Паэтыцкая творчасьць Янкі Купалы
Паэтыцкая творчасьць Янкі Купалы (З нагоды 20-ці летняга юбілею ягонае літаратурнае творчасьці) Аўтар: Макар Краўцоў 1926 Крыніца: Сялянская ніва, 1926. - №8,10,15,32,33,36,39,40,45 |
“Грай мая жалейка,
Пей, як салавейка!
Апявай нядолю,
Апявай няволю,
І грымні свабодна,
Што жыве край родны".
Янка Купала.
І. ЖАЛЕЙКА.
[правіць]У леташнім годзе мінула 20 гадоў (1906—1925) літэратурнае творчасьці, найвялікшага побач з Я. Коласам і М. Багдановічам, пясьняра зямлі беларускай Янкі Купалы (Янкі Луцэвіча).
20 гадоў, гэта амаль што ня чэцьверць стагодзьдзя; у жыцьці чалавека, а тым болей паэта, кавалак часу не маленечкі!
Сучасны Купала і той з прад 20-ці гадоў, гэта— ледзь што ня двое адменных людзей.
Псыхіка паэта перажыла за гэны час не адну эвалюцыю, веда яго паглыбілася, кругазор пашырыўся, ён здабыў багаты жыцьцёвы і мастацкі досьлед, словам—гэтак нядаўна яшчэ малады дубок на нашых вачох разросься ў пышнае магутнае дрэва пад ценьню гальля якога, падчас, гэтак добра спачывае змучаная беларуская душа, набіраючы сіл для барацьбы, жыцьцёвай моцы, ды-й веры ў лепшую Будучыну...
У гэткіх абставінах будзе вельмі карысным прыглядзецца бліжэй да творчасьці паэта, да яе паасобных этапаў, ды-й да мастацкіх здабыткаў песьняра ў працягу гэных 20 гадоў.
Усю літаратурную творчасьць паэта можна падзяліць на гэткія дзьве галоўныя галіны: 1) лірычна-эпічную і 2) драматычную.
Вось жа лірычная творчасьць нашага песьняра, з якой ён зачаў прабаваць свае сілы, пачынаецца каля 1905 году, а ў 1908 годде ўжо зыходзе першы зборнік ягоных вершаў п. н. „Жалейка”.
Зборнік гэны, выданы беларускай выдавецкай суполкай “Загляне сонца і ў наша ваконца" у Пецярбурзе, меў 150 старонак, фармату васьмёркі, а вокладка ўпрыгожана была малюнкам беларускага вясковага хлапца, граючага на жалейцы на фоне сумнага беларускага краявіду.
Трэба адзначыць, што рысунак гэны, як нельга лепш адпавядае зьместу кніжкі, бо, сапраўды, духоўнае аблічча аўтара ў тыя часы, на падставе зьместу “Жалейкі” зарысоўваецца, як вобраз маладога, рэвалюцыйна настроенага, вясковага хлопца — самавучкі, якога паетыцкае натхненьне кіруе да складаньня вершаў, а здабытая праз чытаньне кніжак нацыянальная і сацыяльная сьвядомасьць, выклікае нездаволенасьць з сучасных абставін жыцьця і жаданьне перамены, да чаго ён і заклікае сваіх цёмных, гаротных братоў.
Праўда, што паэт у гэным першым сваім зборніку яшчэ не пануе добра нат размерам і тэхнікай верша і на’т не валадае яшчэ, як мае быць, роднай мовай, доказам чаго, частыя полёнізмы і русыцызмы, якія ў значнай колькасьці спатыкаюцца ў „Жалейцы"; праўда і тое, што ў зборніку гэным бачым няраз цяжкія звароты, няўдалыя параўнаньні, вялікае ўбожства паэтыцкіх формаў, ды пэўную манатонію (асабліва для мястовага чытача), дзякуючы перавазе матываў з сялянскага жыцьця, сярод якіх бачым яшчэ, падчас, нудныя перапевы і вар‘янты аднэй і тэй-самай тэмы, ужо ня раз апяванай праз іншых беларускіх паэтаў,—але, побач з гэным, у зборніку можна лёгка прыкмеціць і пробліскі нараджаючагася арыгінальнага самароднага таленту, які выяўляецца то ў сіле экспрэсыі і пачуцьця, у адных вершах, то ў нечакана—прыгожай форме і гучнасьці ў другіх, ці зноў у лёгкасьці перакладу, або ў проблысках здаровага гумару, парасьсяваных у кніжцы.
Раней, чымся перайсьці да больш падрабязнага разгляду аснаўных тэм “Жалейкі” і праводжаных у ёй ідэяў, варта адзначыць яшчэ адну цікавую рысу ў правапісе тых часаў: замест сучаснага „ё”, усюды ў кніжцы маем „йо”, замест „і"—“и” і г. п.
Агулам, раўняючы мову кніжкі з сучаснай беларускай мовай, зразу можам праканацца аб тэй вялікай эвалюцыі, якую за гэны час прайшла беларуская мова і правапіс.
Пераходзячы да вершаў, прадусім трэба зьвярнуць увагу на ўступны верш п. н. „Я не паэт”.
Паэт мае надта скромны пагляд на сваю асобу і творчасьць; ён кажа:
„Я не паэт; о крый мяне Божа!
„Ня рвуся я к славе гэткай ні мала.
„Хоць песеньку—думку і высную можа
„Завуся я толькі—Янка Купала".
Іншая страфа гэнага-ж вершу, мае характар кароткае, асабістае біаграфіі аўтара:
„Доляй убогі, ён ціхі, ня сьмелы,
“Бяда, яго, маці, узгадвала,
„Сьлёзы пагарды пье толькі век цэлы,
„От, ведама, просты Янка Купала”.
Яшчэ скрамнейшы пагляд адносна сваёй творчасьці выказвае аўтар у іншым вершы “Хто я?", дзе кажа:
„Я ня сокал зоркавокі,
„Не арол адважны,
„Што так думна за аблокі
„Узносіцца з іх кажны;
„Нават я не салавейка,
„Што пяе так слаўна,
„А я толькі вірабейка,
“Узрошчаны пад Гайнай...”
Што пабуджае аўтара да паэтыцкай творчасьці?
Адказ на гэтае пытаньне знаходзім у тым-жа ўступным вершы:
„Кожны край мае тых, што апяваюць,
“Чым ёсьць для народу ўпадак і хвала,
„А Беларусы нікога ня маюць.
„Няхай-жа хоць будзе Янка Купала”.
Але ня толькі пачуцьцё патрыятычнага абавязку перад цёмнымі братамі ўкладае пяро ў руку Купалы; літасьць да сялянскіх злыбядаў, ды паэтыцкае падсьведамае натхненьне граюць тут так-жа не малую ролю, бо:
“Не хачу весяліцца, гуляць,
“Дзе бяда, сьлёзы, скаргі вакруг,
„Дзе другія ў няволі сядзяць,
“Дзе замёрлі і сіла і дух!”
кажа паэт у вершы „Чаго-б я хацеў” і канчае гэтак:
“Дык вот чуйце, чаго-б я хацеў,
„Аб чым думачкі толькі мае:
„Каб мой люд маю песьню запеў
„І пазваў, аб чым песьня пяе!!!"
Часам нашага паэта ахапляюць сумніцы адносна карыснасьці ягонай літаратурнай працы:
„Каму вас, песьні, я ня сьмелы
„Тут буду пець, снаваць з душы?
„З душы няшчаснай, набалелай,
„Аж, змучан, згіну дзе ў глушы?
„Ці для тых цёмных, нешчасьлівых,
„Што не патрапяць прачытаць,
„Ці для тых сьветлых, а зласьлівых,
„Што не захочуць вас і ўзнаць?..."
(“Каму?...”)
Але гэта толькі момант слабасьці, бо пясьнар цьвёрда верыць у канчаткавую перамогу слушнае справы:
“... Пры ласцы Божай усё мы зможам,
„Гора затопчам сільнай нагой,
„Звальчым нядолю, звальчым няволю,
“Сьветач запалім шчасьця свайго!
„Заяснеюць ночы, высахнуць вочы,
„Зьлітыя горкай бядноты сьлязмі;
„Голад загіне, бяда пакіне!
„Долю мець будзем,—эй! будзем людзьмі!”
(“Чаго нам трэба”)
Што датычыць паэтыцкага натхненьня песьняра, дык аб гэтым сьведчыць, паміж іншым, верш “Да сваіх думак”, у якім здзіўлены паэт пытаецца:
„Думкі, думкі весялушкі!
„Скуль вы узяліся,
“Што ў мысьлях, нібы птушкі,
„Песьняй азваліся?” і г. д.
Але побач з раней праведзенымі скромнымі паглядамі паэта на сваю творчасьць, знаходзім у гэным зборніку і першыя праявы яснай сьведамасьці ўсей павагі і адказнасьці паэтыцкага прызваньня, якое сталася ягоным удзелам, у вершы “Адповедзь”, дзе ён гэтак адказвае “паном”, пахваляюцца ягоныя вершы і прадказваючым яму славу:
„... Буду пець не за славу, праз вас абяцаную,
„Буду пець, бо люблю свайго краю паляны.
„Буду пець, бо люблю сваю песьню загнаную,
“ Буду пець, бо мне дар гэты Богам пасланы “.
Галоўнай тэмай „Жалейкі" ёсьць беларускі селянін, з ягонай доляй ды нядоляй і вясковы быт наагул.
У некатарых з вершаў, прысьвячаных гэнай тэме, паэт даходзіць да немалога артызму (напрыклад у вершы “Песьня жнеяў”).
У гэных малюнках беларускага вясковага быту пераважае чорная хварба (верш “Нябошчык”), мінорны тон, або едкая сатыра („Над калыскай”), але спатыкаюцца падчас і абразкі поўныя дабрадушнага гумару і сонечнага сьвятла, як напрыклад „Сьцёпка Жук”.
