табе кепскае слова і падняць на цябе руку! Як мог павярнуцца мой язык, каб сказаць табе „Булавешка?“

Я быў цяпер у становішчы тэй мухі, якая заблуталася ў павуціне, а павук ужо рыхтаваўся, каб высмактаць з яе ўсе сокі. І што мне рабіць? Чаго стаіць гэты пракляты воўк? Чаму ён ня душыць мяне? Чаго ён мучыць?

А воўк, як-бы насьмяхаецца з мяне, стаіць, пазірае, зачароўвае мяне сваім зьвярыным поглядам.

Мімаволі я пачаў памаленечку адступаць назад, ня спушчаючы вачэй з воўка. Воўк нічога — стаіць!, Мне стала чуць лягчэй. Я ступіў назад яшчэ, яшчэ. Ужо крокаў дваццаць адышоўся я такім парадкам. Воўк чуць-чуць ужо відаць, але не варушыцца.

Павярнуўся тагды я — у аднэй руцэ палка, у другой збан з дзядзькавым полуднем — і як засмаліў, як прылёг! Азірнуўся назад тагды толькі, калі з лесу пачала выплываць наша хата. Тут я спыніўся, пайшоў ціха і важна, думаючы аб тым, як павясьці дома апавяданьне аб гэтым выпадку.

На дварэ мяне сустрэціў Галас і кінуўся да мяне кулём.

— Ідзі, ідзі: я цябе пачастую!

І як толькі Галас хацеў падскочыць, каб лізнуць мяне ў твар, я злосна штурхануў яго нагою.

— А каб ты апруцянеў, нягоднік ты!

Я ўвайшоў у хату.

— Чаму-ж ты вярнуўся, — спытала мяне мама.

Я стаў расказваць, што было ў дарозе.

Расказваў я далёка ня так складна, як гэта было ўжо злажылася ў маёй галаве.

Матка выслухала мяне ўнікліва, але не сказала таго, што ўсё гэта спатканьне — плод майго палахлівага ўяўленьня.

А як вечарам прышоў з лесу мой тата і сказаў, што ў Пятровіцах (як раз недалёка ад месца, дзе быў гэты выпадак) воўк патрывожыў пастухоў і авечак, то ўсе ў нас дома праканаліся, што я запраўды спаткаўся з воўкам.

Нядзелі праз дзьве давялося мне зноў ісьці па гэтай дарозе. Але цяпер я быў не адзін — я йшоў на крок ззаду за сваім айцом. Прышоўіцы на гэтае самае месца, я зірнуў туды, дзе стаяў воўк.

І што-ж вы думаеце?

Гэты самы воўк стаяў і цяпер!

Нічога не сказаў я свайму айцу, іду і пазіраю.

Бадай-жа ты спрахла: гэта была старая крывая бярэзіна, абросшая мохам і нахіленая над долам!

Я баяўся сьмеху і нікому не казаў аб гэтай памылцы і толькі цяпер, мае дарагія, прызнаюся вам ва ўсёй гэтай праўдзе.