Гэтак сама надта-ж сакавіта і міла адмаляваны некатарыя беларускія народныя тыпы, як напрыклад у вершах „Старцы”, „Бабулька —прадаўчыца зёлак”, або „Шавец”; гэты апошні верш належыць ужо да краіны мястовых, пралетарскіх тыпаў, гэтак мастацка апрацаваных пазьней праз Цішку Гартнага.
Купала жыва адчувае сацыяльныя рожніцы, ясна бачучы з аднаго боку тую вялікую роль, якую іграе селянін, у кожнай дзяржаве з пераважаючым аграрным характарам, і з другога—цяжкія абставіны і зьдзек, у якіх гэны селянін знаходзіцца ў родным краі паэта.
Асабліва моцна выражана гэная думка ў вершы „З песьняў беларускага мужыка”, дзе пясьняр укладае ў вусны селяніна-беларуса гэткія гордыя словы:
„Я багач, я магнат!
„Усім рад, усім сыт...“
і далей!
„Я ўсё закляну,
„Усё сілай напру, —
„З гор зраблю даліну,
„Аз даліны гару!
“Затрымаю ваду,
„Цёмны бор павалю,
„А як з сошкай пайду, —
„Увесь сьвет накармлю!”
Але ня гледзячы на гэтае, ў некалькіх радкох ніжэй спатыкаем сумнае прызнаньне:
„Эй дуж я да ўсяго —
„На ральлі, на лугу!
„Толькі гора свайго
„Я змагчы не магу!...”
Бачучы гэную нядолю мужыка, Купала між іншым гэтах зьвяртаецца да пануючых класаў у вершы п. н. „Пажалей мужыка”:
„Пажалей мужыка—бедака,
„Ты, каторы адзеты і сыты
„Пажалей,—не атсохне рука,
„Бо яму сьвет да шчасьця закрыты.
„Як асеньняя ноч, як туман,
„Цёмны сам, цёмна ў хатцы крывой;
“На плячах абарваны лахман,
„Ногі скручаны цьвёрдай лазой” і г. д.
„Пажалей ты яго, пажалей!” паўтарае яшчэ раз аўтар і далей ад просьбаў пераходзе да пагрозаў, якія калі ўспамяну, што вершы гэныя пісаліся паміж 1905—1908 гадамі, ды тыя выпадкі, што дзеяліся ў 1917 і наступных гадох,—набіраюць характару прароцтваў.
Вось гэвыя канцавыя словы верша:
„Пажалей, бо з яго цемнаты
„Кожны рад карыстаць заўсяды;
„Пажалей ты яго сіраты, —
„Бо на сьвет многа прыдзе бяды,
„Бо за крыўду сваю адамсьціць,
„Сьвіням будзе крыві ні пабраць! —
„Адамсьціць, аж зямля задрыжыць!”
„Аж віхры зашумяць, загудзяць!”
З характэрнай для селяніна падазронасьцю ў адносінах да кожнага інтэлігента, як да “пана", хоць-бы ён быў найвялікшым на‘т радыкалам, Купала пасьмеіваецца над рэвалюцыйнай інтэлігэнцыяй з паноў у вершы „Песенька” для некатарых маладых людзей”, у якім цьвярдзіць, што з бегам гадоў уся паступовасьць, выйдзе з іх.
„... І кожны сыт будзе; багацьце чужога
„То крыўдай, то працай размножа".
Гэтак сама трэба ўспамянуць цэльны рад характэрных рэвалюцыйных вершаў, скіраваных проці царскага ўраду, як напрыклад „Песьня вольнага чалавека”, якія будуць зусім зразумелы, калі ўспамянуць, што пісаліся яны ў гарачыя рэвалюцыйныя гады 1905—6.
Беларуская прырода знайшла так-жа адбіцьцё у зборнічку, але ніякі з вершаў гэнае катэгорыі не заслугоўвае на спэцыяльную ўвагу.
Трэ тут яшчэ ўспомніць аб элемэнце любоўным, якому гэтак жа прысьвячае крыху мейсца ў зборніку.
З вершаў гэнае групы асабліва ўдачны — жартаўлівы верш п. н. „Паніч і Марыся” пранікнуты ідыльлічным духам г. зв. беларускіх шляхоцкіх рамантыкаў.
Асабістыя адносіны паэта да жанок і каханьня ў гэтым пэрыядзе жыцьця характарызуюць гэткія два вершы: 1) „Да дзяўчатам" і 2) „Чаго-б я хацеў".
У першым з іх ён кажа:
“Ой дзевачкі, любачкі!
“Люблю, люблю вас,
„Я ў вашых, галубачкі,
“Сетачках увяз" і г. д.
Але відаць гэта быў толькі мімалётны настрой, бо ў другім вершы ён кажа нешта іншае;
“Не хачу я дзявочай красы,
“І пяшчот іхніх белых грудзей;
„Рэжа сэрца мне горай касы
„Зменнаеьць, хітрасьць агністых вачэй!
„Не магу я цярпець, паглядаць,
„Як іх сталасьць знікае як дым;
„Тут душу табе рада аддаць,
„Тут другіх абнімае патым!”
У канцы трэба яшчэ затрымацца на момант над перакладамі з польскае, расейскае і ўкраінскае мовы.
Сярод іх асабліва добра ўдаліся паэту; 1) „Агароднік" (Некрасава), 2) “Шчупак, Лебедзь і Рак" (Крылова), 3) „На жалейцы" (Конапніцкай) і 4) „Думкі" (Шэвчэнкі).
Зборнік канчаецца невялікай і даволі прыгожай паэмай п. н. „Атплата каханьня", дзе аўтар умела малюе благія адносіны між дваром і вёскай.
У гэным-жа зборніку змешчаны вядомы верш Купалы „А хто там ідзе?", які праз пэўны час лічыўся беларускім нацыянальным гымнам.
Акрамя чужацкіх літаратурных уплываў: польскага, расейскага і ўкраінскага, чуваць у зборніку так-жа і моцны беларускі ўплыў Францішка Багушэвіча (Бурачка).
Увесь зборнік пранікнут чыста — сялянскай ідэолёгіяй, рэвалюцыйным духам і, гэтак характэрнай для Купалы, пэўнай перавагай сацыяльнага моманту над нацыянальным, якая прыдае ўсей ягонай творчасьці моцную пралетарска-батрацкую ахварбоўку.
ІІ. “Гусьляр”.
[правіць]Другім зборнікам паэта, зьяўляецца, выйшаўшы ў 1910 годзе ў Пецярбурзе „Гусьляр", які ёсьць друкаваны лацінкай і абыймае творы песьняра за пэрыяд ад 1908 да 1910 г. (76 старонак васьмёркай).
У зборніку гэным, бяручы наагул, прыкмячаем шмат новага.
Прадусім паэт наш за гэны час ужо зусім добра апанаваў родную мову; праўда, што спатыкаюцца і тут шурпатасьці, але яны, у значнай меры, ёсьць рэзультатам толькі недастатачнай распрацоўкі беларускай літаратурнай мовы ў тыя гады, затое тут ужо зусім ня бачым тых, калючых у вочы, палёнізмаў ды русыцызмаў, якія спатыкалі ў «Жалейцы", затым правапіс гэнага зборніку амаль што ня рожніцца ад сучаснага.
Гэтак сама бачым там выразнае разьвіцьцё артыстычнага смаку Купалы, ды-й паглыбленьне ягонага духовага „Я"; праканацца аб гэным можам з адсутнасьці тых наіўных параўнаньняў і зваротаў, гэтак характэрных для першага зборніку, з агульнага паглыбленьня зьместу, урэшце з узбагачэньня формы вершаў і лёгкасьць вершаваньня, сьведчачых аб здабытым паэтыцкім досьледзе і разьвіцьці тэхнікі.
Аднак-жа трэба адзначыць, што калі з аднаго боку агульны мастацкі ровень вершаў значна падняўся, то з другога—бачым у „Гусьляры" амаль што ня поўную адсутнасьць вершаў, якія-б адзначаліся асаблівай прыгожасьцяй і хараством; гэтак сама чуваць пэўнае ўбожства ў тэмах; матывы—бадай што выключна— тыя, што і раней!
Купала ў гэным зборніку і надалей застаецца пад моцнымі расейскімі, а яшчэ болей польскімі літаратурнымі ўплывамі.
Уплыў гэны (польскі) выразна чуваць ужо ў уступным вершы без назову, які пачынаецца гэтак:
„Братніх скіб і сяліб,
„Шумных сосан і ліп,
“Божы дар, сэрца жар,
„Вольных, звонкіх песень чар.
„Гэй нясу вам дар!
„Гэй! гэй! гэй!..."
Наступны верш „Гусьляр", зьяўляецца доказам узросту сьведамасьці ўсей тай павагі і адказнасьці, якая злучана з высокім імем Песьняра.
Верш гэны пачынаецца так:
“Гэй! гусьляр, гусьляр!
„Ты удар, удар
„Па струнах—званах,
„Дай нам з песень дар,
„Дум вялікіх чар,
“К сонцу зорны шлях,
„Дай, гусьляр, гусьляр!..."
а крыху далей у тым-жа вершы Купала кажа аб песьняру яшчэ мацней:
“Ты слуга і цар,
„Ты дудар—званар..."
Гэтак сама як і ў папярэднім зборніку, паэт шмат мейсца прысьвячае—падчас манатонным—перапевам на тэмы сялянскага быту, стараецца ўсьведаміць сваіх цёмных братоў, заклікае да згоды, карыць нядбайных, лянуцяк і п’яніц, апявае бяду і нядолю селяніна. Апісаньні беларускай прыроды і матывы любоўныя ў „Гусьляры" гэтак жа як і ў “Жалейцы”, ня маюць вялікшай літаратурнай вартасьці, затое настроі ды-й пачуцьці паэта знаходзяць мацнейшы водгук у ягонай творчасьці і адзначаюцца нямалай гучнасьцю і глыбінёй.
Асабліва цікавым зьяўляецца тут першыя спробы імгліста-сымбалічных вершаў, якіх гэтак шмат спатыкаем мы ў чарговым зборніку “Шляхам жыцьця".
Вось пачатак аднаго з іх пад назовам „Зьнямога":
„Плача сонца маладое
„Над плянэтай, над старою,
„Іскры сыплюцца цурком,
.Што ня тымі пуцінамі
„Ідуць леты за летамі
„Ў вечным зладзе з курганом" і г. д.
Шмат больш удачным з вершаў гэнае катэгорыі будзе другі п. н. „За годам год", адметны сваёй сьпеўнасьцю і рытмікай абапёртай на спэцыяльным падборы слоў і зваротаў:
„За годам год, за родам род,
“Што хвалі хмар, што плесьні вод,
„Па зьменах зьмен, на ўсход, на сход
„За родам род, за годам год,
“На ўсход, на сход ідзе—брыдзе
„У чарах—снах, у злыбядзе...
„Канца ні ў чым, канца нідзе,
„На ўсход, на сход, брыдзе—ідзе..."
Цікаўным ёсьць верш „Бяседа", які зьяўляецца пробай беларускай застольнай песьні, на ўзор „філямацкіх", або „філарэцкіх" песьняў віленскіх польскіх студэнтаў часоў Міцкевіча:
„Годзе маркоціцца, хлопцы, дзяўчаты!
„Дружна падходзьце к сталу во сюды!
„Будзем гуляці; шынкар наш багаты
„Дасьць чым паджыцца, дасьць як вады.
„Гэй грамадой
„Засядзьма ў рад!
„Свой, ці ня свой —
“Нам кожын брат —
„Будзьма аднэю сямьёй!" і г. д.
Верш гэны проста просіцца на музыку, якую трэ’ да яго абавязкова дарабіць.
З вершаў сатырычных, асабліва добры верш п.н. „Сьвятая праўда", асьмеіваючы п’янства.
У канцы зборніку знаходзім некалькі невялікіх паэмаў, а якіх найлепшай будзе „Два браты", утрыманыя ў архаічным стылі быліны. (“Былі два браты, два разбойнікі" і г. д.)
З вершаў настраёвых, найбольшай сілай адзначаецца верш напісаны пад уплывам прадчаснай сьмерці маладога і здольнага беларускага паэта С. Полуяна:
“Куды ідзём?... куды пракляцьце нас вядзе?
„Якія далі здабываем?
„Дзе гарт, надзея, вера ў будучыну—дзе?
„Чым сэрца, думы акрапляем?
“Няшчасны край!... чым быў, чым стаў, чым будзеш ты
„З сваім век стогнучым народам?
“Як нёс,—нясеш ярмо ўпадку, сьлепаты,
“І зьмен чакаеш год за годам..."
Гэтым канчаем агляд „Гусьляра”.
ІІІ. „Шляхам жыцьця".
[правіць]“Песьня мая ня узышла сярод кветак,
“Кветак цьвітучага вечна паўдня...
“Поўначы сумнай забыты палетак
“Дай ёй жыцьцё пасярод палыньня"...
Я. Купала.
Праходзіць некалькі гадоў ад выхаду „Гусьляра" і вось у 1913 г. ў Пецярбурзе зьяўляецца ў друку новы, вялікі, 250 старонак з лішкам маючы, зборнік Купалы п. н. „Шляхам жыцьця".
Зборнік гэны, з прыгожым малюнкам на вокладцы, прадстаўляючым у бязконцы ідучую беларускую дарогу, ды-й з партрэтам самога Купалы, — абыймае ўсю ягоную лірыка-эпічную творчасьць за перыад 1910—1913 г. г.
Калі зьмест „Гусьляра" ня надта-ж далёка адышоўся ад „Жалейкі", дык затое ў зборніку „Шляхам жыцьця" паэт зрабіў аграмадны крок у перад.
Больш! бо ён тут даходзе да зэніту, бяручы найвышэйшы тон на сваіх чароўных гусьлях!...
Тутака прад намі не салавейка і на‘т ня сокал, ня кажучы ўжо пра верабейку, з якім калісь раўняў сябе скромны паэт, — не! прад намі тут горды арол, які адважна расправіў магутныя крыльлі свае да паднебнага лёту.
Найлепшай ілюстрацыяй нашых слоў, а так жа даказам вялікіх духоўных перамен і артыстычна-жыцьцёвай сьпеласьці паэта, можа служыць ягоны верш „Мой дом”, поўны гучнасьці, глыбіні, размаху і хараства. Вось ён:
„Мой дом — прывольле звёзднай далі,
„Арламі мераны абшар,
„Дзе бітвы тонуць ветраў хвалі
„З сям'ёй глухіх, калматых хмар.
„Мой дом—амшалай пушчы сховы,
„Сяліба ясеняў, сасон,
„Дзе сьмех русалчын, лясуновы
„Палошыць вечна-цяглы сон.
„Мой дом—пяшчаныя разлогі,
„Пакута сьцюжы і сьпякот,
„Дзе ў скібах лад вядуць нарогі,
„Аздобай цьвет—чырвоны пот.
„Мой дом—узмежных зёлак восьці,
„З сухой асінаю курган,
„Дзе тлеюць прадзедавы косьці,
„Дзе плача ночка ды туман".
Багацьце форм і рожнароднасьць зьместу ў гэным зборніку — проста нязвычайныя.
Як і ў папярэдніх так жа і ў гэтым зборніку чуваць моцныя польскія ўплывы, асабліва ў жартаўлівых паэмах—гутарках.
Цэнным для беларускае літаратуры зьявішчам ў гэтым зборніку ёсьць тое, што аўтор закранае тут між іншым і беларускія гістарычныя тэмы, праўда, у форме фантастычна-легэндарнай, але гэта зусім не памяншае іх вартасьці. (Паэмы: „На Куцьцю" і „Курган").
Гэтак-сама зьвяртае ўвагу глыбіня думак і пачуцьця, знаходзячая свой выраз у радзе мастацкіх імпрэсіяў.
Нікаторыя з іх сьмела могуць раўняцца з творамі нябошчыка Багдановіча, вялікага maestro беларускага слова, аўтора вядомага добра кожнаму беларускаму інтэлігэнту—„Вянка”.
Для прыкладу даём тут адну з гэткіх імпрэсыяў п. н. „Па межах родных", вызначную далікатнасьці настрою, музыкальнасьцяй вершу і глыбокім сумам..
„Па межах родных і разорах,
„Пад небам зводна—неспагадным,
„Спакоем воджаны век здрадным,
„Сную, і нейкі са мной шорах.
„Са мной, за мною ўсьлед сум—вораг
„З глухім нашэптам няпрыпадным: —
„Як ты ня хочаш быць праглядным, —
„Сягоньня ўсё тут — як і ўчора-х!
„Усё жыве тым самым Богам, —
„Таксама шумнае прадвесьне
„Усей ня зводзе з гоняў плесьні...
„Араты ўсход нясе адлогам: —
„Курган чапаючы нарогам,
„Ня ўспомне прадзедавай песьні".
На спэцыяльную ўвагу заслужваюць тут, гэтак характэрныя для Купалы, фантастычныя, або містычна-казачныя вершы, поўныя багоў, дзіватвораў і зьяў, зачэрпнутых з багатай крыніцы славянскае міфалёгіі.
Адным з найпрыгажэйшых вершаў гэнае галіны згуляецца „Песьня-байка" (З за далёку, з пад усходу Віхар мчыцца ў непагоду”... і г. д.).
Як гэта звычайна бывае ў вялікіх зборніках, гэтак і тут прыгожыя вершы, а на‘т сапраўдныя пэрлы паэзыі, пераблутаны з сярэдняй вартасьці драбязой; вось-жа варта-б было выбраць больш прыгожыя вершы гэнага вялікага зборніку, у якім яны затушоўваюцца, і выдаць асобнай кніжкай. (Пры нагодзе адзначым і тое, што ў выпадку паўторнага выданьня „Жалейкі", трэ' абавязкава замяніць старую ортографію сучаснай, а роўна-ж выкінуць найбольш яскравыя русыцызмы, ды-й полёнізмы; часткова ўвага гэная датыча і зборніка „Гусьляр").
Дзеля таго, што зборнік „Шляхам жыцьця” ўсім знаёмы, а больш падрабязны разгляд ягонага зьместу заняў-бы шмат мейсца, агранічымся тут толькі да адзначэньня найлепшых вершаў, знаходзячыся ў паасобных аддзелах зборніку, назовы-ж гэных аддзелаў дадуць вам паняцьце аб галоўных тэмах, якія закрануў тутака наш паэт.
Аддзелаў гэных ёсьць усяго ажно 7.
Аддзел 1-шы носіць назоў „Бацькаўшчыне" і прысьвячан пераважна тэмам патрыятычным.
Зьмешчаны ў ім ўступны верш, у якім паэт, ахарактарызоўваючы зьмест свайго зборніку, кажа між іншым, што:
„Усяго па крысе знойдзеце вы: гэта —
„Пры сасе, пры касе собрана за лета.
„Шчырым сэрцам, душой складана няхітра,
„Знама — свой, не з якой там з „звёздкай", ці мітрай,
“Што-небудзь мо’ ня так — прашу прабачэньня;
“Трудна ў рыхт—часу брак, мазаліста жменя”...
- і г. д.
не стаіць ў ніякім адношаньні да інтэрнэтнага і мастацкага зьместу зборніка і можа быць тлумачана толькі жаданьнем паэта заахвоціць беларускага селяніна да роднай кніжкі, у якой ягоная недаверчывая душа лёгка магла-б дашукацца толькі новага панскага зьдзеку над ягонай „простай" мовай, што ў свой чарод магло-б ізноў дрэнна адбіцца на пасьпеху зборніка сярод гэнага-ж сялянства.
Але гэткае разважаньне можа апраўдаць зьмяшчэньне гэтага скромнага вершыка на заглаўным мейсцы толькі ў праваенныя часы, цяпер-жа беларуская народная сьведамасьць гэтак паступіла ўперад, што на гэткія праявы няма ўжо мейсца і вершык гэны ў новых выданьнях трэ’ перанесьці недзе далей, замяняючы яго іншым чарговым, напрыклад, пад назовам „Песьня мая", які надта ж добра характарызуе асноўныя моманты творчасьці Купалы.
З вершаў найбольш вызначаюцца тут гэткія: 1) поўная пачуцьця „Песьня сонцу" (старонка 12), 2) містычная „Песьня—байка" (стар. 13), 3) бадзёрнае “Гэй на перад!" (стар. 19), 4) прыведзены вышэй „Мой дом" і 5) поўны патрыятычнае тугі за Бацькаўшчынай верш “Я ад вас далёка" (стар. 23).
Аддзел ІІ-гі „Па межах родных..." апісвае беларускую прыроду і родныя краявіды. Асабліва прыгожай зьяўляецца ў гэным аддзеле прыведзеная вышэй ўступная імпрэсія “Па межах родных і разорах" (стар. 57), вызначная: дэлікатнасьцяй настрою, арыгінальнасьцяй формы і модэрністычнай апрацоўкай.
III-ці аддзел „Для яе", прысьвячан каханьню і адзначаецца рожнароднасьцяй любоўных перажываньняў і настрояў.
IV-ты аддзел “Наша вёска", малюе нам вясковы быт беларускага селяніна. Вершы гэтага аддзелу, мала рожняцца ад вершаў на аналягічныя тэмы ў папярэдніх зборніках.
V-ты аддзел „Сваім і чужым”, прысьвечаны тэмам патрыатычным, а так-жа памяці выдатных адзінак, пераважна з літаратурнага міру, сваіх і чужых.
Тут заслужваюць ва ўвагу гэткія вершы; І) поўнае пачуцьця „Роднае слова" (стар. 144), 2) вядомая песьня „Не пагаснуць зоркі ў небе..." (старонка 146), 3) пяруновы верш „Ворагам беларушчыны”, 4) поўнае іроніі і сардэчнага болю „На рынку" (старонка 149) і 5) магутны верш „Наша песьня”.
VІ-ты аддзел носіць назоў „Байкі і аповесьці". З баек найлепшымі будуць: „Мікіта і валы" ды-й „Два мужыкі і глушэц” (стар. 173 і 174).
З повесьцяў-жа зьвяртаем увагу чытачоў на невялічкую паэму – “На Куцьцю" (стар. 197), якая зьяўляецца запраўдным шэдэврам і заслугуе на асобнае багатае выданьне яе са стыльнымі ілюстрацыямі.
Зьмест гэнае чароўнае, ды чамусь не зьвярнуўшае належнае ўвагі крытыкаў, паэмы гэткі: на руінах старога замчышча, зьбіраюцца раз у год на Куцьцю духі мінуўшчыны — беларускі князь з княгіняй сваёй і дружынай; ідзе шумная бяседа; князь выслухаваець даклады трох ганцоў, так-жа духоў, прыбыўшых з усіх куткоў Беларусі і прыносячых весткі аб сучасным сумным, але не безнадзейным становішчы краю і народу беларускага; выслухаўшы рапарту ганцоў, князь ізноў рассылае іх па ўсей беларускай зямлі, а гучная бяседа йдзе далей, покуль не прапяюць першыя пеўні, — тады ўсё нікне...
Вось, для прыкладу, рапарт трэцяга ганца:
„І трэці князю гэткі сказ
„І княжне скажа міласьцівай:
„Я абышоў іх тройчы раз
„І відзеў, што яны ўсе жывы.
„А толькі торг усё ідзе
“Над іх душою патаптанай;
„Яны, як цені, у грамадзе
„Маўчаць і йдуць на пір паганы.
„А як ударыў па струне,
„Замятушыліся, як пшчолы,
„І на гара і нізіне
“Мне падавалі голас кволы.
„За мною ўсьцяж і тут і там,
„Іх вусны бледныя шапталі:
„Аддайце песьню нашу нам!
„Нашто схавалі — расхапалі?"
А вось яшчэ адказ князя ганцом, па выслуханьні іх рапартаў:
„Ня ўмруць, ня ўмруць ужо яны,
„Раз хочуць сонца, славы, песьні;
„Забыць ім зычныя званы
„Прабудным звонам на прадвесьні.
„Сваёй забранай старане,
„Скаванай мучаніцы — княжне,
„Ўнясуць пасад на кургане
„На панаваньне недасяжне.
„На дзеле — кожны йшчэ слугой,
„У думках — вольныя ўжо людзі;
„Над сэрцам іх, над іх душой
„Наш дух лунаці вечна будзе".
Затым трэ’ тут яшчэ ўспомніць вядомую паэмку „Курган" (стар. 220), сымбалічна-казачную паэму “Чараўнік" (стар. 227) ды й драматычны абраз „На папасе" (стар. 233).
Апошні аддзел VII, носіць тытул „Пераклады з польскае мовы”.
Найлепшыя тут будуць пераклады з Міцкевіча, якія трэ прызнаць першараднымі.
Найбольш мастацка пераложаны: „Пані Твардоўская" (стар. 251) і „Удагонку” (стар. 254) і далей ідуць „Трох Будрысаў" і адрывак з паэмы „Канрад Вальленрод".
Беларускае грамадзянства належна ацаніла каралеўскі дар свайго вялікага песьняра; першае выданьне зборніка „Шляхам жыцьця” хутка разышлося і ў 1923 годзе зьявілася ў Вільні ўжо 2-гое папраўленае яго выданьне, выпушчанае праз заслужаную для беларускага руху фірму Б. А. Клецкіна.
Канчаючы гэтым літаратурны агляд зборніка „Шляхам жыцьця", трэба адзначыць, што ён з’яўляецца адным з тых непраходзячых скарбаў духоўных беларускага народу, якіх — кажучы славамі Эвангэльля не кране іржа, не папсуе моль, а ні ўкрадзе ніякі злыдзень!...
IV. Спадчына.
[правіць]„Гэй, родныя песьні! Вы у суме і горы,
„Ці ночка пануе, ці сівер дзьме зімны, —
„Для роднай зямелькі вы—сьветлыя зоры,
„Для роднага краю вы—райскія гымны!”
Я. Купала.
Пераз год, прыблізна, пасьля выхаду ў сьвет зборніку „Шляхам жыцьця”, што зьяўляецца каронай дагэтуляшняга лірыка-эпічнага творства паэты, выбухае эўрапэйская, або лепей —сусьветная вайна.
Як ведама вайна зь яе жахамі ня прыяе развою мастацтва; „Inter bellum silent Musae”, — кажа прыказь (прыказка), дык і наш поэта ў працягу вайны піша надта-ж мала і толькі з пачаткам вялікае ўсходне-эўропэйскае рэволюцыі, пад уплывам магутнага соцыяльнага ўздыму сярод народу беларускага, творства ягонае, бяручы сілу зь вялікіх падзеяў, ізноў пачынае ажыўляцца, красаваць, выяўляючы далейшы духовы рост песьняра.
Гэтак праходзіць некалькі год і вось толькі ў 1922 годзе, амаль што не праз 10 год ад зьяўленьня зборніку „Шляхам жыцьця”, наш пясьняр абдоруе беларускае грамадзянства новым зборнікам сваіх поэзіяў пад назовам „Спадчына”.
Вялікі, бо лічучы 221 старонак, зборнік гэты, выданы ў Менску Белар. Коопэр. Выдав. Т-вам “Адраджэньне”, запраўды зьяўляецца спадчынай колькінаццаці-годняе поэтыцкае працы песьняра; зьяўляецца ён спадчынай у тым сэнсе, што поэта змясьціў тут побач з пэўнай колькасьцяй новых лірыкаў і паэмаў, усю тую, даволі значную, астачу свайго творства, якая дзеля тых ці іншых прычынаў не магла быць зьмешчаная ў папярэдніх зборніках.
Дзякуючы гэтаму, у тым, казаў той, „літаратурным архіве”, які прадстаўляе „Спадчына", чытар, побач з новымі рэчамі знаходзіць творы поэты і з усіх папярэдніх эпохаў ягонага творства, ажно да 1905 году ўлучна! Частка іх відаць была забракавана самым поэтам, іншыя не маглі быць зьмешчаны дзеля тагачасных цэнзурных абставінаў, дзякуючы рэволюцыйнаму зьместу, а яшчэ іншым драм—такі не хапіла тады месца.
Гэткім парадкам „Спадчына” абыймае вершы з эпохі 1913—1922 год плюс „літаратурны архіў”.
Прыглядаючыся гэтаму запраўднаму конглёмэрату поэзіі, якім ёсьць „Спадчына", у якой першарадныя пэрліны поэзыі перамешаны з мала вартай драбязой,—трудна ўстрымацца ад некалькіх увагаў датычна гэткага роду зборнікаў.
Справа ў тым, што цяперака гэткія вялізныя зборнікі чыста выйшлі з моды! Сучасны чалавек пры шалёным тэмпе сягодняшняга жыцьця ня мае часу на доўгія, бясконцыя повесьці ці поэмы, якія гэтак былі да ўспадобы нашым, маючым шмат часу, прадзедам.
Гэтак сама не да ўспадобы сучаснаму чытару і вялізныя зборнікі поэзыяў, на якія трэба патраціць шмат часу і цярплівасьці, каб сярод няўхільнага ў гэткага роду публікацыях, выбачайце за выражэньне, сьмяцьця, знайсьці рэчы запраўды мастацкія і цэнныя.
Дзякуючы вышсказанаму, повесьці, цяперака зрэдукаваліся пераважна да 100—150 старонак разьмеру in octo (васьмёркі), а зборнічкі поэзыі дык маюць, няраз, толькі па 10—20 старонак, але затое зьмест іх—першарадны і кожны аматар літаратуры ахвотна іх купіць і прачытае, бо хворма і зьмест іх адпавядаюць духу часу!
Як прыклад гэткіх, адпавядаючых сучасным умовінам, беларускіх выданьняў, успомнім тут хоцьбы гэткія зборнічкі як „Уяўленьне" і „На ростані“ — Жылкі, або „Беларусь“ — Родзевіча.
Але вернемся да „Спадчыны”.
Устрымлюючыся покульшто ад агульных увагаў на тэму гэтага, мала ведамага віленскім Беларусам, зборніку, пачнём з крытычнага агляду асобных яго адзьдзелаў, якіх ёсьць усіх ажно шэсьць.
1-шы адзьдзел займае 42 старонкі і пасьвячоны тэмам патрыотычным; пачынае яго прыгожы, пявуча-маркотны верш п. н. „Спадчына” (ст. 7), каторы пачынаецца гэтак:
„Ад прадзедаў спакон вякоў
„Мне засталася спадчына;
„Паміж сваіх і чужакоў
„Яна мне ласкай матчынай.
„Аб ёй мне будзіць успамін
„На ліпе бусел клёкатам
„І той стары, амшалы тын,
„Што лёг ля вёсак покатам;
„Аб ёй мне баюць казкі—сны
„Вясеньнія праталіны.
„І лесу шэлест верасны,
„І ў полі дуб апалены.
„І тое нуднае ягнят
„Бляяньне—зоў на пасьбішчы,
„І крык вароніных грамад
„На могілкавым кладзьбішчы”.
Гэнай „спадчынай” у канцы верша аказуецца Беларусь—„старонка родная”. Настрой гэтага вершу—поўны ціхога суму—ёсьць вельмі характэрны для беларускай псыхікі.
Варта адзначыці, што верш гэты—„новы”; паўстаў у 1918 годзе. Падчыркуем мы гэты факт затым, што амаль ня ўсе найлепшыя вершы гэтага зборніку, належаць да апошняга з дагэтуль агавораных перыядаў (1913— 1922 г.), асабліва-ж да другой яго паловы (рэволюцыйныя часы 1917—1922 г.), ня гледзячы на тое, што тут ёсьць цэлая маса вершаў із старэйшых год; зьявішча гэтае ёсьць бяссумлеўным довадам няспыняючагася развою поэтычнага таленту Купалавага.
Чарговым, зьвяртаючым увагу вершам, ёсьць пяруновы верш П. Н. „Свайму народу“ (ст. 13), у якім аўтар, рысуючы яскравымі хварбамі слаўную мінуўшчыню і нягодную сучаснасьць Беларусі, у гарачых славох заклікае народ беларускі да барацьбы, кажучы:
„...Паўстань і глянь, як зьзяюць скрозь вагнішчы,
„Як носяцца ўсясьветных зьмен віхры,
„Як на старога быту папялішчы
„Цьвет зацьвітае новае зары!...”
У вершы гэтым, зьмест якога робіцца болей зразумелым, калі адзначым, што ён паўстаў у 1918 г. ў пэрыядзе сусьветнае вайны, соцыяльных рэволюцыяў і вызвольных нацыянальных рухаў ува ўсёй Эўропе, цікаўным ёсьць тое, што Купала тут выступае ў гэтак характэрнай для яго ролі вучыцеля беларускага народу і яго духоўнага павадыра, што зьяўляецца неад’емным атрыбутам нацыянальнага паэты, якім справядліва называюць Купалу.
Далей вызначным ёсьць верш „Валачобнікі" (ст. 10); у гэтым сымбалічным вершы, у якім валачобнікамі зьяўляюцца Беларусы, што „ў валачобнікі запісаны судзьбінай...”, — цікавіць наўперад сама хворма вершу, поўная нейкага шырокага і зважнага размаху, а так-жа настраёвы зьмест яго, пранікнуты містычнымі ноткамі і глыбокім артызмам. Вось яго пачатак:
„Што год, вясной, у дзень, вялікім званы,
„Зьбіраюцца яны, як буслы ў вырай,
„І йдуць пад вокны гурмай абарванай
„Набожную жальбу заводзіць шчыра.
„Паны атласныя і зрэбныя сяляны
„Вітаюць іх, як послаў з таго міру:
„Той кіне сьвенчана яйцо, а той — мядзяк:
„Як жабракоў іх дарыць свой брат і чужак".
А крыху далей, у тым-жа вершу ахоплены адчаем над нядоляй свае Бацькаўшчыны поэта пытаецца:
„О ноч! о бесканечны твой над намі ход!
„Калі-ж пакінеш ты туманіць наш народ?
і на гэнае, магутнае сілай пачуцьця, пытаньне сваё, кіненае нязнаным сілам, — не дастае адказу.
Наступным, заслужуючым на ўвагу вершам, ёсьць „Беларушчына“ (ст. 18), вызначаная гарачай любоўю Бацькаўшчыны і хараством поэтыцкага выразу; вось некалькі адрыўкаў зь яе:
„Сотні лет, няпрыяцелем-братам прыбітая,
„Зарастаючы зельлем чужым, як лазой сенажаць,
„Ты ляжала няпамяці пылам прыкрытая,
„А народ твой быў змушан маўчаць і табой пагарджаць.
„І круцілі цябе, як каму падабалася,
„Кожны строіў, наводзіў цябе на свой строй, на свой лад;
„Аж часам жальба, як кляцьба разьлягалася,
„Ды нячутай ляцела, ўміраючы, ў грудзі назад.
„Спаў народ, і ты спала, і ворагі верылі,
„Што ніхто не разбудзіць цябе, што заснула на век.
„І дзялілі цябе, ўсімі мерамі мерылі,
„Што памерла ўжо ты,—не адзін так казаў чалавек.
„Час ішоў. К жыцьцю новаму клічы пачуліся;
„Ўсе народы паўсталі па бітву за права сваё,
„Ты—як спала—ўскраіна, твае дзеці прачнуліся,
„Твой народ, ты сама, ўсталі новае строіць жыцьцё”.
Зь іншых вершаў гэтага багатага адзьдзелу трэ’ спыніцца на гэткімі як: ,Ня шукай..." (ст. 24); „Праявы" (ст. 26); ,1914-ты" (ст. 36); „Вясна 1915-я“ (ст. 37); „На сход" і ўрэсьце „Цару неба і зямлі". Прыгледзімся-ж ім бліжэй!...
Ня так сардэчна чулая пястунка, ці мо’ на'т сама кахаючая маці, зьвяртаецца з прасьцярогай і паўчэньнем да свайго мілага дзіцяці, як гэта робіць Купала ў вершы „Ня шукай"..., зьвяртаючыся да зьбіўшагося з свайго, роднага, нацыянальнаго шляху брата—Беларуса; паслухайма толькі як задушэўна гучыць гэтая прамова старшага брата:
„Ня шукай ты шчасьця, долі
„На чужым, далёкім полі,
„Гэт, за шумным лесам—борам,
„За шырокім, сінім морам
„Ня шукай ты шчасьця, долі!
і г. д. і г. д. плыве, зьвініць гэта салодкая гутарка-песьня, гутарка-калыханка...
„Ты ўсё знойдзеш гэта блізка,
„Там, дзе маці над калыскай „Табе песьні напявала,
„Толькі ўмей шукаці блізка!"
Верш „Праявы" належыць да катэгорыі вершаў-баек зь імгліста-непакоячым, містычна- -сымбалічным зьместам, у якіх гэткім мастаком зьяўляецца Купала; верш гэты мае хворму цэльнага раду пытаньняў і адказаў; чуваць у ім моцныя польскія ўплывы (ў даным выпадку поэзыяў Конопніцкай), якія аднак не закранулі самастойнасьці тэмы і датычуць толькі хвормы вершу.
Вось адзін з адрыўкаў дзеля прыкладу:
“....Што за голас ходзіць, бродзіць,
“Сказы дзіўныя заводзіць,
“Ажно йдзе па целе шорах?
“Ці то друг наш, ці то вораг?
—Гэта ходзіць кліч на полі
“З прыгінаньнем к новай долі;
“Пад вакнамі станавіцца
І заве, заве збудзіцца".
Верш „1914-ты”, напісаны ў канцы гэнага году пад уплывам Міцкевічаўскага “Rok 1812-sty”, дзякуючы апалёгіі ў гістарычных падзеях гэных гадоў, — адзначаецца вялікай сілай пачуцьця і дабрароднай павагай свайго патосу; вось яго пачатак:
“Заходзіш ты туды скуль ня прыходзяць,
“Але сваіх не забярэш сьлядоў...
“О год! такіх як ты, час рэдка родзіць.
“О год! ты першы гэткі з між гадоў.
“Прыйшоў ня з згоды і свабоды весьцяй
“І—не ўзьвялічыць праўду між людзьмі, —
“Жыцьцём міліёнаў ты прыйшоў затрэсьці.
“Шлях вымасьціць свой трупамі, касьцьмі.
“Касьцялявай зморай з гібелі сталецьцяў
“Ты як пракляцьце, будзеш вызіраць,
“І будзе маці страшыць табой дзеці,
“Ды клікаць той—хто ўздумае ўміраць”.
Гэткай-жа сумнай павагай адзначаецца і чарговы верш „Вясна 1915-я”:
“Дык вось-жа як прыйшла яна — жаданая вясна —
“Ў кароне з зелені і кветак, з пошаптам бяроз!
“Ядыная з паміж былых сясьцёр сваіх яна:
“Не разьвясельвае душы і ня ўцірае сьлёз...
У пісаным сардэчнай крывей і заваражываючым арыгінальнай хвормай вершы п. н. „На сход", аўтар кліча народ беларускі на “ўсенародны, грозны, бурны сход” каб аддаць яму на суд “свае ўсе крыўды, сьлёзы, кроў”.
Канцавы верш гэтага адзьдзелу п. н. „Цару неба і зямлі” прадстаўляе з сябе поўны атчаю крык да Бога з просьбай зьлітаваньня над народам беларускім; асабліва характэрным для гэтага вершу есьць мамэнт протэсту проці існуючага парадку; бунт проці волі Божай і на’т рэлігійны сумнеў, адносна самога істнаваньня Бога, які ў першы раз выяўляецца тут у аўтара ў гэткай войстрай хворме; пачынаецца верш гэтак:
“За што, о Божа праведны, магучы,
“Караеш так няшчасны свой народ?
“Чаму на стогн маўчыць Твой гром бліскучы,
“На стогн, што да Цябе йдзе з год ў год?”
канец-жа вершу такі:
“Паймі! пачуй! Сон наш і свой стрывожы, —
“Закон і суд свой праведны пашлі!
“Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа,
“Калі Ты Цар і неба, і зямлі!”
Зьмешчаны ў гэтым адзьдзеле цыкль вершаў п. н. „Песьні вайны” (ст. 28—36)—не адзначаецца вялікшай вартасьцяй, дзеля чаго спыняцца над ім ня будзем.
Гэтым канчаем агляд першага адзьдзелу „Спадчыны”.
1. Творства лірыка-эпіцкае.
Адзьдзел ІІ-гі “Спадчыны" займаюць апісаньні сялянскага быту й беларускае прыроды.
На’т у гэтай, убогай тэмамі краіне прымітыўнае вясковае вэгэтацыі, дзе ўсе гутаркі абяртаюцца каля зямельнага голаду і паспалітых злыбед,
„Па балючай, па вячыстай „Б'юць усё струне:
„Абяднеў мужык дачыста „Аж чуць-чуць дыхне!“
Як кажа сам поэта ў адным із сваіх вершаў („Аб мужычай долі” ст. 52),—Купала патрапіў аднак знайсьці новыя матывы, новыя мастацкія інвэнцыі...
Ужо ўступны верш гэтага невялікага, бо лічучага толькі 24 старонкі, адзьдзелу, носячы назоў „Сявец” (ст. 45).—зьвяртае ўвагу сваёй гомэрыцкай прасьцінёй і сакавітасьцяй зь якой апісуе поэта прадвечную працу сяўбіта, маючую на вёсцы павагу амаль што ня рэлігійнага акту.
На жаль нястала мейсца і вялічэзнасьць зборніку не дазваляюць на прывядзеньне найлепшых адрыўкаў з гэнага і іншых вершаў, прымушаючы агранічыцца кароткімі зацемкамі.
Ідучы далей варта спыніцца над вершам „Навука” (ст. 53), які не адзначаючыся літаратурнымі вартасьцямі, цікавым есьць як яшчэ адзін рашучы крок па тым шляху няверы і бунту проці Бога, на які ўступіў Купала, пішучы верш п. н. „Цару Неба і Зямлі” (ст. 41), закончуючы першы адзел зборніку, аб якім мы ўспаміналі ў папярэдняй частцы нашага артыкулу.
Гэная нявера зьяўляецца аднэй із складавых частак тага духовага процэсу, які выклікаў у рэзультаце бальшавізацыю псыхікі Купалы, на шчасьце, частковую толькі, выклікаючую глыбокія й балючыя конфлікты ў душы поэты і раздвоенасьць ягоных імкненьняў, што пабачым ясьней у апошнім Купаліным зборніку: „Безназоўнае".
Зь іншых вершаў гэнага адзьдзелу заслугуюць на ўвагу: „У хорамах” (ст. 57), закранаючы спрадвечную тэму соцыяльных контрастаў і вызначны арыгінальнай, наррацыйнай хвормай і дасканальным, паміма ляконізму, малюнкам фэодальнага быту; „Ідзе вясна” (ст. 58)— адметны сваім глыбокім пэсымізмам; вершу гэнаму баржджэй было-б месца сярод імпрэсіяў, чымся сярод малюнкаў прыроды; „На полі тае” (ст. 50)—сьпеўны, поўны пачуцьця верш, у якім поэта яшчэ раз кліча свайго, цёмнага брата будзіцца і ўставаць барджэй за сну няволі; „Вясна”, (ст. 60)—слаба літаратурна, але цікавы сваей ономатопэяй; „Запела вясна сваю песьню” (ст. 61)—у вершы гэтым душа поэты, абыходзячы веснавой парой родныя гоні, устрымлюецца на ўзьмежку сялянскага шнура і прыглядаецца да спрадвечнае працы беларускага ратая; вось як малюе гэную сцэну ўзварушаны поэта:
„І шумам задумнага лесу,
„І шчэбетам птушак шчасьлівых
„Запела вяспа сваю песьню,
„Запела на збуджаных нівах.
„Выходзіць селянін па поле,
„Зямлю ўздымае сахою...
„О колькі тэй веры, надзеі!
„О колькі сьвятога спакою!”
Агранічуючыся вышпрыведзеным адрыўкам гэнага прыгожага і музыцкага вершу, пяройдзем да іншых вершаў: „Летам” (ст. 62) — цікавы спэцыяльным падборам слоў і сваім скочным, іскрыстым тэмпам; „У дарозе” (ст. 65) —зьвяртае ўвагу арыгінальным зьместам, якім зьяўляецца апісаньне адзінотнага падарожжа непагоднай, вясеньняю ночкаю з усімі яе сумамі й трывогамі; „Удосьветак” (ст. 67)—адзін зь лепшых вершаў гэтага адзьдзелу; зьмест яго на палову казачны: маладая папрадуха працавіта ўстаўшы ў досьветак засела пры вераценцы, засьвяціўшы газьніцу; за вокнамі хаты шалее непагода; пуцінаю сярод балот йдзе здалёка падарожны, выглядаючы збаўчага вогніка, які-б паказаў дарогу; душа папрадухі інстыктоўна чуе, што хтосьці сьпяшаецца да яе, яна лятуціць аб суджаным, аб каханьні і заснуўшы бачыць ува сьне ўжыцьцёўленьне сваіх мар—лятуценьняў..
На гэтым абрываецца верш і чытар так і не даведаецца ніколі, ці ўратаваўся далёкі падарожны, ці мо’ загінуў?
Гэты спосаб, сьвядома ўжыты поэтам, толькі павялічвае ўражаньне і прыдае казачнасьці вершу.
Зачыняе адзьдзел вялікі верш „Паяжджане” (ст. 69), належачы да катэгорыі містычна- -сымбалічных вершаў зь імгліста-непакоячым зьместам, якіх ужо некалькі прыводзілі мы ў папярэдніх частках нашага агляду.
Верш гэты, найлепшы ў гэтым адзьдзеле, апісуе сумны лёс вясельнага паезду, які загінуў сярод сьнежнае завеі...
Вось яго пачатак:
„Распаўзлася на абшары
„Сьцюжным пухам, сьцюжнай марай
„Папаўзуха — завіруха —
„Злога духа злыбядуха”.
Ўжо гэты невялічкі адрывак дае давольнае паняцьце аб арыгінальнасьці гэнага вершу, у якога структуры (разьмер вершу; падбор слоў і г. п.) зразу чуваць уплывы твораў Конопніцкай.
Гэтым канчаем агляд другой часткі, гэнага, ледзь што зусім нязнанага віленскім беларусам,—зборніку.
Адзьдзел ІІІ „Спадчыны" пасьвячаны імпрэсіям.
Цікавым зьявішчам агульнага характару ў гэтым адзьдзеле, якое трэба наўперад адцеміць, ёсьць рост інтэлігенцыі—зьместу; сьведчаць аб гэтым і, глыбейшыя чымся раней, поэтыцкія помыслы і арыгінальнасьць у іх выражэньні, а гэтак-жа большая вышуканасьць настрояў і багацьце хвормаў.
Ужо першыя два вершы гэтага адзьдзелу: „Млечны шлях” (ст. 73) і “Званы” (там-жа)—адзначаюцца сваім усебаковым артызмам; з далейшых вершаў заслуговуюць на ўвагу гэткія: „Крыўда" (ст. 76)—ня маючы вялікшай літаратурнай вартасьці, але цікавы, зьмешчанай у ім крытыкай бальшавізму, ужо ў пачатным пэрыодзе (1918 г.); “Сон” (ст. 79), - адзін з лепшых вершаў гэтага адзьдзелу; якаясь дзіўная, непакоючая казка, што пачынаецца гэтак:
„Заглянь сынок у соньнік,
«Сон мела я пусты:
«Прісьніўся мне сасоньнік
«Такі густы, густы.
«Па ім ішла я, ўночы
«За мною зводы йшлі
„І зазіралі ў вочы,
«І ціснулі к зямлі...”
Здаецца, што верш гэты ў цэласьці мае сымбалічны зьмест і што поэта меў на думцы паняволенаю Беларусь; „Для Бацькаўшчыны" (ст. 80)—верш цікавы з боку хвормы, а гэтак-жа зьмешчанымі ў ім аўтобіографічнымі рысамі: поэта тут кажа аб узнаўленьні свайго поэтыцкага творства, перарванага сусьветнаю вайною (верш пісаны ў 1918 г.):
«Я ўзноў заснуўшую было жалейку
«Бяру і пробую ў ёй галасоў:
«Ці хопіць сьветлых, звонкіх думак-слоў
«Ці гладка пойдзе песьня-дабрадзейка?...”
Чарговы верш “Бацькаўшчына” (ст. 80) ня ўдаўся аўтару; ён якісь цяжкі й пазбаўлены рытмікі; крыху тлумачыць справу тое, што пісаны ён у вайну, у 1915 г.; “Наша гаспадарка" (ст. 81), верш пісаны ў канцы 1918 г. заслугуе на ўвагу сваім аднолькава нэгатыўным становішчам як да Польшчы, гэтак і да чырвонае Масквы, прыгэтым асабліва цікавым ёсьць тут тое, што поэта, баючыся бальшавіцкае цэнзуры, заместа слоў “чырвоная Масква", паставіў... кропкі! Магчыма ўрэсьце што гэтыя словы выкінула сама цэнзура; “Маё цярпеньне" (ст. 82)— цікавы, пазычанай у Міцкевіча, тэзай “цярпеньня за міліёны”, якое мае быць доляй нацыянальнага поэты; „Сярод магіл" (ст. 83)—магутная, поўная трагічнага ўздыму імпрэсыя; адзін з лепшых вершаў гэтага адзьдзелу; вось ён:
«Сярод магіл, на плечы ўзьняўшы крыж свой, стану,
«Як пасланец з магіл ад сьпячых там прарокаў,
«І ў даль сягну, дзе толькі можа сягнуць вока,
„І скрозь туды, дзе вольнай думкаю дастану.
«І кліч пушчу скрозь ад кургану да кургану,
„Як віхраў лёт па ўсёй бязьмежнасьці шырокай,
«Кліч — заклінаньне векавечнага зароку,
«Што ў гусьлях толькі дрэмле, ў песьню ўчараваны".
«Прадсьмертнаю кляцьбой канаючага раба,
„Малітвай грэшніка, зарэзаўшага матку,
„Зьвярнуся к сонцу, сонцу без канца й пачатку.
„Хай спаліць мне душу, як ствол разьбіты граба
„Хай вочы высмаліць, як квету ў лільі слабай,
„Але і крыж мой спапяліць хай папарадку!
Чарговы верш „На шляху” (ст. 84), адзначаецца сваім шчырым лірызмам, дэлікатнасьцяй настрояў, моцай экспрэсыі і бязьмежным, беларускім сумам.
Далей трэ’ спыніцца над гэткімі вершамі як: „На вуліцы” (ст. 87), які па хворме і зьместу зьяўляецца характэрнай імпрэсыяй у духу сучаснага модэрнізму, створанага хворымі, перачуленымі нэрвамі вялікага места; „Вечар” (ст. 88) — кружаўная імпрэсія, поўная пачуцьця і спакойнага безнадзеяньня; вось для прыкладу яе пачатак:
„Мой вечар, знаю, блізка, недалёка —
„Ёсьць раніца—павінен й вечар быць,
„Але ня шчэзну я з-пад долі вока —
„Дзень, вечар, ноч, а трэба, буду жыць...” і г. д.
У вершы „Нашто?“ (ст. 90), знаходзім цікавы завет, які дае пясьняр наш сваім братом:
„Ідзі праз сьвет з вачмі адкрытымі,
„Ў грудзёх гадуй, як сталь, і моц і гарт,
„Глядзі ўвакруг свабодным сокалам,
„І крэпка знай, чаго ты ў сьвеце варт!”
Верш „Сьмейся!..” (ст. 90) трэ’ залічыць да няўдалых, дзякуючы ягонаму лішне яскраваму натуралізму і перагружаннасьці патэтычнымі зваротамі і тэрмінамі; верш „Увесь да дна...” (ст. 93)—характэрны сваім пэсымізмам, едкай іроніяй і цынічнымі ноткамі; верш „Мая вера” (ст. 96)—ёсьць аканчальным сьцьверджаньнем атэізму поэты, які, пасьля сьцягу іранічных зваротаў на тэму рэлігіі, кажа ў канцы вершу:
„Ў народ і край свой толькі веру,
„І веру ў самога сябе!”
Чарговы верш „Песьняй толькі“ (ст. 96),— адзначаецца лірызмам моцай пачуцьця і пявучасьцяй; „Першыя песьні“ (ст. 97), пісаныя яшчэ ў 1906 г., відаць, мелі быць прадмовай да першага зборніку поэты п. н. „Жалейка”; верш „Песьня” (ст. 98) зварочуе ўвагу сваёй музыцкасьцяй, гучнасьцяй, адумысловым выбарам словаў і скочнасьцяй; урэсьце верш „Я казак— не казак...” (ст. 102) чаруе шырынёй размаху і ўдалствам; вось яго пачатак:
“Я казак—не казак,
„Што нагайкай сьвісьціць,
„А казак, што калісь
„Знаў як волю любіць!
„Што гуляў за Дняпром
„Ад зары да зары,
„Ў вольнай Сечы грымеў,
„Як парогі ў Дняпры”.
Канчае гэны адзьдзел вялікі, харошы верш, жыцьцяпіснага характару п. н. „Мая навука” (ст. 103). У ім Купала кажа аб тым, як яму „мудрасьці кніжнай ня даў Бог пазнаці”, бо „бацька ня мог даць раскопаў такіх”, як сыстэматычная навука ў школе, дык поэта наш рос самавучкай, а складаць песьні ўчыла яго беларуская прырода, „беларускі абшар”; дык няма дзіва, што поэта, перамогшы ўсі гэтыя злыбяды і зрабіўшыся слаўным песьняром, — знае сабе цану і канчае верш гэткімі гордымі словамі;
„Так, іншай ня знаўшы навукі і школы,
„Ў пацёмках шукаў і знайшоў божы дар;
„Цяпер маймі скарбамі — думы — саколы,
„Цяпер беларускай я песьні ўладар”.
Канчаючы гэтым агляд гэтага адзьдзелу, адцемім, што ён ёсьць, з боку паказальнага, найцэннейшым ува ўсім зборніку, бо найлепей выяўляе тую высокаю роўнь артызму, глыбіню думкі і багацьце хвормаў і сюжэтаў, якія асягнуў наш поэта.
Варта тут яшчэ падчыркнуць напасьледак тое, што Купала, у процілежнік Якубу Коласу,— ня губляючы лучнасьці ізь сьветам сялянскім, патрапіў аднак вырабіць у сабе псыхіку інтэлігента ў поўным значэньні гэтага слова, і ёсьць цяпер гэткім-жа перакуленым, нэрвовым дзіцянём вялікага места, здольным да найдалікатнейшых перажываньняў як і кожны заўсёдны жыхар места зь інтэлігэнтных сфэраў.
Адзьдзел ІV-ты „Спадчыны" пасьвячаны тэмам любоўным.
У невялічкім гэтым адзьдзеле мастацкая роўнь вершаў не падняўся вышэй, чымся у аналёгічным адзьдзеле папярэдняга зборніку — „Шляхам жыцьця".
Большую частку гэтага адзьдзелу займае харошая паэма ў 14 абразох пад назовам „Яна і я" (ст. 107 — 120).
„Яна і я", гэта сялянская ідыльля, гэта якаясь сымфонія каханьня дзьвюх людзкіх адзінак на ўлоньні Прыроды, поўная гамэрычнай прасьціні і сакавітасьці!
Пэўнае паймо аб гэтым творы дадуць назовы асобных яго часьцінаў—абразоў; вось яны: 1) „Стрэча", 2) „У хаце", 3) „Праталіны", 4) „За кроснамі", 5) „Выган у поле жывёлы", 6) „Агляд поля", 7) „Радаўніца", 8) „Ворка», 9) „Беліць палатно", 10) „Сяўба", 11) „Поліць агародніну", 12) „Яблыны цьвітуць", 13) „На сенажаці" і 14) „Краса сьвету".
Ад усяго твору вее нявыказаным чарам першабытнага бытаваньня, сужыцьця з прыродай, сьвятой працы на ральлі, маладой радасьці й бязгрэшнага каханьня...
На адумысловаю ўвагу заслугуюць у гэтым творы моцныя эротычныя акцэнты, гэтак рэдкія ў беларускай літаратуры (напрыклад абраз 13-ты „На сенажаці").
З асобных абразоў трэ’ адцеміць І-шы — „Стрэча", у якім добра адмаляваны спрадвечная, ўзаемная да сябе цяга мужчыны і жанчыны, згодна з непарушнымі законамі прыроды, толькі разам творучых сынтэзы чалавека.
Вось яго пачатак:
„На крыжавых пуцінах з ёй сустрэўся—
„Куды ісьці, ня ведала яна,
„І я ня ведаў—ў полі я, ці ў лесе,
„І мне ляжала сьцежка не адна,
„Як кутнікі заблуджаныя ў ночы,
„Стаялі мы пад трупнай ношкай дум;
„Адно другому пазіралі ў вочы
„І слухам клікалі найменшы шум.
„Стаялі мы. Нявіданыя дзівы
„Нас абымалі крыльлямі сваймі,
„Шапталі мне: вазьмі яе, шчасьлівы!
„Шапталі ёй: сабе яго вазьмі!
„І рукі злучывалі нам на векі,
„Багаслаўленьне далі нам свай
„Ісьці праз горы, далы, рэкі,
„Ісьці супольна праз усё жыцьцё.
„... І мы пашлі..."
Ізноў абраз VІІІ-мы „Ворка",—цікавы сваім яскравым выяўленьнем сялянскае псыхікі Купалы, якая дадайма—выступае моцна ўва ўсім гэтым творы. Бо паслухайма толькі слоў „Воркі":
„Вам людзі, што сваёй рукою белай
„Зямлі не кратаеце сэрца.
„Не дагадацца цераз век свой цэлы
„Як сэрца чалавека б’ецца.
„Таго, які ўвосень, ці вясною,
„Зямлі сахой чапае грудзі,
„Або зярно хавае бараною,
„Каб вырасла для вас-жа, людзі";
Гэтак прамаўляць можа толькі селянін, запраўдны сын вёскі!
Зь іншых абразоў трэ’ ўспомнець яшчэ пра 12-ты — „Яблыні цвітуць", поўны харошых малюнкаў шчаснага каханьня.
Вось, для прыкладу, які поўны гімн на чэсьць свае ўкаханае пяе, перапоўненая шчасьцем і ўдзячнае ёй за ласку каханьня, мужчынава сэрца:
„Мілая! О, колькі радасьці даеш
„Майму ты сэрцу маладому!
„Нават ты сама таго не спазнаеш,
„Які ты скарб у маім дому!..."
Пераходзячы да іншых вершаў гэтага адзьдзелу трэба адзначыць гэткія як: „Быў гэта сон..." (ст. 122); „А яна...“ (ст. 124); „Ночцы” (ст. 125) і „Не глядзі..." (ст. 126), якія вызначны артызмам хвормы і глыбінёй зьместу, а гэтак-жа канцавы вершык адзьдзелу „У зялёным садочку“ (ст. 127(, пісаны яшчэ ў 1905 г., які ўзварушуе сваёй безпасярэднясьцяй і прасьцінёй зь якой апісана там сумная гісторыя аднаго „простага" каханьня...
Гэтым канчаем агляд ІV-га адзьдзелу „Спадчыны".
Аддзел V-ты „Спадчыны" прысьвячан паэмам, вершавым апавяданьням і вагульлі паэзыям наразійнага характару.
Вялікшых поэмаў ёсьць тут тры; зьмешчаны яны ў самым пачатку гэтага абшырнага аддзелу.
Першая з іх пад назовам „Магіла льва“ (131—146 стар.), апісуе падзеі легэндарнага беларускага разбойніка Машэкі, які мае быць пахаваны тамака, дзе сяньня ёсьць Магілёў.
Характэрнымі рысамі, гэтае, даволі прыгожае, поэмы ёсьць частыя г. з. „лірыцкія адыходы" ад галоўнае тэмы, ці то асабістага, ці агульнага зьместу, якіх мы амаль што ня спатыкалі ў дасюлетніх поэмах Купалы, а роўна-ж зварот да мінуўшчыны й зацікаўленьне ёю.
Гэты зварот — пэўня-ж — можна было заўважыць ужо і ў папярэдніх зборніках, але тутака гэтая справа закранута глыбей; між іншым ёй пасьвячан цэльны ўступ да агаварываемае поэмы; вось адрыўкі зь яго:
„Нам продкаў кемкасьць захавала
„Шмат весьцяў дзіўных з быўшых год,
„Хоць гэтых весьці ўжо нямала
„Ў няпамяць кінуў наш народ.
„Усё-ж яшчэ штось засталося
„Унукам з прадзедаў жыцьця...
„Няхай-жа гэтыя калосьсе
„Мінуць скараньне нябыцьця!
. . . . . . . . . . . . . .
„Зьбіраць пачнём зярно к зярняці,
„Былое ў думках ускрашаць"...
кажа поэт крыху далей;
„Пачнём дакапывацца самі
„Разгадку нашых крыўд і бед..."
дабаўляе ён там-жа й заклікае грамадзянства да аховы беларускага фольклёру, да збіраньня народных песьняў, баек і легендаў, кажучы ў канцы гэтага-ж уступу да поэмы:
„Пачнём някратаны паданьні
„Сачыць пад бацькаўскай страхой,
„Шукаць ад раньня і да раньня,
„А толькі хай шукае свой".
Чарговая поэма з украінскага жыцьця п. н. „Бандароўна" (ст. 146—158), пісаная, відаць, па форме сваёй і зьместу не адходзіць лішне далёка ад прымітыўнага тону вершаваных народных гутарак, а дзеля таго вялікшай літаратурнай вартасьці ня мае, затое варта бліжэй прыгледзіцца да паэмы трэцяй п. н. „Зімою" (ст. 158—167).
Зьмест ейны складае трагічнае гісторыя зглумленае ненарокам вясковае дзеўчыны Ганулі, якая замерзае разам са сваем дзіцянём ў дарозе, вяртаючым дамоў у завею.
Уся поэма вызначна сілай пачуцьця, а яшчэ больш арыгінальнасьці прыдае ёй розны разьмер вершу ў паасобных часьцінах.
Колькі, напрыклад, шчырага спачуцьця да свае бяздольнае гэроіны, а заразам і артызму, выяўляе поэт у сцэне дзе яна, выбіўшысь з сілаў, звалілася з дзіцянём у сьнежныя гурбы:
„Ляжыць сярод поля шырокага
„Ў пасьцелі пуховай са сьнегу.
„Спачні з дзіцянём адінокая,
„Вам лепшых ня знаці начлегаў!
„Ня бойцеся!.. Ўтуліць ад холаду,
„Спаўе, як пялёнкай, сьнег белы,
„Зацягне вам песьню мяцеліца,
„Воўк жальбай завые скалелы.
І кажа далей поэт, каб яны не баяліся, ані сьвісту віхроў, ні воўчага выцьця, ні цёмнага, хмарнага неба, бо:
„Ці-ж хаты для вас былі лепшымі"
„Як гэта сьнежная ніва?
„Скажы ты мне маці безмужная,
„Была-ж ты дагэтуль шчасьліва?
Гожа тут адзначыць і тое, што поэма гэта паўстала яшчэ ў пачатку 1906 году, што даказвае, што ўжо ў тыя часы поэт наш здольным быў да складаньня вялікшых поэтыцкіх твораў, вызначных пры тым высокім мастацкім роўнем.
З іншых твораў гэтага аддзелу, большасьць якіх складаецца з апрацовак-матываў, зачэрпненых з народнага творства, варта адцеміць гэткія як: „Страшны вір" (ст. 167), прыгожую бальляду аб трох сёстрах-сялянках, якія закахаліся ў праезджага князя, а гэтак-жа рад удачлівых апрацовак народных матываў: „Братка і сястрыца" (ст. 172); „Песьня" (ст. 174); „Адступнік" (ст. 175) і „Рунь" (ст. 177).
На апрычоную пахвалу заслухаюць „Буслы" патаёмная гісторыя птушанага міру, спрытна зьвязаная з надзеямі дзьвюх кахаючыся людзкіх сэрцаў, а гэтак-жа канцавы верш аддзелу п. н. „Першы сьнег“ (ст. 183), дзе ў пачатку знаходзім гэткі дасканальны, настраёвы апіс першага сьнегу:
„Халоднай пабелай магільна залёг
„На зжатае поле, на скошаны лог.
„Лёг пухам па лесе, на жоўтых лісьцях
„Абсеяў, абсыпаў прысады і шлях.
„Так высыпаў зьзябна, бязрадасна сьнег
„У першы папас свой, у першы начлег”...
Апошні VІ-ты аддзел зборніку займаюць вершы гуморыстычныя.
У аддзеле гэтым, шмат больш абшырным чымся аналёгічны аддзел папярэдняга зборніку, Купала выступае прад намі як здольны гумарысты, баепіс і сатырык.
Большую частку аддзелу займаюць, прымітыўныя, маралізуючыя мужыка вершы з сялянскага быту; рэшта — прысьвячана байкам і жартам палітычнага характару, датычачым пераважна прадваенных, царскіх часоў і тады-жа пісаных.
З першае групы вершаў (на матывы вясковыя), вызначмы гэткія як: „Тутэйшы“ (ст 194) са зместам трагікамічным; „Няма грошы" (ст. 196), поўны едкай іроніі; забаўнае „Ня усе дома" (ст. 193), апісуючае прыкладнага, сьветлага селяніна, якога даўгі час ганіць цёмны агул роднае вёскі; свавольныя „Кацярына“ (ст. 203) і „Прыпеўка" (ст. 204), ўрасьце сьмяхотнае „Дзе ня кінь—дык клін! (ст. 207) і „На ўсе рукі" (ст. 215).
З другой групы вершаў (байкі), асабліва добрым ёсьць: „Асёл і яго цень" (ст. 212) і „Селянін і конь (ст. 211).
З групы трэцяе (жарты й байкі характару палітычнага) трэ’ тут спыніцца над гэткімі творамі як: байка „Лякарства“ (ст. 206) і „Чын, гэрб і лапаць" (ст. 214). З іншых вершаў гэтага аддзелу, не падыходзячых да аніводнае з трох вышэпамянутых групаў, адзначым гэткія як: жартаўлівая „Паэзія" (ст. 188) і арыгінальны „Буралом“ (ст. 208).
Вось для прыкладу, адзін з вершаў гэтага аддзелу п. н. „На ўсе рукі",—поўны едкага сарказму сатыра, датычачы беларускіх адносінаў у прадваенныя часы і малючая нам тып ня ў меру „спрытнага” беларускага селяніна.
„Ён з начальствам знае дзела:
„Парасейску валіць сьмела;
„Ліжа, выйшаўшы за вёску,
„Ласку панскую папольску.
„Нават жыду — ў доўг як просе —
„Гутэ-моргэн!“ — буркне ў носе, —
„Калі-ж сядзе у катузку,
„Ўсіх кляне пабеларуску!"
Канчаючы гэтым агляд „Спадчыны", дазволім тут сабе зьвярнуць увагу на яшчэ адно толькі зьявішчэ, датычачае ўсяго гэтага зборніку.
Справа ў тым, што, як мы ўжо аб гэтым спаміналі ў „Спадчыне", зьмешчаны ня толькі вершы за апошні перыод творства (ад выданьня зборніку „Шляхам жыцьця") але й ня выдру каваныя раней, з тых ці іншых прычынаў, вершы, усіх папярэдніх пэрыодаў, якія сваім мастацкім і літаратурным роўнем шмат рожняцца ад апошніх твораў песьняра.
Вось-жа было-б вельмі пажаданым, з пункту гледжаньня эстэтыі й пэўнага літаратурнага прагматызму, каб у новых выданьнях гэтых зборнікаў, (а ласьне праектуецца ў Менску юбілейнае выданьне ўсіх твораў Купалы!) адабраць увесь гэны бальляст са „Спадчыны" і на падставе хронолёгічных даных далучыць яго да адпаведных, папярэдніх зборнікаў песьняра.
Аб гэтым павінен паклапаціцца ў першую чаргу сам аўтар.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.